Сяргей Чыгрын
У ПОШУКАХ СЛОНІМСКІХ СКАРБАЎ
Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Чыгрын, У пошуках слонімскіх скарбаў, Гісторыка-краязнаўчыя, журналісцкія і літаратурныя нататкі. — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2006.
Copyright © 2015 by Kamunikat.org
Ці можа Слонім стаць турыстычным горадам?
Цікава, якое месца ў развіцці турызму займае і можа заняць сёння старажытны беларускі горад Слонім?
Як сказалі ў Слонімскім бюро падарожжаў і экскурсій, горад над Шчарай у найбліжэйшы час абавязкова павінен стаць турыстычным горадам. Хаця сёння людзі, якія прыязджаюць у гэты горад, знаёмяцца толькі з адным маршрутам Слонім—Жыровічы. Вядома, наведваюць яны і раённы краязнаўчы музей, які прымае штогод каля 25 тысяч чалавек…
Некалькі гадоў таму сустрэў у цэнтры Слоніма чалавека сярэдніх гадоў з фотаапаратамі.
— Скажыце, калі ласка, — запытаўся незнаёмец, — як мне знайсці тэатр Агінскага? Я прыехаў з Санкт-Пецярбурга, каб зрабіць здымкі тэатра. Але ў каго ні запытаю — ніхто не ведае.
— Я вас засмучу, але будынак тэатра ў Слоніме не захаваўся, яго знішчылі час, войны і людзі. Толькі захавалася аустэрыя, у ёй цяпер знаходзіцца школьны навучальны вытворчы камбінат, — такі быў мой адказ незнаёмцу.
Госць быў вельмі здзіўлены і нават не паверыў. Прыйшлося яму паказаць, дзе некалі стаяў тэатр і дзе цяпер знаходзіцца аустэрыя. Але чалавеку, які першы раз прыехаў у Слонім, гэтага было мала. Ён столькі чытаў пра тэатр Агінскага, а ўбачыў… пустое месца.
Сапраўды, Слонім сёння ведаюць найперш па тым, што тут некалі быў славуты на ўсю Еўропу тэатр. І турысты з розных куткоў свету хочуць убачыць хоць што-небудзь з таго далёкага часу. Французы, немцы, шведы, японцы ў сваіх краінах такой мажлівасці не ўпусцілі б. А мы — губляем. Чаму б на гары каля будынка хуткай медыцынскай дапамогі на Савецкай вуліцы, дзе знаходзіўся знакаміты тэатр, не ўсталяваць мемарыяльны знак, не зрабіць там музей Агінскіх, а дзе стаянка аўтамабіляў — не адкрыць, напрыклад, рэстаран “У Агінскіх”, дзе маглі б адпачыць турысты ці слонімцы пад славуты паланез “Развітанне з Радзімай”? У музеі прадаваць розныя буклеты, значкі, кнігі на англійскай, польскай і беларускай мовах пра гісторыю тэатра Агінскага. І гэта ўсё за грошы, якія ішлі б у бюджэт горада.
Наогул турыстычнае знаёмства са Слонімам, на маю думку, павінна пачынацца з плошчы Льва Сапегі. Там павінен стаяць яму помнік, а таксама музей, прысвечаны ўсім беларускім Сапегам. Адтуль турысты ехалі б да Агінскіх. Пасля экскурсаводы вялі б іх у сінагогу, пабудаваную ў 1642 годзе. Яе даўно павінны былі рэстаўраваць, а ў самой сінагозе планавалі некалі зрабіць рэспубліканскі музей яўрэйскага мастацтва. Але пакуль там нічога не зроблена, ды і 400-гадовы храм развальваецца.
Пасля сінагогі турысты маглі б наведаць раённы краязнаўчы музей імя Язэпа Стаброўскага, музей беларускай кнігі ў раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа і музей імя А.Жукоўскага ў СШ № 4. І гэтыя наведванні — таксама за грошы.
Пасля знаёмства з цэнтрам Слоніма турыстаў чакаў бы Альбярцін з музеем Пуслоўскіх і паркам, а таксама гасцініцай і рэстаранам. Пасля Альбярціна турысты ехалі б у Жыровічы.
А цяпер можна падлічыць, колькі грошай ад наведвання нашых гістарычных мясцін, музеяў, рэстаранаў, гасцініц, ад продажу сувеніраў засталося б у бюджэце Слоніма. А пасля гэтыя грошы ўкласці ў новыя слонімскія маршруты — у Парэччы ў музей Міхала Валовіча, у Чамяры — у музей знакамітых аднавяскоўцаў, у Мяльканавічы — у музей моладзевага руху на Слонімшчыне ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, у Кракотку — у музей-бібліятэку. Ды і ў гарадскім асабняку 1923 года, што цяпер месціцца на Савецкай вуліцы, зрабіць этнаграфічна-экалагічны музей Слонімшчыны, а людзям, якія там жывуць, даць нармальнае жыллё. На вёсках сёння яшчэ захоўваюцца кросны, старыя ручнікі, дываны, прылады працы, іх тэрмінова неабходна сабраць у адно месца. А гэтым месцам можа быць гарадскі музей-асабняк.
Але ўсяго гэтага сёння няма. Пра такія музеі мы толькі можам марыць. Вядома, трэба на гэта час і фінансы — але час бяжыць, а горад губляе грошы. Вось толькі турысты да нас па-ранешаму едуць. Едуць, каб адчуць эпоху Сапегаў і Агінскіх...
Лёс старажытных слонімскіх скарбаў
Доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс меў рацыю, калі сказаў, што “Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у свеце, краінай-выключэннем, дзе нацыянальных культурных скарбаў, матэрыяльных і духоўных, на радзіме меней, чым за яе межамі. Прычынай таму ваенныя навалы, што хвалямі пракочваліся праз нашу зямлю, і драпежніцкая палітыка суседзяў” (зборнік “100 пытанняў з гісторыі Беларусі”. Мн., 1993. С.73). У гэтым упэўніваўся і я асабіста, калі бачыў, напрыклад, старадаўнія слонімскія зборы ў музеях Польшчы, Швецыі, Літвы, Расіі. У адным з музеяў Вроцлава ўдалося мне знайсці слонімскую паштовую карэту, у Слупску ўбачыў слонімскія гадзіннікі, а ў шведскім горадзе Арэбра — фарфор і фаянс са Слоніма.
Сёння цяжка і нават немагчыма пералічыць усе тыя нацыянальныя багацці, што стагоддзямі вывозіліся толькі, прыкладам, са Слонімскай зямлі ў блізкія і далёкія краіны свету. Найбольш слонімскіх скарбаў знікла падчас розных войнаў, але найбольш — у часе Першай і Другой сусветнай. На захад і ўсход захопніцкім шляхам вывозілі са Слонімшчыны каштоўныя кнігі, рукапісы, карціны, фотаздымкі, дываны, габелены, музычныя інструменты, крыжы і абразы, манеты, медалі, зброя, фарфор, фаянс, розныя вырабы з дрэва, золата, бронзы і срэбра. Шмат разоў рабаваліся слонімскі музей, архівы, Жыровіцкая семінарыя, палац Слізняў у вёсцы Дзевяткавічы, тэатр Агінскага ў Слоніме і палац Пуслоўскіх у Альбярціне. Рабаваліся таксама праваслаўныя, каталіцкія і уніяцкія храмы, мячэці, сінагогі і цэрквы іншых канфесій зямлі Слонімскай.
У красавіку 1613 года пачалося будаўніцтва Жыровіцкага уніяцкага манастыра і царквы, дзе знаходзіўся цудатворны абраз Жыровіцкай Багародзіцы. Ствараў гэты найважнейшы рэлігійны асяродак Язафат Кунцэвіч, а яго фундатарамі былі Ян Мялешка, Даніла Солтан і Рыгор Трызна.
Жыровіцкі абраз прыцягваў сотні тысяч пілігрымаў. А пасля далучэння Беларусі да Расіі Жыровічы адышлі да праваслаўнай царквы. Але на працягу чатырох стагоддзяў Жыровічы рабавалі чужынцы з захаду і з усходу, з поўдня і з поўначы. А рабаваць было што, бо ў манастыры знаходзілася вялікая бібліятэка, архіў і свая друкарня. А ў 1842 годзе біскуп Язэп Сямашка пачаў у Жыровіцкім манастыры спальваць уніяцкія старадрукі. Напачатку кнігамі распальвалі печы, а пасля яны гарэлі ў вогнішчы на пляцы. На працягу 10 гадоў паводле загаду Сямашкі спалілі некалькі тысяч беларускіх уніяцкіх старадрукаў. А тыя, што не згарэлі, укралі і вывезлі ў іншыя дзяржавы.
У архіве Санкт-Пецярбургскага аддзялення Інстытута гісторыі Расійскай акадэміі навук сёння шмат цікавых дакументаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да гісторыі Жыровічаў. У фондзе былога прафесара Жыровіцкай духоўнай семінарыі Пракопа Нілавіча Дабрахотава (Максімава) значацца 2 492 адзінкі захавання збораў на польскай, лацінскай і старабеларускай мовах. Гэтыя сабраныя рарытэты Дабрахотаў вывез з Жыровічаў яшчэ ў 1845 годзе. Найперш гэта дэкрэт Слонімскага земскага суда па справе паміж Іванам Мялешкам і Данілам Солтанам за Жыровічы, 1609 года; выпіс са слонімскіх земскіх кніг запісу Івана Аляксандравіча Солтана аб перадачы маёнтка Жыровічы сваёй жонцы, 20.09.1572 года; пасланне кіеўскага уніяцкага мітрапаліта Антонія Сялявы да Жыровіцкага суперыёра Канстанціна Вітапольскага, 23.06.1653 года; спіс вучняў Жыровіцкай школы XVIII cтагоддзя; зборнік гістарычных звестак пра Жыровіцкі манастыр з апавяданняў і спраў старых людзей, што заслугоўваюць даверу, склаў Антоній Завадскі, 1713 год; кніга найдаўнейшых цудаў абраза Жыровіцкай Маці Божай, XVII cтагоддзя; акт продажу Данілам Солтанам маёнтка Жыровічы з прысёлкамі літоўскаму канцлеру Льву Сапегу, 06.07.1621 года; вопісы Жыровіцкага манастыра — 1753 г., 1778 г., 1785 г., 1800 г. і іншыя. Там захоўваюцца таксама пратаколы Жыровіцкай генеральнай кангрэгацыі айцоў базыльянаў, 1792 года; нумары штодзённага часопіса суперыёраў Жыровіцкага манастыра, 1772–1786 гадоў; заўвагі Паўла Дабрахотава з гісторыі Брацтва пры Жыровіцкім абразе Маці Божай, 1837–1863 гадоў, і дзесяткі іншых каштоўнасцей.
У архіве Санкт-Пецярбургскага аддзялення захоўваюцца і копіі дакументаў пра мястэчка Жыровічы, зборнік гістарычных звестак пра Жыровічы, 1713 года, апісанне Жыровіцкага манастыра ў 1713 годзе, панегірык шведскаму каралю Густаву Адольфу на лацінскай мове, складзены ў Жыровічах, а таксама зборнікі Антонія Завадскага, дзе маецца шмат звестак пра Жыровічы і суседні з Жыровічамі Быцень.
Беларускія літаратуразнаўцы і гісторыкі Адам Мальдзіс і Язэп Янушкевіч выявілі ў аддзеле рукапісаў фонду базыльянскіх манастыроў навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны ў Львове матэрыялы на польскай мове пра апісанне цудаў у Жыровічах 1758 года, апісанне цудаў у манастырскай царкве ў Жыровічах 1620–1756 гадоў. А ў Нацыянальным дзяржаўным гістарычным архіве ў Львове гэтымі навукоўцамі знойдзены звесткі пра гісторыю царквы ў Слоніме, выяўлены кніга ўліку прыхаджан, якія спавядаліся ў царкве ў Жыровічах у 1791–1800 гадах, звесткі пра маёмасць манастыроў у Быцені і ў Жыровічах, матэрыялы базыльянскага манастыра ў Жыровічах, справаздача аб праверцы бібліятэкі Жыровіцкага вучылішча ў XIX стагоддзі, справа аб папаўненні бібліятэкі ў Жыровічах (XIX cт.) і справа пра уніяцкія кнігі, канфіскаваныя ў Жыровічах.
Акрамя як у Жыровічах, рабаваліся храмы розных канфесій і ў Слоніме. Пасля паўстання 1863 года руская царская ўлада пачала закрываць каталіцкія касцёлы. У снежні 1864 года расфармавалі бібліятэку касцёла бернардзінцаў у Слоніме. Рукапісы і многія кнігі касцёла апынуліся ў Віленскай цэнтральнай публічнай бібліятэцы. А касцельная бібліятэка ў Слоніме тады складалася з 2 774 тамоў, пераважна старадрукаў. Поўны каталог кніг за 1798 і 1845 гады на сённяшні дзень захоўваецца ў бібліятэцы Віленскага універсітэта. А ў Кракаве ў архіве айцоў канонікаў рэгулярных лютэранскіх захоўваецца рукапісны (без сігнатуры) каталог бібліятэкі слонімскага кляштара канонікаў лютэранскіх за 1705 год.
Вывезлі ў Львоў і ў Ватыкан увесь уніяцкі архіў з Альбярціна. Сёння ў бібліятэцы Russicuma ў Італіі можна знайсці шмат дакументаў, кніг, фотаздымкаў, поўны збор часопіса “Да Злучэньня” і шэраг іншых матэрыялаў, якія расказваюць пра цэнтр уніяцкага руху ў перыяд міжваеннага дваццацігоддзя (1921–1939 гады) у Альбярціне.
У сярэдзіне XIX стагоддзя ў вёсцы Дзевяткавічы на Слонім-шчыне быў пабудаваны трохпавярховы палац прадстаўнікоў беларускага шляхецкага роду Слізняў у стылі рэтраготыка. На самы вялікі жаль, да сённяшняга часу палац Слізняў не збярогся, зніклі з яго ў невядомых кірунках тысячы каштоўнасцей, якія збіраліся Слізнямі на працягу трох стагоддзяў. Са зброевага пакою палаца знік цэлы арсенал старадаўняй зброі. Са шкляных шафаў прапалі каралеўскія прывілеі, тастаменты, інвентар, сямейная карэспандэнцыя і тысячы розных дакументаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю Мялешкаў і Слізняў. Расцягнулі бібліятэку палаца, дзе знаходзіліся рэдкія старадаўнія выданні, хронікі, радзівілаўская Біблія, кнігі, выдадзеныя ў Рыме, Антверпене, Жэневе, творы французскіх класікаў, паэзія Вергілія і Гарацыя, слоўнікі і энцыклапедыі.
Невядома куды знікла мэбля антычных часоў, партрэты Слізняў і Тышкевічаў, фамільнае сталовае срэбра, фарфор, шкло, персідскія дываны. У жоўтым салоне на адной са сцен палаца вісела вялікае палатно работы Януара Сухадольскага “Напалоханыя коні перад навальніцаю”… Дзе ўсё гэта цяпер?..
Апусцеў у 1914–1944 гадах і палац Пуслоўскіх у Альбярціне. Рабавалі яго бальшавікі і немцы. Сёе-тое Пуслоўскім удалося вывезці ў Вялікабрытанію. Але большая частка альбярцінскіх каштоўнасцей (абсталяванне прадпрыемстваў, калекцыі карцін, бронзавай і мармуровай скульптуры, гравюр і габеленаў, кнігі) паехалі ў Германію і Расію.
Газета “Тыдзень Польскі”, якая выдаецца ў Лондане, змясціла ў 2004 годзе пад рубрыкай “На Крэсах” артыкул “Альбярцін” Р.Міроўскага, дзе падрабязна апісваецца сядзіба Пуслоўскіх у Альбярціне каля Слоніма. Аўтар прыводзіць звесткі пра музейныя, архіўныя і бібліятэчныя каштоўнасці, якія захоўваліся ў мясцовым палацы. “Калекцыя карцін з Альбярціна магла б з поспехам экспанавацца ў многіх еўрапейскіх галерэях”, — сцвярджае аўтар. Тут знаходзіліся эскізы “Галоўкі” Леанарда да Вінчы, “Кентаўра” Рубенса, дзве карціны Пітэра Брэйгеля, некалькі венецыянскіх партрэтаў. З польскіх мастакоў называюцца Шыман Чаховіч, Юліуш Косак, Францішак Жмурка. Апрача таго, у палацы знаходзіліся сямейныя партрэты, выявы каралёў і гетманаў Вялікага княства Літоўскага. На сценах размяшчалася вялікая калекцыя саксонскага і мясцовага фарфору. Бібліятэка магла ганарыцца польскімі і італьянскімі выданнямі XVII стагоддзя, энцыклапедыямі, атласамі і геаграфічнымі мапамі (картамі). У архіве захоўваліся дакументы на пергаміне (некаторыя нават з XV стагоддзя).
Паводле Р. Міроўскага, усе зборы ў час Першай сусветнай вайны, калі пачалося нямецкае наступленне, вывезлі з Альбярціна ў Маскву. На гэтым іх сляды губляюцца.
Згубіліся сляды і каштоўнасцей, вывезеных з палаца Льва Сапегі, а пасля з тэатра Міхала Казіміра Агінскага са Слоніма. Вывозіліся найперш музычныя інструменты, карціны, нотныя сшыткі, кнігі, касцюмы спачатку ў Польшчу, а пасля ў Расію.
Рабаваўся Слонім і ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Міхась Скобла ў сваёй кнізе “Дзярэчынскі дыярыюш” піша: “У сьпісе сканфіскаванай зброі, якую перад адпраўкай у Пецярбург часова зьберагалі ў памяшканьні Слонімскага земскага суда, знаходзім дваццаць адно найменьне: штурмакі турэцкія й ангельскія, стрэльбы звычайныя й духавыя, пісталеты ангельскія й шаблі вугорскія, меч абасечны ў скураных похвах і нават спраўны лук” (Міхась Скобла. Дзярэчынскі дыярыюш. Мн., 1999. С.74).
Знікалі каштоўнасці са Слоніма і ў ХХ стагоддзі. Але былі ў нашым старажытным горадзе людзі, якія іх і зберагалі ад рабаўнікоў. Гэта краязнавец, гісторык і археолаг Язэп Стаброўскі. Дзякуючы яму, у верасні 1929 года на аснове ўласных археалагічных, нумізматычных, этнаграфічных і бібліяфільскіх калекцый Язэп Стаброўскі адкрыў у Слоніме краязнаўчы музей. У музеі налічваліся сотні найкаштоўнейшых экспанатаў, якія Язэп Стаброўскі збіраў усё жыццё. А пасля іх, якія змог, аберагаў ад польскіх, нямецкіх і савецкіх рабаўнікоў.
…Гітлераўскі афіцэр зайшоў у музей у той самы момант, калі Язэп Язэпавіч здымаў са сцяны адну з рэдкіх карцін Верашчагіна. Фашыст насмешліва тыцнуў пальцам у жывот сівому чалавеку і сказаў: “Рус гэта не разумель… Верашчагін месца ў Дрэздэн…”
Стаброўскі паказаў фашысту фігуру з трох пальцаў… Пасля гэтага толькі праз два дні Язэп Язэпавіч ачуняў. Цудам ён пазбег смерці.
Другім прыкладам смеласці гэтага чалавека могуць служыць радкі з газеты “Савецкая Беларусь” за 1944 год (№141): “Калі ў Слонім уварваліся гітлераўцы, перад Язэпам Стаброўскім паўстала пытанне — што рабіць з экспанатамі? Акупанты могуць знішчыць усё, чаму аддадзена столькі гадоў жыцця… Трэба схаваць экспанаты. Але куды? Закапаць у зямлю — сапсуюцца… І ўсё ж дарагія экспанаты былі схаваны ў закрытыя шафы… Шафы Язэп Язэпавіч засунуў у далёкі кут пакоя і закідаў рыззём. Аднойчы ён выйшаў на гарадскую плошчу. У гэты час немцы прывезлі на грузавіках і скінулі на брук тысячы кніг. “Спаліць!” — загадаў камендант. Уначы, не адчуваючы стомы, Стаброўскі цягаў мяшкамі кнігі дадому. Тады яму ўдалося схаваць у надзейным месцы тысячы тамоў, якія пазней перадалі раённай бібліятэцы”.
На жаль, большая частка каштоўных экспанатаў, сабраных Язэпам Стаброўскім, бясследна знікла. У аўтара гэтых радкоў у хатнім архіве захоўваецца акт ад 30 верасня 1944 года, у якім пералічаны разрабаваныя падчас нямецка-фашысцкай акупацыі каштоўнасці. На працягу чатырох гадоў са слонімскага музея зніклі:
1. Шахматная дошка з дзвюх палавінак з чорнага дрэва і слановай косці гетмана Льва Сапегі (XVI cт.).
2. Англійскі гадзіннікавы механізм без аправы (XVII cт.).
3. Нападлогавы гадзіннік XVIII ст.
4. Вялікі круглы срэбны англійскі гадзіннік у трайным срэбным куверце са срэбным ланцужком (XVIII ст.).
5. Бронзавы медаль з выяваю Хрыста.
6. Статуэтка з дрэва вялебнага Ніла Сорскага.
7. Пудзілы птушак і звяроў.
8. Калекцыі манет розных дзяржаў з пачатку першага стагоддзя. У тым ліку паўкілаграма срэбных манет.
9. Беларускія народныя касцюмы, бялізна, дываны, паясы, абсталяванне беларускай хаткі і г.д.
10. Серыя срэбных, бронзавых і пазалочаных значкоў, медалёў, крыжыкаў, ордэнаў розных дзяржаў.
11. Сем партрэтаў і дваццаць тры карціны (масла) на палатне ў пазалочаных рамах галандскіх, рускіх і польскіх мастакоў XVI cтагоддзя.
12. 514 кніг старых выданняў на рускай, польскай, лацінскай, французскай, беларускай, шведскай, нямецкай і іншых мовах.
13. Сімфаньета — музычная скрынка з жалезнымі пласцінкамі IX стагоддзя.
14. Старадаўні фарфоравы і срэбны посуд і крыштальныя келіхі XVII стагоддзя, якімі карысталіся царскія, княскія, графскія і іншыя вяльможы.
15. Камплект грамафонных пласцінак з дакладам Сталіна аб праекце Канстытуцыі СССР.
16. Срэбны медаль-манета 138 года да нашай эры з надпісам на старажытна-яўрэйскай мове часоў Сімона Макавея.
17. Рознакаляровы пояс з конскіх валасоў, які выткаў на працягу шасці гадоў палітасуджаны польскай турмы М.Галаўко.
18. Бронзавы абразок з выяваю распятага Хрыста (XVI ст.).
19. 18 штук вырабаў з мастацкай фініфці растоўскай работы Назарава.
20. Каўказскі “кубінскі” дыван памерам 4 х 1,3 м і вагою 24 кг.
