Кніжку склалі артыкулы пра сувязь Янкі Купалы са Слонімшчынай і вершы слонімскіх паэтаў, прысвечаныя Янку Купалу. 

Сяргей Чыгрын

ЯНКА КУПАЛА І СЛОНІМШЧЫНА

Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Чыгрын, Янка Купала і Слонімшчына. — Слонім: Цэнтральная бібліятэка імя Якуба Коласа, 1993.

Copyright © 2015 by Kamunikat.org

Ля вытокаў

Вёску Вялікая Кракотка, што на Слонімшчыне, Уладзімір Караткевіч назваў самай прыгожай вёскай у свеце. А Янка Саламевіч, які адсюль родам, неяк сказаў мне, што Кракотку найпрыгажэйшаю вёскай Караткевіч назваў з-за яе шыкоўнай прыроды. Але вёска не толькі прыгожая, але і знакамітая. Знакамітая Вялікая Кракотка найперш тым, што тут яшчэ ў 1927 годзе пры гуртку Таварыства беларускай школы (ТБШ) вясковая моладзь заснавала бібліятэку-чытальню, якую назвалі імем народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Гэта была першая ўстанова культуры рэспублікі, якой было нададзена імя песняра беларускага народа. У 1949 годзе Валянцін Таўлай у сваім артыкуле “Творчасць Янкі Купалы ў барацьбе за ўз’яднанне беларускага народа” (“Полымя”, № 10, 1949) пісаў: “Імем Янкі Купалы называліся беларускія культурнаасветныя ўстановы — бібліятэкі і чытальні. Нам дакументальна вядома, што ў вёсцы Вялікая Кракотка Слонімскага раёна, сяляне, якія арганізаваліся ў гурток ТБШ (Таварыства беларускай школы), у 1927 годзе заснавалі шляхам ахвяраванняў кніжак і грошай на закуп літаратуры вясковую бібліятэку-чытальню і прысвоілі ёй імя нашага слаўнага песняра Янкі Купалы. Аб гэтым сведчыць допіс з гэтай вёскі, змешчаны ў газеце “Наша праўда” № 11 ад 11 мая 1927 года…”.

Кожны раз, калі еду ў гэту вёску, на думку прыходзіць верш Міколы Арочкі, прысвечанага Вялікакракоцкай сельскай бібліятэцы імя Янкі Купалы:

Мой цэлы свет: Вялікая Кракотка,
Часоў бурлівых родны мацярык.
Была Кракотка, як рака ў паводку.
Была Кракотка — гнеў, і боль, і крык.
Кракотка — гэта хвойны пах узлесся,
Гняздо за пазухай зялёных гор.
З таго гнязда заклекатала песня,
Што клікала з нізіны: “Гэй, да зор!..”.
Рашаўся лёс… Прадвесне гнала крыгі.
І вось тады з-пад стрэх мацерыка
Дрыготка пацягнулася да кнігі
Мазольная сялянская рука.
Святая прага ведаў і пазнання!
У родным слове чалавек ажыў!
Было тут вашай еднасцю змаганне.
А духам мужнасці Купала быў.
Хто знае, колькі іх адсюль, упартых,
Узняў да барацьбы змагарны край?
Недарам верш, якім пілуюць краты,
З зямлі вось гэтай здабываў Таўлай.
Нязломны дух... Жывая сіла мовы.
Жыву з тых дзён я вашаю красой.
Жыткевічы... Збраевіч... Трафімовіч...
Ля вас я грэўся словам і душой!
Я ўдзячны вашай дабраце і хлебу,
Хоць менее ўсё рук — іх кліча дол.
Вучылі ж вы, як сеяць зерні ў глебу,
Каб луста праўды асвячала стол.
Нашу я сёння, замест эпілога,
Гаркоту з вашых апусцелых хат.
За бурны век вы вызналі так многа!
Ды пра такое думаў хто?..
Наўрад.
Мой родны свет:
Я ў кожнай тут часцінцы
Жыву — дзялю трывогу і слязу.
І ўсё, чым з каранёў тут прычасціўся,
Я ў людства, як урок ваш, панясу.

Не выпадкова ў гэтых паэтычных радках Мікола Арочка ўспамінае прозвішчы Жыткевічаў, Збраевіча і Трафімовіча. Бо арганізатарамі ТБШ і бібліятэкі ў той нялёгкі 1927 год у вёсцы былі Рыгор Акулевіч, Сцяпан Ігнатовіч, Васіль Трафімовіч, Сямён Жыткевіч, Павел Таўлай, Кастусь Петручэня і іншыя вясковыя хлопцы. Дарэчы, Рыгор Акулевіч, каб пазбегнуць арыштаў з боку пілсуцкай Польшчы, у 1928 годзе эмігрыраваў у Канаду, дзе актыўна ўключыўся ў рабочы і фермерскі рух, прымаў удзел у выпуску першай рускай газеты ў Канадзе “Канадский гудок”, нараджэнне якой вітаў Максім Горкі. Газета мела і беларускую старонку. У Другую сусветную вайну Рыгор Акулевіч добраахвотнікам пайшоў на фронт, у баях з немцамі быў цяжка паранены. Пасля вайны ў Канадзе ён узначальваў газету “Вестник”, напісаў і выдаў кнігі “Рускія ў Канадзе” і “50 год Беларускай рэспубліцы”.

А тады ў 1927 годзе сваю працу кракоцкая моладзь пачала з таго, што сабрала сярод насельніцтва кнігі і грошы на набыццё літаратуры і інвентару. Знайшлося для культурнай установы і памяшканне – хата Данілы Грасевіча, які не вярнуўся з бежанства. На заклік вялікакракоцкіх сялян адгукнуліся і жыхары суседніх вёсак Рудаўка і Малая Кракотка. Бібліятэкарам на грамадскіх пачатках працаваў Сямён Акулевіч.

Спачатку сабралі для бібліятэкі каля трыццаці кніг. У асноўным гэта былі творы для вясковых драмгурткоў. Энтузіясты культурнай работы працягвалі збіраць у насельніцтва кнігі і грошы на набыццё літаратуры. І кніжны фонд увесь час папаўняўся. У канцы 1928 года бібліятэка налічвала каля адной тысячы назваў беларускіх, рускіх і польскіх кніг і каля двухсот чытачоў. Тады кракоцкая моладзь разам з Валянцінам Таўлаем, якія вучыліся ў Віленскай беларускай гімназіі, закупілі і прывязлі сотні кніг рускай і беларускай класікі. З павелічэннем кніжнага фонду былі створаны два філіялы бібліятэкі. Адным філіялам у суседняй з Вялікай Кракоткай вёскай Рудаўка кіраваў Паўлік Кулак, а Малакракоцкім філіялам загадвала Людміла Кулак.

