Уільям Сомерсет Моэм
Апавяданні
Уільям Сомерсет Моэм. Апавяданні: Апавяданні/ [Прадм. і пер. з франц. мовы В. Валынскага].— Мн.: Маст. літ., 1990.— 223 с., 1 л. партр.— (Б-ка замеж. прозы).
Цыдулка
На набярэжнай бязлітасна паліла сонца. Па вуліцы безупынным патокам імчалі аўтамабілі - грузавікі і аўтобусы, прыватныя лімузіны і таксі, - усе яны бесперапынна гудзелі, у вулічнай мітусні спрытна прабіраліся праз натоўп рыкшы і, цяжка дыхаючы, з апошніх сіл пакрыквалі адзін на аднаго; дробненька перабіраючы нагамі, звычна цягнулі вялікія цюкі на сваіх плячах кулі, крычалі прахожым, каб саступілі з дарогі; зычна расхвальвалі свае тавары вулічныя гандляры. У Сінгапуры можна напаткаць людзей з самых розных частак свету, пачуць самыя розныя мовы; чорныя тамілы, жоўтыя кітайцы, карычневыя малайцы, армяне, жыды, бенгальцы - людзі ўсіх колераў пераклікаліся тут ахрыплымі галасамі.
А ў канторы «Рыплі, Джойс і Нэйлар» веяла прыемным халадком, пасля залітай сонцам пыльнай вуліцы тут, здавалася, было цёмна, пасля вулічнай гаманы - неяк незвычайна ціха. Пад нягучны шоргат электрычнага вентылятара працаваў у сваім кабінеце містэр Джойс. Раптам ён стомлена адкінуўся ў крэсле, склаў на грудзях рукі і ўтаропіўся ў пашарпаныя тамы судовых спраў, што займалі паліцу насупраць. На шафе стаялі лакіраваныя чорныя скрынкі, на якіх фарбай былі напісаны прозвішчы кліентаў.
У дзверы пастукаліся.
- Заходзьце.
З'явіўся клерк-кітаец, падцягнуты, у акуратна адпрасаваным белым палатняным гарнітуры.
- Да вас містэр Кросбі, сэр.
Ён выдатна гаварыў па-ангельску, старанна вымаўляў кожнае слова і часта дзівіў містэра Джойса багаццем свайго слоўніка. Родам з Кантона, Ван Цысэн атрымаў юрыдычную адукацыю ў Лондане. Ён збіраўся адкрыць прыватную кантору, але пакуль вырашыў год-другі дзеля практыкі папрацаваць у «Рыплі, Джойс і Нэйлар», дзе выдатна сябе зарэкамендаваў як чалавек працавіты і паслухмяны.
- Запрасіце, - сказаў містэр Джойс.
Ён падняўся, паціснуў Кросбі руку і прапанаваў сесці. Кросбі сеў тварам да акна. Містэр Джойс застаўся ў цені. Містэр Джойс быў па натуры чалавек негаваркі і нейкі час моўчкі глядзеў на Роберта Кросбі. Перад ім сядзеў шыракаплечы, мускулісты мужчына высокага росту - фунтаў шасці, а мо і вышэйшы. Плантатар, чалавек, загартаваны штодзённай працай на свежым паветры, - удзень ён абыходзіў плантацыі, а калі вяртаўся дамоў, гуляў яшчэ ў тэніс. Скура яго моцна пацямнела ад сонца. У яго былі дужыя валасатыя рукі, на вялізных нагах грубыя чаравікі; немаведама чаму містэр Джойс падумаў, што вось такім кулаком можна з аднаго ўдару забіць шчуплага таміла. Але яго блакітныя вочы не былі жорсткія, наадварот - добрыя і даверлівыя, твар адкрыты, просты і сумленны, з грубымі рысамі, нічым не вызначаўся. Цяпер жа на ім ляжаў адбітак глыбокага гора. Ён схуднеў, асунуўся.
- У вас дрэнны выгляд. Мабыць, кепска спіце апошнім часам? - спытаўся містэр Джойс.
- Але.
Містэр Джойс уважліва паглядзеў на стары фетравы капялюш, які Кросбі паклаў на стол; потым кінуў позірк на яго шорты колеру хакі, што адкрывалі вышэй каленяў загарэлыя валасатыя ногі, на расшпілены каўнер кашулі без гальштука і брудную з падкасанымі рукавамі шэра-зялёную куртку. Быццам ён толькі вярнуўся з каўчукавай дзялянкі. Містэр Джойс нахмурыўся.
- Так нельга. Вазьміце сябе ў рукі.
- Нічога, я трымаюся.
- Вы сёння бачыліся з жонкай?
- Яшчэ не, убачу толькі ўдзень. Ганьба якая, што яна ў турме!
- Лічу, што гэта неабходна, - адказаў містэр Джойс мяккім, спакойным голасам.
- Маглі б ужо як-небудзь адпусціць яе на парукі.
- Але абвінавачанне вельмі сур'ёзнае.
- К чорту абвінавачанне! На яе месцы кожны прыстойны чалавек зрабіў бы тое самае. Толькі ў дзевяці з дзесяці пораху б не хапіла. Леслі самая лепшая на свеце. Яна і мухі не пакрыўдзіць. Дый пра што гаварыць, мы ж жанатыя дванаццаць год, - што я, не ведаю яе, ці што? Эх, трапіў бы ён тады мне ў рукі, забіў бы на месцы, не думаючы. І вы б зрабілі тое самае.
- Не хвалюйцеся. Усе на вашым баку. Ніхто і не збіраецца абараняць Хэманда. Мы вызвалім Леслі. Я ўпэўнены, што і прысяжныя і сам суддзя яшчэ перад судовым пасяджэннем згодзяцца яе апраўдаць.
- Гэта здзекі, вось што, - абурыўся Кросбі. - Зусім не трэба было саджаць яе за краты, а цяпер яшчэ і судзіць няшчасную дзяўчынку, - і гэта пасля ўсяго, што яна перажыла! У Сінгапуры ўсе, каго ні спаткаю, кажуць, што Леслі зрабіла правільна. Трымаць яе ў турме столькі часу - гэта бесчалавечна!
- Закон ёсць закон. Не забывайцеся, яна ж прызналася ў забойстве. Непрыемная гісторыя, я спачуваю і ёй і вам.
- Чорт ведае што.
- Нельга не лічыцца з фактам - учынена забойства, а ў цывілізаваным грамадстве гэта непазбежна вядзе да суда.
- Думаеце, знішчыць ядавітую пачвару - гэта забойства? Яна застрэліла яго, як шалёнага сабаку.
Містэр Джойс зноў адкінуўся ў крэсле і склаў рукі, крыху памаўчаў.
- Як ваш адвакат лічу сваім абавязкам звярнуць вашу ўвагу на яшчэ адну дэталь, якая выклікае ў мяне сумненне, - урэшце ціха сказаў ён і паглядзеў на свайго кліента спакойнымі цёмнымі вачыма. - Калі б ваша жонка стрэліла адзін раз, ніякіх перашкод у справе не было б. Але, на жаль, яна страляла шэсць разоў.
- Яна ж усё растлумачыла. Кожны б зрабіў тое самае, калі б давялося.
- Можа быць, - сказаў містэр Джойс, - і, з майго пункту гледжання, тое, пра што гаварыла Леслі, цалкам праўдападобна. Аднак нельга заплюшчваць вочы на факты. Заўсёды можна ўявіць сябе на месцы іншага, і не буду ўтойваць, быў бы я пракурорам, я б звярнуў асаблівую ўвагу менавіта на гэта.
- Пра што гаварыць, гэта ж глупства.
Містэр Джойс зірнуў на Роберта Кросбі. Лёгкая ўсмешка кранула яго вусны. Добры хлопец гэты Кросбі, але галава ў яго не варыць.
- Мабыць, вы і маеце рацыю, але ўсё гэта не важна, - адказаў адвакат, - я толькі хацеў вам напомніць. Цяпер ужо чакаць нядоўга, і я вам раю пасля суда паехаць куды-небудзь з жонкай, вам трэба развеяцца. Перажыць такое цяжка, нават калі цалкам упэўнены ў станоўчым рашэнні. Добры адпачынак вам не пашкодзіць.
За сёння першы раз Кросбі ўсміхнуўся, і ўсмешка зусім яго змяніла. Грубаватасць ужо не кідалася ў вочы. Было відаць, што гэта чалавек вельмі добры.
- Мне давядзецца больш адпачываць, чым Леслі. Яна цудоўна ўсё зносіць. Вось стойкі характар.
- Але, валодае сабой выдатна, - пагадзіўся адвакат. - Ніколі б не падумаў, што яна такая рашучая.
З таго дня, як місіс Кросбі арыштавалі, адвакату Джойсу час ад часу даводзілася з ёю гутарыць. Хоць і ўсяляк стараліся палепшыць яе ўмовы, яна знаходзілася ўсё ж у турме, наперадзе быў суд, таму нічога дзіўнага, калі б яе здароўе пагоршылася. Але яна мужна пераносіла выпрабаванні. Шмат чытала, гуляла, колькі дазвалялі, і з ласкі турэмнага начальства нават пляла карункі, гэта была яе любімая работа, за якой яна магла сядзець гадзінамі. Яна заўсёды выходзіла да містэра Джойса акуратна адзетая, у простых летніх сукенках, старанна прычасаная, з манікюрам. Была яна вельмі стрыманая, нават жартавала з дробных турэмных невыгод. Расказвала пра здарэнне быццам крыху абыякава, і містэр Джойс думаў, што толькі такія выдатна выхаваныя людзі, як місіс Кросбі, могуць знаходзіць смешныя моманты ў абставінах вельмі сур'ёзных. Гэта было дзіўна, таму што ніколі раней ён не лічыў яе чалавекам з гумарам.
Пазнаёміліся яны даўно. Калі місіс Кросбі прыязджала ў Сінгапур, яна звычайна абедала ў Джойсаў і адзін ці два разы ў суботу і нядзелю адпачывала ў Джойсавым бунгала на ўзмор'і. Жонка містэра Джойса тыдні са два гасцявала ў Кросбі на плантацыі, менавіта там яна сустракала разоў колькі Джэфры Хэманда. Хоць абедзве пары і не былі сардэчнымі сябрамі, але адносіны паміж імі склаліся шчырыя. Таму, зразумела, калі ўсё здарылася, Роберт Кросбі адразу кінуўся ў Сінгапур да містэра Джойса, каб той узяўся абараніць яго жонку на судзе.
Тое, што расказала місіс Кросбі першы раз, потым ужо ніколі не мянялася нават у дробязях. Тады, праз гадзін колькі пасля трагедыі, яна гаварыла спакойна, як і цяпер. Расказвала паслядоўна, мерным, бясстрасным голасам, і адзіная адзнака збянтэжанасці - лёгкая чырвань на шчоках - з'яўлялася, калі яна апісвала некаторыя эпізоды. Цяжка паверыць, што менавіта з ёю магла здарыцца гэтая гісторыя. Леслі была кволая жанчына, крыху больш за трыццаць, невысокая, але і не маленькая, і хутчэй мілавідная, чым прыгожая. У яе былі зграбныя рукі і ногі, надзвычай худыя, праз белую скуру на руках свіціліся блакітныя вены. Твар вельмі бледны з прыкметнай жаўцізной, губы няяркія, вочы няпэўнага колеру. Валасы крыху кучаравыя, светла-каштанавыя. Варта іх крыху падвіць, і яны будуць прыгажосці чароўнай, але і ўявіць цяжка, што місіс Кросбі здольная на такія хітрыкі. Спакойная, прывабная, сціплая жанчына з прыемнымі манерамі, яна не стала душой кампаніі толькі з-за сваёй прыроднай сарамлівасці. Але гэта зразумела - плантатары жывуць звычайна адасоблена; затое ў сябе дома, сярод знаёмых і сяброў, яна ўмела зачароўваць. Місіс Джойс неяк гасцявала на плантацыі ў Кросбі два тыдні і потым расказвала мужу, якая выдатная гаспадыня Леслі. Калі пазнаёмішся з ёю бліжэй, бачыш, якая яна адукаваная і як цікава з ёю пагаварыць.
Неверагодна, каб такая жанчына магла забіць. На развітанне містэр Джойс як мог супакоіў Роберта Кросбі, а калі той пайшоў, узяў з паліцы справу яго жонкі. Ён гартаў старонкі машынальна, - і так усё выдатна помніў. Гэта была сенсацыя, гаварылі пра здарэнне ва ўсіх клубах, на ўсіх званых абедах, на ўсім паўвостраве ад Сінгапура да Пенанга. З слоў місіс Кросбі, усё адбылося вельмі проста. Муж яе паехаў па справах у Сінгапур, і ёй давялося застацца дома адной. Даволі позна, а дзевятай гадзіне вечара, яна павячэрала і села ў гасцёўні плесці карункі. Вокны гасцёўні выходзілі на веранду. У бунгала нікога не было - слугі пайшлі да сябе. Раптам яна пачула крокі па жвіровай сцежцы ў садзе, крокі чалавека ў абутку, - гэта значыць эўрапеец, а не тутэйшы, аднак дзіўна, што яна не пачула, як пад'ехала машына, і не магла розумам дайсці, хто гэта так позна. Чалавек падняўся па прыступках, што вялі ў бунгала, прайшоў праз веранду і ўрэшце з'явіўся ў дзвярах. У першую хвіліну яна яго не пазнала. У пакоі гарэла толькі настольная лямпа з абажурам. На дварэ ўжо сцямнела.
- Можна ўвайсці?
Яна не пазнала нават яго голасу.
- Хто гэта? - спыталася яна.
Яна працавала ў акулярах, цяпер зняла іх.
- Джэф Хэманд.
- Заходзьце, рада вас бачыць.
Яна паднялася і паціснула яму руку. Дзіўна, што ён зайшоў. Хоць яны і былі суседзі, наведвалі адно аднаго вельмі рэдка, а апошнім часам і зусім не бачыліся. Ён працаваў упраўляючым на каўчукавай плантацыі, міль з восем ад дому, і яна не магла зразумець, што прымусіла яго наведацца ў такі позні час.
- Роберта няма дома, - сказала яна. - Ён у Сінгапуры, будзе заўтра.
Ён, відаць, зразумеў, што трэба неяк растлумачыць свой візіт, таму сказаў:
- Шкада. Мне штосьці маркотна стала, вось і надумаў паглядзець, як вы тут.
- На чым вы прыехалі? Я не чула машыны.
- Я пакінуў яе на дарозе. Думаў, мо вы ўжо спіце.
Яно і зразумела. Плантатары паднімаюцца на досвітку, таму і рана кладуцца спаць. Раніцай машыну Хэманда сапраўды знайшлі недалёка ад бунгала.
Паколькі Роберта дома не было, віскі і содавую занеслі на кухню. Леслі падумала, што бой ужо, відаць, спіць, сама схадзіла па пітво. Джэф наліў сабе келіх і напхаў люльку.
У Джэфа Хэманда ў калоніі было шмат сяброў. Прыехаў ён сюды юнаком, цяпер жа амаль сорак. Калі пачалася вайна, ён адным з першых пайшоў на фронт і там хутка праславіўся. Гады праз два з-за ранення ў калена яго звольнілі з войска, і ён вярнуўся ў Малаю з ваенным крыжам і з ордэнам «За храбрасць». Яго ведалі ў калоніі як аднаго з найлепшых більярдных гульцоў. Да вайны ён выдатна танцаваў і гуляў у тэніс, цяпер жа з-за калецтва ён кінуў танцы, дый у тэніс гуляў горш, але ён вельмі ўсім падабаўся, усе яго любілі. Гэта быў прыгожы мужчына, высокі, з дзівоснымі вачыма і чорнай кучаравай шавялюрай. У яго быў адзін толькі недахоп - ён вельмі любіў жанчын, - пра што пасля здарэння ўсе толькі і гаварылі.
Ён пачаў пераказваць Леслі мясцовыя навіны: пра скачкі ў Сінгапуры, пра цэны на каўчук, пра сваё паляванне - нядаўна ў акрузе паявіўся тыгр. Яна хацела хутчэй скончыць карункі - трэба было паспець выслаць іх маці ў Англію да дня нараджэння, - таму зноў надзела акуляры і ўзялася за работу.
- Навошта вам такія вялізныя акуляры? - раптам спытаўся ён. - Прывабная кабета, а стараецца немаведама чаму сапсаваць сваю прыгажосць!
Яна шчыра здзівілася. Раней ён ніколі не дазваляў сабе такіх вольнасцяў. Яна вырашыла звесці ўсё на жарт.
- Я не рвуся ў прыгажуні, і, шчыра кажучы, мяне не хвалюе, лічыце вы мяне непрыгожай ці не.
- Ну якая ж вы непрыгожая. Вы, па-мойму, проста цуд.
- Дзякую вам, - засмяялася яна, - але ў такім разе, па-мойму, вы з глузду з'ехалі.
Ён усміхнуўся. Потым падняўся і перасеў у крэсла побач з ёю.
- Спадзяюся, вы не станеце пярэчыць, што няма на ўсім свеце рук прыгажэйшых за вашы, - сказаў ён.
Ён пацягнуўся да яе. Яна злёгку ўдарыла яго па руцэ.
- Кіньце, прашу вас. Сядайце на сваё месца і супакойцеся, а то я адпраўлю вас дадому.
Ён не варухнуўся.
- Вы ж ведаеце, я без памяці кахаю вас, - сказаў ён.
Яна заставалася спакойнай.
- Не, не ведаю і не веру вам. Але калі б нават так і было, не варта пра гэта гаварыць.
Яго словы тым больш здзівілі яе, што за сем год іх знаёмства ён ніяк не выказваў сваіх пачуццяў. Калі ён вярнуўся з вайны, яны даволі часта бачыліся, потым неяк ён захварэў, і Роберт прывёз яго на машыне. Ён пражыў тады ў іх амаль два тыдні. Але былі яны людзі розныя, і іх знаёмства так і не стала сяброўствам. Апошнія два-тры гады яны бачыліся зусім рэдка. Бывала, ён прыязджаў да іх пагуляць у тэніс, бывала, разам збіраліся ў каго-небудзь з суседзяў-плантатараў, а было і так, што не бачыліся месяцамі.
Ён яшчэ наліў сабе віна. Леслі падумала, ці не выпіў ён яшчэ да прыходу сюды. Быў ён нейкі дзіўнаваты, і ёй стала не па сабе. Яна дакорліва паглядзела на яго.
- Думаю, вам не трэба больш піць, - сказала яна.
Але ён залпам выпіў і паставіў пустую шклянку на стол.
- Вы што ж, думаеце, я гаварыў усё гэта, таму што п'яны? - рэзка спытаўся ён.
- Думаю, што так, хіба не?
- Глупства. Я пакахаў вас з першай нашай сустрэчы. Я доўга маўчаў, хопіць. Я кахаю вас, моцна кахаю!
Яна ўстала.
- Добрай ночы, - сказала яна.
- Я не пайду.
Цярплівасці ў яе не хапіла.
- Не вярзіце лухту. І ведайце ж, я ніколі нікога не кахала, акрамя Роберта, але нават калі б я і не кахала яго, вы мне не пара.
- Мне ўсё роўна. Роберта дома няма.
- Ідзіце, зараз жа ідзіце адгэтуль. Я паклічу слугу, і вас выкінуць вон!
- Ён далёка, не пачуе.
Цяпер яна раззлавалася. Зрабіла крок да веранды - адтуль яе напэўна пачулі б, але ён схапіў яе за руку.
- Пусціце мяне! - гнеўна крыкнула яна.
- Не, цяпер ты мая.
Яна паклікала: «Бой, бой!» - але ён тут жа заціснуў ёй рот даланёй. Не паспела яна апамятацца, як ён сціснуў яе ў абдымках і пачаў палка цалаваць. Яна вырывалася, адварочвалася ад яго гарачых вуснаў.
- Не, не, не! - крычала яна. - Пусціце мяне! Я не хачу!
Што было далей - яна ледзь магла прыгадаць. Яна добра помніла ўсё, што здарылася да той хвіліны, але потым голас яго чуўся праз заслону агіды і жаху. Здаецца, ён спрабаваў выказаць глыбіню сваіх пачуццяў, патрабаваў узаемнасці. І ўвесь час сціскаў яе ў абдымках. Вырвацца яна не магла, ён быў вельмі дужы, рукі яе ён моцна прыціснуў; яна адчувала, што слабее; баялася страціць прытомнасць ад яго агіднага гарачага дыхання. Ён цалаваў яе губы, вочы, шчокі, валасы. Ён моцна трымаў яе, потым падняў. Яна хацела адпіхнуць яго нагой, але ён яшчэ мацней прыціснуў яе да сябе. І панёс. Цяпер ён маўчаў, твар яго быў бледны, вочы, як у дзікуна, гарэлі ад жадання. Ён пацягнуў яе ў спальню. Па дарозе наляцеў на стол. З-за пакалечанага калена не ўтрымаўся на нагах і ўпаў разам з ёю на падлогу. Імгненне - і яна выслізнула з яго рук. Яна кінулася за канапу. Ён тут жа ўскочыў, каб схапіць яе. На пісьмовым стале ляжаў рэвальвер. Яна не з палахлівых, але ўсё ж такі Роберт паехаў на ўсю ноч, і яна збіралася ўзяць рэвальвер з сабой у спальню. Вось чаму ён апынуўся на стале. Ад жаху і агіды ў галаве яе памутнела. Яна ўжо не цяміла, што робіць. Пачуўся стрэл. Хэманд пахіснуўся. Ускрыкнуў. Нешта сказаў - што, не памятае. Хістаючыся, пайшоў да веранды. Яна зусім звар'яцела ад жаху, пайшла за ім на веранду, так, менавіта так яно і было, - пайшла за ім, хаця цяпер успомніць не можа, неўсвядомлена страляла і страляла, пакуль не скончыліся патроны. На верандзе Хэманд упаў, здрыгануўся і заціх, заліты крывёю.
Калі прыбеглі слугі, якія пачулі стрэлы, яна ўсё яшчэ стаяла над Хэмандам з рэвальверам у руцэ. Хэманд ужо не дыхаў. Яна моўчкі глядзела на яго, рэвальвер упаў на падлогу. Яна павярнулася і пайшла ў гасцёўню. Потым слугі бачылі, што яна зачынілася ў спальні. Яны баяліся дакрануцца да забітага, толькі ўсхвалявана перашэптваліся і глядзелі на труп поўнымі жаху вачыма. Старшы бой, кітаец, чалавек разумны, які пражыў тут шмат гадоў, такі ўзяў сябе ў рукі. Роберт паехаў у Сінгапур на матацыкле, а машына засталася ў гаражы. Ён загадаў слугам яе вывесці, трэба было зараз жа ехаць да памочніка начальніка акругі і расказаць пра здарэнне. Ён падняў з падлогі рэвальвер і засунуў яго ў кішэню. Памочнік начальніка акругі, па прозвішчы Ўізерс, жыў міль за трыццаць пяць адсюль, каля гарадка. Праз паўтары гадзіны былі ў яго. Увесь дом спаў, давялося пабудзіць слуг. Выйшаў хутка і сам Уізерс, яны яму пра ўсё расказалі. Старшы бой паказаў яшчэ і рэвальвер. Памочнік начальніка акругі пайшоў апранацца, паслаў па сваю машыну, і праз нейкі час яны імчаліся па пустэльнай дарозе. Пад'ехалі да дома Кросбі на досвітку. Памочнік падняўся на веранду і, уражаны, спыніўся перад забітым. Дакрануўся да твара - халодны.
- Дзе гаспадыня? - спытаўся ён.
Кітаец паказаў на спальню. Уізерс падышоў да дзвярэй і пастукаў. Цішыня. Ён пастукаў зноў.
- Місіс Кросбі, - паклікаў ён.
- Хто гэта?
- Уізерс.
Зноў цішыня. Потым замок шчоўкнуў, і дзверы павольна расчыніліся. Перад ім стаяла Леслі. Яна не клалася спаць, на ёй была тая самая сукенка, у якой яна ўчора абедала. Яна стаяла і моўчкі глядзела на Ўізерса.
- Ваш слуга прыехаў па мяне, - сказаў ён. - Што ж вы нарабілі?
- Ён хацеў згвалціць мяне, я яго застрэліла.
- Божа мой! Паслухайце, вы б выйшлі, га? Вам неабходна мне ўсё падрабязна расказаць.
- Толькі не цяпер. Я не магу. Пачакайце. Пашліце па мужа.
Уізерс быў малады і разгубіўся, не ведаў, што яму рабіць у такіх незвычайных абставінах. Леслі катэгарычна адмовілася што-небудзь гаварыць, пакуль не прыехаў Роберт. А ўжо тады яна ім, і Ўізерсу, і Роберту, расказала, як усё здарылася, і хаця потым ёй шмат давялося ўсё паўтараць, яе паказанні ніколі не мяняліся.
Думкі містэра Джойса ўвесь час вярталіся да стрэлаў. Яго як юрыста турбавала, што Леслі страляла не адзін раз, а шэсць, а агляд цела забітага паказаў, што чатыры стрэлы былі зроблены ва ўпор. Значыцца, яна страляла, калі той ужо ўпаў. Яна прызналася, што памяць, якая так выдатна аднавіла ўсё, што здарылася да гэтай хвіліны, тут ёй здрадзіла. Правал памяці. Такім чынам, яна была страшэнна раз'юшаная, і ці магла спакойная, сціплая жанчына паддацца такой лютасці? Містэр Джойс ведаў яе не першы год і заўсёды лічыў чалавекам ураўнаважаным; за гэтыя апошнія тыдні колькі ён шчыра дзівіўся, як ёй удаецца так добра валодаць сабой.
Містэр Джойс паціснуў плячыма.
«Відаць, - падумаў ён, - немагчыма высветліць, якія варварскія інстынкты закладзены ў характар вонкава прыстойных жанчын».
У дзверы пастукалі.
Увайшоў клерк-кітаец і зачыніў за сабой дзверы. Ён зачыніў дзверы павольна, асцярожна, але рашуча і падышоў да стала, за якім сядзеў містэр Джойс.
- Дазвольце патурбаваць вас, сэр? Маю невялікае прыватнага характару пытанне.
Містэра Джойса заўсёды крыху забаўляла вытанчанасць мовы яго клерка, таму ён усміхнуўся.
- Я слухаю, Цысэн, - сказаў ён.
- Справа, наконт якой я б хацеў пагаварыць з вамі, сэр, вельмі сакрэтная і далікатная.
- Гаварыце, гаварыце.
Вочы містэра Джойса і хітраватыя вочкі кітайца сустрэліся.
Як і заўсёды, Ван Цысэн быў адзеты па апошняй мясцовай модзе. Бліскучыя лакіраваныя чаравікі і яркія шаўковыя шкарпэткі. У чорным гальштуку шпілька з жамчужынай і рубінам, на безыменным пальцы брыльянтавы пярсцёнак. У кішэні выдатна пашытага белага пінжака - залатая самапіска і залаты аловак. Залаты гадзіннік на руцэ, на пераноссі - пенснэ без аправы. Ён далікатна кашлянуў.
- Гэта тычыцца справы Кросбі, сэр.
- Так?
- Я даведаўся пра адну акалічнасць, сэр, якая, як мне здалося, можа змяніць усю справу.
- Што гэта за акалічнасць?
- Мне стала вядома, сэр, аб існаванні цыдулкі, якую напісала наша падабаронная да няшчаснай ахвяры трагедыі.
- Нічога дзіўнага. Я думаю, за апошнія сем год місіс Кросбі не раз давялося пісаць містэру Хэманду.
Містэр Джойс высока цаніў свайго клерка і сказаў гэта толькі дзеля таго, каб утаіць свае думкі.
- Напэўна, сэр. Місіс Кросбі, мабыць, часта пісала містэру Хэманду, калі запрашала яго, скажам, на абед ці пагуляць у тэніс. Гэта была мая першая думка, калі мне паведамілі пра цыдулку. Але чаму цыдулку напісалі менавіта ў дзень смерці містэра Хэманда?
Містэр Джойс і вокам не міргнуў. Ён глядзеў на Ван Цысэна і, як заўсёды ў час гаворкі з ім, усміхаўся, нібыта забаўляючыся размовай.
- Як вы даведаліся?
- Пра цыдулку, сэр, мне паведаміў адзін мой знаёмы.
Містэр Джойс ведаў, што распытваць дарэмна.
- Сэр, я спадзяюся, вы помніце заяву місіс Кросбі, што яна некалькі тыдняў да таго ракавога вечара не мела ніякіх зносін з пацярпелым.
- Цыдулка ў вас?
- Не, сэр.
- Што ў ёй напісана?
- Знаёмы даў мне копію. Хочаце паглядзець?
- Давайце.
Ван Цысэн выцягнуў з кішэні пінжака вялікі бумажнік, распухлы ад розных дакументаў, сінгапурскіх даляраў і этыкетак з папяросных каробак. Урэшце ён знайшоў сярод усіх гэтых паперак патрэбную і паклаў перад містэрам Джойсам.
«Р. паехаў да заўтра. Нам трэба тэрмінова ўбачыцца. Чакаю ў адзінаццаць. Я розум страчу, калі не ўбачымся, за сябе не адказваю. На машыне да дома не пад'язджай. Л.»
Цыдулка была напісана акуратнымі вялікімі літарамі, менавіта такому почырку вучаць кітайцаў у замежных школах. Акуратныя радкі, быццам з пропісяў, неяк не вязаліся з сумным зместам.
- Чаму вы лічыце, што цыдулку напісала місіс Кросбі?
- У мяне ёсць усе падставы давяраць гэтаму чалавеку, сэр, - адказаў Ван Цысэн. - Тым больш гэта лёгка праверыць. Сама місіс Кросбі, вядома, беспамылкова скажа, ці пісала яна гэтую цыдулку.
Увесь час у размове містэр Джойс уважліва назіраў за тварам свайго клерка. А цяпер яму здалося, што на ім мільгануў цень насмешкі.
- Цяжка паверыць, што місіс Кросбі магла напісаць такую цыдулку, - сказаў містэр Джойс.
- Калі вы так думаеце, сэр, лічу нашу размову скончанай. Мой знаёмы расказаў мне пра гэта толькі таму, што я працую ў вас і вам было б цікава даведацца аб існаванні цыдулкі перад тым, як яна трапіць да пракурора.
- У каго арыгінал? - рэзка спытаўся містэр Джойс.
Ван Цысэн і выгляду не падаў, што па тону пытання заўважыў перамены ў пазіцыі містэра Джойса.
- Вы, напэўна, помніце, сэр, што пасля смерці містэра Хэманда высветлілася яго сувязь з нейкай кітаянкай. Цяпер цыдулка знаходзіцца ў яе.
Гэта была адна з прычын, якая настроіла амаль усіх супраць Хэманда. Стала вядома, што ў яго доме некалькі месяцаў жыла кітаянка.
Абодва крыху памаўчалі. Усё, што трэба, было ўжо сказана, і яны добра зразумелі адзін аднаго.
- Дзякую вам, Цысэн. Я ўсё абдумаю.
- Цудоўна, сэр. Ці магу я паведаміць свайму знаёмаму вынікі нашай размовы?
- Думаю, вам варта падтрымліваць адносіны са сваім сябрам, - без ценю ўсмешкі сказаў містэр Джойс.
- Добра, сэр.
Клерк бясшумна выйшаў, зноў асцярожна зачыніў за сабой дзверы, і містэр Джойс застаўся сам-насам са сваімі думкамі. Перад ім на стале ляжала копія цыдулкі Леслі, перапісаная акуратным, безаблічным почыркам. У галаве мроіліся невыразныя падазрэнні. Яны бянтэжылі яго, ён паспрабаваў ад іх неяк адкараскацца. Безумоўна, тут ёсць нейкая вельмі простая разгадка, і Леслі, мабыць, усё растлумачыць, а тлумачэнне цяпер неабходнае. Ён устаў, паклаў цыдулку ў кішэню і ўзяў коркавы шлем. Калі выйшаў з кабінета, убачыў Ван Цысэна, які старанна нешта пісаў за сталом.
- Я хутка вярнуся, Цысэн.
- Да вас а дванаццатай гадзіне прыйдзе Джорж Рыд, сэр. Куды, сказаць яму, вы пайшлі?
Містэр Джойс усміхнуўся.
- Можаце перадаць яму, што не маеце ніякага паняцця.
Але было відаць, Ван Цысэн зразумеў, што ён накіраваўся ў турму. Місіс Кросбі перавезлі ў Сінгапур, таму што ў Беландзе, дзе было зроблена злачынства і дзе меўся адбыцца суд, не было турмы для белых.
Яе ўвялі ў пакой, дзе чакаў містэр Джойс, і яна з ветлівай усмешкай працягнула яму сваю прыгожую хударлявую руку. Адзета яна была, як заўсёды, вельмі хораша і проста, пышныя светлыя валасы старанна прыбраныя.
- Я не чакала вас зранку, - сказала яна.
Яна адчувала сябе як дома, і містэру Джойсу нават здалося, што зараз яна пакліча боя, каб той прынёс госцю кактэйль.
- Як вы сябе адчуваеце? - спытаўся ён.
- Дзякуй, выдатна. - У вачах мільганула ўсмешка. - Тут можна цудоўна адпачыць.
Наглядчык пайшоў, і яны засталіся ўдваіх.
- Сядайце, калі ласка, - сказала Леслі.
Містэр Джойс сеў у крэсла. Ён уявіць сабе не мог, з чаго пачаць. Яна была такая спакойная, што здавалася, немагчыма гаварыць з ёю пра тое, дзеля чаго ён тут. Прыгажуняй яе не назавеш, але была яна вельмі прывабная. Вытанчаная, без вонкавага бляску, менавіта вытанчаная натура як вынік добрага выхавання. Варта толькі зірнуць на яе, і адразу зразумела, у якой сям'і, у якім асяроддзі яе выхоўвалі. А вонкавая кволасць рабіла яе асабліва зграбнай. З такой жанчынай немагчыма звязаць і думку пра грубасць.
- Удзень я чакаю Роберта, - як заўсёды весела і проста, сказала яна. (Прыемна яе слухаць, адразу пазнаеш чалавека са свецкага кола.) - Небарака, ён зусім расхваляваўся. Дзякуй богу, дзён колькі - і ўсё застанецца ў мінулым.
- Засталося ўсяго пяць дзён.
- І праўда, раніцай як прачнуся, кажу сабе: «Яшчэ адзін дзень мінуў». - Яна ўсміхнулася. - Так было звычайна ў школе перад канікуламі.
- Між іншым, скажыце, ці правільна я зразумеў: вы праўда не мелі ніякіх зносін з Хэмандам некалькі тыдняў да здарэння?
- Безумоўна. Апошні раз мы бачыліся ў Макферансаў на тэнісе. Мне помніцца, што мы з ім і не гаварылі нават. Там два корты, а мы трапілі ў розныя партыі.
- Вы яму не пісалі?
- Ніколі.
- Вы ўпэўнены?
- Што за пытанне? - сказала яна з лёгкай усмешкай. - Пра што мне яму пісаць. Хіба паклікаць на абед ці тэніс, але я яго ўжо месяцаў колькі не запрашала.
- Нейкі час вы сябравалі. Чаму вы перасталі яго запрашаць?
Місіс Кросбі паціснула плячыма.
- Людзі надакучаюць. Увогуле мы розныя. Калі, праўда, ён хварэў, мы з Робертам рабілі ўсё, што маглі, але ў апошнія гады два ён забыўся пра свае хваробы і карыстаўся вялікім поспехам. Яго проста на кавалкі рвалі, навошта было дакучаць яму сваімі запрашэннямі?
- Значыць, гэта ўсё, што вы маглі мне сказаць?
Нейкае імгненне місіс Кросбі вагалася.
- Вось яшчэ што. Да нас дайшлі чуткі, што ён жыве з кітаянкай, - я яе сама бачыла, - і Роберт наказаў, каб я яго на парог не пускала.
Містэр Джойс сядзеў у крэсле, абапёршыся падбародкам на далонь, і ўважліва глядзеў на Леслі. Няўжо яму толькі здалося, што ў чорных зрэнках яе на нейкае імгненне мільгануў раптам цьмяны чырвоны агеньчык? Містэру Джойсу стала няёмка. Ён сеў інакш, склаў на грудзях рукі і павольна, акуратна падбіраючы словы, загаварыў:
- Мушу паведаміць вам, што існуе цыдулка да Джэфа Хэманда, напісаная вашай рукой.
Ён уважліва глядзеў на яе. Яна не варухнулася, толькі крыху памарудзіла з адказам.
- Мне даводзілася пасылаць яму розныя цыдулкі з якім-небудзь запрашэннем. Час ад часу, калі ён збіраўся ехаць у Сінгапур, я прасіла яго купіць тое-сёе мне.
- У гэтай цыдулцы вы прасілі яго прыехаць, таму што Роберта няма дома.
- Не можа быць. Ніколі нічога такога я не пісала.
- Прачытайце, калі ласка.
Ён дастаў з кішэні цыдулку і падаў яе Леслі. Яна толькі зірнула, пагардліва ўсміхнулася і вярнула назад.
- Почырк не мой.
- Так, але мне сказалі, што гэта дакладная копія арыгінала.
Тады яна прачытала цыдулку, і раптам з ёю адбылася жудасная перамена. На твар яе, і так заўсёды бледны, нельга было глядзець без жалю. Ён зрабіўся зялёны. Скура абцягнула косці, быццам і не было пад ёю плоці. Губы растуліліся, з-пад іх паказаліся зубы. Ненатуральна шырокімі вачыма яна ўтаропілася ў містэра Джойса. Перад ім была цяпер не жывая жанчына, а мярцвяк.
- Што гэта значыць? - прашаптала яна.
У роце перасохла, з горла вырываўся нейкі хрып, непадобны на чалавечы голас.
- Растлумачыць гэта можаце толькі вы самі, - адказаў ён.
- Я не пісала гэтага. Клянуся, я не пісала.
- Падумайце. Калі арыгінал сапраўды напісаны вашай рукой, мы не зможам гэта абвергнуць.
- Скажыце, што гэта падробка.
- Цяжка будзе давесці. Лягчэй якраз даказаць, што цыдулка сапраўдная.
Яе хударлявае цела задрыжэла. Пот вялікімі кроплямі выступіў на лбе. Яна выцягнула з сумачкі насоўку і выцерла далоні. Потым зноў прабегла вачыма цыдулку і спадылба зірнула на містэра Джойса.
- Тут няма даты. Калі я і пісала калі-небудзь такую цыдулку, з таго часу магло мінуць шмат год. Пачакайце, я падумаю, паспрабую ўспомніць, як усё было.
- Я таксама звярнуў увагу, што даты няма. Калі цыдулка трапіць у рукі суда, вашых слуг дапытаюць і хутка высветліцца, ці вазілі Хэманду цыдулку ў дзень яго смерці.
Місіс Кросбі ў адчаі сціснула рукі і пахіснулася ў крэсле. Містэру Джойсу нават здалося, што яна вось-вось страціць прытомнасць.
- Клянуся, я не пісала гэтай цыдулкі.
Містэр Джойс памаўчаў. Ён перавёў позірк з твару жанчыны на падлогу. Ён думаў.
- У такім разе, я лічу, мы можам больш не вяртацца да гэтай тэмы, - урэшце павольна сказаў ён. - Калі чалавек, што мае цыдулку, вырашыць перадаць яе ў рукі правасуддзя, гэта не будзе вам нечаканасцю.
Містэр Джойс кончыў гаварыць, але не скрануўся з месца. Ён чакаў. Яму здалося, што чакаў ён занадта доўга. Ён не глядзеў на Леслі, тая ж сядзела нерухома, сцяўшы вусны. І тады зноў загаварыў ён.
- Калі вам няма больш чаго сказаць, я, бадай, пайду. Мяне чакаюць у канторы.
Яна спыталася:
- Што можна падумаць, калі прачытаеш гэту цыдулку?
- Можна падумаць, што вы свядома схлусілі, - рэзка адказаў містэр Джойс.
- Як гэта?
- Вы сцвярджалі, што не бачыліся з Хэмандам апошнія тры месяцы.
- Я перажыла цяжкае нервовае ўзрушэнне. Жахлівая ноч, кашмар. Натуральна, што нейкія падрабязнасці маглі лёгка выпасці з маёй памяці.
- На няшчасце, вы здолелі ўзнавіць да дробязей размову з Хэмандам, а пра тую важную акалічнасць, што ён у дзень смерці прыйшоў да вас на ваша ўласнае настойлівае запрашэнне, вы забыліся.
- Не, не забылася. Але я баялся пра гэта расказваць. Калі б я прызналася, што сама запрасіла, хто б мне паверыў! Зразумела, гэта глупства, але я спалохалася. І калі ўжо сказала, што не бачылася з Хэмандам, я не магла адступіць.
Да Леслі зноў вярнулася яе выдатнае самавалоданне, і яна вытрымала дапытлівы позірк містэра Джойса. Яе жаноцкасць абяззбройвала.
- Вам прыйдзецца растлумачыць, чаму вы запрасілі Хэманда менавіта ў той вечер, калі Роберта не было дома.
Яна зірнула на адваката шырока расплюшчанымі вачыма. Дарэмна той дагэтуль лічыў, што ў яе звычайныя вочы, - вочы яе цудоўныя, і цяпер у іх, здаецца, бліснулі слёзы. Голас крыху задрыжаў.
- Гэта я рыхтавала Роберту сюрпрыз. Хутка ў яго дзень нараджэння. Ён марыў пра новую стрэльбу, а я нічога ў гэтым не разумею. Я і вырашыла параіцца з Джэфам. Хацела папрасіць, каб ён заказаў стрэльбу на сваё імя.
- Відаць, вы не зусім добра помніце змест цыдулкі. Можа, прачытаеце яе яшчэ раз?
- Не, навошта, - хутка адказала яна.
- Няўжо вы думаеце, што такую цыдулку можа напісаць жанчына чалавеку не вельмі блізкаму, каб усяго толькі параіцца наконт стрэльбы?
- І праўда, цыдулка сумбурвая, тон даволі ўсхваляваны. У мяне, ведаеце, такі стыль. Смешна, безумоўна. - Яна ўсміхнулася. - Акрамя таго, калі Джэф хварэў, я, як маці, яго даглядала. Роберт жа не хацеў, каб ён да нас прыязджаў. Вось і запрасіла яго, калі Роберта не было дома.
Містэр Джойс стаміўся сядзець нерухома. Ён падняўся і прайшоў па пакоі, абдумваючы словы, з якімі збіраўся да яе звярнуцца. Спыніўся каля свайго крэсла, абапёрся на спінку. Загаварыў ён не спяшаючыся і вельмі значна:
- Місіс Кросбі, я б хацеў пагаварыць з вамі вельмі і вельмі сур'ёзна. Да сённяшняга дня справа ваша была адносна простая. На маю думку, неабходнага тлумачэння патрабавала толькі адна акалічнасць: вы не менш чым чатыры разы стралялі ў Хэманда ўжо пасля таго, як ён упаў. У вас мяккі характар і тонкая душа, вы выдатна валодаеце сабой, таму амаль немагчыма ўявіць, што такім чалавекам, як вы, нават вельмі напалоханым, мог авалодаць неўтаймаваны гнеў. Але і такое можа здарыцца. Хаця Джэф Хэманд падабаўся многім і шмат хто лічыў яго чалавекам неблагім, я магу ўсё ж давесці, што ён здольны на злачынства, у якім вы яго абвінавацілі. Пры гэтым мы б маглі спасылацца на пэўны факт, які высветліўся пасля яго смерці, - сувязь з кітаянкай. Гэтая навіна настроіла грамадства супраць яго. Мы палічылі магчымым выкарыстаць непрыхільнасць, якую гэтая сувязь выклікала ў прыстойных людзей. Сёння раніцай я сказаў вашаму мужу, што ўпэўнены ў апраўдальным прысудзе, - і гэта я гаварыў не каб яго падбадзёрыць. Я не сумняваюся, што засядацелі не пакінулі б нават залы суда.
Позіркі іх сустрэліся. Місіс Кросбі сядзела неяк ненатуральна ціха. Яна была падобная на птушку, зачараваную змяёй. Не спяшаючыся, містэр Джойс працягваў:
- Але гэтая цыдулка цалкам мяняе справу. Я ваш адвакат, я павінен прадстаўляць вашы інтарэсы на судзе. Вы расказалі, што з вамі здарылася, і я буду абараняць вас, абапіраючыся на гэтыя звесткі. Можа, я веру вам, можа, я не ўпэўнены ў вашых словах. Абавязак адваката - пераканаць прысяжных, што доказы, якія ім прадставілі, не даюць падставы, каб прызнаць падсуднага вінаватым; а прыватная думка абаронцы, ці вінаваты яго кліент на самай справе, не ўлічваецца.
Са здзіўленнем ён заўважыў у вачах Леслі ўсмешку. Гэта яго раззлавала, і ён гаварыў ужо болей суха:
- Вы не будзеце адмаўляцца, што Хэманд прыехаў да вас на ваша настойлівае і, я б нават сказаў, істэрычнае запрашэнне?
На нейкі момант місіс Кросбі завагалася:
- Праўда, я пасылала цыдулку Хэманду праз аднаго з нашых слуг. Ён ездзіў на веласіпедзе. Пра гэта лёгка даведацца.
- Дарэмна вы лічыце сябе разумнейшай за іншых. Цыдулка дае падставы на падазрэнні, да якіх раней ніхто б і не дадумаўся. Я не буду гаварыць пра сваё ўражанне ад цыдулкі. Я не хачу ведаць нічога звыш таго, што можа вызваліць вас ад пятлі.
Місіс Кросбі прарэзліва крыкнула. Збялела ад жаху, ускочыла.
- Няўжо, вы думаеце, мяне могуць павесіць?!
- Калі будзе даведзена, што вы забілі Хэманда не абараняючыся, прысяжныя прызнаюць вас вінаватай. Вас абвінавацяць у забойстве. Суддзя будзе вымушаны вынесці смяротны прысуд.
- У іх няма доказаў, - ледзь вымавіла яна.
- Гэтага я не ведаю. Вы ведаеце. Я не хачу ведаць. Але ўявіце, у суда ўзніклі падазрэнні, пачынаецца дазнанне, допыт туземцаў - што тады?
Яна раптам неяк абмякла. Калі б містэр Джойс не паспеў падхапіць, яна звалілася б на падлогу. Місіс Кросбі страціла прытомнасць. У пакоі вады не было, а ён вельмі не хацеў, каб іх размове перашкодзілі. Ён асцярожна паклаў яе на падлогу, стаў побач на калені і чакаў, пакуль яна апрытомнее. Калі яна расплюшчыла вочы, у іх ён заўважыў адбітак смяротнага страху.
- Не варушыцеся, - сказаў ён, - зараз вам будзе лепей.
- Не дайце ім мяне павесіць, - прашаптала яна.
Яна істэрычна зарыдала, ён упаўголаса супакойваў яе.
- Ну, ну, вазьміце сябе ў рукі... - гаварыў ён.
- Пачакайце яшчэ хвіліну.
Надзвычайная мужнасць. Ён бачыў, як цяжка ёй было зноў супакоіцца.
- Цяпер я ўстану.
Ён падаў ёй руку і дапамог устаць. Падтрымліваючы за локаць, падвёў да крэсла. Яна стомлена села.
- Памаўчыце крыху, - папрасіла яна.
- Добра.
Урэшце яна загаварыла, але сказала зусім не тое, што ён чакаў. Яна ўздыхнула.
- Баюся, цяпер мне не выкруціцца.
Ён не адказаў, і зноў запанавала маўчанне.
- А ці нельга як-небудзь атрымаць гэтую цыдулку? - спыталася яна ўрэшце.
- Я думаю, што мне ніхто б пра цыдулку не гаварыў, калі б не збіраліся яе прадаць.
- Хто?
- Кітаянка, што жыла ў доме Хэманда.
На жаночым твары загарэліся і згаслі чырвоныя плямы.
- Яна запрасіла вялікую суму?
- Думаю, яна выдатна ведае, колькі каштуе гэтая цыдулка. Наўрад ці сума будзе малая.
- Дык вы збіраецеся аддаць мяне ў рукі катаў?!
- Няўжо вы думаеце, так лёгка перахапіць непажаданы доказ? Дык гэта ж тое самае, што подкуп сведкаў. Вы не маеце права такое мне прапаноўваць.
- Што ж тады рабіць?
- Правасуддзе павінна адбыцца.
Яна збялела, задрыжала ўсім целам.
- Я даручаю свой лёс вам. Я разумею, што не маю права прасіць вас аб нечым незаконным.
Містэра Джойса крануў гэты ціхі надламаны голас. У вачах быў адбітак такой пакорлівай просьбы, што здавалася, калі б ён адмовіў, позірк гэты не даваў бы яму спакою да смерці. Усё роўна Хэманда ўжо не вернеш. Аднак цікава, як усё ж такі з'явілася цыдулка. Вывесці, што забойства наўмыснае - несправядліва. Дваццаць год пражыў містэр Джойс на Ўсходзе, і за гэты час пачуццё прафесійнага гонару ў яго крыху прытупілася. Ён утаропіўся ў падлогу. Урэшце ён надумаўся, хоць і адчуваў, што няма яму апраўдання. Думка гэтая не давала яму спакою, ён злаваўся на Леслі.
Трохі памарудзіўшы, містэр Джойс нерашуча сказаў:
- Я не ведаю фінансавых магчымасцей вашага мужа.
Яна хутка зірнула на яго, твар зачырванеўся.
- У яго ёсць даволі многа акцый алавяных кампаній, ёсць невялікая доля ў дзвюх ці трох каўчукавых плантацыях. Думаю, ён знайшоў бы грошы.
- Але прыйдзецца яму расказаць.
Хвіліну яна маўчала, разважала.
- Ён кахае мяне. Дзеля майго выратавання ён пойдзе на ўсё. А ці трэба яму паказваць цыдулку?
Містэр Джойс насупіўся, яна заўважыла гэта, таму хутка сказала:
- Роберт ваш сябра. Не рабіце гэтага дзеля мяне, але ўберажыце простага, добрага чалавека ад лішніх пакутаў, - ён жа заўсёды быў шчыры з вамі.
Містэр Джойс нічога не адказаў. Ён устаў, і місіс Кросбі грацыёзна падала яму руку. Размова з містэрам Джойсам вельмі ўзрушыла яе, яна змучылася, але старалася ўсё ж вытрымаць ветлівы тон.
- Я вам вельмі ўдзячная, што вы ўзялі на сябе ўсе гэтыя клопаты. Цяжка выказаць, якая я ўдзячная.
Містэр Джойс вярнуўся ў кантору. Сеў за стол у кабінеце, адсунуў паперы і задумаўся. Самыя неверагодныя малюнкі паплылі перад яго вачыма. Ён нервова перасмыкнуў плячыма. Нарэшце, як ён і чакаў, пачуўся асцярожны стук у дзверы. Увайшоў Ван Цысэн.
- Я б хацеў паснедаць, сэр, - сказаў ён.
- Калі ласка.
- Але спярша я б хацеў даведацца, ці няма ў вас да мяне якога даручэння?
- Няма. Вы дамовіліся з містэрам Рыдам на іншы час?
- Так, сэр. Ён прыйдзе ў тры.
- Добра.
Ван Цысэн падышоў да дзвярэй і паклаў свае доўгія пальцы на ручку. Потым, нібыта ўспомніўшы нешта, вярнуўся да стала.
- Вы нічога не хочаце перадаць майму сябру, сэр?
У Ван Цысэна было выдатнае вымаўленне, але гук «р» яму не даваўся, і атрымалася «сяблу».
- Якому сябру?
- У сувязі з цыдулкай місіс Кросбі, сэр, што яна напісала нябожчыку Хэманду.
- А, вось вы пра што. Забыўся, прабачце. Я гаварыў з місіс Кросбі, але яна кажа, што нічога не пісала. Відаць, гэта фальшыўка.
Містэр Джойс выцягнуў з кішэні копію і падаў Ван Цысэну. Той, аднак, быццам і не заўважыў цыдулкі.
- У такім разе, сэр, вы не будзеце супраць, калі мой сябра перадасць гэтую цыдулку пракурору?
- Вядома, не. Але я не разумею, якую выгаду атрымае з гэтага ваш знаёмы?
- Мой сябра лічыць, што абавязаны дзейнічаць у інтарэсах правасуддзя, сэр.
- Я ніколі не буду перашкаджаць чалавеку, які імкнецца выканаць свой абавязак, Цысэн.
Позіркі адваката і клерка сустрэліся. Вусны іх нават не зварухнуліся, але яны выдатна зразумелі адзін аднаго.
- Я ўпэўнены ў гэтым, сэр, - сказаў Ван Цысэн, - аднак, калі я ўважліва пазнаёміўся са справай Кросбі, я адчуў, што такая цыдулка можа ўсё сапсаваць.
- Я заўсёды быў самай высокай думкі аб вашай юрыдычнай кваліфікацыі, Цысэн.
- Я думаю, сэр, што, калі б цыдулка пры дапамозе майго сябра апынулася ў нашых руках, мы б пазбеглі шмат якіх складанасцей.
Містэр Джойс з абыякавым выглядам маляваў чорцікаў на аркушы паперы.
- Ваш знаёмы, спадзяюся, чалавек справы. На якіх умовах ён пагодзіцца аддаць цыдулку?
- Цыдулка не ў яго. Яна ў кітаянкі. Ён толькі яе сваяк. Яна чалавек недасведчаны, сэр, і не разумела каштоўнасці гэтай цыдулкі, пакуль мой знаёмы не растлумачыў ёй.
- І колькі яна каштуе?
- Дзесяць тысяч даляраў.
- Вы што, з глузду з'ехалі?! Дзе місіс Кросбі возьме дзесяць тысяч даляраў? І, акрамя таго, я ўпэўнены, што цыдулка падробленая.
Гаворачы гэта, адвакат глядзеў прама ў вочы Ван Цысэну. Аднак той не зварухнуўся нават. Спакойна стаяў ля стала, уважліва слухаў.
- Містэр Кросбі валодае восьмай часткай у Бетонгскай каўчукавай плантацыі і шостай у каўчукавай плантацыі на Селантан-Рывер. У мяне ёсць знаёмы, які пазычыць яму неабходную суму пад заклад гэтай маёмасці.
- У вас багата знаёмых, Цысэн.
- Багата, сэр.
- Дык вось, к чорту вашых сяброў. Ніколі я не параю містэру Кросбі заплаціць больш чым пяць тысяч за цыдулку, з'яўленне якой не цяжка растлумачыць.
- Кітаянка і не збіралася прадаваць яе, сэр. Мой знаёмы доўга яе ўгаворваў. І цяпер дарэмна прапаноўваць ёй суму, меншую за раней названую.