21. Старадаўнія скрыпка і патэфон.
22. 200 пласцінак з галасамі вядомых рускіх, італьянскіх, французскіх, польскіх, яўрэйскіх і іншых спевакоў.
23. 372 кнігі рускіх класікаў і акадэмічныя выданні ў скураных пераплётах.
24. Навуковыя працы Язэпа Стаброўскага: калекцыя фотаздымкаў курганоў, альбом з малюнкамі (каля 3 000 штук), рукапісныя сшыткі па археалогіі, якія пісаліся і збіраліся на працягу 52 гадоў.
25. Венскі мікраскоп Рэйхерта з двума аб’ектывамі ў паліраванай скрынцы з чырвонага дрэва і з калекцыяй прэпаратаў да яго.
26. Фотаапарат з чырвонага дрэва з аб’ектывам, імгненным затворам, памерам 18х24 см, у футляры.
27. Камплект інструментаў цяслярскіх і сталярскіх.
28. 7 венскіх крэслаў з гнутага ясеню.
29. Канапа двайная са сценкамі.
30. Столік ясянёвы паліраваны.
31. Дубовы пісьмовы стол з дзвюма тумбачкамі.
32. 5 шкляных шафаў у ясянёвых аправах.
33. 14 княскіх і графскіх пячатак з XVII ст.
34. Амулет егіпецкі.
35. Пісьмовы старадаўні прыбор з белага мармуру з бронзаю.
36. Старадаўняя настольная лямпа з фарфоравым абажурам.
Акрамя вышэйпералічаных каштоўнасцей, немцы вывезлі 180 карцін слонімскага мастака Антона Карніцкага, разрабавалі фотамайстэрню Юзэфа Шыманчыка, хату-музей Гальяша Леўчыка. З фотамайстэрні зніклі сотні негатываў і рэдкіх фотаздымкаў. З хаткі Леўчыка прапалі каштоўныя газеты, часопісы, кнігі, фотаздымкі, пісьмы, паштоўкі, рэлігійныя выданні, карціны беларускіх мастакоў, музычныя інструменты. Ды і саму гістарычную хатку знішчылі ў 60-х гадах мінулага стагоддзя. Вялікая слонімская калекцыя старажытнасцей Гальяша Леўчыка бясследна прапала і з варшаўскай кватэры, якая знаходзілася ў доме №50 на Кашыковай вуліцы.
Паціху знікалі каштоўнасці са Слоніма і ў пасляваенны час. Вось адзін невялікі прыклад, звязаны ўсё з тым жа Язэпам Стаброўскім.
...У 1812 годзе, калі адступала французская армія, у дом бабулі Стаброўскага забег паранены французскі афіцэр і папрасіў дапамогі. У знак падзякі ён падараваў мапу (карту) заходніх раёнаў Расійскай імперыі з пазначанымі мясцінамі, дзе французы захавалі нарабаваныя каштоўнасці. На жаль, да раніцы вайсковец напалеонаўскай арміі не дажыў. Стаброўскія яго пахавалі, а мапа засталася ім. Гэтую мапу бабуля Стаброўскага перадала сваёй дачцэ, а тая перад смерцю — свайму сыну Язэпу. Язэп Стаброўскі вельмі яе шанаваў і зберагаў.
Аднойчы ў 60-х гадах мінулага стагоддзя музей у Слоніме наведаў нехта Л.Аляксееў — супрацоўнік Інстытута археалогіі АН СССР. І Стаброўскі паказаў яму гэтую сямейную рэліквію. Аляксееву яна адразу кінулася ў вочы. Але Стаброўскі мапу нікому не даваў. Тады Аляксееў пачаў наведвацца ў Слонім часцей, пакуль не выманіў у Язэпа Язэпавіча на невялікі тэрмін гэтую каштоўнасць нібыта для навуковых даследаванняў. З той пары няма ні Аляксеева, ні мапы. Стаброўскі некалькі разоў пісаў у Інстытут археалогіі, тэлефанаваў, але нічога не дабіўся — мапа знікла назаўсёды. І такіх прыкладаў можна прывесці вельмі шмат.
Сёння таксама са Слонімшчыны вывозяцца каштоўнасці, найперш з прыватных хатніх архіваў і калекцый. Людзі вязуць іх у Польшчу, Германію і ў Расію. Там прадаюць і дамоў вяртаюцца з грашыма. А грошы ідуць на жыццё ці на вучобу дзяцей і ўнукаў. Таму цяжка цяпер паверыць, што некалі нашая Бацькаўшчына і яе народ стануць жыць заможна, а ўкрадзеныя і вывезеныя ва ўсе канцы свету каштоўнасці пачнуць вяртацца ў Беларусь, і ў прыватнасці на Слонімшчыну.
Прайду па Ламаносава, збочу на Мічурына…
Слонім шмат перацярпеў на сваім вяку. Знішчаўся, гарэў і аднаўляўся. Адбудоўваў яго народ, які любіў сваю зямлю і свой горад, а таксама яго гісторыю. Так было заўсёды і так будзе. Бо ў тым родным краі, дзе нарадзіўся, дзе вучыўся, дзе прайшлі маленства і юнацтва, дзе кожны камень дарагі, кожная вуліца, завулак, помнік, шыльда, — жылі нашы дзяды і прадзеды, якія не менш за нас любілі і бераглі свой куток. І тым больш западае ў сэрца ўсё тое, што звязана наогул з гісторыяй Бацькаўшчыны. Ды і гісторыя Слоніма, дзе мы жывем, ёсць паўсюдна, яна побач: у помніках, у музеях, у назвах вуліц, завулкаў і плошчаў і, нарэшце, у нас з вамі, у нашых сэрцах. І ад таго, як мы адносімся да мінулага, залежыць, якое стаўленне да яго будзе ў нашых дзяцей, унукаў і праўнукаў. Без мінулага, як вядома, няма будучыні. Пра гісторыю нашага старажытнага горада можна пісаць бясконца. Пра адны толькі вуліцы Слоніма, пра іх з’яўленне, знішчэнне, перайменаванне і адраджэнне можна выдаць добрую манаграфію. Бо вуліцы Слоніма — гэта ягонае аблічча. Яны павінны і адпавядаць свайму часу, і захоўваць гістарычнае аблічча горада. На вялікі жаль, сёння не адпавядаюць часу многія назвы вуліц Слоніма, якія абыякава пераймяноўваліся, а таксама мянялі свой выгляд. Да сённяшняга часу няма ў старажытным горадзе над Шчарай вуліцы, якая б стала візітнай карткай Слоніма, як, напрыклад, Брадвей, Пікадзілі, Неўскі праспект, Арбат і г.д. Многія могуць падумаць: ну і параўнаў — Брадвей з Першамайскай у Слоніме. А чаму б і не? Няхай бы і ў нас быў свой маленькі Арбат у цэнтры горада — з фантанамі, прыгожымі чыстымі кафэ, барамі, рэстаранамі, з культурным абслугоўваннем, з музыкай Міхала Агінскага. І не гойсалі б даламаныя машыны праз гістарычны цэнтр горада, а аб’язджалі б яго. Інакш мы хутка знішчым і тое, што пакуль уцалела і захавалася ад войнаў і бальшавікоў. Быў час, калі творчая інтэлігенцыя Слонімшчыны моцна спрачалася наконт перайменавання гістарычных назваў нашых вуліц. Некаторыя назвы вуліц у канцы 1990-х гадоў удалося выратаваць ад мясцовага манкурцтва. Вуліцы Ружанскай вярнулі яе гістарычную назву пасля Патрыса Лумумбы — афрыканскага негра. Вуліца Энгельса стала, як і 70 гадоў таму, называцца Опернай. Плошчы Горкага надалі імя славутага слонімскага старосты Льва Сапегі. Першы праспект у Слоніме стаў называцца праспектам Незалежнасці. А новая вуліца побач з гэтым праспектам стала насіць імя Францішка Скарыны. Хоць і не поўнасцю, але ўдалося вярнуць старую назву Студэнцкай вуліцы (палова ранейшай Студэнцкай вуліцы цяпер носіць імя Хлюпіна — палкоўніка, які ў гады вайны загінуў у танку каля Слоніма). Але многіх гістарычных назваў вуліц Слоніма так вярнуць і не ўдалося. Найперш тых, якія ў 50–80-х гадах мясцовымі камуністамі па-нахабнаму пераймяноўваліся. З’явіліся плошча Леніна, вуліцы К. Маркса, М. Тарэза, Войкава, Камуністычная, Савецкая, Камсамольская і г.д. Вось якія назвы плошчаў, вуліц і завулкаў (паводле гісторыка Васіля Супруна) былі ў Слоніме ў 1933 годзе.
Вуліцы: Абозная, бульвар Агінскага, Агародная, Акцызная, Андрэеўская, Альбярцінская, Баранавіцкая, Берагавая, Бернардзінская, Бэма, Бэрка Ёселевіча, Глухая, Гранічная, Грыбаўская, Гандлёвая, Пляц Вольнасці, Віленская, Выганавая, Вясёлая, Доўгая, Жабінка, Жвіркі і Вігуры, Жыровіцкая, Жыромская, Загарадная, Замкавая, Зялёная, Касцельная, Касцюшкі, 11-га Лістапада, пляц Сапегі, Каляёвая, Магістрацкая, Манапольная, 3-га Мая, Маставая, Міцкевіча, Нарушэвіча, Оперная, Палявая, Папярэчная, князя Панятоўскага, Правіянтовая, Пераскок, маршалка Пілсудскага, Рыбацкая, Рэзкі, Сельская, Сенная, Славацкага, Студэнцкая, Сянкевіча, Татарская, Турэмная, Уланская, Школьная, Школьны двор, Шасэйная, Астатняя, Падгорная, плошча Гандлёвая, Ружанская.
Завулкі: Андрэеўскі, Аптэчны, Багажны, Вузкі, Выганавы, Зялёны, Ганчарны, Драўляны, Кароткі, Кашаровы, Кафлёвы, Круты, Крывы, Бляхарскі, Малы, 3-га Мая, Мяшчанскі, Міхайлоўскі, Палявы, Новы, князя Панятоўскага, Ружанскі, Рэзніцкі, Слясарскі, Татарскі, Турэмны, Цесны, Школьны, Чыгуначны. А цяпер давайце адсочым, як у пасляваенны час у Слоніме пераймяноўваліся вуліцы, плошчы і завулкі пачынаючы з 1950-х гадоў. Альбярцінская вуліца стала вуліцай Гагарына, Жабінка — П. Марозава, Доўгая — Касманаўтаў, Глухая — Калініна, Абозавая — Астроўскага, Славацкага і Мангольская — Мічурына, Правіянтовая — Вясёлая, Ліпавая — Мірошніка, Скубішоўка — Катоўскага, Малы завулак — 8-га Сакавіка, Падгорная — Сінічкіна, Жыровіцкая — Марыса Тарэза, Завулак Міра — завулак Дастаеўскага, Бернардзінская — Банкавая — В. Крайняга, Крывы завулак — Камуністычная, Шырокая — Гнідаша, Міхайлаўскі завулак — Някрасава, Гандлёвая плошча — плошча Леніна, Жыромская — Даватара, Рэзкі — завулак Уз’яднання, Галоўная — Карбышава, Школьны двор — Савецкая, Анурсеўская —3-га Мая — Чырвонаармейская, Рыбацкая і Мокры завулак — К. Давідзюк, Замкавая — Камсамольская, Татарская — Кірава і г.д. Гэтымі савецка-камуністычнымі назвамі парушылася славутая гісторыя вуліц нашага старажытнага горада. З сённяшніх назваў нам здаецца, што гісторыя слонімскіх вуліц пачынаецца не раней як з 1945 года. Але гэта далёка не так. Яшчэ ў 1857 годзе ў Слоніме налічвалася 14 вуліц, у тым ліку 10 брукаваных, і дзве плошчы без назваў. Найбольш добраўпарадкаванымі былі Рынкавая, Маставая, Панасоўская, Ружанская, Жыровіцкая, Бернардзінская, Замкавая, Рыбацкая і Татарская вуліцы. Дарэчы, Татарская вуліца ў Слоніме існуе з 1717 года, а ў 1952 годзе яе перайменавалі ў вуліцу Кірава. У 1890 годзе ў Слоніме ўжо было 35 вуліц. Напрыклад, вуліца Агінскага існавала яшчэ ў другой палове XVIII стагоддзя. А вось Вакзальная вуліца з’явілася ў Слоніме ў 1886 годзе. Але, бадай, адной з самых старажытных вуліц у нашым горадзе лічыцца вуліца Васі Крайняга (першапачаткова яна называлася Спаскай, пасля Бернардзінскай, потым Банкаўскай). Вуліца існавала ўжо ў XVII стагоддзі. Калгасная вуліца мела некалі назву Французскі тракт (XIX ст.), а вуліца Пушкіна вядзе свой пачатак таксама з XVII стагоддзя як Панасоўская вуліца. У сярэдзіне 1930-х гадоў у Слоніме налічвалася ўжо 65 вуліц, 32 завулкі і 3 плошчы. Лёс многіх вуліц быў трагічны. Але вуліцы, як і людзі, — адны паміраюць, іншыя нараджаюцца. Сёння ў Слоніме налічваецца больш за 200 вуліц, завулкаў і плошчаў. Ёсць адзін праспект. Вядома, у наш час можна доўга дыскутаваць на тэму, наколькі апраўданы былі ўсе ранейшыя перайменаванні і якія назвы найлепшыя — гістарычныя ці тыя, якія ўжо ёсць. А маладое пакаленне слонімцаў нават і не ведае, кім быў той чалавек, імем якога названа тая ці іншая слонімская вуліца, і што ён зрабіў для роднага горада. Таму паспрабуем коратка расказаць пра людзей, імёнамі якіх названы вуліцы Слоніма.
Міхал Казімір Агінскі
(1730–1800)
Дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, пісьменнік, мецэнат. Жыў у Слоніме, дзе пабудаваў некалькі прамысловых прадпрыемстваў, друкарню, стварыў тэатр і капэлу, балетную і музычную школы.
Мікалай Астроўскі (1904–1936), Мікалай Гогаль (1809–1852), Максім Горкі (1868–1936), Фёдар Дастаеўскі (1821–1881), Уладзімір Маякоўскі (1893–1930), Міхаіл Лермантаў (1814–1841), Мікалай Някрасаў (1821–1878), Аляксандр Пушкін (1799–1837), Леў Талстой (1828–1910) — рускія пісьменнікі. Ніякага дачынення да Слоніма яны не маюць.
Міхаіл Анішчык
(1905–1973)
Нарадзіўся ў Івацэвіцкім раёне. У 1929 годзе з’яўляўся сакратаром Слонімскага акруговага камітэта КСМЗБ. У гады вайны быў адным з кіраўнікоў партызанскага падполля і партызанскага руху ў былой Баранавіцкай вобласці. Пасля вайны працаваў на партыйнай рабоце. У 1955–63 гадах з’яўляўся дэпутатам ВС БССР.
Максім Багдановіч
(1891–1917)
Нарадзіўся ў Мінску. Класік беларускай літаратуры. Творчасць яго прасякнута пафасам патрыятычнага служэння сацыяльнаму і нацыянальнаму вызваленню беларускага народа.
Канстанцін Заслонаў
(1910–1942)
Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў камуністычнага падполля і партызанскага руху ў гады вайны на Віцебшчыне. Герой Савецкага Саюза. Да Слоніма ніякіх дачыненняў не мае.
Уладзімір Бялько
(1911–1933)
Нарадзіўся ў вёсцы Мяльканавічы. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. У канцы 20–30-х гадоў змагаўся на Слонімшчыне за адкрыццё беларускіх школ. Выдаваў газету “Піянер”. Закатаваны польскай паліцыяй у касцянёўскім пастарунку.
Францішак Багушэвіч
(1840–1900)
Нарадзіўся на Віленшчыне. Класік беларускай літаратуры. Рэвалюцыйны дэмакрат, адзін з пачынальнікаў крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры, будзіцель гістарычнай і нацыянальнай свядомасці беларускага народа.
Мікалай Вінаградаў
(1898–1977)
Рускі вайсковец. У гады вайны вызваляў Слонім ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Пётр Войкаў
(1888–1927)
Рускі рэвалюцыянер і палач. Прымаў удзел у забойстве былога імператара царскай Расіі Мікалая II Раманава і яго сям’і. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае.
Пётр Баграціён
(1765–1812)
Нарадзіўся ў Дагестане. Рускі генерал ад інфантэрыі, герой Айчыннай вайны 1812 года. Ніякага дачынення да Слоніма не мае.
Юрый Гагарын
(1934–1968)
Першы ў свеце касманаўт. Ніякага дачынення да Слоніма не мае.
Мікалай Гастэла
(1907–1941)
Рускі вайсковец. Герой Савецкага Саюза. Ніякага дачынення да Слоніма не мае.
Кузьма Гнідаш (Гнедаш)
(1914–1944)
Рускі вайсковец. У 1944 годзе ля Слоніма, каб не трапіць да немцаў у палон, узарваў сябе гранатай.
Іван Дабрыян
(1913–1970)
Нарадзіўся ў вёсцы Какошчыцы Слонімскага раёна. Быў сакратаром Слонімскага райкама КПЗБ, сакратаром Навагрудскага акруговага камітэта камсамола. У гады вайны — арганізатар партызанскага руху на Слонімшчыне. Пасля вайны ўзначальваў калгас імя Леніна, быў старшынёй Слонімскага райвыканкама.
Леў Даватар
(1903–1941)
Нарадзіўся на Віцебшчыне. Герой Савецкага Саюза. Да Слоніма ніякага дачынення не мае.
Клара Давідзюк
(1924–1944)
Маскоўская камсамолка. У гады вайны была радысткай, каля Слоніма ўзарвала сябе гранатай.
Фелікс Дзяржынскі
(1877–1926)
Савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч. Адзін з арганізатараў “чырвонага тэрору” і ініцыятараў стварэння сталінскіх лагераў. Ніякага дачынення да Слоніма не мае.
Міхаіл Калінін
(1875–1946)
Расійскі рэвалюцыянер, савецкі дзяржаўны дзеяч. Да Беларусі і Слоніма ніякіх дачыненняў не мае.
Дзмітрый Карбышаў
(1880–1945)
Рускі вайсковец. Герой Савецкага Саюза. Да Слоніма ніякіх дачыненняў не мае.
Сяргей Кіраў
(1886–1934)
Дзеяч камуністычнай партыі і савецкай дзяржавы. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае.
Якуб Колас
(1882–1956)
Народны пісьменнік Беларусі, лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій. Класік беларускай літаратуры.
Юрый Кавалеўскі
(1906–1936)
Нарадзіўся ў вёсцы Шылавічы. Актыўны беларускі дзеяч на Слонімшчыне ў 20–30-х гадах мінулага стагоддзя. Узначальваў Слонімскі акруговы камітэт камсамола.
Леў Сапега
(1557–1633)
Беларускі дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, слонімскі староста. Адзін з самых адукаваных людзей свайго часу, які спрыяў культуры і прамысловасці Слоніма, яго палітычнай значнасці.
Сяргей Каралёў
(1907–1966)
Савецкі вучоны і канструктар у галіне ракетабудавання і касманаўтыкі. Да Беларусі і Слоніма ніякага дачынення не мае.
Сяргей Лазо
(1894–1920)
Удзельнік Грамадзянскай вайны ў Сібіры і ў Прымор’і Расіі. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не меў.
Ганна Кароль
(1902–1948)
Нарадзілася ў вёсцы Чамяры. Прымала актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху ў Заходняй Беларусі. Была дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Валерыян Куйбышаў
(1888–1935)
Удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Расіі, савецкі дзяржаўны дзеяч. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае.
Янка Купала
(1882–1942)
Народны пісьменнік Беларусі. Класік беларускай літаратуры. У 1939 годзе быў у Слоніме, сябраваў з многімі слонімскімі пісьменнікамі.
Рыгор Катоўскі
(1881–1925)
Савецкі военачальнік. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае.
Міхаіл Кутузаў
(1745–1813)
Расійскі палкаводзец, дыпламат, ген-фельдмаршал. Ніякага дачынення да Слоніма не мае.
Васіль Крайні
(1929–1944)
Нарадзіўся ў вёсцы Сяргеевічы. Піянер-герой, партызан.
Уладзімір Ульянаў (Ленін)
(1870–1924)
Заснавальнік камуністычнай партыі ў Расіі і савецкай дзяржавы. Ніякага дачынення да Слоніма не мае.
Яўген Леашэня
(1900–1981)
Нарадзіўся ў Альбярціне. Беларускі вайсковец, краязнавец. Генерал-лейтэнант інжынерных войск.
Міхаіл Ламаносаў
(1711–1765)
Рускі вучоны-прыродазнавец, паэт, мастак, гісторык. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае.
Карл Маркс
(1818–1883)
Мысляр, грамадскі дзеяч, рэвалюцыянер, заснавальнік марксізму. Ніякага дачынення да Слоніма не мае.
Дзмітрый Мендзялееў
(1834–1907)
Расійскі вучоны, член-карэспандэнт Пецярбургскай АН. Ніякага дачынення да Слоніма не мае.
Мікалай Мірошнік
(1925–1944)
Яфрэйтар з Харкаўшчыны. У гады вайны пры вызваленні Слоніма закрыў сабою варожы дот.
Адам Міцкевіч
(1798–1855)
Класік польскай і беларускай літаратуры, грамадскі дзеяч, публіцыст.
Валерый Чкалаў
(1904–1938)
Рускі лётчык-выпрабавальнік, Герой Савецкага Саюза. Да Беларусі і Слоніма ніякага дачынення не мае.
Мікалай Шчорс
(1895–1919)
Герой грамадзянскай вайны на Украіне. Ніякага дачынення да Слоніма не мае.
Вера Харужая
(1903–1942)
Дзяячка рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, публіцыстка, партызанка, арганізатар камуністычнага падполля ў гады вайны ў Віцебску. Да Слоніма ніякага дачынення не мае.
Іван Мічурын
(1855–1935)
Расійскі селекцыянер-практык і раслінавод. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае.
Аляксандр Сувораў
(1730–1800)
Расійскі палкаводзец. Кат беларускага і польскага народаў. Ніякага станоўчага дачынення да Слоніма і Беларусі не мае.
Іса Пліеў
(1903–1979)
Рускі вайсковец, двойчы Герой Савецкага Саюза. У гады вайны вызваляў Слонім.
Францішак Скарына
(1490–1551)
Вялікі беларускі асветнік-гуманіст, першадрукар, грамадскі дзеяч, вучоны-медык, пісьменнік.
Фёдар Сінічкін
(1901–1962)
Рускі вайсковец. Герой Савецкага Саюза. Працаваў старшынёю Слонімскага гарвыканкама.