Адначасова пры бібліятэцы і пры вясковым гуртку ТБШ былі створаны драматычны і харавы калектыў, а таксама музычны. Імі кіравалі Васіль Трафімовіч і Аляксандр Жыткевіч. Рэпетыцыі праводзіліся ў памяшканні бібліятэкі, а спектаклі — у адрамантаваным і прыстасаваным школьным хляве. Пастаноўкі былі платнымі. За выручаныя грошы папаўняўся кніжны фонд бібліятэкі і аказвалася дапамога палітзняволеным.

Праіснаваўшы каля двух гадоў, бібліятэка – чытальня імя Янкі Купалы ў 1929 годзе была зачынена польскай паліцыяй, а кнігі канфіскаваны. Затым пачаліся рэпрэсіі супраць актывістаў, многіх без суда і следства кінулі ў канцлагер Картуз-Бяроза.

У верасні 1939 года ў вёсцы Вялікая Кракотка гэтую слаўную купалаўскую бібліятэку зноў аднавілі, але праз некаторы час яе дзейнасть была спынена — ужо гітлераўскім нашэсцем.

Дата новага нараджэння Вялікакракоцкай бібліятэкі — жнівень 1946 года, пасляваенны час. Аднойчы ў вёску завітаў супрацоўнік слонімскай раённай газеты “Вольная праца” паэт Анатоль Іверс. Ён сабраў калгасны сход, на якім было аднадушна вырашана назначыць загадчыкам бібліятэкі імя Янкі Купалы інваліда вайны Аляксандра Жыткевіча. Трыццаць гадоў адпрацаваў Аляксандр Іванавіч, рабіў усё, каб яго родная бібліятэка апраўдала імя вялікага Купалы.

Многія пісьменнікі дарылі кнігі з аўтографамі асабіста яму як чалавеку, які любіў сваю справу і шырока прапагандаваў родную літаратуру і культуру. Гэтыя кнігі Аляксандр Іванавіч Жыткевіч пакідаў у бібліятэцы, каб чыталі вяскоўцы. Яны ёсць і сёння. “Дарагому Аляксандру Іванавічу Жыткевічу і вялікаму сябру кнігі з сардэчнай павагай Мікола Арочка”, — аўтограф земляка на кнізе “Крылатае семя”. Піліп Пестрак на сваёй кнізе “Неспадзяванак” зычыў “Жыткевічу Аляксандру — ад шчырага сэрца”.

Вялікую дапамогу ў рабоце бібліятэкі аказала і жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Жывучы ў Мінску, яна амаль кожны месяц прысылала ў бібліятэку пісьмы, бандэролі і пасылкі з кнігамі і альбомамі. У 1951 годзе Уладзіслава Францаўна ўпершыню наведала Вялікую Кракотку, а ў 1957 годзе прымала ўдзел у святкаванні 30-годдзя бібліятэкі. Сустрэчы з гэтай жанчынай Аляксандр Жыткевіч (у 1999 годзе яго не стала) заўсёды ўспамінаў з вялікім хваляваннем, радасцю і цеплынёй. Яна была вельмі задаволена, што бібліятэка на Слонімшчыне носіць імя Янкі Купалы.

Дзякуючы цёці Уладзі, для бібліятэкі прыслалі свае кнігі з аўтографамі Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў, Андрэй Макаёнак і многія іншыя дзеячы нацыянальнай літаратуры.

У 1957 годзе бібліятэку наведалі Пятрусь Броўка, Янка Брыль і Іван Шамякін. Пятрусь Броўка падараваў бібліятэцы свой двухтомнік. На першым томе ён напісаў: “Бібліятэцы імя Янкі Купалы ў Вялікай Кракотцы. З вялікай пашанай да яе прыхільнікаў і актыўных чытачоў. Пятрусь Броўка. 29.5.1957 г.”. Свае аўтографы бібліятэцы тады пакінулі Янка Брыль і Іван Шамякін.

У 1961 годзе свой двухтомнік з аўтографам прыслаў з Мінска Янка Брыль: “Чытачам бібліятэкі імя Янкі Купалы ў Вялікай Кракотцы — з зямляцкай павагай і найлепшымі пажаданнямі Янка Брыль. Мінск, 6.01.61 г.”.

На святкаванне 30-годдзя бібліятэкі ў 1957 годзе ў Вялікую Кракотку прыехалі з Мінска Максім Лужанін, Рыгор Няхай, Пятро Прыходзька, супрацоўнікі музея Янкі Купалы, якія з сабою ў дар бібліятэкі прывезлі каля 50 кніг з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў. “Кракоцкай бібліятэцы імя Янкі Купалы ў дзень яе слаўнага трыццацігоддзя ад аўтара Пятра Прыходзькі” — так напісаў на сваёй кнізе “Салдаты міру” гэты паэт-франтавік.

У 1972 годзе Вялікакракоцкая бібліятэка адзначала 90-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы. У вялікім літаратурным вечары, які праходзіў у Вялікай Кракотцы, прымалі ўдзел паэты Сяргей Грахоўскі, Алег Лойка, Анатоль Іверс, Янка Саламевіч і іншыя літаратары. Як памяць пра сустрэчу захоўвае бібліятэка іх кнігі з аўтографамі. З вялікай радасцю чытаю аўтограф Сяргея Грахоўскага на кнізе “Тры вымярэнні”: “Чытачам бібліятэкі імя Янкі Купалы ў Вялікай Кракотцы. Жадаю жыць у шчасці, любіць і шанаваць ніву, засеяную Купалавай шчодрай рукою”.

Захоўваюцца ў бібліятэцы сёння і кнігі пісьменнікаў з аўтографамі Алеся Якімовіча, Міколы Аўрамчыка, Леаніда Прокшы, Івана Навуменкі, Сяргея Панізьніка і многіх іншых нашых творцаў. Але самай каштоўнай рэліквіяй, якую захоўвае бібліятэка, — гэта аўтограф Якуба Коласа. У 1952 годзе з Мінска ён прыслаў бібліятэцы сваю кнігу “Адшчапенец”, выдадзеную ў 1950 годзе. На ёй чарнільнай ручкаю напісана: “Бібліятэцы імя Янкі Купалы вёскі Вялікая Кракотка. Якуб Колас. 2.8.1952 г.”.

Аўтографы ў Вялікакракоцкай сельскай бібліятэцы імя Янкі Купалы — гэта наша гісторыя і наш літаратурны скарб, які трэба шанаваць, як памяць пра тых, хто тут быў, жыў і жыве.