Містэр Джойс некалькі хвілін глядзеў на Ван Цысэна. Клерк не варухнуўся пад гэтым калючым позіркам. Ён стаяў, пачціва схіліўшыся і апусціўшы вочы. Містэр Джойс добра ведаў, з кім мае справу. Хітры, шэльма, падумаў адвакат, цікава, а колькі тут заробіць сам Цысэн?
- Дзесяць тысяч даляраў - вялікая сума.
- Але ўпэўнены, сэр, што містэр Кросбі палічыць за лепшае заплаціць грошы, каб яго жонку не павесілі.
Містэр Джойс зноў крыху памаўчаў. Што яшчэ вядома Ван Цысэну? Ён напэўна не збіраецца таргавацца, відаць, мае важкія падставы. І гэтую суму яны, відавочна, вызначылі таму, што выдатна ведалі магчымасці містэра Кросбі, - ведаюць, што больш грошай у таго няма.
- А дзе цяпер кітаянка? - спытаўся містэр Джойс.
- Яна ў майго знаёмага, сэр.
- Яна зможа сюды прыехаць?
- Я думаю, сэр, лепш вам да яе паехаць. Я магу правесці вас туды сёння вечарам, і вы атрымаеце цыдулку. Але яна цёмная жанчына, сэр, і не разбіраецца ў чэках.
- А я не збіраюся даваць ёй чэк. Я прывязу грошы.
- Калі сума будзе меншая як дзесяць тысяч, вы толькі змарнуеце час, сэр.
- Я разумею.
- Пасля снедання я паеду, каб папярэдзіць свайго сябра, сэр.
- Цудоўна. У дзесяць гадзін вечара я буду чакаць вас ля ўвахода ў клуб.
- Слухаю, сэр.
Ён развітаўся і пайшоў. Містэр Джойс таксама пайшоў паснедаць. У клубе, як ён і чакаў, убачыў Роберта Кросбі. За яго столікам вольнага месца не было, і містэр Джойс, праходзячы міма, дакрануўся да яго пляча.
- У мяне ёсць да вас справа, - сказаў ён.
- Добра, я падыду да вас.
Містэр Джойс ужо ведаў, з чаго пачаць гаворку. Ён паснедаў і сеў гуляць у брыдж. Ён не хацеў запрашаць Кросбі да сябе ў кантору. Хутка падышоў Кросбі і пачаў сачыць за гульнёй. Калі гульня скончылася, усе разышліся, і яны засталіся ўдвух.
- Непрыемныя весткі, дружа, - сказаў містэр Джойс як мага натуральна. - Высветлілася, што ў той вечар ваша жонка паслала Хэманду цыдулку з запрашэннем прыехаць да вас.
- Што вы гаворыце, - шчыра здзівіўся Кросбі. - Яна ж кажа, што даволі доўга не бачылася з Хэмандам. Я сам сведка, што месяцы з два ён у нас не быў.
- Аднак факт ёсць факт, - цыдулка існуе. Яна ў той кітаянкі, з якой жыў Хэманд. Ваша жонка збіралася зрабіць вам падарунак да дня нараджэння і хацела папрасіць Хэманда дапамагчы ёй. Адразу пасля трагедыі яна была такая ўсхваляваная, што, вядома, забылася пра цыдулку, а пасля пабаялася прызнацца ў гэтым, таму на допыце сцвярджала, што не мела зносін з Хэмандам. Вельмі непрыемна, але факт застаецца фактам.
Кросбі маўчаў. На яго вялікім чырвоным твары адбілася надзвычайная разгубленасць. Ён нічога не разумеў, і гэта містэра Джойса супакойвала, але ў той жа час раздражняла. Кросбі тупаваты, а дурняў містэр Джойс не любіў. Але пасля здарэння ён быў у такім адчаі, а місіс Кросбі папрасіла дапамагчы ёй не дзеля яе самой, а дзеля мужа, усё гэта змякчала адвакатава сэрца, кранула ў яго душы чуллівую струну.
- Вы, безумоўна, разумееце, што вельмі непажадана, каб цыдулка апынулася ў руках абвінавачання. Ваша жонка схлусіла, ёй давядзецца тлумачыць, навошта яна гэта зрабіла. Калі Хэманд прыйшоў у ваш дом як госць па запрашэнні, справа паварочваецца іначай. Гэта можа паўплываць на прысяжных.
Містэр Джойс спыніўся. Зараз яму прыйдзецца выканаць сваё рашэнне. Калі б становішча не было такім цяжкім, ён бы, відаць, усміхнуўся, што вось зараз вымушаны зрабіць такі сур'ёзны крок, а чалавек, дзеля якога ўсё гэта робіцца, нават не разумее ўсёй складанасці становішча. Калі б Кросбі крышку падумаў, ён хутчэй за ўсё вырашыў бы, што містэр Джойс робіць толькі тое, што павінен рабіць кожны адвакат.
- Дарагі Роберт, вы не толькі мой кліент, але і мой сябра. Я ўпэўнены, што нам неабходна завалодаць гэтай цыдулкай. Але яна каштуе нямала. Іначай я б зусім нічога вам не расказаў пра яе.
- Колькі?
- Дзесяць тысяч даляраў.
- Сапраўды нямала. Каўчук цяпер не ў цане, - гэта амаль усё, што ў мяне ёсць.
- Вы можаце цяпер даць мне гэтыя грошы?
- Думаю, што магу. Чарлі Мэдаўз пазычыць мне пад алавяныя акцыі і пад маю частку з дзвюх плантацый.
- Будзем лічыць, што вырашана?
- А без гэтага не абысціся?
- Калі вы хочаце, каб вашу жонку апраўдалі.
Кросбі густа пачырванеў. Вусны яго прыкметна задрыжэлі.
- Але... - Ён не знаходзіў слоў. - Але я нічога не разумею. Яна ж можа ўсё растлумачыць. Вы што, хочаце сказаць, што яе могуць прызнаць вінаватай? Не павесяць жа яе за тое, што яна забіла гэтую жывёліну?
- Магчыма, яе і не павесяць, але могуць абвінаваціць у ненаўмысным забойстве. Тады ўсё абыдзецца двума ці трыма гадамі.
Кросбі ўскочыў, твар яго перакрывіўся ад жаху.
- Тры гады!
І раптам яго непаваротлівы мозг працяла нейкая неакрэсленая думка. Яна мільганула маланкай і знікла ў непрагляднай цемры, але пакінула ў памяці след ад нечага, што ён ледзьве паспеў разглядзець. Містэр Джойс заўважыў, як Робертавы вялікія чырвоныя рукі, натруджаныя і загрубелыя, задрыжэлі.
- Які яна збіралася зрабіць мне падарунак?
- Казала, што хацела купіць вам новую стрэльбу.
Вялікі чырвоны твар яго зрабіўся барвовы.
- Калі патрэбны грошы?
Нешта здарылася з яго голасам. Ён гаварыў так, нібыта нейкая нябачная рука сціскала яго горла.
- Сёння ў дзесяць вечара. Гадзін у шэсць прынясіце іх мне ў кантору.
- Гэта жанчына будзе ў вас?
- Не, я паеду да яе.
- Я прывязу грошы і паеду з вамі.
Містэр Джойс здзіўлена зірнуў на яго.
- Навошта? Вы можаце, думаю, цалкам даверыцца мне.
- Грошы мае, і я паеду.
Містэр Джойс паціснуў плячыма. Яны развіталіся. Містэр Джойс з цікавасцю зірнуў на Кросбі.
А палове дзесятай яны зноў сустрэліся ў пустым ужо клубе.
- Усё ў парадку? - спытаўся містэр Джойс.
- Грошы ў мяне ў кішэні.
- Тады пойдзем.
Яны спусціліся з ганка. Джойсаў аўтамабіль чакаў іх на плошчы, пустэльнай у гэты час. Калі яны падышлі, раптам з'явіўся Ван Цысэн. Ён сеў побач з шафёрам і паказаў, куды ехаць. Прамінулі гатэль «Эўропа», гатэль для матросаў і апынуліся на вуліцы Вікторыі. Тут яшчэ гандлявалі кітайскія крамы, па тратуарах паважна шпацыравалі мужчыны і жанчыны. Сюды-туды мітусіліся рыкшы, аўтамабілі, павозкі. Раптам Ван Цысэн загадаў шафёру спыніцца.
- Тут нам лепш пайсці пеша, сэр, - сказаў ён.
Яны выйшлі з машыны. Ван Цысэн ішоў наперадзе, яны - за ім услед. Неўзабаве ён спыніўся.
- Пачакайце тут, сэр. Я хачу пагаварыць са сваім сябрам.
Ён зайшоў у краму, у якой не было пярэдняй сцяны. За прылаўкам стаялі тры ці чатыры кітайцы. Гэта была адна з тых дзіўных крамаў, дзе тавары не выстаўляюць напаказ і цяжка скеміць, чым тут гандлююць. Ван Цысэн загаварыў з поўным чалавекам у парусінавым гарнітуры з цяжкім залатым ланцужком, і той асцярожна зірнуў у бок цёмнай вуліцы. Ён даў Ван Цысэну ключ. Той паклікаў двух мужчын, што чакалі яго, і праслізнуў у дзверы побач з крамай. Усе пайшлі за ім і апынуліся перад лесвіцай, што вяла ўгору.
- Адну хвілінку, калі ласка, я пашукаю запалкі, - сказаў клерк, - трэба падняцца наверх.
Ён чыркануў японскай запалкай, але тая амаль не разагнала цемру, і яны прабіраліся навобмацак. Адчыніўшы дзверы на другім паверсе, Ван Цысэн запаліў газавы ражок.
- Заходзьце, калі ласка, - сказаў ён.
Пакойчык быў маленькі, квадратны, з адным акном. Два нізкія кітайскія ложкі, накрытыя цыноўкамі, - вось і ўся мэбля. Адзін куток займаў вялікі куфар з мудрагелістым замком, на ім стаяў абдзёрты паднос з лямпай і люлькай для палення опіуму. У пакоі чуўся нейкі прыкры пах. Усе паселі, і Ван Цысэн прапанаваў ім папяросы. Неўзабаве з'явіўся таўстун-кітаец, якога яны бачылі ў краме. Ён павітаўся на выдатнай ангельскай мове і сеў побач са сваім суайчыннікам.
- Жанчына зараз прыйдзе, - сказаў Ван Цысэн.
Хлопчык з крамы прынёс паднос з чайнікам і кубкамі, і кітаец спытаўся, ці не вып'юць госці чаю. Кросбі адмовіўся. Кітайцы зашапталіся паміж сабой, Кросбі і містэр Джойс сядзелі моўчкі. Потым за сцяной пачуўся голас: нехта ціха пастукаў у дзверы. Кітаец адчыніў, і ў пакой увайшла жанчына. Містэр Джойс уважліва паглядзеў на яе. Пасля смерці Хэманда яму давялося шмат чуць пра гэту жанчыну, але ён яе ні разу не бачыў. Гэта была даволі поўная кабета, не маладая, з шырокім флегматычным тварам, напудраным і нарумяненым, на якім рэзка вызначаліся тонкія чорныя бровы; адчувалася, што чалавек яна далёка не мяккай натуры. На ёй быў блакітны жакет і белая спадніца - касцюм напаўэўрапейскі, напаўкітайскі, на нагах - маленькія кітайскія шаўковыя туфлі. Шыю ўпрыгожвалі цяжкія залатыя ланцужкі, на руках залатыя бранзалеткі, у вушах - залатыя завушніцы, прыгожыя залатыя шпількі ў чорных валасах. Яна ўвайшла ўпэўнена і нетаропка і села на ложак побач з Ван Цысэнам. Ён сказаў ёй нешта, і яна амаль абыякава паглядзела на эўрапейцаў.
- цыдулка ў яе? - спытаўся містэр Джойс.
- У яе, сэр.
Кросбі моўчкі выцягнуў з кішэні пачак пяцісотдаляравых банкнотаў. Ён адлічыў дваццаць паперак і даў іх Ван Цысэну.
- Пералічыце.
Клерк пералічыў і аддаў грошы тоўстаму кітайцу.
- Усё правільна, сэр.
Кітаец яшчэ раз пералічыў грошы і паклаў іх у кішэню. Ён зноў нешта сказаў жанчыне, і тая выцягнула з-за пазухі цыдулку. Ван Цысэн прачытаў яе.
- Гэта сапраўдны дакумент, сэр, - сказаў ён і памкнуўся быў перадаць паперку містэру Джойсу, але Кросбі апярэдзіў.
- Дазвольце зірнуць, - сказаў ён.
Містэр Джойс назіраў за Кросбі, пакуль той не скончыў чытаць, і працягнуў руку да цыдулкі.
- Давайце.
Але Кросбі акуратна склаў аркуш і схаваў у кішэню.
- Не, хай цыдулка лепш будзе ў мяне. Не танна яна мне абышлася.
Містэр Джойс згадзіўся. Трое кітайцаў чулі гэтую кароткую размову, але што яны падумалі, ці падумалі што-небудзь наогул - сказаць было цяжка, - вельмі ўжо з абыякавымі тварамі яны сядзелі.
- На сёння я свабодны, сэр? - спытаўся Ван Цысэн.
- Свабодны. - Містэр Джойс ведаў, што клерку трэба застацца, каб атрымаць сваю долю, і звярнуўся да Кросбі:
- Вы гатовы?
Кросбі моўчкі падняўся. Кітаец адчыніў дзверы. Цысэн узяў агарак свечкі, каб пасвяціць на лесвіцы, абодва кітайцы праводзілі іх на вуліцу. Жанчына тым часам спакойна сядзела на ложку і паліла. На вуліцы кітайцы развіталіся і вярнуліся ў дом.
- Што вы думаеце рабіць з цыдулкай? - спытаўся містэр Джойс.
- Захоўваць.
Яны падышлі да машыны, што чакала іх, але Кросбі адмоўна пакруціў галавой.
- Я пайду пеша. - Ён нерашуча пераступіў з нагі на нагу. - Ведаеце, у той вечар я паехаў у Сінгапур, таму што акрамя іншых спраў я яшчэ хацеў купіць сабе стрэльбу; адзін знаёмы прадаваў. Да пабачэння.
І хутка ён знік у цемры.
У дзень суда ўсё адбылося менавіта так, як і меркаваў містэр Джойс. Усе прысяжныя збіраліся апраўдаць місіс Кросбі. Яна сама давала паказанні. Гаварыла вельмі проста і шчыра. Памочнік пракурора паставіўся да яе добразычліва і яўна не быў у захапленні ад сваёй ролі. Ён вінаватым тонам задаваў неабходныя пытанні. Яго абвінаваўчая прамова больш была падобная на абарончую, а прысяжным спатрэбілася меней за пяць хвілін, каб вынесці рашэнне, якое было сустрэта громам апладысментаў. Суддзя павіншаваў місіс Кросбі, і яна стала свабодная.
Бадай, ніхто так шчыра не абураўся паводзінамі Хэманда, як місіс Джойс. Яна аддана любіла сваіх сяброў і настойліва прасіла мужа і жонку Кросбі пасля суда адразу ехаць да іх пагасцяваць, пакуль усё будзе падрыхтавана да ад'езду. Яна і думаць не хацела, каб мілая адважная Леслі, небарака, зноў вярнулася да сябе ў бунгала, дзе адбылася тая жахлівая трагедыя. Суд скончыўся а палове першай. У Джойсаў іх чакаў грандыёзны абед. Прыгатавалі кактэйлі - кактэйлі місіс Джойс былі вядомыя на ўсю Малайю, - і гаспадыня падняла келіх за здароўе Леслі. Місіс Джойс, жвавая, балбатлівая жанчына, - сёння была ў настроі, і вельмі дарэчы, таму што астатнія маўчалі. Яе гэта не дзівіла, муж быў заўсёды маўчун, а мужа і жонку Кросбі следства і потым суд залішне змучылі. У час абеду яна жвава і весела нешта расказвала. Потым прынеслі каву.
- Ну, а зараз, даражэнькая, - замітусілася яна, - ідзіце адпачываць, а пасля я павязу вас на мора.
Сам містэр Джойс, які абедаў дома толькі ў выключных выпадках, вымушаны быў, вядома, вярнуцца ў сваю кантору.
- На жаль, я не магу, місіс Джойс, - сказаў Кросбі. - Мне трэба ехаць на сваю плантацыю.
- Як, сёння? - здзівілася тая.
- Зараз жа. Я ўжо даўно не быў там, а справы не чакаюць. Буду вельмі рады, калі дазволіце Леслі пакуль што пажыць у вас. Пасля мы вырашым, куды паехаць.
Місіс Джойс хацела запярэчыць, але муж спыніў яе:
- Калі трэба ехаць - хай едзе, няма чаго думаць.
Нешта незвычайнае ў голасе мужа прымусіла яе насцярожана зірнуць на яго. Яна змоўкла. І зноў загаварыў Кросбі.
- Выбачайце, калі ласка, але ехаць трэба зараз жа, каб завідна паспець. - Ён падняўся з-за стала. - Правядзеш мяне, Леслі?
- Вядома.
Яны разам выйшлі з пакоя.
- Здаецца, ён не надта ўважлівы да яе, - сказала місіс Джойс. - Няўжо ён не разумее, што якраз цяпер Леслі трэба пабыць з ім.
- Я ўпэўнены, што толькі неадкладныя справы прымусілі яго тэрмінова паехаць.
- Ну, я пайду пагляджу, ці падрыхтавалі Леслі пакой. Ёй цяпер трэба добра адпачыць.
Місіс Джойс выйшла, адвакат зноў сеў. Неўзабаве ён пачуў, як Кросбі завёў матацыкл і з грукатам паехаў па садовай дарожцы. Містэр Джойс падняўся і пайшоў у гасцёўню. Місіс Кросбі разгублена стаяла сярод пакоя, трымаючы ў руцэ цыдулку. Тую самую. Вочы іх сустрэліся, - яна была страшэнна бледная.
- Ён ведае, - прашаптала яна.
Містэр Джойс узяў цыдулку, чыркнуў запалкай і паднёс да аркуша паперы. Леслі зачаравана глядзела, як полымя знішчала цыдулку. Калі трымаць паперку ў руцэ было больш немагчыма, містэр Джойс кінуў яе на падлогу, і яна зморшчылася і пачарнела. Ён наступіў на яе нагой і расцёр.
- Што ён ведае?
Яна ўважліва паглядзела на яго, і вочы яе неяк дзіўна заблішчэлі. Што гэта, пагарда ці роспач? Адказаць містэр Джойс не мог.
- Ён ведае, што Джэф быў маім палюбоўнікам.
Містэр Джойс не варухнуўся і не вымавіў ані гуку.
- Ён даўно стаў маім палюбоўнікам, амаль адразу, як вярнуўся з вайны. Мы разумелі, што трэба быць асцярожнымі. Калі гэта пачалося, я зрабіла выгляд, што ён мне надакучыў, і ён, калі Роберт быў дома, наведваўся рэдка. Звычайна я сама ездзіла на машыне ў адно нам вядомае месца, і там мы сустракаліся, звычайна два-тры разы на тыдзень, а калі Роберт быў у Сінгапуры, ён прыязджаў да мяне позна ўвечары, калі слугі ўжо спалі. Увесь гэты час мы сустракаліся, усе гэтыя гады, і ні адна душа не здагадвалася. Але ў апошні час, прыкладна з год, ён зрабіўся іншы. Я не магла зразумець, што здарылася. Не верыла, што разлюбіў. Я розум страціла, рабіла яму сцэны. Часам здавалася, што ён мяне зненавідзеў. Каб вы толькі ведалі, як я пакутавала. Пакуты пекла. Я ўжо бачыла, што больш яму не патрэбная, але не магла яго адпусціць. Як я пакутавала! Я кахала яго. Я аддала яму ўсё! Усё маё жыццё было звязана з ім. І раптам да мяне дайшлі чуткі, што ён жыве з нейкай кітаянкай. Цяжка было паверыць. Я не хацела верыць. Але пазней я ўбачыла яе, убачыла на свае вочы, яна ішла па вуліцы са сваімі залатымі бранзалеткамі і каралямі, старая сытая кітаянка. Старэйшая за мяне. Проста жахліва. Усе ў гарадку ведалі, што яна яго палюбоўніца. Калі я спаткала яе, яна з непрыхаванай цікаўнасцю зірнула на мяне, і я зразумела - яна ведае, што і я яго палюбоўніца. Я паслала яму цыдулку, хацела яго тэрмінова ўбачыць. Вы ж чыталі цыдулку. Вар'яцтва - напісаць такую цыдулку. Я не разумела, што раблю. Мне было ўсё роўна. Я не бачыла яго ўжо дзесяць дзён. Цэлы век.
Апошні раз ён сціснуў мяне ў абдымках, пацалаваў, параіў узяць сябе ў рукі, супакоіцца. І з маіх абдымкаў пайшоў да яе.
Усё гэта місіс Кросбі расказвала ціхім, пранікнёным голасам, - на імгненне спынілася, сціснула рукі.
- Праклятая цыдулка. Мы заўсёды былі такія асцярожныя. Ён знішчаў усе мае лісты пасля таго, як прачытае. Чаму ён пакінуў гэтую цыдулку?
Ён прыехаў, і я сказала, што ведаю пра кітаянку. Ён не прызнаваўся. Казаў, гэта ўсё плёткі. Я раззлавалася. Не помню ўжо, што яму нагаварыла. Як я яго тады ненавідзела. Гатова была разарваць на кавалкі. Старалася абразіць, балюча ўпікнуць. Амаль плявала ў твар. І ён не вытрымаў. Сказаў, што я яму абрыдла і ён не жадае мяне больш бачыць, абрыдла да смерці. І прызнаўся, што ўсё пра кітаянку - праўда. Сказаў, што пазнаёміўся з ёю даўно, яшчэ да вайны, і толькі яна адна для яго нешта значыць, астатнія ж толькі для забавы. Сказаў, што задаволены: цяпер я ўсё ведаю і не буду больш да яго чапляцца. Не помню, што было потым, - я проста ашалела. Схапіла рэвальвер і стрэліла. Ён ускрыкнуў - значыцца, пацэліла. Ён пахіснуўся і пабег на веранду. Я - за ім і зноў страляла, страляла, пакуль не запстрыкаў пусты барабан, і я зразумела, што скончыліся патроны.
Урэшце яна змоўкла, цяжка дыхаючы. Выгляд у яе быў незвычайны, злосць і боль скрывілі твар. Хто б паверыў, што гэта спакойная, далікатная жанчына здольная на такое моцнае пачуццё. Апанаваны жахам ад яе выгляду, містэр Джойс адхіснуўся. Гэта быў не чалавечы твар, а нейкая агідная маска. З суседняга пакоя пачуўся голас - гучны, прыязны, вясёлы. Голас місіс Джойс.
- Леслі, даражэнькая, ідзіце, ваш пакой падрыхтаваны. Вы, відаць, валіцеся ад стомы.
Паступова твар місіс Кросбі, скажоны цяжкімі ўспамінамі, набыў былы выраз, разгладзіўся, нібыта па скамечаным аркушы паперы правялі рукой. Праз хвіліну якую яна выглядала спакойнай і бестурботнай. Твар быў, праўда, крыху бледнаваты, але на вуснах ужо з'явілася ветлівая ўсмешка. Перад ім зноў была добра выхаваная свецкая жанчына.
- Іду, дарагая Дораці. Мне так няёмка, што нарабіла вам столькі клопату.
Падзенне Эдварда Барнарда
Бэйтмэн Хантэр зноў не мог заснуць. За два тыдні, пакуль плыў ад Таіці да Сан-Францыска, ён перадумаў, што трэба расказаць, а потым тры дні ўжо ў цягніку шукаў для свайго будучага аповяду словы. Да Чыкага засталіся якія гадзіны тры, а яго не пакідалі згрызоты сумлення. Не адчуваў ён цвёрдай упэўненасці, што зрабіў усё магчымае; а гонар патрабаваў зрабіць нават немагчымае. Яму не давала спакою, мучыла думка, што закранулі менавіта яго інтарэсы, а ён дазволіў узяць верх над сваімі рыцарскімі пачуццямі. Ён ужо збіраўся тады ахвяраваць сабою, цяпер жа адчуваў вялікае расчараванне. Як філантроп, які бескарысліва пабудаваў выдатнае жыллё беднякам, а потым высвятляе, што ён выгадна змясціў свой капітал. І міжвольна радуецца, атрымліваючы дзесяць працэнтаў, але яму і трохі няёмка, бо ўжо не адчувае поўнага задавальнення ад свайго ўчынку. Бэйтмэн Хантэр ведаў, што душа яго чыстая, але ці здолее ён пра ўсё расказаць Ізабэле Лонгстаф, вытрымаць дапытлівы позірк яе спакойных шэрых вачэй. Вачэй праніклівых і разумных. Яна глядзіць на ўсіх з вышыні ўласнай бязгрэшнасці, няма нічога жахлівейшага за ледзяное маўчанне, якім яна сустракае кожны ўчынак, што не адпавядае патрабаванням яе суровай маралі. Немагчыма пераканаць яе ў іншым. І Бэйтмэн любіў яе не толькі за тое, што яна прыгожая - гнуткая, складная, з ганаровай паставай, - але яшчэ болей за прыгажосць яе душы. Праўдалюбівая і сумленная, адкрыта і без боязі глядзела яна на жыццё; яна для Бэйтмэна была ўвасабленнем самага прыгожага, што характэрна яго суайчыннікам. Ён лічыў, што гэтая ідэальная маладая амерыканка магла нарадзіцца толькі тут, у Чыкага. Тым болей цяжка было ўявіць, які ўдар зараз ён павінен нанесці яе гордасці. Сэрца закіпала ад гневу, калі думкі вярталіся да Эдварда Барнарда.
Але вось урэшце і Чыкага. Бэйтмэн пазнаў доўгія шэрыя дамы; хутчэй хацелася дабрацца на Ўобаш-авеню, убачыць людскі натоўп, мноства аўтамашын, пачуць знаёмыя гукі і шумы. Ён дома. Якое шчасце, што ён нарадзіўся ў гэтым цудоўным горадзе Злучаных Штатаў. Сан-Францыска - гэта правінцыя, эра Ню-Ёрка прайшла, будучыня Амерыкі - у развіцці яе эканамічных магчымасцей, а Чыкага стаіць у зручным месцы, і жыхары горада энергічныя, дзелавыя людзі; безумоўна, менавіта Чыкага - будучая сталіца краіны.
«Бадай што, я дажыву да тых дзён, калі Чыкага будзе адным з найвялікшых гарадоў свету», - падумаў Хантэр, выходзячы з вагона.
Яго сустракаў бацька. Яны моцна паціснулі рукі і пайшлі разам па платформе, вельмі падобныя адзін да аднаго, высокія, хударлявыя, з прыгожымі рысамі і тонкімі губамі. Аўтамабіль містэра Хантэра чакаў іх каля вакзала. Сын горда і шчасліва азірнуўся вакол.
- Шчаслівы, што вярнуўся? - запытаўся бацька.
- Вядома! - адказаў Бэйтмэн.
Ён наглядзецца не мог на шумны мітуслівы горад.
- Тут, думаю, рух крыху большы, чым на тваім востраве, - засмяяўся містэр Хантэр. - Спадабалася там?
- Чыкага мне ўсё ж больш падабаецца, бацька, - сказаў Бэйтмэн.
- Эдвард Барнард не прыехаў разам з табой?
- Не.
- Як ён там?
Бэйтмэн крыху памарудзіў з адказам, прыгожы, тонкі твар яго спахмурнеў.
- Я б не хацеў цяпер пра яго гаварыць, - урэшце сказаў ён.
- Добра, не будзем. У тваёй маці сёння шчаслівы дзень.
Яны абмінулі самыя шматлюдныя вуліцы і цяпер ехалі паўз возера да вялікага будынка, правільнай копіі аднаго старажытнага замка на Луары, які містэр Хантэр пабудаваў некалькі гадоў таму назад. Як толькі Бэйтмэн апынуўся ў сваім пакоі, ён набраў тэлефонны нумар. Сэрца яго радасна забілася, калі пачуў знаёмы голас.
- Дзень добры, Ізабэла, - весела сказаў ён.
- Добры дзень, Бэйтмэн.
- Вы пазналі мой голас?
- Не гэтак даўно я яго чула апошні раз. І потым, я чакаю вас.
- Вас можна ўбачыць?
- Калі на сёння ў вас няма цікавейшых планаў, прыходзьце да нас абедаць.
- Вы добра ведаеце, што ніякіх планаў, акрамя вас, у мяне няма.
- Вы, мабыць, шмат чаго можаце расказаць.
Ён пачуў у яе голасе нейкую насцярожанасць.
- Магу, - адказаў ён.
- Цудоўна. Вечарам усё і раскажаце. Да пабачэння.
Яна паклала трубку. Гэта ўсё так падобна на яе - чакаць доўгія гадзіны, хоць можна было б зараз жа даведацца пра тое, што яе так цікавіць. У яе стрыманасці Бэйтмэн бачыў незвычайную душэўную моц.
Абедалі ўчацвярых: Ізабэла, яе бацькі і Бэйтмэн. Ён увесь час адчуваў, як яна непрыкметна скіроўвае гаворку, каб ён не выйшаў за межы лёгкай свецкай балбатні, і яго раптам працяла думка, што менавіта гэтак якая-небудзь маркіза, над якой ужо навіс цень гільяціны, менціць языком, быццам і не думае пра няўмольнае заўтра. Тонкія арыстакратычныя рысы твару і пышныя бялявыя валасы сапраўды рабілі яе падобнай да маркізы, і, калі б не было гэта агульнавядома, вы беспамылкова здагадаліся б, што ў яе жылах цячэ кроў самых лепшых сем'яў Чыкага. Сталовая, дзе яны сядзелі, цудоўна дапаўняла яе незвычайна тонкую прыгажосць, бо па жаданні Ізабэлы гэты дом - цюцелька ў цюцельку падобны на адзін з палацаў на Вялікім канале ў Венецыі, - быў мэбляваны знаўцам ангельцам у стылі Людовіка XV. Ізабэла была жанчына адукаваная, і гаворка яе, хоць і па-свецку лёгкая, ніколі не была пустая. Цяпер яна расказвала пра канцэрт, на якім была разам з маці, пра лекцыі, якія чытаў у Аўдыторыуме нейкі заезджы ангельскі паэт, пра палітычныя навіны, пра карціну старога майстра, якую бацька нядаўна купіў у Ню-Ёрку за пяцьдзесят тысяч даляраў. Бэйтмэн слухаў яе і адпачываў душой. Ён зноў у цывілізаваным свеце, у цэнтры культуры, сярод абраных, і галасы, што супраць яго волі турбавалі яго, урэшце змоўклі.
- Як цудоўна зноў апынуцца ў Чыкага, - сказаў ён.
Калі абед скончыўся, Ізабэла сказала маці:
- Я забяру Бэйтмэна да сябе. Нам трэба пагаварыць.
- Добра, дарагая, - сказала місіс Лонгстаф. - А потым прыходзьце ў «пакой мадам Дзюбары». Мы з бацькам будзем там.
Ізабэла запрасіла Бэйтмэна ў гасцёўню, якую той выдатна ведаў. Тут ён правёў найлепшыя хвіліны свайго жыцця. Пакой гэты зноў прывёў Бэйтмэна ў захапленне. Ізабэла з лагоднай усмешкай агледзелася.
- Па-мойму, добра, - сказала яна. - Галоўнае, усё на сваім месцы. Нават попельніцы і тыя не парушаюць стылю.
- У гэтым увесь цуд. Тут усё якраз так, як мае быць. Адчуваецца ваша дакладнасць.
Яны селі насупраць каміна, і Ізабэла паглядзела на яго сваімі спакойнымі шэрымі вачыма.
- І што вы хацелі мне расказаць? - спыталася яна.
- Нават і не ведаю, з чаго пачаць.
- Эдвард Барнард збіраецца вярнуцца?
- Не.
Абое на нейкі час змоўклі і паглыбіліся ў свае думкі. Цяжкая задача стаяла перад Бэйтмэнам: шмат з таго, пра што ён збіраўся зараз распавядаць, магло безумоўна абразіць гэту цудоўную, спагадлівую натуру, але якраз з павагі да яе, дый да самаго сябе, ён павінен расказаць усю праўду.
Усё пачалося вельмі даўно, калі яны з Эдвардам Барнардам, яшчэ студэнтамі, сустрэліся на адным званым абедзе з Ізабэлай Лонгстаф - гэта быў яе першы выезд у свет. Яны ведалі яе, калі тая была яшчэ дзяўчынкай, а яны цыбатымі падлеткамі, потым на два гады яна паехала ў Эўропу, каб скончыць сваю адукацыю, і вярнулася прыгожай дзяўчынай, з якой яны былі б рады аднавіць знаёмства. Абодва закахаліся ў яе без памяці, але Бэйтмэн неўзабаве зразумеў, што заўважае яна толькі Эдварда, і, як сапраўдны сябра, адступіў. Ён перажыў нямала горкіх хвілін, але не мог не пагадзіцца, што Эдвард варты вялікага шчасця. Каб нічога не пашкодзіла іх сяброўству, якое Бэйтмэн вельмі шанаваў, ён заўсёды хаваў свае пачуцці.
Праз паўгода Ізабэла і Эдвард заручыліся. Але яны былі надта маладыя, і Ізабэлін бацька вырашыў, што ім трэба пачакаць з вяселлем, ва ўсякім разе, пакуль Эдвард не скончыць універсітэта. Чакаць трэба было год. Бэйтмэн добра памятаў тую зіму, у канцы якой Эдвард і Ізабэла меліся павянчацца, зіму з танцамі, тэатрам, бясконцымі забавамі, і ўсюды нязменна ён быў з імі. Яна неўзабаве павінна была стаць жонкаю яго сябра, але ён, Бэйтмэн, кахаў яе не меней. Яе ўсмешка, даверлівы позірк і шчырасць радавалі яго. Ён быў задаволены тым, што, як яму здавалася, зусім не зайздросціў іх шчасцю. А потым здарылася бяда. Адзін з буйных банкаў пацярпеў крах, на біржы пачалі панікаваць, а бацька Эдварда Барнарда страціў усё, што меў. У той вечар ён вярнуўся дадому, сказаў жонцы, што разарыўся, а пасля абеду пайшоў у свой кабінет і застрэліўся.
Праз тыдзень Эдвард Барнард, змучаны і схуднелы, прыйшоў да Ізабэлы і папрасіў вярнуць дадзенае ёй раней слова. Замест адказу яна даверліва прытулілася да яго і заплакала.
- Мне вельмі цяжка, каханая, - сказаў ён.
- Няўжо ты думаеш, я магу жыць без цябе? Я кахаю цябе.
- Цяпер ты не зможаш стаць маёю жонкаю. Твой бацька ніколі не дазволіць. У маёй кішэні ні граша.
- А я ўсё роўна кахаю цябе.
Ён расказаў ёй пра свае планы. Ён мусіў тэрмінова знайсці які-небудзь заробак, і Джордж Браўншміт, даўні сябра іх сям'і, прапанаваў яму месца ў сваёй гандлёвай фірме. Ён гандлюе на паўднёвых морах, на астравах Палінезіі ў яго ёсць канторы. Ён параіў Эдварду на год-другі паехаць на Таіці, дзе пад кіраўніцтвам аднаго з лепшых упраўляючых ён пазнае ўсе тонкасці гэтай найскладанейшай справы, а потым вернецца ў Чыкага, дзе яму будзе забяспечана выдатная будучыня. Што можа быць лепш? Калі Эдвард пра ўсё расказаў Ізабэле, твар яе заззяў.
- Дурненькі, навошта ж ты мяне дарэмна засмуціў?
Вочы яго засвяціліся ад шчасця.
- Ізабэла, няўжо ты будзеш чакаць мяне?
- Думаеш, ты гэтага не варты? - усміхнулася яна.
- Не, не, не смейся з мяне. Прашу цябе, будзь сур'ёзная. Гэта можа працягнуцца цэлыя два гады.
- Нічога. Я кахаю цябе, Эдвард. Калі ты вернешся, мы пажэнімся.
Джордж Браўншміт не любіў адкладаць справы да святога нігды, ён сказаў Эдварду, што, калі той згодны заняць прапанаванае месца, яму неабходна адплысці з Сан-Францыска не пазней чым праз тыдзень. Апошні вечар Эдвард правёў з Ізабэлай. Пасля абеду містэр Лонгстаф сказаў, што яму трэба пагутарыць з Эдвардам, і запрасіў таго ў палільны пакой. Калі Ізабэла растлумачыла бацьку сваё рашэнне, ён паставіўся добразычліва, і цяпер Эдвард даўмецца не мог, пра што будзе гаворка. Гаспадар быў чымсьці, відавочна, прыгнечаны, і гэта азадачыла Эдварда. Містэр Лонгстаф запінаўся, гаварыў аб нейкіх дробязях. І ўрэшце сказаў:
- Вы, спадзяюся, чулі пра Арнольда Джэксана?
Эдвард вагаўся. Прыроджаная шчырасць вымушала яго прызнацца ў тым, пра што ён лепш змоўчаў бы.
- Чуў, але вельмі даўно. Па шчырасці, асаблівай увагі я не звярнуў.
- Наўрад ці хто ў Чыкага не чуў пра Арнольда Джэксана, - з горыччу сказаў містэр Лонгстаф. - А калі такі і знойдзецца, яму адразу ж раскажуць гэтую гісторыю. Вы ведаеце, што ён брат місіс Лонгстаф?
- Ведаю.
- Мы ўжо, зразумела, доўгі час не падтрымліваем з ім аніякіх адносін. Ён паехаў з Амерыкі вельмі хутка, і, я думаю, Амерыка нічога не страціла. Мы чулі, ён жыве на Таіці. Раю вам трымацца далей ад таго месца, але калі што-небудзь даведаецеся пра яго, напішыце - мы з місіс Лонгстаф будзем вельмі вам удзячныя.
- Абавязкова напішу.
- Вось і ўсё, што я хацеў вам сказаць. А зараз вы, напэўна, хочаце пайсці да нашых жанчын.
Бадай у кожнай сям'і ёсць чалавек, імя якога ўсе б з задавальненнем забыліся, калі б толькі сваякі дазволілі, і добра, калі ад гэтага чалавека іх аддзяляе адно ці два пакаленні, і з цягам часу імя набыло рамантычнае адценне. Але калі блудны сын жывы і не проста захапляецца чаркай і жанчынамі, а ўчынкі яго не растлумачыш выратавальнай фразай, што «ён робіць шкоду толькі самому сабе», тады застаецца адно - маўчаць. Так і маўчалі Лонгстафы ў выпадку з Арнольдам Джэксанам. Яны ніколі не гаварылі пра яго. Яны нават не хадзілі па вуліцы, на якой той некалі жыў. Як людзі велікадушныя, яны не маглі дазволіць, каб жонка і дзеці Арнольда Джэксана пакутавалі праз яго, таму доўгія гады падтрымлівалі іх з умоваю, што тыя будуць жыць у Эўропе. Яны рабілі ўсё, каб людзі забыліся Арнольда Джэксана, хоць і ведалі, што гэтая гісторыя перад вачыма ў кожнага, як і той дзень, калі ўсё адбылося. Арнольд Джэксан быў менавіта той паганай авечкай. Багаты банкір, паважаны прыхаджанін, філантроп, чалавек, якога шанавалі не толькі за яго паходжанне (у яго жылах цякла кроў самых лепшых сем'яў з Чыкага), але і за яго бездакорную сумленнасць, менавіта ён быў аднаго дня арыштаваны за жульніцтва. На судзе стала вядома, што гэта была не раптоўная спакуса, а наўмыснае махлярства, якое цягнулася не адзін год. Яго прысудзілі да сямі год турмы, і, як лічылі, усё яшчэ лёгка абышлося.
На развітанне Ізабэла і Эдвард прысягнулі адно аднаму. Ізабэла залівалася слязьмі, і толькі вялікае Эдвардава каханне суцяшала яе. Дзіўнае ў яе было тады адчуванне. Нягледзячы на боль разлукі, сэрца білася ад шчасця, што ён яе так моцна кахае. З таго часу прайшло больш за два гады. Ён пасылаў лісты Ізабэле з кожнай поштай. За ўвесь час яна атрымала дваццаць чатыры лісты, бо пошту адпраўлялі раз на месяц. Лісты яго былі менавіта такія, што і пішуць закаханыя. Сардэчныя і шчырыя, іншы раз з гумарам - асабліва ў апошні час - і пяшчотныя. Спачатку адчувалася, што ён сумуе па доме, марыць вярнуцца ў Чыкага, да Ізабэлы, і, трохі ўстрывожаная, яна прасіла яго быць стойкім. Яна баялася, што ён прапусціць зручны момант разбагацець і вернецца дамоў. Вельмі хацелася, каб у каханага хапіла вытрымкі, і яна напісала яму словамі паэта:
Я не кахаў бы так цябе,
Каб гонар мне не быў так дарагі.
Але неўзабаве ён, як ёй падалося, супакоіўся. Ізабэла бачыла, як шчыра, з амерыканскай дзелавітасцю імкнуўся ён разварушыць гэты богам забыты куток. Але яна вельмі добра ведала Эдварда, і, калі першы год - яго мінімальны тэрмін на Таіці - скончыўся, яна зрабіла ўсё магчымае, каб утрымаць яго яшчэ на год. Хай ён як след вывучае справу. Маглі ж яны чакаць год, чаму не пачакаць яшчэ адзін. Яна параілася з Бэйтмэнам Хантэрам, найлепшым яго сябрам (што б яна рабіла без яго першыя дні пасля ад'езду Эдварда!), і яны вырашылі, што будучыня Эдварда вышэй за ўсё. Час бег, і яна пераканалася, што ён зусім і не спяшаецца дамоў.
- Ён проста цуд, праўда? - неяк сказала яна.
- Ён малайчына, - пагадзіўся Бэйтмэн.
- Яму там так цяжка, я чытаю пра гэта між радкоў, а ён трымаецца, бо...
Шчокі яе паружавелі, і Бэйтмэн з сур'ёзнай усмешкай, якая так яго ўпрыгожвала, дадаў:
- Бо ён кахае вас.
- Я не вартая яго, - пакорліва сказала яна.
- Вы дзівосная жанчына, Ізабэла, проста цуд.
Прайшоў яшчэ год, ад Эдварда як і раней штомесяц прыходзілі лісты, і ўрэшце Ізабэла звярнула ўвагу, што ён ані слова не пісаў пра сваё вяртанне дамоў. Здавалася, ён заўсёды збіраецца жыць на Таіці, нават больш - гэтым ён цалкам задаволены. Гэта яе вельмі здзівіла. Яна разоў колькі перачытвала яго лісты і цяпер, чытаючы між радкоў, адчула ў ім перамену, якой раней не заўважала. Апошнія пісьмы былі такія ж пяшчотныя, як і першыя, але тон быў іншы. І раней яна з непрыхаванай падазронасцю ставілася да Эдвардавага гумару і чыста па-жаночы не давярала яму, цяпер жа яна адчула ў ім легкадумнасць, што вельмі збянтэжыла яе. Здавалася, гэта піша новы Эдвард, не той, якога яна ведала раней.
Аднойчы, на другі дзень пасля таго, як яна атрымала пошту з Таіці, Ізабэла ехала ў аўтамабілі з Бэйтмэнам, і ён спытаўся:
- Эдвард пісаў вам, калі вяртаецца?
- Не. Я думала, вы што-небудзь ведаеце.
- Мне ён не пісаў.
- Вы ж ведаеце Эдварда, - засмяялася Ізабэла. - У яго няма адчування часу. Калі будзеце пісаць, спытайцеся, калі ўсё ж такі ён збіраецца дамоў.
Яна гаварыла так бестурботна, што толькі дзякуючы прыроднай абвостранай уважлівасці Бэйтмэн зразумеў, што ёй сапраўды вельмі важна, калі Эдвард вернецца.
- Абавязкова спытаюся. І што ён толькі сабе думае! - сказаў ён з усмешкай.
Праз некалькі дзён Ізабэла зноў сустрэлася з Бэйтмэнам і заўважыла, што той чымсьці ўсхваляваны. З таго часу, як Эдвард з'ехаў на Таіці, яны часта бывалі разам - абое любілі яго, таму размовы пра Эдварда былі бясконцыя. Нічога дзіўнага, што Ізабэла чытала па Бэйтмэнавым твары, як па кнізе. Нешта падказвала ёй, што яго хваляванне звязана з Эдвардам, таму яна не супакоілася, пакуль не прымусіла яго ўсё расказаць.
- Справа ў тым, - урэшце сказаў ён, - што да мяне дайшлі чуткі, быццам Эдвард ужо не працуе ў той фірме, а ўчора я спытаўся пра гэта ў містэра Браўншміта.
- І што?
- Ужо амаль год, як Эдвард там больш не працуе.
- Дзіўна, ён мне пра гэта нічога не пісаў!
Бэйтмэн завагаўся, ён і так ужо сказаў залішне. Яму было вельмі няёмка.
- Яго звольнілі.
- О божухна, за што?!
- Яны, здаецца, папярэджвалі яго, і не адзін раз, і ўрэшце прапанавалі звольніцца. Кажуць, ён быў нядбайны работнік, дрэнна ведаў справу.
- Эдвард?!
Абое замаўчалі, і раптам Бэйтмэн заўважыў, што Ізабэла плача. Ён міжвольна схапіў яе за руку.
- Дарагая, не трэба, не трэба, - папрасіў ён. - Я не магу бачыць вашых слёз.
Яна канчаткова страціла самавалоданне, не выслабаніла рукі. А ён стараўся яе суцешыць:
- Неверагодна, праўда? Гэта так не падобна на Эдварда. Не, тут, я думаю, нейкае непаразуменне.
Нейкі час яна маўчала, а калі загаварыла, голас яе гучаў няўпэўнена.
- Вам не здалося, што ў яго апошніх лістах ёсць нешта дзіўнае? - спыталася яна, вочы яе зноў напоўніліся слязьмі.
Бэйтмэн адказаў не адразу.
- Я заўважыў у іх змену, - прызнаўся ён нарэшце. - Мне здаецца, Эдвард страціў развагу і сур'ёзнасць, рысы, якія мяне вабілі. Можна падумаць, што самыя важныя рэчы... што яны для яго ўжо не маюць значэння.
Ізабэла маўчала. Смутак і трывога апанавалі яе.
- Мабыць, ён напіша вам, калі ўсё ж надумае вярнуцца. Нам толькі застаецца чакаць яго адказу.
Зноў абое атрымалі па лісту ад Эдварда, але, як і раней, ён не пісаў ні слова пра свае планы. Праўда, калі ён пісаў гэты ліст, ён не мог яшчэ атрымаць апошняе пісьмо ад Бэйтмэна. Адказу можна чакаць толькі з наступнай поштай. Атрымаўшы другое пісьмо, Бэйтмэн, разгублены і засмучаны, пайшоў да Ізабэлы. Ізабэла ўважліва прачытала ліст з пачатку да канца, губы яе задрыжэлі, яна перачытала зноў.
- Вельмі дзіўнае пісьмо, - сказала яна. - Нічога не разумею.
- Можна падумаць, што ён смяецца з мяне, - загарэўся чырванню Бэйтмэн.
- І сапраўды, але, я думаю, гэта не наўмысна. Гэта так не падобна на Эдварда.
- І зноў ні слова, вернецца ён ці не.
- Калі б я не была ўпэўнена, што ён кахае мяне, я б падумала... Нават не ведаю, што б я падумала.
Вось тады Бэйтмэн і расказаў ёй пра свой план. Фірма яго бацькі, кампаньёнам якой ён цяпер з'яўляўся, гандлявала аўтамабілямі ўсіх марак і якраз збіралася адкрыць аддзяленне ў Ганалулу, Сіднеі і Велінгтоне. Замест таго каб паслаць туды ўпраўляючага, Бэйтмэн збіраўся паехаць сам. Па дарозе з Велінгтона ён спыніцца на Таіці, вострава так ці іначай не абмінеш, і там пабачыцца з Эдвардам.
- Тут, на маю думку, нейкая загадка, і я яе абавязкова разгадаю. Гэта адзінае выйсце.
- Які вы велікадушны, Бэйтмэн! - усклікнула Ізабэла.
- Вы ж ведаеце, Ізабэла, больш за ўсё на свеце я хачу, каб вы абое былі шчаслівыя.
Яна даверліва зірнула на яго і падала абедзве рукі.
- Вы дзіўны, Бэйтмэн. Другога такога на свеце няма. Як мне вам аддзякаваць?
- Нічога не трэба. Толькі дазвольце вам дапамагчы.
Яна апусціла вочы і пачырванела. Яна даўно так прывыкла да яго, што забылася, які ён прыгожы: высокі, як Эдвард, атлетычнага складу, толькі валасы ў яго цёмныя, а твар не румяны, як у Эдварда, а матава-бледны. Яна, бясспрэчна, ведала, што ён кахае яе. Яна адчувала павагу да яго і вялікую пяшчоту.
Вось з гэтага падарожжа цяпер і вярнуўся Бэйтмэн Хантэр.
Справы затрымалі яго крыху даўжэй, чым ён разлічваў, і ў яго было багата часу, каб паразважаць пра сваіх сяброў. Ён прыйшоў да думкі, што Эдвард не меў ніякай сур'ёзнай прычыны, якая перашкаджала яму вярнуцца дадому. Толькі Эдвардава гордасць магла не дазволіць яму прыехаць да каханай, пакуль ён не разбагацеў. Але, калі гэтак, трэба яго пераканаць. Ізабэла сумуе. Эдварду неабходна зараз жа вярнуцца ў Чыкага і ажаніцца з ёю. А на заводзе аўтамабільнай кампаніі Хантэра яму знойдзецца прыдатнае месца. Сэрца Бэйтмэна аблівалася крывёю, але ён быў задаволены, што цаною ўласнага шчасця наладзіць шчасце сваіх самых дарагіх людзей. Ён сам ніколі не ажэніцца. Стане хросным бацькам іх дзецям, і праз многа год, калі Ізабэлы і Эдварда ўжо не будзе, ён раскажа іх дачцэ, што даўным-даўно кахаў яе маці. Бэйтмэн маляваў сабе гэтую сцэну, і вочы яго напоўніліся слязьмі.
Ён хацеў прыехаць знянацку, таму не тэлеграфаваў Эдварду, і з парахода паехаў адразу ў «Гатэль дэ ля флэр», які яму дапамог знайсці нейкі юнак, быццам бы сын гаспадара гатэля.
- Дарэчы, - спытаўся Бэйтмэн па дарозе туды, - вы не падкажаце мне, дзе шукаць містэра Эдварда Барнарда?
- Барнарда? - перапытаў юнак. - Я нібыта чуў гэтае імя.
- Амерыканец. Высокі, светла-каштанавыя валасы, блакітныя вочы. Ён тут ужо трэці год.
- Так, так. Цяпер я ведаю, пра каго вы пытаецеся. Гэта пляменнік містэра Джэксана.
- Чый пляменнік?
- Містэра Арнольда Джэксана.
- Не, мы, відаць, гаворым пра розных людзей, - холадна сказаў Бэйтмэн.
Ён нічога не разумеў. Дзіўна, што ўсе тут ведаюць Арнольда Джэксана, які нават не змяніў сваё зняслаўленае імя. Але пра якога пляменніка ідзе гаворка? Місіс Лонгстаф - яго адзіная сястра, братоў у яго ніколі не было. Юнак шмат пра што распавядаў Бэйтмэну, але гаварыў ён з акцэнтам, і Бэйтмэн, уважліва паглядзеўшы на яго, прыкмеціў, што ў жылах хлопца нямала тутэйшай крыві. Міжволі Бэйтмэн пачаў гаварыць з пагардай. Неўзабаве прыйшлі ў гатэль. Бэйтмэн паставіў рэчы ў нумар і папрасіў растлумачыць яму, дзе знаходзіцца кантора Браўншміта. Аказваецца, на беразе, каля лагуны. Бэйтмэн павольна накіраваўся туды па залітай паўднёвым сонцам дарозе. Хутка ён знайшоў патрэбны яму будынак, адаслаў упраўляючаму сваю візітную картку, і неўзабаве яго павялі праз пакой з высокай столлю, - ці то краму, ці склад, - у кантору да ўпраўляючага, дзе сядзеў поўны лысы чалавек у акулярах.
- Вы не падкажаце, дзе я магу знайсці Эдварда Барнарда? Я ведаю, што ён тут некалі працаваў.
- Працаваў. Але дзе ён цяпер, сказаць, на жаль, не магу.
- Ён жа быццам прыехаў сюды па рэкамендацыі містэра Браўншміта. Я добра ведаю містэра Браўншміта.
Таўстун уважліва і з недаверам зірнуў на Бэйтмэна.
- Слухай, Генры, - паклікаў ён некага з работнікаў, - ты не ведаеш, дзе цяпер Барнард?
- Ён быццам працуе ў Кэмерана, - адказаў той.
Таўстун растлумачыў:
- Ад нашай канторы налева, і хвіліны праз тры будзеце ў Кэмерана.
Бэйтмэн вагаўся.
- Справа ў тым... Эдвард Барнард - мой лепшы сябра, я вельмі здзівіўся, калі даведаўся, што ён пайшоў з фірмы Браўншміта.
Таўстун прыжмурыўся і калючымі вачыма паглядзеў на Бэйтмэна. Пад гэтым пранізлівым позіркам Бэйтмэну зрабілася не па сабе, ён нават пачырванеў.
- Відаць, фірма Браўншміта і Эдвард Барнард не знайшлі агульнай мовы, - дыпламатычна сказаў упраўляючы.
Бэйтмэну не вельмі спадабаўся гэты тон, ён з пачуццём уласнай годнасці падняўся, папрасіў прабачэння і пайшоў. Ён адчуваў, што чалавек, з якім ён толькі што гутарыў, мог шмат чаго расказаць яму, але не захацеў.
Неўзабаве Бэйтмэн апынуўся каля Кэмерана. Гэта была самая звычайная крама, па дарозе сюды ён мінуў ужо не адну такую. Самы першы чалавек, якога ён там убачыў, быў Эдвард: у кашулі з падкасанымі рукавамі ён гандляваў таннай мануфактурай. Бэйтмэн нават здрыгануўся ад нечаканасці, калі ўбачыў занятак свайго сябра. Але толькі ён пераступіў парог, Эдвард заўважыў яго і радасна сказаў:
- Бэйтмэн! Якім чынам?!
Ён моцна паціснуў Бэйтмэну руку. Здавалася, ён зусім не збянтэжыўся, сумеўся якраз толькі Бэйтмэн.