Валянцін Таўлай
(1914–1947)
Беларускі пісьменнік. Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі на Слонімшчыне.
Марыс Тарэз
(1900–1964)
Дзеяч міжнароднага камуністычнага і рабочага руху. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае.
Уладзімір Яршоў
(1906–1979)
Рускі вайсковец. У гады вайны вызваляў Слонім.
Іван Тутарынаў
(1904–1978)
Рускі вайсковец. У 1944 годзе вызваляў Слонім.
Канстанцін Цыялкоўскі
(1857–1935)
Расійскі вучоны і вынаходнік у галіне аэрадынамікі і ракетнай тэхнікі. Да Слоніма ніякага дачынення не мае.
Паўлік Марозаў
(1918–1932)
Старшыня піянерскага атрада ў Свярдлоўскай губерні Расіі, данёс уладам на свайго бацьку-“кулака”. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае.
Іван Чарняхоўскі
(1906–1945)
Савецкі ваенны дзеяч, двойчы Герой Савецкага Саюза. Да Слоніма ніякага дачынення не мае.
Ёсць яшчэ вуліцы ў Слоніме, якія носяць імёны Галаўскога, Плятніцкага, Чапаева, якія ніякіх адносін да гісторыі нашага горада не маюць. Адна з крайніх вуліц Слоніма носіць імя Васіля Пеляніцына, які ў свой час быў старшынёю Слонімскага гарвыканкама, трымаў у горадзе парадак і дысцыпліну, яго вельмі паважалі гараджане. А цяпер, шаноўныя землякі, давайце падлічым, колькі выпадковых людзей трапіла ў гісторыю нашых вуліц. І за што ім ад нас такая пашана і памяць? У іх ёсць свае радзімы, і няхай іх там ушаноўваюць. А гонар і традыцыі нашых продкаў на Слонімшчыне павінны абараняць мы, нашчадкі. Іншая справа, што гэта ў нас не робіцца. На абыякавасць, бязграматнасць і бяспамяцтва захварэлі тыя чыноўнікі, якія непасрэдна адказваюць за гістарычнае аблічча нашых вуліц і плошчаў. Ды і бяздумна таптаць гісторыю горада над Шчарай нельга. Да сённяшняга часу ў Слоніме няма вуліц, якія б насілі імёны нашых самых слынных землякоў: гісторыка, археолага, краязнаўца Язэпа Стаброўскага, дактароў медыцынскіх навук Андрэя Пракапчука і Венцаслава Пелікана, доктара філалагічных навук Канстанціна Пушкарэвіча, братоў Уладзіміра і Яўгена Хлябцэвічаў, пісьменнікаў Гальяша Леўчыка, Сяргея Дарожнага, Анатоля Іверса, Якуба Міско, Кандрата Лейкі, Рудольфа Пастухова, доктара гістарычных навук Міхаіла Міско, мастака Антона Карніцкага, кампазітара Міхала Агінскага, маршалка Войцеха Пуслоўскага, рэлігійных дзеячаў Лукаша Дзекуць-Малея, Хведара Данілюка, кіраўніка паўстання 1833 года Міхала Валовіча, палітыка Максіма Бурсевіча, кампазітара і музыканта Антона Валынчыка, краязнаўца і гісторыка Аляксандра Жукоўскага, рэжысёра Мікалая Варвашэвіча і многіх іншых нашых землякоў. Божа ж мой, дык мы нічога не зрабілі, каб ушанаваць памяць пра нашых знакамітых слонімскіх людзей! Хто ж пра іх калі-небудзь успомніць, як не мы?..
2004
Слонімская фалерыстыка
Фалерыстыка, як гістарычная дысцыпліна мае два значэнні. Па-першае, яна вывучае гісторыю ордэнаў, медалёў і іншых знакаў адрознення. Па-другое, фалерыстыка — гэта калекцыяніраванне значкоў і розных нагрудных знакаў.
У калекцыях слонімскіх фалерыстаў ёсць таксама значкі, прысвечаныя Слоніму, яго прадпрыемствам і памятным датам. Самым першым, які выйшаў пасля 1945 года, быў значок, прысвечаны 25-годдзю вызвалення Слоніма ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На ім адлюстраваны помнік загінуўшым воінам, які знаходзіцца на вуліцы Пушкіна.
Выпушчана ў свет і некалькі значкоў з выявамі гербаў Слоніма. Гэтыя гербы выклікаюць у гісторыкаў і калекцыянераў неадназначныя адносіны. Напрыклад, быў выпушчаны значок, на якім адлюстраваны герб Слоніма, зацверджаны 6 красавіка 1845 года, у той час, калі наш горад уваходзіў у склад Расійскай імперыі. Гэты герб уяўляў сабой шчыт, які падзелены на дзве палавіны: у верхняй змешчаны зубр, як эмблема тагачаснай Гродзенскай губерні, а ў ніжняй палавіне на блакітным полі — два скрыжаваныя мячы, паміж якімі стаіць дата — 1275. У гэтым годзе князі галіцка-уладзімірскія адваявалі Слонім у Літвы. А калі дакладней, у літвінаў (беларусаў).
Вялікую цікавасць у слонімскіх фалерыстаў выклікаюць значкі з гербам Льва Сапегі. Гэты герб па хадайніцтву слонімскага старосты Сапегі быў дадзены каралём Жыгімонтам III 4 студзеня 1591 года. Да сённяшняга дня ён з’яўляецца гербам Слоніма і нядаўна афіцыйна быў зацверджаны райвыканкамам. Усяго выйшла два такіх значкі. На адным з іх — леў, на другім — леў і дата — 1252, якая сведчыць аб першым упамінанні горада ў Іпацьеўскім летапісе.
У 70-90-х гадах прадпрыемствы Слоніма адзначалі свае юбілеі. І да гэтых датаў памятныя юбілейныя значкі і медалі выпусцілі камвольна-прадзільная фабрыка, фабрыка “Тэкстыльшчык”, кардонна-папяровы завод, мэблевая фабрыка і іншыя. Найбольш арыгінальнымі і прыгожымі былі медаль Слонімскага лясгаса і значок Слонімскай фабрыкі мастацкіх вырабаў да 50-годдзя іх утварэння. Яны выйшлі на беларускай мове з элементамі беларускай нацыянальнай гістарычнай сімволікі.
Меў свой значок і Жыровіцкі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі. На ім адлюстраваны герб тэхнікума, літары “ЖТМСХ”, зорачка і тэкст: “БССР, основан 1945”.
Дзякуючы слонімскаму гісторыку Аляксандру Жукоўскаму, быў выпушчаны значок, прысвечаны народнаму музею мясцовай СШ №4.
Зусім нядаўна пабачыў свет значок, прысвечаны Жыровіцкім святыням.
Як бачыце, не вельмі багатая фалерыстыка слонімскай тэматыкі. Тым не менш, значкі такія ёсць, і гэта ўжо наша гісторыя.
1999
Патушаныя фантаны
Кожны горад мае сваю адметнасць. Адны гарады запамінаюцца надоўга сваімі архітэктурнымі помнікамі, другія — чысцінёй вуліц і плошчаў, кветкамі і зялёнымі дрэвамі, а іншыя — разнастайнымі фантанамі.
Санкт-Пецярбург заўсёды сла¬віўся і славіцца вялікай колькасцю арыгінальных фантанаў, без якіх паўночная сталіца Расіі была б не такой прывабнай, як з імі. А ў Швецыі, напрыклад, кожны горад і правінцыйны гарадок мае па некалькі дзесяткаў розных фантанаў і фантанчыкаў. Гэтым яны і запамінаюцца турыстам і тым, хто проста там пабывае.
Не такія ўжо бедныя на фантаны і беларускія гарады. Адзін з першых фантанаў з’явіўся ў Мінску ў 1874 годзе ў скверыку каля Акадэмічнага Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы. Маюць свае фантаны і раённыя цэнтры, нават пасёлкі. Ёсць фантаны і ў Шклове, хаця пра такі беларускі ўсходні гарадок мала хто калі чуў. Жыхары Магілёўшчыны і Гомельшчыны ў савецкі час ведалі Шклоў хіба што па агурках. Там, у цяпліцах, шклаўчане раней за ўсіх вырошчвалі агуркі і гандлявалі імі ва ўсходніх раёнах Беларусі. Ну, а цяпер мы ведаем Шклоў па тым, што адтуль родам Аляксандр Лукашэнка. І ці не па яго загаду пачалі дзейнічаць у Шклове фантаны. Можа дачакаемся і мы калі-небудзь слонімскага прэзі¬дэнта, які загадае аднавіць у горадзе над Шчарай тыя фантаны, якія некалі радавалі мясцовых жыхароў і гасцей горада. Хаця, прычым тут прэзідэнт. За фантаны павінна адказваць мясцовыя жыллёва-камунальная гаспадарка і водаканал. Прыгажосць горада, адпачынак і дабрабыт гараджан найперш залежыць ад вышэй названых службаў.
У 2002 годзе Слонім адсвяткаваў сваё 750-годдзе. Але ніхто з чыноўнікаў так і не прапанаваў і не парупіўся аднавіць хаця б адзін з тых трох фантанаў, якія былі ў Слоніме. А спалучэнне цякучай вады са старажытнай і новай архітэктурай нашага горада надало б Слоніму новую прыгажосць і разнастайнасць розных дэкаратыўных кампазіцый. Горад ад гэтага памаладзеў бы, пасвяжэў бы ад гарачыні і пылу.
А фантаны ў Слоніме былі. Адзін у парку, другі ў Альбярціне і трэці каля фабрыкі мастацкіх вырабаў. Час і халатныя адносі¬ны былых кіраўнікоў гарвыканкама, а таксама спад эканомікі горада, патушылі крыніцы жывой вады.
Адзін з апошніх фантанаў у Слоніме з’явіўся каля фабрыкі мастацкіх вырабаў. Не адну машыну цэменту затрацілі на яго пабудову. А калі будаўніцтва было завершана і заструменіла вада — фантан здалёк вабіў вочы тых, хто ехаў праз Слонім ці праходзіў побач. Каля яго збіралася моладзь з гітарамі, а ў самім басейне паласкаліся ў вадзе пад сонцам дзеці. Праўда, фантан працаваў не штодзённа, а часцей за ўсё на святы, ці тады, калі на фабрыку мастацкіх вырабаў прыязджалі госці. Тым не менш, фантан там быў.
Толькі аснова для струменяў вады і басейнае збудаванне засталіся ад фантана ў парку. Былі побач і скульптурныя казулі, якія дапаўнялі фантан, але і іх ужо ў парку няма. І гэта было адзінае месца ў парку, дзе людзі маглі адпачыць і палюбавацца штучным струменем крыніцы.
Фантан у Альбярціне знахо¬дзіўся непадалёку ад сядзібы Пуслоўскіх. Старэйшыя жыхары Альбярціна памятаюць прыгожую скульптурку хлопчыка, які з конаўкі ліў ваду ў басейн. Але зімою ў гэтым басейне мясцовыя падлеткі ігралі ў хакей, а сам фантан знаходзіўся ў цэнтры. Вось аднойчы яны і развіталіся з гэтым арыгінальным фантанам, каб не перашкаджаў бегаць з клюшкамі за шайбаю. Прайшоў час, няма ў Альбярціне ўжо ні фантана, ні хакейнай пляцоўкі...
Італьянскае слова “фантан” азначае “крыніца”. А крыніцы заў¬сёды ачышчалі нашы душы струменьчыкамі чыстай вады. Але душы маюць і гарады. Ці ачысцім мы іх?
2003
Вандроўкі па родным краі з Уладзімірам Ягоўдзікам, Сяргеем Плыткевічам і Мікалаем Ракевічам
1.
Завітаў неяк да мяне з Мінска на сваім “Фольксвагене” пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік.
— Чаго сядзіш, сумуеш? Давай паедзем у вандроўку па нашай Слонімшчыне,— прапанаваў Уладзімір.
Мы селі ў машыну і паціху паехалі ўбок вёскі Васілевічы.
— Ну, расказвай, як жывеш? Як творчыя справы?— запытаўся ў земляка.
— Справы ідуць някепска. Тры запар кніжкі выйшлі з друку. Апошняя называецца “Царэўна ў падземным царстве”. Сюды я ўключыў казкі, сабраныя рускім вучоным-фалькларыстам Аляксандрам Афанасьевым. Яны былі запісаныя ім на Гродзеншчыне і Магілёўшчыне,— сказаў пісьменнік.
— А як “пажывае” твой часопіс “Лесавік”?
— Неяк трымаемся. Выйшаў нядаўна чацвёрты нумар “Лесавіка”. Ён прысвечаны чорнаму зайцу. Так-так, не здзіўляйся,— пачаў казаць зямляк.— Вадзіліся некалі на Беларусі чорныя зайцы. Яны яшчэ трапляліся нппачатку XX стагоддзя. Пасля іх не стала, як не стала ў нашых лясах і пушчах тураў, балотнай рысі, дзікіх коней тарпанаў і іншых звяроў.
Размаўляючы, мы неяк хутка праехалі вёску Васілевічы, пасля —Парэчча. Павярнулі да Шчары, дзе здалёк віднелася царква. Якое цудоўнае там месца! Некалі гэта была зямля нашага славутага земляка, беларускага сацыял-утапіста Міхала Валовіча. Ён у 1833 годзе ўдзельнічаў у Заліўскай экспедыцыі з мэтай узняць паўстанне ў Польшчы, Беларусі і Літве супраць расійскага царызму. Па загаду Мураўёва-вешальніка Валовіча арыштавалі і закатавалі ў Гродне. Удзячныя землякі каля Парэцкай царквы паставілі яму помнік. Але бальшавікі помнік знішчылі дзесьці ў 1940 годзе.
У заняпад прыйшла і праваслаўная цэркаўка. Мы ўбачылі вакол яе і ў сярэдзіне рыштаванні. Быў час, калі хацелі яе рэстаўрыраваць. Але праца даўно спынілася і рыштаванні пачарнелі ад часу. А храм прыходзіць у заняпад. Шкада. Знішчаецца не толькі памяць пра Валовіча, але і наша гісторыя. Толькі Шчара не спыняе свой бег. Праўда, і яна зусім не тая, якая была, калі жыў Міхал Валовіч.
З Парэчча мы паехалі ў вёску Ніз. Пры дарозе віднеліся вясковыя могілкі. Спынілі машыну. Пайшлі далей пяшком. На могілках прыцягнуў увагу памятны знак. У гады Вялікай Айчыннай вайны фашысцкія карнікі расстралялі 296 жыхароў вёскі Ніз, а мужчын забралі ў Германію. Пасля і вёску спалілі. Ахвярам вайны і быў пастаўлены помнік на нізоўскіх могілках.
З Нізоў па гравейцы мы даехалі да Едначоў. Каля гэтай вёскі працякаюць дзве рачулкі Язвіца і Бяроза.
— Вельмі прыгожа гэтыя рэчкі апісаў Баброўскі ў сваёй кнізе “Статистическое описание Гродненской губернии 1863 года”,— гаворыць Уладзімір Ягоўдзік.— Я маю ксеракопію гэтай кнігі. Вельмі цікавая і каштоўная кніга. Там шмат напісана пра нашу Слонімшчыну.
Мы спыніліся каля хаты Лапко Івана Антонавіча —дзядзькі Уладзіміра. Даўно памерла яго жонка, таму цяпер жыве ён з сынам. Хоць і засталіся яны без гаспадыні, але па-ранейшаму трымаюць курэй, парсючка, садзяць агарод. Зусім нядаўна Іван Антонавіч перажыў цяжкае гора — у аўтамабільнай катастрофе загінуў яго другі сын.
Мы прыселі на лаўку каля хаты, і спадар Лапко пачаў апавядаць пра свой нялёгкі лёс. З яго слоў мы даведаліся, што ў вайну немцы разам з іншымі вяскоўцамі вялі яго на расстрэл. Але Іван уцёк у лес, гэта і выратавала яго ад смерці. Праўда, пазней быў вывезены ў Германію, дзе працаваў у баўэра. І толькі пасля вайны вярнуўся ў сваю вёску Едначы.
Паспрабаваўшы “белага наліву” з маладзенькай яблыні, мы развіталіся з Іванам Антонавічам і паехалі ў Кастровічы — родную вёску Уладзіміра Ягоўдзіка. Ён тут даўно ўжо не жыве, але памятае кожны дом, завулак, агарод. Тут прайшло яго маленства. “А вось гэта мая хата, я тут нарадзіўся і жыў”,— уздыхнуў мой сябра, паказваючы на адну з вясковых хат.
— А цяпер хто там жыве?— пытаюся.
— Чужыя людзі — дачнікі. Я нават і не ведаю хто,— адказаў Валодзя.
З вясковай вуліцы мы накіраваліся на кастровіцкія могілкі да магіл маці, дзядулі і бабулі Уладзіміра Ягоўдзіка. Побач з магіламі растуць два дубкі і бярозка. Іх некалі пасадзіў сам Валодзя.
Мы паціху ехалі па Кастровічах, а Валодзя ў машыне гаварыў пра сваю вёску і расказваў, хто дзе жыве. Вёска, сапраўды, багатая на таленты. Адсюль пачынаецца знакаміты род Кастравіцкіх. З гэтага роду выйшаў беларускі паэт Карусь Каганец і класік французскай паэзіі Гіём Апалінэр (Кастравіцкі). Дарэчы, нядаўна Францыя адзначыла 120-годдзе з дня нараджэння Гіёма Апалінэра. Беларускі род Кастравіцкіх згадваецца яшчэ ў летапісах 1600-га года. Род меў свой герб Байбуза (змяя, якая спускаецца па страле з трыма грыбамі).
Адзін з прадстаўнікоў роду Кастравіцкіх яшчэ ў XVII стагоддзі атрымаў тытул стражніка мсці¬слаўскага, а яго сыну Яну да¬стаўся ў спадчыну маёнтак у Мін¬скім ваяводстве. Сам Ян Кастравіцкі быў намеснікам суддзі. А Антоні Кастравіцкі ў 1718-ым годзе быў нават войтам мінскім.
У канцы XVII—першай палове XVIII стагоддзяў Кастравіцкія валодалі некалькімі маёнткамі на Беларусі. Жылі Кастравіцкія не толькі на Слонімшчыне, але і на Навагрудчыне, Койданаўшчыне і ў іншых мясцінах.
З гэтага роду паходзіў і Міхал Апалінары Кастравіцкі — дзед класіка французскай паэзіі Гіёма Апалінэра. Дзед быў збяднелым дваранінам, чалавекам дэмакратычных поглядаў. Ён разам са сваімі братамі Юзэфам і Адамам прымаў актыўны ўдзел у паў¬станні 1863-га года. За гэта рус¬кія царскія ўлады выслалі Кастравіцкіх у Сібір, але Міхалу Кастравіцкаму з сям’ёй удалося ўцячы ў Італію. Там, у Рыме, у 1880-ым годзе ў яго дачкі Ангелікі нарадзіўся пазашлюбны сын Вільгельм Кастравіцкі — будучы вялікі паэт Францыі Гіём Апалінэр.
Амаль усё жыццё наш далёкі продак за мяжою не меў юрыдычных правоў, бо быў сынам рэвалюцыянера-эмігранта. Працаваў на розных работах: то канторшчыкам, то хатнім настаў¬нікам, то пісаў ананімныя творы, то раманы на заказ. Добраахвотнікам пайшоў на фронт, дзе атрымаў цяжкае раненне, пасля чаго Вільгельм атрымаў французскае грамадзянства.
Першыя вершы ў французскім друку пад сваім уласным прозвішчам Вільгельм Кастравіцкі апублікаваў у 1901-ым годзе. Пасля пачалі з’яўляцца творы пад яго літаратурным псеўданімам Гіём Апалінэр. Праз 10 гадоў у Парыжы выходзіць з друку яго першы паэтычны зборнік “Бестыярый, або Картэж Арфея” — кніга невялікіх вершаў пра жывёл. Вось як гучыць верш “Заяц” па-беларуску ў перакладзе Эдзі Агняцвет:
Не будзь, як заяц той, юрлівы,
Ці палюбоўнік палахлівы.
Хай мозг працуе з сэрцам згодны
І, як зайчыха, будзе плодны.
Дарэчы, Эдзі Агняцвет пера¬клала шмат вершаў нашага земляка. У 1973 годзе ў Мінску з друку выйшаў на беларускай мове паэтычны зборнік Гіёма Апалінэра “Зямны акіян”.
Пасля з’яўлення ў Парыжы першай паэтычнай кнігі, Апалінэр становіцца папулярным і вядомым у Францыі паэтам. Рэгулярна выходзяць з друку яго кнігі, інтэрв’ю, апавяданні, артыкулы. Ён знаёміцца з многімі вялікімі людзьмі Францыі, шчыра сябруе з Пікасо, сам спрабуе маляваць і цікавіцца сучасным мастацтвам.
Побач з паэтам заўсёды была яго маці Ангеліка. Гэта яна расказвала сыну пра радзіму яго дзядоў і прадзедаў, спявала сыну беларускія песні. І Гіём Апалінэр пра гэта добра ведаў. Але пабываць у Беларусі, а тым больш на Слонімшчыне, яму не ўдалося.
Даследчыкі беларускай літара¬туры сцвярджаюць, што дзед Апалінэра і бацька беларускага паэта Каруся Каганца былі стрыечнымі братамі. А бабцы паэта — Людвісі Кастравіцкай — вялікі Адам Міцкевіч прысвячаў нават свае вершы.
Мой спадарожнік — кастровіцкі хлопец Уладзімір Ягоўдзік таксама даволі вядомы чалавек у літаратурных колах. Ён з’яўляецца аўтарам каля дваццаці кніг прозы, казак, успамінаў і п’ес.