Янка Купала на слонімскай сцэне

Народны паэт Беларусі Янка Купала быў і застаецца самым папулярным пісьменнікам на Слонімшчыне. Аб гэтым сведчыць і той факт, што яшчэ ў 1927 годзе сяляне вёскі Вялікая Кракотка прысвоілі яго імя мясцовай бібліятэцы-чытальні. Гэта была першая ўстанова культуры ў Беларусі, якой было прысвоена імя Янкі Купалы.

Найбольш папулярнымі творамі нашага песняра ў першай палове ХХ стагоддзя былі яго драматычныя творы. Яшчэ ў 20-я гады ХХ стагоддзя на Слонімшчыне на самадзейнай сцэне вельмі часта ставіліся яго п’есы “Прымакі”, “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “ На папасе”, “Сон на кургане”. Аб лепшых пастаноўках купалаўскіх п’ес часта пісалі беларускія газеты і часопісы. Вось напрыклад, што распавядала невялікая нататка “Паўлінка” на вёсцы”, якая была надрукавана ў віленскай “Нашай праўдзе” 23 ліпеня 1927 года: “У нядзелю 26 чэрвеня гуртком Таварыства Беларускай Школы (ТБШ) ў вёсцы Вялікая Кракотка Міжэвіцкай воласці Слонімскага павета быў наладжаны спектакль на карысць бібліятэкі-чытальні. Згулялі п’есы: “Паўлінка” Янкі Купалы і “Заручыны Паўлінкі” Ф.Аляхновіча. Дзякуючы таму, што на гэты дзень быў у вёсцы фэст – народу сабралася як на рэдкасць. За 10-15 вёрст прыходзілі, каб паглядзець на гульню кракоцкіх артыстаў-аматараў. На жаль, тэатральная зала не магла ўсіх змясціць, і шмат каму прыйшлося ісці дамоў. Гулялі надта добра. Кожны артыст як бы перажываў сваю ролю і гэтае перажыванне пераходзіла на глядзельнікаў. Грыміроўка і касцюміроўка не мела жаднае заганы. Асабліва добра гуляла Зося Жыткевіч у ролі Паўлінкі. Яна дала поўны абраз маладое вясковае дзяўчыны, здольнае не толькі да кахання, але і да ажыццяўлення тых светлых ідэалаў, якія пакінуў у яе душы вучыцель-народнік Якім Сарока, а яе задушэўныя спевы, мастацкія па выкананні, проста зачароўвалі глядзельнікаў. Васіль Трафімовіч сваёй гульнёю, як у ролі Быкоўскага, так і ў выкананні папярэдніх роляў, паказаў, што мог бы гуляць і не абы як. Харавыя спевы (агульныя) у п’есах выйшлі вельмі добра. Відаць, што харавая секцыя пад кіраўніцтвам самавука-рэгента Васіля Трафімовіча стаіць на адпаведнай вышыні. Спектакль прайшоў з вялікім поспехам. І хоць білеты былі не дарагія, ад 50 да 30 грошаў, збор вынес на 64 злотых”.

У 1928 годзе “Паўлінку” Янкі Купалы сябры гуртка Таварыства Беларускай Школы паставілі і ў вёсцы Касцяні. Пра касцянёўскіх артыстаў паведаміла 16 траўня 1928 года газета “Голас працы”. Яна пісала: “У аўторак 17 красавіка 1928 года ў вёсцы Касцяні Чамерскай гміны Слонімскага павета была пастаўлена “Паўлінка”. Найлепш выканала ролю Паўлінкі Мар’я Легаць. Тут, можна сказаць, не было ніякіх заганаў, як з боку мастацкага, так і з іншага. Гэтая маладая дзяўчына сваім гарачым сэрцам зусім зразумела, зусім адчула настрой, перажыванне Паўлінкі. Яна дала характэрны абраз маладое вясковае дзяўчыны, у душы якой гарыць не толькі жаданне кахання, але і імкненне да новага, лепшага жыцця, якое (імгненне) у душы яе пакінуў вучыцель з новымі светлымі ідэаламі – Сарока. Таксама вельмі мастацка яна адпяяла песні, якія проста зачароўвалі прысутных. У будучым з яе можна было б спадзявацца добрай артыстычнай сілы. Далей надта добра была выканана роль Якіма Сарокі – Лаўрыном Якімчыкам. Ён зусім ясна прадставіў сабою тып маладога вучыцеля-народніка, які, пазнаўшы гора працоўнага люду, аддае ўсе свае сілы, усю энергію на вызваленне яго з путаў няволі. У яго далікатных абходах з Паўлінкаю не відаць было нічога згніўшага, старога панскага, а нешта простае, мілае, яснае.

Надзя Мароз сваім даволі мастацкім выкананнем ролі Альжбеты дала прысутным прадстаўленне старой шляхцянкі, якая абсалютна нічым не цікавіцца, а толькі “пільнуе сваю спадніцу і панчохі”. Трэба, аднак, зазначыць, што ў яе было замала рухаў. Гэта, наогул, у вясковых артыстаў вельмі часта заўважаецца.

Паміж іншымі ролямі заслугоўвае на ўвагу роль Быкоўскага, а таксама Крыніцкага. Гэтыя ролі былі згуляны таксама нішто сабе, але ўжо не так, як папярэднія. У Быкоўскага малавата было відаць “хвастання”, замала “агіды” да ўсяго “мужыцкага”. У Сцяпана Крыніцкага малавата відаць было “шляхоцкага гонару”. Не вельмі прымусовыя і страшныя звароты да дачкі. Замала “бацькавай волі”. Трошкі заціхая гутарка. Апрача таго, яму не варта было мець на сабе вопратку – “галіфэ”, бо, наогул, у той час, які адбівае “Паўлінка”, магчыма, што ўжо існавалі “галіфэ”, але старыя шляхтуны – праціўнікі ўсякіх навінаў, глядзелі на іх крывым вокам.

Рэшта артыстаў згулялі так сабе, сярэдне. Відаць, было мала падгатоўкі. Асабліва гэта заўважалася ў гасцёх, з якіх хлапцы, дзякуючы няўвазе, сядзелі тварамі да дзяўчат, а плячыма да публікі. Гуляючы ж на сцэне, заўсёды трэба сачыць за тым, каб быць тварам да глядзельнікаў.

Таксама вельмі добрае ўражанне ў прысутных пакінулі па сабе песні, якія сустракаліся ў п’есе і якія былі выкананы артыстамі як найляпей. Песняй “Ах ты, Нёман, рака” слухачы проста такі зачароўваліся, чуючы мілыя зыкі, ідучыя з маладых, здаровых грудзей сваіх паднявольных сыноў-змагароў.