- Я зараз, толькі аддам пакунак.
Ён упэўнена і жвава адрэзаў патрэбны кавалак матэрыі, склаў, запакаваў і аддаў пакупніку.
- Заплаціце, калі ласка, у касу.
І з вясёлай усмешкай на твары павярнуўся да Бэйтмэна.
- Адкуль ты? Як я рады цябе бачыць. Сядай, будзь як дома.
- Не можам жа мы гутарыць тут. Пойдзем да мяне ў гатэль. Спадзяюся, ты можаш пайсці? - нерашуча дадаў Бэйтмэн.
- Ну, вядома, магу. Не такія ўжо мы тут на Таіці дзелавыя людзі. А-лінь, - сказаў ён кітайцу, што стаяў за прылаўкам насупраць, - калі вернецца гаспадар, скажы яму, да мяне з Амерыкі прыехаў сябра і я пайшоў з ім выпіць чарку.
- Скажу, - шырока ўсміхаючыся, адказаў кітаец.
Эдвард надзеў пінжак і капялюш, і разам з Бэйтмэнам яны рушылі з крамы. Бэйтмэн пажартаваў:
- Вось ужо не чакаў убачыць, як ты адмерваеш тры з паловай ярды таннага паркалю брыдкаму мурыну.
- Ведаеш, Браўншміт выгнаў мяне, і я падумаў, што з такім жа поспехам магу гандляваць паркалем.
Бэйтмэн не чакаў такога шчырага прызнання, таму палічыў недалікатным працягваць далей гаворку ў такім тоне.
- Упэўнены, у такой краме ты наўрад ці разбагацееш, - сказаў ён суха.
- Згодны. Але на хлеб мне хапае. А што яшчэ чалавеку трэба?
- Два гады таму назад ты б гэтым не задаволіўся.
- З цягам часу разумнееш, - весела запярэчыў Эдвард.
Бэйтмэн уважліва паглядзеў на яго. На Эдвардзе быў зношаны, не першай свежасці белы палатняны гарнітур і шыракаполы саламяны капялюш тутэйшай работы. Схуднелы, дачарна загарэлы і, здавалася, прыгажэйшы. Але ў яго паводзінах адчувалася трывога. З'явіліся расхлябанасць у хадзе, бестурботнасць, беспрычынная вясёласць. У гэтым не было, бадай, нічога заганнага, але тым не менш гэта вельмі здзівіла Бэйтмэна. «Ліха яго ведае, чаму ён радуецца», - думаў Бэйтмэн.
Яны дайшлі да гатэля і селі на тэрасе. Слуга-кітаец прынёс ім кактэйлі. Эдвард вельмі хацеў пачуць усе чыкагскія навіны, таму ён проста засыпаў сябра пытаннямі. Гэта была шчырая і непадробленая цікавасць. Але дзіўна, што яму аднолькава цікава было пачуць пра самыя розныя рэчы: пра здароўе бацькі Бэйтмэна ён распытваў гэтак жа нецярпліва, як і пра жыццё Ізабэлы. Ён гаварыў пра яе так, быццам яна была яму сястра, а не нарачоная. І не паспеў Бэйтмэн як след расказаць пра яе, як гутарка ўжо пайшла пра яго занятак, пра новыя заводскія карпусы, што нядаўна пабудаваў яго бацька. Бэйтмэн зноў хацеў пагаварыць пра Ізабэлу і чакаў толькі зручнага моманту. Эдвард раптам ветліва замахаў некаму рукой. Нейкі чалавек ішоў да іх па тэрасе, але Бэйтмэн не бачыў яго, бо сядзеў спіной.
- Сядайце з намі, - весела запрасіў Эдвард.
Незнаёмы падышоў бліжэй. Высокі, худы, у белым палатняным гарнітуры. Твар таксама худы, доўгі, з арліным носам, прыгожы выразны рот і белыя як снег кучаравыя валасы.
- Гэта мой даўні сябра, Бэйтмэн Хантэр. Я вам пра яго расказваў, - сказаў Эдвард і зноў весела заўсміхаўся.
- Рады з вамі пазнаёміцца, містэр Хантэр. Я ведаў вашага бацьку.
Незнаёмы моцна, па-сяброўску паціснуў Бэйтмэну руку. І толькі тады Эдвард назваў яго:
- Містэр Арнольд Джэксан.
Бэйтмэн збялеў і адчуў, як у яго пахаладзелі пальцы. Гэта быў той самы ашуканец, катаржнік, гэта быў дзядзька Ізабэлы. Бэйтмэн не знаходзіў слоў. Ён хацеў неяк схаваць сваю збянтэжанасць.
Вочы Арнольда Джэксана весела засвяціліся.
- Бачу, маё імя вам вядома.
Бэйтмэн не мог ні пацвердзіць, ні адмовіць. Сітуацыя была надзвычай няёмкая. Тым больш што Бэйтмэнава разгубленасць, відавочна, забаўляла і Джэксана, і Эдварда. Яны не толькі навязалі яму гэта знаёмства, ад якога ён з задавальненнем ухіліўся б, але яшчэ з яго і здзекуюцца. Але ён з вывадам паспяшаўся, бо Джэксан зараз жа дадаў:
- Мне вядома, што вы сябруеце з Лонгстафамі. Мэры Лонгстаф - мая сястра.
«Няўжо ён лічыць, што я нічога не ведаю пра самы вялікі скандал у гісторыі Чыкага?» - падумаў Бэйтмэн. Але тут Джэксан паклаў руку на Эдвардава плячо.
- Я спяшаюся, Тэдзі, - сказаў ён. - Справы. А вы прыходзьце да мяне сёння абедаць.
- Вось і цудоўна, - пагадзіўся Эдвард.
- Дзякую, містэр Джэксан, - холадна сказаў Бэйтмэн, - але, бачыце, час мой тут абмежаваны, заўтра я адплываю. Не крыўдуйце, калі я не прыйду.
- Ніякіх адгаворак. Я пачастую вас сапраўдным таіцянскім абедам. Мая жонка выдатная гаспадыня. Тэдзі вас прывязе. Прыязджайце раней, пабачыце наш захад сонца. Калі пажадаеце, можаце ў мяне і заначаваць.
- Абавязкова будзем, - сказаў Эдвард. - У гатэлі заўсёды шумна, а ў вас мы зможам спакойна пагутарыць.
- Я не магу вас вось так адпусціць: вы павінны мне расказаць пра Чыкага і пра Мэры, - гаварыў Джэксан.
Ён развітаўся і пайшоў, перш чым Бэйтмэн паспеў вымавіць хоць слова.
- У нас на Таіці нельга адмаўляцца, - засмяяўся Эдвард. - Дый ніхто тут цябе так смачна не пачастуе.
- Чаму ён сказаў, што яго жонка выдатна гатуе. Я чуў, яна ў Жэневе.
- Даволі далёка для жонкі, га? - заўважыў Эдвард. - Даўно яны не бачыліся. Я думаю, ён меў на ўвазе новую жонку.
Бэйтмэн адказаў не адразу. Твар яго зрабіўся сур'ёзны. Але калі зазірнуў у Эдвардавы вочы і ўбачыў, што той весела ўсміхаецца, не вытрымаў:
- Арнольд Джэксан - ашуканец і нягоднік!
- Думаю, ты маеш рацыю, - з усмешкай адказаў Эдвард.
- Не разумею, што можа быць агульнага з ім у прыстойнага чалавека.
- Мабыць, я непрыстойны чалавек.
- Вы часта бачыцеся?
- Вельмі. Ён называе мяне сваім пляменнікам.
Бэйтмэн уважліва паглядзеў на Эдварда.
- Ён табе падабаецца?
- Вельмі.
- Няўжо ты не ведаеш, што ён ашуканец, што яго судзілі? Няўжо тут пра гэта невядома? Яго трэба прагнаць з цывілізаванай кампаніі.
Колца дыму ад Эдвардавай цыгары паплыло ў нерухомым пахучым паветры, ён прасачыў за ім.
- Я лічу, што Джэксан - самы першарадны махляр, - сказаў ён урэшце. - Не думаю, што яго можна апраўдаць, нават калі б ён пакаяўся ў сваіх грахах. Ён быў ашуканцам і крывадушнікам. Гэтага не выкрасліш. Але я ніколі не сустракаў цікавейшага субяседніка. Ён шмат чаму навучыў мяне.
- Чаму гэта ён цябе навучыў? - здзівіўся Бэйтмэн.
- Як жыць.
Бэйтмэн іранічна ўсміхнуўся.
- Выдатны настаўнік, нічога не скажаш. Вось чаму ты прапусціў зручны момант разбагацець і цяпер зарабляеш на кавалак хлеба за прылаўкам нікчэмнай крамкі?
- Ён цудоўны чалавек, - сказаў Эдвард, добразычліва ўсміхаючыся. - Можа, якраз вечарам ты і сам зразумееш, што я маю на ўвазе.
- Абедаць я ў яго не буду, калі ты гэта маеш на ўвазе. Ніколі я не пераступлю парог яго дома.
- Зрабі гэта дзеля мяне, Бэйтмэн. Мы столькі гадоў сябравалі, не адмаўляйся, я вельмі цябе прашу.
У Эдвардавым голасе Бэйтмэн пачуў зусім незнаёмую яму мяккасць, перад якой, аднак, цяжка было ўстаяць.
- Ну, калі так, я прыйду, - сказаў Бэйтмэн.
З другога боку, падумаў ён, не пашкодзіла б бліжэй пазнаёміцца з Арнольдам Джэксанам. Зразумела, што Эдвард цалкам пад яго ўладай і, калі прыйдзецца з ім змагацца, варта зразумець, у чым гэта ўлада выяўляецца. Чым больш ён гутарыў з Эдвардам, тым выразней бачыў, што той змяніўся. Ён адчуваў, што трэба быць асцярожным, і вырашыў пакуль не паказваць сапраўднай прычыны свайго прыезду. Ён пачаў бестурботна распавядаць пра паездку, пра свае поспехі, пра палітычныя навіны ў Чыкага, пра знаёмых, успомніў той час, калі яны разам вучыліся.
Урэшце Эдвард сказаў, што пара яму вяртацца ў краму. Ён паабяцаў заехаць па Бэйтмэна ў пяць гадзін, каб разам паехаць да Арнольда Джэксана.
- Між іншым, - заўважыў Бэйтмэн, калі яны разам выходзілі, - я думаў, ты жывеш у гэтым гатэлі. Думаю, тут гэта адзінае прыстойнае месца.
- Ну не, гэта для мяне задорага, - засмяяўся Эдвард. - Я наймаю пакойчык за горадам. Танна і чыста.
- Я помню, у Чыкага для цябе было важна нешта іншае.
- Чыкага!
- Што ты хочаш сказаць, Эдвард, Чыкага - самы лепшы горад на свеце.
- Самы лепшы, - сказаў Эдвард.
Бэйтмэн зірнуў на сябра, на Эдвардавым твары нічога не адбілася.
- Калі ты думаеш вяртацца дадому?
- Не ведаю, - усміхнуўся Эдвард.
Адказ Эдварда, яго тон вельмі здзівілі Бэйтмэна, але ён не паспеў і слова вымавіць, як той спыніў нейкую машыну і сказаў метысу:
- Падвязі мяне, Чарлі.
Ён хуценька развітаўся з Бэйтмэнам, ускочыў у машыну, што спынілася за некалькі крокаў ад увахода ў гатэль. Бэйтмэн застаўся са сваімі думкамі.
Эдвард заехаў па яго ў расхлябанай двухколцы, якую ледзьве цягнула старая кабыла, і яны паехалі ўздоўж берага мора. Наўсцяж дарогі Бэйтмэн бачыў бясконцыя плантацыі какосавых пальмаў і ванілі, дзе-нідзе трапляліся вялікія мангавыя дрэвы, у пышнай зеляніне якіх хаваліся жоўтыя, пунсовыя, пурпурныя плады. Іншы раз прамільгне за дрэвамі сіняя роўнядзь лагуны, а на ёй там і сям - маленькія астраўкі з высокімі пальмамі. Дом Арнольда Джэксана стаяў на пагорку, і да яго вяла вузкая сцежка, таму выпраглі кабылу, прывязалі яе да дрэва, а двухколку пакінулі на абочыне дарогі. Каля дома іх сустрэла высокая, прыгожая, але ўжо немаладая туземка, якой Эдвард паціснуў руку.
- Гэта мой сябра, містэр Хантэр. Мы будзем у вас абедаць, Лавінія.
- Вельмі рада, - сказала яна, і на яе твары з'явілася лагодная ўсмешка. - Арнольд яшчэ не вярнуўся.
- А мы пакуль што пакупаемся. Дай нам з містэрам Хантэрам парэа.
Жанчына кіўнула і знікла ў доме.
- Хто гэта? - спытаўся Бэйтмэн.
- Гэта Лавінія. Арнольдава жонка.
Бэйтмэн сцяў вусны, але нічога не сказаў. Праз якую хвіліну яна прыйшла з пакункам, які дала Эдварду. Па вузкай сцежцы праз какосавы гай мужчыны выйшлі на бераг. Яны раздзеліся, і Эдвард паказаў Бэйтмэну, як з доўгага чырвонага кавалка тканіны, што называлі парэа, зрабіць купальны касцюм. Неўзабаве яны ўжо плавалі ў цёплай неглыбокай вадзе. У Эдварда быў цудоўны настрой. Ён смяяўся, крычаў, спяваў. Зусім як пятнаццацігадовы хлопчык. Ніколі раней Бэйтмэн не бачыў яго такога вясёлага. А потым, калі яны ляжалі на беразе, палілі і пускалі дым у празрыстае паветра, Бэйтмэн шчыра здзівіўся, гледзячы на Эдвардаву бестурботнасць.
- Ты, я бачу, задаволены жыццём, - сказаў Бэйтмэн.
- Цалкам.
Яны пачулі нейкі шоргат, азірнуліся і ўбачылі Арнольда Джэксана, які ішоў ім насустрач.
- А я па вас, - сказаў ён. - Спадабалася вам тут, містэр Хантэр?
- Вельмі.
Арнольд Джэксан ужо паспеў зняць свой модны палатняны гарнітур і быў цяпер у парэа і басанож. Дзіўна глядзелася туземная парэа на гэтым чалавеку з беласнежнымі валасамі і аскетычным тварам. Трымаўся ён упэўнена і незалежна.
- Калі вы гатовы, хадзем у дом, - сказаў ён.
- Зараз апрануся толькі, - сказаў Бэйтмэн.
- Няўжо, Тэдзі, вы не ўзялі парэа свайму сябру?
- Ён, відаць, збіраецца надзець свой гарнітур, - усміхнуўся Эдвард.
- Ну, вядома, - панура сказаў Бэйтмэн, калі ўбачыў, што Эдвард збіраецца пайсці ў парэа, а ён яшчэ і кашулі не надзеў.
- А басанож не будзе калоцца? - спытаўся ён. - Здаецца, сцежка камяністая.
- Ну, мне не прывыкаць.
- Вельмі прыемна надзець парэа, калі вярнуўся з горада, - сказаў Джэксан. - Калі вы збіраецеся застацца на Таіці, я б вельмі параіў вам насіць парэа. Я, бадай, не бачыў зручнейшага адзення. Не горача і танна.
Яны падышлі да хаты, і Джэксан запрасіў іх у вялікі пакой з выбеленымі сценамі. Пасярэдзіне стаяў ужо сабраны стол. Бэйтмэн звярнуў увагу на пяць прыбораў.
- Ева, - паклікаў Джэксан, - заходзь, пакажыся Эдвардаваму сябру і зрабі нам кактэйлі.
Потым ён запрасіў Бэйтмэна да шырокага нізкага акна.
- Глядзіце, - поўным радасці голасам сказаў ён. - Уважліва глядзіце.
Какосавыя пальмы бязладным гуртам спускаліся па стромкім схіле да лагуны, якая ў вячэрнім святле пералівалася мяккімі фарбамі, быццам грудзі галубкі. Непадалёку на беразе ракі цесна стаялі туземныя хаціны, а каля рыфа добра вырысоўваўся сілуэт чоўна і ў ім - два рыбакі. Далей адкрываліся бязмежныя прасторы Ціхага акіяна, а за дваццаць міль, паветраны, бесцялесны, нібыта сатканы фантазіяй паэта, віднеўся незвычайнай прыгажосці востраў Мурэа. Цуд такі, што дух займае.
- Ніколі ў жыцці не бачыў такой прыгажосці, - урэшце вымавіў Бэйтмэн.
Арнольд Джэксан з асалодай глядзеў на гэтую карціну, позірк яго быў летуценны і мяккі. Тонкі, задуменны твар, засяроджаны і строгі, зноў здзівіў Бэйтмэна сваёй незвычайнай натхнёнасцю.
- Сапраўдная прыгажосць, - прашаптаў Арнольд Джэксан. - Не часта даводзіцца нам сустракаць яе твар у твар. Уважліва глядзіце, містэр Хантэр, такога вы ўжо не ўбачыце больш ніколі, бо імгненне мінаецца, а памяць будзе заўсёды жыць у вашым сэрцы. Вы дакрануліся да вечнасці.
Голас яго гучаў глыбока і ўрачыста. Здавалася, што яму вядомы толькі ўзвышаныя думкі і пачуцці, але Бэйтмэн прымусіў сябе ўспомніць, што гэты чалавек - злачынец і ашуканец. Але раптам Эдвард быццам пачуў нешта і павярнуўся.
- Мая дачка, містэр Хантэр.
Бэйтмэн паціснуў ёй руку. У яе былі цудоўныя цёмныя вочы і прыгожыя пунсовыя вусны, але скура - смуглая і чорныя кучаравыя валасы рассыпаліся па плячах. На ёй быў толькі ружовы паркалёвы балахон, ногі босыя, на галаве вянок з белых духмяных кветак. Чароўнае стварэнне. Быццам багіня палінезійскай вясны.
Яна трохі збянтэжылася, але не больш за Бэйтмэна, які з самага пачатку адчуваў сябе не ў сваёй талерцы і сумеўся яшчэ больш, калі ўбачыў, як гэта маленькая сільфіда вопытнай рукой змешвала кактэйлі.
- Зрабі нам мацнейшага, дачка, - сказаў Джэксан.
Яна напоўніла келіхі і з чароўнай усмешкай падала іх мужчынам. Бэйтмэн заўсёды лічыў, што ён дасканала валодае мастацтвам змешваць кактэйлі, таму шчыра здзівіўся, што кактэйль Джэксанавай дачкі лепшы. Джэксан заўважыў міжвольнае зачараванне на твары госця і ганарліва ўсміхнуўся.
- Выдатна, га? Я сам навучыў дзяўчынку. Некалі ў Чыкага я мог даць фору кожнаму бармену. У турме, калі не было чаго рабіць, я прыдумваў розныя кактэйлі, але, шчыра кажучы, няма нічога лепшага за сухі марціні.
Бэйтмэн здрыгануўся, быццам яго хто ўдарыў, твар пайшоў чырвонымі плямамі, потым збялеў. У яго не было слоў, але тут раптам увайшоў туземец з вялікай міскай супу. Выпадковы ўспамін пра кактэйлі падахвоціў Арнольда Джэксана расказаць пра той час, што ён правёў у турме. Гаварыў ён лёгка, свабодна і незалежна, быццам распавядаў пра вучобу ва ўніверсітэце дзе-небудзь у чужой краіне. Звяртаўся ён галоўным чынам да Бэйтмэна, і Бэйтмэн спярша бянтэжыўся, а потым і зусім не ведаў, куды вочы падзець. Ён заўважыў, што Эдвард, хітра ўсміхаючыся, сочыць за ім. Бэйтмэн густа пачырванеў, бо падумаў, што Джэксан наўмысна здзекуецца з яго. Ён адчуваў сябе ў гэтай сітуацыі дурнем, хаця падстаў, шчыра кажучы, і не было. Нахабства нейкае! І цынізм гэтага Арнольда Джэксана - няважна, сапраўдны ці не, нахабства і ёсць. Абед быў як мае быць. Чаго толькі не падавалі: было шмат такога, чаго Бэйтмэн і назвы не ведаў. Ён каштаваў усё гэта толькі з-за далікатнасці як госць, але са здзіўленнем вымушаны быў адзначыць, што ўсё вельмі нават смачнае. А потым адбылося самае цяжкае для Бэйтмэна за гэты вечар выпрабаванне. Перад ім ляжаў невялікі вянок, і Бэйтмэн сказаў нешта пра прыгажосць кветак.
- Ева спляла яго менавіта вам, - сказаў Джэксан, - ды, мабыць, пасаромелася аддаць.
Бэйтмэн узяў вянок у рукі і далікатна падзякаваў.
- Вы павінны яго надзець, - сказала дзяўчына і пачырванела.
- Я?! Ды не, што вы!
- Гэта добры таіцянскі звычай, - сказаў Арнольд Джэксан.
Перад ім таксама ляжаў вянок, і ён грацыёзна надзеў яго сабе на галаву. Эдвард зрабіў тое самае.
- Здаецца, мой гарнітур не падыходзіць да вянка, - запярэчыў Бэйтмэн.
- Хочаце надзець парэа? - спыталася Ева. - Зараз прынясу.
- Не, не, не трэба! Мне і так добра.
- Дапамажыце яму надзець вянок, Ева, - параіў Эдвард.
У гэтую хвіліну Бэйтмэн ненавідзеў свайго сябра. Ева паднялася з-за стала і, весела ўсміхаючыся, надзела вянок на яго чорныя валасы.
- У вянку вы вельмі прыгожы, - сказала місіс Джэксан. - Праўда, Арнольд?
- Праўда, вельмі.
У Бэйтмэна нават далоні спацелі.
- Шкада, што цёмна, - сказала Ева, - а то б мы вас сфатаграфавалі.
Бэйтмэн у душы падзякаваў богу. Сапраўды, выгляд у яго быў больш чым смешны: сіні гарнітур, беласнежны каўнерык кашулі; усё строгае, акуратнае, вартае джэнтльмена, і раптам на галаве гэты нязграбны вянок. Ніколі яшчэ ў жыцці яму не даводзілася трапляць у такую складаную сітуацыю. Больш за ўсё яго абураў выгляд гэтага старога, што сядзеў за сталом у парэа з тварам святога і жывымі кветкамі на прыгожых белых валасах. Проста кашчунства.
Але ўрэшце абед скончыўся. Ева з маці засталіся прыбіраць посуд, а мужчыны пайшлі на веранду. Было вельмі цёпла, паветра напоена водарам белых начных кветак. Месяц зіхацеў у бязвоблачным небе, і месяцавая сцежка працягнулася па шырокай роўнядзі акіяна ў бязмежныя прасторы Вечнасці. Арнодьд Джэксан парушыў маўчанне. Сваім гучным, меладычным голасам ён пачаў расказваць пра туземцаў, пра старажытныя легенды Таіці. Гэта былі дзівосныя апавяданні пра даўно мінулы час, пра небяспечныя вандраванні ў невядомыя краіны, пра каханне і смерць, пра нянавісць і помсту. Апавяданні пра шукальнікаў прыгод, што адкрылі гэтыя схаваныя ў акіяне астравы, пра мараплаўцаў, якія тут пасяліліся і бралі за жонак дачок славутых правадыроў таіцянскіх плямёнаў, пра жыццё бадзяг і авантурыстаў, што шукалі шчасця на гэтым узбярэжжы.
Бэйтмэн пасля здарэння за абедам спярша слухаў Джэксана няўважліва, але неўзабаве нейкія чары, якія быццам таіліся ў гэтых апавяданнях, авалодалі ім, і ён сядзеў нібыта заварожаны. Рамантычны міраж засланіў ад яго цвярозае святло звычайных будняў. Ці не забыўся ён, што Арнольд Джэксан красамоўны, як змей, што сваёю красамоўнасцю ён вымантачваў мільёны ў даверлівых людзей, што менавіта гэтая красамоўнасць дапамагла яму пазбегнуць пакарання за сваё злачынства? Не было на свеце чалавека больш красамоўнага, і ніхто на свеце не мог так своечасова спыніцца. Нечакана Джэксан падняўся.
- Ну, хлопцы, вы даўно не бачыліся. Я пакідаю вас, вам ёсць пра што пагаварыць. Калі надумаецеся класціся спаць, Тэдзі вам пакажа, дзе ваш ложак.
- Я не збіраюся заставацца ў вас на ноч, містэр Джэксан, - запярэчыў Бэйтмэн.
- Нічога. Не хвалюйцеся. Вас своечасова пабудзяць.
І, моцна паціснуўшы руку госцю, Арнольд Джэксан развітаўся і павольна, з пачуццём уласнай годнасці, накіраваўся ў пакой.
- Зразумела, калі ты хочаш, я завязу цябе ў Папээтэ, - сказаў Эдвард, - але лепей заставайся. Праехаць уздоўж берага на досвітку - вялікая асалода.
Нейкі час абодва маўчалі. Бэйтмэн не ведаў, з чаго пачаць размову, якая пасля ўсіх сённяшніх падзей набыла яшчэ большую значнасць.
- Калі ты вяртаешся ў Чыкага? - нечакана спытаўся ён.
Хвіліну якую Эдвард маўчаў. Потым неахвотна праз плячо зірнуў на свайго сябра і ўсміхнуўся:
- Не ведаю, можа, ніколі.
- Як гэта? Што ты гаворыш? - ускрыкнуў Бэйтмэн.
- Мне тут добра. А ад дабра дабра не шукаюць, праўда?
- А божухна, не можаш жа ты праседзець тут усё жыццё. Дый хіба гэта жыццё? Гэта што пахаваць сябе жывым. Паедзем, Эдвард, паедзем зараз жа, пакуль яшчэ не позна. Я адчуваў, што з табой нешта здарылася. Ты закахаўся ў гэты востраў, паддаўся пад благі ўплыў, але варта табе толькі вырвацца - і ты будзеш удзячны лёсу. Ты будзеш адчуваць сябе, як наркаман, які ўрэшце вызваліўся ад сваёй хваробы. І тады ты зразумееш, што гады два дыхаў атручаным паветрам. Ты нават уявіць сабе не можаш, як табе будзе лёгка - зноў удыхнуць свежае і чыстае паветра радзімы.
Бэйтмэн гаварыў паспешна, блытана, і ў голасе гучалі шчырае хваляванне і пяшчота. Гэта кранула Эдварда.
- Дзякуй, сябра.
- Едзем заўтра, Эдвард. Наогул не варта было прыязджаць сюды, гэта памылка. Тутэйшае жыццё не для цябе.
- Вось ты кажаш: такое жыццё, не такое. А як, ты думаеш, трэба жыць?
- Тут не можа быць дзвюх думак. Трэба выконваць свой абавязак, добра працаваць, рабіць усё, што павінен рабіць у грамадстве.
- І ў чым узнагарода?
- У разуменні, што ты дасягнуў таго, да чаго імкнуўся.
- Нешта вельмі ўжо ўзнёсла для мяне, - сказаў Эдвард, і Бэйтмэн разгледзеў уначы, што той бестурботна ўсміхаецца. - Баюся, ты падумаеш, што я безнадзейна апусціўся. Мяне цяпер апанавалі такія думкі, якія гады тры таму здаваліся б мне неверагоднымі.
- І гэтыя думкі пасеяў Арнольд Джэксан? - пагардліва спытаўся Бэйтмэн.
- Ён не падабаецца табе? Гэта, бадай, натуральна. Спярша ён і мне не падабаўся. Мною валодалі тыя ж забабоны, што і табою. Джэксан - незвычайны чалавек. Ты сам бачыў, ён не ўтойвае, што быў у турме. Не думаю, што ён шкадуе пра тыя злачынствы, што прывялі яго туды. Толькі адзін раз ён паскардзіўся мне, што ў турме сапсаваў сваё здароўе. Мабыць, ён проста не ведае, што такое згрызоты сумлення. Маральныя прынцыпы для яго не існуюць. Ён задаволены ўсім на свеце, у тым ліку і сабой. Ён велікадушны і добры.
- І заўсёды быў такі, - перапыніў Бэйтмэн, - за чужы кошт.
- А я знайшоў у ім добрага сябра. Няўжо гэта не натуральна, што я прымаю чалавека такім, якім яго ведаю?
- І ў рэшце рэшт траціш уяўленне пра тое, што добра, а што кепска.
- Не, дабро і зло я цяпер выдатна распазнаю. Але я не магу з былой выразнасцю зразумець розніцу паміж добрым чалавекам і кепскім. Хто такі Арнольд Джэксан - дрэнны чалавек, які робіць дабро, ці добры чалавек, што робіць зло? Цяжка адказаць. Мабыць, і праўда, няма паміж людзьмі вялікай розніцы. Мабыць, нават лепшыя з нас - грэшнікі, а горшыя з нас - святыя. Хто ведае?
- Ты ніколі не пераканаеш мяне, што белае ёсць чорнае, а чорнае ёсць белае.
- Ну, вядома, не, Бэйтмэн.
Бэйтмэн так і не зразумеў, чаму на Эдвардавых вуснах мільганула ўсмешка, - ён жа з ім не пагадзіўся.
- Калі я ўбачыў цябе сёння раніцай, - пасля нядоўгага маўчання зноў загаварыў Эдвард, - мне здалося, што я ўбачыў сябе самога, якім я быў два гады таму. Той жа белы каўнерык, тыя ж чаравікі, той сіні гарнітур, той імпэт. Тая ж распушчанасць. О божа, які я быў спрытны! У мяне рукі свярбелі, калі я глядзеў на гэтае соннае царства. Куды ні пойдзеш, усюды шырокае поле дзейнасці для энергічнага чалавека. Тут можна было сабраць добрае багацце. Якое глупства, разважаў я, завозіць копру ў Амерыку і толькі там выціскаць з яе алей. Куды выгадней рабіць усё на месцы, дзе ёсць танная рабочая сіла і не трэба плаціць грошы за перавозку; я ўжо бачыў на востраве шматлікія фабрыкі. Потым я звярнуў увагу менавіта на спосаб выціскання алею і прыдумаў машыну, якая за адну толькі гадзіну апрацоўвала каля двухсот сарака какосавых арэхаў. Гавань была невялікая. І я падумаў, як пашырыць яе, потым стварыць сіндыкат і прыдбаць зямлю, пабудаваць два-тры вялікія гатэлі і некалькі бунгала для людзей, якія затрымаюцца тут надоўга. Я прыдумаў, як палепшыць параходную сувязь, каб прывабіць сюды больш турыстаў з Каліфорніі. Я ўжо бачыў, як праз якіх год дваццаць на месцы гэтага паўфранцузскага лянівага гарадка Папээтэ ўзнікае вялікі амерыканскі горад з дзесяціпавярховымі дамамі і трамваямі, тэатрамі, біржай і мэрам.
- Дык у чым жа справа, Эдвард, зрабі гэта! - Бэйтмэн усхвалявана падскочыў з крэсла. - У цябе ёсць не толькі ідэі, але і здольнасці. Ты будзеш самы багаты чалавек на ўсім Ціхім акіяне!
Эдвард рассмяяўся.
- А мне гэта ўсё не патрэбна.
- Ты хочаш сказаць, што табе не патрэбны грошы, вялікія грошы, мільёны? А ты ведаеш, што можна зрабіць з такімі грашамі? Ведаеш, якую сілу яны маюць? І калі цябе самога гэта не хвалюе, падумай, ты ж можаш адкрыць новыя вобласці для выкарыстання чалавечай энергіі, можаш даць работу тысячам людзей. Твае словы малююць такія карціны, што ў мяне галава кружыцца.
- Ты лепш сядай, дарагі мой Бэйтмэн, - усміхнуўся Эдвард. - Мая машына для апрацоўкі какосаў так і засталася на паперы, і калі гэта будзе залежаць ад мяне, грукат трамваяў ніколі не патурбуе сонных вуліц Патээтэ.
Бэйтмэн сеў у крэсла.
- Не разумею цябе, - сказаў ён.
- Гэта з'явілася не раптам. Мала-памалу я палюбіў тутэйшае жыццё, яго прастату, яго вольны час, палюбіў туземцаў, іх дабрадушнасць, іх бестурботныя ўсмешкі. Я пачаў думаць. Раней у мяне на гэта не хапала часу. Я пачаў чытаць.
- Ты заўсёды чытаў.
- Я чытаў, каб здаць экзамен. Чытаў, каб умець падтрымаць размову. Чытаў, каб адшукаць патрэбныя мне звесткі. Тут жа я навучыўся чытаць дзеля забавы. Я навучыўся размаўляць. Ведаеш ты, што добрая гутарка - найлепшае, што ёсць у жыцці? Але для гэтага трэба мець вольны час. Раней у мяне было залішне клопатаў. Але паступова ўсё, што лічылася вельмі важным, значным, пачало здавацца дробязным і нікчэмным. Які сэнс у штодзённай мітусні, заўсёдным напружанні? Вось я ўспамінаю Чыкага і бачу змрочны, шэры горад, - быццам турма, - і бесперапынную мітусню. А дзеля чаго гэта? Ці так трэба жыць? Ці на гэта мы нарадзіліся на свет, каб спяшацца на работу, працаваць гадзіна за гадзінай увесь дзень напралёт, потым бегчы дадому, абедаць, ехаць у тэатр? Ці так павінен я марнаваць свае маладыя гады? Маладосць нядоўгая, Бэйтмэн. А калі станеш стары, чаго тады чакаць? Раніцай бегчы на работу і працаваць гадзіна за гадзінай дзень напралёт, а потым зноў спяшацца дамоў абедаць, ехаць у тэатр? Калі ёсць мэта - разбагацець, дзеля гэтага можна і неабходна так жыць, усё залежыць ад характару. Ну, а калі не імкнешся да грошай, тады дзеля чаго? Я іншага хачу ад жыцця, Бэйтмэн.
- А што ты лічыш вартым у жыцці?
- Баюся, ты будзеш смяяцца. Прыгажосць, праўду і дабрыню.
- Няўжо, ты думаеш, усё гэта не знойдзецца ў Чыкага?
- Хто-небудзь і знойдзе, а я - не, - рашуча сказаў Эдвард. - Кажу табе, калі я ўспамінаю, як жыў раней, жудасна робіцца. Мяне дрыжыкі бяруць, калі думаю, якой небяспекі я пазбегнуў. Я і не ведаў, што маю душу, пакуль не апынуўся вось тут. Калі б я стаў багатым чалавекам, я б згубіў яе назаўсёды.
- Як толькі ты можаш гаварыць такія рэчы? - абурыўся Бэйтмэн. - Мы часта спрачаліся менавіта з-за гэтага.
- Помню. З тым жа поспехам глуханямыя могуць спрачацца аб музыцы. Я ніколі не вярнуся ў Чыкага, Бэйтмэн.
- А як жа Ізабэла?
Эдвард падышоў да краю веранды і, успёршыся на парэнчы, зірнуў у чароўную ноч. Калі ён павярнуўся, на яго вуснах гуляла ўсмешка.
- Ізабэла не для мяне. Ніводнай жанчынай я так не захапляўся, як ёю. Яна - найразумнейшае стварэнне, найдабрэйшае і найпрыгажэйшае. Я паважаю яе энергію і яе славалюбства. Яна нарадзілася дзеля вялікіх спраў. Я зусім не варты яе.
- Яна думае іначай.
- Але ты павінен ёй усё растлумачыць, Бэйтмэн.
- Я?! - здзівіўся Бэйтмэн. - Хто хочаш, толькі не я.
Эдвард стаяў спіной да яркага месячнага святла, і твар яго немагчыма было разгледзець. Няўжо ён зноў усміхаецца?
- Нават і не думай, Бэйтмэн, што-небудзь утаіць ад яе. Яна вельмі разумная, яна тут жа пра ўсё даведаецца. Лепш адразу раскажы ёй без хітрыкаў.
- Не разумею, пра што ты гаворыш. Вядома, я раскажу, што бачыўся з табою. - Голас яго загучаў усхвалявана. - А папраўдзе, нават і не ведаю, што ёй сказаць.
- Скажы, што я нічога не дасягнуў. Скажы, што ў мяне няма грошай, але я гэтым задаволены, што мяне звольнілі за гультайства і неруплівасць. Скажы пра тое, што ты бачыў сёння ўвечары, і пра ўсё, што я табе расказаў.
Нечаканая думка раптам працяла Бэйтмэна, ён ускочыў і збянтэжана ўтаропіўся ў Эдварда.
- О божа, дык ты не хочаш з ёю жаніцца?!
Эдвард сур'ёзна зірнуў на сябра.
- Я не магу прасіць яе вярнуць мне слова, што я даваў некалі. Калі яна пажадае, каб я стрымаў яго, я зраблю ўсё, што ў маіх сілах, і буду ёй добрым, уважлівым мужам.
- І ты хочаш, каб я ёй пра гэта сказаў, Эдвард? Не, я не магу. Гэта жахліва. Ніколі б яна не падумала, што ты не збіраешся з ёю жаніцца. Яна кахае цябе. Не, не, не прасі, я не магу.
Зноў Эдвард усміхнуўся.
- А чаму б табе самому не ажаніцца з ёю, Бэйтмэн? Ты, я ведаю, даўно кахаеш яе. Вы цудоўная пара. З табою яна будзе шчаслівая.
- Не кажы так, мне цяжка слухаць.
- Я адмаўляюся дзеля цябе, Бэйтмэн. Ты лепшы за мяне.
У Эдвардавым тоне было нешта такое, што прымусіла Бэйтмэна хутка зірнуць на яго, але той глядзеў сур'ёзна, без усмешкі. Бэйтмэн не ведаў, што сказаць. Ён разгубіўся. Ці не здагадваецца Эдвард, што ён прыехаў на Таіці па яе даручэнні? І як бы цяжка ні было ў гэтым прызнацца, сэрца яго радасна забілася.
- Што ты зробіш, калі Ізабэла напіша табе і скасуе вашы заручыны? - ціха спытаўся Бэйтмэн.
- Як-небудзь перажыву.
Бэйтмэн так расхваляваўся, што не пачуў адказу.
- Хоць бы ты апрануўся як чалавек, - сказаў ён. - Вырашаецца твой лёс. З-за твайго недарэчнага гарнітура ты выглядаеш вельмі несур'ёзна.
- Не хвалюйся, у парэа і ў вянку з ружаў я магу быць нават больш сур'ёзны, чым у цыліндры і ў смокінгу.
І тут новая думка працяла Бэйтмэна.
- Эдвард, ты робіш гэта дзеля мяне? Я не ведаю, але, мабыць, з-за гэтага ўсё маё жыццё зменіцца. Ты не ахвяруеш сабой дзеля мяне? Калі так, я не згодзен.
- Не, Бэйтмэн. Тут я адвучыўся ад глупства і сантыментаў. Я вельмі хачу шчасця і табе і Ізабэле, але і сам не хачу быць пры гэтым няшчасным.
Гэтыя словы крыху збянтэжылі Бэйтмэна. Адказ быў цынічны. Але Бэйтмэну хацелася сыграць ролю высакароднага героя.
- Няўжо ты збіраешся марнець тут усё жыццё? Дык гэта ж самазабойства. Калі я ўспамінаю твае смелыя мары пасля заканчэння каледжа, мне цяжка паверыць, што ты можаш задаволіцца месцам гандляра ў гэтай нікчэмнай крамцы.
- Ну, гэта ўсё часова. Я набіраюся вопыту. У мяне іншыя планы. Арнольд Джэксан прыдбаў некалі астравок у архіпелазе Паўмоту, каля тысячы міль адсюль. Ён там пасадзіў какосавыя пальмы. Джэксан паабяцаў аддаць востраў мне.
- Чаму табе? - здзівіўся Бэйтмэн.
- Таму што, калі Ізабэла скасуе нашы заручыны, я ажанюся з яго дачкой.
- Ты?! - гэтыя словы ўразілі Бэйтмэна да глыбіні душы. - Ажаніцца з паўкроўкай?! Немагчыма. Няўжо ты такое можаш?
- Яна выдатная дзяўчына, добрая і ласкавая. Думаю, што буду шчаслівы з ёю.
- Ты кахаеш яе?
- Не ведаю, - задумліва адказаў Эдвард. - Зразумела, я не кахаю яе так, як кахаў Ізабэлу. Ізабэлу я абажаў. Мне здавалася, што лепшай за яе няма на свеце. Я не варты яе, я ведаю. Ева - зусім іншая. Яна цудоўная экзатычная кветка, якую трэба ратаваць ад злога ветру. Я хачу абараніць яе. Ніхто не скажа, што Ізабэлу трэба ад нечага ці ад некага абараняць. Думаю, Ева кахае мяне такога, які я ёсць, а не такога, якім я магу стаць. Што б ні здарылася са мною, яна заўсёды будзе побач. Якраз такая жонка мне і патрэбна.
Бэйтмэн маўчаў.
- Заўтра нам рана ўставаць, - урэшце сказаў Эдвард. - Пара класціся спаць.
Тады загаварыў Бэйтмэн, і ў голасе яго чулася шчырая пакута.
- Ты ашаламіў мяне, не ведаю, што і сказаць. Я прыехаў сюды, таму што западозрыў нешта нядобрае. Я думаў, табе не пашанцавала і ты саромеешся вярнуцца. Нічога больш я не чакаў. Я моцна ўзрушаны ўсім, Эдвард. Я цяпер проста не ведаю, што і рабіць. Думаў, ты шмат чаго дасягнеш. Цяжка бачыць, як ты недарэчна траціш свой талент, сваю маладосць, сваю будучыню.
- Не бядуй, дарагі, - сказаў Эдвард. - Я не пацярпеў паражэння, наадварот - дасягнуў поспеху. Ты нават і не ўяўляеш, з якім памкненнем гляджу я ў будучыню, я бачу яе багатай, поўнай сэнсу. Калі ты станеш мужам Ізабэлы, ты не часта будзеш успамінаць мяне. Я пабудую сабе дом на каралавым астраўку і буду там жыць, вырошчваць пальмы, абіраць какосы ад шалупіння, як іх абіралі спрадвеку, і даглядаць сад, вудзіць рыбу. Я буду працаваць менавіта столькі, каб не было сумна, але і не тупець ад работы. У мяне будзе шмат кніг, і Ева, і дзеці, я спадзяюся, і галоўнае - бясконцыя змены мора і неба, цудоўная свежасць на досвітку, і прыгажосць захаду сонца, і шчодрае хараство ночы. Дзе яшчэ нядаўна была пустыня, я пасаджу сад. Непрыкметна мінуць гады, і, калі я састарэю, упэўнены, што за маёй спіной застанецца шчаслівае, простае, мірнае жыццё. Сціпла, па-свойму і я пражыву, не цураючыся прыгажосці. Ты думаеш, гэтага мала, быць задаволеным кожным сваім днём? Вядома ж, на карысць чалавеку не пойдзе, калі ён набудзе ўвесь свет, а душу сваю згубіць. А я набыў сваю душу.
Эдвард завёў Бэйтмэна ў пакой, дзе стаялі два ложкі, і сам першы лёг. Праз якіх хвілін дзесяць па яго роўным, спакойным, як у дзіцяці, дыханні Бэйтмэн зразумеў, што сябра спіць. Але Бэйтмэн яшчэ доўга не мог заплюшчыць вачэй, шчырая гаворка з Эдвардам збянтэжыла яго. Заснуў ён толькі на золку.
Бэйтмэн скончыў сваё доўгае апавяданне. Ён нічога не ўтойваў ад Ізабэлы, акрамя таго што, як яму падалося, магло абразіць яе ці выставіць на смех яго самога. Ён не расказаў ёй, як яго прымусілі абедаць у вянку з жывых кветак, не сказаў і пра тое, што, як толькі яна скасуе заручыны, Эдвард ажэніцца з дачкой яе дзядзькі і нейкай туземкі. Але Ізабэла, жанчына тонкая і разумная, і так пра ўсё здагадалася. Вочы яе звузіліся, вусны моцна сціснуліся. Час ад часу яна запытальна глядзела на Бэйтмэна, і каб ён так не паглыбіўся ў сваё апавяданне, выраз яе твару вельмі б здзівіў яго.
- Якая яна, гэтая дзяўчына, дачка дзядзькі Арнольда? - спыталася Ізабэла, калі Бэйтмэн скончыў сваё доўгае апавяданне. - Як вы думаеце, ці не падобныя мы адна на адну?
Пытанне здзівіла Бэйтмэна.
- Я не думаў пра гэта. Вы ж ведаеце, што, акрамя вас, я нікога не заўважаю. Я б ніколі розумам сваім не дайшоў, што хто-небудзь можа быць падобны на вас. Хто можа параўнацца з вамі?
- Яна прыгожая? - спыталася Ізабэла, усміхаючыся ў адказ на яго словы.
- Мабыць, так. Некаторыя нават не лічаць яе прыгажуняй.
- Ну і добра. Я думаю, больш пра яе гаварыць не будзем.
- Што вы цяпер збіраецеся рабіць, Ізабэла?
Ізабэла паглядзела на сваю руку, на пярсцёнак, які Эдвард некалі надзеў ёй на заручыны.
- Калі я не дазваляла Эдварду скасаваць нашы заручыны, я думала, гэта паспрыяе яго поспеху. Я хацела натхніць яго. Я думала, калі што-небудзь і можа прымусіць яго дабіцца свайго, дык гэта думка, што я яго кахаю. Я рабіла ўсё, што магла. Але дарэмна. Трэба глядзець праўдзе ў вочы. Шкада Эдварда, урэшце, ён сам сапсаваў сабе жыццё. Ён быў заўсёды добры і слаўны, але нечага ў ім не хапала, я думаю, рашучасці. Спадзяюся, ён будзе шчаслівы.
Яна зняла з пальца пярсцёнак і паклала яго на стол. Бэйтмэн як зачараваны глядзеў на яе, сэрца яго моцна забілася.
- Вы цуд, Ізабэла, вы проста цуд.
Яна ўсміхнулася, паднялася і падала яму руку.
- Як мне аддзякаваць вам за ўсё, што вы дзеля мяне зрабілі? - спыталася яна. - Вы зрабілі мне вялікую паслугу. Я ведала, што магу на вас разлічваць.
Ён узяў яе руку і доўга трымаў. Ніколі яшчэ яна не была такой прыгожай.
- Дзеля вас, Ізабэла, я гатовы на ўсё. Вы ж ведаеце, я хачу толькі аднаго - дазвольце мне любіць вас і служыць вам.
- Вы такі моцны, Бэйтмэн, - уздыхнула яна. - З вамі заўсёды адчуваеш упэўненасць.
- Ізабэла, я абажаю вас.
Ён нечакана сабе самому раптам сціснуў яе ў абдымках, а яна і не думала выслабаніцца і ўсміхнулася яму.
- Ізабэла, - палка ўсклікнуў ён, - вы ж ведаеце, з таго самага дня, як я ўпершыню ўбачыў вас, я хацеў, каб вы сталі маёй жонкаю!
- Дык чаго ж вы маўчалі? - спыталася яна.
Яна кахае яго. Ён ледзь верыў свайму шчасцю. Яна ўжо падрыхтавала яму для пацалунка свае цудоўныя вусны. Ён трымаў яе ў абдымках і бачыў, як вырастае і пашыраецца аўтамабільная кампанія Хантэра, бачыў мільёны машын, якія будуць тут вырабляцца, бачыў вялікую калекцыю карцін, што заслоніць усе ню-ёркскія калекцыі. Ён будзе насіць рагавыя акуляры. А Ізабэла, уся ва ўладзе яго дужых рук, шчасліва ўздыхнула, бо марыла пра дом, абстаўлены вытанчанай старажытнай мэбляй, пра канцэрты, tres dansants* і абеды, на якія запросяць выбраных людзей. А Бэйтмэну так да твару будуць рагавыя акуляры.
* Танцавальныя вечары (франц.).
- Шкада Эдварда, - уздыхнула яна.
Містэр Усёвед
Цяжка сказаць чаму, але я наперад ведаў, што Макс Келада мне не спадабаецца, хоць, вядома, ніколі яго дагэтуль не бачыў. Вайна толькі што скончылася, і акіянскія лайнеры былі перапоўненыя пасажырамі як ніколі. Купіць білет на параход стала амаль немагчыма, таму многія карысталіся паслугамі параходных агентаў. Пра асобную каюту я і не марыў, і двухмесная, што мне прапанавалі, цалкам мяне задаволіла. Праўда, калі я даведаўся прозвішча свайго напарніка, сэрца маё ўпала. Імя гэта чамусьці наводзіла на думку аб шчыльна зачыненым ілюмінатары і цяжкім паветры па начах. Наогул мала прыемнага цэлых чатырнаццаць дзён (я ехаў ад Сан-Францыска да Іякагамы) жыць у адным пакоі з чужым чалавекам, але я б, мабыць, прыняў гэтую перспектыву больш аптымістычна, калі б майго спадарожніка звалі, скажам, Смітам ці Браўнам.
Калі я адчыніў дзверы сваёй каюты, рэчы містэра Келады стаялі ўжо там. Адразу кінулася ў вочы: залішне багата рознакаляровых этыкетак на чамаданах, занадта вялікі куфар для адзежы. Містэр Келада паспеў-такі раскласці свае рэчы туалету, і я прыкмеціў, што ён верны кліент непараўнальнага мсье Коці - на ўмывальніку стаялі духі, туалетная вада, брыльянцін ад Коці. Чорнага дрэва з залатымі манаграмамі шчоткі для валасоў не пашкодзіла б крыху памыць. Не, містэр Келада мне яўна не падабаўся. Патаптаўшыся каля дзвярэй, я пайшоў у палільны пакой, дзе ўзяў калоду карт і пачаў раскладваць пасьянс.
Не паспеў я пакласці і некалькі карт, як да мяне падышоў нейкі чалавек і пацікавіўся, ці не я буду містэр такі-та.
- А я - містэр Келада, - усміхнуўся ён, паказваючы бялюткія зубы, і ўпэўнена сеў побач.
- А-а... Мы, калі не памыляюся, у адной з вамі каюце.
- Нам пашанцавала, праўда? Ніколі не ведаеш, з кім цябе паселяць. Я шчыра ўзрадаваўся, калі сказалі, што вы ангелец. Па-мойму, тут, за мяжой, нам, ангельцам, трэба трымацца адзін аднаго. Вы, спадзяюся, разумееце, што я маю на ўвазе.
Ад здзіўлення я нават вачыма заморгаў.
- Няўжо вы ангелец? - спытаўся я, мабыць, не надта тактоўна.
- А як жа. Вы думалі - я амерыканец? Брытанец да мозгу касцей, вось я хто.
У доказ містэр Келада выцягнуў з кішэні пашпарт і памахаў ім перад маім носам.
Сапраўды, у караля Георга нямала дзіўных падданых.
Містэр Келада невялікага росту, мажны, з чыста паголеным смуглым тварам, мясістым кручкаватым носам і бліскучымі лупатымі вачыма. Доўгія чорныя кучаравыя валасы яго ільсніліся. Размаўляў ён залішне жвава, пры гэтым жэстыкуляваў, што, вядома, неўласціва спакойнай ангельскай нацыі. Калі б выпала зірнуць у яго брытанскі пашпарт, думаю, высветлілася б, што неба над радзімай містэра Келады куды болей блакітнае, чым над Англіяй.
- Што будзеце піць? - спытаўся ён.
Я здзіўлена зірнуў на яго. Сухі закон ужо набыў моц, і тут, на караблі, яго, відавочна, строга прытрымліваліся. А піць газіраваную ваду ці ліманад, калі смага не мучае, мне было брыдка.
Твар містэра Келады асвятліўся ўсходняй усмешкай.
- Віскі з содавай альбо сухі марціні? На ваш густ.
Ён выцягнуў з кожнай кішэні па пляшцы і паставіў іх на стол. Я выбраў марціні. Містэр Келада паклікаў афіцыянта, папрасіў кубікі лёду і дзве шклянкі.
- Цудоўны кактэйль, - сказаў я.
- Там, дзе я гэта ўзяў, яшчэ многа, і, калі ў вас тут ёсць знаёмыя, можаце сказаць ім, што ў аднаго вашага сябра спіртнога хоць адбаўляй.
Містэр Келада быў балбатлівы. Ён расказаў пра Ню-Ёрк і Сан-Францыска. Гаварыў пра п'есы, карціны, пра палітыку. Гэта быў сапраўдны патрыёт. Брытанскі сцяг - велічнае палотнішча, але калі ім размахвае джэнтльмен з Александрыі ці Бейрута, мне міжволі здаецца, што годнасць сцяга неяк губляецца. Містэр Келада фамільярнічаў. Я не фанабэрысты, але, на маю думку, калі звяртаешся да чужога чалавека, не варта выпускаць слова «містэр». Між тым містэр Келада, мабыць, каб і я быў прасцейшы, зусім выкінуў гэтае фармальнае слова са свайго лексікону. Не, не падабаўся мне містэр Келада. Я быў адклаў карты ўбок, калі падсеў да мяне Келада, але цяпер, паказваючы, што размова наша і так зацягваецца, ізноў пачаў раскладваць пасьянс.
- Тройку на чацвёрку, - падказаў містэр Келада.
Нічога так не раздражняе, як дакучлівыя падказкі збоку, куды і якую карту пакласці.
- Атрымаўся, атрымаўся! - узрадаваўся ён. - Дзесятку на валета.
Моцна раззлаваны, я кінуў карты. Ён хуценька схапіў калоду.
- Я пакажу вам картачны фокус.
- Не трэба, ненавіджу фокусы.
- Але я ўсё ж такі пакажу вам адзін.
Ён паказаў тры. Тады я, каб неяк адвязацца ад яго, сказаў, што пайду ў сталоўку: трэба ж выбраць сабе месца.
- Не турбуйцеся, калі ласка, - запэўніў ён мяне. - Месца вам ужо занятае. Я падумаў, раз мы з вамі ў адной каюце, дык добра б было і сядзець за адным сталом.
Не, не падабаўся мне містэр Келада.