Пасля Кастровіч наш шлях ляжаў на Сянькоўшчыну, Ягнешчычы, Казловічы, Елку, Сынковічы. Што-што, а храм XV-XVI стагоддзяў у Сынковічах мы абмінуць ніяк не змаглі. Святое месца на Беларусі. Сама вёска Сынковічы ў гістарычных крыніцах ўпамінаецца з канца XV— пачатку XVI стагоддзяў, калі была пабудавана царква-крэпасць. Яна, на думку некаторых даследчыкаў даўніны, збудавана ў пачатку XV стагоддзя. Але паданне кажа, што заклаў яе сам вялікі князь Вітаўт. І здарылася гэта вось з якой нагоды…
У 1377 годзе памёр вялікі князь Альгерд, які, па словах летапісцаў, “не столькі сілаю, колькі ўмельствам ваяваў”. І пакінуў ён пасля сябе наступнікам любімага сына Ягайлу, які неўзабаве стаў каралём Польшчы. Пайшоў Ягайла вайною супраць свайго роднага дзядзькі вялікага князя Кейстута і сына яго князя Вітаўта. Аднак не змог іх адолець. Тады замысліў ён жорсткую хітрасць. Запрасіў да сябе дзядзьку і брата і пакляўся, што не зробіць ім зла. А як толькі яны, паверыўшы ў клятву, прыехалі ў Вільню, паланіў абодвух. Вітаўта спачатку каля сябе пакінуў, а вялікага князя Кейстута загадаў у ланцугі закаваць і кінуць у вежу Крэўскага замка. Яшчэ праз некалькі дзён служкі Ягайлавы забілі слаўнага Кейстута. Потым у Крэўскі замак прывезлі і Вітаўта з жонкаю…
Сядзеў вялікі князь у Крэве пад моцнаю вартаю. Што вечар дзве кабеты прыходзілі сцяліць ложак яму і княгіні. А пасцяліўшы, выходзілі. За дзвярыма пакоя неадступна стаяла варта. Пачула вялікая княгіня Вітаўтава ад людзей, што калі Вітаўт не ўцячэ з вязніцы, дык тое самае з ім учыняць, што і з бацькам ягоным Кейстутам. І навучыла яна мужа свайго князя Вітаўта пераапрануцца ў адзенне адной з кабет, што прыходзіла ім слугаваць, а з другою — выйсці непрыкметна з пакоя. Паслухаў жонку Вітаўт, надзеў на сябе жаночае ўбранне, незаўважна спусціўся з замка і ўцёк да немцаў у Прусію. Але ў Прусію князь адразу не трапіў. Заблытваючы сляды ад Ягайлавых служак, ён пусціўся наўцёкі зусім у адваротны бок — да старажытнай Літвы, што знаходзілася тады за Наваградкам. І непадалёку ад Слоніма, у ціхай лясной вёсачцы Сынковічы, князь Вітаўт знайшоў сабе надзейную сховань пад сялянскай страхой. Потым, перачакаўшы варожую пагоню, сабраў надзейнае войска, пачаў перамагаць клятва адступніка Ягайлу і ўрэшце стаў адзіным уладаром Вялікага княства Літоўскага (гэта значыць Беларусі).
Праз дваццаць пяць гадоў пасля ўратавання ад немінучай пагібелі вялікі князь Вітаўт загадаў пабудаваць у Сынковічах храм: у знак удзячнасці Богу і тутэйшым людзям, якія захавалі яму жыццё. Невядомыя таленавітыя дойліды выканалі Вітаўтаву волю і паднялі да нябёс Сынковіцкую царкву-крэпасць.
У 1907 годзе польскі гісторык Юзэф Ядкоўскі зацікавіўся гісторыяй Сынковіцкага храма. Ён прыехаў у Сынковічы і ў архіве царквы выявіў “Генеральную візіту” 1720 года, метрычны запіс з 1762 года і апісанне царквы, складзенае кобрынскім ігуменам Андрэем Бенецкім у 1746 годзе. Традыцыйна лічылася, што Сынковіцкая Міхайлоўская царква была пабудавана ў 1407 годзе. Але паўстае пытанне: кім? І ніхто да сённяшніх дзён не можа на яго адказаць, бо няма сапраўдных дакументаў. Як адзначае польскі гісторык, у актах Літоўскай метрыкі маецца вельмі цікавая грама 1576 года, што датычыць Сынковічаў, а менавіта “Привилей пану Ивану Есману на торг в ден недельный в именью его Сынковичах”. Ім кароль Стэфан Баторый дазваляў у паселішчы ярмаркі ў нядзелю і корчмы, пазбаўленыя збораў на карысць казны. Адсюль узнікае выснова: наладжваць кірмашы ў вёсцы, дзе няма царквы, было б недарэчна, таму факт існавання Сынковіцкай царквы ў 1576 годзе неабвержаны. А грамата была дадзена Есьману, верагодна, праз некалькі гадоў пасля заканчэння працяглага будаўніцтва храма. Гэта значыць царква ў Сынковічах узводзілася вельмі доўга і завяршыліся работы пры памешчыку Івану Есьману прыблізна ў 70-я гады ХVI стагоддзя.
Дарэчы, спасылаючыся на крыніцы , польскі гісторык Юзэф Ядкоўскі прыводзіць наступнае паведамленне: “Айцец Е.Міхайлоўскі на адным з малых званоў Сынковіцкае царквы знайшоў надпіс: “Anno Domini 1460”. А між іншым, ніколі званы не заказваліся задоўга да будаўніцтва храма, калі, можа, нават ідэі такой не існавала. Напрошваецца думка: храм у Сынковічах у час адліўкі звана ўжо мусіў існаваць і, можа, не адзін дзесятак гадоў. Таму, магчыма, ён сапраўды пачынаўся будавацца пры Вітаўту. А сама вёска Сынковічы яшчэ старэйшая за крэпасць-царкву.
У 1566 годзе вёска Сынковічы належала багатаму чалавеку Зэльвеншчыны Івану Есьману. А ўжо ў канцы XVIII cтагоддзя і да 1939 года гэта была ўласнаць Пуслоўскіх. Праўда, леснічоўка каля Сынковіч належала Чапскім (Сынковічы былі падзелены на фальваркі). Доўгі час два фальваркі Сынковіч трымалі Франц Пуслоўскі і Казімір Есьман. І толькі ў 1920-х гадах леснічоўку прыдбаў граф Чапскі.
Абсалюную большасць жыхароў Сынковіч складалі сяляне. Цяглыя сяляне былі надзелены поўным надзелам зямлі, з якога спаганяўся ўвесь комплекс павіннасцей. Паўцяглыя сяляне карысталіся паловай надзелу і адбывалі палавінную норму павіннасцей. А сяляне-агароднікі карысталіся толькі прысядзібнымі ўчасткамі, мелі нават дробную жывёлу, часам — каня. Архіўныя матэрыялы сведчаць, што ў маёнтку Сынковічы было ў другой палове XIX стагоддзя 4 двары агароднікаў, якія не мелі ніякіх гаспадарчых пабудоў і буйной рагатай жывёлы, акрамя хаты і дробнай жывёлы. Вольныя сяляне маёнтка Сынковічы мелі 100 дзесяцін зямлі на 56 душ. А ў Пуслоўскага ў гэтай вёсцы было 32 душы сялянскіх бабылёў (парабкаў, без зямлі і свайго жылля).
Перад рэформай 1861 года і ў другой палове XIX стагоддзя таварны характар у Сынковічах набыло садаводства і агародніцтва. У гэты час у вёсцы з’явіўся першы магазін, некаторыя сяляне мелі сажалкі, трымалі па 3 свіней. А вось коней было на вёсцы няшмат — усяго 64, а валоў — ажно 334. Сынковіцкія сяляне займаліся таксама перагонам смалы і дзёгцю.
У пачатку ХХ стагоддзя (з 1905-1913 г.г.) у Сынковічах дзейнічала вінакурная мануфактура. На прадпрыемстве працавалі 8 рабочых.У 1908 годзе мануфактура займела нават паравы рухавік. І калі ў 1890 годзе Сынковіцкі прыход, які ўваходзіў у склад Слонімскага павета, налічваў 1555 жанчын і столькі ж мужчын, дзейнічала царква, то ў 1921 годзе ў вёсцы Сынковічы было ўжо толькі 145 жыхароў. Многія не вярнуліся з бежанства, загінулі ў Першай сусветнай вайне і падчас савецка-польскай.
А што датычыць Пуслоўскіх, Чапскіх і Есьманаў — то яны ў 1939 годзе, за два тыдні да прыходу на Слонімшчыну і Зэльвеншчыну бальшавікоў, выехалі ў Англію.
У той дзень, царква ў Сынковічах была зачынена. Мы пахадзілі вакол яе, сфатаграфаваліся на памяць. А пасля Валодзя дастаў з сумкі сваю кнігу “Сем цудаў Беларусі” і пытае:
— Ты мне можаш назваць сем цудаў Беларусі?
— Можна назваць і больш, чым сем,— кажу.
— Вядома, можна. А я вось напісаў і выдаў кніжку менавіта пра сем цудаў Беларусі. Адзін з гэтых цудаў — Сынковіцкая царква.
Мы доўга яшчэ сядзелі каля Сынковіцкага храма, разважаючы пра нашу багатую гісторыю і пра наш народ. А пасля надвячоркам вярнуліся ў Слонім.
Які багаты і прыгожы наш край, а мы, жывучы побач, часам гэтага не заўважаем. Будзённасць і абыякавасць да ўсяго, губляюць у нашых сэрцах любоў да сваёй маленькай радзімы, а тым больш да такой, як слонімская зямля на Гарадзеншчыне.
2.
Беларускі географ Аркадзь Смоліч назваў Слонімшчыну беларускай Швейцарыяй. Я яшчэ раз пераканаўся ў гэтым, калі разам з мінскім журналістам Сяргеем Плыткевічам — рэдактарам газеты “Туризм и отдых”, зрабілі летнюю вандроўку па нашым краі.
“Хонда”, на якой прыехаў да мяне мінскі калега, даволі шыкоўная і хуткасная машына. А Сяргей Плыткевіч — не толькі выдатны фотажурналіст, але і добры кіроўца. За два дні мы аб’ехалі амаль усю Слонімшчыну і палову Зэльвеншчыны.
Узброіўшыся фотаапаратамі, Сяргей Плыткевіч і фотакарэспандэнт “Газеты Слонімскай” Віталь Гіль толькі паспявалі здымаць прыгожыя мясціны слонімскай і зэльвенскай зямель, помнікі архітэктуры і людзей.
Дарэчы, нядаўна ў дзяржаўным выдавецтве “Беларусь” выйшаў з друку цудоўны каляровы фотаальбом Сяргея Плыткевіча “Мая Беларусь”. Сюды ўвайшлі фотаздымкі майстра, на якіх адлюстравана наша краіна з багатым мінулым і сучасным, яе людзьмі і прыродай. Сам Сяргей па дарозе сказаў:
— Я аб’ехаў Беларусь удоўж і ўпоперак, выбіраў самыя запаведныя мясціны. Шлях, у асноўным, пралягаў у глыбінку. Мяне цікавіў лёс старых сядзіб, мястэчак, хутароў, гарадоў.
А вось на Слонімшчыне і Зэльвеншчыне я бываў толькі праездам. Праўда, у альбом славутая Сынковіцкая царква ўсё ж увайшла. Але адна справа — убачыць прыгажосць самому і зусім іншая — паказаць яе сябрам і знаёмым. Таму са мной заўсёды быў фотаапарат. Бо мастацкае фота — цудоўны сродак, які дапамагае паўней адчуць веліч мураваных палацаў, святых храмаў, старажытных вежаў і званіц, асэнсаваць нашу культурную і гістарычную спадчыну…
Вандроўка з Сяргеем Плыткевічам пачалася са слонімскіх вуліц і завулкаў, дзе яшчэ захаваліся архітэктурныя старыя помнікі і пабудовы. Пасля мы завіталі ў Альбярцін, дзе фотамайстру Плыткевічу і фотакарэспандэнту Гілю было што здымаць. Альбярцін узнік у першай палове XIX стагоддзя, як сядзіба маршалка шляхты Слонімскага павета В.Пуслоўскага (1762 — 1833). У склад сядзібы ўваходзілі двухпавярховы мураваны палац, гаспадарскія і службовыя будынкі, пейзажны парк. У палацы размяшчалася багатая калекцыя твораў мастацтва. Побач з сядзібай узніклі цагельня, млын і лесапільня, дывановая мануфактура, конная і шоўкакруцільная фабрыкі, чыгуналіцейны і электралямпавы заводы, запалкавая фабрыка “Шчара”, завод цвікоў, электрастанцыя і г.д. З дзесяцігоддзямі шмат каштоўнага гэты мікрараён Слоніма страціў, але нешта нашчадкам і засталося. Найперш, гэта парк, канюшня і асабняк Пуслоўскіх.
З Альбярціна мы паехалі ў Шылавічы, пасля — у Жыровічы. Якраз заходзіла сонца, і ў гэты момант Жыровічы здаваліся казачна-чарадзейнымі. Кожны селянін займаўся сваімі справамі: адны сядзелі каля хат на лаўках, другія корпаліся на агародах, а іншыя ішлі па ваду да жыровіцкай крыніцы.
На другі дзень мы паехалі ў вёску Кракотка, якую Уладзімір Караткевіч назваў самаю прыгожаю вёскаю ў свеце. Шлях у гэтае знакамітае месца на Слонімшчыне ляжаў праз Пасінічы, Юхнавічы і Сялявічы. Яшчэ ў 1927 годзе ў Кракотцы адкрылася першая бібліятэка імя Янкі Купалы. Кожны раз, калі сюды еду, на думку прыходзяць радкі з верша Міколы Арочкі, прысвечанага Вялікакракоцкай сельскай бібліятэцы імя Янкі Купалы:
Мой цэлы свет: Вялікая Кракотка,
Часоў бурлівых родны мацярык.
Была Кракотка, як рака ў паводку.
Была Кракотка — гнеў, і боль, і крык...
...Нязломны дух... Жывая сіла мовы.
Жыву з тых дзён я вашаю красой.
Жыткевічы... Збраевіч... Трафімовіч...
Ля вас я грэўся словам і душой...
Не выпадкова ў гэтых паэтычных радках Мікола Арочка ўспамінае прозвішчы Жыткевічаў, Збраевіча і Трафімовіча. Справа ў тым, што ў 1927 годзе назад у вёсцы Вялікая Кракотка на Слонімшчыне пры гуртку таварыства беларускай школы (ТБШ) вясковая моладзь заснавала бібліятэку-чытальню, якую назвалі імем народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Гэта была першая ўстанова культуры рэспублікі, якой прысвоена імя песняра беларускага народа. Арганізатарамі ТБШ і бібліятэкі ў той нялёгкі 1927 год былі Рыгор Акулевіч, Сцяпан Ігнатовіч, Васіль Трафімовіч, Сямён Жыткевіч, Павел Таўлай, Кастусь Петручэня і іншыя.
Сваю працу кракоцкая моладзь пачала з таго, што сабрала сярод насельніцтва кнігі і грошы на набыццё літаратуры і інвентару. Знайшлося для культурнай установы і памяшканне – хата Данілы Грасевіча, які не вярнуўся з бежанства. На заклік вялікакракоцкіх сялян адгукнуліся і жыхары суседніх вёсак Рудаўка і Малая Кракотка. Бібліятэкарам на грамадскіх пачатках працаваў Сямён Акулевіч.
Найбольшае папаўненне бібліятэка атрымала ў канцы 1928 года, калі кніжны фонд склаў адну тысячу экземпляраў.
Праіснаваўшы каля двух гадоў, бібліятэка – чытальня імя Янкі Купалы ў 1929 годзе была зачынена польскай паліцыяй, а кнігі канфіскаваны. Затым пачаліся рэпрэсіі супраць актывістаў, многіх без суда і следства кінулі ў канцлагер Картуз-Бяроза.
У верасні 1939 года ў вёсцы Вялікая Кракотка гэтую слаўную купалаўскую бібліятэку зноў аднавілі, але праз некаторы час яе дзейнасть была спынена – ужо гітлераўскім нашэсцем.
Дата новага нараджэння Вялікакракоцкай бібліятэкі — жнівень 1946 года, пасляваенны час. Аднойчы ў вёску завітаў супрацоўнік слонімскай раённай газеты “Вольная праца” паэт Анатоль Іверс. Ён сабраў калгасны сход, на якім было аднадушна вырашана назначыць загадчыкам бібліятэкі імя Янкі Купалы інваліда вайны Аляксандра Жыткевіча. Трыццаць гадоў адпрацаваў Аляксандр Іванавіч, рабіў усё, каб яго родная бібліятэка апраўдала імя вялікага Купалы.
Самая каштоўная рэліквія, якую захоўвае бібліятэка, — гэта аўтограф Якуба Коласа. У 1952 годзе з Мінска ён прыслаў бібліятэцы сваю кнігу “Адшчапенец”, выдадзеную ў 1950 годзе. На ёй чарнільнай ручкаю напісана:
“Бібліятэцы імя Янкі Купалы вёскі Вялікая Кракотка. Якуб Колас. 2.8.1952 г.”.
Вялікую дапамогу ў рабоце бібліятэкі аказала і жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Жывучы ў Мінску, яна амаль кожны месяц прысылала ў бібліятэку пісьмы, бандэролі і пасылкі з кнігамі і альбомамі. У 1951 годзе Уладзіслава Францаўна ўпершыню наведала Вялікую Кракотку, а ў 1957 годзе прымала ўдзел у святкаванні 30-годдзя бібліятэкі. Сустрэчы з гэтай жанчынай Аляксандр Жыткевіч (у 1999 годзе яго не стала) заўсёды ўспамінаў з вялікім хваляваннем, радасцю і цеплынёй. Яна была вельмі задаволена, што бібліятэка на Слонімшчыне носіць імя Янкі Купалы.
Дзякуючы цёці Уладзі, для бібліятэкі прыслалі свае кнігі з аўтографамі Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў, Андрэй Макаёнак і многія іншыя дзеячы нацыянальнай літаратуры.
З вёскі Кракотка родам літаратуразнавец Янка Саламевіч, побач, у Вецявічах жыве доктар філалагічных навук Мікола Арочка, а ў суседняй Рудаўцы прайшло дзяцінства паэта Валянціна Таўлая.
Найперш мы заехалі ў лясок, дзе знаходзіцца кракоцкая крыніца, вада якой, як кажуць мясцовыя жыхары, лечыць вочы і страўнікавыя хваробы. Тут было шмат людзей, якія чэрпалі са студні гаючую і смачную ваду. З адной бабулькай мы пазнаёміліся. Завуць яе Кацярына Фамінічна Пяшэвіч. Гэта гаваркая і сціплая жанчынка жыве ў Кракотцы толькі некалькі гадоў, а прыехала сюды з Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Сумуе па сваёй радзіме, але і тут ёй падабаецца, бо побач, як яна кажа, жывуць шчырыя людзі.
Якраз быў Ян, таму мясцовы бацюшка асвяціў крыніцу, і людзі вёдрамі бралі ваду. Два вядры вады панесла дамоў і Кацярына Фамінічна. Дай Бог каб на дабро…
Пасля крыніцы мы паехалі ў цэркаўку, а потым — у Малую Кракотку да старэйшага жыхара вёскі Юльяна Іванавіча Грасевіча, якому нядаўна споўнілася 97 гадоў. Трэба было бачыць, з якой радасцю сустрэў журналістаў гэты цікавы і таленавіты чалавек. Ён вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, яго настаўнікамі былі Ігнат Дварчанін і Радаслаў Астроўскі, ён сябраваў з Валянцінам Таўлаем, Анатолем Іверсам, Антонам Валынчыкам, Максімам Бурсевічам. Цэлая эпоха звязана з гэтым цудоўным чалавекам. Юльян Іванавіч — добры мастак-самародак, музыкант, спявак. Ён іграў нам на гітары, спяваў на беларускай, польскай, нямецкай і ўкраінскай мовах. За беларускасць у 1932-1936 гадах сядзеў у польскіх турмах. А яшчэ, як прызнаўся спадар Грасевіч, ён не выкурыў у жыцці ніводнай папяросы, а таксама ніколі не ўжываў спіртных напояў, але шмат грошай траціў на фарбы, бо вельмі любіў маляваць.
На развітанне Юльян Грасевіч падараваў нам некалькі сваіх карцін.
З Кракоткі наша вандроўка працягвалася ў Азярніцу, а з Азярніцы — на Бяздоннае возера. Вакол яго загаралі хлопцы і дзяўчаты, шмат мужчын вудзілі рыбу. Зрабілі некалькі фотаздымкаў, і наша “хонда” перасекла мяжу Слонімшчыны і трапіла ў вёску Кашалі Зэльвенскага раёна. За Кашалямі пачынаецца вёска Івашкавічы. Здалёк, на старажытным каменным могільніку XVII стагоддзя, узвышаюцца разваліны храма, якія напамінаюць Наваградскі замак. На адной з разбураных сцен буслы зрабілі гняздо. А Сяргей Плыткевіч дадаў: “У кнізе “Мая Беларусь” ужо ёсць падобны здымак, які быў зроблены ў адной з вёсак Мінскай вобласці. Там таксама сям’я буслоў пабудавала гняздо над сімвалам хрысціянскай веры — храмавым крыжам. Як вядома, белыя буслы — сімвал нашай краіны. На мой погляд, іх суседства — знак таго, што з Боскай дапамогай у Беларусі будзе светлая будучыня.”
З фотажурналістам можна пагадзіцца. Толькі калі наступіць гэтая светлая будучыня? Праз два месяцы, праз пяць гадоў, ці праз цэлае стагоддзе? Розніца ёсць. Гэтай светлай будучыні чакаюць і жыхары Івашкавіч. Некаторыя з іх жывуць яшчэ ў бараках, якія засталіся ў спадчыну ад паноў Астрамецкіх. А сама вёска Івашкавічы вядома яшчэ з пачатку XVII стагоддзя як маёнтак наваградскага кашталяна Аляксандра Палубенскага. Пазней ёй валодалі Сапегі, потым браты Шэметы, Глушынскія, Стравінскія, Жалкоўскія і іншыя.
Праз некалькі хвілін пасля Івашкавіч, мы ехалі па беразе Зэльвенскага вадасховішча, якое было створана ў 1983 годзе. Агульная яго плошча складае 12 квадратных кіламетраў, найбольшая глыбіня — 7,5 метраў. Тут і праводзіць свой вольны час большасць жыхароў Зэльвы і суседніх з ёй вёсак. Да адной з іх, бадай ці не самай вялікай і багатай на гісторыю, Дзярэчын, рукой падаць — нейкіх 12 кіламетраў. Спыніліся мы ў цэнтры вёскі, каля былой аўтастанцыі. У савецкія часы праз Дзярэчын у суткі праходзілі 54 аўтобусы, якія курсіравалі ў Гродна, Мінск, Зэльву, Слонім і ў іншыя гарады. Цяпер дзярэчынцы толькі пра гэта ўспамінаюць. Ды і будынкі аўтастанцыі і былой аптэкі апусцелі. У іх мясцовыя бамжы, п’яніцы і беспрацоўныя зрабілі прытон. Ці не адсюль пачынаюцца ў Дзярэчыне зладзействы і злачынствы?
Былы малы Версаль, так некалі называлі Дзярэчын, прываблівае вока Спаса-Прэабражэнскай царквой (XIX ст.) і касцёлам Ушэсця (XX ст.), куды на праваслаўныя і каталіцкія святы збіраецца шмат народу. На дзярэчынскіх могілках знаходзяцца магілы партызана П.Булака, генерала 1812 года Е. Гампера, а ў цэнтры вёскі — помнік маршалу І. Чарняхоўскаму.