Агулам кажучы, трэба зазначыць, што п’еса была б шмат ляпей згуляна, калі б зрабілі генеральную рэпетыцыю. Але, дзякуючы таму, што стараста даў дазвол толькі за некалькі гадзін перад пачаткам спектаклю (артысты ўжо страцілі надзею на атрыманне дазволу і дзеля гэтага не рабілі генеральнай рэпетыцыі).

Ня гледзячы, аднак, на ўсё гэта, ня гледзячы на тое, што была вельмі кепская пагода, народу сабралася каля двухсот асоб, якія задаволіліся тым, што бачылі перад сваімі вачыма. Увесь даход у суме 36 злотых пайшоў на карысць бібліятэкі-чытальні пры гуртку Таварыства Беларускай Школы ў вёсцы Касцяні. Дык вось што зрабілі нашы хлапцы і дзяўчаты, замест таго, каб напіцца гарэлкі ды паднімаць розныя бойкі! Чэсць вам, касцянёўскія артысты – змагары з цемраю – адвечным ворагам працоўных мас. На вас надзея вашых загнаных бацькоў, братоў і сёстраў. Ідзеця, браты, наперад! Не зважайце на цёмную ноч! Збуджайце масы да новага, лепшага жыцця. У гэтай цёмнай ночы будзеце вы тымі шляхаводнымі зоркамі, якія асвячаюць шлях да іншага жыцця, дзе ня будзе ні здзекаў, ні гора, ні слёз, ні багатых, ні бедных, а ўсе роўныя як адзін! Дзе будуць усе як браты. І будзе ўнукаў панаванне там, дзе сягоння плача дзед!”.

Вось такімі гучнымі словамі закончыў свой матэрыял нехта Вяскор, які пісаў пра “Паўлінку” ў “Голасе працы”. Ставіліся тады гэтая камедыя і ў вёсцы Азярніца сіламі азярніцкага гуртка ТБШ. Былы дзеяч Заходняй Беларусі, пасол польскага сейма па спісе КПЗБ Павел Крынчык (1898-1975) згадваў, што ў 1927 годзе драмсекцыя гуртка ТБШ вёскі Вострава ставіла таксама “Паўлінку” Янкі Купалы ў вёсцы Вострава ў гумне Якуба Мазаля і ў мястэчку Дзярэчын у мурах Сапегаў (тады Вострава і Дзярэчын належалі да Слонімскага павета – С.Ч.). Ролю Паўлінкі выконвала дзяўчына з вёскі Монькавічы Вольга Жоглік, якая прыходзіла ў Вострава на рэпетыцыі за 15 кіламетраў. Пазьней вяскоўцы пачалі яе зваць проста Паўлінка. Вельмі добра выконваў ролю Сцяпана Крыніцкага былы настаўнік Слонімскага народнага вучылішча Міхась Галенда. А ролю Пустарэвіча выконваў Астап Захарчук, які ў 1922 годзе прыехаў з заробкаў з Амерыкі.

Жонка Паўла Крынчыка – Алена Лябецкая (1903-1982) была старшынёй Казлоўшчынскага гуртка ТБШ (вёска Казлоўшчына цяпер адносіцца да Дзятлаўскага раёна, а тады – да Слонімскага павета – С.Ч.). Некалі яна ўспамінала, што “Паўлінка” ставілася сіламі драмсекцыі гуртка ТБШ у Казлоўшчыне ў гумне Тарасюка. Ролю Паўлінкі выконвала дзяўчына з вёскі Лявонавічы Ганна Мазоль , якая была і ўдзельніцай хору пры гэтым жа гуртку. Хор, дарэчы, выконваў песні “Жыў на свеце Лявон” і “А хто там ідзе” на словы Янкі Купалы. Матыў гэтых песень быў прыдуманы самімі харыстамі. Гераічная постаць Лявона нагадвала тады вобраз падпольшчыка, якога праследавала польская паліцыя. А сама Алена Лябецкая са сцэны дэкламавала вершы Янкі Купалы “Ворагам беларушчыны”, “Мужык”, паэму “Курган”. Сіламі гэтага гуртка “Паўлінка” ставілася нават у Слоніме. Алена Лябецкая ў сваіх успамінах, якія былі надрукаваныя ў кнізе “У суровыя гады падполля” (Мн., 1958.С.98) згадвае: “У Слоніме мы паставілі ў памяшканні, дзе цяпер знаходзіцца Народны дом, “Паўлінку” Янкі Купалы”. Першая беларуская п’еса ў Народным доме! І ставілі яе вясковыя дзяўчаты і хлопцы, “хамы”, як называлі нас польскія паны. Усё гэта было незвычайна ў тыя часы. Нашы спектаклі і песні па-рэвалюцыйнаму дзейнічалі на гледачоў. А хто яны былі, гэтыя гледачы, -- рабочыя і сяляне, якія занялі першыя рады. Кажухі мільгалі ў асветленых залах. Паліцэйскія захваляваліся, забегалі, але спектакль адбыўся”.

Не спынялася дзейнасць самадзейных драматычных калектываў на Слонімшчыне і ў 1930-х гадах. Аб гэтым сведчыць допіс “Беларуская сцэна на вёсцы” паэта Анатоля Іверса з вёскі Чамяры, які быў змешчаны ў часопісе “Беларускі летапіс” № 6-7 за травень-чэрвень 1937 года: “У нашых умовах беларуская сцэна на вёсцы робіць шпаркія поступы. У сучасны момант толькі пры помачы спектакляў прыходзіцца вучыцца пісаць і працаваць на грамадскую карысць. У такіх выпадках для шкодных навыкаў, як карты, гарэлка, дзікія разгулы, няма месца”. Далей аўтар паведамляе, што зімою 1937 года ў памяшканні мясцовай польскай школы была пастаўлена “Паўлінка”. Школьная зала была перапоўнена гледачамі. Артысты вымушаны былі паўтарыць пастаноўку п’есы. У падрыхтоўцы і пастаноўцы беларускіх спектакляў прымаў актыўны ўдзел і Анатоль Іверс. На дазвол пастаноўкі спектакля ўправа гуртка ТБШ падавала заяву ў староства, дзе рэферэнт бяспекі ставіў розныя перашкоды. Але ўсведамленне важнасці культурна-масавай работы надавала сілы сябрам гурткоў ТБШ і дапамагала пераносіць вялікія цяжкасці.

Пасля Другой сусветнай вайны, драматургія Янкі Купалы зноў вярнулася на слонімскую сцэну. Хаця і падчас нямецкай акупацыі ў Слоніме пры Беларускім Народным доме дзейнічаў тэатральны гурток, які стварыў Сяргей Новік-Пяюн. Па словах сведкаў, сярод пастаўленых п’ес гэтым гуртком былі і “Прымакі” Янкі Купалы.