Мала таго што мы жывём у адной каюце і я тройчы на дзень вымушаны есці з ім за адным сталом; варта мне выйсці на палубу, і ён тут як тут. Нідзе не схаваешся. Ён нібыта і не бачыў, што надакучыў мне горш за параную рэпу. Ён лічыў, што вам гэтак жа прыемна бачыць яго, як яму вас. Калі б у сябе дома вы спусцілі яго з лесвіцы ці зачынілі дзверы перад носам, ён і тады б, думаю, не зразумеў нічога. Ён вельмі лёгка заводзіў знаёмства і праз тры дні ведаў усіх на параходзе. Ён усюды паспяваў: праводзіў латарэі, узначальваў аўкцыёны, збіраў грошы на прызы пераможцам спаборніцтваў, наладжваў гульню ў серсо* і гольф, арганізаваў канцэрт і нават касцюміраваны баль. Ён быў усюды і заўсёды. І, вядома, усе на параходзе хутка зненавідзелі гэтага настырнага чалавека. Мы далі яму мянушку містэр Усёвед, а ён, небарака, прымаў гэта за камплімент. Але выцерпець яго ў сталоўцы было асабліва цяжка. Тут мы больш за гадзіну знаходзіліся цалкам пад яго ўладай. Ён жартаваў, смяяўся, красамоўнічаў, спрачаўся. Усё ён ведаў лепш за ўсіх, а калі вы з ім не згаджаліся, гэта быў сапраўдны ўдар па яго самалюбству. Нават у дробязях не супакоіцца, пакуль не схіліць на свой бок. У яго і ў думках не было, што ён можа памыляцца. Ён з тых, хто ведае напэўна. Мы сядзелі за адным сталом з суднавым доктарам. Ніхто тут і не падумаў пярэчыць містэру Келаду - доктар ленаваўся ўступаць у спрэчкі, а я ўсяляк выказваў сваю абыякавасць да размовы, - калі б не нехта Рэмзі, які таксама сядзеў за нашым сталом. Ён, як і містэр Келада, не выносіў пярэчанняў. Яго выводзіла з сябе самаўпэўненасць леванційца. Спрэчкі іх былі бясконцыя і з'едлівыя.
* Серсо - гульня з тонкім лёгкім абручом, які падкідваюць і ловяць спецыяльнай палачкай (заўв. перакл.).
Рэмзі служыў у амерыканскім консульстве ў Кобе. Гэта быў высокі грузны чалавек, ураджэнец Сярэдняга Захаду, адзеты ў танны гарнітур, відавочна яму малы. Ён вяртаўся да месца службы пасля кароткага адпачынку ў Ню-Ёрку, куды ездзіў па жонку, якая амаль год пражыла на радзіме. Гэта была прывабная кабета з арыстакратычнымі манерамі і пачуццём гумару. У консульстве плацілі, вядома, мала, што прымушала місіс Рэмзі адзявацца сціпла, але з густам, па модзе, таму і выгляд яна мела заўсёды элегантны. Я не звярнуў бы на яе асаблівай увагі, каб не гэтая надзвычай абаяльная сціпласць, якая, можа, і ўласціва большасці жанчын, але не ў наш час. Мяне шчыра дзівіла яе сціпласць. Яна ўпрыгожвала місіс Рэмзі, як свежая кветка ўпрыгожвае сукенку.
Неяк на абедзе мы ненаўмысля загаварылі пра жэмчуг. У газетах тады шмат пісалі, што японцы выдумалі нейкі штучны жэмчуг, і доктар заўважыў, што новы жэмчут знізіць, мабыць, кошт сапраўднага. Гэты жэмчуг цяпер ужо даволі добры, а неўзабаве яго і не адрозніш ад каштоўнага. Містэр Келада, як звычайна, ухапіўся за новую тэму і расказаў нам усё, што ведаў пра жэмчуг. Думаю, Рэмзі і часткі таго не ведаў, але ж выдалася добрая нагода паспрачацца з леванційцам, і праз якіх хвілін пяць пачалася гарачая спрэчка. Мне не выпадала яшчэ чуць, каб містэр Келада даводзіў нешта гэтак палка і шматслоўна, як цяпер. Неўзабаве Рэмзі сказаў нешта асабліва з'едлівае, і містэр Келада грымнуў кулаком па стале і залямантаваў:
- Я ведаю, што кажу. Я еду ў Японію якраз, каб паглядзець на гэты славуты японскі жэмчуг. Гэта мая спецыяльнасць, і кожны эксперт можа пацвердзіць, што з маёй думкаю лічацца. Я ведаю ўсе жамчужыны ў свеце, а калі ўжо чаго і не знаю пра жэмчуг, дык таго і знаць не трэба.
Нам гэта была навіна. Пры ўсёй яго балбатлівасці містэр Келада яшчэ нікому не казаў, чым ён займаецца. Мы чулі толькі, што ён накіроўваецца ў Японію па нейкіх камерцыйных справах. Містэр Келада пераможна зірнуў на нас.
- Японцы ніколі не вырабяць жамчужыны, якой бы я не распазнаў з першага погляду. - Ён паказаў на каралі місіс Рэмзі. - Папомніце маё слова, місіс Рэмзі, каштоўнасць гэтага шнурка не зменшыцца ні на цэнт.
Місіс Рэмзі па сціпласці сваёй злёгку пачырванела і памкнулася схаваць жэмчуг у выраз сукенкі.
Рэмзі падсунуўся бліжэй. Ён загадкава зірнуў на нас, і ў вачах яго мільганула ўсмешка.
- Праўда, прыгожы шнурок?
- Я адразу звярнуў на яго ўвагу, - сказаў містэр Келада. - Так, адзначыў я сам сабе, вось гэта жэмчуг як мае быць.
- Яго купілі без мяне. Цікава, колькі, па-вашаму, ён каштуе?
- Думаю, каля пятнаццаці тысяч даляраў. Не дзіва, калі на Пятай Авеню за яго дадуць і ўсе трыццаць.
На твары ў Рэмзі з'явілася зларадная ўсмешка.
- Уявіце сабе, што ў дзень ад'езду з Ню-Ёрка місіс Рэмзі купіла гэты шнурок ва ўніверсальнай краме ўсяго за васемнаццаць даляраў.
Містэр Келада пачырванеў ад гневу.
- Лухта. Жэмчуг сапраўдны, больш таго, цудоўнай прыгажосці, ніколі яшчэ я не бачыў такога выдатнага шнурка.
- Давайце біцца ў заклад. Стаўлю сто даляраў, што гэта падробка.
- Давайце.
- Дарагі Элмар, не варта ісці ў заклад, калі загадзя ведаеш вынік, - сказала місіс Рэмзі, слабая ўсмешка кранула яе вусны, у голасе чуўся слабы дакор.
- Ну не. Грошы самі плывуць у рукі, трэба быць апошнім дурнем, каб не скарыстаць такой магчымасці.
- А як вы зможаце даказаць, што ваша праўда? - спыталася яна ў містэра Келады.
- Дазвольце мне бліжэй разгледзець, і, калі гэта падробка, я адразу скажу. Не пашкадую сто даляраў.
- Дарагая, здымі шнурок, калі ласка. Хай гэты джэнтльмен вывучае яго, колькі яму трэба.
Місіс Рэмзі нейкую хвіліну вагалася. Потым нерашуча дакранулася да замочка.
- Я не магу расшпіліць, - сказала яна. - Прыйдзецца вам, містэр Келада, паверыць мне на слова.
І раптам мяне працяла думка, што зараз нешта павінна здарыцца, але я прамаўчаў.
Рэмзі адразу падскочыў.
- Дай я расшпілю.
Ён працягнуў шнурок містэру Келаду. Леванціец выцягнуў з кішэні павелічальнае шкло і пачаў уважліва разглядаць жэмчуг. На яго чыста выгаленым смуглявым твары з'явілася ўсмешка пераможцы. Ён вярнуў шнурок і збіраўся ўжо загаварыць, як раптам перахапіў позірк місіс Рэмзі. Збялелая як палатно, яна, здавалася, вось-вось страціць прытомнасць. Вочы расшырыліся ад жаху і моўчкі прасілі літасці; усё было ясней яснага, дзіўна, што муж яе нічога так і не заўважыў.
Усмешка на Келадавым твары так і застыла. Ён прыкметна пачырванеў. Відаць было, што ён прыкладае ўсе намаганні, каб супакоіцца.
- Я памыліўся, - сказаў ён. - Гэта вельмі добрая падробка, і, вядома, калі я паглядзеў праз лупу, адразу зразумеў, што жэмчуг не сапраўдны. Ваша праўда, ён каштуе не больш за васемнаццаць даляраў.
Ён моўчкі выцягнуў з бумажніка сто даляраў і аддаў містэру Рэмзі.
- Цяпер, малады чалавек, думаю, вы доўга будзеце помніць гэту навуку? - з'едліва сказаў Рэмзі, хаваючы грошы ў кішэню.
Я бачыў, што рукі ў Келады прыкметна дрыжэлі.
Гісторыя гэта, як звычайна бывае, хутка разышлася па караблі. У той вечар толькі і гаворкі было пра містэра Келаду, былі і жарты і едкія кпіны. Лёгка сказаць - містэр Усёвед сеў у лужыну. Толькі місіс Рэмзі не выходзіла з каюты, у яе разбалелася галава.
Раніцай назаўтра я галіўся, а містэр Келада ляжаў у пасцелі, паліў цыгарэту. Раптам пачуўся нейкі шоргат і ў шчыліну пад дзвярыма нехта падсунуў канверт. Я адчыніў дзверы і выглянуў у калідор. Нікога. Тады я падняў пісьмо. На ім друкаванымі літарамі было напісана: Максу Келаду. Я аддаў ліст яму.
- Цікава, ад каго гэта? - сказаў ён і раскрыў канверт.
Але замест ліста ён выцягнуў стодаляравую паперку. Містэр Келада зірнуў на мяне і пачырванеў. Потым ён парваў канверт на дробныя кавалачкі і папрасіў мяне выкінуць іх праз ілюмінатар.
Я выканаў просьбу і запытальна паглядзеў на яго.
- Каму ж хочацца прыкідвацца дурнем? - сказаў ён.
- Жэмчуг сапраўдны?
- Калі б у мяне была маладая прывабная жонка, ніколі б не пусціў яе адну на год у Ню-Ёрк, - усміхнуўся ён.
У гэтую хвіліну містэр Келада мне падабаўся. Ён раскрыў бумажнік і акуратна паклаў туды стодаляравую паперку.
Чалавек са шнарам
Упершыню я звярнуў на яго ўвагу менавіта з-за гэтага шнара, шырокага і чырвонага, які вялікім паўмесяцам перасякаў твар ад скроні да падбародка. Бясспрэчна - след страшэннай раны, мабыць, ад удару шабляй ці ад асколка снарада. Шнар ніяк не стасаваўся з гэтым праставатым, круглым, лагодным тварам з дробнымі, непрыкметнымі рысамі. Дый сам твар быў нібыта чужы, не пасаваў да такога высокага чалавека з магутнымі плячыма. На ім заўсёды бачылі адзін і той жа зношаны шэры гарнітур, колеру хакі кашулю і пакамечанае самбрэра. Выгляд не надта ахайны. Кожны дзень перад самым кактэйлем ён з'яўляўся ў гватэмальскім «Палас-гатэлі» і, няспешна пахаджваючы па бары, прадаваў латарэнныя білеты. Калі толькі гэтым ён зарабляў сабе на кавалак хлеба, дык жыў, відаць, вельмі бедна. Я не бачыў, каб хто-небудзь купіў у яго білет; затое часам яму перападала выпіць. Ён не адмаўляўся. Чалавек са шнарам праціскаўся між столікамі, асцярожна перавальваючыся з нагі на нагу, быццам стомлены доўгай хадой. Ён затрымліваўся амаль ля кожнага століка, з лёгкай усмешкай на вуснах называў нумары сваіх білетаў і, калі яго не заўважалі, з той жа лагоднай усмешкай ішоў далей. Напэўна, заўсёды ён быў на падпітку.
Неяк увечары я са сваім знаёмым стаяў ля стойкі ў бары - у гватэмальскім «Палас-гатэлі» падаюць цудоўнае сухое марціні, - калі да нас падышоў чалавек са шнарам і зноў, каторы ўжо раз, расклаў перада мною свае білеты. Я адмоўна пакруціў галавой, але мой знаёмы па-сяброўску павітаўся з ім.
- Que tal, генерал? Як жыццё?
- Не скажу што выдатнае, але бывае і горш.
- Што будзеце піць?
- Брэндзі.
Ён тут жа залпам выпіў, паставіў чарку на стойку, задаволена кіўнуў майму знаёмаму:
- Gracias. Hasta luego*.
* Дзякуй. Да пабачэння (гішп.).
І пайшоў далей прадаваць свае білеты наведвальнікам бара.
- Хто гэта? - спытаўся я. - Які страшэнны ў яго шнар.
- І праўда, зусім не ўпрыгожвае твару. Чалавек гэты - выгнаннік з Нікарагуа. Бясспрэчна, галаварэз і бандыт, але някепскі хлопец. Час ад часу я даю яму некалькі песа. Раней ён быў генералам, узначальваў там мяцеж, і, калі б не скончыліся боепрыпасы, скінуў бы ўрад і стаў бы ваенным міністрам, а не гандляром латарэйных білетаў у Гватэмале. Яго ўзялі разам з усім штабам і судзілі палявым судом. Прыгаварылі да расстрэлу, гэта там хутка робіцца.
У камеры ўсю ноч асуджаныя - іх было пяць чалавек - гулялі ў покер, выкарыстоўвалі запалкі замест фішак. Потым ён мне казаў, што ніколі яшчэ не было ў яго, каб так не шанцавала. Калі на золку прыйшлі салдаты, каб весці палонных да месца пакарання, ён паспеў прагуляць запалак больш, чым звычайны чалавек спальвае за ўсё жыццё.
Іх вывелі на турэмны двор і паставілі ля сцяны тварам да салдат. Аднак расстрэльваць не спяшаліся, і наш сябра спытаўся, якога чорта іх прымушаюць тут стаяць. Афіцэр растлумачыў, што чакаюць генерала - галоўнакамандуючага дзяржаўнымі войскамі, які пажадаў прысутнічаць пры расстрэле.
- Тады, відаць, я яшчэ паспею выпаліць цыгарку, - сказаў наш сябра. - Генерал ніколі не вызначаўся пунктуальнасцю.
Але толькі ён запаліў, генерал - між іншым, гэта быў Сан-Ігнасія, вы яго, думаю, сустракалі - з'явіўся на двары разам са сваім ад'ютантам. Выканалі звычайныя фармальнасці, і Сан-Ігнасія папытаўся, ці ёсць у каго з асуджаных апошняе жаданне. Чатыры адмовіліся, а наш сябра сказаў:
- Я б хацеў развітацца з жонкаю.
- Bueno*, - пагадзіўся генерал, - я дазваляю. Дзе яна?
* Добра (гішп.).
- Чакае ля турэмнай брамы.
- Тады, думаю, хвілін пяць вам хопіць.
- Нават меней, сіньёр генерал, - узрадаваўся наш сябра.
- Адвядзіце яго ўбок.
Два салдаты выйшлі наперад і адвялі асуджанага. Генерал кіўнуў галавой, афіцэр падаў каманду, прагучаў бязладны залп, і тыя чацвёра ўпалі. Падалі яны не разам, а адзін за адным, тузаючыся, як марыянеткі ў лялечным тэатры. Падышоў афіцэр і разрадзіў абодва ствалы рэвальвера ў тых, хто яшчэ варушыўся. Наш сябра дапаліў цыгарэту, пстрыкнуў недапалкам.
У гэты час ля брамы адбыўся нейкі рух. На двор убегла маладая жанчына - і раптам спынілася, схапіўшыся за сэрца. Ускрыкнула і, выпрастаўшы рукі, кінулася наперад.
- Catamba*, - сказаў генерал.
* А, каб яе (гішп.).
Жанчына была ўся ў чорным, вэлюм закрываў валасы і частку яе змярцвелага бледнага твару. Амаль дзяўчынка - тоненькая, з правільнымі рысамі і вялізнымі вачыма. Цяпер у гэтых вачах застыў жах. Яна бегла, задыхалася і такая была прыгожая ў сваёй бядзе, што абыякавыя ўжо да ўсяго салдаты ўзбуджана загаманілі.
Прыгавораны ступіў крок насустрач. Жанчына кінулася да яго. «Alma de mi corason» - «сэрца душы маёй!» - хрыпла выгукнуў асуджаны і прыпаў да яе вуснаў. У гэтае ж імгненне выхапіў з-пад падранай кашулі нож - уявіць цяжка, як ён там яго хаваў, - і ўдарыў жонку ў шыю. З рассечанай вены пабегла кроў, скрывавіла яго кашулю. А ён моцна сціснуў жонку ў абдымках і зноў прыпаў да яе вуснаў.
Ніхто нават не зразумеў, што здарылася, - так хутка ўсё было зроблена. Некалькі чалавек кінуліся да яго, схапілі за рукі: жанчына ўпала б, каб ад'ютант не падхапіў яе. Жанчына страціла прытомнасць. Яе паклалі на зямлю і разгублена сталі побач. Асуджаны ведаў, куды ўдарыць: кроў ужо нельга было спыніць. Праз якую хвіліну ад'ютант, што стаяў ля яе на каленях, падняўся.
- Яна мёртвая, - ціха сказаў ён.
Прыгавораны перахрысціўся.
- Чаму вы забілі яе? - спытаўся генерал.
- Я вельмі яе кахаў.
Быццам уздых прабег па радах; усе глядзелі на забойцу. Генерал таксама не зводзіў вачэй з яго і маўчаў.
- Высакародны ўчынак, - нарэшце сказаў генерал. - І я не магу пакараць за гэта. Завязіце яго на маёй машыне на граніцу. Сіньёр, я адчуваю да вас павагу, як смелы чалавек да смелага чалавека.
Пачуўся гул адабрэння. Ад'ютант крануў забойцу за плячо, і той, не вымавіўшы ні слова, пакрочыў між салдатамі да машыны, што цяпер чакала яго...
Мой знаёмы змоўк, я таксама нейкі час маўчаў. Трэба адзначыць, што ён гватэмалец і расказваў па-гішпанску. Я ж пастараўся як мага лепей перадаць тое, што пачуў, захаваў нават і трошкі напышлівы стыль апавядання, які, шчыра кажучы, цалкам адпавядае сюжэту.
- А дзе ён зарабіў гэты шнар? - спытаўся я ўрэшце.
- А, гэта ён неяк адкаркоўваў бутэльку, і яна ўзарвалася ў руках. Пляшка звычайнай шыпучкі.
Снеданне
Я спаткаў яе ў тэатры. У антракце яна кіўнула мне, я падышоў і сеў побач. Я не бачыў яе вельмі даўно і, калі б не пачуў імя, мабыць, не пазнаў бы.
- Колькі год мы з вамі не бачыліся! - з усмешкай сказала яна. - Як хутка ляціць час! Так, мы не маладзеем. Памятаеце нашу першую сустрэчу? Вы запрасілі мяне паснедаць.
Ці помню я!
Гэта было дваццаць год таму назад, я жыў тады ў Парыжы. У мяне была маленькая кватэрка ў Лацінскім квартале з вокнамі на могілкі. Грошай, што я зарабляў, ледзь хапала, каб звесці канцы з канцамі. Яна прачытала адну з маіх кніг і напісала мне. Я паслаў адказ: некалькі традыцыйных слоў удзячнасці. І неўзабаве атрымаў ад яе яшчэ адзін ліст, яна пісала, што будзе праездам у Парыжы і хацела б са мной пабачыцца; у яе вельмі мала вольнага часу, і адзіны дзень, які яна можа правесці са мной, - наступны чацвер; раніцай яна наведае Люксембургскі палац, а потым мы б маглі паснедаць у Фуая. У рэстаран Фуая ходзяць французскія сенатары, мне напэўна не па кішэні, я ніколі не марыў туды пайсці. Але ўвага яе мне падабалася, дый я яшчэ быў малады і не навучыўся казаць жанчынам «не». (Мужчыну амаль немагчыма гэтаму навучыць, пакуль ён не дасягне такога ўзросту, калі жанчыне ўжо ўсё роўна, што ён скажа.) У мяне да канца месяца заставалася восемдзесят франкаў, сціплае снеданне не магло, вядома, каштаваць больш як пятнаццаць. Калі два тыдні абыходзіцца без кавы, мне гэтых грошаў напэўна б хапіла. Я адказаў, што ў чацвер буду чакаць майго невядомага сябра ў Фуая а палове першай.
Гэта была не такая ўжо маладая кабета, як я чакаў, больш паважная, чым прывабная, гадоў сарака (узрост цудоўны, але які далёка не спрыяе каханню з першага погляду). У яе былі прыгожыя белыя зубы, толькі мне чамусьці здалося, што іх у яе крыху больш чым трэба. Занадта балбатлівая, яна шмат гаварыла пра мяне, таму я слухаў з вялікай увагай.
Калі я зірнуў у меню, у вачах у мяне пацямнела - цэны былі значна вышэйшыя, чым я чакаў, але яна мяне супакоіла.
- Я ніколі не снедаю, - сказала яна.
- Вы мяне пакрыўдзіце! - запярэчыў я.
- Я на снеданне многа не ем: адна страва, не болей. Па-мойму, людзі ў наш час занадта многа ядуць. Вазьму, бадай, крышачку рыбы. Цікава, ці ёсць у іх ласасіна?
На ласасіну быў не сезон, і ў меню яна не значылася, але я ўсё ж такі спытаўся ў афіцыянта, ці няма ў іх ласасіны. Так, яны толькі што атрымалі выдатнага ласося - сёлета першага.
Я заказаў ёй ласасіну. Афіцыянт пацікавіўся, ці не пажадае яна якой-небудзь закускі, пакуль прыгатуюць ласасіну.
- Не, - адмовілася яна, - я ніколі сытна не снедаю. Праўда, калі ў вас ёсць ікра. Ад ікры я, бадай, не адмоўлюся.
У мяне ёкнула сэрца. Я ведаў, што ікра мне яўна не па кішэні, але як я мог пра гэта сказаць?
Я папрасіў афіцыянта, каб абавязкова падалі ікру. Сабе я выбраў самую танную страву - адбіўную з бараніны.
- І навошта толькі вы ўзялі мяса? - сказала яна. - Не разумею, як можна працаваць пасля такой цяжкай ежы. Я супраць таго, каб перагружаць страўнік.
Цяпер трэба было выбраць віно.
- Я раніцай нічога не п'ю, - сказала яна.
- Я таксама, - хуценька сказаў я.
- Акрамя белага віна, - вяла яна далей, быццам і не чула маіх слоў. - Французскія белыя віны такія лёгкія. Яны цудоўна спрыяюць страваванню.
- Якога б вы хацелі? - спытаўся я ўсё яшчэ ветліва, але ўжо без лішняга захаплення.
Яна бліснула сваімі цудоўнымі белымі зубамі.
- Мой доктар не дазваляе мне нічога піць, акрамя шампанскага.
Здаецца, я збялеў. Я заказаў паўбутэлькі, пры гэтым спакойна заўважыў, што мой доктар катэгарычна забараніў мне піць шампанскае.
- Што ж вы тады будзеце піць?
- Ваду.
Яна ела ікру, яна ела ласасіну. Яна натуральна і проста малола языком пра мастацтва, літаратуру, музыку. А я сядзеў і падлічваў, колькі мне прыйдзецца плаціць. Калі мне прынеслі маю адбіўную, яна пачала сур'ёзна мне тлумачыць:
- Я заўважыла, што вы замнога ясце, не варта так рабіць. Бярыце прыклад з мяне. Паверце, што адчуеце сябе намнога лепш, калі будзеце есці толькі адну страву.
- А я і збіраюся есці толькі адну страву, - сказаў я, заўважыўшы, што афіцыянт зноў падыходзіць да нас з меню.
Яна грацыёзна адмахнулася ад яго.
- Не, не, я ніколі не снедаю. Так, пажую што-небудзь толькі дзеля кампаніі. Я ўжо фізічна не магу з'есці ні кавалачка. Праўда, калі ў вас ёсць французская спаржа... Пабыць у Парыжы і не пакаштаваць спаржы - проста крыўдна.
Сэрца маё абарвалася. Мне давялося неяк бачыць спаржу ў краме, яна вельмі дарагая.
- Мадам жадае ведаць, ці ёсць у вас спаржа, - спытаўся я ў афіцыянта. О, як я хацеў пачуць у адказ «не». Аднак афіцыянтава круглая фізіяномія расплылася ад радаснай усмешкі, і ён запэўніў мяне, што ў іх ёсць выдатная, мяккая спаржа, проста цуд.
- Я зусім не галодная, - уздыхнула яна. - Але калі вы настойваеце, я, бадай, з'ем кавалачак.
Я зрабіў заказ.
- Няўжо вы не хочаце пакаштаваць?
- Не, дзякую, я спаржы не ем.
- І праўда, некаторыя яе не любяць. А ўсё таму, што вы ясце замнога мяса, гэта псуе ваш густ.
Мы чакалі, пакуль згатуюць спаржу. Страх апанаваў мяне. Я ўжо не падлічваў, ці хопіць мне грошай да канца месяца, хапіла б толькі заплаціць за ежу. Які сорам, калі не хопіць нейкіх дзесяць франкаў і прыйдзецца пазычыць у маёй госці. Не, пра гэта няма чаго і думаць. Я добра ведаў, колькі ў мяне грошай, і калі здарыцца, што плата за снеданне будзе большая, я спакойна палезу ў кішэню і раптам разгублена крыкну, што ў мяне ўкралі кашалёк. Вядома, будзе вельмі няёмка, калі і ў яе не будзе грошай. Тады застанецца толькі адно - закласці свой гадзіннік, а потым вярнуцца і заплаціць патрэбную суму.
Прынеслі апетытную спаржу. Духмянасць топленага масла казытала мае ноздры. Я сачыў, як гэтая бессаромніца аплятае кавалак за кавалкам, у гэты час разважаючы пра стан сучаснай драмы на Балканах. Урэшце спаржа знікла.
- Каву? - спытаўся я.
- Каву і марожанае, - падказала яна.
Мне ўжо не было чаго губляць, і я заказаў сабе каву, ёй - каву і марожанае.
- Вы ведаеце, ёсць адно правіла, якога я заўсёды прытрымліваюся, - гаварыла яна, з апетытам даядаючы марожанае. - Чалавек павінен паднімацца з-за стала з адчуваннем, што ён яшчэ галодны.
- Вы галодная? - ледзь вымавіў я.
- Не, што вы, я не галодная, я ўвогуле не снедаю другі раз. Раніцай я выпіваю кубачак кавы, потым абедаю, а на другое снеданне так што-небудзь крышку з'ем. Я, калі гаварыла, мела вас на ўвазе.
- А-а, разумею.
І тут здарылася нешта жахлівае. У той час, як мы спакойна чакалі кавы, да нас падышоў старшы афіцыянт і з ліслівай усмешкай на крывадушнай фізіяноміі паставіў перад намі вялікі кошык з цудоўнымі персікамі. У іх быў румянец нявіннай дзяўчыны, у іх было ўсё багацце адценняў італьянскага краявіду. Але як яны тут апынуліся, зімой?! Яны ж каштуюць адзін бог ведае колькі. Але вельмі хутка даведаўся і я - колькі, калі мая госця, не спыняючы гаворкі, рассеяна ўзяла з кошыка персік.
- Вось бачыце, вы набілі жывот мясам (мая маленькая катлетка!) і ўжо больш нічога не можаце з'есці. А я толькі крышачку перакусіла і цяпер з задавальненнем магу з'есці вось гэты персік.
Прынеслі рахунак, і, калі я заплаціў, у мяне ледзьве засталося на чаявыя. Позірк яе на нейкае імгненне затрымаўся на маіх трох франках, што я пакінуў афіцыянту, і яна, безумоўна, палічыла, што я скнара. Але калі я выйшаў з рэстарана, наперадзе ў мяне былі цэлыя два тыдні, а ў кішэні ні сантыма.
- Бярыце прыклад з мяне, - сказала яна на развітанне, - ніколі сытна не снедайце.
- Я зраблю яшчэ лепш, - адказаў я. - Я сёння не буду абедаць.
- Жартаўнік! - засмяялася яна ўжо ў экіпажы. - Вы сапраўдны жартаўнік.
Цяпер я ўрэшце адпомшчаны. Здаецца, я чалавек не злапамятны, але, калі ў справу ўмешваюцца самі багі, думаю, даравальна глядзець на вынікі іх працы з пачуццём задавальнення. Яна важыць цяпер трыста фунтаў.
Не скарылася
Ён вярнуўся на кухню. Стары ўсё яшчэ ляжаў на падлозе там, дзе Ганс зваліў яго з ног; ён стагнаў, твар быў у крыві. Баба стаяла, прытуліўшыся да сцяны, і з жахам, шырока расплюшчыўшы вочы, глядзела на Вілі, Гансавага хаўрусніка. Калі Ганс увайшоў, яна войкнула і залілася слязьмі.
Вілі сядзеў за сталом, трымаў у руцэ рэвальвер. Перад ім стаяла недапітая шклянка віна. Ганс падышоў да стала, наліў і сабе, залпам выпіў.
- А добра яна табе твар спярэсціла, - усміхнуўся Вілі.
І праўда, на Гансавай фізіяноміі запяклася кроў і цягнуліся глыбокія драпіны ад пяці пальцаў з вострымі пазногцямі. Ён асцярожна дакрануўся да шчакі.
- Траха вочы не павыдзірала, гадзіна. Трэба ёдам памазаць. Нічога, цяпер яна супакоілася. Ідзі.
- Ды я не ведаю... Пайсці? Мо ўжо позна.
- Кінь ты. Мужчына ты ці не? Што з таго, што позна. Мы заблудзіліся, так і растлумачым.
Яшчэ не сцямнела, і сонца, хілячыся да захаду, свяціла ў вокны фермеравай кухні. Вілі марудзіў. Гэта быў шчуплы, цёмнавалосы, вузкатвары чалавек, да вайны ён працаваў краўцом-мадэльерам. Яму вельмі не хацелася, каб Ганс думаў, што ён размазня. Вілі ўстаў і накіраваўся да дзвярэй, праз якія толькі што ўвайшоў Ганс. Жанчына адразу зразумела, чаго ён туды ідзе, крыкнула і кінулася да яго.
- Non, non!* - закрычала яна.
* Не, не!(франц.)
Ганс адным скачком апынуўся каля яе. Схапіў за плечы і адштурхнуў ад дзвярэй. Жанчына моцна стукнулася аб сцяну, пахіснулася і ўпала. Ганс узяў у Вілі рэвальвер.
- Змоўкніце, вы абое! - рыкнуў ён па-французску, але з гартанным нямецкім вымаўленнем. Потым кіўнуў Вілі на дзверы:
- Ідзі, я тут іх папільную.
Вілі адразу пайшоў, але праз хвіліну якую вярнуўся назад.
- Яна без памяці.
- Што з таго?
- Я не магу. Не трэба.
- Дурань, вось ты хто. Ein Weibchen. Баба.
Вілі пачырванеў.
- Пойдзем. Бадай што, так будзе лепш.
Ганс пагардліва паціснуў плячыма.
- Вось дап'ю пляшку, тады і пойдзем.
Яму не хацелася спяшацца, прыемна было яшчэ крыху пасядзець, адпачыць. Сёння ён з самай раніцы не злазіў з матацыкла, рукі і ногі гудуць. Добра, што ехаць недалёка, толькі да Суасона, усяго кіламетраў дзесяць-пятнаццаць. Можа, пашанцуе выспацца на добрай пасцелі.
Бясспрэчна, нічога гэтага не здарылася б, калі б яна была не дурніца. Яны з сябрам збіліся з дарогі. Паспрабавалі распытаць у нейкага селяніна, што працаваў на полі, а ён ім знарок набрахаў, вось яны і заблыталіся ў гэтых пасёлках. На ферму зайшлі, толькі каб спытацца дарогу. Вельмі далікатна зайшлі - быў загад: з насельніцтвам абыходзіцца добра, калі, безумоўна, французы самі не будуць адпальваць штукі. Дзяўчына гэтая і адчыніла дзверы. Яна адказала, што не ведае, як праехаць да Суасона, і яны ўвайшлі ў кухню; старая (яе маці, відаць, вырашыў Ганс) растлумачыла, як туды ехаць. Усе яны - фермер, яго жонка і дачка - толькі што павячэралі, на стале стаяла яшчэ пляшка з віном. Тут Ганс адчуў, што проста памірае ад смагі. Спякота была страшэнная, а піць апошні раз давялося толькі апоўдні. Ён папрасіў у іх бутэльку віна, а Вілі дадаў яшчэ, што яны заплацяць. Вілі - хлопец слаўны, але цяльпук. Урэшце немцы перамаглі. Дзе цяпер французская армія? Дае драла. Дый ангельцы ўсё пакідалі і, як трусікі, пабеглі хавацца на свой востраў. Пераможцы ўзялі па праву ўсё, што пажадалі. Вілі працаваў два гады ў парыжскім атэлье. Добра гаворыць па-французску, таму, відаць, яго сюды і накіравалі. Але жыццё сярод французаў крыху сапсавала яго нардычны характар. Нікчэмныя людзі гэтыя французы. Не варта немцу жыць сярод іх.
Фермерыха паставіла на стол дзве пляшкі віна. Вілі выцягнуў з кішэні дваццаць франкаў, каб разлічыцца. Яна нават і дзякуй не сказала. Ганс гаварыў па-французску не гэтак лёгка, як Вілі, але ўсё ж такі крышку навучыўся. Паміж сабой яны заўсёды гаварылі на французскай мове, а Вілі папраўляў яго. Таму Ганс і пасябраваў з ім, Вілі быў тут знаходкай, да таго ж Ганс ведаў, што ён вельмі падабаецца Вілі. Падабаецца, таму што ён, Ганс, высокі, зграбны, плячысты, таму што яго кучаравыя валасы вельмі бялявыя, а вочы - блакітныя-блакітныя. Ганс заўсёды выкарыстоўваў зручны момант, каб папрактыкавацца ў мове, ён і тут пачаў гаварыць з гаспадарамі на французскай, але яны - усе ўтраіх - быццам вады ў рот набралі. Ён расказваў ім, што ў яго самога бацька фермер і, калі вайна скончыцца, ён, Ганс, зноў вернецца на бацькаву ферму. У Мюнхене ён вучыўся ў школе, маці ж вельмі хацела, каб ён стаў камерсантам, але ў яго самога былі зусім іншыя намеры, таму пасля выпускных экзаменаў у школе ён паступіў у сельскагаспадарчае вучылішча.
- Вы прыйшлі сюды, каб спытацца дарогі, і вам растлумачылі, - сказала дзяўчына. - То дапівайце віно і ідзіце адгэтуль.
Ён толькі тут разгледзеў яе як след. Нельга сказаць, што яна - прыгажуня. Вялікія цёмныя вочы, прамы нос, занадта бледны твар рабілі дзяўчыну непадобнай на звычайную сялянку, не было ў ёй той сялянскай грубасці, нязграбнасці. Ад самага пачатку вайны Ганс чуў розныя гісторыі, што расказвалі салдаты пра францужанак. Ёсць у іх нешта такое, чаго няма ў нямецкіх дзяўчат. Шык, вось што, растлумачыў тады Гансу Вілі, але калі Ганс спытаўся, што ўсё ж такі той мае на ўвазе, Вілі адказаў, што гэта трэба самому паспытаць, тады, можа, і зразумееш. Гансу, бясспрэчна, даводзілася чуць пра французскіх дзяўчат і іншае, што ім пальца ў рот не кладзі. Нічога, праз тыдзень ён сам будзе ў Парыжы, убачыць усё на свае вочы. Кажуць, вярхоўнае камандаванне ўжо патурбавалася пра вясёлыя дамы для нямецкіх салдатаў.
- Дапівай віно, і пайшлі, - сказаў Вілі.
Але Гансу тут спадабалася, і ён не хацеў, каб яго падганялі.
- А ты непадобная на фермераву дачку, - сказаў ён дзяўчыне.
- І што з таго?
- Яна ў нас настаўніца, - растлумачыла маці.
- Ага, вучоная, значыцца.
Дзяўчына перасмыкнула плячыма, але Ганс не звярнуў на гэта ўвагі і гаварыў далей на сваёй дрэннай французскай.
- Такім чынам, ты павінна разумець, што капітуляцыя французам - дабрадзейства. Не мы пачалі вайну, гэта вы яе развязалі. А цяпер мы зробім з Францыі прыстойную краіну. Навядзём тут у вас парадак. Навучым, як трэба працаваць. Спазнаеце, што такое паслушэнства і дысцыпліна.
Дзяўчына сціснула кулакі. Чорныя вочы яе гарэлі нянавісцю. Але яна змоўчала.
- Ты п'яны, Ганс, - сказаў Вілі.
- Цверазейшы за цвярозага. Я кажу шчырую праўду, і хай яны гэтую праўду ведаюць.
- Не, ты п'яны, - крыкнула дзяўчына. Яна не магла больш стрымацца. - Ідзіце, ідзіце адсюль!
- А, дык ты ведаеш нямецкую мову? Добра, я пайду. Толькі на развітанне ты мяне пацалуеш.
Яна адхінулася, але ён схапіў яе за руку.
- Тата! - закрычала дзяўчына. - Татка!
Фермер кінуўся на немца. Ганс адпусціў на момант дзяўчыну і моцна ўдарыў старога па твары. Той, войкнуўшы, упаў на падлогу. Дзяўчына не паспела ўцячы, і Ганс схапіў яе і прыціснуў да сябе. Яна з усяе сілы пляснула яго па шчацэ. Ганс злосна засмяяўся.
- Гэтак ты робіш, калі цябе хоча пацалаваць нямецкі салдат? Ну, я цябе правучу.
Ён скруціў ёй рукі і пацягнуў да дзвярэй, але маці кінулася да Ганса, учапілася за яго рукаў, спрабуючы вызваліць дачку. Мацней абхапіўшы дзяўчыну адной рукой, ён другой груба адпіхнуў старую, і тая, стукнуўшыся аб сцяну, ледзьве ўтрымалася на нагах.
- Ганс! Ганс! - крычаў яму Вілі.
- А ідзі ты к чорту!
Ганс заціснуў рот дзяўчыне рукой, каб не чулі яе крыку, і пацягнуў яе ў суседні пакой.
Вось так усё і здарылася. Ну а цяпер глядзіце самі, хто ў гэтым вінаваты, няўжо не яна? Заляпіла аплявуху. Дазволіла б сябе пацалаваць, ён тут жа і пайшоў бы. Ганс зірнуў на фермера, які ўсё яшчэ ляжаў на падлозе, і ледзь не зарагатаў: вельмі ж камічная была ў старога фізіяномія. Гансавы вочы ўсміхаліся, калі ён паглядзеў на старую, што прыціскалася да сцяны. Баіцца, што зараз і яе чарга надыдзе? Дарэмна непакоіцца. Ён прыгадаў французскую прымаўку.
- С'еst lе premier pas qui conte*, - сказаў ён. - Няма чаго раўці. Гэтага ўсё роўна не абмінеш, раней ці пазней.
* Цяжка зрабіць толькі першы крок (франц.).
Ён запусціў руку ў кішэню і выцягнуў бумажнік.
- Вось наце сотню франкаў. Няхай мадэмуазель купіць сабе новую сукенку. Ад старой засталося не шмат.
Ён паклаў грошы на стол і надзеў каску.
- Хадзем.
Яны выйшлі, стукнуўшы дзвярыма, паселі на матацыклы і паехалі. Старая паплялася ў суседні пакой. Там на канапе ляжала яе дачка. Ляжала так, як і пакінуў яе Ганс, і плакала наўзрыд.
Праз тры месяцы Ганс зноў апынуўся ў Суасоне. Разам з пераможнай германскай арміяй ён пабыў у Парыжы і праехаў на сваім матацыкле праз Трыумфальную арку. Разам з арміяй ён прайшоў спярша да Тура, потым да Бардо. У баях ён не ўдзельнічаў, а французскіх салдатаў бачыў толькі палонных. Увесь паход аказаўся вясёлай забавай, якая яму і не снілася. Пасля заключэння перамір'я ён яшчэ з месяц пажыў у Парыжы. Паслаў каляровыя паштоўкі сваякам у Баварыю, накупляў гасцінцаў. Сябра яго Вілі, які ведаў Парыж як свае пяць пальцаў, там і застаўся, а Ганса і ўсё іх падраздзяленне накіравалі назад у Суасон у пакінутую тут нямецкай уладай часць. Добры гарадок гэты Суасон, дый салдатаў раскватаравалі нядрэнна. Ежы ўдосталь, а шампанскае амаль што дарма, за бутэльку - адна марка на нямецкія грошы. Калі выйшаў загад пра перавод у Суасон, Ганса працяла думка, што някепска было б зайсці да той дзяўчыны з фермы. Ён падрыхтаваў ёй гасцінец - шаўковыя панчохі, каб зразумела, што ён больш на яе не злуецца. Ганс мясцовасць ведаў добра, таму спадзяваўся хутка знайсці ферму. Неяк увечары, калі спраў ніякіх не было, ён запхнуў панчохі ў кішэню, сеў на матацыкл і паехаў. Быў пагодны асенні дзень, у небе ні воблачка; мясціна прыгожая, гарыстая. Ужо даўнавата не было дажджу, і, хоць быў верасень, нават ціхае шапаценне таполяў не напамінала, што лета ўжо на сконе.
Выпадкова Ганс павярнуў не ў той бок, гэта яго крышку затрымала, але праз якія паўгадзіны ён дабраўся да фермы. Каля дзвярэй на яго накінуўся дварняк. Ён, не пастукаўшыся, піхнуў дзверы і ўвайшоў. Дзяўчына сядзела за сталом і скрэбла бульбу. Убачыўшы Гансаву нямецкую ўніформу, яна ўскочыла.
- Вам чаго?
І тут яна яго пазнала. Яна падалася назад да сцяны, моцна сціскаючы ў руцэ нож.
- Ты? Сосhоn*.
* Свіння (франц.).
- Ну-ну, не гарачыся, не пакрыўджу. Глядзі лепш, што я табе прывёз, - шаўковыя панчохі.
- Забірай іх і вымятайся адгэтуль разам з імі!
- Не дуры. І кідай нож. Самой жа горш, калі будзеш так злавацца. Можаш мяне не баяцца.
- Я цябе не баюся.
Пальцы яе аслабелі, нож упаў на падлогу. Ганс зняў каску, сеў на крэсла. Выцягнуў нагу і наском бота падсунуў нож бліжэй да сябе.
- Хочаш, дапамагу табе бульбу скрэбці, га?
Яна не адказала. Ганс нагнуўся, падняў нож, узяў з міскі бульбіну і пачаў скрэбці. Твар у дзяўчыны заставаўся жорсткі, вочы глядзелі варожа. Яна стаяла каля сцяны і моўчкі сачыла за ім. У Ганса на твары з'явілася лагодная ўсмешка.
- Ну чаго ты так злосна на мяне глядзіш? Няўжо не разумееш, што я тады быў вельмі раз'юшаны. Усе мы тады былі такія. У той час яшчэ хадзілі чуткі пра непераможнасць французскай арміі, пра лінію Мажына... - Ён усміхнуўся. - Ну і віно, ведама, стукнула ў галаву. Табе яшчэ пашанцавала. Жанчыны казалі мне, што я не такі ўжо непрыгожы.
Дзяўчына зірнула на яго з агідай.
- Вымятайся адгэтуль.
- Я пайду, калі мне захочацца.
- Калі ты не знікнеш, бацька пойдзе ў Суасон і паскардзіцца на цябе генералу.
- Толькі гэтага яшчэ генералу не хапала. У нас ёсць загад наладжваць добрыя адносіны з насельніцтвам. Як цябе завуць?
- Не твая справа.
Шчокі ў яе палалі, вочы гнеўна гарэлі. Яна здалася яму цяпер прыгажэйшай, чым ён яе запомніў. Не гэтак ужо ўсё было кепска. Яна не якая-небудзь сялянская дзяўчына. Маці ж казала, што дачка настаўніца. І менавіта таму, што гэта была не звычайная сялянка, а настаўніца, вучоная, Гансу было асабліва прыемна памучыць яе. Ён адчуў сябе моцным, непераможным. Ён скалмаціў свае прыгожыя бялявыя валасы і ўсміхнуўся. За лета ён так добра загарэў, што яго блакітныя вочы здаваліся ўжо надзвычай блакітнымі.
- Маці з бацькам дзе?
- У полі працуюць.
- Слухай, я прагаладаўся дужа. Дай мне кавалак хлеба з сырам і шклянку віна. Я заплачу.
Яна жорстка зарагатала.
- Мы ўжо тры месяцы не ведаем, што такое сыр. Дый хлеба не хапае. Летась свае французы забралі ў нас коней, а цяпер вось бошы пакралі ўсё, што засталося: кароў, свіней, курэй - усё.
- Ну і што з таго, мы ж не дарма ўзялі, мы заплацілі.
- А ты думаеш, мы будзем есці гэтыя паперкі, што вы нам далі ўзамен?
Раптам яна заплакала.
- Ты што, галодная?
- Ды не, - адказала яна горка. - Мы ж харчуемся па-каралеўску: бульба, хлеб, салата і бручка. Заўтра бацька паедзе ў Суасон - мо разжывецца на каніну.
- Паслухай, праўда, я неблагі хлопец. Я прывязу вам сыру, а можа, і трохі шынкі.
- Не трэба мне тваіх падачак. Хутчэй памру з голаду, чым дакрануся да ежы, што вы, свінні, у нас укралі.
- Ну добра, паглядзім, - адказаў ён спакойна.
Ён надзеў каску, устаў і, сказаўшы «au rеvоіr, madеmoіsеllе», пайшоў.
Ён не мог, зразумела, раз'язджаць на матацыкле па навакольных дарогах дзеля сваёй забавы, даводзілася чакаць, пакуль пашлюць з даручэннем і ён зноў зможа заехаць на ферму. Праз дзесяць дзён яму такі выпала паехаць. Ён, як і тады, бесцырымонна ўваліўся ў кухню. Тут корпаліся фермер з жонкай. Быў ужо поўдзень, старая каля печы нешта мяшала ў гаршку. Стары сядзеў за сталом. Яны зірнулі на Ганса, але быццам не здзівіліся. Дачка, відаць, расказала ім, што ён прыходзіў. Яны маўчалі. Старая завіхалася каля печы, а фермер панура, не зводзячы вачэй, глядзеў на цырату на стале. Але не гэтак лёгка было збіць з панталыку Ганса.
- Bоnjоur, lа соmраgnіе *, - весела павітаўся ён. - Вось прывёз вам гасцінцаў.
* Прывітанне ўсёй кампаніі (франц.).
Ён раскруціў пакет і расклаў на стале ладныя кавалкі сыру і свініны, дзве бляшанкі сардзінаў. Старая адвярнулася ад печы, і Ганс усміхнуўся, заўважыўшы ў яе вачах прагны бляск. Фермер панура зірнуў на прадукты. Ганс прывітаў яго шырокай усмешкай.
- Тады, той раз, паміж намі сутычка выйшла. Прашу прабачэння. Але і табе, стары, не варта было ўмешвацца.
У гэты самы момант увайшла дзяўчына.
- Што ты тут робіш? - груба крыкнула яна. Позірк яе спыніўся на прадуктах. Яна згрэбла ўсё разам і шпурнула Гансу. - Забяры гэта! Забяры, кажу табе!
Але маці кінулася да стала.
- Анет, звар'яцела ты, ці што?
- Не хачу прымаць ад яго гэтых падачак.
- Дык гэта ж нашы прадукты, нашы! Яны ўкралі іх. Ты толькі зірні на сардзіны - яны ж з Бардо!
Старая нагнулася і пачала збіраць раскіданыя па падлозе бляшанкі. Ганс паглядзеў на дзяўчыну: блакітныя вочы яго смяяліся.
- Значыць, цябе зваць Анет? Прыгожае імя. Чаму ты не дасі сваім бацькам крышку пад'есці? Ты ж сама казала, што вось ужо тры месяцы вы не бачылі сыру. Шынкі, на жаль, не ўдалося знайсці. Прывёз, што змог.
Фермерыха абедзвюма рукамі схапіла свініну, прыціснула яе да грудзей. Здавалася, яна вось-вось пацалуе гэты кавалак мяса. Па шчоках у Анет цяклі слёзы.
- Божа літасцівы, які сорам! - застагнала яна.
- Ну чаго ты. Які тут сорам? Кавалак сыру і крышку свініны, і толькі.
Ганс сеў, запаліў папяросу, прапанаваў старому. Адно імгненне той вагаўся, але спакуса была занадта моцная: ён выцягнуў адну папяросу і хацеў аддаць пачак Гансу.
- Пакінь сабе, - сказаў той. - Я дастану яшчэ колькі захочацца. - Ён глыбока зацягнуўся і пусціў дым праз нос. - Навошта нам сварыцца. Што зрабілася, таго не пераробіш. Вайна ёсць вайна. Павінны зразумець. Анет - дзяўчына вучоная, я ведаю; я не хачу, каб яна пра мяне кепска думала. Наша часць, відаць, надоўга затрымаецца ў Суасоне. Я магу час ад часу заязджаць, прывозіць якую-небудзь ежу. Ведаеце, мы стараліся палепшыць адносіны з насельніцтвам, але французы ўпіраюцца. Яны і глядзець на нас не хочуць. Урэшце, давайце забудзем пра тое, што здарылася тады, як мы з сябрам да вас заходзілі. Няма чаго вам мяне баяцца. Я гатовы ставіцца да Анет з усёй павагай, як да роднай сястры.
- Чаго ты ходзіш сюды? Чаму не пакінеш нас у спакоі? - спыталася Анет.
Шчыра кажучы, ён і сам добра не ведаў. Яму не хацелася прызнацца, але ён проста засумаваў па звычайных чалавечых адносінах. Варожая маўклівасць, што акружала немцаў у Суасоне, пачала выводзіць яго з раўнавагі; іншы раз яму вельмі хацелася падысці на вуліцы да першага сустрэчнага француза, які глядзеў на яго як на пустое месца, і правучыць як след; але часцей гэта даводзіла самога Ганса да слёз. Добра было б знайсці сям'ю, дзе яго прымалі б як свайго. Ён не схлусіў, калі казаў, што ў яго былі самыя чыстыя намеры. Яму сапраўды падабаліся высокія, паўнагрудыя жанчыны, такія ж, як ён сам, сінявокія, бялявыя і дужыя. Незразумелая яму вытанчанасць, просты тонкі нос, цёмныя вочы, бледны твар - не, гэта не для яго. Было ў гэтай дзяўчыне нешта такое, што прымушала Ганса ставіцца да яе насцярожана, нават баяцца. Калі б тады перамогі германскай арміі не закружылі яму галавы, калі б не быў ён такі стомлены ў той час і не выпіў бы залішне віна, ён ніколі б і не падумаў, што гэтая дзяўчына можа яго прывабіць.
Амаль два тыдні Ганс ніяк не мог вырвацца з часці. Ён, пакінуўшы тады на ферме прадукты, лічыў, што старая накінулася на іх, як галодны воўк. Ён таксама б не здзівіўся, калі б і Анет зрабіла тое ж, як толькі ён выйшаў за парог. Такія ўжо гэтыя французы: любяць падсілкавацца за чужы кошт. Слабы народ, бездапаможны. Безумоўна, Анет ненавідзіць яго, яшчэ як ненавідзіць! - але свініна ёсць свініна, а сыр ёсць сыр.
Ганс ніяк не мог выкінуць Анет з галавы. Яе агіда яго вельмі злавала. Ён прывык падабацца жанчынам. Вось цікава было б, каб і яна ўрэшце пакахала яго. Ён жа ў яе першы. Студэнты з Мюнхена за куфлем піва казалі, што па-сапраўднаму моцна жанчына кахае таго, хто яе спакусіў, - потым яна пачынае любіць само каханне. Звычайна, выбраўшы сабе дзяўчыну, Ганс ведаў, што яна з ім пойдзе. Ганс сам сабе ўсміхнуўся, вочы яго гарэлі загадкавым бляскам.
Нарэшце яму зноў выпала пабываць на ферме. Ён узяў з сабой сыру, масла, цукру, бляшанку кілбасных кансерваў і паехаў туды на матацыкле. Але гэты раз яму не пашанцавала ўбачыць Анет. Яна працавала з бацькам на полі. Маці была на дварэ. Яна ўбачыла ў руках у Ганса пакунак, і вочы яе заблішчэлі. Яна запрасіла Ганса на кухню. Рукі ў яе дрыжалі, пакуль развязвала пакунак, а калі ўбачыла, што ён прывёз, у вачах з'явіліся нават слёзы.
- Ты вельмі добры, - сказала яна.
- Можна сесці? - спытаўся ён далікатна.
- Сядай, сядай. - Старая зірнула ў акно. Ганс зразумеў, што яна баіцца, каб раптам не вярнулася з поля дачка. - Можа, шкляначку віна вып'еш?
- Ахвотна.
Ён скеміў адразу, што прагнасць да ежы прымусіла старую добра да яго ставіцца. Фермерыха, безумоўна, на яго баку. Ён па-змоўніцку зірнуў на старую.
- Ну, як свініна - добрая?
- Даўно такой не ела.
- Другі раз, як прыеду, прывязу яшчэ. А Анет спадабалася свініна?
- Яна нічога не ўзяла. Хутчэй, кажа, з голаду памру, чым вазьму.
- Глупства.
- Вось і я ёй тое самае казала. Калі ўжо, кажу, ёсць ежа, дык еш, няма чаго нос адварочваць, гэтак справу ўсё адно не паправіш.
Так яны мірна гаманілі, Ганс тым часам не спяшаючыся пацягваў віно. Ён даведаўся, што фермерыху завуць мадам Пер'е. Ён спытаўся, ці ёсць у яе яшчэ дзеці. Фермерыха ўздыхнула. Няма. Быў у яе сын, але яго яшчэ ў пачатку вайны мабілізавалі, і ён загінуў. Яго не забілі на фронце, ён памёр ад запалення лёгкіх у шпіталі ў Нансі.
- А, - сказаў Ганс. - Шкада.
- Можа, яно і лепей. Ён жа быў вельмі падобны на Анет. Усё роўна прапаў бы, не вытрымаў бы ганьбы паражэння. - Яна зноў глыбока ўздыхнула. - Ай, дарагі, нам жа здрадзілі, праз гэта ўсё так і здарылася.
- І навошта вы кінуліся дапамагаць палякам? Што яны вам?
- Праўда, праўда. Калі б мы не перашкаджалі вашаму Гітлеру, дазволілі захапіць Польшчу, ён бы нас не зачапіў.
Развітваючыся, Ганс сказаў, што калі-небудзь яшчэ загляне.
- І пра свініну я не забудуся, - дадаў ён.
Гансу пашанцавала. Ён атрымаў заданне не менш як два разы на тыдзень ездзіць у гарадок па справах і такім чынам мог часцей наведвацца на ферму. Ганс узяў сабе за правіла ніколі не прыязджаць туды з пустымі рукамі. Але з Анет у яго нешта не клеілася. Ён імкнуўся дамагчыся яе прыхільнасці, карыстаючыся тымі няхітрымі прыёмамі, супраць якіх, як навучыў Ганса яго мужчынскі вопыт, не кожная жанчына выстаіць. Але Анет з'едліва кпіла з яго спроб. Сцяўшы губы, калючая, непрыступная, яна так глядзела на Ганса, быццам быў ён самым кепскім чалавекам на свеце. Абураны Ганс гатовы быў схапіць яе за плечы і так трасянуць, каб дух з яе вытрасці.