Пра Дзярэчын і яго людзей можна напісаць шмат. Сёе-тое ўжо зроблена. Найперш парупіўся пра гэта беларускі паэт і журналіст Міхась Скобла, які некалькі гадоў назад выдаў гістарычны нарыс “Дзярэчынскі дыярыюш”. Міхась Скобла закончыў Дзярэчынскую сярэднюю школу, а яго любімым настаўнікам быў Пятро Мікалаевіч Марціноўскі. Гэта паважаны чалавек, дзякаваць Богу, жыве ў Дзярэчыне і зараз, і мы вырашылі заехаць і да яго.
Сардэчна вітаючы гасцей, Пятро Мікалаевіч у цяньку пад парэчкамі накрыў багаты стол з самадзейным віном “Марціні” (ад слова Марціноўскі), за якім доўга ішла гаворка пра наша жыццё-быццё.
Развітваючыся з Пятром Мікалаевічам, Сяргей Плыткевіч падараваў яму свой фотаальбом, а гаспадар запрасіў нас усіх восенню да сябе па вінаград.
Дарэчы, у лютым 2006 годзе Пятра Марціноўскага не стала. Ён пахаваны ў Дзярэчыне.
Вяртаючыся назад у Слонім, я яшчэ раз перагартаў альбом Сяргея Плыткевіча. Ва ўступным слове да яго прачытаў: “Кожны куточак роднай Беларусі мае сваю адметнасць і непаўторнасць.” І, сапраўды, у гэтым упэўнішся толькі тады, калі павандруеш па роднай бацькоўскай зямлі.
3.
Неяк сустрэў слонімскага настаўніка-пенсіянера Мікалая Іванавіча Ракевіча. Пачалі размову пра жыццё-быццё, а потым гаворка пайшла пра гісторыю і людзей нашай роднай старонкі.
“Я родам з-пад Азярніцы, з вёсачкі Ваўчкі, давай калі з’ездзім і паглядзім тыя мясціны”, — прапанаваў Мікалай Іванавіч.
І вось у адзін з вераснёўскіх дзён мы селі ў машыну і накіраваліся ў бок Азярніцы. Мікалай Іванавіч, як дасведчаны экскурсавод, адразу пачаў расказваць пра сваіх землякоў.
Аповед пра Івана Багдановіча
Жыў у Збочне даволі заможны чалавек — Іван Багдановіч. Пры Польшчы Багдановіч меў маёнтак, гектараў сто зямлі, каля 10 коней, паўсотні кароў. У 1939 годзе на Слонімшчыну прыйшлі бальшавікі, але яны яго не чапалі: Багдановіч не лез у палітыку, а спакойна жыў і працаваў на зямлі. Вельмі любіў ён паляванне. Прыедуць энкавэдысты, ён з імі едзе на паляванне. Пасля палявання тыя ідуць да яго, вып’юць, закусяць. Быў Багдановіч для іх сваім чалавекам. Прыйдуць забіраць карову, ён адчыніць дзверы і кажа: выбірайце любую. Тыя возьмуць сабе карову. Хто хоча каня — бярыце каня. Ён ніколі не супраціўляўся. Тое самае было і пры паляках. Калі прыйшлі немцы, тыя, хто пры бальшавіках у яго браў каня, карову, — сталі яму вяртаць назад. Баяліся, каб раптам ён не сказаў немцам. Але ён нікому нічога не казаў. Пры немцах лячыў коней, кароў. З людзьмі заўсёды жыў добра, шчыра ўсім дапамагаў. Пасля вайны прыйшлі Саветы. Бальшавікі таксама яго не чапалі, пад рэпрэсіі ён не трапіў. Іван Багдановіч пражыў шмат гадоў, пахаваны ў Збочне.
Дарэчы, у гэтай вёсцы было чалавек дваццаць заможных. Але самым добрым і шчырым сярод іх быў Іван Багдановіч. Яго і сёння людзі добрым словам згадваюць.
Гумнішчы
Як уязджаеш у Азярніцу з шашы Слонім — Зэльва, з правага боку віднеюцца кусты, старыя дрэвы і некалькі разбураных хат. “Тут была вёска Гумнішчы, — кажа Мікалай Ракевіч. — У ёй нарадзіўся беларускі паэт і празаік Уладзімір Аляхновіч. Цяпер пісьменнік жыве ў Мінску”.
Са слоў Мікалая Іванавіча мы даведаліся, што ў гэтай вёсцы было каля дзесяці хат. Спачатку, відаць, тут знаходзіліся гумны вяскоўцаў з Азярніцы, а пасля сюды перасялілася некалькі сямей.
Мясціна насупраць Гумнішча называецца Маліва. “Відаць, тут было маляўнічае месца, — разважае Мікалай Ракевіч. — Раней людзі давалі мясцінам і вёскам назвы, якія ім адпавядалі. Не так, як цяпер, — “Победителей”, “Независимости”. А мясціна, што побач з Малівам, — Пацяроб”.
Пра вёску Ваўчкі
Пра родную вёску Ваўчкі Мікалай Ракевіч нам расказваў з радасцю і з нейкім настальгічным смуткам. Маўляў, няма таго, што было раней. Ён паказаў нам, дзе жылі яго бацькі, дзе была іх зямля. Завёў у хату да старэйшага жыхара Ваўчкоў Васіля Дзянісавіча Ракевіча, якому ўжо споўнілася 96 гадоў. Але Васіль Дзянісавіч нешта занядужаў, і мы не сталі турбаваць старога чалавека. “Гм, месяц таму я з ім гутарыў, сядзеў на лаўцы. А цяпер зусім занямог, старэча”, — уздыхнуў Мікалай Іванавіч.
Са слоў нашага гіда мы даведаліся, што Ваўчкі — гэта выселак, дзе сто гадоў таму налічвалася 13 двароў. Калі вярталіся з рэкрутаў вайскоўцы, пасля 25 гадоў службы, ім у Клепачах не давалі зямлі, а сялілі мужыкоў па рашэнні вясковай абшчыны ў Ваўчках, на выселках, давалі ім па гектару зямлі. Былы вайсковец сяліўся там, браў сабе якую-небудзь жанчыну і спакойна працаваў на гэтай зямлі.
20 гектараў зямлі ў Ваўчках, па словах Мікалая Ракевіча, меў і Амерыканец. Амерыканцам звалі Міхаіла Антонавіча Ракевіча. Ён ездзіў у Амерыку, працаваў там на шахтах, зарабляў грошы і з грашыма прыязджаў у родную вёску.
У Ваўчках жыў багаты чалавек Маркевіч. Ён меў шмат сваёй зямлі, бровар. Падчас паўстання 1863 года ён дапамагаў паўстанцам. Пасля яго расейцы арыштавалі і саслалі ў Сібір, бровар прадалі, а зямлю яго аддавалі гэтым былым рэкрутам.
Бровара Маркевіча даўно ўжо няма. Засталася толькі крыніца, якая па-ранейшаму булькоча сярод вербалозу і травы. Яна напамінае пра нашага суайчынніка Маркевіча, які з тысячамі беларусаў змагаўся супраць Расійскай імперыі. Ды і наогул Слонімшчына ў той час была адным з актыўнейшых асяродкаў паўстання. Напрыклад, толькі супраць Слізняў у Новыя Дзевяткавічы накіравалі дзве расейскія армейскія пяхотныя роты.
Здраднік стараста Макарэвіч
У XIX стагоддзі сярод беларусаў, як і сёння, былі здраднікі. Адзін з іх — стараста Макарэвіч, магіла якога знаходзіцца на азярніцкіх могілках недалёка ад царквы. Макарэвіч выдаў расейскім войскам некаторых паўстанцаў 1863 года, у тым ліку аднаго з кіраўнікоў паўстання — Карла Масальскага.
Карла Масальскага схапілі, пасадзілі ў клетку і некалькі дзён вазілі па Слоніме, каб запалохаць мясцовы люд. Пасля на рыначнай плошчы яго павесілі.
Але паўстанцы забілі Макарэвіча, гэтым самым адпомсціўшы яму. Гродзенскі генерал-губернатар за тое, што ён выдаў паўстанцаў, “узнагародзіў” яго пасмяротна: загадаў пахаваць Макарэвіча каля самай царквы і ўсталяваць надмагільны помнік. Загад губернатара выканалі. На помніку прымацавалі дзве шыльды. На адной шыльдзе напісалі: “Замученный польскими мятежниками”, а на другой змясцілі такі тэкст: “Памятник сей сооружён в 1869 г. в назидание потомству по инициативе и на средства Его Высокопревосходительства г.Виленского, Ковенского и Гродненского генерал-губернатора И.С. Каханова при материальном содействии крестьян Чемерской волости”.
У 1930-х гадах шыльду з тэкстам “Замученный польскими мятежниками” людзі сарвалі і выкінулі. Да нашых дзён у Азярніцы каля Свята-Мікалаеўскай царквы збераглася магіла здрадніка Макарэвіча і адзін надпіс на помніку. Але гісторыкаў, болей за тое — вяскоўцаў, яна зусім не цікавіць.
Рыначная плошча
Першае ўпамінанне пра вёску Азярніца адносіцца да 1478 года. Кароль Казімір Ягелончык падараваў Азярніцу шляхціцу Васілю Капачэвічу. Праз 400 гадоў у мястэчку Азярніца, як напісана ў кнізе “Памяць.Слонімскі раён” (Мн., 2004), пражывала ўжо 418 чалавек. Там дзейнічалі праваслаўная царква, сінагога, школа, працавалі 4 крамы, харчэўня, заезны двор. А яшчэ ў Азярніцы каля царквы два разы на год праводзіліся кірмашы — 9 траўня і 6 снежня. І цяпер гэтае месца ў Азярніцы старэйшыя людзі называюць Рыначнай плошчай. Тут некалі гандлявалі адзеннем, прадуктамі харчавання і збожжам, прадавалі коней, кароў, свіней.
Цяпер кірмашы ў Азярніцы не ладзяцца. А шкада. Добра было б адрадзіць тыя шматвяковыя гандлёвыя традыцыі. Тым больш што і сёння ў Азярніцы, як і ў 1886 годзе, жыве больш за 400 чалавек.
Гарадзішча
З Азярніцы мы накіраваліся ў вёску Збочна. На паўднёва-заходняй ускраіне вёскі захавалася гарадзішча пачатку другога тысячагоддзя нашай эры. Гарадзішча, дыяметр якога каля 60 метраў, круглае і высокае. Яго даследавалі многія польскія, беларускія і рускія археолагі ды гісторыкі. Каля гарадзішча стаіць мемарыяльны знак, на якім напісана, што гэта археалагічны помнік і ён ахоўваецца дзяржавай.
На поўнач ад яго знаходзіцца стары могільнік, а на ўсход — селішча, на якім археолагі адшуквалі даволі рэдкія вырабы з ганчарнай керамікі.
Мы падняліся на гарадзішча, каб адчуць дух нашых далёкіх продкаў. На вяршыні валяліся бутэлькі ад спіртных напояў, пачкі ад цыгарэт, папера. Што ж, кожны па-свойму вяртаецца да беларускай мінуўшчыны.
Археолагі на гарадзішчы ў Збочна заўсёды знаходзілі каштоўныя старажытныя рэчы — посуд, прылады працы, упрыгожанні. Можа, і праз сто ці трыста гадоў нехта знойдзе бутэльку з-пад “Белай вежы” ці пачак ад “Космасу”. У кожнага пакалення свае захапленні і свае радасці.
Магіла маці Кандрата Лейкі
Недалёка ад гарадзішча вясковец варочаў сена. Падышлі да яго, пазнаёміліся.
— Міхаіл Лейка, — назваў сябе вясковец.
— Можа, вы далёкі сваяк Кандрата Лейкі? — пытаемся.
— Можа, і сваяк, не ведаю. Чуў, што быў такі пісьменнік — Кандрат Лейка. А вось што ён напісаў — не чытаў, — апраўдваўся Міхаіл Лейка.
— А ці ведаеце, дзе знаходзіцца магіла маці Кандрата Лейкі?
— Не, не ведаю. У Збочна шмат старых магіл, пашукайце там, — параіў вясковец.
На гэтым мы развіталіся і паехалі на могілкі. Калі пад’ехалі да царквы, а яна знаходзіцца на самых могілках, здалёк кінулася нам у вочы прыгожая — старая і вельмі дарагая на той час — каваная агароджа. Помнік на магіле разбіўся. Паднялі з зямлі ўцалелую шыльду і… вачам сваім не паверылі — гэта ж магіла маці Кандрата Лейкі. На ёй прачыталі: “Здесь покоится прах рабы Божей Таклюси Лейко 62 л. 18 января 1881 г. Дорогой матери от любящих детей”.
Па частках неяк злучылі помнік, каб хоць яго сфатаграфаваць. Усё ж ён прастаяў 125 гадоў. Калі памерла маці, Кандрату Лейку быў 21 год. Ён тады працаваў настаўнікам у Косаве. У моцную завіруху на санях Кандрат дабіраўся ў родную вёску. Маці застаў яшчэ жывой, але нічым дапамагчы ёй ужо не змог. Яна вельмі хацела жыць, каб пабачыць, які лёс напаткае яе вучонага сына. А лёс у сына быў трагічны.
Кандрат Лейка прысвяціў сваёй маці некалькі апавяданняў. Ён вельмі любіў сваю матулю і шчыра давяраў ёй, моцна захапляўся яе высокай маральнай чысцінёй і справядлівасцю, яе прыроднымі разумовымі здольнасцямі. У адным з апавяданняў, якое называецца “Таклюся-сухотніца”, Кандрат Лейка стварыў вобраз сваёй маці — простай сялянкі, якая ў апавяданні ўзнімала найважнейшыя праблемныя пытанні таго часу: “Перад Таклюсяю цяпер неразгаданаю загадкаю стаялі тры цікавыя пытанні:
Калі паміж людзьмі будзе праўда?
Ці дадуць калі-небудзь беднякам зямлі?
Калі ўсім людзям дазволена будзе вучыцца і маліцца на сваёй роднай мове?”
Пазней удзячны сын разам са сваімі сваякамі паставіць на магіле маці ў Збочна помнік. І на ім напіша: “Таклюся Лейко”. Напіша так, як яе звалі вяскоўцы. А вось пытанні, узнятыя Таклюсяю сто гадоў таму, застаюцца надзённымі і сёння. І калі ж мы на іх адкажам?..
1999-2005
Мае землякі ў свеце
Па розных прычынах і абставінах пакінулі Слонімшчыну мае землякі. Найбольш з іх эмігрыравала ў адышоўшым ХХ стагоддзі. Некалькі тысяч слонімцаў сёння пражывае ў Польшчы, Ізраілі, Германіі, Амерыцы, Канадзе, Бельгіі, Францыі, Аўстраліі і ў іншых краінах. Я ўжо не лічу былой вялікай дзяржавы СССР, асабліва Расіі, дзе пражывае шмат выхадцаў са Слонімшчыны. Яны там займаюць вялікія пасады ў дзяржаўных і навуковых установах, выдаюць свае навуковыя працы, займаюцца мастацтвам і літаратурай.
Слонімцы ў свеце — бясконцая тэма. Пошукі іх слядоў патрабуюць тэрміновай даследчай працы. Бо кожны пражыты год, дзесяцігоддзе, стагоддзе губляюць звесткі пра тых слонімцаў, якія пакінулі нашу радзіму 50-70 гадоў назад. Трэба шукаць сляды папулярнага ў 20-30 гадах беларускага паэта Сяргея Дарожнага са Слоніма, які загінуў у сталінскім засценку, будуючы Камсамольск-на-Амуры. Дзесьці ў горадзе Йашкар-Ала знаходзіцца магіла Івана Бялькевіча з вёскі Варонічы Слонімскага раёна — беларускага мовазнаўцы, лексікографа і лексіколага, аўтара “Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны” (1970), які таксама быў рэпрэсіраваны, і многіх іншых.
У 1921 годзе памёр забыты ў Здалбунаве Ровенскай вобласці, што на Украіне, беларускі драматург, паэт, празаік Кандрат Лейка з вёскі Збочна Слонімскана раёна. Запушчаная і закінутая яго магіла знаходзіцца ў Здалбунаве. На шыльдачцы, якая прымацавана да жалезнага крыжа, напісаны тэкст:
Нуда яго зваліла
На чужому полі,
У чужую зямлю палажыла —
Такая яго доля.
Такая доля спаткала і выдатнага слонімскага паэта Гальяша Леўчыка, які загінуў у Варшаве ў 1944 годзе.
Некаторыя знакамітыя слонімцы назаўсёды знайшлі свой спачын у Санкт-Пецярбургу. Сярод іх — Канстанцін Пушкарэвіч — доктар філалагічных навук, перакладчык, педагог, Уладзімір Хлябцэвіч — родны брат Яўгена Хлябцэвіча, беларускага крытыка, бібліёграфа, перакладчыка і іншыя.
Вялікая Айчынная вайна зрушыла са Слонімшчыны сотні яе жыхароў. Пакінуў родную зямлю беларускі рэлігійны, а таксама вайскавы дзеяч з вёскі Сурынка Тодар Данілюк (1877—1960). Ён у свой час скончыў духоўную се-мінарыю пры Жыровіцкім манастыры, працаваў настаўнікам, псаломшчыкам. У снежні 1918 года Тодар Данілюк быў абраны старшынёй беларускай валасной рады ў Ваўкавыску. А праз месяц становіцца афіцэрам Першага Беларускага Гродзенскага палка, прымае ўдзел у Слуцкім паўстанні.
У 1922—39 гадах Тодар Данілюк служыў настаяцелем прыходаў на Слонімшчыне, а ў жніўні 1942 года, як прадстаўнік Нава-градскай епархіі, удзельнічаў у Саборы беларускага духавенства ў Мінску, на якім была абвешчана Беларуская аўтакефальная права-слаўная Царква (БАПЦ).
З 1950 года Тодар Данілюк жыў у ЗША. Там стварыў і быў на-стаяцелем парафіі БАПЦ св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне (Нью-Йорк). На ўстаноўчым з’ездзе епархіі БАПЦ у ЗША і Канадзе ў траўні 1960 года быў абраны ў епархіяльную ўправу, прызначаны кіраўніком царкоўна-судовага аддзела епархіі. Праўда, на гэтай пасадзе доўга пабыць не ўдалося, бо гады ўсё ж бралі сваё. 27 ліпеня 1960 года Тодара Данілюка не стала. Ён пахаваны на беларускіх могілках у Нью-Брансвіку каля Нью-Йорка.
У ЗША сёння жыве яго сын Барыс Данілюк з сям’ёй, які нарадзіўся, як і бацька, у вёсцы Сурынка Слонімскага раёна. Барыс працягвае рэлігійную справу бацькі. Ён з’яўляецца сакратаром БАПЦ, перакладае на беларускую мову псалмы і выдае газету “Царкоўны Пасланец”. У 2000 годзе рыфмаваныя пераказы выбраных псалмоў і пабожных вершаў пад загалоўкам “Душыныя пасьпевы” Барыса Данілюка выйшлі з друку асобнаю кнігаю.
У ЗША пражывае сёння яшчэ адзін былы жыхар Слонімшчыны Іван(Джон) Вішнеўскі. Гэта адзін з багацейшых слонімцаў на эміграцыі.
Упершыню родную Беларусь наш зямляк наведаў восем гадоў назад. Пра яго візіт у Мінск паведамляла тады рэспубліканская прэса. “Я думаў, што прыеду ў несучаснае — бруднае мястэчка. А калі ўбачыў родную Беларусь, то быў проста ўражаны. Я зразумеў, што любоў да Радзімы за-станецца ў маім сэрцы да самай смерці”, — гаварыў тады Іван Вішнеўскі. Але гэта быў не проста эмігрант, які ад настальгіі і тугі завітаў на Бацькаўшчыну. Іван Вішнеўскі — кіраўнік буйной амерыканскай фірмы “NDII” па інвестыцыях і продажу нерухомасці, мільянер.
У свой час сям’я Вішнеўскіх эмігрыравала ў ЗША. Там наш зямляк і стаў бізнесменам. Яго фірма мае штогадовы абарот у 165 мільёнаў даляраў. Яна займаецца таксама будаўніцтвам офісаў і жыллёвых будынкаў.
Іван Вішнеўскі яшчэ і пісьменнік. Сем яго кніг, выдадзеных у Штатах, сталі бестселерамі. Тэма — амаль “па Карнегі”: як максімальна выкарыстаць свае творчыя магчымасці. Адна з кніг была надрукавана ў Маскве на рускай мове, а ўвесь прыбытак ад яе продажу пайшоў на патрэбы Беларусі.
Зямляк-мільянер меркаваў “прывезці” у Беларусь буйны бізнес Штатаў, каб укласці мільярды даляраў у беларускую эканоміку. Нават быў распрацаваны план будаўніцтва ў Мінску гасцініц, офісаў і катэджаў. Была размова і пра Слонім. Але хуткія палітычныя змены і нестабільнасць Беларусі насцярожылі Івана Вішнеўскага. Усе планы і задумкі так і засталіся няздзейсненымі. Але хочацца верыць, што не ўсё яшчэ страчана. Бо ў Слоніме ёсць што будаваць і рэстаўрыраваць.
Да вайны і ў час акупацыі ў Слоніме жыў паэт, журналіст і палітык Сяргей Сіняк (Хмара). У 1939 годзе ў Вільні ён выдаў зборнік паэзіі “Жураўліным шляхам”.
Пасля вайны Сяргей Хмара жыў у Канадзе, выдаваў беларускія газеты і часопісы.
Яго дачка — Магдалена Сіняк — узначальвае этнічнае тэлебачанне ў Таронта, выдала кнігу на англійскай мове “Беларусы ў Канадзе”.
Жыў у Канадзе яшчэ адзін наш зямляк Рыгор Акулевіч. Ён нарадзіўся ў вёсцы Вялікая Кракотка, быў адным з арганізатараў гурткоў Грамады і ТБШ, бібліятэкі імя Янкі Купалы ў сваёй роднай вёсцы. Ратуючыся ад рэпрэсій з боку польскіх уладаў, выехаў у 1928 годзе ў Канаду. Там быў адным са стваральнікаў Федэрацыі рускіх канадцаў і яе друкаванага органа — газеты “Вестник”. Выдаў кнігі “Рускія ў Канадзе”, “50 год Беларускай рэспубліцы”.
З Канады вернемся ў Еўропу, найперш у сталіцу Бельгіі горад Брусель, дзе цяпер пражывае вядомы ў Бельгіі фармацэўт-гамеапат Лаўрэн Клыбік (памёр у 2005 годзе).
Нарадзіўся наш зямляк у вёсцы Хадзявічы Слонімскага раёна ў 1928 годзе. У час вайны немцы вывезлі яго ў Германію. Жывучы на Захадзе, Лаўрэн Клыбік скончыў вячэрнія курсы лонданскага “Фінчлей каледжа” і Лювенскі уні-версітэт у Бельгіі. Спачатку працаваў кіраўніком аптэкі ў Бруселі, а пасля ў Мехіліне. Маючы выдатную практыку, у 1996 годзе адкрыў сваю ўласную аптэку. Добры кантакт з кліентамі, карысныя парады аптэкара пачалі прыцягваць людзей. Ён нават сам стварыў некалькі прэпаратаў, якія да сённяшніх дзён карыстаюцца попытам не толькі ў Бельгіі, але і ў іншых краінах.