У 1948 годзе пры Слонімскім РДК быў створаны тэатральны гурток. У 1959 годзе гэты гурток паставіў славутую “Паўлінку” (рэжысёр Міхаіл Фрыдман). За гэты спектакль слонімскаму тэатральнаму гуртку было нададзена званне народнага тэатра. З “Паўлінкаю” Слонімскі народны тэатр аб’ездзіў амаль усю Беларусь і меў найвялікшы поспех.

У 1968 годзе калектыў Слонімскага народнага тэатра узначаліў малады рэжысёр Мікалай Варвашэвіч. Сваю творчую кар’еру рэжысёр вырашыў пачаць з купалаўскай “Паўлінкі”. А слонімцы з цікавасцю чакалі гэтай прэм’еры. І яна адбылася 12 снежня 1968 года. Трэба адзначыць, што самадзейныя артысты працавалі тады з захапленнем. Яны ведалі, што ім цяжка канкурыраваць з прафесійнымі дзяржаўнымі тэатрамі, але жаданне сказаць “сваё слова” брала перавагу. Да таго ж народныя сакавітыя характары, чароўная і маляўнічая мова, востра камедыйныя сітуацыі былі добрай школай для аматараў сцэны.

Першай вартасцю спектакля ў Слоніме стала вернасць выканаўцаў драматургічнай аснове – п’есе Янкі Купалы. Пры ўсіх прыватных недахопах, спектакль заваяваў гледача, прынёс радаснае пачуццё сустрэчы з даўно знаёмай усім беларусам п’есай у новым – старанным і трапяткім – выкананні. Артысты народнага тэатра здолелі так сыграць некаторыя эпізоды, што ўспрымаліся яны, як новыя, як адкрыццё. І зала сустракала смехам Агату, якая кажа, нібы вось тут, зараз на сцэне, знаходзіць гэтыя словы: “Тудэма-сюдэма, куды тут садзіцца! Ноч на дварэ, кабыла за плотам, паўвярсты да дому, а гэты тудэма-сюдэма, начніца касавокая, не вытрымаў, каб людзям не нарабіць у ночы неспакойства...”.

І далей глядач з непасрэдным пачуццём сачым за тым, як разгортваліся падзеі. Актыўнае ўзаемадзеянне залы і сцэны працягвалася аж да заключнай рэплікі Сцяпана Крыніцкага: “Каханенькія, родненькія, дзве дзюркі ў носе і скончылося!”.

Яркімі, маляўнічымі рысамі характару надзяла сваю гераіню тады выканаўца ролі Паўлінкі Святлана Варвашэвіч (жыве цяпер у Свіслачы). Яна перадала прывабнасць і душэўную прыгажосць сялянскай дзяўчыны. У спектаклі гледачы яе ўбачылі і вясёлай, і жыццярадаснай, і задумлівай, і пакутаючай. І гэтыя змены настрояў у гераіні былі жыццёва апраўданыя, гранічна натуральныя і заканамерныя.

Цікава іграў ролю Пранцыся Пустарэвіча артыст народнага тэатра Андрэй Каханоўскі. Яго Пустарэвіч быў весялуном, жартаўніком, які любіў пагутарыць з моладдзю. Крыху Пустарэвіч атрымаўся баязлівым, але стараўся не паказваць гэтага. Ён пакрыкваў на жонку, хоць і пабойваўся яе. Артыст іграў свайго героя свабодна і лёгка. І падабаўся гледачам. Дарэчы, Андрэй Каханоўскі некалі быў акцёрам у тэатры Уладзіслава Галубка.

Слонімскаму артысту Аляксандру Гуку ўдалося знайсці свае фарбы для вобраза Адольфа Быкоўскага. Малады акцёр тады не пайшоў на простае капіраванне вобразаў, створаных прафесійнымі майстрамі, як часта робяць некаторыя выканаўцы гэтай ролі на самадзейнай сцэне. Праўда, ён іншы раз збіваўся, нават траціў псіхалагічную праўду ў паводзінах свайго героя.

Ролю Сцяпана Крыніцкага ў тым спектаклі сыграў сам рэжысёр Мікалай Варвашэвіч. Іграў яго энергічным, хітраватым і не вельмі шчодрым. Выканаўцу ўсё ж удалося знайсці адпаведны грым, дакладныя дэталі ў характары, у манерах.

Удумліва і праўдзіва іграла Альжбету Людміла Клімовіч. Яе Альжбета была мяккай, душэўнай, не мітуслівай жанчынай, якая тонка адчувала гумар і жарт.

Жывым, вельмі шчырым і непасрэдным атрымаўся ў спектаклі Якім Сарока, якога сыграў Анатоль Цярэнін. Якім у артыста атрымаўся па-юначаму гарачым, крыху фантазёрам з чыстай душой. Гэта быў першы выхад маладога самадзейнага артыста на слоніскую сцэну.

Жывасць дыялогу, яркасць вонкавага малюнку і паводзін персанажаў п’есы вызначылі мастацкую своеасаблівасць той “Паўлінкі”. Нацыянальную характэрнасць прыдавалі спектаклю і народныя матывы ў дэкарацыях (мастак Пётр Слезнік) і ў музычным афармленні (кампазітар Міхась Гарабец), пабудаваным на народных мелодыях і песнях.

Тэатральны крытыкі тады адзначылі і асобныя пралікі спектакля “Паўлінка”. Напрыклад, некаторым маладым выканаўцам яшчэ не хапала артыстычнага майстэрства, выканаўчай культуры. Але затое была ўласціва тая шчырасць, якая маецца і заўсёды характэрна для народнага мастацтва.

Аб той “Паўлінцы” на слонімскай сцэне згадалі многія беларускія газеты. Газета “Звязда” 21 снежня 1969 года пісала: “Рабочыя саўгаса “Сасноўка” задоўга да пачатку спектакля запоўнілі памяшканне Яруціцкага сельскага клуба. У гэты вечар Слонімскі народны тэатр паказаў хлебаробам сваю новую работу па п’есе Янкі Купалы “Паўлінка”. Спектакль вельмі спадабаўся сельскім гледачам...”. А “Гродненская правда” (20 сакавіка 1969 г.) пра “Паўлінку” падкрэсліла: “Мы расходимся, унося с собой хорошие впечатления, простив некоторые недостатки этого весёлого и яркого спектакля…”.