Аднаго разу Ганс, калі Анет была дома адна і, як звычайна, памкнулася выйсці, загарадзіў ёй дарогу.
- Пачакай. Я хачу пагаварыць з табой.
- Гавары. Што ж, я безабаронная жанчына.
- Вось што я хачу табе растлумачыць. Як нам казалі, я магу тут застацца яшчэ надоўга. Жыццё ў вас, французаў, лепшае не стане, наадварот - яшчэ пагоршыцца. А я магу нечым памагчы. Чаму ты не хочаш зразумець, як твае бацькі?
Са старымі ў Ганса і сапраўды справы пайшлі на лад. Не сказаць каб стары быў з ім надта ветлівы, ставіўся ён да Ганса пакуль што сурова і адчужана, але ўсё ж такі далікатна. Ён нават папрасіў неяк Ганса прывезці крыху тытуню і, калі той адмовіўся ўзяць з яго грошы, шчыра падзякаваў. Стары цікавіўся навінамі з Суасона і прагна чытаў газеты, што прывозіў Ганс. Ганс, сам фермераў сын, нядрэнна разбіраўся ў гаспадарцы і мог слушна пагаварыць пра фермерскія клопаты. Ферма ў Пер'е была добрая, не дужа вялікая, але і не такая ўжо малая, з вадой зручна - тут недалёка цёк шырокі ручай, быў і сад і выган. Ганс уважліва слухаў старога, калі той скардзіўся, што не хапае рабочых рук, няма ўгнаення, жывёлу і гаспадарчы інвентар у яго пазабіралі і ўсё на ферме ідзе прахам.
- Ты пытаешся, чаму я не магу зразумець, як мае бацькі? Глядзі!
Анет туга абцягнула на жываце сукенку і так стаяла перад Гансам. Ён вачам сваім не паверыў. Тое, што ён раптам убачыў, ашаламіла яго. Кроў прыліла да шчок.
- Ты цяжарная?!
Яна села на крэсла і, паклаўшы галаву на рукі, заплакала так, быццам сэрца яе рвалася на часткі.
- Ганьба, якая ганьба! - паўтарала яна.
Ганс кінуўся да яе, паспрабаваў абняць і супакоіць.
- Дарагая мая!
Яна ўскочыла на ногі і адпіхнула яго.
- Не чапай мяне! Ідзі! Ідзі! Няўжо табе мала таго, што ты са мною зрабіў?
Яна выбегла з пакоя. Ганс некалькі хвілін стаяў адзін. Навіна яго вельмі ўсхвалявала.
Галава Ганса пухла ад думак, калі ён няспешна вяртаўся ў Суасон. Дабраўшыся да казармы, ён лёг на ложак і доўга ляжаў з шырока расплюшчанымі вачыма; гадзіна ішла за гадзінаю, а ён ніяк не мог заснуць. Ганс бачыў перад сабой Анет, яе агрубелую постаць. Яна здавалася яму цяпер маленькай, бездапаможнай, калі сядзела ля стала і плакала, душачыся слязьмі. Гэта ж яго дзіця выношвала яна.
Ён быў задрамаў, але раптам сон як рукой зняло. Неспадзяваная думка ашаламіла яго з раптоўнай і знішчальнай сілай гарматнага залпа: ён кахае Анет. Думка гэтая глыбока ўзрушыла Ганса, нейкі час ён разважаў, спрабуючы знайсці тлумачэнне. Бясспрэчна, ён часта думаў пра Анет, але зусім інакш. Яму проста хацелася, каб яна пакахала яго. Ён адчуе тады сябе сапраўдным пераможцам, калі яна сама дасць яму тое, што ён некалі ўзяў сілай. Але ніколі ў яго і думкі не было, што Анет можа стаць яму нечым іншым, чым тыя жанчыны, з якімі ён меў справы раней. І не такая ўжо яна прыгожая, хутчэй наадварот: звычайная, непрыкметная. Але адкуль жа гэта дзіўнае пачуццё, што болем адгукаецца ў сэрцы? Ганс ведаў: гэта каханне, і ў яго на душы стала радасна і светла; такога шчасця ён яшчэ не ведаў. Яму хацелася абняць яе, прыгалубіць, хацелася пацалаваць кожную слязінку ў яе вачах. Яго, здавалася, ужо не цягнула да яе як да жанчыны, ён толькі хацеў суцешыць яе, каб яна ўсміхнулася ў адказ, - дзіва, ён ніколі не бачыў яе ўсмешкі; ён хацеў бы зазірнуць ёй у вочы, у гэтыя цудоўныя, прыгожыя вочы, каб погляд яе зрабіўся мяккі і пяшчотны.
Тры дні Гансу не выпадала выбрацца з Суасона, і ўсе гэтыя тры дні і тры ночы ён думаў пра Анет і дзіця, якое яна народзіць. Урэшце ён усё ж такі знайшоў магчымасць паехаць на ферму. Ганс хацеў пагаварыць з мадам Пер'е сам-насам. Яму пашанцавала: ён спаткаў яе на дарозе недалёка ад фермы. Яна, відаць, збірала сухое галлё ў лесе і цяпер вярталася дадому з вялікай вязанкай на спіне. Ганс спыніў матацыкл. Ён ведаў, што фермерыха ветлівая з ім толькі таму, што ён прывозіць прадукты, але гэта пакуль што яго мала кранала; дзякуй богу за тое, што яна ставіцца да яго цяпер добра і будзе далікатная з ім, пакуль можна з яго што-небудзь выцягнуць. Ганс растлумачыў, што хоча пагаварыць з ёю, і папрасіў яе пакласці вязанку на зямлю. Дзень быў шэры, па небе плылі хмары, але было не холадна.
- Я ўсё ведаю пра Анет, - сказаў Ганс.
Яна здрыганулася.
- Як ты дазнаўся? Яна нізашто не хацела, каб ты ведаў.
- Яна сама мне сказала.
- Бачыш, што ты тады нарабіў.
- Я б ніколі не падумаў, што яна... Чаму вы мне раней нічога не сказалі?
Яна пачала расказваць. Без горычы, нават не вінавацячы, быццам тое, што здарылася, - звычайная жыццёвая справа, - ну, калі б карова здохла ў час ацёлу ці моцны мароз прыхапіў фруктовыя дрэвы і загубіў ураджай, - беды, якія трэба прымаць пакорліва і маўкліва. Пасля таго страшнага вечара Анет праляжала некалькі дзён у ложку з высокай тэмпературай, трызніла амаль увесь час, ускрыквала, кідалася некуды бегчы. Прывезці доктара не маглі - свайго ж вясковага прызвалі ў армію. У Суасоне засталіся толькі два ўрачы, абодва старыя - да фермы ім не дабрацца. Дый урачам наогул забаранілі пакідаць межы горада. Потым тэмпература спала, але Анет было кепска, - яна не магла ўстаць з ложка, а калі нарэшце ўстала, была зусім бледная, нядужая. Прайшоў адзін месяц, потым другі, мінулі ўсе тэрміны, але месячных у Анет не было. Першая адчула нядобрае мадам Пер'е. Яна распытала ў Анет. Абедзве жахнуліся, але ўсё ж такі пакуль не былі ўпэўненыя, што Анет цяжарная. Вырашылі бацьку нічога не казаць. Калі мінуў і трэці месяц, яны ўжо не сумняваліся... Анет зацяжарала.
У іх быў старэнькі «сітраэн», якім яшчэ да вайны мадам Пер'е два разы на тыдзень вазіла прадукты на рынак у Суасон, але з часу нямецкай акупацыі прадуктаў на продаж заставалася гэтак мала, што і патрэбы не было ганяць машыну. Дый бензіну дастаць было цяжка. Цяпер жа неяк заправілі машыну і паехалі ў горад. У Суасоне ім сустракаліся толькі нямецкія машыны, па вуліцах разгульвалі нямецкія салдаты, шыльды былі на нямецкай мове, а звароты да насельніцтва, падпісаныя камендантам горада, - на французскай. Амаль на ўсіх крамах віселі замкі.
Яны зайшлі да старога, знаёмага ім урача, і той пацвердзіў іх падазрэнні. Доктар быў шчыры католік і не захацеў дапамагчы дзяўчыне. У адказ на іх слёзы ён паціснуў плячыма.
- Ты не адна, - сказаў ён Анет. - Il faut souffrir*. Яны ведалі, што ў горадзе ёсць яшчэ адзін доктар, і пайшлі да яго. Пазванілі. Ім доўга ніхто не адчыняў. Нарэшце выйшла жанчына ў чорнай сукенцы. Калі яны спыталіся, ці дома доктар, яна заплакала. Немцы арыштавалі яго за тое, што ён масон, і цяпер трымаюць як заложніка; у кафэ, якое звычайна наведвалі нямецкія афіцэры, узарвалася бомба, у выніку - два забітыя, некалькі параненых. Калі да вызначанага часу вінаватыя не з'явяцца, усіх заложнікаў расстраляюць. Жанчына, здавалася, была добрая, і мадам Пер'е ёй пра сваю бяду расказала.
* Трэба скарыцца (франц.).
- Нягоднікі, - сказала жанчына. Яна спагадліва паглядзела на Анет. - Беднае дзяўчо.
Жанчына напісала ім адрас акушэркі, дадаўшы, што яны могуць спасылацца на яе. Акушэрка дала нейкія лекі. Ад гэтага лякарства Анет зрабілася так дрэнна, што яна ўжо думала, што памірае, але лекі не дапамаглі. Анет засталася цяжарная.
Усё гэта мадам Пер'е расказала Гансу. Нейкі час той маўчаў.
- Заўтра нядзеля, - сказаў ён. - Заўтра я не заняты. Заеду да вас. Прывязу што-небудзь смачнае.
- Мы пагублялі ўсе іголкі. Ты б мог дастаць?
- Паспрабую.
Яна ўскінула на спіну вязанку і пацягнулася дамоў. А Ганс вярнуўся ў Суасон.
На другі дзень ён ужо не на матацыкле, а на ўзятым напракат веласіпедзе зноў паехаў на ферму. Пакунак з прадуктамі ён прывязаў да рамы. Сёння пакунак быў большы, чым заўсёды, там ляжала яшчэ пляшка шампанскага.
Да фермы ён пад'ехаў, калі цямнела і ўся сям'я вярнулася пасля работы дадому. Ён увайшоў на кухню. Тут было цёлла і ўтульна. Мадам Пер'е завіхалася ля печы, муж чытаў «Пары суар». Анет цыравала панчохі.
- Вось глядзіце, прывёз вам іголкі, - сказаў Ганс, развязваючы пакунак. - А гэта табе, Анет, на сукенку.
- Мне нічога не трэба.
- Няўжо? - здзівіўся ён. - А ці не настаў час пачынаць шыць адзежу дзіцяці?
- Праўда, Анет, ужо пара, - умяшалася ў гаворку маці, - а ў нас нічога няма. - Анет нават не адарвала вачэй ад работы. Мадам Пер'е прагавіта зірнула на тое, што было ў пакунку. - Шампанскае!
Ганс усміхнуўся.
- Зараз я вам растлумачу, навошта я яго прывёз. У мяне ідэя ёсць. - Нейкую хвіліну ён вагаўся, потым усеўся ў крэсла насупраць Анет. - Далібог, і не ведаю, з чаго пачаць. Я вельмі шкадую, што тады ўсё так здарылася. Але гэта не мая віна, так склаліся абставіны. Ці можаш ты мне дараваць?
Яна з нянавісцю зірнула на яго.
- Ніколі! Чаму ты ўсё цягаешся сюды? Няўжо табе мала, што загубіў мне жыццё?
- Я якраз пра гэта. Можа, і не загубіў. Калі я даведаўся, што ў цябе будзе дзіця, мяне ўсяго быццам перавярнула. Усё цяпер перамянілася. Я ганаруся гэтым.
- Ганарышся? - спыталася яна з'едліва.
- Я хачу, каб ты нарадзіла дзіця, Анет. Я рады, што табе не ўдалося ад яго збавіцца.
- Як толькі ў цябе нахабства хапае гаварыць мне пра такое?
- Ды ты паслухай! Я ж цяпер толькі пра гэта і думаю. Праз якіх паўгода вайна скончыцца. Вясной мы паставім ангельцаў на калені. Абавязкова. Тады мяне дэмабілізуюць, і я ажанюся з табою.
- Ты? Чаму ты?
Праз цёмны загар відаць было, як твар яго зачырванеўся. Ён не мог прымусіць сябе вымавіць гэта па-французску, таму сказаў на нямецкай мове - ён ведаў, што Анет разумее нямецкую:
- Ісh lіеbе dіch*.
* Я кахаю цябе (ням.).
- Што ён гаворыць? - спыталася мадам Пер'е.
- Кажа, што кахае мяне.
Анет адкінула галаву і зайшлася смехам. Яна рагатала, а з вачэй па шчоках вялікімі гарошынамі каціліся слёзы. Мадам Пер'е балюча ўдарыла яе па шчоках.
- Не звяртай увагі, - сказала яна Гансу. - Звычайная істэрыка. У цяжарных бывае.
Анет ледзь узяла сябе ў рукі.
- Я прыхапіў бутэльку шампанскага, адсвяткуем нашы заручыны.
- Вось гэта якраз і крыўдна, - сказала Анет, - што нас перамаглі дурні, бязмозглыя дурні.
Ганс гаварыў далей, але ўжо па-нямецку:
- Я і сам не ведаў, што кахаю цябе, не ведаў да таго часу, пакуль ты не сказала, што ў цябе будзе дзіця. Мяне тады быццам маланка ўдарыла, але думаю, што кахаю цябе ўжо даўно.
- Пра што ён гаворыць? - зноў спыталася мадам Пер'е.
- Вярзе нейкую лухту.
Ганс зноў перайшоў на французскую. Хай бацькі Анет ведаюць усё, што ён збіраецца сказаць.
- Я б і цяпер з табою ажаніўся, толькі мне не дазволяць. Ты не думай, што ў мяне кішэні пустыя. Бацькі мае заможныя, і сям'я наша - у гарадку вядомая. Я самы старэйшы сын, і ты ніколі не будзеш у нястачы.
- Ты католік? - спыталася мадам Пер'е.
- Католік.
- Вось гэта добра.
- Там, дзе мы жывём, мясціна вельмі прыгожая і глеба ўрадлівая. Лепшага кутка не знойдзеш ад Мюнхена да Інсбрука. І куток свой. Мой дзед набыў яго пасля вайны сямідзесятага года. У нас і машына ёсць, і радыё, і тэлефон паставілі.
Анет павярнулася да бацькі.
- Ён надзіва тактоўны, гэты дурань, - сказала яна іранічна, потым, гледзячы Гансу ў вочы, дадала: - Безумоўна, мне там падрыхтавалі салодкае жыццё - мне, чужаземцы з прыгнечанай краіны, дый яшчэ з дзіцём, народжаным без шлюбу. Усё гэта гарантуе мне шчасце, так?
І тут упершыню загаварыў Пер'е, чалавек на словы вельмі скупы.
- І праўда, - паглядзеў ён на Ганса, - па-людску ты робіш, нічога не скажаш. Я сам на апошняй сусветнай лямку цягнуў, ведаю, як бывае. На вайне чалавек мяняецца. Такая ўжо натура, і нічога тут не зробіш. Але цяпер, калі сын наш забіты, у нас няма нікога, акрамя Анет. Мы не можам з ёю расстацца.
- Я ўжо думаў, што вам прыйдзецца цяжкавата. І вось што я вырашыў: я застаюся тут.
Анет спалохана зірнула на Ганса.
- Што ты хочаш гэтым сказаць? - спыталася мадам Пер'е.
- У мяне ёсць брат. Ён застанецца з бацькам, будзе дапамагаць. Месца тут мне падабаецца. Чалавек энергічны і з галавой можа зрабіць цацку з такой фермы, як ваша. Пасля вайны шмат немцаў асядуць у Францыі. Кажуць, што ў французаў зямлі надта многа, апрацоўваць яе няма каму. Я сам чуў пра гэта ад аднаго нашага лектара ў Суасоне. Ён казаў, што багата французскіх фермаў занепадаюць таму, што там няма каму працаваць.
Старыя пераглянуліся. Анет бачыла, што бацькі былі ўжо гатовыя пагадзіцца. Менавіта пра гэта яны і марылі з таго самага дня, як загінуў іх сын: ім патрэбен быў добры зяць, здаровы, дужы, каб было каму клапаціцца пра ферму, калі старыя ўжо не здолеюць гаспадаркі.
- Тады іншая справа, - сказала мадам Пер'е, - трэба добра падумаць.
- Змоўкніце, вы, - крыкнула Анет. Яна падалася наперад, вочы ў яе гарэлі, словы гэтыя яна кінула ў твар немцу. - У мяне ёсць жаніх, настаўнік, ён выкладаў у тым самым горадзе, дзе і я. Пасля вайны мы збіраемся пажаніцца. Ён не такі дужы і не прыгожы, як ты. Ён невысокі і вузкаплечы. Яго прыгажосць - яго розум, які адбіваецца на ягоным твары, і ўся сіла яго - сіла душэўнай велічы. Ён не варвар, ён культурны чалавек, за яго плячыма тысячы гадоў цывілізацыі. Я кахаю яго. Кахаю ўсёй сваёй душой.
Ганс засмуціўся. Ён і не думаў ніколі, што Анет можа кахаць каго-небудзь яшчэ.
- Дзе ён цяпер?
- А ты не здагадваешся, дзе ён можа быць. У Германіі, у палоне, памірае з голаду. А вы тут жывяце прыпяваючы. Колькі разоў мне яшчэ паўтараць, што ты брыдкі, агідны чалавек? Няўжо ты думаеш, я магу ўсё забыць? Ніколі - чуеш? Ты хочаш загладзіць віну? Ты дурань. - Яна адкінула галаву, зірнула вачыма, поўнымі нясцерпнай тугі. - Ты зняславіў мяне. Але ён даруе мне, у яго добрая душа. Я толькі баюся, а што, калі ён некалі падумае, што, можа, ты ўзяў мяне не сілай, што я аддалася за гэты сыр, масла, за шаўковыя панчохі. Я была б не адзіная, такія ёсць. Якое ж тады будзе ў нас жыццё? Паміж намі застанецца дзіця, дзіця, прыжытае ад немца. Тваё дзіця, такое ж вялікае і бялявае, такое ж сінявокае, як і ты. О божа літасцівы, за што ты мяне так пакараў?!
Яна выбегла з кухні. Нейкі час усе трое, што засталіся, маўчалі. Ганс пустымі вачыма глядзеў на бутэльку шампанскага. Потым глыбока ўздыхнуў, устаў і пайшоў да дзвярэй. Мадам Пер'е хуценька падхапілася і кінулася за ім.
- Ты не схлусіў, што ажэнішся з ёю? - спыталася яна ціха.
- Ажанюся. Я кахаю яе.
- І ты не забярэш яе адсюль? Ты застанешся тут і будзеш працаваць на ферме?
- Буду. Я ж казаў.
- Стары мой, вядома, доўга цягнуць гаспадарку не зможа. Дома табе давялося б усё дзяліць папалам з братам. А тут з кім дзяліць?
- І праўда, дзяліць няма з кім.
- Нам вельмі не падабалася, шчыра скажу, што Анет збіралася пайсці за гэтага свайго настаўніка. Але тады быў жывы яшчэ сын. Ён казаў, хай ідзе за каго хоча. Вельмі ж моцна яна яго кахае. Але цяпер сын наш, бедны хлопчык, памёр, цяпер зусім іншая справа. Адна яна гаспадарку не пацягне, калі б нават і захацела.
- Такую ферму прадаваць нельга. Я ведаю, што значыць чалавеку свая зямля.
Яны выйшлі на дарогу. Мадам Пер'е схапіла Гансаву руку і моцна сціснула.
- Прыходзь зноў хутчэй.
Ганс бачыў, што старая на яго баку. Гэтая думка і суцяшала яго, калі ён вяртаўся ў Суасон. Шкада, што Анет кахае другога. Але ён, на шчасце, у палоне. Калі ён вернецца, ужо будзе дзіця. І Анет, можа, пераменіцца. Хіба жанчыну зразумееш? У іхняй вёсцы была адна, так ужо моцна кахала свайго мужа, што з яе смяяліся, а як нарадзіла, дык мужа пасля і бачыць не магла. Хто ведае, можа, што-небудзь такое - толькі наадварот - здарыцца і з Анет. Цяпер, калі ён зрабіў ёй прапанову, яна ўрэшце ўцяміць, што хлопец ён прыстойны. Які жаласлівы выгляд быў у яе, калі сядзела яна вось гэтак, адкінуўшы галаву. А як хораша яна гаварыла! Артыстка на сцэне наўрад ці змагла б лепей. І ўсё было так натуральна. Сапраўды, французы гаварыць умеюць. Анет, безумоўна, разумная. Нават калі гаворыць яна з'едліва, слухаць яе - адна асалода. І ён лічыць сябе адукаваным, але не варты ён яе мезенца. Яна культурная, гэтага ў яе не адняць.
- Які ж я дурань, - сказаў ён уголас і мацней націснуў на педалі свайго веласіпеда. Яна ж сама казала пра яго, што рослы, дужы, прыгожы. Няўжо яна б так гаварыла, калі б ставілася да яго абыякава? І пра дзіця яна казала, што вочы ў яго будуць блакітныя, як у бацькі. Не сысці яму з гэтага месца, калі яго бялявыя валасы і блакітныя вочы не кранулі яе! Ганс самазадаволена ўсміхнуўся. Час пакажа. Крышачку цярпення, а прырода сваю справу зробіць.
Тыдні праходзілі адзін за адным. Камандзір часці ў Суасоне, чалавек ужо немалады, вопытны ваяка, ведаў, што чакае салдатаў вясной, таму лішне не даймаў іх работай. Нямецкія газеты пісалі, што Luftwaffe* разбурылі ўсе гарады Англіі, насельніцтва ахоплена панікай. Нямецкія падводныя лодкі топяць брытанскія судны дзесяткамі. Англія галадае. Неўзабаве чакаюцца вялікія перамены. Да лета ўсё будзе скончана, немцы авалодаюць усім светам. Ганс напісаў бацькам, што збіраецца ажаніцца з францужанкай і атрымае ў прыдачу выдатную ферму. Ён прапанаваў брату пазычыць дзе-небудзь грошай і сплаціць яго, Гансаву, долю, каб Ганс мог прыкупіць яшчэ зямлі ў Францыі, пашырыць сваю ферму. Пасля вайны, дый пры цяперашніх грашах, зямлю можна купіць амаль дарма. Ганс хадзіў па ферме разам са старым Пер'е і тлумачыў, што і як ён тут пераробіць. Стары ўважліва яго слухаў. Трэба тое-сёе прыдбаць з інвентару. Ён як немец атрымае льготы. Трактар ужо стары, Ганс купіць новы ў Германіі, і механічны плуг таксама. Каб ферма давала прыбытак, трэба скарыстоўваць сучасную тэхніку. Потым мадам Пер'е расказвала Гансу, што муж лічыць яго, Ганса, спраўным гаспадаром. Яна цяпер прымала Ганса ветліва і дамаглася, каб ён абедаў у іх кожную нядзелю. Яна перайначыла яго імя на французскі лад і клікала цяпер проста Жанам. Ён ахвотна дапамагаў гаспадарцы. Анет ужо не магла шмат працаваць, таму Ганс зрабіўся вельмі патрэбным чалавекам на ферме.
* Германскі ваенна-паветраны флот (ням.).
Анет, як і раней, ставілася да яго варожа. Яна ніколі не пачынала з ім гаворку першая, толькі адказвала на яго пытанні, а калі была самая маленькая прычына, хавалася ў сваім пакоі наверсе. Пакой быў халодны, і ёй даводзілася часта хадзіць у кухню. Тады яна садзілася каля печы, шыла ці чытала і не звяртала на Ганса ніякай увагі, быццам яго тут і не было. Яна расцвіла, як кветка, свежая чырвань разлілася па шчоках. Ганс лічыў, што яна была прыгажуня. Ён глядзеў на яе і ў душы шчыра радаваўся.
Аднойчы ён, як заўсёды, ехаў на ферму. Нечакана на дарозе ўбачыў мадам Пер'е, якая спяшалася яму насустрач і махала рукой, каб ён спыніўся. Ганс націснуў на тормаз.
- Чакаю цябе ўжо цэлую гадзіну. Думала, не прыедзеш. Не заходзь да нас сёння. П'ер памёр.
- Які П'ер?
- П'ер Гавен. Настаўнік, за якога Анет збіралася пайсці замуж.
Сэрца ў Ганса радасна забілася. Вось як пашанцавала! Цяпер ён яе возьме!
- Яна вельмі расхвалявалася?
- Яна не плача. Я хацела загаварыць з ёю, але яна на мяне так накінулася. Ты лепей сёння не паказвайся ёй на вочы, а то, глядзі, за нож схопіцца.
- Ці ж я вінаваты, што ён памёр? А як вы пра гэта даведаліся?
- Яго сябра ўцёк з палону, цяпер ён у Швейцарыі. І вось напісаў ліст. Прыйшоў сёння раніцай. Палонныя ў лагеры паднялі бунт: іх там марылі голадам. Завадатараў расстралялі. Сярод іх быў і П'ер.
Ганс маўчаў. П'ер, ён лічыў, атрымаў па заслугах. Яны там думаюць, што канцэнтрацыйны лагер ім курорт, ці што?
- Дай ёй апамятацца, - казала мадам Пер'е. - Калі супакоіцца, я з ёю пагавару. Я напішу табе, калі можна будзе зноў да нас прыехаць.
- Добра, я буду чакаць. Але вы мяне падтрымаеце, праўда?
- Абавязкова. Мы ж з мужам згодныя. Мы ўсё абмеркавалі, узважылі і вырашылі, што нам лепей прыняць тваю прапанову. Ён не дурань, мой муж, а ён кажа, што цяпер Францыю можа ўратаваць толькі саюз з немцамі. А ўжо, як бы там ні было, мне ты падабаешся. Я нават так мяркую, што ты будзеш лепшым мужам Анет, чым той настаўнік. Ды яшчэ дзіця ў вас будзе.
- Я хачу, каб быў хлопчык, - сказаў Ганс.
- Хлопчык і будзе, вось пабачыш. Я варажыла на кафейнай гушчы. І на картах таксама. Кожны раз адно: хлопчык.
- Каб не забыцца, тут вам газеты, - сказаў Ганс і павярнуў матацыкл, каб ехаць назад.
Ён даў ёй тры апошнія нумары «Пары суар». Стары Пер'е чытаў іх кожны вечар. Ён чытаў пра тое, што французам трэба цвяроза глядзець на факты, што яны павінны прызнаць «новы парадак», які Гітлер збіраецца ўсталяваць у Эўропе; ён чытаў, што нямецкія падводныя лодкі цяпер ва ўсіх морах, што генеральны штаб дэталёва распрацаваў план кампаніі, каб паставіць Англію на калені, і што амерыканцы кепска падрыхтаваліся, вельмі неаператыўныя і слабыя, каб дапамагчы Англіі. Ён чытаў, што Францыі трэба выкарыстаць самім богам пасланую магчымасць і аднавіць сваё пачэснае становішча ў новай Эўропе пры дапамозе нямецкага рэйха. І пісалі ўсё гэта не немцы, не, - самі французы. Пер'е ківаў галавой, чытаючы, што плутакраты і жыды будуць вынішчаны і просты народ Францыі возьме ўрэшце тое, што належыць яму па праву. Яны маюць рацыю, тыя разумныя людзі, якія тлумачаць, што Францыя - краіна земляробаў і яе апора - працавітыя фермеры. Ва ўсім гэтым ёсць сэнс. Так думаў стары Пер'е.
Неяк увечары пасля яды - прайшло ўжо дзесяць дзён, як яны дазналіся, што П'ера Гавэна няма, - мадам Пер'е, загадзя дамовіўшыся з мужам, сказала Анет:
- Я надоечы напісала Жану, каб ён заўтра да нас прыехаў.
- Дзякуй, што папярэдзілі. Я са свайго пакоя не выйду.
- Паслухай, дачка, не гавары глупства. Глядзі на ўсё цвяроза. П'ер памёр. Жан цябе кахае, хоча ажаніцца. Хлопец ён прыгожы. Любая дзяўчына ганарылася б такім мужам. Мы ж з бацькам не пацягнем фермы без яго. Ён абяцаў купіць на свае грошы трактар і плуг. Што было, тое было, забудзься пра гэта.
- Дарэмна ўсё, мама. Я раней зарабляла сабе на жыццё, зараблю і цяпер. Ён брыдкі, агідны чалавек. Каб магла, забіла б яго. Але мне мала яго смерці. Я хачу, каб ён пакутаваў так, як пакутую я. Здаецца, я і памру спакойна, калі змагу яго параніць гэтак балюча, як ён мяне.
- Што ты вярзеш, беднае дзіця.
- Слухайся мацеры, дачушка, - сказаў Пер'е. - Нас перамаглі, і цяпер трэба неяк прыстасоўвацца, наладжваць адносіны з пераможцамі. Мы разумнейшыя за іх, яшчэ невядома, хто выйграе. Францыя ўся наскрозь прагніла. Жыды і плутакраты - вось хто загубіў нашу краіну. Чытай газеты, сама сваім розумам дойдзеш.
- Я не веру ніводнаму слову ў гэтай газеце. Няўжо ты не разумееш, чаму ён іх табе цягне? Таму, што гэта здрадніцкая газета, яна прадалася немцам. Тыя, хто піша ў ёй, - здраднікі. Здраднікі! Божа літасцівы, дажыць бы мне да таго дня, калі раз'юшаны натоўп параздзірае іх на кавалкі! Іх купілі, купілі на нямецкія грошы. Падлюгі!
Мадам Пер'е страціла цярпенне.
- Чаго ты чапляешся да хлопца? Ну праўда, ён узяў цябе сілком. Ён быў п'яны, нічога не цяміў. Не ты першая, не ты апошняя, з кім гэта не здараецца. Ён жа тады ўдарыў твайго бацьку, з яго кроў лілася, як з параненага вепра, а ці ён злуецца?
- Гісторыя непрыемная, але я лічу за лепшае забыцца пра гэта, - сказаў Пер'е.
Анет пагардліва зарагатала.
- Табе б быць свяшчэннікам. Ты даруеш крыўдзіцелям з хрысціянскай цярплівасцю.
- Ну і што з таго? - злосна спыталася маці. - Хлопец зрабіў усё, што мог, каб загладзіць віну. Дзе б твой бацька браў тытунь усе гэтыя месяцы, каб не Жан?! І мы не галадалі толькі дзякуючы Жану.
- Калі б вы мелі хоць крышачку гонару, вы б шпурнулі яму ў твар усе яго падачкі.
- Але і табе ад іх перападала. Скажаш, не?
- Не! Ніколі!
- Хлусіш. Ты сама добра ведаеш, што гэта не так. Праўда, ты не ела сыру, што ён прыносіў, і алею, і сардзінаў. Але суп ты ела, а ў ім быў кавалак мяса, што прынёс Жан. А салата сёння на вячэру: ты б ела без алею, калі б не Жан.
Анет глыбока ўздыхнула, стомлена правяла рукой па вачах.
- Ведаю. Я не хацела дакранацца да гэтага, але не магла стрымацца: я так нагаладалася. Я ведала, што ў супе мяса, якое прынёс Ганс, але ўсё ж такі крышачку з'ела. Я ведала таксама, што салата з яго алеем. Я вырашыла спачатку адмовіцца, але есці так хацелася! Гэта не я ела, а галодны звер, што сядзіць ува мне.
- Так ці гэтак, але суп ты ела.
- Сорам, адчай быў у душы, але ела. Спярша іх самалёты і танкі зламалі нас, а цяпер, калі мы бездапаможныя, яны хочуць зламаць наш дух, мораць нас голадам.
- Няма тут чаго разважаць, дачушка, гэтым справе не дапаможаш. Ты жанчына вучоная, а ў галаве глупства. Забудзься пра тое, што было, падумай лепш пра дзіця, яму патрэбен бацька, я ўжо не кажу пра тое, што ў нас на ферме будзе такі работнік. Ён адзін варты двух парабкаў. Гэтак будзе разумней.
Анет паціснула плячыма, і ўсе трое змоўклі. На другі дзень прыехаў Ганс. Анет варожа зірнула на яго, але не скранулася з месца, не сказала ні слова. Ганс усміхнуўся.
- Дзякуй, што не ўцякла ад мяне, як заўсёды, - сказаў ён.
- Бацькі запрасілі цябе прыехаць. Яны пайшлі ў вёску. А я, пакуль іх няма, хачу без хітрыкаў пагаварыць з табой. Сядай.
Ён зняў шынель і каску, падсунуў крэсла бліжэй да стала.
- Бацька і маці хочуць, каб я пайшла за цябе. Ты - спрытны. Змог-такі абвесці іх вакол пальца. Яны вераць таму, што пішуць у газетах, якія ты носіш ім. Дык вось, ведай: я ніколі не буду тваёй жонкай. Я раней і ўявіць сабе не магла, што можна так ненавідзець чалавека, як я ненавіджу цябе.
- Слухай, давай лепей гаварыць па-нямецку. Ты ж добра ведаеш мову, зразумееш, што я буду казаць.
- Дзіва што! Я выкладала гэтую мову. Два гады я адпрацавала гувернанткай у Штутгарце.
Ганс перайшоў на нямецкую, яна ж, як і раней, гаварыла па-французску.
- Я вельмі кахаю цябе, зачараваны табою. Я ў захапленні ад тваёй адукаванасці, культурнасці. Вельмі паважаю цябе. Я, вядома, разумею, што цяпер ты не пойдзеш за мяне, калі б нават такая магчымасць і была. Але П'ер жа памёр.
- Не смей называць гэта імя! - крыкнула Анет. - Гэтага яшчэ не хапала!
- Я толькі хацеў выказаць спачуванне, што ён...
- Што яго расстралялі немцы.
- Можа, з часам ты будзеш менш думаць пра яго. Ведаеш, калі памірае чалавек, якога кахаеш, здаецца, што ўжо не перажывеш. Але міне час, і ўсё забываецца. А ты не думаеш, што твайму дзіцяці патрэбен бацька?
- Калі б я нават і не кахала другога, няўжо ты думаеш, я забылася б, што ты немец, а я францужанка? Калі б ты не быў такі дурань, як усе вы, немцы, ты б скеміў, што дзіця застаецца мне вечным дакорам. Думаеш, у мяне няма сяброў? Як я буду глядзець ім у вочы - я, у каго дзіця ад нямецкага салдата? Адно прашу: пакінь мяне адну з маёю ганьбаю, Богам прашу, ідзі і ніколі не вяртайся.
- Але гэта ж маё дзіця. Я хачу быць з ім.
- Ты? - шчыра здзівілася яна. - Што табе гэтае дзіця, зачатае па-свінску.
- Ты не разумееш. Я шчаслівы, я ганаруся. Калі я даведаўся, што ты цяжарная, тады я і зразумеў, што кахаю цябе. Спярша і сам не паверыў, так гэта было нечакана. Няўжо ты не разумееш? Дзіця гэтае для мяне - усё на свеце. Не ведаю, як табе гэта растлумачыць. Яно яшчэ не нарадзілася, а ўжо блізкае, роднае мне. Я сам часам сябе не разумею.
Анет уважліва паглядзела на яго, вочы яе дзіўна заблішчэлі, быццам нейкая думка раптам працяла яе. Яна нервова засмяялася.
- Не ведаю, што ў мяне мацнейшае: нянавісць да нямецкага свінства ці пагарда да іх сентыментальнасці.
Ён, здавалася, не звярнуў увагі на яе словы.
- Я ўвесь час толькі пра яго і думаю.
- А ты ўпэўнены, што будзе хлопчык?
- Я ведаю, што будзе абавязкова хлопчык. Мне вельмі хочацца патрымаць яго на руках, я буду вучыць яго хадзіць. А калі ён падрасце, навучу ўсяму, што сам магу. Навучу ездзіць вярхом, навучу страляць. У вашай рэчцы ёсць рыба? Навучу яго вудзіць рыбу. Я самы шчаслівы бацька на свеце.
Яна глядзела на яго халоднымі, жорсткімі вачыма. Твар быў напружаны, суровы. Страшэнная думка зноў працяла яе. Ён жа лагодна ўсміхнуўся ў адказ.
- Калі ты ўбачыш, як я моцна люблю нашага сына, можа, і ты мяне тады пакахаеш. Я буду табе добрым мужам, каханая мая.
Яна маўчала. Толькі вочы яе па-ранейшаму былі халодныя і жорсткія.
- Няўжо ты не знойдзеш мне хоць адно ласкавае слова? - спытаўся Ганс.
Анет ускіпела, моцна сціснула кулакі.
- Хай мною пагарджаюць іншыя, але я ніколі не зраблю так, каб потым пагарджаць сабой. Ты мой вораг і заўсёды ворагам застанешся. Мне б толькі дажыць да таго дня, калі Францыя зноў будзе свабодная. Але дзень гэты надыдзе. Хай праз год, праз два, можа, нават праз трыццаць гадоў, але ён надыдзе. Іншыя могуць жыць, як сабе хочуць, я ж ніколі не кіну змагацца з тымі, хто прыгнятае маю радзіму. Я ненавіджу і цябе, і дзіця, зачатае ад цябе. Нас перамаглі, але мы не скарыліся, ты яшчэ ўбачыш. А цяпер ідзі. Я так вырашыла, і няма на свеце сілы, якая б прымусіла мяне зрабіць інакш.
Хвіліны дзве ён маўчаў.
- Трэба ж з доктарам дамовіцца? Усе выдаткі я бяру на сябе.
- Ты што, звар'яцеў? Хочаш, каб пра нашу ганьбу ўся вёска ведала? Маці сама зробіць, што трэба.
- А калі што-небудзь здарыцца?
- Не сунь носа ў чужое проса.
Ганс уздыхнуў, падняўся і выйшаў, зачыніўшы за сабой дзверы.
Яна сачыла праз акно, калі ён ішоў сцежкай да дарогі. Раптам яна адчула, што Гансавы словы закранулі ў яе душы нейкія невядомыя ёй дагэтуль пачуцці.
- Божа, божа літасцівы, дай мне сілу, - крыкнула яна ў роспачы.
Стары дварняк, што багата пражыў тут на ферме, з брэхам кінуўся да Ганса. Ганс ужо некалькі месяцаў спрабаваў прывучыць сабаку, але так і не змог. Калі ён хацеў яго пагладзіць, сабака адскокваў, гыркаў, шчэрыў зубы. І цяпер, раззлаваны на Анет за яе словы, Ганс груба таўхануў сабаку нагой, той адляцеў у кусты, заскуголіў і пакульгаў прэч.
- Звер! - выгукнула Анет. - Усё гэта няпраўда, няпраўда! А каб яшчэ крышачку, я пачала б яго шкадаваць.
На сцяне ля дзвярэй вісела люстэрка. Анет падышла да яго і паспрабавала ўсміхнуцца, але выраз твару застаўся жорсткі і халодны.
Быў ужо сакавік. У суасонскім гарнізоне пачалася незвычайная мітусня: муштравалі амаль кожны дзень, зачасцілі інспекцыі. Хадзілі розныя чуткі. Адно было зразумела - часць рыхтавалі да адпраўкі, але куды, пра гэта салдаты не ведалі. Адны меркавалі, што будзе вырашацца пытанне з Англіяй, некаторыя прытрымліваліся думкі, што пашлюць на Балканы; была гаворка і пра Ўкраіну. Увесь час Ганс ад клопату і турбот не знаходзіў сабе месца і на ферму паехаў праз два тыдні.
Дзень выпаў пахмурны, халодны. Была слота, вецер хвастаў па твары. Шэрае і бязрадаснае было наваколле.
- Нарэшце! - узрадавалася мадам Пер'е, калі Ганс прыехаў. - Мы ўжо чаго толькі не думалі.
- Не выпадала прыехаць раней. Загаду кожны дзень чакаем, збіраюцца некуды адпраўляць. А калі загад той будзе, невядома.
- Дзіця нарадзілася сёння раніцай. Хлопчык.
Ганс быў на сёмым небе ад шчасця. Ён кінуўся да старой, сціснуў яе ў абдымках, пацалаваў.
- У нядзелю нарадзіўся, будзе шчаслівы. Ну а цяпер трэба выпіць шампанскага. Як Анет?
- Добра, як добра можа адчуваць сябе жанчына ў такім стане. Роды былі не цяжкія. Уначы пачаліся схваткі, а ў пяць гадзін раніцы ўжо нарадзіла.
Стары Пер'е сядзеў ля самай печы, паліў люльку. Ён лагодна ўсміхнуўся, гледзячы на радаснага Ганса.
- Так з кожным бывае, калі нараджаецца першае дзіця, - сказаў ён.
- Валасы ў хлопчыка густыя і такія ж бялявыя, як у цябе. А вочы блакітныя. Усё так, як ты і думаў, - сказала мадам Пер'е. - Упершыню бачу такое прыгожае дзіця. Увесь у бацьку.
- Божа мой, які я шчаслівы! - усклікнуў Ганс. - Як добра жыць на свеце! Я хачу ўбачыць Анет.
- Не ведаю, ці захоча яна. Нельга яе цяпер турбаваць, яшчэ малако прападзе.
- Не-не, тады не трэба. Ні ў якім разе. Калі не хоча мяне бачыць, не трэба. Але дазвольце мне хоць хвілінку зірнуць на сына!
- Пачакай. Зараз паспрабую.
Мадам Пер'е выйшла. Чутны былі яе цяжкія крокі, пакуль яна паволі падымалася ла лесвіцы. Але амаль тут жа прыступкі зноў зарыпелі пад яе хуткімі крокамі. Яна, цяжка дыхаючы, убегла ў кухню.
- Яе там няма. Яе няма ў пакоі. І дзіцяці таксама няма.
Пер'е і Ганс ускрыкнулі, утраіх, не згаворваючыся, кінуліся па лесвіцы наверх. Рэзкае святло зімовага дня бязлітасна агаліла беднасць пакоя: жалезны ложак, танная шафка, камода. У пакоі сапраўды нікога не было.
- Дзе яна? - загаласіла мадам Пер'е. Яна выбегла ў вузкі калідорчык, расчыніла там дзверы, паклікала дачку: - Анет! Анет! О божухна, звар'яцела яна, ці што?
- Можа, яна ў гасцёўні?
Яны кінуліся ўніз у пакой, дзе даўно ніхто не жыў. Там было холадна і пуста, заглянулі ў кладоўку.
- Нідзе яе няма! Здарылася нешта нядобрае.
- Як яна магла выйсці з дому? - усхвалявана спытаўся Ганс.
- Праз парадныя дзверы, дурань!
Пер'е пабег да параднага ўвахода, агледзеў яго.
- Так і ёсць. Засаўка адсунута.
- Божухна! Божа літасцівы! - крычала мадам Пер'е. - Яна загубіць сябе!
- Трэба яе пашукаць, - сказаў Ганс. Па звычцы ён пабег назад у кухню - ён заўсёды заходзіў у дом праз кухню. Старыя пабеглі за ім.
- Куды ісці?!
- Божа мой! Рэчка... - раптам войкнула старая.
Ганс стаў як укопаны. У гэты момант на парозе з'явілася Анет. На ёй была начная кашуля і празрысты халацік са штучнага шоўку: блакітныя кветкі на ружовым фоне. Яна вымакла да ніткі, мокрыя валасы прыліплі да твару, брудныя пасмы звісалі на плечы. Яна была белая як смерць. Мадам Пер'е кінулася да дачкі, прыціснула да сябе.
- Дзе ты была? Небарака мая, ты ўся вымакла. Што здарылася?
Але Анет адпіхнула яе. Яна зірнула на Ганса.
- Ты прыйшоў якраз калі трэба.
- Дзе дзіця? - ускрыкнула мадам Пер'е.
- Я павінна была зрабіць гэта цяпер. Я баялася, што пазней у мяне не хопіць мужнасці.
- Анет, што ты зрабіла?!
- Тое, што падказала мне сумленне. Я апусціла яго ў рэчку і трымала пад вадой, пакуль ён не памёр...
Ганс жудасна ўскрыкнуў - гэта быў крык смяротна параненага звера. Ён закрыў твар рукамі і, хістаючыся, як п'яны, выбег з дому.
Анет кінулася ў крэсла і, паклаўшы галаву на сціснутыя кулакі, заплакала так, быццам сэрца яе рвалася на часткі.
Сябра пазнаецца ў бядзе
Вось ужо трыццаць гадоў я вывучаю сваіх сяброў. Але не надта многа ведаю пра іх. Я, пэўна, не адважуся наняць слугу, калі ў яго толькі прыемны твар, але ўсё ж такі, здаецца, гэта — менавіта твар, па чым мы звычайна мяркуем пра людзей, якіх упершыню бачым. Мы робім вывады па форме падбародка, па вачах, па абрысах губ. Але я не ўпэўнены, што мы часцей не памыляемся. Раманы і п'есы часта недакладна адлюстроўваюць жыццё, таму што аўтары, магчыма, па неабходнасці, ствараюць сваіх герояў падобнымі адзін на аднаго. Яны не могуць дазволіць сабе стварыць іх унутрана супярэчлівымі, таму што тады яны стануць незразумелымі, у той час як унутраная супярэчлівасць усё ж такі характэрная большасці з нас. Дый мы самі — не што іншае, як выпадковая мешаніна зменлівых якасцей. У кнігах па логіцы нам тлумачаць, што абсурдна сцвярджаць, што жоўты колер мае цыліндрычную форму, ці ўдзячнасць лягчэйшая за паветра; але ў гэтай мешаніне недакладнасцей наш унутраны жоўты колер цалкам можа азначаць каня з вазком, а ўдзячнасць — сярэдзіну наступнага тыдня. Я звычайна паціскаю плячыма, калі знаёмыя кажуць, што іх першае ўражанне пра чалавека заўсёды правільнае. Я лічу, што гэта людзі не дужа праніклівыя ці занадта ганарыстыя. Сам я асабіста пераканаўся, што чым больш я ведаю чалавека, тым больш ён мяне дзівіць: якраз пра сваіх даўнейшых сяброў я магу сказаць, што амаль нічога пра іх не ведаю.
Усе гэтыя развагі прыйшлі мне ў галаву, калі я даведаўся з ранішняй газеты, што Эдвард Хайд Бертан сканаў у Кобе. Гэты камерсант доўга жыў у Японіі, займаўся гандлем. Мы былі вельмі малазнаёмыя, але ён аднойчы мяне дужа ўразіў. Калі б я не чуў гэтай гісторыі ад яго самога, я ніколі б не паверыў, што ён здольны на такі ўчынак. Цікава, што вонкава і манерамі ён ствараў даволі дакладны тып. Тут якраз — тыповы цэльны характар. Гэта быў маленькі чалавек, не болей пяці футаў чатырох цаляў росту, вельмі зграбны, з сівымі валасамі, маршчыністым чырвоным тварам і блакітнымі вачыма. Здаецца, яму было каля шасцідзесяці, калі я пазнаёміўся з ім. Адзяваўся ён заўжды акуратна, з густам, адпаведна гадам і месцу ў грамадстве.
Хоць яго кантора была ў Кобе, Бертан часта паяўляўся ў Іякагаме. Аднойчы мне давялося жыць там некалькі дзён, чакаючы карабель. Нас пазнаёмілі ў Ангельскім клубе. Мы сталі партнёрамі ў брыдж. Гуляў ён вельмі добра. Гаварыў мала, як за картамі, так і пасля за кактэйлем. Кожны сказ яго быў старанна ўзважаны, але не пазбаўлены мяккага і стрыманага гумару. Бертан карыстаўся папулярнасцю ў клубе, і пасля, калі пайшоў, мне сказалі, што гэта адзін з найлепшых наведвальнікаў.
Так здарылася, што мы разам спыніліся ў Гранд-атэлі, і на другі дзень ён запрасіў мяне паабедаць. Я пазнаёміўся з яго жонкай, тоўстай, вясёлай, у гадах жанчынай, і дзвюма дочкамі. Гэта была, безумоўна, дружная сям'я. Але больш за ўсё мяне здзівіла Бертанава дабрыня. У лагодным яго позірку было нешта дужа прыемнае. Слухаеш яго мяккі голас, і ўявіць цяжка, што Бертан калі-небудзь можа яго павысіць. На твары — заўсёдная дабрадушная ўсмешка. Гэты чалавек прыцягвае вас, відаць, таму, што вы адчуваеце шчырую любоў яго да сваіх сяброў. Бертан безумоўна быў чалавек абаяльны. Але нічога саладжавага ў ім не было: ён любіў пагуляць у карты і выпіць, мог расказаць пікантную гісторыю, а ў маладосці нават захапляўся спортам. Гэта быў багаты чалавек, але кожную капейку ён зарабіў сваёй працай. Думаю, адзінае, што прымушае вас пашкадаваць Бертана, гэта яго маленькі рост і нейкая няўпэўненасць: кожны раз інстынктыўна хочацца абараніць яго. Сам жа ён, здаецца, не можа і муху пакрыўдзіць.
Аднойчы я сядзеў у гасцінай Гранд-атэля. Гэта было яшчэ да землятруса, і там стаялі скураныя крэслы. З вокан бачылася прасторная, ажыўленая гавань. Тут былі велізарныя марскія лайнеры, што накіроўваліся ў Ванкувер і Сан-Францыска ці праз Шанхай, Ганконг і Сінгапур — у Эўропу; грузавыя судны амаль з усіх куткоў свету, якія бачылі і буры і непагадзь, джонкі з высокай кармой і каляровымі парусамі і незлічоныя сампаны. Напружанае, клапатлівае жыццё, але, не ведаю чаму, гэта відовішча супакойвала душу. Рамантыка была побач: здавалася, выцягні руку — і дакранешся да яе.
Неўзабаве ў гасцінай з'явіўся Бертан. Убачыў мяне, падышоў і сеў у крэсла побач.
— Ці не прапусціць нам па чарачцы?
Ён пляснуў у далоні, падзываючы слугу, і заказаў два кактэйлі. Калі слуга з'явіўся з падносам, па вуліцы праходзіў чалавек, які ўбачыў мяне і прывітаўся.
— Вы ведаеце Тэрнера? — спытаўся ён.
— Мы пазнаёміліся ў клубе. Мне расказвалі, што ён эмігрант і жыве на грошы, якія атрымлівае з дому.
— Мабыць, праўда. Такіх людзей тут шмат.
— Ён добра гуляе ў брыдж.
— Як і ўсе яны. Тут быў адзін летась, уявіце, мой цёзка — лепшага гульца я не сустракаў у жыцці. Думаю, у Лондане ён не трапляўся вам. Называў ён сябе Лені Бертан. Я лічу, раней ён належыў да якога-небудзь арыстакратычнага клуба.
— Не, не памятаю такога прозвішча.
— Цудоўна гуляў у карты. Здавалася, ён валодаў нейкім асаблівым чуццём. Нават страшнавата. Я часта гуляў з ім. Нейкі час жыў у Кобе.
Бертан адпіў віна.
— Даволі забаўная гісторыя, — сказаў Бертан. — Неблагі хлопец. Мне падабаўся. Апранаўся заўжды з густам, нават франтавата. Прывабны, з кучаравымі валасамі, белатвары і ружовашчокі. Жанчыны на яго заглядаліся. Чалавек, увогуле, някепскі, ведаеце, толькі крыху валацуга. Піў шмат. Такія людзі заўжды многа п'юць. Трохі грошай ён атрымліваў з дому, раз у тры месяцы, дый выйграваў нямала ў карты. І ў мяне таксама.
На твары ў Бертана з'явілася лагодная ўсмешка. Я ўжо ведаў са свайго вопыту, што ён мог выкідваць вялікія грошы, гўляючы ў брыдж. Ён правёў па сваім добра выгаленым падбародку тонкай, амаль празрыстай рукой з напухлымі жыламі.
— Відаць, таму ён і прыйшоў да мяне, калі апынуўся без капейкі ў кішэні, і яшчэ, можа, таму, што ў нас былі аднолькавыя прозвішчы. Аднойчы ён зайшоў да мяне ў кантору, шукаў работы. Я здзівіўся. Ён растлумачыў, што больш не атрымлівае грошай з дому і таму яму трэба працаваць. Я спытаўся, колькі яму гадоў.
— Трыццаць пяць.
— А што вы рабілі?
— Папраўдзе, нічога.
Я рассмяяўся.
— Баюся, што пакуль нічым вам дапамагчы не змагу, — адказаў я. — Прыходзьце яшчэ праз трыццаць пяць гадоў, тады пабачым.
Ён не зварухнуўся. Збялеў. Памарудзіўшы крыху, урэшце шчыра сказаў, што апошнім часам яму не шанцуе ў карты. Надакучыла гуляць толькі ў брыдж, перайшоў на покер і прайграўся ўшчэнт. Не засталося ні капейкі. Залажыў усё, што меў. За атэль плаціць няма чым, у доўг ужо не вераць. Хто цяпер дапаможа? Калі не знойдзе аніякай работы, застаецца самагубства.
Хвіліну-дзве я вывучаў яго. І зразумеў, што хлопцу канцы. Відаць, піў ён апошнім часам больш звычайнага, і цяпер яму можна было даць усе пяцьдзесят. Наўрад ці жанчыны захапляліся б ім, калі б убачылі яго ў гэтую хвіліну.
— Але ўсё ж такі, ці ўмееце вы што-небудзь яшчэ рабіць, акрамя як гуляць у карты? — спытаўся я.
— Я ўмею плаваць, — быў адказ.
— Плаваць!
Я ледзьве паверыў сваім вушам: ах, якое глупства.
— Я плаваў за ўніверсітэт.
Я пачаў здагадвацца, куды ён хіліць. Я сустракаў шмат людзей, якія ў студэнцкія гады былі кумірамі сярод сваіх аднакашнікаў, але гэта не выклікала ў мяне павагі.
— Я сам быў някепскі плывец у маладыя гады, — сказаў я.
Але нечакана мяне працяла думка.
Перапыніўшы свой расказ, Бертан пытаецца ў мяне:
— Вы добра ведаеце Кобе?
— Не, — адказаў я, — быў там некалі праездам, але толькі пераначаваў.
— Тады вы не ведаеце Шыойя-клуб. Калі я быў малады, я праплываў адтуль вакол маяка да вусця ручая Тарумі. Гэта больш за тры мілі, праплыць якія было нялёгка, улічваючы моцную плынь за маяком. Ну, я расказаў майму цёзку пра гэта і паабяцаў, што, калі ён праплыве там, я дам яму работу.