У 1977 годзе наш зямляк зацікавіўся гамеапатыяй (гамеапатыя — слова грэчаскага паходжання, складаецца з двух слоў: homois — падобны, pathos — хвароба, што азначае “лячыць падобным”), паступіў на вячэрнія курсы га-меапатычнай школы ў Бруселі, а праз чатыры гады адкрыў ужо сваю лабараторыю.
Пасля абароны навуковай працы “Кава і яе ўздзеянне на чалавечы арганізм” Лаўрэн Клыбік быў прыняты ў Асацыяцыю гамеапатаў Бельгіі. Яго праца выклікала вялікую цікавасць у многіх краінах Еўропы. Яна была апублікавана ў медыцынскіх часопісах Францыі, Бельгіі і Беларусі. Адно з апошніх яго навуковых даследаванняў “Уплыў радыеактыўнасці на жывыя арганізмы” выйшла з друку на французскай мове ў Бруселі ў 1995 годзе.
Цяпер не часта наш зямляк бывае на Бацькаўшчыне, але ён па-ранейшаму падтрымлівае сувязь з беларускімі медыкамі для апрабавання гамеапатычных сродкаў супраць хвароб, выкліканых радыяцыяй на тэрыторыі Беларусі, якая забруджана радыенуклідамі ў выніку чарнобыльскай катастрофы. “Хоць усё маё свядомае жыццё праходзіць далёка ад Беларусі, — гаворыць спадар Лаўрэн, — я заўсёды думаю, як дапамагчы людзям на Бацькаўшчыне”. А нядаўна слонімскі фармацэўт у Бельгіі перадаў для музея “Беларусы ў свеце”, які існуе ў Мінску ў Цэнтры імя Ф. Скарыны, некалькі каштоўных рэліквій. Гэта вышыты беларускім арнаментам касцюм, у якім Лаўрэн Клыбік выступаў у час вучобы ў Лювенскім універсітэце, дакументы, фатаграфіі 40 — 50-х гадоў, звязаныя з жыццём і дзейнасцю беларускай эміграцыі…
Да сказанага пра нашага фармацэўта ў Бельгіі хочацца дадаць, што Лаўрэн Клыбік жанаты з бельгійкаю Жанін Сакрэ. Яны маюць дзвюх дачок Сафію і На-дзею, а таксама ўнукаў — Бенжамена і Валянціну.
З Бельгіі завітаем да слонімцаў у Парыж. Дарэчы, класік французскай паэзіі Гіём Апалінэр (сапраўднае прозвішча Уладзімір Аляксандр Апалінарый Кастравіцкі) быў родам з Кастравіцкіх. Гэты род пачынаецца з вёскі Кастровічы Слонімскага раёна. Адсюль была родам маці Гіёма Апалінэра, якая паходзіла з гэтага роду Кастравіцкіх, а Гіём з’яўляўся яе пазашлюбным сынам.
Сёння ў Парыжы пражывае з сям’ёй славуты на ўсю Еўропу спявак з вёскі Какошчыцы Аркадзь Валадось.
Аркадзь Валадось — вядучы барытон Францыі. Ён вучыўся ў Белдзяржфілармоніі ў дацэнта С.Асколава, пасля закончыў Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю, дзе пазнаёміўся з французскай спявачкай, якая моцна закахалася ў слонімскага хлопца. Яны пажаніліся і ў 1979 годзе пераехалі жыць у Парыж.
У 1992 годзе Аркадзь Валадось быў у Мінску на гастролях. Ён выконваў партыю Грознага ў оперы М. Рымскага-Корсакава “Царская нявеста” і меў вялікі поспех.
Сёлета Аркадзь Валадось таксама пабываў у Мінску. Разам з піяністам Юго Лёклэрам ён даў канцэрт для пацыентаў Інстытута радыяцыйнай медыцыны ў Аксакаўшчыне. Яны выступалі яшчэ ў другой дзіцячай клініцы ў Мінску. Французскім гасцям давялося нават самім адрамантаваць перад канцэртам бальнічнае фартэпіяна.
Шмат знакамітых слонімцаў сёння пражывае ў Польшчы. Гэта гісторык Тадэвуш Сасінскі, паэт Збігнеў Талачынскі, артыстка тэатра і кіно Аліна Яноўская і многія іншыя.
Польскі кінарэжысёр Збігнеў Хмялеўскі нарадзіўся ў Слоніме ў 1926 годзе ў сям’і настаўнікаў. Скончыў у Лодзі Вышэйшую школу кіно. Паставіў мастацкія фільмы “Твар анёла”, “Шлюбная аб’ява”, “Далёка ад шашы”, “Сям’я Кандэраў”, “Блізка, штораз бліжэй” і іншыя.
Альбярцін з’яўляецца радзімай польскага сацыёлага, публіцыста, доктара гуманітарных навук, прафесара Мікалая Казакевіча. Нарадзіўся ён у 1923 годзе, скончыў філасофскі факультэт Варшаўскага універсітэта. Працаваў у Польскай Акадэміі навук. Выдаў дзесяткі кніг па пытаннях планавання сям’і, для моладзі і пра моладзь…
І, наогул, каб пра ўсіх слонімцаў у свеце расказаць, патрэбна вялікая манаграфія. Радуе адно, што дзе б не жылі мае землякі, яны заўсёды памятаюць, што іх радзімай з’яўляецца Слонімшчына — цудоўны і багаты на таленты куток Беларусі.
2000
Жураўліны шлях паэта
Старшыня Згуртавання Беларусаў Канады Мікола Ганько неяк сказаў: “Пра жыццё і дзейнасць Сяргея Хмары можна напісаць цэлую гісторыю, а можна абыйсціся некалькімі сказамі”(Лявон Юрэвіч. Камэнтары. Мн., 1999. С.170). Андрэй Чэмер паспрабаваў напісаць такую гісторыю пра гэтага чалавека. У 1998 годзе ў Вільні ён выдаў кнігу, якая так і называецца “Сяргей Хмара”. Але пра самога беларускага паэта, змагара, выдаўца там так і нічога не было сказана. У кнізе аўтар прайшоўся па старонках газеты “Беларускі голас”, якую ў Канадзе выдаваў Сяргей Хмара-Сіняк, і працытаваў розныя факты з газетных публікацый. Цікавымі ў гэтым выданні з’яўляюцца хіба толькі “Прадмова” і “Замест пасьляслоўя”.
Наогул, пра Сяргея Хмару-Сіняка напрацягу першых пасляваенных 50 гадоў у беларускім друку пісалася ўсё толькі адмоўнае. Як маглі, так і палівалі брудам яго ў савецкім друку Л. Прокша, В.Раманоўскі, В. Мацкевіч. І толькі аўтару гэтых радкоў у сакавіку 1991 года ў тыднёвіку “Літаратура і мастацтва” удалося надрукаваць невялікі артыкул-згадку пра гэтага своеасаблівага чалавека. Але і гэтая публікацыя выклікала неадназначны рэзананс у Беларусі і ў Канадзе. У газеце “Зважай” (Таронта, верасень, 1991) Кастусь Акула, прачытаўшы гэтую першую лімаўскую публікацыю пра Сяргея Хмару, выказаў сваё абурэнне. Ён абураўся тым, што Хмара з 1945 года “сядзеў на Пятровым пасадзе Ватыкану”, што “Сіняк-Хмара ніколі не навучыўся беларускае мовы і быў ужо ведамым графаманам у паэзіі”, што “падтрымліваў і праслаўляў шарлатана “патрыярха” Рыжага-Рыскага”, што ў “1952 г. намагаўся захапіць Беларускі Выдавецкі Фонд і газэту “Беларускі Эмігрант”, а калі тое не ўдалося, пачаў выдаваць сваю газэту “Беларускі Голас” і г.д.
У газеце беларускіх вайскоўцаў “Во славу Родины” (8 красавіка 1992 г.) нехта М.Маліноўскі з Баранавіч напісаў “несколько слов воинствующей ненависти” пад загалоўкам “Иверс против Чигрина” (Іверс — маецца на ўвазе слонімскі паэт Анатоль Іверс (Іван Дарафеевіч Міско) — С.Ч.). Справа ў тым, што апісаная дзейнасць Сяргея Хмары ў лімаўскім артыкуле не спадабалася паэту Анатолю Іверсу, і ён аб гэтым выказаў сваю ўласную думку на старонках літаратурнага выдання. А Маліноўскі паводле двух апублікаваных матэрыялаў напісаў свой. У ім ён бяздоказна ганьбіў Сяргея Сіняка і абараняў Анатоля Іверса. Але, на жаль, спадар Маліноўскі шмат чаго не ведаў тады пра лёс гэтых таленавітых, але розных па-свайму характару і меркаваннях паэтаў.
У канцы 30-х — пачатку 40-х гадоў у Слоніме іх усе добра ведалі. Яны пісалі вершы, выступалі на літаратурных вечарах, сустрэчах, друкаваліся ў мясцовай і віленскай прэсе. Гэта былі — Сяргей Хмара-Сіняк, Анатоль Іверс і Сяргей Новік-Пяюн. А яшчэ іх аб’ядноўвала тое, што яны любілі свой край, свой народ, размаўлялі на роднай мове. Пры паляках два Сяргеі і Анатоль былі пад наглядам польскай паліцыі, пасля 1939 года — пад пільным вокам НКУС, у гады вайны — страх быў і перад немцамі, і перад савецкімі партызанамі. Менавіта вайна скразною лініяй прайшла праз лёс гэтых хлопцаў, яна іх разлучыла назаўсёды. Сяргею Хмары (старэйшы за іх быў і больш вопытны) удалося ўцячы на Захад, Сяргей Новік-Пяюн у снежні 1944 годзе быў арыштаваны органамі НКУС, а праз год адпраўлены на 10 гадоў на Калыму. Анатоля Іверса арышты мінавалі, хаця немцы расстралялі ягоных жонку і бацьку. А сам паэт, жывучы ў Слоніме, да самай смерці насіў кляймо “нацыяналіста”. Пасля вайны, як пісаў Васіль Быкаў у сваёй кнізе “Доўгая дарога дадому”, Анатоль Іверс “быў звольнены з працы, выключаны з СП і пятнаццаць гадоў прарабіў на смалакурні ў лясгасе”(Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому. Мн., 2002. С. 319).
Мне пашанцавала ў жыцці з гэтымі людзьмі быць добра знаёмым, шмат гадоў сябраваць. З Анатолем Іверсам сустракаліся і гутарылі часцей, бо жыў ён са мною побач у адным нашым родным Слоніме. З Сяргеем Новікам-Пяюном сустрэчы адбываліся і ў Слоніме, і ў Мінску ў ягонай маленькай кватэры на вуліцы Купрыянава. А вось спаткацца з Сяргеем Хмарам не давялося, хаця мы дзесяць гадоў перапісваліся. Шмат гэтыя людзі мне распавядалі пра сваё жыццё-быццё, найперш пра акупацыйны немцамі Слонім. І што дзіўна, што кожны з іх у сваім трагічным лёсе абвінавачваў сяброў. Паэты адышлі на той свет, але так і не памірыліся. Хаця Сяргей Хмара гэтага хацеў, часам дасылаў ім свае газеты і часопісы. Але хлопцы маўчалі. І хто з іх у чым быў вінаваты — сёння цяжка судзіць. Кожны з іх ратаваў сябе, як мог. І кожнаму з іх у жыцці было нялёгка. Тым не менш, слонімскія паэты не скарыліся, не прапалі, не зніклі. Ды і пражылі яны доўгія жыцці: Сяргей Новік-Пяюн — 88 гадоў, а Анатоль Іверс і Сяргей Хмара — 87 гадоў. Бог, як кажуць, адмераў ім аднолькава.
І ўсё ж самым неразгаданым, розным і супярэчлівым быў у жыцці і застаецца ў гісторыі беларускай літаратуры і гісторыі нацыянальнага руху Сяргей Хмара-Сіняк. Нават месца яго нараджэння падаецца па-рознаму. Адны выданні пісалі, што ён нарадзіўся ў Пінску, другія — у Адэсе, трэція — у Слоніме. Ды і сам ён паведамляе ў сваёй аўтабіяграфіі, што нарадзіўся ў Адэсе (Запісы Беларускага Інстытута навукі і мастацтва. Выпуск 24. Нью-Ёрк, 1999. С.149). І ўсё ж Сяргей Сіняк нарадзіўся не ў Адэсе і не ў Пінску, а ў вёсцы Казлоўшчына былога Слонімскага павета (цяпер Дзятлаўскі раён) 25 траўня 1905 года. А калі яму споўніўся год, бацькі, у пошуках працы, выехалі на Украіну, пасля ў Варшаву, а потым, калі пачалася Першая сусветная вайна, жылі ў Казані, Растове-на-Доне і ў Варонежскай губерні.
У 1918 годзе пры нявысветленых абставінах загінуў бацька. Сяргей Сіняк з маці і з малодшаю сястрою вярнуліся ў родную вёску. Вучыцца хлопчыку не было за што. Таму, пасля расійскай пачатковай школы, ён займаўся самаадукацыяй: шмат чытаў па-руску, па-беларуску і па-польску, асабліва зачытваўся раманамі Генрыка Сянкевіча. І вельмі шмат працаваў: пастухом, лесарубам, землякопам, агароднікам, падзёншчыкам у маёнтку, будаўніком… На працы заўсёды дабіваўся справядлівасці. Аднойчы нават кінуў каменем у панскага аканома за тое, што няправільна і мала налічылі заробак. Аканом выгнаў яго з работы і даў мянушку “бунтар”. Пасля “бунтара” выганялі з будаўніцтва дарогі за арганізаваны страйк, пасля, калі працаваў касцом у маёнку, і з іншых месцаў.
У пачатку 20-х гадоў Сяргей Сіняк наладжвае кантакты з сябрамі Беларускай Народнай Рэспублікі, з рознымі адказнымі заданнямі ездзіць у Варшаву, Вільню, Слонім. Ён хутка знаёміцца з беларускімі вайскоўцамі, з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі — Рамуальдам Зямкевічам, Гальяшом Леўчыкам, Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Аляксандрам Уласавым і з іншымі. Становіцца адным з арганізатараў Таварыства Беларускай Школы (ТБШ), арганізоўвае 12 беларускіх школ. У Брэсцкім абласным архіве знаходзіцца, як пацвярджэнне, пасведчанне на імя Сяргея Сіняка, што ён з’яўляўся сябрам ТБШ (ф.2042, оп.1, сп.8869).
У сярэдзіне 20-х гадоў Сяргей Сіняк уступае ў Беларускую Сялянска-Работніцкую Грамаду. На Слонімшчыне ён арганізоўвае 32 гурткі Грамады, якія налічвалі каля трох тысяч чалавек.
У 1930 годзе Сяргея Хмару выбіраюць сакратаром пасольскага клуба “Змаганьне” у Пінску, ён спрабуе закласці беларускую гімназію і выдаваць часопіс. Праз год юнак працуе інструктарам Галоўнай Управы ТБШ у Вільні, а яшчэ праз год яго арыштоўвае польская дэфензіва і разам з Браніславам Тарашкевічам саджае ў турму. У час працэсу Грамады польскі пракурор-абвінаваўца назваў С.Сіняка “лятаючым рыцарам Грамады”. Наогул, Сяргей Сіняк пры паляках, пры саветах і пры немцах за сваю актыўную беларускую палітычную і творчую дзейнасць адсядзеў каля 11 гадоў у турмах. У сваёй аўтабіяграфіі (зборнік “Мы”, выданне суполкі “Ускалось” на чужыне, 1949) ён пісаў: “Мае школы — Лукішкі, турмы ў Слоніме, Гародні, Пінску, Берасьці, канцэнтрацыйны лагер Картуз-Бяроза і шмат іншыя”. Пра яго актыўнасць і смеласць у Заходняй Беларусі паведамляла нават Тэлеграфнае Агенства Савецкага Саюза (ТАСС). Гэтае паведамленне апублікавалі ўсе газеты былой вялікай краіны. “Слоним (Западная Белоруссия). 13 октября. Заместителем начальника городского отряда рабочей гвардии Слонима работает широко известный в Западной Белоруссии молодой, талантливый поэт Сергей Хмара. С оружием в руках он охраняет свой город и организует борьбу с притаившимся остатками офицерских бандитских шаек. До прихода в Слоним Красной Армии поэт находился в концентрационном лагере Картуз-Береза. В польских тюрмах, казематах и лагерях он провел 6 лет. В своих произведениях Сергей Хмара писал о тяжелой доле угнетавшихся панами хлеборобов Западной Белоруссии и вырожал уверенность в том, что скоро настанут времена, когда крестьяне будут свободными и счастливыми. Сбылись слова поэта, эти времена настали” — пісала газета “Социалистическая Якутия” 17 кастрычніка 1939 года.
Са зброяй у руках Сяргей Сіняк не ваяваў, а вось пяром валодаў добра. Першы надрукаваны верш з’явіўся ў газеце “Беларуская крыніца” у 1925 годзе. Ён меў назву “Годзі, мы доўга цярпелі, мы доўга хадзілі ў ярме”. А праз тры гады паэты і празаікі Заходняй Беларусі выдаюць у Вільні зборнік “Рунь веснаходу”, дзе побач з вершамі Хведара Ільляшэвіча, Наталлі Арсеньневай, Міхася Васілька, Яўгена Бартуля і іншых аўтараў надрукаваны і творы Сяргея Хмары-Сіняка. А вось першыя паэтычны зборнік “Бунтарнае” і кніга прозы “Шляхам барацьбы” загінулі падчас ліквідацыі выдавецтва “Рунь”. Але ў 1939 годзе першая кніга вершаў “Жураўліным шляхам” Сяргея Сіняка пад псеўданімам Хмара ўсё ж пабачыла свет у Вільні.
Зборнічак быў невялікі, ён налічваў усяго 24 вершы. Паэт шчыра апісваў жыццё сваіх землякоў з яго праблемамі і традыцыямі. Цікава і дасціпна паказаў вобразы землякопаў і краўчых, а таксама вобраз вёскі. Гэтыя паэтычныя радкі гучалі як заклік да жыцця і змагання. Але ў кожным вершы адчувалася нейкая самота і адзінота:
Неба начой было яснае, яснае!
Белае, белае, — як малако.
Недзе жалеза затворамі ляснула,
Сумна зайржаў ў хляве конь.
Мацнейшымі ўсё ж былі ў зборніку радкі, прысвечаныя Прыпяці, Палессю і наогул — роднай прыродзе:
Цэлы дзень у паветры сонным
Кос гарыць пажар.
Плача кнігаўка і звоне
Травяны абшар.
Паэт вылучаўся сярод сваіх равеснікаў вынаходніцтвам новых беларускіх слоў, якімі любіў насычаць свае вершы. Праўда, не ўсе яны ў нашай мове прыжыліся. Напрыклад, такія словы як “запраўляч”, “шувары”, “ладунак”.
У 1937 годзе Сяргей Сіняк у Дзятлаве арганізоўвае літаратурную сустань “Маладая Ўскалось”. Плануе разам са сваімі равеснікамі і старэйшым слонімскім паэтам Гальяшом Леўчыкам выдаваць аднайменны літаратурны часопіс. Але палякі не дазволілі.
Пасля прыходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь Сяргей Хмара жыве ў Слоніме. Праз два тыдні яго арыштоўваюць органы НКУС і саджаюць у мінскую турму, а пасля пераводзяць у Чэрвень. З пачаткам вайны арыштаваных з Чэрвеня гоняць пехатою ў Магілёў. Па дарозе Сяргею Хмары ўдаецца ўцячы і ён вяртаецца ў акупаваны немцамі Слонім. Прыдбаўшы невялікую кніжную краму, ён прадае беларускія часопісы, газеты і кнігі, прымае ўдзел у выданні газеты “Слонімскі кур’ер”, выступае на раённым радыё. Акрамя гэтага наш зямляк арганізоўвае брыгаду Беларускай Самапомачы. Але пасля таго, як гэтая брыгада адмовілася ўдзельнічаць у грабяжах гета, яна была немцамі ліквідавана, а Сяргея Хмару зноў пасадзілі ў турму (дзякуючы сябрам праз пэўны час яго вызвалілі). Таму меў рацыю Юрка Віцьбіч, калі казаў, што ”усялякі без вылучэньня акупант Беларусі (паляк, расеец, немец) саджаў Сяргея Хмару за краты, а таму ён больш за іншых мае права пісаць:
Усьцяж Беларусь!
Беларусь на губах,
У сэрцы ж —
Чорная здрада!
Мне прыемна, што ў трэцім нумары “Шыпшыны” (беларускі эміграцыйны часопіс, які выдаваўся ў 1946-50 гадах, выйшла 9 нумароў — С.Ч.) быў надрукаваны гэты верш Сяргея Хмары “Беларусь”, які зьяўляецца клясычным узорам палітычнае паэзіі, патрыятычнага мастацтва. Урэшце-рэштаў, ён успрымаецца як паэтычны маніфэст “Баявое Ўскалосі” (Лявон Юрэвіч. Літаратурны рух на эміграцыі. Мн., 2002. С.78-79).
У 1944 годзе Сяргей Сіняк едзе ў Германію, баючыся, што пасля яе капітуляцыі, ён зноў трапіць у засценкі НКУС. Спачатку працуе дырэктарам Беларускага інфармацыйнага бюро, а пасля рэдактарам газеты “Голас беларусаў”. Ужо тады ён пачынае адраджаць літаратурную сустань, але на гэты раз не маладой, а “Баявой Ўскалосі” са знакам “Двупагоняй” г. з. з абаронай Беларусі з Захаду і з Усходу. Па-ранейшаму піша вершы і выдае свой другі зборнік паэзіі “Мы”. Сюды ўвайшлі вершы, напісаныя ў 20-30-х гадах, а таксама новыя, у якіх адчуваецца настальгія па Бацькаўшчыне і сум развітання з ёю:
Хусткай пунсоваю ўсход упрыгожыўся,
Шоўкавы дотык вецер прынёс.
Вылезла сонца, умыўшыся росамі,
І засьмяялась, запесьціла косамі
Статныя станы бяроз.
З Германіі яго шлях ляжыць у Канаду ў Таронта, дзе і пражыў усё сваё жыццё.
У Таронта Сяргей Хмара найперш займаўся выдавецкай дзейнасцю. Выдаў там 18 нумароў часопіса “Баявая Ўскалось”, а таксама каля 370 нумароў газеты “Беларускі голас”. Апошнія два нумары выйшлі з друку пад назваю “Водгаласы”. Усе гэтыя выданні выдаваў за свой асабісты кошт.