У 1986 годзе рэжысёр Мікалай Варвашэвіч зноў вяртаецца да купалаўскай камедыі. Шэсць першых прадстаўленняў “Паўлінкі” адбыліся ў Слоніме, а сёмае – на сцэне вучэбнага тэатра Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў) перад студэнтамі і выкладчыкамі ВНУ Мінска і жыхарамі сталіцы. Тыднёвік “Літаратура і мастацтва” 6 чэрвеня 1986 года паведамляў: “Добры акцёрскі ансамбль, рэалістычная сцэнаграфія (афармляў спектакль рэжысёр-пастаноўшчык), музычная партытура спектакля яшчэ раз засведчылі высокі творчы ўзровень вядомага ў рэспубліцы народнага тэатра”.

Дык што новага ў параўнанні з 1968 годам унёс у “Паўлінку” рэжысёр Мікалай Варвашэвіч? Тут адразу можна зазначыць, што калектывам і рэжысёрам, безумоўна, быў знойдзены свой паварот агульнага рашэння камедыі. Асабліва тады адметна вылучыўся дынамічнасцю дзеі другі акт, што выразна адцяніла адну з выдатнейшых рысаў камедыі – займальнасць інтрыгі.

З самага пачатку спектакля рэжысёр умела ўвёў гледачоў у абставіны часу дзеяння. Калі гледачы глядзелі на афармленне спектакля, іх уражвала не проста праўда ўвасобленага на сцэнічнай пляцоўцы жыцця, а вобразная праўда, праўда, моцная сваёй абагуленай выразнасцю. Дастаткова было аднаго позірку на рэалістычна ўмоўны пакой вясковай хаты, дзе адбывалася ўсё сцэнічнае дзеянне, каб скласці сабе ўяўленне аб героях, аб іх нацыянальнай і сацыяльнай заглыбленасці.

Другі, удала знойдзены, кірунак у афармленні спектакля можна было назваць метафарычным. Мастак знайшоў тады сваеасаблівае, адзінае на ўвесь спектакль відарыснае рашэнне, якое выражала сутнасць рэжысёрскай задумы камедыі ў яе ідэйным плане. Гэтай удалай, па-наватарску ўбачанай і ўведзенай метафарычнай дэталлю быў куфар. З аднаго боку ён, нібы з’яўляўся аздабленнем пакоя, з другога... Не больш як крэсла ён быў для Якіма, вясковых музыкаў, але як любоўна агледжваў яго сам гаспадар, Сцяпан Крыніцкі, -- гэта быў сімвал яго дабрабыту і заможнасці. Як прыцягваў ён пільную ўвагу Быкоўскага, сімвалізуючы выгодны і багаты пасаг нявесты.

Цікава былі выбраны і пастаўлены рэжысёрам мізансцэны, што немалаважна, бо менавіта праз іх выражалася душа, сутнасць асобных эпізодаў, бачны былі вобраз унутранага стану герояў. Асабліва вылучалася адна – яна ўзвышалася да мастацкага выяўлення ідэі спектакля: выразнай класавай пазіцыі, скіраванасці супраць пагардлівых адносінаў да простага чалавека, да ўсяго народнага. Хочацца прыгадаць яе.

Ішла каларытная бытавая сцэна гасціны. Дзяўчаты спявалі народныя беларускія песні, а пан Адольф Быкоўскі сядзеў наводшыбе, спіною да гасцей, усім сваім выглядам падкрэсліваючы пагарду да ўсяго “мужыцкага”. Адзін штрых, але ён быў удалы. Менавіта праз такія штрыхі выстройвалася тады рэжысёрам Мікалаем Варвашэвічам “Паўлінка”. Выстройвалася яшчэ і дзякуючы, безумоўна, майстэрскаму выкананню ролі Быкоўскага Віктарам Касікоўскім. Галоўнае для акцёра было – гэта ўменне пранікнуць ва ўнутраны свет ствараемага вобразу, раскрыць яго сутнасць і індывідуальныя асаблівасці – усё гэта ўдалося выканаўцу. Асабліва камічнымі выглядалі любоўныя заляцанні, дзе Быкоўскі імкнуўся паказаць сябе вельмі далікатным і галантным кавалерам, ганарыстасць і фанабэрыя, якія гратэскна падкрэсліваў артыст Касікоўскі ў сваім герою.

Камічнасцю і маляўнічасцю з боку артыстычнага майстэрства вызначаліся вобразы Агаты і Альжбеты, якія ігралі артысткі народнага тэатра Кацярына Палішчук і Марыя Гурская. Іх выкананне настолькі было сваеасаблівае, што глядач забываўся на параўнанне з ужо вядомымі прафесійнымі выканаўцамі гэтых роляў, а гэта, заўважце, лепшы паказчык поспеху.

Пасля прэм’еры з рэцэнзіяй на спектакль у мясцовым друку выступіла пісьменніца і педагог Алена Руцкая. Яна ў прыватнасці пісала: “Нялёгкая сэнсавая нагрузка ляжыць на вобразах прадстаўнікоў маладога пакалення ў камедыі – Паўлінцы і Якіму. Рамантычна лірычная тэма кахання ў падачы іх вобразаў пераплятаецца з сацыяльнай тэмай ідэйных імкненняў. Спалучэнне больш чым складанае, а выканаўцы маладыя дэбютанты: Паўлінка – Л.П.Чайкоўская, Якім Сарока – Ф.І.Мядзведзеў. Тым больш варта адзначыць, што ўдалося ім самае галоўнае: пранікненне ў свет перажыванняў і трывог сваіх герояў, у свет характараў. Падкупляе непасрэднасцю і дасціпнасцю вобраз гераіні, лірычнай цеплынёй – вобраз Якіма. Але ўспомнім словы нашага земляка, аўтара кнігі пра Янку Купалу “Як агонь, як вада” Алега Лойкі: “Не вельмі смешнай напісалася ў Купалы першая яго камедыя: смеху-то ў ёй хапае..., а стогн душы, драма любоўная і палітычная – вось фінал п’есы “Паўлінка”. Менавіта драматызм з-за таго, што герояў хочуць пазбавіць іх кахання, найвялікшага свята жыцця, павінен яскравей прасвечвацца ў паасобных момантах выканання роляў маладымі артыстамі”( “За перамогу камунізму” (г.Слонім, 12 красавіка 1986 г.). І з рэцэнзентам нельга не пагадзіцца. Тым не менш, адной з лепшых сцэн “Паўлінкі” 1986 года, што рэдка бывае, але запомнілася, – гэта масавая сцэна гасцін у доме Крыніцкіх. Дэталёва рэжысёрам прадуманы і па-майстэрску выведзены былі паводзіны кожнага ўдзельніка масоўкі. Рэплікі, як вехі, якія складалі слоўную партытуру сцэны. Стварыўся вобраз адзінага цэлага – народа. Такія пастаноўкі памятаюцца доўга.