Бачу, ён разгубіўся.
— Вы ж кажаце, што вы добры плывец, — сказаў я.
— Але я цяпер крыху не ў форме, — адказаў ён.
Я нічога не сказаў і паціснуў плячыма. Ён глядзеў на мяне з хвіліну, потым кіўнуў.
— Згодзен, — сказаў ён. — Калі мне плыць?
Я зірнуў на гадзіннік. Быў пачатак адзінаццатай.
— Гэта зойме ў вас не больш гадзіны з чвэрткай. Я буду ля ручая а палове першай і сустрэну вас. Потым завязу вас у клуб, каб вы пераапрануліся, і разам паснедаем.
— Дамовіліся, — сказаў ён.
Мы паціснулі адзін аднаму руку. Я пажадаў яму поспеху, і ён пайшоў. Гэтай раніцай у мяне было шмат работы, і я ледзь паспеў да вусця Тарумі а палове першай. Але я дарэмна спяшаўся: яго там не было.
— Збаяўся, відаць? — спытаўся я.
— Не, не збаяўся. Ён паплыў. Але, вядома, загубіўшы сваё здароўе праз п'янства і жанчын, ён не змог адолець плынь за маяком. Толькі на трэці дзень знайшлі цела.
Хвіліну ці дзве я маўчаў, крыху ашаломлены. Потым я задаў Бертану толькі адно пытанне:
— Калі вы прапанавалі яму плыць, вы ведалі, што ён патоне?
Бертан ціхенька хіхікнуў і паглядзеў на мяне лагоднымі і наіўнымі блакітнымі вачыма. Пацёр далонню падбародак і сказаў:
— Справа ў тым, што ў мяне ў канторы ўсё роўна не было свабоднага месца.
У чужой краіне
Па натуры я заўзяты вандроўнік, але падарожнічаю не дзеля помнікаў архітэктуры, якія дзе-нідзе ды наганяюць нуду, не дзеля прыгожага краявіду, які мне хутка надакучвае; я вандрую, каб сустракацца з людзьмі. Абмінаю, аднак, вялікіх. Ніколі не прагнуў сустрэчы з прэзідэнтам ці каралём. Мне даволі ведаць пісьменніка па яго кнігах, а мастака — па яго карцінах; але я прайшоў пешкі каля ста лье, каб убачыць місіянера, пра якога расказвалі незвычайныя гісторыі, і згадзіўся пражыць два тыдні ў найгоршым атэлі, каб толькі бліжэй пазнаёміцца з маркёрам. Думаю, мяне ўжо не здзівіш ніякай новай сустрэчай, але ёсць адзін чалавечы тып, які заўсёды можа ўразіць сваёй нетыповасцю. Гэта — ангелька, ужо ў гадах, звычайна адзінокая, добра забяспечаная, на якую можна натрапіць у самых нечаканых мясцінах па ўсім свеце. Нічога дзіўнага, калі вы пачуеце, што жыве яна ў сваёй віле на пагорку ў наваколлі невялікага італійскага гарадка, адзіная ангелька ва ўсёй акрузе, і вы, калі бачыце асабняк дзе-небудзь у Андалузіі, ужо амаль што падрыхтаваны пачуць, што тут многа гадоў жыла ангельская лэдзі. Яшчэ болей здзівіць, што адзіны белы жыхар у вялікім кітайскім горадзе — ангельская жанчына, не місіянер, якая жыве тут невядома чаму; другая прыжылася на выспе недзе ў Паўднёвых морах, трэцяя збудавала бунгала ў адной з вёсак у цэнтры Явы. Яны жывуць адны, гэтыя жанчыны, без сяброў, і нават не залішне ветліва сустракаюць вандроўніка. Хоць і вельмі рэдка бачаць яны земляка, звычайна пройдуць міма, напаткаўшы вас па дарозе, быццам не заўважылі. Калі вы, карыстаючыся сваім ангельскім паходжаннем, зробіце візіт, яны вас не прымуць; а калі ўсё ж такі запросяць, нальюць вам традыцыйны кубачак чаю з сярэбранага чайніка, а на талерцы з даўнейшага форсестэрскага шкла пададуць цудоўныя шатландскія праснакі. Размаўляць яны будуць далікатна, быццам вас забаўляюць у кентышскім доме свяшчэнніка, але, калі вы будзеце адыходзіць, яны не выкажуць ніякага жадання бачыць вас зноў. Цяжка зразумець, што прымушае іх не падтрымліваць аніякіх адносін з сябрамі і сваякамі і не цікавіцца тым, што адбываецца на радзіме. Ці гэта менавіта тая рамантыка, якую яны шукалі, ці свабода?
Але сярод гэтых ангельскіх жанчын, з якімі мне давялося сустракацца ці чуць пра іх (як я ўжо казаў, да іх цяжка знайсці падыход), адна пажылая лэдзі, што жыла ў Малой Азіі, найбольш мне запомнілася. Пасля доўгага і цяжкага падарожжа прыбыў я ў невялікі гарадок, дзе збіраўся падняцца на славутую вяршыню, і ўладкаваўся ў старым атэлі каля падножжа гары. Я прыехаў позна ўначы, запісаў сваё прозвішча ў кнізе і падняўся ў пакой. Было даволі холадна, і я, распранаючыся, пецепваўся, але ў гэты момант нехта пастукаў у дзверы і ўвайшоў драгаман*.
* Перакладнік (на Ўсходзе).
— Паклон ад сіньёры Нікаліні, — сказаў ён.
На маё дзіва, ён падаў грэлку. Я з удзячнасцю ўзяў яе.
— Хто гэта сіньёра Нікаліні? — спытаўся я.
— Гаспадыня гэтага атэля, — растлумачыў ён.
Я перадаў ёй маю падзяку, і ён пайшоў. Ніяк я не чакаў, што ў Малой Азіі ў гэтай богам забытай гасцініцы мне пададуць грэлку з цёплай вадой. Мне гэта было самае прыемнае на свеце (калі б вам не надакучыла да смерці вайна, я расказаў бы, як шэсць чалавек, рызыкуючы жыццём, пайшлі па грэлку ў замак у Фландрыі, які ў гэты час абстрэльвалі з артылерыі); і раніцай, каб падзякаваць ёй асабіста, я спытаўся, ці можна пабачыць сіньёру Нікаліні. Чакаючы яе, я ламаў галаву, адкуль у Італіі магла апынуцца грэлка. Праз хвіліну гаспадыня прыйшла. Гэта была мажная жанчына, у чорным фартуху, упрыгожаным карункамі, і ў маленькім чорным каптурыку таксама ў карунках. Яна стала, склаўшы накрыж рукі. Мяне ўразіў яе выгляд — яна была надта падобная на ахмістрыню з багатага ангельскага дома.
— Вы жадалі мяне бачыць, сэр?
Яна была ангелька, і па гэтых некалькіх словах я беспамылкова распазнаў у яе лёгкі акцэнт кокні*.
* Лонданскае прастамоўе, ужываецца ва ўсходняй частцы горада.
— Я хачу падзякаваць вам за грэлку з цёплай вадой, — адказаў я, чамусьці бянтэжачыся.
— Я ўбачыла ў кнізе прыезджых, што вы ангелец, сэр, а я заўсёды прыношу грэлку з цёплай вадой ангельскім панам.
— Шчырае вам дзякуй, яна была вельмі дарэчы.
— Я многа гадоў слугавала нябожчыку лорду Ормскірку, сэр. Ён заўсёды падарожнічаў з грэлкай. Вам яшчэ што-небудзь трэба, сэр?
— Пакуль што не, дзякуй.
Яна далікатна пакланілася і выйшла. А я доўга потым думаў, як магло здарыцца, што гэтая цікавая пажылая ангелька апынулася гаспадыняй атэля ў Малой Азіі. Было нялёгка завесці з ёю знаёмства, яна добра ведала сваё месца, якое сама сабе вызначыла, і трымалася ад мяне на адлегласці. Служба ў прыстойнай ангельскай сям'і не прайшла бясследна і наклала на сіньёру Нікаліні пэўны адбітак. Але дзякуючы маёй настойлівасці, я ўрэшце быў запрошаны на кубачак чаю ў яе невялічкую гасціную. Я дазнаўся, што яна працавала пакаёўкай у нейкай лэдзі Ормскірк, а сіньёр Нікаліні (толькі так дазваляла яна сабе называць нябожчыка мужа) служыў у маёнтку кухарам. Сіньёр Нікаліні быў вельмі прывабны мужчына, і ўжо некалькі гадоў да замужжа яна з ім сустракалася. Яны назбіралі патрэбную суму і пажаніліся. Пакінулі служыць і вырашылі купіць атэль. Прыдбалі гэтую гасцініцу па аб'яве, таму што сіньёр Нікаліні хацеў пабачыць свету. Гэта было амаль трыццаць гадоў назад, а ўжо пятнаццаць, як няма сіньёра Нікаліні. За ўвесь час удава ні разу не пабывала ў Ангельшчыне. Я пацікавіўся, ці не сумавала яна па радзіме.
— Не скажу, што не хацела пабыць дома, хоць і ведала, што там многае змянілася. Бацькі былі супраць майго шлюбу з чужаземцам, і з таго часу я не падтрымліваю з імі адносін. Вядома, тут шмат чаго не так, як у мяне на радзіме. Дзіва, але надта хутка прызвычайваешся. Многа пабачыла я ў жыцці. Не ведаю, ці змагла б я жыць так сумна і нецікава, як жывуць, напрыклад, у Лондане.
Я ўсміхнуўся. Словы гэтыя аніяк не стасаваліся з яе манерамі. Яна была ўзорам этыкету. Неверагодна, што гэтая жанчына больш за трыццаць гадоў пражыла ў такой дзікай, амаль варварскай краіне, і гэта на ёй не адбілася. Хоць турэцкай мовы я не ведаў, а яна размаўляла на ёй лёгка, я быў упэўнены, што гаворыць яна з памылкамі, дый таксама акцэнт кокні вельмі адчуваецца. Яна, прайшоўшы праз усе выпрабаванні і дзякуючы здольнасці ніколі не дзівіцца, засталася той адпаведна выхаванай ангельскай служанкай, што добра ведае сваё месца. Успрымала ўсё, як нешта само па сабе зразумелае. Яна бачыла ў кожным неангельцы іншаземца, таму — амаль прыдуркаватага чалавека, што заўсёды трэба прымаць у разлік. Яна кіравала сваімі падначаленымі дэспатычна — няўжо яна не ведае, як у багатым доме старшая чэлядзь павінна паказваць сваю ўладу над іншымі слугамі, што стаяць ніжэй? — і такім чынам у атэлі заўсёды падтрымліваліся парадак і чысціня.
— Раблю ўсё, што магу, — сказала яна, пачціва склаўшы накрыж рукі, як заўсёды рабіла, калі гаварыла са мною. — Зразумела, нельга чакаць ад іншаземцаў такіх жа разумных думак, як ад нас. Мой гаспадар звычайна гаварыў мне: «Паркер, у гэтай штодзённай мітусне, у якой мы жывём, трэба цвёрда весці сваю лінію».
Сіньёра Ніколіні падрыхтавала найвялікшы сюрпрыз у дзень майго ад'езду.
— Я вельмі рада, што вы не паедзеце, не пазнаёміўшыся з маімі сынамі.
— А я і не ведаў, што ў вас ёсць дзеці.
— Яны ездзілі па справах, але вось-вось павінны вярнуцца. Вы, вядома, здзівіцеся, калі іх убачыце. Я выгадавала іх, як кажуць, сваімі рукамі. Калі я памру, яны абодва стануць гаспадарамі гэтага атэля.
Праз нейкі час у хол увайшлі два высокія, смуглявыя, маладыя хлопцы. Вочы ў жанчыны засвяціліся ад радасці. А сыны падышлі да маці, абнялі яе і моцна пацалавалі.
— Яны не гавораць па-ангельску, сэр, але крышачку разумеюць. Ну і, вядома, валодаюць турэцкай мовай, як мясцовыя, а таксама — грэчаскай і італійскай.
Я паціснуў ім рукі, потым сіньёра Нікаліні нешта сказала, і яны пайшлі.
— У вас прыгожыя хлопцы, сіньёра, — сказаў я. — Вы, пэўна, ганарыцеся імі.
— А як жа, сэр. Слаўныя хлопцы, абодва. З самага нараджэння не мела я з імі клопату, а галоўнае, яны надта падобныя на сіньёра Нікаліні.
— Ведаеце, ніколі не здагадаешся, што маці ў іх ангелька.
— А я не зусім іх маці, сэр. Я толькі што пасылала іх праведаць яе.
Шчыра кажучы, я быў трохі збіты з толку.
— Гэта дзеці сіньёра Нікаліні і грачанкі, што працавала ў нашым атэлі. У мяне не было сваіх дзяцей, і я іх усынавіла.
Я не ведаў, што сказаць, таму маўчаў.
— Я спадзяюся, што вы не падумалі нічога кепскага пра сіньёра Нікаліні, — сказала яна, бліжэй падсоўваючыся да мяне, — мне хацелася б, каб вы так не думалі, сэр.
І яна зноў скрыжавала на грудзях рукі і з гонарам і задаволена дадала:
— Сіньёр Нікаліні быў вельмі тэмпераментны мужчына.
Жыгала і Жыгалета
У бары было багата людзей. Сэндзі Вэсткат паспеў ужо выпіць пару кактэйляў, а цяпер не супраць быў бы і пад'есці. Зірнуў на гадзіннік. Хутка дзесяць, а запрасілі на абед а палове дзесятай. Ева Барэт заўсёды спазняецца, каб не давялося яшчэ гадзіну сядзець галоднаму. Ён вырашыў узяць яшчэ адзін кактэйль, павярнуўся быў да бармена, і тут да стойкі падышоў чалавек.
- Хэло, Котман, - сказаў Сэндзі, - можа, вып'еце са мной?
- З задавальненнем, сэр.
Котман быў прыгожы мужчына гадоў, мабыць, каля трыццаці, невялікага росту, але вельмі зграбны, гожы, у элегантным двухбортным гарнітуры, бадай, залішне вузкім у таліі, і з гальштукам-бабачкай. Густыя кучаравыя бліскучыя валасы ён зачэсваў назад, з-пад ілба глядзелі вялікія чорныя вочы. Гаварыў ён як інтэлігент, але вымаўленне выдавала яго.
- Як Стэла? - спытаўся Сэндзі.
- Выдатна, сэр. Яна лічыць, што перад выступленнем трэба крыху паляжаць. Кажа, гэта супакойвае.
- Я б і за тысячу фунтаў не паўтарыў яе фокуса.
- Ну, вядома, акрамя яе, на гэта ніхто не здольны. Я маю на ўвазе - з гэткай вышыні і калі вады ўсяго пяць футаў.
- Ніколі ў жыцці не бачыў такога жудаснага відовішча.
Котман усміхнуўся. Пачуць гэтыя словы было прыемна.
Праўда, гэта Стэла, яго жонка, скакала ў ваду і рызыкавала жыццём, але полымя прыдумаў ён. Менавіта полымя так падабалася публіцы і прынесла іх нумару шумны поспех. Стэла скакала з шасцідзесяціфутавай вышыні, а вады ў рэзервуары было ўсяго пяць футаў. У ваду, перад самым яе скачком, вылівалі крыху бензіну, Котман падпальваў яго - полымя ўзлятала ўгору, а жанчына кідалася ўніз, проста ў агонь.
- Пака Эспінэль кажа, што ніколі яшчэ ў казіно не было такой прынады для публікі, - задаволена сказаў Сэндзі.
- Я ведаю. Ён казаў, што яны прадалі ў ліпені абедаў больш, чым звычайна прадавалі ў жніўні. І ўсё, кажа, дзякуючы нам.
- Ну і вам, я спадзяюся, тое-сёе перападае.
- Ды як вам сказаць, сэр. У нас кантракт. Мы, папраўдзе, і не ведалі, што будзе такі поспех. Але містэр Эспінэль пагаворвае, што, мабыць, пакіне нас яшчэ на месяц. Дык вось, скажу я вам шчыра: на тых самых умовах ці каля таго ён нас тут больш не ўбачыць. Сёння раніцай я атрымаў ліст ад аднаго агента - нас запрашаюць у Довіль.
- А вось і мае сябры, - сказаў Сэндзі.
Ён кіўнуў Котману і пайшоў. З дзвярэй выплыла Ева Барэт у акружэнні іншых гасцей, якія чакалі яе ў вестыбюлі. Разам з Вэсткатам было восем чалавек.
- Я так і думала, што мы знойдзем вас тут, Сэндзі, - сказала яна. - Я не спазнілася?
- Толькі на паўгадзіны.
- Пацікаўцеся, калі ласка, каму які кактэйль, і пойдзем абедаць.
Калі яны падышлі да стойкі, - там цяпер амаль ужо нікога не было: публіка перабралася на тэрасу да абедзенных столікаў, - Пака Эспінэль, што якраз ішоў міма, спыніўся, каб павітацца з Евай Барэт. Пака Эспінэль, малады чалавек, прамантачыўшы ўсё да апошняга граша, цяпер прыдумваў розныя відовішчы, каб прыцягнуць у казіно як мага больш людзей. Тым і зарабляў на жыццё. Яго галоўны абавязак - прынаджваць багатых наведвальнікаў. Місіс Чэланер Барэт, амерыканка, удава і ўладальніца вялікага багацця, не толькі шчодра частавала, але і гуляла ў карты. А, папраўдзе, усе гэтыя абеды і вячэры, дый два эстрадныя выступленні ў дадатак, даваліся толькі дзеля таго, каб публіка лёгка траціла свае грошы за зялёным сталом.
- Ці ёсць мне столік, Пака? - спыталася Ева Барэт.
- Самы лепшы. - Яго вочы, цудоўныя чорныя аргенцінскія вочы, зачаравана ўтаропіліся ў прывабныя выпукласці яе ўжо немаладога цела. Гэта таксама службовы абавязак. - Вы ўжо бачылі Стэлу?
- Вядома. Тры разы. Ніколі ў жыцці не бачыла страшнейшага нумара.
- Сэндзі, бачыце, кожны дзень прыходзіць.
- Мне хочацца быць сведкам трагічнай развязкі. Так ці іначай яна непазбежна разаб'ецца, шкада правароніць здарэнне.
Пака ўсміхнуўся.
- Яна карыстаецца вялікім поспехам, думаем пратрымаць яе яшчэ месяц. Трэба, каб яна не разбілася да канца жніўня. А там ужо яе справа.
- Ах, божухна, няўжо мне давядзецца яшчэ і ў жніўні штовечар есці фарэль і смажаных куранят, - жахнуўся Сэндзі.
- Сэндзі, вы страшны чалавек, - сказала Ева Барэт. -Ну, хадзем, пара абедаць: я паміраю з голаду.
Пака Эспінэль пацікавіўся ў бармена пра Котмана. Бармен сказаў, Котман толькі што піў тут з містэрам Вэсткатам.
- Мо ўбачыш зноў. Скажы, каб зайшоў да мяне: ёсць справа.
На першай прыступцы лесвіцы, што вяла на тэрасу, місіс Барэт крыху затрымалася, каб жанчына-рэпарцёр, маленькая, змораная, з неахайнай прычоскай, паспела падысці да яе з блакнотам у руцэ. Сэндзі шэптам назваў рэпарцёршы імёны запрошаных. Сабралася тыповая для Рыўеры кампанія. Ангельскі лорд з жонкай, абое цыбатыя і худыя, заўсёды згодныя абедаць з кожным, хто пачастуе іх, - гэтыя двое яшчэ да поўначы будуць п'яныя. Хударлявая шатландка з тварам перуанскага ідала, які выцерпеў націск незлічоных навальніц на працягу многіх стагоддзяў, і яе муж, ангелец. Па прафесіі біржавы маклер, які меў бравы выгляд і грубаватыя звычкі прастадушнага дабрака і здаваўся такім шчырым, што вы больш шкадавалі яго, чым сябе, калі ён - выключна з-за прыхільнасці да вас - даваў вам параду, а вы, кіруючыся ёю, заставаліся ў дурнях. Яшчэ тут прысутнічалі адна графіня-італьянка, якая на самай справе не была ні італьянкай, ні графіняй, затое выдатна гуляла ў брыдж, і расейскі князь, які меў сур'ёзныя намеры зрабіць місіс Барэт княгіняю, а пакуль што спекуляваў шампанскім, аўтамабілямі і карцінамі старых майстроў.
У гэты вечар у казіно быў баль, столікі на тэрасе стаялі шчыльна адзін да аднаго, і місіс Барэт, чакаючы, пакуль скончыцца танец, зверху з ледзь прыкметнай пагардай глядзела на танцораў. А за тэрасай ціха плёскала мора. Музыка скончылася, метрдатэль з прыязнай усмешкай кінуўся насустрач, каб паказаць Еве Барэт яе столік. Яна велічна спусцілася па прыступках.
- Адгэтуль нам будзе добра відаць, - зазначыла яна, сеўшы ў крэсла.
- Я люблю сядзець каля самага рэзервуара, каб лепей бачыць яе твар, - сказаў Сэндзі.
- А што, яна прыгожая? - спыталася графіня.
- Не ў гэтым справа. Галоўнае - выраз яе вачэй. Кожны раз ёй робіцца страшна да смерці.
- Не веру, - сказаў біржавы маклер, якога ўсе называлі «палкоўнік Гудхард», хоць адкуль у яго воінскае званне, заставалася таямніцай. - Будзьце пэўныя, гэта фокус, не болей, аніякай рызыкі тут на самай справе няма.
- Што вы кажаце! Яна ж скача з такой вышыні, а вады мала, трэба імгненна вывернуцца, як толькі даткнешся да вады. А не паспее - ударыцца галавой аб дно і зламае шыю.
- Маеце рацыю, - сказаў палкоўнік. - Але тут і спрачацца няма чаго - фокус, і ўсё.
- Ну, калі тут няма рызыкі, на што тады глядзець? - з'едліва спыталася Ева Барэт. - На скачок патрэбна якая хвіліна, не болей. Калі сапраўды яна не рызыкуе жыццём, гэта самае вялікае ашуканства ў нашы дні. Што ж атрымліваецца: мы ходзім сюды дзень пры дні, а тут усё, аказваецца, падман?
- Як і ўсё ў нашым жыцці, можаце мне паверыць.
- І праўда, каму, як не вам, ведаць, - сказаў Сэндзі.
Палкоўнік, відаць, адчуў намёк у свой адрас, але выгляду не падаў і задаволена засмяяўся.
- Дый праўда, я тое-сёе ведаю, - пагадзіўся ён. - Трымаю вуха востра, старога вераб'я на мякіне не ашукаеш.
Рэзервуар быў у канцы тэрасы, а за ім на падпорках стаяла незвычайна высокая лесвіца з маленькай пляцовачкай наверсе.
Музыканты сыгралі яшчэ некалькі танцаў, а потым, якраз як за сталом Евы Барэт елі спаржу, музыка раптам сціхла і лямпы пацьмянелі. На рэзервуар накіравалі пражэктар. У асветленым крузе стаяў Котман. Ён падняўся па прыступках і спыніўся.
- Лэдзі і джэнтльмены, - выгукнуў ён зычна і выразна, - зараз вы ўбачыце цудоўны нумар нашага стагоддзя. Чэмпіёнка свету па скачках у ваду мадам Стэла скача з шасцідзесяціфутавай вышыні ў палаючае возера глыбінёй пяць футаў. Нікому яшчэ такое не ўдавалася, і мадам Стэла згодна заплаціць сто фунтаў кожнаму, хто адважыцца паспрабаваць. Лэдзі і джэнтльмены, маю гонар прадставіць вам мадам Стэлу!
На шырокай лесвіцы, што вяла да тэрасы, з'явілася раптам маленькая фігурка, хутка прабегла да рэзервуара і павіталася з публікай. На Стэле быў мужчынскі шаўковы халат і купальная шапачка.
Худы твар яе загрыміравалі, як для сцэны. Графіня-італьянка паглядзела на яе праз ларнет.
- Нават і не прыгожая, - сказала яна.
- Але фігура выдатная, - заўважыла Ева Барэт. - Зараз убачыце.
Стэла выслізнула з халата і аддала яго Котману. Той спусціўся ўніз. Яна пастаяла яшчэ якую хвіліну, гледзячы на публіку. У зале было цёмна, яна магла бачыць толькі светлыя плямы твараў і белыя манішкі. Фігурка яе была сапраўды выдатная - маленькая, з доўгімі нагамі і вузкімі клубамі. Купальны касцюм прыкрываў цела.
- Цалкам згодзен з вамі наконт фігуры, Ева, - сказаў палкоўнік. - Формы, праўда, не вельмі развітыя, але вы, жанчыны, ведаю, цяпер лічыце, што ў гэтым уся соль.
Стэла пачала паднімацца па прыступках, пражэктар асвятляў яе. Здавалася, лесвіцы няма канца. Асістэнт выпліхнуў на ваду бензін. Котману далі запалены факел. Ён чакаў, пакуль Стэла паднімецца па лесвіцы і спыніцца на пляцоўцы.
- Гатова? - крыкнуў ён.
- Але.
- Аllez!
З гэтымі словамі ён паднёс да вады факел. Вялікія языкі полымя ўзняліся ўгору. У тое ж імгненне Стэла скочыла. Яна мільганула маланкай проста ў агонь, які згаснуў, ледзьве яна знікла пад вадой. Яшчэ імгненне - Стэла выскачыла з вады насустрач бурным воплескам узбуджанай публікі. Котман накінуў на яе халат. А яна кланялася направа і налева. Апладысменты не сціхалі. Зайграла музыка. Стэла развітальна памахала рукой, збегла па прыступках, праслізнула між столікамі і знікла за дзвярыма. Запалілі святло, і афіцыянты, быццам схамянуўшыся, замітусіліся са сваімі падносамі.
Сэндзі Вэсткат уздыхнуў, расчаравана ці з палёгкай - ён і сам не ведаў.
- Цудоўна, - сказаў ангельскі вяльможа.
- Падман, - з чыста брытанскай упартасцю паўтарыў палкоўнік. - Магу пайсці ў заклад з кім хочаце.
- Не паспееш і вокам маргнуць, як усё ўжо скончана, - сказала жонка ангельскага лорда. - За такія грошы можна было б чакаць большага.
Грошы, папраўдзе, былі не яе. Яна ніколі не плаціла сваімі грашыма. Графіня-італьянка перагнулася цераз стол. Яна добра гаварыла па-ангельску, але з моцным акцэнтам.
- Ева, дарагая, хто гэтыя цікавыя людзі, вунь за столікам каля дзвярэй, што пад балконам?
- Пацеха, праўда? - адазваўся Сэндзі. - Я ад іх вачэй адарваць не магу.
Ева Барэт зірнула туды, куды паказвала графіня, і расейскі князь, што сядзеў да таго століка спіной, таксама павярнуўся.
- Неверагодна! - усклікнула Ева. - Трэба запытацца ў Анжэла, хто яны такія.
Місіс Барэт належала да тых жанчын, што ведаюць па імёнах метрдатэляў ва ўсіх найлепшых рэстаранах Эўропы. Яна сказала афіцыянту, што якраз наліваў ёй віно, каб паклікаў Анжэла.
Сапраўды, гэта была дзіўная пара. Яны сядзелі адны за маленькім столікам. Людзі ўжо даволі пажылыя. Ён, высокі і грузны, з цэлай шапкай белых валасоў, вялікімі касматымі белымі брывамі і вялікімі белымі ж вусамі, нагадваў нябожчыка караля Італіі Ўмберта, толькі выгляд у яго быў больш каралеўскі. Сядзеў ён ідэальна прама. На ім быў фрак, белы гальштук і каўнерык, з тых, што ўжо гадоў мо трыццаць як выйшлі з моды. Побач сядзела маленькая бабулька ў чорнай атласнай сукенцы з вялікім дэкальтэ і ў талію. На шыі блішчэлі некалькі шнуркоў каляровых караляў. Лёгка было заўважыць, што на ёй парык, прычым далёка не найлепшы - скрозь кудзеркі і локанчыкі колеру крумкачовага крыла. Твар быў вельмі няўмела размаляваны - ярка-сіняя фарба пад вачыма і на павеках, бровы ненатуральна чорныя, на шчоках па пляме вельмі чырвоных румян, а губы фіялетава-пурпуровыя. Твар у глыбокіх маршчынах. Вочы былі вялікія і рашучыя, яна з цікавасцю пераводзіла позірк з аднаго століка на другі. Уважліва разглядала ўсіх навокал, раз-пораз паказвала на каго-небудзь свайму мужу. Выгляд гэтай пары быў такі дзіўны і незвычайны сярод моднай публікі, сярод мужчын у смокінгах, жанчын у лёгкіх светлых сукенках, што многія наведвальнікі з непрыхаванай цікавасцю назіралі за імі. Аднак гэта, відаць, бабульку зусім не бянтэжыла. Заўважыўшы, што зрабілася цэнтрам увагі, яна пачала хітравата паднімаць бровы, усміхацца і падміргваць. Здавалася, яна вось-вось падскочыць з месца і, прыціснуўшы маленькую ручку да сэрца, павітаецца з публікай.
Анжэла тут жа падбег да багатай кліенткі Евы Барэт.
- Вы пажадалі мяне бачыць, мілэдзі?
- Ах, Анжэла, нам да смерці цікава даведацца, што гэта за дзіўныя людзі там за столікам каля дзвярэй?
Анжэла азірнуўся, па твары мільгануў цень разгубленасці. Ён няўпэўнена перасмыкнуў плячыма і, быццам апраўдваючыся, з паслухмянай усмешкай на твары растлумачыў:
- Выбачайце, мілэдзі. - Ён, зразумела, ведаў, што ў місіс Барэт ніякага тытулу няма (таксама як і ведаў, што графіня-італьянка не была ні італьянкай, ні графіняй і што ангельскі лорд ніколі за сябе не плаціў, калі за яго гэта мог зрабіць хто-небудзь іншы), але ён таксама ведаў, што чуць такі тытул ёй прыемна. - Яны вельмі прасіліся, каб я іх сюды пусціў, ім абавязкова трэба было ўбачыць нумар мадам Стэлы. Яны некалі і самі выступалі. Я, вядома, разумею, гэта далёка не тая публіка, што наведвае наш рэстаран, але вельмі ж яны прасіліся, у мяне не каменнае сэрца, не змог ім адмовіць.
- Ах, такая дзівосная пара. Дальбог, яны мне падабаюцца.
- Гэта мае даўнія знаёмыя. Ён мой зямляк, - метрдатэль паблажліва ўсміхнуўся. - Я паабяцаў, што пакіну ім столік, пры ўмове, што яны не будуць танцаваць. Гэтага ўжо я, вядома, дазволіць не мог, мілэдзі.
- Ах, што вы кажаце, а я б з вялікім задавальненнем паглядзела, як яны танцуюць.
- Усё мае свае межы, мілэдзі, - важна прамовіў Анжэла.
Ён усміхнуўся, пакланіўся яшчэ раз і пайшоў.
- Глядзіце! - ускрыкнуў Сэндзі. - Яны збіраюцца пайсці.
Смешная старая пара ўжо расплачвалася. Стары ўстаў і накінуў на жончыны плечы вялікае баа з белых, але не вельмі чыстых пёраў. Яна паднялася. Муж падаў ёй руку, трымаўся ён вельмі прама, а яна, такая маленькая побач з ім, дробненька затупала да выхаду. Да чорнай атласнай сукенкі прымацаваны быў доўгі шлейф, і Ева Барэт (якой ужо пераваліла за пяцьдзесят) завішчала ад захаплення.
- Паглядзіце толькі, я помню, мая маці насіла такія сукенкі, як я вучылася ў школе.
Забаўная пара прайшла па прасторных залах казіно і спынілася каля дзвярэй. Стары звярнуўся да швейцара:
- Будзьце ласкавы, падкажыце, як знайсці артыстычную. Мы ж хацелі выказаць пашану мадам Стэле.
Швейцар крытычна агледзеў іх. З такімі людзьмі неабавязкова быць асабліва ветлівым.
- Яе там няма.
- Няўжо яна пайшла? Па-мойму, у дзве гадзіны яна зноў выступае?
- Ваша праўда. Яна, відаць, цяпер у бары.
- Думаю, нічога, калі мы туды заглянем, Карла, - сказала старая.
- Добра, дарагая, - сказаў ён, асабліва выразна вымаўляючы «р».
Яны павольна падняліся па шырокай лесвіцы і ўвайшлі ў бар. Тут не было нікога, акрамя памочніка бармена і адной парачкі, што сядзела ў кутку. Бабулька адразу адпусціла локаць мужа і шпарка затупала да іх, яшчэ здалёк працягваючы абедзве рукі.
- Добры дзень, мілачка. Калі я сядзела ў зале, адчула выключную неабходнасць павіншаваць вас, я ж таксама ангелька. І потым, некалі я таксама выступала. У вас выдатны нумар, мая мілая, вы заслужылі поспех. - Яна павярнулася да Котмана. - А гэта ваш муж?
Стэла паднялася з крэсла і з сарамлівай усмешкай на твары слухала гаварлівую даму.
- Так, гэта Сід.
- Рады пазнаёміцца, - сказаў стары. - А вось гэта мой муж, - дадала бабулька, ледзь дакрануўшыся да рукі свайго сівога спадарожніка. - Містэр Пенэці. Ён граф, а я адпаведна графіня Пенэці, але з таго часу, як мы кінулі выступаць, тытулам не карыстаемся.
- Можа, што-небудзь з намі вып'еце? - прапанаваў Котман.
- Не, не, дазвольце нам пачаставаць вас, - патрабавальна сказала місіс Пенэці і села. - Карла, закажы.
Падышоў бармен, і пасля нядоўгага абмеркавання былі заказаны тры пляшкі піва. Стэла піць адмовілася.
- Яна ніколі не п'е перад другім выступленнем, - растлумачыў Котман.
Стэла была маленькая кволая жанчынка гадоў дваццаці шасці, са светла-каштанавымі валасамі, коратка падрэзанымі і закручанымі, з шэрымі вачыма. Яна падмалявала губы, але на шчоках румянаў амаль не было, твар здаваўся бледны. Прыгажуняй яе не назавеш, але рысы былі тонкія і далікатныя. Простая вячэрняя сукенка з белага шоўку ладна аблягала яе стан.
Прынеслі піва, і містэр Пенэці, чалавек, відаць, не вельмі гаваркі, зрабіў некалькі глыткоў.
- А з якім нумарам вы выступалі? - ветліва спытаўся Котман.
Місіс Пенэці зірнула на яго сваімі жвавымі, густа падфарбаванымі вачыма і звярнулася да мужа:
- Скажы ім, Карла, хто я.
- Жанчына Гарматнае Ядро, - зычным голасам абвясціў той.
Місіс Пенэці шчасліва ўсміхнулася і па-птушынаму хутка перавяла позірк з Котмана на Стэлу. Абое здзіўлена глядзелі на яе.
- Флора, Жанчына Гарматнае Ядро, - паўтарыла яна.
Яна яўна разлічвала ўразіць іх, таму яны проста разгубіліся. Стэла азадачана зірнула на свайго Сіда. Той паспяшаўся на дапамогу.
- Гэта, мабыць, было яшчэ да нас.
- Вядома, да вас. Мы ж якраз пакінулі сцэну ў той год, як памерла каралева Вікторыя. Наша знікненне са сцэны выклікала тады цэлую сенсацыю. Вы пэўна чулі пра мяне? - Але твары іх нічога не выказвалі; голас яе загучаў жаласна. - Я ж мела тады ашаламляльны поспех. Я выступала ў старым «Акварыуме», народу заўсёды збіралася процьма. Усе самыя выдатныя людзі прыязджалі, каб паглядзець на мяне. Прынц Уэльскі, дый наогул, каго толькі там не было. Увесь горад пра мяне гаварыў. Праўда, Карла?
- Дзякуючы ёй у «Акварыуме» цэлы год былі поўныя зборы.
- У іх гэта быў самы шыкоўны нумар за ўвесь час. Некалькі гадоў таму назад паехала я да лэдзі Дэ Бат, каб адрэкамендавацца. Ведаеце, Лілі Лэнгры, што жыла тады тут, дык яна мяне вельмі добра помніла. Казала, што хадзіла на мяне глядзець дзесяць разоў.
- А што вы рабілі? - спыталася Стэла.
- Мной выстрэльвалі з гарматы. Паверце, гэта была сапраўдная сенсацыя. А пасля Лондана я аб'ездзіла са сваім нумарам увесь свет. Так, мая мілая, але цяпер я старая жанчына. Містэру Пенэці семдзесят восем, дый мне ўжо далёка за семдзесят, але некалі мае партрэты расклейвалі па ўсім Лондане. Лэдзі Дэ Бат сказала мне: «Дарагая мая, вы былі такой жа славутасцю, як і я». Але ж вы ведаеце, што ў нас за публіка, убачаць што-небудзь цікавае, захапляюцца, ды толькі падавай ім увесь час нешта новенькае, а тое надакучвае, і яны перастаюць хадзіць. Так будзе і з вамі, мая мілая. Гэтага ніхто не пазбегне. Але містэр Пенэці заўсёды меў галаву на плячах. Яшчэ хлопчыкам ён выступаў у цырку. Калі мы пазнаёміліся, ён быў шталмайстрам. Я тады працавала ў акрабатычнай трупе. Акрабаты на трапецыі, ведаеце? Містэр Пенэці і цяпер яшчэ відны мужчына, але паглядзелі б вы на яго тады: у расейскіх ботах і брыджах, сурдут са шнурамі ладна аблягаў яго фігуру, ён ляскаў доўгай плёткай, і коні круг за кругам скакалі па арэне, - прыгажэйшага мужчыны я ў жыцці ніколі не бачыла.
Містэр Пенэці пры гэтым не вымавіў ні слова, задумліва пакручваў свае вялізныя белыя вусы.
- Дык вось, як я ўжо казала, мой муж не з тых, хто раскідваецца грашыма, і калі нам не маглі ўжо даць ангажэмент, ён сказаў: «Давай больш не будзем выступаць». Ён меў рацыю: калі ты першая зорка ў Лондане, на простую работу назад у цырк ужо не вернешся. А містэр Пенэці ж граф, яму пра гэта заўсёды помніць трэба. Вось мы і прыехалі сюды, купілі дом і адкрылі пансіён. Містэр Пенэці заўсёды марыў пра гэта. Вось ужо трыццаць пяць год, як мы тут атабарыліся. І справы ў нас ішлі няблага, толькі вось у апошнія два-тры гады, як здарыўся крызіс, зрабілася горай, дый кліенты не такія, як раней, калі мы толькі пачыналі: зараз падавай ім электрычнасць, водаправод у кожны пакой, а другім разам і бог ведае што. Дай ім нашу картку, Карла. Містэр Пенэці сам гатуе, і калі вам захочацца сапраўднай утульнасці далёка ад дому, вы цяпер ведаеце, дзе яе знайсці. Я люблю артыстаў, і ў нас з вамі ёсць пра што пагаварыць, мая мілая; я лічу, хто быў артыстам, той заўсёды артыст.
У гэты момант з'явіўся старшы бармен, які хадзіў вячэраць. Убачыўшы Сіда, ён сказаў:
- Містэр Котман, вас шукаў містэр Эспінэль, вельмі хацеў вас бачыць.
- Вось як? А дзе ён?
- Пашукайце, ён недзе тут.
- Ну, мы пойдзем, - сказала місіс Пенэці і паднялася. - Заходзьце да нас калі-небудзь. Я пакажу вам мае даўнія фотаздымкі і выразкі з газет. Уявіць цяжка, што вы нават не чулі пра Жанчыну Гарматнае Ядро! Я была сапраўдная славутасць, як лонданскі Таўэр!
Місіс Пенэці зусім не пакрыўдзілася на тое, што маладыя людзі нічога не ведалі пра яе. Гэта было проста забаўна.
Яны развіталіся, і Стэла зноў апусцілася ў крэсла.
- Вось зараз дап'ю піва, - сказаў Сід, - і пайду даведаюся, чаго там хоча ад мяне Пака. Ты застанешся тут, дарагая, ці пойдзеш да сябе?
Яна сядзела, моцна сціснуўшы кулакі. На пытанне не адказала. Сід зірнуў на яе і хутка адвёў позірк.
- Гэтая старэчына проста цуд, - весела працягваў ён. - Вось дзе смешнае стварэнне! Яна ж нам, думаю, праўду расказала. Хоць цяжка паверыць. Можаш уявіць, што гэтак гадоў сорак таму ўвесь Лондан хадзіў на яе глядзець. Смеху варта, яна думае, яе і цяпер помняць. Даўмецца не магла, чаму мы нічога пра яе не чулі.
Ён зноў зірнуў на Стэлу, цішком, каб тая не заўважыла. Яна бязгучна плакала. Слёзы вялікімі гарошынамі каціліся па бледным твары.
- Што здарылася, дарагая?
- Сід, я не магу сёння больш скакаць, - усхліпнула яна.
- Чаму?
- Я баюся.
Ён узяў яе за руку.
- Ну, ну, я ж цябе добра ведаю, - сказаў Сід, - ты самая храбрая жанчына ў свеце. На, лепш выпі трошкі брэндзі, супакойся.
- Не, толькі горш будзе.
- Але ж нельга падманваць публіку.
- Подлая публіка! Свінні, толькі і ведаюць, што есці і піць. Статак балбатлівых дурняў з процьмай грошай у кішэні. Глядзець на іх брыдка. Што ім да таго, што кожны раз я рызыкую жыццём.
- Вядома, яны сюды ходзяць, каб паказытаць сабе нервы, - збянтэжана замармытаў Сід. - Але ты ведаеш не горш за мяне, што рызыкі тут няма, калі ты валодаеш сабой.
- А я страціла самавалоданне, Сід. Я разаб'юся.
Яна крыху павысіла голас, і ён спалохана азірнуўся на бармена. Але той паглыбіўся ў газету і не звярнуў на іх ніякай увагі.
- Ты не ўяўляеш, як страшна глядзець на ўсё зверху, з пляцоўкі. Скажу табе шчыра, сёння я ледзь не страціла прытомнасць. Я не магу сёння скакаць другі раз, чуеш? Ты павінен нешта зрабіць, Сід!
- Калі ты змаладушнічаеш сёння, заўтра будзе яшчэ цяжэй.
- Не, памыляешся. Цяжка, што трэба скакаць два разы на дзень, і гэтае бясконцае чаканне. Ідзі да містэра Эспінэля і скажы яму, што я не выцягну па два выступленні за вечар. Я проста не вытрываю.
- Ён будзе супраць, я ведаю. Увесь іх прыбытак залежыць ад цябе. Людзі вечарам сюды толькі і ідуць, каб паглядзець на тваё выступленне.
- Нмчога не зробіш. Кажу табе, я больш не магу.
Ён маўчаў. Па яе бледным твары ўсё яшчэ каціліся слёзы, і ён бачыў, што яна хутка траціць уладу над сабою. Ужо дзён колькі запар ён хваляваўся за яе, але так ці іначай хацеў пазбегнуць гэтай гаворкі. Добра разумеў, што будзе лепш, калі яна не скажа, што адчувае. Але ён хваляваўся. Таму, што кахаў яе.
- Я пайду, Эспінэль шукаў мяне, - сказаў ён урэшце.
- Што яму трэба?
- Не ведаю. Я скажу яму, што ты можаш даваць толькі адно выступленне за вечар. Паглядзім, што ён адкажа. Пачакаеш мяне тут?
- Не, пайду да сябе.
Хвілін праз дзесяць ён, узбуджаны і радасны, шырока расчыніў дзверы.
- Выдатная навіна, дарагая. Яны пакідаюць нас яшчэ на месяц і будуць плаціць удвая.
Ён падскочыў да яе, хацеў абняць, пацалаваць, але яна адпіхнула яго.
- Ці трэба мне скакаць сёння другі раз?
- Думаю, давядзецца. Я спрабаваў быў дамовіцца толькі на адно выступленне за дзень, але ён і слухаць не хоча. Кажа, што вельмі трэба, каб ты скакала ў час вячэры. Ён мае рацыю, гэта за двайную плату.
Яна кінулася на падлогу і залілася слязьмі.
- Я не магу, Сід, не магу! Я разаб'юся.
Ён сеў каля яе, абняў, ласкава пагладзіў па галаве.
- Супакойся, вазьмі сябе ў рукі. Не можам жа мы адмовіцца ад такой сумы. Уяві толькі, гэтага нам хопіць на цэлую зіму, і мы будзем жыць толькі для сябе. Дый засталося ўсяго нейкіх чатыры дні ў ліпені, а потым - адзін толькі жнівень.
- Не, не, я баюся. Я не хачу паміраць, Сід. Я кахаю цябе.
- Я ведаю, дарагая, і я кахаю цябе. Пасля вяселля я на другіх жанчын і не глядзеў. У нас ніколі яшчэ не было такіх грошай і ніколі не будзе ўжо. Ты ж ведаеш, як бывае, сёння маеш вялікі поспех, а заўтра яго няма. Ты ж цяпер славутая на ўвесь свет.
- Як Жанчына Гарматнае Ядро, - падхапіла яна з'едліва.
«Праклятая старая», - падумаў ён.
Ён ведаў, што гэта было апошняй кропляй. Прыкра падумаць, як усё гэта ўспрыняла Стэла.
- Яна адкрыла мне вочы, - гаварыла Стэла. - Чаму яны, думаеш, ходзяць сюды штодзень? Спадзяюцца, што ім пашанцуе ўбачыць, як я разаб'юся. Я памру, а яны праз які месяц забудуць маё імя. Вось яна якая, твая публіка. Я ўсё зразумела, калі ўбачыла гэтую размаляваную старую ляльку. О Сід, каб ты ведаў, як мне цяжка! - Яна абвіла рукамі яго шыю, прыціснулася да яго шчакі. - Не ўгаворвай мяне, Сід. Я не магу сёння зноў скакаць.
- Сёння не можаш? Калі ты і праўда перахвалявалася, я скажу Эспінэлю, што ты сябе дрэнна адчуваеш. Думаю, ён дазволіць сёння больш не выступаць.
- Не сёння, Сід. Ніколі.
Яна адчувала, як ён крыху адсунуўся ад яе.
- Не, Сід, павер, гэта не капрызы. Не сёння я надумала, рашэнне прыйшло даўно. Не магу спаць па начах, толькі пра гэта і думаю. Толькі вочы заплюшчу, бачу: стаю на лесвіцы і гляджу ўніз. Сёння я ледзьве змагла падняцца на пляцоўку, так ногі дрыжалі, а калі ты падпаліў бензін і крыкнуў «aller», мяне быццам нешта трымала, не пускала скакаць. Як падала, не помню. Агледзелася, а вакол ужо пляскаюць. Сід, каб ты мяне кахаў, не прымушаў бы так пакутаваць кожны раз.
Ён уздыхнуў. У яго самога вочы былі мокрыя ад слёз. Таму што ён вельмі кахаў яе.
- Ты ж ведаеш, што нас тады чакае. Былое жыццё. Пошукі выпадковага заробку.
Былое жыццё. Яны абое добра помнілі тыя дні. Сід з васемнаццаці гадоў наймаўся танцорам-жыгала. Ён быў прыгожы, смуглявы, падобны на гішпанца, вельмі спрытны; немаладыя жанчыны з ахвотай плацілі, каб ён патанцаваў з імі, і ён ніколі не сядзеў без работы. З Англіі ён прыехаў на кантынент, тут і застаўся, вандруючы з атэля ў атэль - зімой на Рыўеры, а ўлетку ў Францыі. Жылі нядрэнна, іх звычайна было два-тры, і яны разам наймалі дзе-небудзь танны пакойчык. Паднімаліся позна, толькі каб паспець да дванаццаці прыйсці ў атэль, дзе трэба было танцаваць з тоўстымі кабетамі, якія хацелі пахудзець. Пасля гэтага да пяці яны былі свабодныя, а потым зноў ішлі ў гатэль, садзіліся разам за столік і чакалі, заўсёды гатовыя абслужыць кліентаў. Вечарам яны пераходзілі ў рэстаран, дзе адміністрацыя карміла іх неблагім абедам. У перапынках паміж стравамі яны танцавалі. Можна было нядрэнна зарабіць. Звычайна тыя, з кім яны танцавалі, плацілі ад пяцідзесяці да сотні франкаў. Іншы раз якая-небудзь багатая кабета патанцуе з жыгала два ці тры разы запар і адваліць цэлую тысячу. А бывае, пажылая жанчына прапануе правесці з ёю ноч, і тады атрымаеш дзвесце пяцьдзесят франкаў. Кожны з іх спадзяваўся, што закруціць галаву якой-небудзь старой дурніцы, тады можна ўжо разлічваць на плацінавы пярсцёнак з сапфірам, партабак, што-небудзь з адзежы і гадзіннік-бранзалетку. Адзін з Сідавых сяброў ажаніўся з такой, яна была старэйшая за яго маці, затое купіла хлопцу аўтамабіль, давала грошы на карты, яны мелі выдатную вілу ў Біярыцы. Гэта былі цудоўныя дні, грошай хоць адбаўляй. Але раптам настаў крызіс і балюча ўдарыў па іх прафесіі. Гатэлі стаялі пустыя, амаль не было ахвотніц патанцаваць з прыгожым маладым чалавекам. Усё часцей і часцей здаралася, што Сід за цэлы дзень не мог зарабіць нават на выпіўку, і не раз бывала, што якая-небудзь кабеціна вагой мо з тону мела нахабства заплаціць яму толькі дзесяць франкаў. Расходы яго не паменшалі - трэба мець модныя гарнітуры, іначай упраўляючы гатэлем зробіць заўвагу, шмат грошай каштавала мыццё бялізны, кашуль, насовак; потым чаравікі, на гэтай падлозе чаравікі проста гарэлі, а выглядаць яны павінны як новыя. І яшчэ трэба плаціць за пакой і снеданне.
Менавіта ў гэтыя дні ён пазнаёміўся ў Эвіяне са Стэлай. Летні сезон тут быў проста катастрафічны. Стэла прыехала з Аўстраліі. Тут яна кармілася тым, што вучыла плаваць. Акрамя таго, яна выдатна авалодала майстэрствам скачкоў у ваду і два разы на дзень, раніцай і пасля абеду, выступала перад публікай. А вечарамі танцавала ў гатэлі. Абедалі яны звычайна разам за асобным столікам, далей ад наведвальнікаў, а калі аркестр пачынаў іграць, яны танцавалі, каб уцягнуць у танцы астатніх. Але часцей за ўсё ім даводзілася танцаваць адным. Платныя партнёры амаль не трапляліся. Яны пакахалі адно аднаго і неўзабаве пажаніліся.
Яны потым ніколі не шкадавалі, што сталі мужам і жонкай. А гараваць ім давялося. Усяляк утойвалі свой шлюб (пажылым жанчынам не вельмі падабалася танцаваць з жанатым мужчынам, калі жонка побач), але знайсці работу ў гатэлях на дваіх было вельмі цяжка, а адзін Сід не мог зарабіць на сям'ю.
Работы для жыгала не было, і яны паехалі ў Парыж. Там падрыхтавалі танцавальны нумар, але з-за страшэннай канкурэнцыі атрымаць ангажэмент на эстрадныя выступленні не змаглі. Стэла выдатна выконвала бальныя танцы, але ў той час у модзе была акрабатыка, і, як яны ні стараліся, падрыхтаваць што-небудзь для эстрады так і не змаглі. Тыднямі сядзелі яны без работы. Сідаў гадзіннік-бранзалетка, залаты партабак, плацінавы пярсцёнак - усё пайшло ў ламбард. Урэшце ўжо ў Ніцы Сід залажыў свой выхадны гарнітур. Гэта была апошняя кропля. Беднасць прымусіла іх прыняць удзел у марафоне, які наладзіў адзін прадпрымальны антрэпрэнёр. Яны танцавалі па дваццаць чатыры гадзіны ў суткі з перапынкам пятнаццаць хвілін кожную гадзіну. Гэта было жахліва. Балелі ногі, нямелі ступні. Часам яны ўжо не разумелі, што яны робяць. Проста рухаліся пад музыку, па магчымасці зберагаючы сілу. Ім плацілі па сто ці дзвесце франкаў, а яны, каб прыцягнуць увагу, раптам пачыналі танцаваць «на публіку», дэманструючы сваё майстэрства. Публіка сабралася добразычлівая, можна было няблага зарабіць. Але яны страшэнна стаміліся. На адзінаццаты дзень Стэла страціла прытомнасць, і Сід танцаваў адзін без перапынку. Гэта былі самыя цяжкія дні ў іх жыцці.
Але якраз тады і нарадзілася гэтая Сідава ідэя, там, у танцавальнай зале, калі ён павольна рухаўся адзін без партнёркі, стомлены і зняважаны. Стэла заўсёды казала, што магла б скакаць нават у сподак. Тут неабходна толькі майстэрства.
- Дзіўна, як з'яўляюцца ідэі, - казаў ён потым. - Бы ўспышка маланкі.
Ён раптам успомніў, як аднойчы нейкі хлапчук падпаліў на асфальце лужыну бензіну і як адразу ўзняліся языкі полымя. Так, менавіта полымя, скачок у агонь прыцягне ўвагу публікі! Ён так расхваляваўся, што адразу кінуў танцаваць і пабег да Стэлы. Задума Стэлу таксама захапіла. Сід напісаў аднаму свайму знаёмаму агенту; Сіда ўсе любілі і паважалі, і агент пазычыў ім грошай на рэквізіт. Ён наладзіў ім ангажэмент у парыжскім цырку, і іх нумар спадабаўся. Пасля гэтага справы пайшлі выдатна. Іх пачалі запрашаць, зноў паявіліся грошы, а незабыўным стаў той дзень, калі яны ўладкаваліся ў летні рэстаран на ўзбярэжжы. Сід не перабольшваў, калі казаў, што Стэла дабілася шалёнага поспеху.
- Ну, цяпер усе цяжкасці мінуліся, - ласкава гаварыў ён. - Тое-сёе можна адкласці і на чорны дзень, а надакучыць наш нумар публіцы, я прыдумаю што-небудзь яшчэ.
І вось цяпер, калі поспех прыйшоў, Стэла збіраецца ўсё кінуць. Ён не ведаў, што і казаць. На сэрцы ў яго кошкі скраблі. Ён любіў яе цяпер яшчэ мацней, чым тады, як пажаніліся. Ён кахаў яе за ўсё тое, што давялося разам перажыць. Неяк амаль тыдзень дзялілі яны кавалак хлеба і кубачак малака на дваіх у дзень. Ён любіў яе за тое, што яна выцягнула яго з гэтага жахлівага жыцця. Цяпер у яго зноў былі модныя гарнітуры і ежа тры разы на дзень. Невыносна было бачыць пакуту ў гэтых любых шэрых вачах. Стэла нясмела дакранулася да яго рукі. Ён глыбока ўздыхнуў.