Многія беларускія суайчыннікі на эміграцыі крытыкавалі Сяргея Хмару за тое, што ён шмат у сваіх выданнях пісаў пра сябе, пра сваю сям’ю, публікаваў у кожным нумары свае здымкі. Але яму гэта можна сёння дараваць, тым больш, што гэта былі яго ўласныя выданні. Але яны заўсёды выдаваліся па-беларуску, у іх паведамлялася пра жыццё на Беларусі, пра справы беларускай дыяспары на эміграцыі, друкаваліся вершы беларускіх паэтаў, цікавыя гістарычныя матэрыялы, напрыклад, успаміны Сяргея Хмары пра Гальяша Леўчыка, Антона Луцкевіча, Якуба Міско, Піліпа Пестрака, Максіма Танка, Уладзіміра Дубоўку і пра многіх іншых вядомых беларусаў. На старонках “Баявой Ўскалосі” і “Беларускага голасу” публікавалі свае творы многія беларусы, якіх лёс закінуў у розныя дзяржавы свету. Сярод іх — Янка Юхнавец, Кастусь Мярляк, Юрка Віцьбіч, Міхась Кавыль, Алесь Змагар, Вольга Трэска, Мікола Целеш, Мікола Вярба, Уладзіслаў Сноп, Васіль Вір, Наталля Арсеньнева, Ніна Змагарка, Мікола Панькоў — ды усіх не пералічыць. Вядома, у выданнях Сяргея Хмары было і засталося шмат памылак, недакладнасцяў, найперш у датах, геаграфічных мясцінах, нават у прозвішчах. Відаць было, што рэдактар не карыстаўся энцыклапедычнымі даведнікамі, а шмат пісаў тое, што ведаў, што захавала памяць. Жыццё на чужыне для яго не было лёгкім, тым больш, што з Радзімай Сяргей Хмара-Сіняк развітаўся ў 40-гадовым узросце. Яму і там хацелася дзейнічаць, змагацца за Беларусь іншым шляхам, іншымі метадамі. Ён любіў і паважаў, крытыкаваў і злаваў на прадстаўнікоў БНР і БЦР, але сам ад іх заставаўся ўбаку. Ён быў прыхільнікам “трэцяй сілы” на эміграцыі. І нам сёння трэба з гэтым змірыцца і прымаць Сяргея Хмару такім, якім ён быў.
Акрамя выдавецкай дзейнасці, наш суайчыннік на эміграцыі даследаваў беларускую міфалогію. Па гэтай тэме выдаў кнігі “Аб Багох крывіцкіх сказы” (два выданні) і “Сказы Бацькаўшчыны”. У іх аўтар паспрабаваў зрабіць сваю “рэканструкцыю” міфалогіі. Хмара расказаў пра Дальбога, Чарнабога, Ярылу Сонцалістага, Яшчара, Воласа, Ляля, Зюзю і іншых крывіцкіх багоў беларускай міфалогіі.
Да ўсяго сказанага вышэй пра Сяргея Хмару-Сіняка трэба дадаць, што ён шмат гадоў употайкі перапісваўся з Піліпам Пестраком, які дасылаў яму беларускія кнігі. А ў рамане “Сустрэнемся на барыкадах” П.Пестрак нават змясціў невялікі ўрывак з яго песні “Годзі, мы доўга цярпелі…”.
Працяглы час сябраваў Сяргей Хмара і з Уладзімірам Дубоўкам, які прысвяціў яму сваю казку “Як сінячок да сонца лётаў” (1961). У добрых адносінах ён быў з Валянцінам Таўлаем, Андрэем Чэмерам і з іншымі беларускімі літаратарамі. У адным з апошніх пісем да аўтара гэтых радкоў Сяргей Хмара пісаў: "У нас тут на чужыне многія ўжо памерлі ці хутка памруць. І мне штораз горш. Бывае не магу ані пісаць, ані хадзіць нават. Вір — у Гамільтоне, Вольны — ў Ньё-Ёрку, Змагар — на Флярыдзе. Усе хварэюць. Янка Макарэвіч ў Аўстраліі, год як ляжыць паралізаваны. Нешта падобнае там і з Сасноўскім. Смаленскі жыў у Англіі, ужо не піша. Не піша і Дуброўскі з Аўстраліі. Ён і Жамойда нявылечна хворыя. Дрыгвіч з Англіі таксама не піша. Замоўк Юхнавец. Цэлеш і Ліманоўскі з ЗША — таксама. Нядаўна памерла Ніна Змагарка. Замоўкла Валянціна Сірата… Маладой руні мы не маем. З нашым адыходам — скончыцца тут і Беларусь…”. Сумна такія радкі чытаць. А яшчэ горка было тады, калі з Канады прыйшла вестка, што не стала Сяргея Хмары-Сіняка. Яго жураўліны шлях закончыўся 4 верасня 1992 года ў Таронта. На жаль, беларускі друк пра гэта не паведаміў. А дзесяткі замежных часопісаў і газет змясцілі на сваіх старонках развітальныя словы. Вось што напісала, напрыклад, украінская газета “Новий шлях”(Канада): “Сяргей Сіняк народився 87 років (і три місяці) тому в Білорусіі, пережив царя, революцію, дві світові війни,табори, еміграцію, і розвал комуністичноі імперіі. І тепер, власне тепер він був потрібний своій Батьківщині, але — Бог рішив інакше…”.
25 траўня 2005 года Сяргею Хмары споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння. Да стагоддзя яго і напісаліся гэтыя радкі.
2005
Уладзімір Караткевіч на Слонімшчыне
Уладзімір Караткевіч моцна любіў Беларусь, яе гісторыю і людзей. Але больш за ўсё ён любіў падарожнічаць па роднай Бацькаўшчыне. З вандровак ён прывозіў новыя задумкі, тэмы і творы.
Бываў Уладзімір Караткевіч і на Слонімшчыне. Упершыню ён наведаўся сюды летам 1963 года. Разам з ім прыязджалі Янка Брыль і Уладзімір Калеснік. Пазней пра гэту паездку на Слонімшчыну і пра сваіх сяброў пісьменнік напіша ў артыкулах “Мой друг і мая зямля” і “Шляхі ў палях”. Што ж уразіла ў Слоніме вялікага літаратара ў першы прыезд? “Быў Слонім, роўны канал і крэмавыя старыя будынкі, ля муроў якіх, у закутках, раслі каравыя старажытныя каштаны, — піша Уладзімір Караткевіч. — У Слонімскім музеі ўразіла мяне адна рэч. Я тады пасаромеўся пра яе сказаць. А шкада, можа б, насмяяліся. Уразіла каменная галава язычаскага Бога. Невядомы скульптар, высякаючы яе, відавочна, меў на ўвазе Янку. Аблічча было такое самае — моцнае і масіўнае. Вачэй, што праўда, не хапала. Разумных чалавечых вачэй. Што зробіш, продкі таксама ўсяго не прадбачылі… І толькі гэта ўнутранае падабенства дало мне тады шчас-лівае адчуванне рэальнасці таго фантастычнага хараства, што буяла вакол. Аднаго з найпрыгажэйшых гарадоў і адной з найпрыгажэйшых вёсак Беларусі — Кракоткі, і замкаў, і старых муроў”.
Што датычыць вёскі Кракотка, дык пісьменнік яе, сапраўды, вельмі моцна палюбіў. У артыкуле “Шляхі ў палях” ён зноў прыгадвае гэтую вёску і яе людзей: “Мы ў Малой Кракотцы, у сябра-настаўніка, дужа добрага чалавека. Малая Кракотка — адна з найпрыгажэйшых вёсак, што мне давялося бачыць за ўсё жыццё…”.
Вёска Кракотка — вельмі прыгожая вёска з багатай гісторыяй, нацыянальнымі традыцыямі, са знакамітымі людзьмі. Яшчэ ў 1927 годзе тут была адкрыта беларуская бібліятэка імя Янкі Купалы. Гэта першая ў Беларусі ўстанова, якой было прысвоена імя Народнага Песняра. У такім прыгожым і багатым на таленты куточку Слонімшчыны не пабываць і не палюбіць яго — Уладзімір Караткевіч проста не мог.
Другі раз наведаў ён Слонім у жніўні 1966 года ў складзе здымачнай групы “Беларусьфільма”, якая здымала кароткаметражны дакументальны фільм “Памяць каменя”. Са Слоніма іх шлях ляжаў у Сынковічы, Пружаны, Брэст.
Уладзімір Караткевіч не толькі бываў на Слонімшчыне, але і шчыра сябраваў з многімі слонімцамі. У добрых сяброўскіх адносінах ён быў з Анатолем Іверсам, Іванам Чыгрыным, Сцяпанам Міско і з Міколам Грынчыкам, які быў родам з Быценя. Дарэчы, у маі 1967 года разам з Міколам Грынчыкам Уладзімір Караткевіч зноў наведаў Слонім і Быцень, а таксама вёску Мілавіды, дзе ў 1863 годзе адбыўся бой паміж паўстанцамі і царскімі войскамі.
Вельмі шчыра сябраваў Уладзімір Караткевіч з Алегам Лойкам. Разам яны аб’ездзілі амаль усю Беларусь, прымалі ўдзел у літаратурных вечарах і сустрэчах. Бываючы ў Слоніме, пісьменнік заўсёды гасціў у бацькоўскай хаце Алега Лойкі, якая знаходзіцца на Зялёнай вуліцы.
У жніўні 1981 года Уладзімір Караткевіч прыехаў у Слонім разам з жонкай Валянцінай Браніславаўнай і гісторыкам Анатолем Кулагіным. Тады Валянціна Караткевіч і Анатоль Кулагін збіралі матэрыялы для будучай сваёй кнігі “Помнікі Слоніма”. Яны спыніліся ў хаце Алега Лойкі, дзе за багатым сталом вялі гутарку пра гісторыю Слоніма. А пасля Валянціна Караткевіч паклікала пісьменнікаў на вуліцу і сфатаграфавала іх на памяць.
Вялікую дапамогу ў напісанні кнігі “Помнікі Слоніма” аказваў жонцы Уладзімір Караткевіч. Кніга атрымалася ўнікальнай, да сённяшняга дня ніхто падобнай пра помнікі Слоніма так і не напісаў. На жаль, Валянціна Караткевіч сваю кнігу так і не пабачыла. Яе не стала ў пачатку 1983 года, а кніга выйшла з друку праз паўгода.
Бываючы ў Слоніме, Уладзімір Караткевіч любіў пахадзіць па берагах Шчары і канала Агінскага, а таксама завітаць у Слонімскі краязнаўчы музей. У сваім знакамітым нарысе “Зямля пад белымі крыламі” ён пісаў: “Ціхая даліна Шчары. Песцяць вока зялёныя лугі, узгоркі, лясы. І на беразе, як цацка, Слонім. Сямісотгадовы юнак. Чыстая вада з зялёнымі косамі водарасцяў, што звіваюцца ад хуткасці, амывае яго, бягуць угору і ўніз маляўнічыя вулачкі, бялеюць вежы. Галоўным чынам беларускае барока XVI — XVII стст., але не вычварнае і раскошнае, а простае і строгае. Мясцовы густ.
Тут найлепшы мясцовы музей ва ўсёй Беларусі, музей, які не саступіць і абласному. Прынамсі, ён быў такі, пакуль жыў яго заснавальнік і дырэктар на працягу дзесяткаў год І. Стаброўскі. Пры апошнім наведванні музей мне спадабаўся менш. Экспазіцыя горшая, некаторыя вельмі цікавыя рэчы ў запасніку, а менш цікавыя занялі іх месца.
Прамысловасць тут, галоўным чынам, харчовая, лёгкая (ільнозавод, фабрыка тэкстыльная і мастацкіх вырабаў) і металаапрацоўчая.
А вакол колькі ўсяго! Канал, пабудаваны дзядзькам кампазітара Агінскага, цікавы папярова-кардонны камбінат у Альбярціне, унікальная ў сваёй прыгажосці і суровасці не толькі на Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе царква-крэпасць у Сынко-вічах, такая сумнаадлучаная ад усяго сярод масіваў яблыневых садоў. І комплекс былога уніяцкага манастыра ў Жыровічах (XVII ст.) з неацэнным сваім жывапісам…”.
Захапляўся Уладзімір Караткевіч і Бяздонным возерам, цікавіўся старажытна-славянскім могільнікам V — IX стагоддзяў, што ля вёскі Клепачы. Пра гэта ён пісаў у сваім рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.
Уладзімір Караткевіч пражыў усяго 54 гады. Ён заўсёды радаваўся сустрэчам са слонімскай зямлёй і яе людзьмі. Зямля наша захавала яго сляды, а мае землякі — памяць пра пісьменніка.
2000
Наш Тадэвуш Касцюшка
Нядаўна стала вядома, што плануецца рэканструкцыя сядзібы Тадэвуша Касцюшкі ва ўрочышчы Мерачоўшчына, што ў Івацэвіцкім раёне. Некалькі гадоў назад імя славутага палітыка Рэчы Паспалітай, кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года было ўвекавечана — у Мерачоўшчыне ўстанавілі мемарыяльны знак і памятную дошку.
Мемарыяльны комплекс-сядзіба павінен быць уключаны ў турыстычны бізнез. Таму ў планах яшчэ — аднаўленне палацава-паркавага ансамбля Пуслоўскіх, Косаўскага палаца, які знаходзіцца побач з месцам, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка.
Метрыка
У ліпені 1987 года Слонім наведаў беларускі пісьменнік Яраслаў Пархута. У апошнія гады свайго жыцця ён шмат падарожнічаў па родным краі, сустракаўся з людзьмі, пісаў пра знакамітых беларусаў. Падчас візіту ў Слонім ён вельмі цікавіўся Язэпам Стаброўскім, Гальяшом Леўчыкам і іншымі вядомымі слонімцамі. Гідам Яраслава Сільвестравіча па Слонімшчыне надарылася быць мне. За некалькі дзён мы аб’ездзілі і абышлі амаль увесь раён. Старэйшы пісьменнік ведаў даволі шмат пра гісторыю, археалогію і прыроду Беларусі, яе знакамітых людзей. Седзячы ў скверыку ў цэнтры Слоніма, ён мне расказваў цікавыя гісторыі і пра Тадэвуша Касцюшку, з радзімы якога быў родам і сам. З яго расказу на ўсё жыццё мне запомніўся такі факт:
— У адзін з апошніх прыездаў у Косава, — пачаў свой аповед Яраслаў Пархута, — сустракаю сваю стрыечную сястру Зіну Мушынскую. “Ты, ведаю, цікавішся Касцюшкам, — кажа яна. — Тады хадзем да бабы Ганны”. І павяла мяне на вуліцу Мічурына. Ішоў я следам і згараў ад нецярпення: у чым справа? Але Зіна па-змоў¬ніцку маўчала. Каля хаты пад нумарам 15 спыніліся. Заходзім. Вітаемся з гаспадыняй. Зіна кажа: “Хочам пабачыць Касцюшкаву метрыку...”. “Вось яно што!”— ледзь не вырвалася ў мяне. А Ганна Валчэцкая дапытліва паглядзела на мяне, відаць, пазнала і неяк надзвычай добразыч¬ліва сказала: “Яна на сцяне... Гля¬дзіце, дзеткі. Што трэба, тое і гля¬дзіце...”. Толькі пасля гэтых слоў я звярнуў увагу на рамку. Пад шклом яе было тое, што многія шукалі.
З дазволу гаспадыні я зняў са сцяны рамку. Асцярожна паклаў на стол . Яна была даволі старая. Нават шашаль паспеў яе патачыць. Але што мне была тая рамка. Пад шклом у левым верхнім кутку — здымак Касцюшкавага дамка. Дамок гэты быў пабудаваны з лістоўніцы. Я добра памятаю яго. Акрамя здымка ў гэтай рамцы, найвялікшаю каштоўнасцю была фотакопія тэксту, узятага з касцёльнай кнігі, які сведчыў, калі, дзе і хто хрысціў Касцюшку. Пісаны ў першай палове XVIII стагоддзя гусіным пяром, ён цяжка паддаваўся чытанню. Таму ніжэй быў дададзены лісток паперы з машынапісам. Ён пажаў¬цеў ад часу, але чытаць можна было. У перакладзе з польскай мовы тэкст гучаў так: “1746. 12 лютага пастар Раймунд Корсак , прыёр ХХ дамініканаў гошчаўскіх, ахрысціў немаўля, сына законных бацькоў, імем Андрэй-Тадэвуш-Банавентура, — яснавяльможных Люд¬віка-Тадэвуша і Тэклі з Ратомскіх Касцюшкаў, мечных ваяводства Брэсцкага. Кумамі былі: в. пан Казімір Наркускі, староста Куш¬ліцкі, і в. пані з Пратасевічаў Сухадольская; в. пан Адам Пратасевіч, падстароста пінскі, і в.панна Сухадольская, пісароўна земская слонім¬ская”. Нумар таго запісу ў касцёльнай кнізе быў 478. Адсюль гісторыкі і лічаць, што Тадэвуш Касцюшка нара¬дзіўся 12 лютага 1746 года, хаця нарадзіўся ён крыху раней.
“Пава не для вераб’я”
Палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года Тадэвуш Касцюшка з’явіўся на свет у шматдзетнай сям’і ў фальварку Мерачоўшчына каля Косава Івацэвіцкага раёна (па ін¬шых звестках, у вёсцы Сяхновічы Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці). Да дзевяці гадоў ён выхоўваўся дома, без аніякіх гувернёраў і настаўнікаў. Сярод беларускіх дзяцей нічым асаблі¬вым не вылучаўся, а, як і яны, размаў¬ляў па-беларуску, дапамагаў маці па гаспадарцы. Пасля дзевяці гадоў яго аддалі ў школу манаскага ордэна піяраў, дзе Тадэвуш вучыўся пяць гадоў. Там ён вывучаў лацінскую, польскую, французскую, нямецкую мовы і матэматыку.
Пасля заканчэння школы, а таксама Варшаўскага кадэцкага корпуса, малады Касцюшка вучыў дзяцей полацкага ваяводы Юзэфа Сасноўскага, які жыў на Палессі. Там Тадэвуш закахаўся ў дачку ваяводы — Людвіку. Але пан Юзэф не даў згоды на шлюб, а толькі прамовіў:”Пава не для вераб’я...”. Тады Касцюшка вырашыў выкрасці Людвіку. Але змоўшчыкі яго выдалі, і планам не ўдалося ажыццявіцца. Для юнака гэта была трагедыя. Таму на ўсё жыццё Тадэвуш Касцюшка застаўся адналюбам.
Развітанне з Радзімай
У 1769 годзе наш зямляк пакінуў Беларусь і выехаў на вучобу ў Францыю. Праз пяць гадоў ён закончыў Парыжскую акадэмію, дзе вывучаў артылерыю, архітэктуру, фартыфікацыі, быў слухачом у Акадэміі жывапісу і скульптуры. Гэтую яго вучобу і паездку фінансаваў князь Адам Чартарыйскі. Князь нават рэкамендаваў Касцюшку вывучаць будаўніцтва дарог, мастоў, каналаў і шлюзаў.
З Францыі Касцюшка выехаў у Паўночную Амерыку. Там якраз ішла вайна супраць англійскага каланіяльнага ўладарніцтва. За незалежнасць ЗША выступіў і Тадэвуш Касцюшка. На працягу сямі гадоў ён змагаўся ў радах амерыканскай арміі. Служыў на пасадзе галоўнага вайсковага інжынера арміі Поўначы, удзельнічаў у будаўніцтве фартыфі¬кацый пад Саратогай, кіраваў будаўніцтвам цытадэлі ЗША ва Уэст-Пойнце. Кангрэс ЗША надаў Касцюшку званне брыгаднага генерала. За заслугі перад Амерыкай ён быў узнагароджаны ордэнам Цынцыната, атрымаў амерыканскае грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел. Прэзідэнт ЗША Джордж Вашынгтон назваў Касцюшку “чалавекам навукі і вышэйшых якасцяў”. Шчыра сябраваў Касцюшка з яшчэ адным прэзідэнтам ЗША Томасам Джэферсанам.
Паўстанне
У студзені 1793 года Прусія дамовілася з Расіяй аб адарванні ад Рэчы Паспалітай пэўнай тэрыторыі. Да Расіі адышла частка Беларусі і Заходняй Украіны, а да Прусіі — спрадвечна польскія землі. Гэты факт выклікаў незадавальненне сярод простага народа і шляхты Рэчы Паспалітай (адзіная дзяржава, у якую аб’ядналіся Вялікае Княства Літоўскае і Польшча). Тадэвуш Касцюшка ў гэты час ужо вярнуўся на Радзіму. Ён прымаў самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да паўстання. І ў сакавіку 1794 года яно пачалося. На чале паўстання стаяў генерал-лейтэнант Тадэвуш Касцюшка, які даў прысягу на вернасць паўстанню і абвясціў, што будзе змагацца за непарушнасць ме-жаў сваёй дзяржавы, устанаў¬ленне самаўладдзя народа і ўсе¬агульную свабоду. Ён прызначыў Найвышэйшую Нацыянальную раду, а таксама выдаў Паланецкі ўніверсал пра вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці.
Першыя баі з рускімі адбыліся каля Кракава, і перамогу святкавалі паўстанцы. Пасля бітвы перамясціліся на Гарадзеншчыну: каля вёскі Паляны Ашмянскага павета і каля вёскі Солы на Смаргоншчыне. Адметнаю рысаю вызвольнага паўстання было ўжыванне партызанскіх і дыверсій¬ных формаў змагання. Асобнымі аддзеламі паўстанцаў кіравалі вопытныя камандзіры Якуб Ясінскі, Міхал Агінскі, Тадэвуш Гарадзенскі, Стафан Грабоўскі, Карол Серакоўскі, Тадэвуш Ваўжэцкі і многія іншыя ліцвіны.
Бітва пад Слонімам
Вялікія надзеі ў пашырэнні паўстання на Беларусі Тадэвуш Касцюшка ўскладваў на корпус генерала Серакоўскага. У канцы ліпеня 1794 года ён накіраваўся ў Слонім дзеля прыкрыцця Вільні і недапушчэння захопу Бярэсця. Каля Слоніма паўстанцы сустрэліся з корпусам генерала Дэрфельдэна. Пачалася бітва. Серакоўскі вырашае адысці да Ружанаў, а потым — пад Бярозу. Гэты адыход нельга было лічыць беспадстаўным. З Украіны на Беларусь рухаўся вялікі рускі корпус Суворава. Недалёка ад Кобрына і пачалася найбуйнейшая бітва з часоў паўстання 1794 года. З абодвух бакоў у ёй удзельнічалі каля 20 тысяч чалавек. Сярод іх было каля дзвюх тысяч беларускіх сялян-касіянераў, якіх набраў Серакоўскі пад Слонімам, Кобрынам, Пружанамі і Бярозай. У гэтай бітве сілы былі няроўныя і перамогу святкавалі маскалі. Беларускі гісторык Уладзімір Емяльянчык пісаў, што”менавіта за жорсткае задушэнне паўстання Сувораў атрымаў ад Кацярыны II званне фельдмаршала, а таксама больш за 13 тысяч прыгонных сялянаў з Кобрынскага павета. Усяго ж “вызвольнікам” было раздадзена больш за 80 тысяч прыгонных беларусаў”.