У 1993 годзе заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь рэжысёр Мікалай Варвашэвіч ставіць на слонімскай сцэне купалаўскія “Прымакі”. Але ўжо не на сцэне народнага тэатра, а на сцэне прафесійнага дзяржаўнага Слонімскага беларускага драматычнага тэатра (цяпер Слонімскі драматычны тэатр). Пачыналіся “Прымакі” звычайна. Максім Кутас (артыст Віктар Багушэвіч) пасля добрага перапою пачынае ўспамінаць, што было ўчора, думае, куды ён трапіў. Бо ў яго хаце “павуцінне па ўсіх чатырох кутках, а тут толькі на трох...”. Але гэта яшчэ паўбяды. На самой справе здарылася так, што Максім Кутас і Трахім Сініца (артыст Сяргей Бачкоў) памяняліся сваімі жонкамі. Калі памылка выкрылася, пасля першага замяшання і перажытага страху за вынікі, якія здарыліся, адбываецца камічная сямейная перапалка. Але ўсё, як мы ведаем, скончылася прыемнай развязкай, заручынамі сына Максіма – Мацейкі (артыст Васіль Сявец) і дачкі Трахіма – Кацярынкі (артыстка Іна Ёрш).

Аднак не будзе перабольшваннем, калі дадаць, што асноўны змест “Прымакоў” і поспех спектакля надавалі тады народныя песні і танцы, вельмі ўдала і па-мастацку быў скампанаваны этнаграфічны матэрыял.

У пастаноўцы слонімскіх артыстаў спектакль “Прымакі” набыў у 1993 годзе новае і свежае ўвасабленне. Добра адчуваліся беражлівыя адносіны пастаноўшчыка да тэксту твора, сучаснае прачытанне п’есы, акцёрскае стварэнне вобразаў і г.д.

У 2002 годзе Слонімскі беларускі драматычны тэатр зноў вяртаецца да камедыі Янкі Купалы. Спектакль тады вырашае паставіць рэжысёр тэатра Віктар Бутакоў, які прыехаў у Слонім з Усходне-Казахстанскага абласнога рускага тэатра драмы імя Жамбыла горада Усць-Каменагорска. Зусім не ведаючы беларускай драматургіі, звычаяў, нораваў, беларускага жыцця і гісторыі, рэжысёр узяўся за “Прымакі” і паставіў. Пачынаўся спектакль арыгінальна. Тры вясковыя пляткаркі (артысткі Ірына Яцук, Вікторыя Міхальчык, Надзея Ільчанка) распавядалі адна адной аб тым, што дзеяцца ў вёсцы, а таксама разважалі пра мужыкоў. У п’есе Янкі Купалы гэтага няма. Але такая своеасаблівая задумка рэжысёра надала спектаклю новае і свежае ўспрыманне. А далей падзеі на сцэне адбываліся, як у п’есе. Камізм спектакля ўзмацняўся, дзякуючы своеасаблівасці мовы дзеючых асоб, багатай народнымі параўнаннямі, прымаўкамі, фразеалагізмамі, трапнымі, часам грубаватымі дасціпнымі выразамі, а таксама дзякуючы нечаканым паваротам сюжэта, своеасаблівай пабудове дыялога і, вядома ж, ігры акцёраў Тамары Галаванавай, Сяргея Фурсы, Кацярыны Дзядовіч, Наталлі Шугай, Сяргея Лішыка і Віталя Спасюка.

Тым не менш, мінскія тэатральныя крытыкі не дужа спрыяльна ацанілі “Прымакі” у пастаноўцы Віктара Бутакова. Напрыклад, Вячаслаў Іваноўскі ў зборніку “Беларускі тэатр – 2001/2002” (Мн., 2003, С. 9-10) піша: “На жаль, спектакль рэжысёра В.Бутакова ў недастаткова густоўна стылізаваных дэкарацыях і касцюмах персанажаў (мастак А.Толкач) хутчэй нагадваў звыклую для беларускага тэлебачання павільённую рэканструкцыю “Вячорак”, чым знакаміты купалаўскі вадэвіль, багата насычаны беларускім фальклорным матэрыялам і лёгкім дабрадушным гумарам. Нягледзячы на пэўную рызыкоўнасць становішча, у якім пасля значнага падпітку мужчын Максіма Кутаса і Трахіма Сініцы апынуліся жанчыны – Даміцэля Сініца і Палагея Кутас, зранку прачнуўшыся і знайшоўшы ў сваіх ложках суседскага мужа, Янка Купала не дапускае ў сваім даволі простым народным жарце аніякай двухсэнсоўнасці альбо нават намёку на непрыстойнасць. Таму так важна пры пастаноўцы гэтага купалаўскага твора і рэжысёру, і выканаўцам знайсці адпаведныя выразныя сродкі, яскравыя мастацкія знаходкі, адчуць камедыйную стыхію жанра, каб імправізацыяй надаць спектаклю лёгкую іранічнасць, не даць магчымасці сцэнічнаму відовішчу апусціцца да побытавай дробязнасці, захаваўшы адначасова з тым сакавітую народную характарснасць вобразаў...”. З крытыкам варта пагадзіцца. Але ж вясёлы вадэвіль “Прымакі” гледачам падабаецца, ён напоўнены смехам, мяккім, дабрадушным народным смехам. Да сённяшніх дзён у рэпертуары Слонімскага драматычнага тэатра гэты спектакль ёсць, і на яго ідуць гледачы.

Гэта толькі выбраная вандроўка ў розныя тэатральныя калектывы і тэатры Слонімшчыны, дзе вось ужо на працягу 80 гадоў ідуць п’есы Янкі Купалы. Кожны спектакль па п’есе нашага песняра даваў і дае людзям адчуванне сваёй нацыянальнай годнасці. І народ наш любіў і будзе заўсёды любіць Купалаўскую драматургію, бо яна – неўміручая.

У вянок Янку Купалу

Вершы паэтаў Слонімшчыны

Гальяш Леўчык

На Купалле

Санет гэты прысвячаю Янку Купалу

Як ранак загляне з-пад летняе ночы
Ды сонейка згоне ўсе сумныя хмары,
Пайду я дзівіцца ў поле на чары,
Расою абмыю заплаканы вочы…
Пайду я ў вёску пад шэрыя хаты,
Увайду сабе ціха пад мховыя стрэхі,
І буду збіраці дзявочыя смехі,
І буду вясёлы, і рад, і багаты!
Ля збожжа, ля кветак, накрытых расою,
Пайду я да лесу зялёнай мяжою,
Пад голаў злажыўшы дарожны мой клунак,
На мох пад хваіну я там палажуся
І ціха за край свой тагды памалюся!..