- Ты ж ведаеш, што гэта для нас азначае. У гатэлях усе сувязі страцілі. Калі нават там і ёсць работа, яны знойдуць каго маладзейшага. Ты ж ведаеш, што трэба гэтым пажылым кабетам - ім падавай хлапчукоў - дый потым, росту я невялікага. Іншая справа, калі ты малады, тады гэта не галоўнае. Што гаварыць, на свае трыццаць я ўжо не выглядаю.
- Можа, нам паспрабаваць здымацца ў кіно?
Ён паціснуў плячыма. Аднойчы яны ўжо такую спробу рабілі, калі не было чаго есці.
- Я згодна на любую работу. Хоць прадаўшчыцай у краму.
- Ты думаеш, работа на дарозе валяецца?
Яна зноў заплакала.
- Не плач, дарагая, не муч мяне.
- Мы ж адклалі трохі грошай.
- Адклалі. На паўгода мо хопіць. А потым што? Спачатку папрадаем усялякую дробязь, а тады і адзежу, як раней. Танцы па заняпалых піўных за бясплатную вячэру і пяцьдзесят франкаў за ноч. Тыдні без работы. І ўрэшце - марафон, кожны раз, калі аб'явяць. Дый ці будзе публіка намі цікавіцца?
- Я ведаю, Сід, ты думаеш, з майго боку гэта неразумна.
Ён уважліва паглядзеў ёй у вочы, поўныя слёз, ласкава ўсміхнуўся.
- Не, дарагая, я так не думаю. Я хачу, каб табе было добра. Ты ж ведаеш, акрамя цябе, у мяне нікога няма. Я кахаю цябе.
Ён сціснуў яе ў абдымках, чуў, як б'ецца яе сэрца. Калі Стэла так да гэтага ставіцца, нічога не зробіш. І праўда, а што, калі разаб'ецца? Не, не, лепш усё кінуць, бог з імі, з грашыма.
Яна зрабіла спробу вызваліцца.
- Ты што, дзяўчынка?
Стэла ўстала, падышла да туалетнага століка.
- Ну, мне пара, відаць, рыхтавацца да выхаду.
Ад нечаканасці ён падскочыў.
- Ты не будзеш сёння скакаць.
- І сёння, і кожны дзень, пакуль не разаб'юся. Што ж рабіць? Ты маеш рацыю, Сід, я разумею. І праўда, я не магу вярнуцца зноў у тыя смярдзючыя нумары танных гатэляў і каб зноў не было чаго есці. А гэтыя марафоны. І навошта ты толькі пра іх успомніў? Цэлыя дні рухаешся ў танцы, знясіленая, брудная, а потым усё ж такі выходзіш з гульні, бо сілы больш няма. Можа, і праўда, пратрымаюся яшчэ з месяц, а тады ў нас будуць грошы і можна што-небудзь іншае падшукаць.
- Не, дарагая, я так не магу. Кінем гэта. Як-небудзь уладкуемся. Мы з табой і раней галадалі, пагаладаем яшчэ, не прывыкаць.
Стэла раптам скінула з сябе адзежу і павярнулася да люстэрка. Яна бязлітасна ўсміхалася свайму адбітку.
- Нельга падманваць публіку, - жорстка сказала яна.
Руды
Шкіпер засунуў руку ў кішэню штаноў і насілу - ён быў таўстун, а кішэні нехта надумаў зрабіць не па баках, а спераду - выцягнуў вялікі сярэбраны гадзіннік. Зірнуўшы на стрэлкі, перавёў позірк на сонца, якое ўпэўнена хілілася да захаду.
Канак-рулявы паглядзеў на яго, але прамаўчаў. Шкіперавы вочы ўтаропіліся ў востраў, да якога яны падплывалі. Белая паласа пены пазначала рыф. Ён ведаў, там недзе павінен быць праход, досыць шырокі, каб прайсці судну, і разлічваў убачыць яго, як толькі падыдуць крыху бліжэй.
Праз якую гадзіну цемра ахутае востраў. Лагуна там глыбокая і зручная для якарнай стаянкі. Старэйшына вёскі, хаткі якой ён ужо бачыў сярод какосавых пальмаў, - сябар яго памочніка, таму ноч на беразе абяцала быць прыемнай.
Падышоў памочнік, і шкіпер павярнуўся да яго.
- Трэба захапіць з сабой пляшку, а там запросім дзяўчат на танцы.
- Я не бачу праходу, - сказаў памочнік.
Гэта быў канак, прыгожы, смуглы, паўнаваты хлопец, які крыху нагадваў кагосьці з апошніх рымскіх імператараў. Твар яго быў худы, з тонкімі правільнымі рысамі.
- Я ўпэўнены, што праход недзе тут, - сказаў шкіпер, гледзячы ў бінокль. - Розумам не дайду, дзе ж ён. Хай хто-небудзь з хлопцаў паглядзіць з мачты.
Памочнік шкіпера паклікаў аднаго матроса і аддаў загад. Шкіпер сачыў, як матрос узбіраецца на мачту, і пачаў чакаць, што той скажа. Але канак крыкнуў, што нічога не бачыць, акрамя адной лініі пены. Шкіпер, які ведаў мову самоа не горш за туземцаў, моцна вылаяўся.
- Сядзець яшчэ яму там? - спытаўся памочнік.
- Якая карысць! - раззлаваўся шкіпер. - Гэты дурань усё роўна нічога не бачыць. Быў бы я там, наверсе, я б ужо праход знайшоў як піць даць!
Ён са злосцю паглядзеў на тонкую мачту. Добра туземцам, усё жыццё яны лазяць па какосавых пальмах! Ён жа занадта поўны і цяжкі.
- Злазь! - крыкнуў ён. - З цябе карысці як з казла малака. Трэба ісці ўздоўж рыфа, пакуль не знойдзем праход.
Яго сямідзесяцітонная парусная шхуна мела дадатковы рухавік і, калі не было сустрэчнага ветру, ішла з хуткасцю чатыры-пяць вузлоў. Гэта была даволі пашарпаная старая пасудзіна. Немаведама калі яна была пафарбавана ў белы колер, але цяпер выглядала бруднай і аблезлай і наскрозь прапахла копрай і газай, сваім звычайным грузам.
Яны знаходзіліся за сто футаў ад рыфа, і шкіпер загадаў рулявому ісці ўздоўж, пакуль не знойдуць праход. Так прайшлі каля дзвюх міль, і шкіпер зразумеў, што праход яны прамінулі. Тады ён павярнуў шхуну і зноў пайшоў уздоўж рыфа. Паласа пены ўсё цягнулася, праходу не відаць, а сонца ўжо было нізка. Праклінаючы тупасць сваёй каманды, шкіпер вырашыў чакаць да раніцы.
- Паварочвай! - загадаў ён. - Тут нельга кідаць якар.
Яны адышлі далей у мора, і хутка ўсё ахутала цемра. Яны кінулі якар. Калі скруцілі ветразі, шхуну пачало моцна гайдаць на хвалях. У Апіі казалі, што яна калі-небудзь перавернецца дагары нагамі. Нават яе гаспадар, амерыканскі немец, які меў адну з найлепшых крамаў у порце, казаў, што ні за якія грошы не згадзіўся б выйсці на ёй у мора.
Кок-кітаец, у белых, вельмі брудных і падраных портках і белай кашулі, абвясціў, што вячэра на стале. Калі шкіпер спусціўся ў каюту, механік ужо сядзеў там. Гэта быў цыбаты чалавек з худой шыяй, у сінім камбінезоне і цяльняшцы. Худыя рукі яго ад локця да кісці былі ў татуіроўцы.
- Чартоўскі непрыемна правесці ноч у моры, - незадаволена сказаў шкіпер.
Механік нічога не адказаў, вячэралі яны моўчкі. Каюту асвятляла цьмяная газная лямпа. Пасля абрыкосавых кансерваў, пад канец вячэры, кітаец прынёс чай. Шкіпер запаліў цыгару і падняўся на палубу. Цяпер востраў ледзь вызначаўся на фоне начнога неба. Ярка гарэлі зоркі. Толькі шум прыбою парушаў цішыню. Шкіпер сядзеў у шэзлонгу і спакойна паліў. Неўзабаве на палубу падняліся некалькі матросаў і селі паблізу. У аднаго ў руках было банджа, у другога канцэрціна. Яны зайгралі, а адзін з іх заспяваў. Дзіўна, ненатуральна гучала туземная песня пад гукі гэтых інструментаў. Потым два матросы, што сядзелі і слухалі, пачалі танцаваць. Гэта быў танец варвараў, дзікі, першабытны, хуткі, з рэзкімі рухамі рук і ног, з сутаргавым матляннем усяго цела. Гэта быў шчыра жывёльны танец, мудрагелісты, але без тайны, да такой ступені непасрэдны, што яго можна было назваць дзіцячым.
Урэшце, стаміўшыся, матросы палеглі тут жа на палубе і заснулі. Стала ціха.
Шкіпер цяжка падняўся з шэзлонга і спусціўся ўніз па трапе. У сваёй каюце ён раздзеўся і лёг. Ад начной духаты ён крыху задыхаўся.
Раніцай, калі над ціхамірным морам пачало днець, яны ўбачылі крыху далей на ўсход той самы праход, які так і не знайшлі ўвечары. Шхуна зайшла ў лагуну. Вада была надзвычай спакойная. Глыбока ўнізе, паміж караламі, мітусіліся рознакаляровыя рыбкі.
Кінулі якар, шкіпер добра паснедаў і падняўся на палубу. У бязвоблачным небе шчыра свяціла сонца, але ў паветры яшчэ адчувалася жыватворчая ранішняя прахалода. Была нядзеля, наўкола панавалі спакой і цішыня, быццам сама прырода адпачывала, ад усяго гэтага незвычайны спакой авалодаў і шкіперам. Ён сядзеў, ляніва аглядаючы лясісты бераг. Потым вусны яго кранула ледзь прыкметная ўсмешка, і ён пстрыкнуў недапалкам.
- Прыспеў час і на бераг, - сказаў ён. - Шлюпку!
Ён няспрытна спусціўся ў лодку, і весляры прывезлі яго ў маленькую бухту.
Тут пальмы раслі каля самай вады, не радамі, але ў нейкім пэўным парадку. Яны нагадвалі кардэбалет з векавух, легкадумных, нягледзячы на ўзрост, якія пазастывалі ў грацыёзных манерных позах былых часоў.
Шкіпер пайшоў па ледзь прыкметнай у густой траве сцежцы. Неўзабаве яна вывела яго да рэчкі. Праз яе быў перакінуты масток, дакладней, і не масток, а тузін пальмавых ствалоў, шчыльна пакладзеных адзін да аднаго на драўляныя развілкі. Трэба было прайсці па гладкіх бярвёнах, вузкіх і слізкіх, не маючы рукам апоры. Толькі храбры і спрытны чалавек мог зрабіць гэта.
Шкіпер прыпыніўся, трохі завагаўся. Але на другім беразе сярод дрэў стаяў эўрапейскага тыпу будынак. Гэта прымусіла яго адважыцца асцярожна ступіць на першае бервяно. Ён вельмі старанна разлічваў кожны свой крок, аднак на стыку розных па таўшчыні ствалоў разоў колькі ледзь не ўпаў. Урэшце дабраўся да апошняга ствала і з палёгкай уздыхнуў, ступіўшы нагой на зямлю. Заняты цалкам пераправай, ён і не заўважыў, што за ім сачылі, таму схамянуўся, калі пачуў:
- Трэба мець жалезныя нервы, каб хадзіць па такіх мастках.
Шкіпер падняў галаву і ўбачыў перад сабой чалавека. Мабыць, той выйшаў з дому, што там, за дрэвамі.
- Я бачыў, вы не адразу адважыліся, - усміхнуўся незнаёмец. - Думаў, вы вось-вось кульнецеся ў ваду.
- Каб хоць не так, - сказаў шкіпер, да якога зноў вярнулася самаўпэўненасць.
- Мне тут і самому даводзілася часам падаць. Помню, неяк увечары вяртаўся з палявання і боўтнуўся ў ваду ў вопратцы, са стрэльбаю. Цяпер я звычайна бяру хлопчыка, каб насіў стрэльбу.
Немалады ўжо чалавек з пасівелай бародкай і хударлявым тварам, ён быў у кашулі без рукавоў і ў парусінавых штанах, але без шкарпэтак і чаравікаў. Па-ангельску ён гаварыў з ледзь прыкметным замежным вымаўленнем.
- Вы Нэйлсан? - спытаўся шкіпер.
- Ён самы.
- Чуў пра вас. Так і думаў, што вы недзе тут пасяліліся.
Ён рушыў за Нэйлсанам у маленькае бунгала і тут стомлена апусціўся ў крэсла.
Пакуль Нэйлсан хадзіў па віскі і келіхі, шкіпер агледзеў пакой.
Яго ўразіла вялікая колькасць кніг. Усе чатыры сцяны, ад падлогі да столі, займалі паліцы з кнігамі. Быў тут і раяль, завалены нотамі, і вялікі стол з кнігамі і часопісамі.
Пакой здзівіў шкіпера, але ён успомніў, што Нэйлсан славіўся ў наваколлі як дзівак. Ніхто пра яго амаль нічога не ведаў, хаця ён пражыў на астравах шмат гадоў. Аднак тыя, каму давялося з ім сустракацца, казалі, што ён вялікі дзівак. Па нацыянальнасці ён быў швед.
- Багата ж у вас кніг, - сказаў шкіпер, калі Нэйлсан вярнуўся.
- Яны не шкодзяць, - адказаў Нэйлсан з усмешкай.
- Няўжо ўсё гэта вы прачыталі? - пацікавіўся шкіпер.
- Большасць з іх.
- Я і сам аматар пачытаць. Увесь час атрымліваю «Сэтэрдэй іўнінг пост».
Нэйлсан прапанаваў госцю шклянку віскі і цыгару. Шкіпер вырашыў тое-сёе расказаць пра сябе.
- Я прыплыў сюды ўчора пад вечар, але не знайшоў праходу, таму кінуў якар у моры. Я тут стаянкі не ведаю, але гаспадар загадаў прывезці сюды такі-сякі груз. Грэю. Вы ведаеце яго?
- Ведаю. У яго тут недалёка крама.
- Дык вось яму патрэбны кансервы, а ў яго ёсць копра. Таму і вырашылі, чым мне без справы стаяць у Апіі, лепш плыць сюды. Я звычайна плаваю між Апіяй і Пага-Пага, але там у іх цяпер воспа.
Ён глынуў віскі і запаліў цыгару. Шкіпер быў маўчун, але Нэйлсан чымсьці раздражняў яго і прымушаў гаварыць. Швед сачыў за ім сваімі вялікімі чорнымі вачыма, у якіх мільгала лёгкая ўсмешка.
- У вас тут выдатнае месца.
- Але, крыху давялося папрацаваць.
- Вашы дрэвы, мабыць, даюць вялікі даход. Добрыя дрэвы, а копра цяпер у цане. У мяне самога была некалі маленькая плантацыя на Іполу, але потым мусіў прадаць.
Шкіпер зноў агледзеў пакой, завалены кнігамі, незразумелымі, таму, здавалася, варожымі яму.
- Вам тут, відаць, маркотна, - сказаў ён.
- Нічога, я чалавек звыклы, вось ужо дваццаць пяць гадоў, як я тут.
Шкіпер моўчкі паліў, не ведаючы, пра што яшчэ гаварыць. А Нэйлсан, відавочна, не хацеў парушаць маўчання. Ён задумліва разглядаў свайго госця. Гэта быў высокі чалавек, вышэй шасці футаў, таўстун, з поўным у чырвоных плямах і фіялетавых прожылках на шчоках тварам. Налітыя крывёю вочы, магутная шыя. Ён быў зусім лысы, калі не лічыць доўгіх кучаравых і амаль белых пасмаў на патыліцы. Высокі бліскучы лоб замест таго, каб паказваць на вялікі розум, наадварот, рабіў твар яго дурнаватым. На ім былі блакітная фланелевая кашуля і даволі паношаныя сінія штаны.
Сядзеў госць у крэсле, выпнуўшы жывот і шырока расставіўшы тоўстыя ногі. Цела яго страціла гнуткасць. Нэйлсан спытаўся ў сябе, як мог выглядаць гэты чалавек у маладосці. Амаль немагчыма было ўявіць сабе, што гэтая туша была некалі гарэзлівым хлопчыкам.
Шкіпер выпіў віскі, і Нэйлсан падсунуў пляшку бліжэй да яго.
- Частуйцеся.
Шкіпер нахіліўся і ўзяў пляшку сваёй вялізнай лапай.
- А як вы тут апынуліся? - спытаўся ён.
- Я прыехаў сюды з-за свайго здароўя, з-за хворых лёгкіх, дактары казалі, што і года не працягну. Як бачыце, яны памыліліся.
- Я хацеў спытацца, як здарылася, што вы апынуліся менавіта тут?
- Я чалавек сентыментальны.
- А!..
Нэйлсан бачыў, што шкіпер нічагуткі не зразумеў, што ён хацеў гэтым сказаць, і ў яго вачах мільгануў кплівы агеньчык. Але, мабыць, менавіта таму, што шкіпер быў такі грубы і тупы, Нэйлсан вырашыў пагаварыць з ім.
- Калі вы ішлі па мастках, наўрад ці што-небудзь бачылі навокал, а гэта месца, між іншым, лічыцца вельмі прыгожым.
- Дый дом у вас харошы.
- Як я сюды прыехаў, яго якраз і не было. Тут стаяла круглая туземная хаціна з высокай страхой, пад вялікім дрэвам з чырвонымі кветкамі, акружаная, як плотам, кратонавымі кустамі з жоўтай, чырвонай, залацістай лістотай. Далей усюды раслі какосавыя пальмы, грацыёзныя, як жанчыны. Яны стаялі ля самай вады і круглы дзень любаваліся сваім адбіткам.
Я быў тады яшчэ малады - о божа, гэта было чвэрць стагоддзя таму назад! - і я стараўся нацешыцца ўсёй прыгажосцю свету за той нядоўгі час, што мне застаўся да смерці. Калі я ўпершыню сюды трапіў, у мяне дух зайшоўся, думаў, што заплачу. Ніколі ў жыцці не бачыў такой прыгажосці. Мне было ўсяго дваццаць пяць, і я храбрыўся - паміраць не хацелася. Мне тады здалося, што прыгажосць гэтага месца дапаможа мне пагадзіцца з лёсам... Калі я сюды прыехаў, адчуў, што ўсё маё мінулае жыццё некуды знікла - Стакгольм і Стакгольмскі ўніверсітэт, і потым Бон, быццам гэта было нейкае чужое жыццё; быццам толькі цяпер я спазнаў тую рэальнасць жыцця, пра якую шмат гавораць нашы дактары філасофіі - між іншым, я і сам доктар філасофіі. «Адзін год, - сказаў я сабе, - мне застаўся адзін год. Я пражыву яго тут, а потым можна і памерці».
Якія мы неразумныя, сентыментальныя, меладраматычныя, калі нам дваццаць пяць, але, мабыць, калі б не гэта, мы не былі б такія ўмудроныя ў пяцьдзесят... Піце, дарагі, піце! Не звяртайце ўвагі на маю балбатню.
Ён паказаў на пляшку, і шкіпер дапіў сваю шклянку віскі.
- А вы чаму самі не п'яце? - спытаўся ён, узяўшы пляшку.
- Я не п'ю, - усміхнуўся швед. - У мяне ёсць другая, больш тонкая магчымасць ап'янець. Але, можа, гэта проста фанабэрыя. Ва ўсякім разе, дзейнічае даўжэй, а вынікі менш згубныя.
- У Штатах, кажуць, цяпер нюхаюць какаін, - сказаў шкіпер.
Нэйлсан толькі ўсміхнуўся.
- Не гэтак часта даводзіцца бачыць белых, мабыць, раз у жыцці глыток віскі мне не пашкодзіць.
Ён наліў сабе крыху ў шклянку, дабавіў содавай і трошкі адпіў.
- Урэшце я зразумеў, чаму гэта месца вызначаецца гэткай незямной прыгажосцю. Тут на імгненне затрымалася каханне, як пералётная птушка, якая, выпадкова напаткаўшы карабель сярод акіяна, села на мачту і ненадоўга склала свае стомленыя крылы. Водар цудоўных пачуццяў панаваў у паветры, як пах свідзіны на лугах маёй радзімы ў маі. Мне здаецца, што там, дзе людзі моцна кахалі ці моцна пакутавалі, назаўсёды застаецца слабы водар пачуццяў, быццам яны цалкам не паміраюць, быццам гэтае месца набыло нейкую духоўную значнасць, якая нейкім чынам адбіваецца на тых, хто сюды трапляе. Шкада, што я не магу ўсё гэта больш зразумела выказаць, - ён усміхнуўся, - але ўсё адно, наўрад вы б і тады што-небудзь зразумелі з таго, што я хачу сказаць.
Нэйлсан крыху памаўчаў.
- Мабыць, гэта месца здавалася мне такім прыгожым, таму што тут я спаткаў каханне. - Ён паціснуў плячыма. - А мабыць, проста майму эстэтычнаму густу імпанавала ўдалае спалучэнне маладога кахання і адпаведнай аправы.
Нават чалавек не такі тупы, як шкіпер, наўрад ці што-небудзь скеміў бы з таго, пра што апавядаў Нэйлсан, які сам нібыта кпіў са сваіх слоў. Быццам пачуццё, што выклікала гэтую шчырасць, розуму здалося смешным. Нэйлсан сам называў сябе сентыментальным, але калі да сентыментальнасці далучаецца скепсіс, з гэтага бог ведае што можа атрымацца.
Нэйлсан з хвіліну якую памаўчаў і раптам зірнуў на шкіпера з непрыхаванай цікаўнасцю.
- Ведаеце, мне ўвесь час здаецца, што я вас ужо недзе бачыў, - сказаў ён.
- Не помню, - адказаў шкіпер.
- Дзіўна, але твар ваш мне быццам знаёмы, я ўсё хачу прыгадаць, дзе і калі вас сустракаў.
Шкіпер паціснуў плячыма.
- Ужо трыццаць гадоў я на астравах. Дзе ж тут запомніць усіх, з кім давялося сустракацца.
Швед паківаў галавой.
- Ведаеце, часам бывае, знаёмым здаецца месца, дзе ніколі не быў. Вось і цяпер я адчуваю прыкладна тое ж, калі гляджу на вас. - На твары яго з'явілася дзіўная ўсмешка. - Мабыць, вы былі начальнікам галеры ў старажытным Рыме, а я рабом ля вясла. Вы кажаце, пражылі тут трыццаць гадоў?
- Трыццаць, як адзін год.
- А не сустракалі вы чалавека па мянушцы Руды?
- Руды?
- Я ведаю яго толькі па гэтай мянушцы. Сустракацца нам не давялося. І ўсё ж я ўяўляю яго выразней, чым, скажам, сваіх братоў, якіх я бачыў дзень пры дні шмат гадоў. Ён жыве ў маім уяўленні, як Паола Малатэста або Рамэо. Зрэшты, вы, мабыць, не чыталі ні Дантэ, ні Шэкспіра?
- Мабыць, не, - адказаў шкіпер.
Нэйлсан, разваліўшыся ў крэсле, паліў цыгару і адсутным позіркам сачыў за струменьчыкам дыму ў нерухомым паветры. На вуснах яго гуляла ўсмешка, але вочы былі сур'ёзныя.
Ён зірнуў на шкіпера. Празмерная сытасць яго выклікала агіду. На твары ляжаў адбітак бязмежнага самазадаволення, характэрнага таўстунам. Гэта было абуральна і нервавала Нэйлсана. Аднак кантраст паміж створаным ім вобразам і госцем забаўляў яго.
- Здаецца, гэты Руды быў прыгажун. Я гутарыў з рознымі людзьмі, і з белымі таксама, якія ведалі яго ў тыя часы, і ўсе яны як адзін казалі, што ён быў вельмі прыгожы хлопец.
Рудым яго звалі за вогненныя валасы, доўгія, кучаравыя ад прыроды. Мабыць, валасы былі менавіта таго колеру, па якім вар'яцелі ўсе гэтыя прадрафаэліты*. Не думаю, што ён вельмі ганарыўся сваёй шавялюрай - ён быў занадта просты, - але каб і ганарыўся, наўрад ці хто кпіў бы з гэтага.
* Групоўка ангельскіх мастакоў і пісьменнікаў другой паловы XIX стагоддзя, якая імкнулася адрадзіць у сваёй творчасці шчырасць, наіўную рэлігійнасць ранняга Адраджэння (заўв. перакл.).
Ён быў высокі, больш за шэсць футаў. У туземнай хаціне, якая тут раней стаяла, на цэнтральным слупе, што падтрымліваў страху, зарубкай быў адзначаны яго рост. Атлетычнага складу, як грэчаскі бог, шыракаплечы, з вузкімі клубамі. У яго постаці была тая мяккасць ліній, якую Праксіцель надаў свайму Апалону, і тая ж няўлоўная жаночая грацыя, хвалюючая і таямнічая. Скура яго была бялюткая, аксаміцістая, як у жанчыны.
- У мяне самога, як я быў хлапчуком, скура была вельмі белая, - сказаў шкіпер, і ў яго вачах мільганула ценем усмешка.
Але Нэйлсан нібыта і не чуў яго. Ён у захапленні распавядаў далей і не жадаў, каб яму перашкаджалі.
- Твар у яго быў такі ж цудоўны, як і постаць. Вялікія сінія вочы, такія цёмныя, што некаторыя казалі - чорныя. І, як рэдка бывае ў рудых, - цёмныя бровы і доўгія цёмныя вейкі. Правільныя рысы твару, а рот, як крывавая рана. Яму было тады дваццаць гадоў. - Тут швед вытрымаў драматычную паўзу і глынуў крыху віскі. Потым павёў апавяданне далей: - Непаўторны. Не было чалавека, прыгажэйшага за яго. Гэта была дзіўная кветка на дзікай расліне - шчаслівы капрыз Прыроды.
Аднойчы Руды высадзіўся ў той бухце, дзе вы, мабыць, сёння раніцай кінулі якар. Ён быў амерыканскім матросам і дэзерціраваў з ваеннага карабля ў Апіі. Ён дамовіўся з нейкім добрасардэчным туземцам, каб той завёз яго на катэры з Апіі ў Сафора. Тут ён сышоў на бераг. Чаму ён дэзерціраваў, не ведаю. Мабыць, не спадабалася жыццё на ваенным караблі з яго строгасцямі; мабыць, былі нейкія непрыемнасці, а можа, на яго паўплывалі паўднёвыя моры і гэтыя рамантычныя астравы, якія часам дзіўным чынам аблытваюць чалавека, як муху павуціннем. Мажліва, ён быў залішне ўражлівы, і гэтыя зялёныя пагоркі, гэты спакойны клімат, сіняе мора адабралі ў яго моц жыхара поўначы, як Даліла адабрала моц у Самсона. Так ці іначай, яму трэба было схавацца, і ён вырашыў, што тут і можна пражыць у бяспецы, пакуль карабель яго не адплыве ад Самоанскіх астравоў.
На беразе лагуны была туземная хаціна, і, пакуль Руды стаяў і разважаў, куды падацца, з хаціны выйшла дзяўчына і запрасіла яго да сябе. Ён ведаў два-тры словы на туземнай мове, а яна столькі ж па-ангельску. Але ён выдатна зразумеў, што азначалі яе ўсмешкі і запрашальныя жэсты. Ён сеў на цыноўку, і яна пачаставала яго кавалачкамі ананаса.
Пра Рудога я ведаю толькі з чужых слоў, дзяўчыну ж я бачыў праз тры гады пасля іх сустрэчы. Тады ёй было ўсяго шаснаццаць. Вы сабе не ўяўляеце, якая яна была прыгажуня. Пажадлівая грацыя і багатыя фарбы трапічнай кветкі. Высокая, гнуткая, з тонкімі рысамі, характэрнымі яе народу, з вялікімі вачыма, падобнымі на ціхія затокі пад пальмамі. Яе чорныя кучаравыя валасы рассыпаліся па плячах, а на галаве быў вянок з духмяных кветак. Ад аднаго позірку на яе чароўныя рукі, такія маленькія, такія прыгожыя, дух займала.
У тыя дні яна амаль заўсёды смяялася. Ад усмешкі той сэрца магло спыніцца. Скура дзяўчыны залацілася, нібы пшанічнае поле ў сонечны дзень.
Божухна! Як апісаць яе? Яна была казачнай прыгажосці.
І гэтыя юныя стварэнні - ёй было тады шаснаццаць, а яму дваццаць, - закахаліся адно ў аднаго з першага погляду. Гэткае сапраўднае каханне, не тое каханне, што нараджаецца з узаемнай сімпатыі, агульных інтарэсаў, духоўнай блізкасці, а каханне простае, адвечнае. Так пакахаў Адам Еву, калі прачнуўся і ўпершыню ўбачыў яе ў садзе. Гэта было тое каханне, якое прываблівае адно да аднаго звяроў і багоў. Тое каханне, што робіць свет цудам. Каханне, што дае жыццю ўнутраны сэнс. Вы ніколі, мабыць, не чулі пра разумнага і цынічнага французскага герцага, які казаў, што з двух закаханых толькі адзін кахае, другі ж дазваляе сябе кахаць. Гэта горкая ісціна, з якой большасць з нас вымушана пагадзіцца. І вельмі рэдка бывае, каб абое кахалі аднолькава. Тады, відаць, само сонца спыніцца, як спынілася яно, калі Ісус Навін заклікаў да бога Ізраіля.
Нават цяпер, праз шмат гадоў, калі я ўспамінаю гэтыя юныя стварэнні, такія прыгожыя, простыя, пра іх каханне, у мяне ные сэрца. Яно сціскаецца так, як часам бывае, калі я ўначы гляджу на месяц, што зіхаціць у чыстым небе над лагунай.
Сузіранне ідэальнай прыгажосці заўсёды нараджае боль.
Яны былі як дзеці. Дзяўчына была добрая, пяшчотная і ласкавая. Пра яго я нічога не ведаю, але хачу думаць, што ва ўсякім разе ў той час гэта быў адкрыты і шчыры чалавек. Мне хочацца думаць, што душа яго была такая ж прыгожая, як і постаць. Але зусім мажліва, што ў душы ў яго было не больш, чым у тых стварэнняў, што жылі ў лесе, рабілі жалейкі з чароту і купаліся ў горных ручаях і азёрах, калі свет быў яшчэ малады і калі фаўны скакалі вярхом на барадатых кентаўрах. Клопатная рэч - душа, і з таго часу, як чалавек прыдбаў яе, ён страціў Эдэм.
Дык вось, незадоўга да з'яўлення Рудога на востраве прайшла эпідэмія, адна з тых, што завозіць у краіны паўднёвых мораў белы чалавек; трэцяя частка жыхароў вострава памерла. Дзяўчына страціла ўсіх сваіх блізкіх і жыла разам з далёкімі сваякамі. Уся сям'я складалася з дзвюх бабулек, зморшчаных і згорбленых, дзвюх маладзейшых жанчын, мужчыны і хлопчыка.
Руды пражыў у іх некалькі дзён. Ці яго непакоіла, што блізка бераг і можна сустрэць белых, якія б маглі яго выдаць, ці закаханыя не хацелі, каб ім хто-небудзь замінаў пабыць удваіх; так ці іначай, неўзабаве яны сабралі немудрагелістыя пажыткі дзяўчыны і пайшлі па зарослай травой сцежцы пад какосавымі пальмамі да рэчкі, якую вы цяпер бачыце. Ім давялося прайсці па мастку, па якім ішлі вы. Дзяўчына весела смяялася з баязлівасці Рудога. Яна давяла яго за руку да канца першага ствала, але далей у яго мужнасці не хапіла, і ён вярнуўся. Перад тым як зноў ступіць на масток, ён раздзеўся, і дзяўчына перанесла яго рэчы на галаве.
Яны пасяліліся ў пустой хаціне, што стаяла тут. Ці то яна мела на хаціну нейкія правы (права на зямлю на востраве - складаная рэч), ці гаспадар памёр у час эпідэміі, ва ўсякім разе, іх ніхто тут не турбаваў. Дзве цыноўкі, на якіх яны спалі, асколак люстэрка ды дзве-тры міскі - вось і ўсё, што яны мелі. Але ў такім благаславёным кутку гэтага хапіла, каб зажыць сваёй сям'ёй.
Кажуць, у шчаслівых людзей няма гісторыі, і, відавочна, яе няма ў шчаслівага кахання. З раніцы да вечара яны нічога не рабілі, і ўсё ж дні здаваліся ім занадта кароткімі. У дзяўчыны было туземнае імя, але Руды называў яе Салі. Ён хутка вывучыўся нескладанай туземнай мове і ляжаў гадзінамі на цыноўцы і слухаў яе вясёлы шчэбет. Ён быў маўклівы, а розум яго, мабыць, яшчэ не абудзіўся. Ён увесь час паліў цыгарэты, якія яна рабіла яму з тутэйшага тытуню і лістоў пандану, і назіраў, як яна сваімі спрытнымі пальцамі пляла цыноўкі з травы.
Да іх часта заходзілі туземцы; яны расказвалі доўгія гісторыі пра былыя часы, калі на востраве ішла вайна паміж плямёнамі. Іншы раз Руды рыбачыў на рыфе і прыносіў дадому кош рознакаляровай рыбы. Часам ноччу хадзіў з ліхтаром лавіць. амараў. Каля хаціны раслі бананы. Салі пякла іх, і гэта таксама было часткай іх сціплай ежы. Салі ўмела прыгатаваць смачную страву з какосавых арэхаў, а хлебнае дрэва, што расло на беразе ракі, давала ім свае плады. На свята забівалі парася і смажылі на гарачых каменнях. Яны разам купаліся ў рацэ, а вечарамі каталіся ў чоўне па лагуне.
На захадзе сонца цёмна-сіняе мора набывала афарбоўку чырвонага віна, як мора гамераўскай Грэцыі; у лагуне яно пералівалася ўсімі адценнямі, ад аквамарыну да аметысту і ізумруду; а промні сонца на захадзе на нейкае імгненне афарбоўвалі яго ў залаты колер. У моры былі каралы ўсіх колераў: карычневыя, белыя, ружовыя, чырвоныя, фіялетавыя. Яны былі падобныя на чароўны сад, а маленькія рыбкі ў вадзе - на матылькоў. Усё гэта нагадвала казку. Сярод зарасніку каралаў сустракаліся адкрытыя мясціны з белым пясчаным дном і з крыштальна чыстай вадой, у якой вельмі добра было купацца.
Ужо прыцемкам яны павольна, трымаючы адно аднаго за рукі, вярталіся сцежкай дамоў, бадзёрыя і шчаслівыя. Птушкі майна весела шчабяталі ў какосавым гаі. Прыходзіла ноч, і вялікае неба з залатымі зоркамі здавалася шырэйшым, чым у Эўропе, а лёгкі ветрык прадзімаў іх хаціну. Але і гэтая доўгая ноч здавалася ім занадта кароткай.
Ёй было шаснаццаць, а яму ледзь мінула дваццаць гадоў. Золак пранікаў між слупоў хаціны і глядзеў на гэтых цудоўных дзяцей, што спалі ў абдымках адно аднаго. Сонца, каб не патурбаваць іх, спачатку хавалася за лісцем бананаў, а потым яго залаты прамень, нібыта лапка ангорскай кошкі, ласкава кратаў іх твары. Яны расплюшчвалі сонныя вочы і з усмешкай сустракалі новы дзень.
Прайшлі тыдні, месяцы, год. Яны, здавалася, кахалі адно аднаго гэтак жа - я не хачу сказаць палка, таму што ў палкасці заўсёды ёсць крыху маркоты, горычы ці пакуты, - але гэтак жа бязмежна, гэтак жа проста і натуральна, як у той дзень, калі ўпершыню сустрэліся і зразумелі, што ў іх пасялілася бажаство.
Я ўпэўнены, што яны і не думалі, што іх каханне калі-небудзь можа скончыцца. Няўжо мы не ведаем, што галоўнае ў каханні - гэта вера ў тое, што яно працягнецца вечна. Але ўсё ж такі, мабыць, у Рудога ўжо недзе ў глыбіні хавалася маленькае зерне перасыці, пра што ні дзяўчына, ні ён сам не здагадваліся, калі аднойчы туземец прыехаў з берага і сказаў, што непадалёку стаіць на якары ангельскі кітабойны карабель.
- Вось добра! - сказаў Руды. - Мо пайсці да іх ды памяняць арэхі і бананы на фунты з два тытуню.
Цыгарэты з панданавых лістоў, якія Салі рабіла яму, былі моцныя і даволі прыемныя, але яны не задавальнялі яго; яму раптам вельмі захацелася сапраўднага тытуню, пахучага, моцнага. Месяцаў колькі ён не паліў люлькі, і цяпер, калі ён падумаў пра гэта, у яго слінкі пацяклі.
Можна было чакаць, што Салі пачуе нядобрае і адгаворыць яго, аднак каханне было такім моцным, што яна і думаць не магла, што знойдзецца на зямлі такая сіла, якая можа адняць у яе Рудога. Яны разам пайшлі на пагоркі, назбіралі вялікі кош дзікіх апельсінаў, зялёных, але салодкіх і сакавітых; каля хаціны яны набралі бананаў, какосавых арэхаў, пладоў хлебнага дрэва і манга і ўсё гэта прынеслі на бераг. Паклаўшы ўсё гэта ў човен, Руды разам з тутэйшым хлопчыкам, тым самым, што паведаміў пра карабель, паплыў за рыф.
Больш Салі яго ніколі не бачыла.
На другі дзень хлопчык вярнуўся адзін, у слязах. Ён расказаў, што, калі яны падплылі да карабля, Руды крыкнуў нешта, выйшаў белы чалавек і паклікаў іх наверх. Руды ўзяў з сабой садавіну і падняўся на палубу. Белы загаварыў з Рудым, і яны, відаць, аб нечым дамовіліся. Адзін з матросаў прынёс тытуню. Руды адразу напхаў люльку і запаліў. Хлопчык паказаў, з якой асалодай ён зацягнуўся і выпусціў вялікі клуб дыму.
Потым яму нешта сказалі, і ён зайшоў у каюту.
Хлопчык бачыў праз адчыненыя дзверы, як прынеслі пляшку і шклянкі. Руды піў і паліў.
Белыя, мабыць, спыталіся пра нешта, таму што ён пакруціў галавой і засмяяўся. Чалавек, які першы загаварыў з ім, таксама смяяўся і зноў наліў у шклянку Рудому. Яны гутарылі і пілі, а хлопчык урэшце стаміўся сачыць за імі, бо не мог зразумець таго, што адбываецца, скурчыўся на палубе і заснуў.
Прачнуўся ён ад штуршка, ускочыў на ногі і ўбачыў, што карабель павольна выходзіць з лагуны. Руды моцна спаў, паклаўшы цяжкую галаву на рукі. Хлопчык паімкнуўся быў да яго, каб пабудзіць, але чыясьці рука груба схапіла яго за плячо, і пануры матрос аблаяў хлопца на незразумелай мове, падштурхнуў яго да борта. Тады хлопчык гукнуў Рудога, але ў той жа момант яго схапілі і выкінулі ў ваду. Хлопчык зразумеў, што ўжо нічога не выправіць; ён падплыў да чоўна, што быў недалёка ад рыфа, і ўвесь у слязах пачаў веславаць да берага.
Растлумачыць усё можна было вельмі лёгка. На кітабойным судне не хапала матросаў - ці то яны хварэлі, ці то разбегліся - і капітан прапанаваў Рудому завербавацца, а калі той адмовіўся, падпаіў яго і проста звёз.
Салі вельмі бедавала. Тры дні яна страшэнна плакала. Туземцы стараліся яе супакоіць, але дарэмна. Яна нічога не хацела есці. А потым ёю авалодала апатыя.
Доўгія дні яна сядзела на беразе, не зводзячы вачэй з лагуны, усё спадзявалася, што Руды як-небудзь выкруціцца. Яна гадзінамі сядзела на белым пяску, і слёзы вялікімі кроплямі беглі па шчоках, а пад вечар стомленая вярталася праз рэчку ў хаціну, дзе яны некалі былі шчаслівыя. Людзі, з якімі яна жыла перад тым, як на востраве з'явіўся Руды, клікалі яе назад, але яна адмовілася: яна была ўпэўнена, што Руды вернецца, і хацела, каб ён знайшоў яе там, дзе пакінуў.
Праз чатыры месяцы яна нарадзіла мёртвае дзіця, і бабуля, якая прыйшла дапамагчы ёй, засталася жыць у яе хаціне.
Радасць знікла з яе жыцця. Хоць з цягам часу боль крыху прытупіўся, на змену яму прыйшла заўсёдная меланхолія. Цяжка ўявіць, што сярод гэтага народа, чые пачуцці моцныя, але хуткабежныя, знойдзецца жанчына, здольная на такое каханне. Яна верыла, што рана ці позна Руды вернецца. Яна чакала яго, і кожны раз, калі хто-небудзь ішоў праз масток, яна паднімала галаву, спадзеючыся ўбачыць яго...
Нэйлсан змоўк і ўздыхнуў.
- Што ж было далей? - спытаўся шкіпер.
Нэйлсан усміхнуўся.
- Праз тры гады яна сышлася з другім белым.
- Гэтак у іх звычайна і бывае, - сказаў шкіпер з цынічнай усмешкай.
Швед з нянавісцю зірнуў на яго. Ён не ведаў, чаму гэты грубы таўстун выклікаў у яго агіду. Але неўзабаве думкі вярнулі яго ў мінулае.
Яны вярнулі яго на дваццаць пяць гадоў назад, калі ён упершыню прыехаў на востраў з Апія, які надакучыў яму сваім п'янствам, азартнымі гульнямі і грубай распустай. Ён быў цяжка хворы і хацеў звыкнуцца з думкай аб крушэнні кар'еры, з якой звязана было шмат надзей. Ён адкінуў думку аб ненатоленай прагнасці да пашаны і прымусіў сябе змірыцца з некалькімі месяцамі асцярожнага жыцця, на якія ён мог разлічваць, калі будзе сябе берагчы.
Ён пасяліўся ў метыса-гандляра, які меў краму на беразе, за дзве мілі адсюль, на ўскраіне тутэйшай вёскі. Аднойчы, гуляючы па сцежках сярод какосавых пальмаў, ён натрапіў на хаціну, у якой жыла Салі. Прыгажосць гэтага кутка прывяла яго ў вялікае захапленне. І тут ён убачыў Салі.
Прыгажэйшага стварэння ён яшчэ ніколі не сустракаў, а смутак яе цудоўных чорных вачэй выклікаў у ім дзіўныя думкі. Канакі - прыгожы народ, але прыгажосць іх хутчэй нагадвае прыгажосць жывёліны. Яна пустая. Аднак у трагічных вачах Салі хавалася нейкая таямніца; у іх адбівалася разгубленасць і горыч зраненай душы. Гандляр распавядаў яму гісторыю Салі, і яна вельмі яго ўзрушыла.
- Як вы думаеце, Руды калі-небудзь вернецца? - спытаўся Нэйлсан.
- Дзе там! З камандай разлічацца не раней чым праз гады два, а за гэты час ён забудзе і думаць пра Салі. Упэўнены, што, калі ён прачнуўся і зразумеў, што яго наўмысна падпаілі, каб звезці, учыніў скандал і бойку. Але ўрэшце скарыўся, а праз які месяц ён, відаць, быў вельмі рады, што ўсё так атрымалася.
Нэйлсан не мог выкінуць з галавы гэтую гісторыю. Мабыць, менавіта таму, што сам ён быў хворы, кволы і несімпатычны, ён з вялікай павагай ставіўся да людзей прыгожых. Ніколі ў жыцці ён моцна не кахаў, і тым больш ніхто моцна не кахаў яго. Немаведама чаму каханне гэтых двух юных стварэнняў хвалявала і радавала яго. У гэтым каханні ўвасаблялася прыгажосць Вечнасці.
Ён зноў пайшоў да маленькай хаціны ля рэчкі. У яго былі здольнасці да замежных моў і жывы розум, які звык заўсёды працаваць. Ён прысвяціў ужо нямала часу вывучэнню тутэйшай мовы. І цяпер ужо па звычцы ён збіраў матэрыял для навуковай працы па мове самоанцаў.
Старая, што жыла разам з Салі, запрасіла яго ў госці. Яна пачаставала яго кавай і цыгарэтамі. Яна была вельмі радая, што ёсць з кім пагутарыць, а ён, пакуль яна нешта апавядала, назіраў за Салі. Яна нагадвала яму Псіхею з Неапалітанскага музея. У яе быў такі ж правільны і чысты твар, юная, як у дзяўчынкі, постаць.
Толькі пасля другой ці трэцяй сустрэчы Нэйлсан пачуў яе голас. Але і тады яна парушыла маўчанне, каб запытацца, ці не сустракаў ён у Апіі чалавека па мянушцы Руды. Два гады прайшло, як той знік, але было відавочна, што яна ўвесь час думае пра яго.
Неўзабаве Нэйлсан зразумеў, што закахаўся. Вельмі цяжка яму было прымусіць сябе не хадзіць да рэчкі кожны дзень, але, нават калі ён і не бачыў Салі, усе яго думкі былі аб ёй.
Спачатку ён толькі хацеў бачыць яе, хаця б зрэдку чуць яе голас, і каханне гэтае было для яго крыніцай вялікага шчасця. Ён радаваўся чысціні свайго пачуцця. Яму ад Салі нічога не трэба было, яму хапала толькі марыць пра гэтую чароўнай прыгажосці дзяўчыну.
Свежае паветра, спрыяльны клімат, адпачынак, простая ежа цудоўна паспрыялі яго здароўю. Начамі ў яго больш не павышалася тэмпература, ён ужо менш кашляў і крыху папаўнеў; паўгода ў яго не было крывіхаркання, і тады ён раптам зразумеў, што, мабыць, ачуняе. Ён пільна вывучыў сваю хваробу, і ў яго з'явілася надзея, што ён можа ад яе пазбавіцца.
Магчымасць зноў думаць пра будучае натхніла яго. Ён пачаў строіць планы. Зразумела, што ні аб якой актыўнай дзейнасці і гаворкі быць не магло, ён будзе жыць на востраве, яго невялікага даходу, на які цяжка было б пражыць дзе-небудзь у Эўропе, тут хопіць. Ён будзе вырошчваць какосавыя пальмы, чым не занятак; перавязе сюды свае кнігі і раяль. Але вельмі хутка ён зразумеў, што ўсімі гэтымі планамі імкнецца схаваць сваё моцнае каханне, што цалкам ім авалодала.
Яму была патрэбна Салі. Ён кахаў не толькі яе прыгажосць, але і душу, якая ўгадвалася па яе пакутніцкім позірку. Ён затуманіць яе сваёю палкасцю. Прымусіць яе забыцца. І ў марах сваіх ён уяўляў, што дасць ёй тое шчасце, якое лічыў для сябе згубленым і якое цяпер зноў знайшоў.
Ён прапанаваў ёй жыць з ім. Яна адмовілася. Гэта не было яму нечаканасцю. Але ён быў упэўнены, што рана ці позна яна ўступіць. Яго каханне пераможа.
Ён падзяліўся са старой сваімі планамі і здзівіўся, што і яна і суседзі даўно ўжо настойліва ўгаворвалі Салі прыняць яго прапанову. Гэта ж кожная тутэйшая кабета імкнецца стаць гаспадыняй у доме белага чалавека, а Нэйлсан, на тутэйшыя меркі, быў яшчэ і багаты.
Гандляр, у якога Нэйлсан жыў, пайшоў да Салі і ўгаворваў яе не быць дурніцай; больш такой магчымасці не будзе, і цяпер, калі прайшло столькі часу, няма чаго і думаць, што Руды вернецца.
Тое, што дзяўчына адмовіла яму, ператварыла чыстае раней Нэйлсанава каханне ў неадчэпную ідэю. Ён цвёрда вырашыў пераадолець усе перашкоды. Не даваў Салі спакою. Урэшце яна паддалася яго настойлівасці, то ласкавым, то сярдзітым угаворам і скарылася.
Але калі назаўтра ён, радасны і шчаслівы, прыйшоў да яе, высветлілася, што ўначы яна спаліла хаціну, у якой некалі жыла з Рудым. Старая выбегла яму насустрач, лаяла Салі, але ён адмахнуўся ад яе. Яны пабудуюць бунгала на тым месцы, дзе стаяла хаціна. У эўрапейскім доме жыць лепш, калі ён збіраецца перавезці сюды свае кнігі і раяль.
Так з'явіўся драўляны дом, у якім ён і пражыў шмат гадоў, і Салі стала яго жонкаю. Аднак за першыя тыдні, калі Нэйлсан задавольваўся тым, што яна яму давала, шчасця ён не адчуў. Яна скарылася, стомленая ўгаворамі, але дала яму толькі тое, што цаніла невысока. Душа яе, якую ён імкнуўся зразумець, яму так і не належала. Ён адчуваў, што яна абыякавая да яго. Яна ўсё яшчэ кахала Рудога і чакала, што той вернецца. Нэйлсан ведаў, што, нягледзячы на каханне, яго пяшчоту, падтрымку і шчодрасць, яна б кінула яго, як толькі Руды паклікаў бы. Нават і не падумала б, як бы Нэйлсан пакутаваў.
Яму было вельмі цяжка, ён спрабаваў прабіць гэтую сцяну, што стварыла яна вакол сябе. Горкае гэта было каханне. Ён імкнуўся растапіць Саліна сэрца дабрынёй, але яно заставалася такім жа халодным, ён прыкідваўся абыякавым - яна не заўважала. Часам ён ускіпаў і пачынаў лаяцца, тады яна моўчкі плакала. Іншы раз ён думаў, што сам сябе падмануў, сам прыдумаў яе душу і таму не здолее ў гэту душу пранікнуць, што яе ўвогуле няма.
Яго каханне стала турмой, з якой ён хацеў збегчы, але ў яго не хапала сілы проста адчыніць дзверы - больш і не трэба - і выйсці на свабоду. Што за пакуты гэта былі, і ўрэшце ён згубіў надзею і ўжо больш не адчуваў болю. Полымя яго кахання згасла, і, калі ён бачыў, што позірк яе на якую хвіліну затрымліваецца на мастку, ён больш ужо не злаваўся. Яны пражылі разам шмат гадоў, прывыклі адно да аднаго, і цяпер ён з усмешкай успамінаў сваё былое каханне. Яна ўжо амаль старая, таму што на астравах жанчыны хутка старэюць, і ён ужо даўно не кахаў яе, навучыўся ставіцца да яе абыякава. Яна яму больш не патрэбная. Яму цяпер хапае кніг і раяля.
Гэтыя думкі прымусілі Нэйлсана загаварыць зноў.
- Калі я азіраюся назад і думаю пра нядоўгае, але цудоўнае каханне Рудога і Салі, я лічу, ім пашанцавала, што лёс разлучыў іх, калі каханне было ў зеніце. Яны пакутавалі, праўда, але пакуты гэтыя былі прыгожыя. Сапраўдная трагедыя кахання абмінула іх.
- Я нешта не разумею вас, - сказаў шкіпер.
- Трагедыя кахання - гэта не смерць і не разлука. Хто ведае, колькі б гэта ў іх цягнулася. Як цяжка глядзець на жанчыну, якую некалі кахаў усім сэрцам, усёй душою - кахаў так, што і хвіліны без яе жыць не мог, - і разумець, што зусім не засмуціўся б, калі б больш яе не ўбачыў. Трагедыя кахання - гэта абыякавасць.
Пакуль Нэйлсан гаварыў, адбылося нешта вельмі дзіўнае. Хоць ён і звяртаўся да шкіпера, гаварыў ён не з ім; ён проста выказваў свае думкі сабе самому, пры гэтым глядзеў на чалавека, што сядзеў перад ім. Але раптам у думках яго ўзнік вобраз - вобраз не гэтага чалавека, што сядзеў насупраць, а другога. Ён нібы глядзеў у крывое люстэрка, якое робіць чалавека незвычайна тоўстым ці вельмі доўгім, толькі цяпер усё было наадварот: у гэтым брыдкім таўстуне ён раптам на нейкае імгненне ўбачыў вобраз юнака.
Ён уважліва паглядзеў на свайго госця. Чаму выпадковы шпацыр прывёў яго менавіта сюды?
У яго знянацку скаланулася сэрца. Недарэчнае падазрэнне раптам нарадзілася ў ім. Гэта здавалася неймаверным, але...
- Як ваша імя? - спытаўся ён.
Шкіпер прыжмурыў вочы і хітра ўсміхнуўся. На твары яго мільганула ценем злараднасць.
- Ліха яго бяры. Маё імя ніхто так даўно не называў, што я яго амаль забыўся. Але вось ужо трыццаць гадоў як тут, на астравах, мяне ўсе клічуць Руды.
Сытае цела яго затрэслася ад ціхага, амаль нягучнага смеху. Глядзець было брыдка.
Нэйлсан перасмыкнуў плячыма. А Рудога, відаць, гісторыя гэтая вельмі пацешыла, ад смеху ў яго слёзы пабеглі па шчоках.
Нэйлсан здрыгануўся, таму што ў гэты момант у пакой увайшла жанчына. Гэта была паважная туземка, не надта поўная, вельмі смуглая - скура туземцаў з узростам робіцца цёмнай - і зусім сівая. На ёй была свабодная сукенка з тонкай чорнай тканіны, праз якую свіціліся яе вялікія грудзі. Настаў крытычны момант.
Жанчына нешта сказала Нэйлсану. Той адказаў ёй голасам ненатуральным, хоць яна, відавочна, на гэта не звярнула ўвагі. Жанчына абыякава зірнула на чалавека, што сядзеў каля акна, і рушыла з пакоя. Крытычны момант надышоў і мінуў.
Нэйлсан не мог вымавіць ні гуку. Ён быў агаломшаны. Потым ён усё ж такі прымусіў сябе сказаць:
- Можа, застаняцеся, каб паесці са мной.
- На жаль, не магу, - сказаў Руды. - Мне неабходна знайсці гэтага Грэя. Аддам тавары і - назад. Заўтра мне трэба быць у Апіі.
- Я дам вам хлопчыка, каб правёў да Грэя.
- Вось і цудоўна.
Руды цяжка падняўся з крэсла, а швед паклікаў аднаго з хлопчыкаў, што працавалі на плантацыі. Ён растлумачыў яму, куды трэба завесці шкіпера, і хлопчык пайшоў праз масток. Руды быў пашыбаваў за ім.
- Не зваліцеся! - сказаў Нэйлсан.
- Нізашто!
Нэйлсан сачыў за ім і, калі той знік за какосавымі пальмамі, застаўся стаяць каля акна. Потым цяжка сеў у крэсла. Няўжо гэта і быў той чалавек, якога Салі кахала ўсе гэтыя гады і якога так чакала. Якая страшная насмешка! Ён ашалеў раптам ад злосці. Хацелася ўсё ламаць вакол. Яго падманулі! Яны сустрэліся ўрэшце і не пазналі адно аднаго. Ён засмяяўся, смех яго рабіўся ўсё мацнейшы, нагадваў істэрыку. Богі жорстка пакпілі з яго. А цяпер ён ужо стары...
Урэшце прыйшла Салі і сказала, што пара абедаць. Ён сядзеў насупраць яе і спрабаваў есці. Што б яна сказала, калі б даведалася, што гэты таўстун, які вось тут толькі што сядзеў у крэсле, той самы каханы, якога яна ўсё яшчэ помніла. Шмат гадоў таму назад, калі ён ненавідзеў яе за тое, што яна так мучыла яго, яму было б вельмі прыемна гэта сказаць. Тады ён хацеў зрабіць ёй балюча, як рабіла яму яна, таму што яго нянавісць было тое ж каханне.
Але цяпер яму было ўсё адно. Ён абыякава паціснуў плячыма.
- Што хацеў гэты чалавек? - спыталася Салі.
Ён памарудзіў з адказам. Яна таксама была старая. Тоўстая старая туземка. Цяпер ён розумам дайсці не мог, за што так моцна кахаў яе раней. Ён склаў да яе ног усе скарбы душы, але яны ён былі без патрэбы.
Дарэмна! Усё дарэмна!
Цяпер, калі глядзеў на яе, адчуваў толькі пагарду. Хопіць цярпець!
Ён адказаў:
- Гэта быў капітан са шхуны. Прыехаў з Апіі.
- Ага...
- Ён прывёз мне навіну з дому. Мой старэйшы брат захварэў, і мне трэба тэрмінова вярнуцца.
- Вы надоўга паедзеце?
Ён паціснуў плячыма.
Дробязнае здарэнне
Распавядаю я гэтую гісторыю ад першай асобы, хоць я не прымаў у ёй ніякага ўдзелу і не маю намеру прыкідвацца перад чытачом, нібыта ведаю больш, чым тут кажу. Як усё адбывалася - расказваецца дакладна, а чаму - пра гэта можна толькі здагадвацца, і, мабыць, маіх меркаванняў чытач і не прыме. Тут цяжка што-небудзь пэўна давесці. Але для тых, хто цікавіцца чалавечай душой, няма больш займальнай справы, чым адшукваць прычыны будучых учынкаў. Падрабязнасці гэтай гісторыі я пачуў выпадкова. Неяк мне давялося дні два-тры пажыць на адным з астравоў на поўнач ад Барнэо, і начальнік акругі ветліва запрасіў пагасцяваць у яго. Перад гэтым нейкі час я вымушаны быў вандраваць у вельмі складаных умовах, таму я шчыра ўзрадаваўся будучаму адпачынку. Некалі востраў карыстаўся папулярнасцю, быў тут нават свой губернатар. Аднак мінулі гады, і цяпер ужо нішто не нагадвала пра тыя лепшыя дні, акрамя вялікага мураванага дома, дзе раней жыў губернатар, а цяпер пасяліўся начальнік акругі, якому, між іншым, велічыня будынка не спадабалася. Тым не менш гэта быў добры дом - з вялікай гасцёўняй, сталовай чалавек на сорак, раскошнымі спальнямі з высокай столлю. Дом патроху руйнаваўся - сінгапурскія ўлады не спяшаліся раскашэліцца на рамонт; але мне дом падабаўся: масіўная мэбля надавала пакоям строгую ўрачыстасць, - і гэта забаўляла мяне. Сад каля дома быў такі вялікі, што гаспадар не мог дагледзець яго, і з цягам часу ён ператварыўся ў непраходны трапічны зараснік. Начальнік акругі Артур Лоў быў чалавек невысокага росту, гадоў пад сорак, спакойны і марудлівы, меў ён жонку і дваіх дзяцей. Лоў так і не здолеў абжыць гэтыя пустэльныя палацы, яны жылі па-паходнаму, нібыта ўцекачы з мясцін, ахопленых эпідэміяй, якія толькі і чакалі, што вось-вось перабяруцца ў другое больш звыклае ім месца.
Сям'я Лоў мне адразу спадабалася. Начальнік акругі быў чалавек ветлівы і далікатны, з пачуццём гумару. Упэўнены, што свае шматлікія службовыя абавязкі ён выконваў на выдатна, і пры гэтым з усяе сілы імкнуўся пазбегнуць афіцыйнага тону. У яго быў востры, але не злосны язык, ужываў ён багата жаргонных слоў. Люба было глядзець, калі ён гуляў са сваімі дзецьмі. Сямейнае жыццё, безумоўна, яму падабалася. Місіс Лоў была прыгожая маленькая жанчынка, пухленькая, цемнавокая, з цудоўнымі брывамі, не прыгажуня, але, безумоўна, даволі прывабная кабета. У яе быў здаровы выгляд і вясёлы нораў. Муж і жонка ўвесь час знаходзілі нешта смешнае і весела смяяліся адно з аднаго. Хоць іх жарты наўрад можна было назваць вострымі ці новымі, але яны так рагаталі, што і вы міжволі пачыналі смяяцца разам з імі.
Мне здалося, што яны былі радыя майму прыезду, асабліва місіс Лоў, таму што, акрамя догляду дзяцей, ёй больш не было чым займацца. На востраве жылі колькі эўрапейцаў, і ўсялякая цікавасць у іх адзін да аднаго даўно прапала; таму не паспеў я прыехаць на востраў, як адразу атрымаў запрашэнне ад місіс Лоў пагасцяваць у іх тыдзень, месяц альбо нават год. У дзень майго прыезду Лоў наладзіў абед, на які запрасіў усіх мясцовых начальнікаў: урадавага інспектара, доктара, настаўніка, начальніка паліцыі. Госці прыйшлі са слугамі, каб было каму прыслугоўваць за абедам. На другі дзень мы абедалі ўтраіх, і за сталом прыслугоўвалі толькі слуга містэра Лоў і мой, з якім я вандраваў. Прынеслі каву, і мы засталіся ўтраіх. Лоў і я запалілі цыгары.
- А мы раней сустракаліся, - сказала місіс Лоў.
- Дзе?
- У Лондане. На адным прыёме. Я пачула ваша прозвішча, калі вас нехта паклікаў. Гэта было ў лэдзі Кастэлан, у доме на Карлтан-Хаўс-Тэрас.
- Вось як! Калі ж гэта было?
- У час нашай апошняй паездкі дамоў у Англію. Тады на вечарынцы выступаў расейскі балет.
- Помню. Гады два-тры таму. Дзіўна. Значыцца, вы там таксама былі?
- Раней нам ніколі не даводзілася бываць на такіх прыёмах, - сказаў Лоў, сціпла і ветліва ўсміхнуўшыся.
- Вечарынка выклікала сенсацыю, - сказаў я. - Найвыдатнейшы прыём за сезон. Вам, думаю, вельмі спадабалася?
- Не кажыце, гэты вечар быў для мяне проста пакутай, - сказала місіс Лоў.
- Але ж не забывай, Бі, што ты сама дамаглася, каб мы туды пайшлі. Уявіце сабе нас сярод гэтай расфранчанай публікі. На мне быў фрак, які я насіў яшчэ ў Кембрыджы, а яго і тады нельга было палічыць элегантным.
- Я ж купіла сабе сукенку ў Пітэра Робінсана менавіта дзеля гэтага вечара. У краме яна здавалася вельмі шыкоўнай. Але там, на вечары, я была нібыта апошняя мурза. І навошта я яе толькі купляла, дарэмна грошы выкінула.
- Не вялікая бяда. Нас усё роўна ні з кім не пазнаёмілі.
Я выдатна памятаў той вечар. Шыкоўныя пакоі на Карлтан-Хаўс-Тэрас былі ўбраны цяжкімі гірляндамі жоўтых ружаў, у канцы вялікай гасцёўні зрабілі сцэну. Танцорам пашылі гарнітуры часоў рэгенцтва, а нейкі кампазітар спецыяльна напісаў музыку да двух цудоўных балетаў, у якіх яны танцавалі. Гледзячы на ўсё гэта, цяжка было не думаць, якія грошы гэта каштавала. Лэдзі Кастэлан была прыгожая жанчына і выдатная гаспадыня, але наўрад ці хто б назваў яе добрай. Яна ведала занадта многа людзей і, вядома, не магла турбавацца аб кожным паасобку, таму я даўмецца не мог, навошта яна запрасіла на сваё грандыёзнае свята гэтых двух ціхіх маленькіх людзей з далёкай калоніі.
- Вы даўно ведаеце лэдзі Кастэлан? - спытаўся я.
- Не, мы не знаёмыя. Проста атрымалі запрашэнне і паехалі. Мне вельмі хацелася на яе паглядзець, - сказала місіс Лоў.
- Найразумнейшая жанчына, - заўважыў я.
- Мабыць, і так. Калі дварэцкі абвясціў, што мы прыйшлі, яна не мела ніякага ўяўлення, хто мы такія. Але праз якую хвіліну яна раптам успомніла. «А, сябры нябожчыка Джэка. Калі ласка, праходзьце, сядайце, каб зручней было глядзець балет. Ліфар вам спадабаецца. Ён непараўнаны». Тут жа яна пакінула нас, каб прывітаць новых гасцей. Але позірк яе на хвілінку затрымаўся на мне. Яна нібыта спыталася, што мне вядома, і адразу зразумела, што ўсё.
- Што за лухту ты вярзеш, дарагая. Няўжо можна вось так проста ўсё зразумець, толькі раз зірнуўшы на чалавека? Не можаш ты ведаць, пра што яна тады думала!
- А я ведаю! Адным-адзінюткім позіркам мы сказалі адна адной усё. Упэўнена, што сапсавала ёй вечар!
Лоў засмяяўся, я таксама ўсміхнуўся - неўтаймоўная злосць чулася ў яе голасе.
- Залішне многа языком менціш, Бі, - сказаў Лоў.
- Вы з ёю сябравалі? - спыталася ў мяне місіс Лоў.
- Як вам сказаць. Гадоў з пятнаццаць мы сустракаліся то там, то тут. Я звычайна наведваў яе вечары. Яна заўсёды цудоўна іх наладжвала. І запрашала менавіта тых, каго б вы хацелі бачыць.
- Што вы думаеце пра яе?
- Лэдзі Кастэлан - прыкметная асоба ў Лондане. З ёю прыемна гутарыць, на яе прыемна глядзець. Яна захапляецца музыкай, жывапісам, патурае мастацтвам. А вы самі што пра яе думаеце?
- Падлюга яна, - весела і ў той жа час рашуча і шчыра сказала місіс Лоў.
- Вось гэта прысуд!
- А ты раскажы яму, Артур.
Лоў хвіліну якую вагаўся.
- Не ведаю, ці варта мне...
- Тады я ўсё раскажу сама.
- Бі не выносіць гэтую жанчыну, - усміхнуўся Лоў. - Але гісторыя на самай справе непрыемная.
Лоў уважліва прасачыў за воблачкам дыму ад цыгары, што павольна рассеялася ў паветры.
- Артур, мы чакаем, - сказала місіс Лоў.
- Дык вось, гэта здарылася амаль перад самай нашай паездкай у Англію. У той час я быў начальнікам акругі ў Селангоры. Аднойчы мне паведамілі, што недалёка ад Селангоры ў невялікім гарадку, што ўверх па рацэ, памёр белы. Раней я і не чуў, каб там жыў хто-небудзь з эўрапейцаў. Паеду, вырашыў я, пагляджу сам. Прыехаўшы ў гарадок на катэры, пачаў высвятляць справу, пытацца ў людзей. У паліцыі ведалі толькі, што гэты чалавек жыў тут амаль два гады ў кітаянкі, у доме, што на Кірмашовай вуліцы. Кірмаш гэты быў даволі маляўнічым месцам. Высокія будынкі ў два рады, між імі драўляны насціл, які каля берага ляжаў на палях, уздоўж вуліцы над крамамі - паветкі ад сонца. Два паліцэйскія прывялі мяне да дома нябожчыка. На першым паверсе была медная крама, пакоі другога раверха здавалі. Гаспадар крамы правёў мяне па цёмнай хісткай лесвіцы, дзе смярдзела вострымі кітайскімі стравамі. Наверсе ён некага паклікаў. Дзверы адчыніла немаладая кітаянка. Я заўважыў, што твар яе распух ад слёз. Яна не вымавіла ні гуку і прапусціла нас у пакой. Гэта была маленькая каморка пад самай страхой, з маленькім акенцам на вуліцу. У пакоі панаваў прыцемак. Мэблі амаль не было, толькі просты непафарбаваны стол ды крэсла са зламанай спінкай. На цыноўцы ля сцяны ляжаў мярцвяк. У пакоі было вельмі цяжкае паветра, у мяне аж у галаве закружылася, таму я расчыніў вокны. Мацней за ўсё адчуваўся пах опіуму. На стале, побач з невялікай газавай лямпай, я прыкмеціў доўгую іголку - навошта яна, я ведаў. Люлькі не было, яе, мабыць, схавалі. Мярцвяк ляжаў на спіне, апрануты ў брудную куртку і ў саронг*. У яго былі доўгія каштанавыя валасы з сівізной і маленькая бародка. Так, гэта быў белы чалавек. Каб вызначыць, ці памёр ён натуральнай смерцю, я ўважліва агледзеў яго. Скура ды косці, ніякіх слядоў гвалту. Здаецца, памёр ад голаду, падумаў я. Трохі пагаварыў з гаспадаром і кітаянкай. Паліцэйскія пацвердзілі іх словы. Аказваецца, ён моцна кашляў, часам з крывёю, дый выгляд яго падказваў, што ён хварэў на сухоты. Больш таго, гаспадар крамы давёў, што ён шмат паліў. Вось так! Мне ўсё стала зразумела. Такое здараецца не часта, на шчасце, але ўсё ж такі бывае: эўрапеец збіўся з ладу, дайшоў да апошняй галечы. Кітаянка, відаць, кахала гэтага чалавека. Два апошнія гады яна паіла і карміла яго на свае мізэрныя грошы. Я растлумачыў, што рабіць далей, а сам пачаў думаць, кім жа мог быць гэты чалавек. Мабыць, ён служыў у якой-небудзь ангельскай фірме, а можа, працаваў у адной з ангельскіх крамаў у Сінгапуры ці ў Куала-Лумпур. Я спытаўся ў кітаянкі, ці не засталося пасля нябожчыка якіх рэчаў. Тут, у гэтым пустым пакоі, пытанне маё прагучала недарэчна, аднак кітаянка падышла да маленькага чамаданчыка, што стаяў тут у кутку, адчыніла яго і выцягнула чатырохвугольны пакунак таўшчынёй з дзве кнігі, загорнуты ў старую газету. Я зазірнуў у чамадан. Нічога каштоўнага там не было. Я ўзяў пакет.
* Прасторная, падобная на спадніцу адзежа з кавалка мануфактуры, што абгортваецца вакол клубоў і ног; носяць мужчыны і жанчыны з Малайскага архіпелага і часткі астравоў Ціхага акіяна (заўв. перакл.).
Цыгара ў містэра Лоў патухла, ён пацягнуўся праз стол і прыпаліў яе ад свечкі.
- Я разгарнуў пакет, там быў яшчэ адзін пакунак, на якім прыгожым почыркам адукаванага чалавека было напісана: «Начальніку акругі», гэта значыць, мне, далей ішлі словы: «Перадаць асабіста лэдзі Кастэлан, Лондан, Ю-3, Карлтан-Хаўс-Тэрас, 53». Гэта мяне здзівіла, і я вырашыў паглядзець, што там у пакунку. Разрэзаў шнурок, разгарнуў паперу: у руках маіх быў пластыкавы з золатам партабак. Не цяжка ўявіць маё здзіўленне. Я высветліў, што гэта пара, кітаянка і нябожчык, жыла надгаладзь, а тут такое багацце. Акрамя партабака ў пакунку былі яшчэ лісты без канвертаў, напісаныя той жа адукаванай рукой. У канцы кожнага ліста замест подпісу стаяла «Дж.». Усяго было сорак ці пяцьдзесят лістоў. Я не мог, зразумела, прачытаць там усе, але і з першага погляду было зразумела, што гэта любоўныя пісьмы мужчыны. Я спытаўся ў кітаянкі прозвішча нябожчыка. Мабыць, яна не ведала, а можа, не захацела мне сказаць. Я распарадзіўся наконт пахавання і вярнуўся на катэр. Дома пра ўсё расказаў Бі.
Звычайная мяккая ўсмешка кранула яго вусны.
- Я вымушана была паказаць характар, - сказала місіс Лоў. - Спачатку ён не даваў мне лістоў, але я дамаглася.
- Але ж гэта чужыя лісты.
- Трэба было дазнацца яго прозвішча.
- Добра, але табе што з таго?
- Як што?! Калі б я не прачытала гэтых лістоў, я б проста звар'яцела.
- Ну і як яго прозвішча? - спытаўся я.
- Я не дазналася.
- І там не было ніякага адраса?
- Быў, але вельмі дзіўны. Лісты пісаліся на паперы міністэрства замежных спраў.
- Цікава!
- Я не ведаў, што і рабіць. Напісаць лэдзі Кастэлан і ўсё ёй растлумачыць? Бадай, паставіш яе ў няёмкае становішча. Тым больш што воля нябожчыка - перадаць пісьмы асабіста. Я загарнуў іх, як былі, і схаваў у сейф. Вясной мы збіраліся ў адпачынак, і я вырашыў адкласці справу да таго часу. Лісты гэтыя, бачыце, у нейкай ступені кампраметавалі лэдзі Кастэлан.
- Мякка кажучы, - усміхнулася Бі. - Яны цалкам выкрывалі яе.
- Я думаю, гэта нас не датычыцца, - сказаў Лоў.
Тут яны пачалі спрачацца. Хоць ён толькі рабіў выгляд, што супраць. Ён выдатна разумеў, што наўрад ці захавае належную сціпласць службовай асобы, калі яго жонка пачне расказваць мне пра ўсё. Яна мела зуб супраць лэдзі Кастэлан, таму не клапацілася аб яе рэпутацыі. Яна была на баку мужчыны. Лоў, як толькі мог, стараўся змякчыць яе меркаванні. Ён спыняў яе, калі яна перабольшвала. Ён казаў, што яна пачынае фантазіраваць і вычытала ў лістах больш, чым там напісана. Місіс Лоў трымалася сваёй думкі. Лісты, безумоўна, яе вельмі ўзрушылі. Такім чынам, яе апавяданне і папраўкі містэра Лоў далі мне нейкае ўяўленне, што ўсё ж такі ў тых пісьмах напісана. Адно бясспрэчна - змест быў вельмі чуллівы.
- Шчыра скажу, глядзець было брыдка на Бі, калі яна ўпівалася лістамі.
- Выдатныя пісьмы! Ты мне такіх ніколі не пісаў.
- Ты першая назвала б мяне ідыётам, калі б я табе так напісаў, - усміхнуўся ён.
- Мабыць, і так. Але я без памяці кахала цябе. Бог ведае чаму.
Паступова ўсё пачало высвятляцца. Аўтар лістоў, таямнічы Дж., відаць, дробны служачы з міністэрства замежных спраў, безумоўна, пакахаў лэдзі Кастэлан, і яна адказала яму тым жа. Першыя пісьмы палюбоўнікаў былі ласкавыя і пяшчотныя. Яны цешыліся шчасцем, верылі, што каханне іх працягнецца вечна. Не паспявалі яны расстацца, як ён тут жа браўся за пяро. Ён пісаў ёй, што вельмі кахае яе, што яна ў яго адзіная на свеце. Кожную хвіліну ён думаў аб ёй. Яе пачуцці, здавалася, былі такія ж моцныя: у адным з лістоў ён апраўдваўся, што не змог прыйсці туды, дзе яны меліся сустрэцца. Ён ужо збіраўся быў ехаць, але нечакана даручылі тэрміновую работу, ён так пакутаваў.
І раптам - удар. Лорд Кастэлан пра ўсё дазнаўся. Як, якім чынам - можна было толькі меркаваць. Ён не проста падазраваў сваю жонку ў здрадзе, у яго былі доказы. Яны сур'ёзна пасварыліся, і яна вярнулася ў дом сваіх бацькоў. Лорд Кастэлан паведаміў, што збіраецца пачаць справу аб скасаванні шлюбу. Змест і тон лістоў адразу змяніліся. Дж. хацеў неадкладна сустрэцца, яна ж прасіла больш не прыходзіць. Бацька супраць іх сустрэч. Дж. месца сабе не знаходзіў, што яна, няшчасная, пакутуе з-за яго, ён вельмі шкадаваў яе, ведаў, што дома ёй нясоладка, бацькі ж вельмі раззлаваліся. Але ў той жа час адчувалася, што ён задаволены тым, што здарылася. Нічога на свеце яго не турбавала, акрамя яго кахання. Ён пісаў, што ставіцца з пагардай да Кастэлана. Хай сабе пачынае працэс. Чым раней яна будзе свабодная, тым хутчэй яны пажэняцца.
У пакунку былі толькі яго лісты, ад яе - ніводнага. Пра тое, што пісала яна, можна даведацца толькі па яго адказах. Відаць, яна страшэнна перапалохалася, і ён ніяк не мог яе супакоіць. Яму, мабыць, давядзецца пайсці з міністэрства замежных спраў. Ён запэўніваў, што гэта для яго дробязь. Можна знайсці работу ў калоніях, там больш заробіш. Ён быў упэўнены, што яна будзе з ім шчаслівая. Вядома, без скандалу не абысціся, але неўзабаве ўсё забудзецца. А далёка ад Англіі пра іх ніхто і не даведаецца. Трэба толькі трымаць сябе ў руках. У яе лістах, мабыць, з'явіліся ноткі незадавальнення. Яе вельмі непакоіла думка аб скасаванні шлюбу. Кастэлан адмовіўся ўзяць віну на сябе і быць на судзе адказчыкам. А яна наўрад ці пагадзіцца пакінуць Лондан, тут - усё яе жыццё. Яна не збіралася пахаваць сябе ў нейкім глухім закутку на краі свету. Па яго адказах адчувалася, што ён вельмі пакутаваў. Ён абяцаў усё, што яна пажадае. Заклікаў яе кахаць, як і раней. Траціў розум, што яна з-за няшчасця становіцца халоднай. Лэдзі Кастэлан дакарала яго, а ён і не абараняўся. Сапраўды, ён вінаваты ва ўсім. І раптам бы мільгануў прамень надзеі. Нехта невядомы пагаварыў з Кастэланам, і той пагадзіўся пайсці на міравую. Яна паведаміла Дж., той быў у адчаі. Адказ яго гучаў няскладна. Ён вельмі прасіў яе не траціць мужнасці, хацеў зноў сустрэцца. Паўтараў, што яна для яго - усё на свеце. Ён баяўся, што бацькі і сябры будуць уплываць на яе, таму прапанаваў уцячы разам з ім у Парыж. Ён амаль звар'яцеў. Дзён колькі яна не адказвала яму. Ён месца сабе не знаходзіў. Думаў, што лісты яго яна проста не атрымлівала. Ён кідаўся, як загнаны звер. І раптам грымнуў гром. Яна напісала, што, калі ён звольніцца з пасады і пакіне Англію, муж згодзіцца дараваць ёй і зноў пусціць яе ў дом. Сэрца яго разбілася.
- Ён так і не раскусіў яе, - сказала місіс Лоў.
- А ці было што раскусваць? - спытаўся я.
- Вы не ведаеце, што пісала яму яна, не? А я ведаю.
- Лухта ўсё гэта, Бі. Ну як ты можаш ведаць?
- Ніякая не лухта. Ведаю лепш чым хто! Лэдзі Кастэлан усё пакідала вырашаць яму, заклікаючы да яго велікадушнасці. А сама ў той жа час пісала яму пра бацьку з маці, пра дзяцей, пра якіх, я ўпэўнена, яна ўспомніла першы раз з таго дня, як яны нарадзіліся. Яна ведала, ён кахае яе так моцна, што дзеля яе шчасця згодны на ўсё, нават на разлуку з ёю, здольны ахвяраваць усім: каханнем, жыццём, кар'ерай. І ён пайшоў на ўсё - яна прымусіла. Яна зрабіла так, што ён не толькі ўсё сам прапанаваў, але яшчэ і ўгаворваў яе.
Я слухаў місіс Лоў з усмешкай, але вельмі ўважліва. Сама жанчына, яна інстынктыўна адчувала, як у такіх абставінах паводзіць сябе кожная кабета. Яна з гневам і абурэннем гаварыла пра лэдзі Кастэлан, аднак на яе месцы - і яна гэта выразна адчувала - паводзіла б сябе гэтак жа. Бясспрэчна, яе разважанні - толькі здагадкі, заснаваныя на лістах Дж., але, думаю, тут ёсць доля праўды.
На гэтым перапіска скончылася.
Я шчыра здзівіўся. Я ведаў лэдзі Кастэлан даўно, праўда, не вельмі блізка. Мужа яе - яшчэ менш. Ён займаўся палітыкай і да таго, як адбыўся той самы прыём у лэдзі Кастэлан, куды запрасілі мяне і Лоў, быў ужо таварышам міністра ўнутраных спраў. Мы сустракаліся толькі ў яго дома. Лэдзі Кастэлан усе лічылі прыгажуняй. Выдатная постаць, цудоўная скура, шырока расстаўленыя вялікія блакітныя вочы, раскошныя бялявыя валасы. Яна выдатна валодала сабой, ніколі не забывалася на пачуццё ўласнай годнасці. Здавалася проста неверагодным, што такая жанчына можа паддацца моцнаму пачуццю, пра якое сведчаць гэтыя лісты. Яна была славалюбная і, безумоўна, спрыяла таму, каб муж прасоўваўся па службе. Я лічыў, яна наўрад ці можа зрабіць што-небудзь неразважліва. Я, праўда, усё ж такі ўспомніў, што гадоў колькі таму хадзілі чуткі, што ў Кастэланаў нешта не ладзіцца, аднак падрабязнасцей я не помню. Больш таго, кожны раз, калі я сустракаў гэтую пару, здавалася, што ў іх усё цудоўна. Кастэлан быў высокі мужчына з чырвоным тварам, чорнымі, заўсёды акуратна прычасанымі валасамі, гучнагалосы, вясёлы і ветлівы, але з маленькімі хітрымі вочкамі, якія за ўсім сачылі і ўсё прыкмячалі. Ён быў працавіты, выдатны прамоўца, але гаварыў ён залішне напышліва. Ён занадта многа думаў пра сябе. І ніколі не дазваляў вам забыцца, што ён чалавек вядомы і багаты. Людзям, што стаялі ніжэй за яго, ён звычайна патураў.
Мяне не здзівіла, што сувязь яго жонкі са сціплым клеркам з міністэрства замежных спраў страшэнна раззлавала яго. Бацька лэдзі Кастэлан шмат гадоў быў нязменным таварышам міністра замежных спраў. Якая ганьба - разводзіцца з жонкаю з-за падначаленага яе бацькі! Кастэлан, мабыць, кахаў сваю жонку і таму, натуральна, мог раўнаваць яе. Але ён быў горды і не меў пачуцця гумару. Ён баяўся, што з яго будуць кпіць. А ў ролі ашуканага мужа цяжка захоўваць уласную годнасць. Не думаю, што ён пагадзіўся б учыніць скандал, які б мог сапсаваць яго кар'еру. Мабыць, сябры лэдзі Кастэлан паведамілі яму, што яна ўзяла на суд абаронцу. І перспектыва перамываць брудную бялізну на людзях палохала яго. Відаць, яго пераканалі, што лепш за ўсё дараваць жонцы, дазволіць ёй вярнуцца, калі, безумоўна, яе палюбоўнік назаўсёды знікне. І лэдзі Кастэлан пагадзілася з гэтым.
Яна, бясспрэчна, набралася страху. Я не ганю яе так строга, як місіс Лоў. Яна была тады вельмі маладая, ёй і цяпер яшчэ не больш за трыццаць пяць. Хто цяпер можа давесці, як так здарылася, што яна стала палюбоўніцай Дж.? Я лічу, каханне заспела яе неспадзеўкі і яна заблыталася, не паспела нават зразумець, што здарылася. Яна і ў той час, думаю, была такой жа стрыманай і ўмела валодаць сабой. Але менавіта з такіх людзей прырода часам кпіць. Бясспрэчна, у яе галава пайшла кругам. Але як Кастэлан пра ўсё даведаўся - загадка. Адно відавочна, што яна забылася на ўсялякую асцярожнасць, калі не знішчыла пісьмы каханага. Артур Лоў дзівіўся, чаму ў пакунку былі не яе, а яго лісты. Я думаю, гэта не цяжка растлумачыць. Калі ўсё высветлілася, яна паслала яму тыя лісты, што былі ў яе, і запатрабавала свае. А ён, зразумела, бярог іх, часам перачытваў, яны зноў і зноў нагадвалі яму тыя дні кахання, якія ён ніколі не забудзе.
Відаць, лэдзі Кастэлан пад уладай сваіх пачуццяў не думала пра тое, што можа здарыцца, таму не дзіўна, што, калі ўсё адкрылася, яна перапалохалася да смерці. Як і большасць жанчын яе кола, яна надта не клапацілася пра сваіх дзяцей, але страціць іх не хацела. Цяжка сказаць, ці кахала яна свайго мужа, але, ведаючы яе характар, можна меркаваць, што была далёка неабыякавая да багацця і думкі свецкага кола. У новым жа жыцці нічога лепшага не прадбачылася. Яна траціла ўсё: шыкоўны дом на Карлтан-Хаўс-Тэрас, свецкае кола, сваё імя. Бацька не мог яе забяспечыць, а палюбоўнік і сам не меў заробку. І яна скарылася перад патрабаваннямі сям'і. Яе можна зразумець.
Пакуль я разважаў так, Лоў расказваў далей:
- Я даўмецца не мог, як звязацца з лэдзі Кастэлан. А тут яшчэ і імя гэтага чалавека мне не вядомае. Але як бы там ні было, я, калі вярнуўся ў Англію, напісаў ёй. Растлумачыў, хто я такі, і паведаміў, што прывёз ёй лісты і партабак ад чалавека, які нядаўна памёр у маёй акрузе. Лісты, дадаў я, неабходна ўручыць асабіста. Я баяўся, што яна мне зусім не адкажа ці падашле свайго паверанага. Але яна адказала. І запрасіла да сябе ў дванаццаць гадзін. Ведаю, што смешна, але скажу шчыра, я хваляваўся, як хлапчук, калі пераступіў парог яе дома і мая рука дакранулася да званка. Дзверы адчыніў дварэцкі. Я сказаў, што лэдзі Кастэлан чакае мяне. Швейцар узяў мой капялюш і паліто і правёў мяне ў вялікую гасцёўню.
- Зараз паведамлю, што вы тут, - сказаў дварэцкі.
Ён пайшоў, а я сеў на краёк крэсла і агледзеў пакой. Па сценах віселі карціны - усё больш партрэты, - чые, не ведаю, мабыць, Рэйнальда ці Рамнея, усходні фарфор, пазалочаныя кансолі, люстры. Сярод усяго гэтага я адчуваў сябе такім бездапаможным, такім нікчэмным. Пах камфары ад майго гарнітура напаўняў пакой, дрэнна адпрасаваныя штаны на каленях тапырыліся, гальштук быў залішне яркі. Неўзабаве з'явіўся дварэцкі і запрасіў мяне ў другі пакой. Ён адчыніў дзверы насупраць тых, праз якія мы ўвайшлі, і я апынуўся ў пакоі, меншым за першы, але такім жа шыкоўным. У канцы пакоя ля каміна стаяла жанчына. Яна зірнула на мяне, калі я ўвайшоў, і кіўнула. Я пайшоў да яе праз пакой, пры гэтым адчуваў сябе страшэнна нязграбным, баяўся, каб не наляцець на мэблю. Адна ўцеха - мабыць, я не выглядаў такім дурным, якім сябе адчуваў. Сесці мне не прапанавалі.
- Вы нешта прывезлі мне. Міла з вашага боку.
Яна не ўсміхнулася. Была стрыманая, ацэньвала мяне. Шчыра кажучы, я раззлаваўся. Каму прыемна, калі цябе разглядаюць, быццам ты ў шафёры прыйшоў наймацца.
- Ці варта пра гэта гаварыць. Гэта мой абавязак, - суха сказаў я.
- Вы прынеслі з сабой тое, што павінны мне перадаць?
Я моўчкі расчыніў партфель і выцягнуў лісты. Яна таксама моўчкі ўзяла іх. Твар яе пад касметыкай збялеў, але выраз не змяніўся. Я зірнуў на яе рукі, яны ледзь прыкметна задрыжэлі. Але тут жа яна прымусіла сябе супакоіцца.
- Выбачайце, - раптам спахапілася яна, - я забылася прапанаваць вам крэсла. Сядайце, калі ласка.
Я сеў. Імгненне яна не ведала, што рабіць. Пісьмы яна яшчэ трымала ў руках. Ведаючы, што ў іх, я спрабаваў уявіць сабе яе душэўны стан. Яна нічым сябе не выдала. Каля каміна стаяў пісьмовы стол. Яна выцягнула шуфлядку і паклала туды лісты. Потым села насупраць мяне і прапанавала запаліць. Тады я працягнуў ёй партабак, які дагэтуль ляжаў у мяне ў кішэні.
- Я павінен перадаць вам яшчэ і гэта.
Яна ўзяла партабак і пачала моўчкі яго разглядаць.
Я чакаў і не ведаў, што цяпер рабіць: пайсці ці застацца.
- Вы сябравалі з Джэкам? - раптам спыталася яна.
- Не, - адказаў я. - Я ўбачыў яго ўпершыню, калі ён быў мёртвы.
- Я не ведала да вашай цыдулкі, што ён памёр. Мы не падтрымлівалі аніякіх адносін. Сябравалі, але шмат гадоў таму.
Я не ведаў, што і думаць. Ці то яна лічыла, што я лістоў не чытаў, ці то забылася, што ў іх. У тое імгненне, калі яна ўбачыла пісьмы, у душы яе нешта зварухнулася, але яна імгненна саўладала з сабой і цяпер размаўляла амаль абыякава.
- Чаму ён памёр?
- Голад, сухоты, опіум, - адказаў я.
- Які жах! - сказала яна менавіта тое, што звычайна гавораць у такіх выпадках. Можа, на сэрцы ў яе што і было, але яна не збіралася адкрывацца перада мною. Яна засталася халоднай як лёд. Я бачыў, а можа, мне толькі здалося, што яна сочыць за мною, узброеная сваёй праніклівасцю. Яна хацела даведацца, вядома мне што-небудзь ці не. Думаю, яна многа б аддала, каб ведаць пэўна.
- Як трапілі да вас пісьмы? - спыталася яна.
- Усё, што засталося ў яго пасля смерці, аддалі мне, - растлумачыў я. - Лісты і партабак былі ў адным пакунку, на якім было напісана: перадаць лэдзі Кастэлан, асабіста.
- Ці была якая-небудзь неабходнасць распячатваць пакет?
Вы б толькі чулі, з якой пагардай яна вымавіла гэтыя словы. Я адчуў, што пачынаю бляднець, схаваць бледнасць я не мог: на маім твары не было касметыкі, як у яе. Я растлумачыў, што лічыў сваім абавязкам высветліць імя нябожчыка і паведаміць родным пра яго смерць.
- Зразумела, - холадна сказала яна, паказваючы гэтым, што наша гаворка скончана. Яна чакала, што я пайду. Але я сядзеў. Хацелася хоць як-небудзь адыграцца. І я пачаў распавядаць, як атрымаў паведамленне з суседняга горада, як паехаў туды і што там убачыў. Расказаў пра ўсё і, крыху памаўчаўшы, дадаў, што ў апошнія хвіліны яго жыцця побач з ім была ўбогая кітаянка.
Раптам дзверы расчыніліся. Лэдзі Кастэлан і я азірнуліся. У пакой увайшоў мужчына сярэдніх гадоў, убачыў мяне і спыніўся.
- Выбачай, - сказаў ён, - я не ведаў, што ў цябе госць.
- Пачакай, - сказала яна і прадставіла нас адзін аднаму: - Містэр Лоў - мой муж.
Лорд Кастэлан кіўнуў мне.
- Я толькі хацеў спытацца... - пачаў быў ён, але раптам позірк яго спыніўся на партабаку, які ўсё яшчэ трымала на сваёй далоні лэдзі Кастэлан. Не ведаю, заўважыла яна ў яго вачах пытанне ці не. Але яна ўсміхнулася яму лёгкай, бестурботнай усмешкай. Так, жанчына гэтая выдатна валодала сабой.
- Містэр Лоў прыехаў з Малаі. Джэк Алманд памёр - і вось пакінуў мне партабак.
- Праўда? - спытаўся лорд Кастэлан. - Калі ж ён памёр?
- Паўгода таму назад, - адказаў я.
Лэдзі Кастэлан паднялася.
- Не буду вас больш затрымліваць. У вас, відаць, шмат спраў. Вы выканалі апошняе пажаданне Джэка - я вам вельмі за гэта ўдзячная.
- Становішча ў Малаі цяпер цяжкаватае, я чуў, - заўважыў лорд Кастэлан.
Мы паціснулі адзін аднаму рукі, і лэдзі Кастэлан пазваніла.
- Вы яшчэ будзеце ў Лондане? - звярнулася яна да мяне, калі я ўжо быў на парозе. - У нас на тым тыдні невялікі вечар. Прыязджайце да нас.
- Я тут не адзін, са мною жонка.
- Выдатна, я дашлю вам запрашэнне.
Праз хвіліну якую я быў ужо на вуліцы. Я хацеў пабыць адзін. Я быў агаломшаны. Як толькі яна назвала яго імя, я ўспомніў. Гэта быў Джэк Алманд. Гэты ўбогі жабрак, што памёр з голаду ў кітайскай халупе, - Джэк Алманд! Я ж добра яго ведаў. Ці мог я падумаць, што гэта ён. Мы неаднойчы абедалі за адным сталом, сядзелі за картамі, гулялі ў тэніс. Ён паміраў побач са мной, а я не ведаў! Хай бы ён як-небудзь падаў пра сябе вестку, я б дапамог яму. Я зайшоў у Сэнт-Джэймскі парк і сеў на лаўку. Мне трэба было добра падумаць.
Я разумеў, што так агаломшыла Лоў. Я сам быў узрушаны не менш, пачуўшы імя гэтага бяздомнага бадзягі. Як ні дзіўна, і я яго ведаў. Мы не сябравалі, але нам часта даводзілася сустракацца ў знаёмых у Лондане і ў загарадных маёнтках, дзе мы звычайна адпачывалі па суботах і нядзелях. Шмат гадоў я не ўспамінаў пра яго, і толькі гэтым можна растлумачыць маю нездагадлівасць. Яго імя, як маланка, асвятліла памяць. Вось чаму ён кінуў службу, якую так любіў! У тыя гады, пасля вайны, я многіх ведаў з міністэрства замежных спраў. Джэка Алманда лічылі адным з самых таленавітых маладых супрацоўнікаў. Ён мог разлічваць на высокія дыпламатычныя пасады. Праўда, на ўсё патрэбен час. І таму, калі ён адмовіўся ад выдатнай кар'еры, наняўся ў нейкую камерцыйную фірму і з'ехаў на Далёкі Ўсход, усе палічылі гэта недаравальным глупствам. Сябры адгаворвалі яго. Ён жа тлумачыў, што маёмасці ў яго ніякай, а на адно жалаванне не пражывеш. Цяжка было паверыць, таму што можна як-небудзь працягнуць нейкі час, пакуль усё выправіцца.
Я выдатна помню, які ён быў у той час, малады, высокі, зграбны, шыкоўна адзеты. У яго былі бліскучыя чорныя валасы, заўсёды акуратна прычасаныя, блакітныя вочы, вельмі доўгія вейкі і цудоўны свежы колер твару. Само ўвасабленне здароўя. Вясёлы, дасціпны, ён заўсёды быў душой кампаніі. Я не ведаў болей абаяльнага чалавека. Прывабнасць - небяспечная якасць. Тыя, хто яе мае, часта лічаць, што гэтага зусім дастаткова, каб пражыць жыццё. З такімі заўсёды трэба быць напагатове. Але абаяльнасць Джэка Алманда была ўвасабленнем яго таленавітай натуры. Ён зачароўваў, таму што быў чароўны. У ім не было ні кроплі самаўзвышэння. Ён цудоўна валодаў мовамі, па-французску і па-нямецку гаварыў без акцэнту; меў выдатныя манеры. Усе так і бачылі яго паслом у якой-небудзь краіне, які бліскуча выконвае свае абавязкі. Ён падабаўся ўсім, таму і не дзіўна, што лэдзі Кастэлан закахалася ў яго. Я пачаў фантазіраваць. Ці ёсць што-небудзь больш паэтычнае, чым юнае каханне! Шпацыр па парку цёплымі веснавымі вечарамі. Танцы, калі ён трымаў яе ў абдымках. Цуд таямніцы, зразумелай толькі ім, калі яны абменьваліся позіркам за сталом у час абедаў. Паспешлівыя, поўныя небяспекі сустрэчы, дзеля якіх варта рызыкаваць усім - калі закаханыя дзе-небудзь у дамоўленым месцы, вядомым толькі ім адным, забываліся на ўсё на свеце. Як цяжка, што канец іх кахання быў такі трагічны.
- Як вы з ім пазнаёміліся? - спытаўся я.
- Ён служыў у Дэкстэра і Фармілоў. Чулі, мабыць, - параходная кампанія. Месца - лепшага не пажадаеш. Ён прыехаў з рэкамендацыйнымі пісьмамі да губернатара і іншых паважаных асоб. Я служыў у той час у Сінгапуры. Помню, першы раз мы сустрэліся ў клубе. Гэта быў выдатны спартсмен. Гуляў у пола, цудоўна валодаў ракеткай. Яго ўсе любілі.
- Ён піў?
- Не, не, - запратэставаў Лоў. - Гэта быў ідэальны чалавек. Жанчыны яго любілі, і не дзіўна. Вельмі прыемны малады чалавек. Такіх я і не сустракаў болей.
Я звярнуўся да місіс Лоў:
- А вы ведалі яго?
- Амаль не. Адразу пасля вяселля мы пераехалі ў Перак. Помню, хлопец ён быў вельмі прывабны. Такіх доўгіх веек я ніколі не бачыла ў мужчын.
- Ён даволі доўга не быў у адпачынку, здаецца, гадоў пяць. Не люблю банальнасцей, але інакш пра яго не скажаш - яго любілі ўсе. Некаторым, папраўдзе, спачатку не спадабалася, што месца гэтае ён атрымаў па пратэкцыі, але яны не маглі не пагадзіцца, што ён быў выдатны работнік. Мы ведалі, што раней ён служыў у міністэрстве замежных спраў. Але ён ніколі не задзіраў носа.
- Што ў ім асабліва вабіла, - сказала місіс Лоў, - дык гэта яго незвычайная энергія. Пагутарыш з ім - і адразу адчуваеш прыліў сіл.
- Перад яго ад'ездам у Англію яму зрабілі грандыёзныя праводзіны. Якраз у гэты час я на дзён колькі прыехаў у Сінгапур. І апынуўся на гэтым абедзе ў рэстаране «Эўропа». Усе мы добра выпілі. Было весела. Праводзіць яго прыйшло вельмі многа людзей. Ён ехаў у Англію на паўгода. Памятаю, усе вельмі хацелі, каб ён хутчэй вярнуўся. Хай бы лепш ён там застаўся.
- А што здарылася потым?
- Дакладна не ведаю. Я тады паехаў працаваць на поўнач.
Шкада! Сапраўды, значна лягчэй прыдумваць гісторыі з галавы, чым пісаць пра жывых людзей, калі даводзіцца не толькі здагадвацца пра іх паводзіны ў той ці іншай сітуацыі, але нават іх учынкі ў рашучыя моманты жыцця вам невядомыя.
- Ён быў выдатны хлопец. Сябрамі мы не былі. Вы ж ведаеце, якое пераборлівае сінгапурскае свецкае кола. Джэк Алманд належаў да вяршкоў яго, мы ж не. Неўзабаве мы пераехалі на поўнач, а пра яго забыліся. Але неяк у клубе мне давялося быць сведкам гаворкі між двума маімі знаёмымі - Уолтанам і Кенінгам. Уолтан толькі што вярнуўся ў Сінгапур. Там праводзілі вялікі матч па пола.
- Алманд гуляў? - спытаўся Кенінг.
- Вядома, не, - адказаў Уолтан. - Яго выгналі з каманды яшчэ летась.
Тут я не вытрымаў.
- Пра каго гэта вы тут гаворыце?
- Няўжо вы не ведаеце? Небарака, зусім з'ехаў з глузду.
- Як гэта?
- П'е.
- Кажуць, і да наркотыкаў прыахвоціўся, - заўважыў Кенінг.
- Я пра гэта таксама чуў. Опіум, здаецца. Гэтак і ногі можна выцягнуць.
- Калі не возьмецца за розум, страціць месца.
- Цяжка было паверыць, - расказваў далей Лоў. - Хто хочаце мог так апусціцца, толькі не ён. Джэк Алманд быў сапраўдны ангелец і джэнтльмен у поўным сэнсе слова. Высветлілася, што Ўолтан вярнуўся з адпачынку разам з ім на параходзе. Алманд сеў на карабель у Марселі. Настрой у яго быў кепскі. Дый гэта зразумела. Амаль кожны адчувае тое ж, калі пакідае радзіму і зноў вяртаецца да працы. Ён шмат піў. Часам і гэта бывае. Але Ўолтан сказаў пра яго дзіўную рэч - ён выглядае так, нібыта жыццё ў ім згасла. Гэта адразу кідалася ў вочы, бо раней жыццё ж у ім біла цераз край. Спярша мы думалі, што Джэк Алманд пакінуў у Англіі сваю нарачоную, але потым, ужо на караблі, пайшлі чуткі, што тая сама яму адмовіла.
- Я таксама так падумала, калі Артур мне расказаў пра гэта, - сказала місіс Лоў. - Нельга ж пакідаць нарачоную на пяць гадоў.
- Як бы там ні было, але ўсе лічылі, што за працай Алманд як-небудзь разварушыцца і развеецца, але, на жаль, гэтага не здарылася. Ён апускаўся ўсё ніжэй. Яго многія любілі і спрабавалі выратаваць, угаворвалі ўзяць сябе ў рукі. Але дарэмна. Ён прасіў пакінуць яго аднаго. Зрабіўся рэзкі і грубы, ніхто не чакаў такога - раней гэта быў мяккі, добры чалавек. Уолтан тады сказаў, што Алманд зрабіўся зусім іншым чалавекам - яго быццам нехта падмяніў. Алманда ўжо не прымалі ў губернатара, а потым і ў іншых дамах. Лэдзі Орманд, жонка губернатара, ведала, што Алманд з паважанай сям'і, таму, натуральна, адмовілася прымаць яго толькі тады, калі ён зусім збіўся з ладу. Так, ён быў выдатны хлопец, гэты Джэк Алманд. Крыўдна, што з ім здарылася такая бяда. Я шчыра яго шкадаваў. Але не мог жа я з-за гэтага страціць апетыт ці не спаць па начах.
Праз месяцаў колькі я сам апынуўся ў Сінгапуры і, калі быў у клубе, пацікавіўся пра Алманда. Працу ён усё ж такі страціў, таму што часта, здаралася, не прыходзіў у кантору два, тры дні. Мне расказвалі, што нехта ўладкаваў яго на Суматры ўпраўляючым на каўчукавай плантацыі, спадзеючыся, што ён далёка ад Сінгапура патроху выправіцца. Ведаеце, яго ўсе так любілі, што не маглі пагадзіцца з такім яго лёсам. Але ўсё дарэмна. Ён прыахвоціўся да опіуму. На Суматры пражыў нядоўга і неўзабаве зноў вярнуўся ў Сінгапур. Я чуў, яго цяжка было пазнаць. Раней гэта быў франт. Цяпер жа ён бадзяўся па вуліцах Сінгапура брудны, у лахманах, з дзікімі вачыма. Некалькі яго даўніх сяброў сабраліся ў клубе і вырашылі яму дапамагчы. Яны яшчэ спадзяваліся яго неяк выратаваць. Паслалі яго ў Саравак. Не дапамагло: ён не жадаў, каб яго ратавалі. Думаю, ён сам хацеў загінуць, і як мага хутчэй. Потым ён знік, казалі, што вярнуўся ў Англію. Так ці іначай, але хутка пра яго забыліся. Вы, мабыць, ведаеце, як лёгка згубіцца чалавеку ў Малаі. Вось чаму, калі я знайшоў у кітайскай халупе мёртвага белага чалавека ў саронзе, з неахайнай барадой, я і падумаць не мог, што гэта Джэк Алманд. Я ж не чуў пра яго ўжо шмат гадоў.
- Толькі ўявіце, што ён перажыў за гэтыя гады! - сказала місіс Лоў, і ў вачах яе заблішчэлі слёзы: яна мела добрае і жаласлівае сэрца.
- Дзіўная гісторыя, - сказаў Лоў.
- Чаму? - спытаўся я.
- Калі ўжо яму на раду было напісана загінуць, чаму гэта не здарылася раней, калі ён першы раз прыехаў у калонію? Пяць гадоў усё ішло добра. Нават выдатна. Хай яго згубіла няшчаснае каханне. Чаму ж тады ён быў здаровы і задаволены жыццём, калі рана яшчэ не загаілася? Усе тыя гады ён весяліўся, як птушка: здавалася, што ў яго не было аніякіх клопатаў. Калі ж вярнуўся з Лондана, стаў зусім другім чалавекам.
- Відаць, за гэтыя паўгода нешта здарылася, - сказала місіс Лоў. - Безумоўна, здарылася.
- Пра гэта мы ніколі не даведаемся, - уздыхнуў Лоў.
- Але мы можам меркаваць, - усміхнуўся я. - Вось менавіта калі неабходная дапамога пісьменніка. Хочаце, я раскажу вам, што адбылося ў Лондане, як я думаю?
- Раскажыце!
- Першыя пяць гадоў крыніцай яго існавання была ахвяра, якую ён прынёс. У яго было сэрца рыцара. Ён ахвяраваў усім, каб выратаваць каханую. Ён увесь час быў як у сне, ён абажаў яе. Кахаюць многія, потым перастаюць кахаць і зноў кахаюць. Але ёсць людзі, якія ідуць праз усё толькі з адным каханнем. Такім чалавекам, відавочна, быў Джэк Алманд. Ён быў шчаслівы, разумеючы, што ахвяраваў сабою дзеля жанчыны, вартай такой ахвяры. Яна заўсёды была ў яго думках. І вось ён паехаў у Англію. Ён усё гэтак жа моцна кахаў яе і лічыў, што і яна кахае яго, як і раней. Навошта ён вярнуўся? Мабыць, спадзяваўся ў глыбіні душы, што яна больш не будзе супраціўляцца свайму каханню і згадзіцца ўрэшце ўцячы разам з ім. А можа, яму дастаткова было толькі даведацца, што яна ўсё яшчэ кахае яго. Вядома, сустрэча іх была непазбежная - яны належалі да аднаго кола. І раптам высвятляецца, што ён для яе ўжо нічога не значыць. Замест палкай, закаханай дзяўчыны ён сустрэў халодную свецкую жанчыну. Ён адчуў, што яна ніколі не кахала яго так, як ён думаў. Зразумеў, што яна, спакойна ўсё ўзважыўшы, прымусіла яго пайсці на ахвяру. Ён сустракаў яе на балях, заспакоеную, абыякавую, вакол яе мітусіліся паклоннікі. Ён зразумеў урэшце, што тыя высакародныя рысы, якія ён знаходзіў у яе, стварыў ён сам сваёй уласнай фантазіяй. Гэта была звычайная жанчына, якая крыху закахалася. Але каханне мінула, і яна зноў вярнулася да свайго звычнага жыцця. Імя, багацце, месца ў свецкім коле, свецкія поспехі - вось толькі што яна цаніла. Ён жа страціў усё: сяброў, бліскучую перспектыву, магчымасць выкарыстоўваць свае здольнасці. Страціў усё, што складала сэнс жыцця! І нічога не атрымаў узамен. І праўда, было з чаго звар'яцець. Яго проста абдурылі, а ён не знёс гэтага. Ваш знаёмы Ўолтан меў рацыю, калі казаў: Джэк Алманд выглядаў так, быццам жыццё ў ім згасла. Гэтак усё і было. Цяпер яму было ўсё роўна. Але самае, бадай, горшае, што ён па-ранейшаму кахаў лэдзі Кастэлан. Я лічу, няма больш трагічнай сітуацыі, чым кахаць чалавека ўсім сэрцам, кахаць, нягледзячы на ўсе спробы вырваць гэтае каханне, і ведаць, што чалавек гэты не варты твайго кахання. Вось чаму і опіум. Каб забыцца на адно, але помніць другое.
Я нагаварыў шмат і ўрэшце змоўк.
- Усё гэта адны здагадкі, - сказаў Лоў.
- Не буду спрачацца, - пагадзіўся я. - Але словы вашы не супярэчаць падзеям.
- Мне здаецца, ён не моцны чалавек, іначай мог бы змагацца і перамагчы.
- Мабыць, і так. Мабыць, нейкая слабасць заўсёды ідзе поруч з гэткай прывабнасцю. Відаць, кахаць так самааддана і верна здольныя немногія. Можа, ён і сам не хацеў змагацца і перамагчы. Я не магу судзіць яго.
Я не дадаў, каб не палічылі за цыніка, што, калі б не меў Джэк Алманд такіх доўгіх цудоўных веек, ён бы і сёння жыў і быў у добрым здароўі. Быў бы пасланнікам у якой-небудзь замежнай дзяржаве і знаходзіўся б на паўдарозе да месца пасла ў Парыжы.
- Пойдзем у гасцёўню, - сказала місіс Лоў і паднялася. - Трэба прыбраць са стала.
Вось і ўся гісторыя пра Джэка Алманда.