Валянцін Таўлай

Памяці Янкі Купалы

Яго няма!.. А песні следам
Штогод — усё мацней звініць,
І сам ён — звонкая легенда,
Якой і рэху не абняць.
Паслухаеш — і сэрцу сцішна:
Мы не сустрэнем больш таго,
Хто Беларусь, як песню, ўзвышаў
І ў сэрца кінуў нам агонь.
Агонь, што саграваў у сцюжу
І разгараўся на вятрах
І сілы дадаваў, каб здужаць
З звяроў найбольшага звяра.
Мы зноў на бацькаўскім загоне,
Каля разбураных сядзіб
І пры Купалаўскім пантэоне
Ўсебеларускае зямлі.
І месцу, дзе тварыў Купала,
Здабылі права далажыць:
Навек з варожых генералаў
Сарваны пыха і крыжы.
Над Янкам хілячыся ў скрусе,
Клянёмся на яго труну:
Купалаў сон аб Беларусі
Ў граніт і бронзу апрануць.

Мікола Арочка

* * *

Чытае Купалу дзядзька Васіль…
Шумок аціхае ў зале.
А ў голасе —
Колішніх столькі сіл!
Стары ажывае ў запале!
Даўно не чытаў…
“Паміж пустак, балот…”
О, тайна старога кургання!
Хвалюеш, дзівуеш
Колькі ўжо год,
Заходзячы ў наша дыханне…
Радкі адстаяліся ў сэрцы даўно.
Вучыў іх за плугам. Свядома.
Калісь тут на ўскраі стаяла гумно.
І пахла ўмалотам салома.
А люду вячэрняга — больш чым снапоў
На даўнім бядняцкім току…
Рука, нібы ўзважвае золата слоў
І цэп уздымае высока…
Вяртае ўладна той час сюды
Ад плуга аратых, падпаскаў.
І вочы ўзбуджанай грамады
Вільготным запальвае бляскам.
Чытае Купалу стары малацьбіт.
А грудзі ўжо дыхаюць цяжка.
Ды чую, як гупае час-барацьбіт
Па мне і сягоння цяжка.

* * *

Я ўваходжу ў Купалаву раку —
Вочы ад глыбінь-віроў сінеюць.
Ёсць рачулкі:
Абмялеюць,
Стравянеюць…
Рэчышча Купалава —
На быстраку!
П’ю я,
Прыпадаючы нагбом.
Мне, нібы прычасце,
Віравая хваля,
Варажу над песні тайніком,
Як дзяўчаты колісь
На Купалле.
На быстрынь пускаю
Дум вянок:
Выплыве ці ўтопіцца?
Не знаю.
Нашы песні,
Кожны свой радок
Перад часам
Паўнаводдзем вашым вывяраю!

Алег Лойка

Сосны Купалы

Мы — сосны Купалы, з-над вольнай Арэсы,
Іван Дамінікавіч, дзе вы?
Чакаем, чакаем… О колькі абтрэслі
Шылля мы і шышак над светам!..
Чакаем…
Не нож нас падсочвае востры,
А жыць без цябе мы не можам:
З табой, для цябе ж мы шумелі, як сёстры,
Цяпер жа — і слова не зложым.
Ракеты, і лайнеры, і сцюардэсы,
І юркі між зор спадарожнік,
Ці чуеце, мы, з па-над вольнай Арэсы,
Чакаем Купалу трывожна!..
Няўжо нас за сёстраў ніхто не прымае?..
Няўжо болей вераць радарам?
Няўжо хоць адзін з іх, як мы, успрымае
Нячутных маланак удары?..
Няўжо і спапелімся дзеля прагрэсу,
А ты не захіліш, Купала?..
Мы ж — сосны твае, з па-над вольнай Арэсы,
Чаму ж не ідзеш, як бывала?
Няўжо, як і нас, і цябе, родны браце,
Адолелі дзесьці нягоды?..
Ды будзем чакаць мы, ды будзем чакаць мы
Заўсёды, заўсёды, заўсёды!..

На вуліцы Янкі Купалы ў Слоніме

Родны мой горад, спрадвечны горад,
Памяць чыя глыбей, чым твая?
Дай скалынуць твае радасці, гора,
Дай перажыць іх з табой удвая!
Госцем калі тут Купала быў:
Вулкі твае яго не забылі,
І ён жа іх, пэўна, нідзе не забыў.
Чуў ты біццё яго сэрца, горад,
Хвалямі Шчары думы ўздымаў:
Усю Беларусь абдымаўшы, як мора,
Ён і цябе, горад мой, абдымаў.
Бачыў ты погляд яго, цёплы, зоркі,
У сонца ўлюбёны, лён і зязюль,
Ціха каціў з заімжэлых пагоркаў
Горкай нядолі былое слязу.
Бачыў ты рукі яго, што павольна
Мглістасць расхінвалі па-над табой,
І святкаваў ты прыход яго вольны,
Слаўны за волю сваёй барацьбой.
Бачыў, як крочыў ён, каб не запляміць
Бруку каменьчык, муру парог —
У дзевяць стагоддзяў нямую іх памяць,
Годнасць, якую ты моўчкі збярог.
Бачыў, прайшоў ён сюдой, каб застацца
Подыхам, поглядам, слыхам зязюль
У шыбах, што светла дагэтуль свіцяцца,
І на каменнях, цёплых дасюль.

Іван Чыгрын

Янка Купала

Ён не любіў звяртаць на сябе ўвагі.
Не любіў гучных прамоў.
У прэзідыумах стараўся сесці збоку.
Меў многа прыяцеляў сярод простага люду.
Быў тыповым беларусам.
Стаў радовішчам чалавечай ласкі,
Ды гнёў яго цяжар вякоў.

Алесь Сучок

Яго песням век звінець

Прысвячаю Янку Купалу

Пра цябе не згіне слава!
Яна вечна будзе жыць.
Беларуская дзяржава
Будзе імем даражыць.
Палымяным, шчырым словам
Ты праславіў родны край,
І на роднай нашай мове
Да канца жыцця спяваў.
Твае песні засталіся
Для нашчадкаў на вякі,
І з народам так зліліся,
Сталі нам, як сваякі.
І да самае канчыны,
Колькі меў у сэрцы сіл,
Прысвяціў іх для Айчыны,
Для людзей, якіх любіў!

Сяргей Чыгрын

* * *

У Вязынцы светлай і блізкай
Ля траў і крыніц замру...
З песень Янкі Купалы
Саткана мая Беларусь.

* * *

Купляюць Джэка Лондана,
Стаяць у чарзе па Мапасана,
Гюго, Вальтэра, Дзікенса...
Запаўняюць кніжную паліцу
Творамі Маруа, Флабэра, Твена...
А я кожны дзень перачытваю Купалу —
Я пачынаюся з Купалы.