Палон і эміграцыя
У бітве каля Мацяёвіцаў Тадэвуша Касцюшку моцна параніла ў галаву. Непрытомнага яго схапілі расейцы і адправілі ў Петрапаў¬лаўскую крэпасць. З палону яго вызваліў цар Павел I. Атрымаўшы свабоду, Касцюшка выехаў у ЗША, а праз пэўны час зноў вярнуўся ў Еўропу. У вольныя хвіліны ён любіў маляваць, выточваць розныя драўляныя рэчы. А ў 1809 годзе ў Лондане Тадэвуш Касцюшка выдаў нават брашуру “Манеўры коннай артылерыі”. За два гады да сваёй смерці ён пісаў цару Аляксандру I : “Нарадзіўся я ліцвінам (г.з. беларусам)...”.
Свае апошнія дні наш зямляк правёў у Швейцарыі, дзе і памёр. Яго астанкі перазахаваны ў Кракаве.
Даніна памяці
У многіх краінах свету шануецца памяць пра Тадэвуша Касцюшку. У гонар яго пад Кракавам насыпаны курган. Касцюшку па¬стаўлены помнікі ў Польшчы, ЗША, Швейцарыі, яго імем названа самая высокая гара ў Аўстраліі, адна з акруг штата Індыяна, горад у штаце Місісіпі, астравы на Алясцы (ЗША).У Салюры (Швейцарыя) існуе музей Касцюшкі.
Імем нашага земляка названы вуліцы ў Гродне, Брэсце і Косаве. Ён з’яўляецца нацыянальным героем Беларусі, Польшчы і ЗША, а таксама ганаровым грамадзяні¬нам Францыі.
2004
Покліч самапазнання
У вёску Вецявічы, што на Слонімшчыне, прыехаў пасля абеду. У сустрэчнай жанчыны запытаўся, дзе жыве Мікола Арочка.
— А ў нас два Мікалаі Арочкі, — адказала жанчына. — Вам які трэба?
— Мне патрэбны паэт Арочка, — прызнаўся ёй.
— У Арочкаў тут некалькі хат, вось шукайце, у якой гаспадары, — сказала кабета і паказала рукой на бліжэйшыя пабудовы.
Дзверы мне адчыніла Марыя Іванаўна, жонка Міколы Арочкі. Шчыра павітаўшыся, яна паведаміла, што яе хлопцы возяць салому. Ідучы на аселіцу, здалёк убачыў юнака і дзядулю, якія цягнулі на калясцы салому.
… Лёс жорстка абышоўся з сям’ёй доктара філалагічных навук, паэта, даследчыка, крытыка, перакладчыка, члена Саюза беларускіх пісьменнікаў Міколы Арочкі. Трагічна загінулі ў Мінску два яго сыны і нявестка. Адзінай радасцю, уцехай і надзеяй для Мікалая Мікалаевіча і Марыі Іванаўны застаўся ўнук Валерык. Усе разам даўно пакінулі Мінск і вярнуліся ў Вецявічы — родную вёску паэта.
— Пойдзем у хату, вып’ем за суcтрэчу. Такія госці, як ты, у нас бываюць рэдка, — прызнаўся Мікола Арочка.
Хутка ў хаце накрыўся стол, на ім з’явіліся агуркі, памідоры, масла, сала, хлеб, каўбаса і, вядома, пляшка гарэлкі.
— Калі ласка, частуйцеся, — прапанавала гаспадыня. Мы прыселі да стала, і Мікола Арочка пачаў расказваць пра сваё вясковае жыццё.
— З рання да вечара мы на нагах, бо маем вялікую гаспадарку. Трымаем карову, свіней, авечак, коз, курэй — словам усё, што можа мець вясковец. Сам я кашу, сушу, важу, саджаю і капаю. Дапамагаюць Марыя і Валерык.
— Як да вас адносяцца вяскоўцы?
— Па-рознаму, бо людзям сёння ў вёсцы усё роўна: ці ты вучоны, ці генерал, ці хто іншы. Раней ў Вецявічах у мяне была адна мянушка, цяпер другая — “паэт”. Так і кажуць: паэтаў агарод, паэтава карова, паэтава свіння і паэтаў казёл. Мы ўжо прывыклі.
— Як сёння жыве беларуская вёска?
— Вёска амаль поўнасцю спілася. У калгасе крадуць усё, што толькі можна ўкрасці. Адзін старшыня калгаса пракантраляваць усё гэта не ў сілах. Гэта далёкі вынік сацыялістычнага калгаснага ладу жыцця. Тут я загнаны ў кут бездухоўнасці, нясу адплату свайму лёсу. Але вершы пішуцца, бо ў вёсцы па-іншаму я ўбачыў і адчуў жыццё, яго смак…
* * *
Ужо не першае дзесяцігоддзе Міколу Арочку роздумна займае ідэя самапазнання — сябе і свайго народу, ягонай духоўнай красы і яе стратнасці. На якіх жыццёвых вузлах, з якіх мэтаў, памкненняў нараджаліся складнікі яго паэтычнага бачання і светавымярэння?
Ва ўступе “Вымярэнні майго свету” да сваіх выбраных твораў “Памяць зярнятаў”(Мн., 1991) ён пакінуў сціслае сведчанне: яму суджана было апынуцца на вострых зломах вырашальна-цяжкіх гістарычных падзей ХХ-га стагоддзя — дыхаць атмасферай нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў нашай Заходняй (гэта ўвасобіцца як адно з творчых вымярэнняў у драматычнай паэме “Мелодыя Таўлая”), трапіць у спісы высялення пры “тых” Саветах (“Спісы высялення”, “Сіта”), потым — у пекла нямецкага “катла” у лясным акружэнні (“Бацькоўскі гай”), стаяць пад расстрэлам на вогненным партызанскім хутары (“Партызанскі хутар”, “Балада пра няскошанае жыта”), падзяляць долю на вачах растаптанага калектывізацыяй гаспадара-селяніна (“Бацькава відушчасць”, “Маналог знішчанага селяніна”), зведаць хіжа выпушчаныя кіпці “чорнага ворана”, накліканага, як гора на матчыну хату, першай свавольнай рыфмай…
Можа, і не суджана было б пачаткоўцу, падлетку-пастушку выкараскацца з кволасці першых вершаваных практыкаванняў, калі б спакваля ўжо тады, у перакалочаныя школьныя гады, не пастукаўся ў яго дасціпнае трывожнае светасузіранне спадчынны сум па адраджэнні нацыянальнай, вякамі патаптанай самасвядомасці беларуса. Адбылося гэта, пэўна ж, дзякуючы беларускаму настаўніку Вялікакракоцкай няпоўнай сярэдняй школы Васілю Пракопавічу Трафімовічу, да якога з суседняй глухаватай вёсачкі Вецявічы юнак Мікола, ледзь перамагаючы ўвагнаную вайной хваробу, папрасіўся на кватэру. У свой час, па словах Міколы Арочкі, Васіль Пракопавіч паспытаў трохі асветы ў Вільні, хоць з вучобай там не атрымалася, не лез у палітыку, дабіраў адукацыю дома, меў натуру чуйна-інтэлегентную, валодаў незвычайна мілагучным голасам, хадзіў заўсёды з камертонам, заўзятар спевак, хораў, вясковых спектакляў, не касец, не плугар, душа моладзі, жыў беднавата. Выпісваў пасляваеннае “Полымя”. На гарышчы яго хаты трапляліся пажоўклыя нумары купалаўскай “Нашай нівы”, беларускія календары, нават асобныя нумары беларускіх газет акупацыйнага часу. Кватэранту Міколу проста пашанцавала. Васіля Пракопавіча ён ведаў яшчэ па беларускіх уроках у народным доме, які пабудавалі жыхары Кракоткі на свае складкі за польскім часам. На складкі вяскоўцы набылі і кнігі для бібліятэкі, якую ў 1927 годзе ўганаравалі імем Янкі Купалы. Бібліятэку польскія ўлады праз два гады паспяшаліся зачыніць, патаптаць як небяспечны асяродак нацыянальнай самасвядомасці. А народны дом нёс годна асветніцкую службу нават у акупацыйна-нямецкія гады. Настаўнік дужа трывожыўся, каб немцы не перапынілі яго шчыравання на сціплай сяўбе беларускасці, каб не ўздумалі яны спаліць іхні народны дом. Аднак нардом спалілі не немцы. Спалілі партызаны. Каб не атайбаваліся, маўляў, у нардоме немцы з паліцаямі. Пра гэта добра напісаў Мікола Арочка ў вершы “Заклінанне Чыжыка Беларускага”:
Паўтараю тваё заклінанне.
Чыжык, чыжык,
Слонімскі наш.
Разам з дымам у тое ранне
Гнеў глытаю твой, дзядзька Гальяш.
Паўтараю усё — слова ў слова,
Той пастрашлівы грозны заклён,
Што ў вайну адрадзіўся нанова
І прыйшоў у наш клас, як стогн.
Перад намі, падлеткамі, стаў ён —
Той заклён — аж зайшлася душа!
Вымаўляў яго наш настаўнік —
Даўні сябар таго Гальяша.
“Хто адрокся сваіх…”
За сцяною
Глуха гахалі стрэлы ў бары.
Там мышастай і чорнай гайнёю
Вораг зранку аблёг хутары.
“Хто прыліп да чужых…”
Заклінанне
Нарастала… І бой нарастаў.
Разам з гневам — мальба і літанне…
Хорам шэпт:
“Каб ён свету не знаў!”
“Каб ён свету не знаў!”
Той, хто вёску,
Хто зямлю нашу нішчыў, паліў.
А пажар крывяную палоску
Мігатліва на шыбах разліў…
Помню, голас дрыжаў і калені,
Калі я ў тым маленні прыўстаў:
Той, хто мову сваю і сумленне
Патаптаў —
“Каб ён свету не знаў!”.
О, дзіцячы праклён!
Згустак болю.
І прысуд, што на вуснах здавён.
Дзядзька Леўчык!
Гарачым вуголлем
Ад той школы — смыліць той праклён.
Уздыхаў Васіль Пракопавіч са слязою уваччу. Прадчуваў штось нядобрае. Яго забралі з урокаў. Добра яшчэ, што не пасадзілі, не катавалі, не выслалі ў месцы сіберна-аддаленыя. Перавялі ў глухі кут Слонімскага раёна. Міколава кватэраванне ў настаўніка на гэтым скончылася.
Дзякаваць, у начлезе яму не адмаўляў далёкі сваяк — бібліятэкар Аляксандр Іванавіч Жыткевіч — кніжнік, заўзятар, які ў сваёй хаце, у светлай палове, узяўся аднавіць колішнюю слынную бібліятэку імя Янкі Купалы. Падчас начлегу на лаве Мікола Арочка адчуваў у галавах праз дашчаную абклееную газетамі сценку вячыстае свячэнне славутых постацяў беларускіх песняроў, іх запаветаў. У прывідным судакраненні з імі юнаму начлежніку тая лава здавалася зусім не мулкай.
Магчыма, ужо тады ў душы пачаткоўца пачала зараджацца адна з яго ранніх паэм “Сын”, прысвечаная дзядзьку Шурку — Аляксандру Жыткевічу, які спазнаў палон, жахі вайны (нявыдуманая калізія твора!). Перад вусцішнай музыкай яго пратэзу нерухомела незабыўная цёця Уладзя, калі з Міколам Аўрамчыкам яны, нагружаныя пакункамі кніг, прыязджалі ў гістарычна-слынную купалаўскую бібліятэку ў вёску Вялікая Кракотка. Валянцін Таўлай, які за паўгода перад гэтым наведваўся сюды, на радзіму, як старшы навуковы супрацоўнік музея Янкі Купалы ў Мінску, найпершы памочнік, “правая рука” Уладзіславы Францаўны, ужо не з’явіўся з пісьменніцкай групай. На вялікі жаль, яго падкошанага турмамі, пасля зацяжной хваробы не стала. Цёця Уладзя, згадвае Мікола Арочка, выступаючы перад чытачамі бібліятэкі, успамінала, як цяжка яна перанесла гэту страту.
Некалькі слоў пра незвычайны феномен таго часу — ускалыхнутую цягу да вучобы. Высокая хваля гэтага феномену пракацілася тады па ўсёй Беларусі, асабліва Заходняй, дзе польскі асіміляцыйны этнацыд вынішчыў усе беларускія школы, гімназіі, семінарыі, ліквідаваў рэшткі легальна-асветніцкай працы Таварыства Беларускай Школы. Акупантам заўсёды больш зручна і бяспечна было трымаць запрыгоненае людзтва ў галечы сацыяльнай і духоўнай. Беларускае грамадства проста зацярпелася, засумавалася па айчыннай навуцы, па асвеце — дзеля нацыянальнага адраджэння.
Дарэчы, нямецкія захопнікі адчулі вялікую выйгрышнасць ад пралому гэтай асіміляцыйнай плаціны сваіх папярэднікаў. І тады ў гэты пралом, учынены наўмысна, з разлікам, хлынуў напор юнацкай прагі асветы. Сёння ўсё яшчэ сарамліва замоўчваецца тое віраванне асветніцкіх памкненняў, што, як разводдзе, ахапіла шматлікія згуртаванні і формы Саюза беларускай моладзі (СБМ), дазволенага нямецкімі ўладамі. Галоўны камісар Кубэ таму, відаць, і стаўся асабліва небяспечным, што дазволіў моладзі рынуцца ў прабоіны плаціны, нават прыўздымаў яе, спадзеючыся, што СБМ неўзабаве паможа круціць вынішчальныя жорны акупацыі. Вядома, пад зманлівы ўсплёск дужа прыцягальнай ідэі — служэння Бацькаўшчыне.
Ідэя ў сваёй патэнцыяльнай разбуджанасці аказалася і сапраўды невынішчальнай. Прычым настолькі захапляюча-магутнай, што феномен прагавітай цягі да навукі, духовай асвечанасці не знік з нямецкай акупацыяй, а перакінуўся ў пасляваенны час, як самы жыццядзейны чыннік ажыўлення і адбудовы нацыі.
Да пачаткоўца Міколы Арочкі, у яго спробы пяра не адразу прыходзіла абуджаная нацыянальным жыццём вялікая мэта, без якой, як ён адчуў, няма сэнсу асабістага існавання. Шкодзіла толькі пакалечанасць культаўскім пострахам. Прыходзілася часам, як успамінае Мікалай Мікалаевіч, апусціўшы вочы, глытаць ганьбаванне жыццёва-дасведчаных дзядзькоў, якія чыталі, здаралася
Яго практыкаванні одапісу. Што казаць: грашыў на старэйшых гледзячы. Дый дзеля ўласнай перасцярогі, спазнаўшы першыя кіпці ліхога “варанка”. Штосьці прасачылася і ў рэспубліканскі друк. “Сорамна прыгадваць, — кажа Мікола Арочка, — але тыя вершаскладанні былі заўважаны”. І вучань Азярніцкай сярэдняй школы неспадзявана атрымлівае выклік у Мінск на Трэцюю рэспубліканскую нараду маладых пісьменнікаў. Гэта быў 1950-ты год.
Як усцешна і ўзрушальна было сустрэцца са славутым песняром Беларусі, жывым класікам Якубам Коласам (перад ім ужо быў грэх паэмнага пераймальніцтва!), чуць яго зычлівыя запавяданні, услухацца ў яго мякка-дрыготнае чытанне новых частак паэмы “На шляхах волі”, а на ростані — сумнаватае прызнанне наконт усё большай узроставай “цягі” зямлі.
У часе абмеркавання творчасці маладых Мікола Арочка дранцьвеў ад сораму, калі старонкі яго сшыткаў з вершаскладаннем перабіралі-перагортвалі Максім Танк, Алесь Бачыла, Анатоль Вялюгін, Аляксей Русецкі. Затое з якім досціпам ён услухоўваўся ў зычліва-крытычны разгляд набытку яго калег — Сцяпана Гаўрусёва, Пятруся Макаля, Віктара Шымука. Не кажучы пра разгляд досыць сталага плёну Сяргея Дзяргая, Аляксея Пысіна (паводле яго набытку прымалі ў члены Саюза пісьменнікаў, іншых — у кандыдаты). Ці думалася, што ў тое пераломнае дзесяцігоддзе Міколу прыдзецца ад многіх з іх чуць не толькі настаўніцкае спрыянне, але ўжо і супольна набываць новыя ўрокі ломкі старога ўкладу і творчага абнаўлення?
Аднаго не аднімеш — ужо з набытага: скарыстанай магчымасці засвойваць веды. Магчымасць сапраўды была шырока разнасцежанай: хто хацеў вучыцца, мог вучыцца, здолеў уздымацца па прыступках асветы. Праўда, завадатары гвалтоўнай калектывізацыі спахапіліся, кінуліся перапыняць маладзёвы запал, напор у навуку нявыдачай старшынскіх даведак і інш. Але гэта толькі падліва масла ў агонь: імкненне вырвацца з новай формы парабчанства, нібы з палону, стала неадольным, кроўна-жыццёвым у патрэбе.
Дзве вышыні на гэтым шляху былі здабыты асветніцкай напорыстасцю Міколы Арочкі: Беларускі Дзяржаўны універсітэт (1951-1956) і затым, ужо ў наступным дзесяцігоддзі — Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі Навук. Не справа толькі ў рэалізацыі навукова-літаратуразнаўчага патанцыялу: у абароне дысертацый, — кандыдацкай, прысвечанай Валянціну Таўлаю ў 1967 годзе, і доктарскай — пра беларускі паэмны эпас у 1980 годзе. Расхінулася з вышыні акадэмічнага Інстытута літаратуры далёкасяжная даследчыцкая аглядальнасць паэмна-эпічнай прасторы ў гістарычным часе. А разам з даследчыцкімі — адхінуліся зманлівыя магчымасці і спробы асабістага ўжывання ў паэму, у яе вякамі напрацаваны вопыт —дзеля сучаснага тварэння. Невыпадкова Міколу Арочку з яго распрацоўкамі эпічнай канцэпцыі паэмы было прапанавана распачаць усесаюзную дыскусію: “Паэма: крызіс ці адраджэнне?” (“Литературное обозрение”, 1973, № 5).
Зрэшты, ці мела б усё гэта шырокі рэзананс і выніковасць, калі б тады ў грамадскім жыцці на поўную моц не працягвалі адбывацца сацыяльна-тэктанічныя зрухі? Другое дыханне, другое творчае нараджэнне ахапіла і ператрэсла да самых асноў паэзію Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі. Іх бескампраміснае, самакрытычнае прамаўленне ў грамадзянскіх творах увачавідкі мяняла вектар эстэтычнай дзейнасці. Прыкоўвала ўвагу кардынальнае абнаўленне куляшоўскай паэмы ("Эпічны свет Куляшова”). Для Арочкі-навукоўца адсланяўся прастор для аналізу. І не толькі. У яго творчыя задумы пачала ўжо асмялела стукацца самая спакусная для яго форма асэнсавання — паэма ў самых розных яе жанравых разнавіднасцях. Уяўленні запалоньвалі ўмоўныя формаўтварэнні з іх невычэрпнымі магчымасцямі скандэнсаванай шматзначнасці і абагульненасці мастацкага вобраза. Паэтам засвойваўся і абжываўся як бы новы тып эпічна-паэмнага мыслення, які аказаўся для яго не чужародным, а арганічна ўласцівым, надзвычай прыдатным для бачання і асэнсавання таго мацерыка, які гадаваў яго, агнём паласаваў яго маленства, падкошваў узлётнасць юнацтва. “Памяць зярнятаў” шукала расшыфроўкі. Цяжка прарасталі тыя апаленыя зярняты, пакуль станавіліся калоссем матчынага жыта, хлебам паэзіі (паэма “Матчына жыта”, 1976). “Бачу, як эпічны герой — бохан чорнага хлеба, — піша аўтар драматычнай паэмы “Курганне”, — з вогненнага печыва нашай хаты ідзе па бясконцым шляху надзей, каб уратаваць свет. Каб сваёю смерцю прадухіліць смерць”. І далей: “Я сустрэў яе, сястру Хатыні, на Магілёўшчыне — вёску Курганне. Уклаў у яе сімвалічнасць, ўзвёўшы да яе ўсё, што асабіста перажыў”.
Гэта не была эпізацыя на зададзеную тэму. Роздумная сустрэча з прывідам вогненнага паэта — гэта не адвольная прыдумка, не жартачкі. Драматычная паэма “Курганне” Міколы Арочкі — гэта інтуітыўна разгаданая трагедыя, якая немінуча ўжо вісела над роднай вёскай паэта, над Вецявічамі, што значылася ў акупацыйных планах спапялення, прычым на самы бліжэйшы час. Фактычна, паэт Мікола ўжо станавіўся попелам. Дарма ў начных пострахах ён вышукваў розныя схованкі ўратавання. Збавення не было. Партызанскія засады па ўскрайках вёскі не ўратавалі б. Партызаны перакалочвалі хаты ў пошуках пракорму, сагрэву. Але найбольшы страх так і застаўся на ўвесь акупацыйны час: немцы! Ім патрэбна была наша радзінная прастора: нас — каго ў зямлю, з попелам па ветры, каго — за Урал. Адборную рабсілу — на бручкавінную пахлёбку на чужацкіх землях ды падзямеллях-шахтах. Якое там збавенне? Курганне на Бацькаўшчыне разрасталася. Гэта было не першае перапляценне абставін, калі падлетак Мікола апынуўся на грані пагібелі (вогненны “кацёл”, партызанскі хутар, немінучае спаленне вёскі). У косці тройчы засядаў смяртэльны сполах. Паўтысячы год Бацькаўшчына не знала такой усёвынішчальнай навалы. Магчыма, калі глянуць у рэтраспекцыю, гэта была гітлераўская спроба рэваншу за Грунвальд. Уваскрэслы, па сутнасці, са спрадвечнага попелу, Мікола адчуў ліхаманкава-дрыготкую патрэбу балюча-роздумнай сустрэчы з вогненным прывідам паэта. З самім сабой, пакліканым з небыцця.
Мікола Арочка, аўтар неардынарных паэм, — бясспрэчна, з’ява ў беларускай паэзіі. Асаблівая значнасць дасягнута праз гістарычнае вымярэнне. Як даследчык ён разумее, на якую рызыкоўнасць ён ішоў, калі выбіраў творчую “звышзадачу”, што магла стацца і не па плячы яму. Як напрыклад, у паэмнай задуме “Крэва”(1981). Праблема гістарычнага самапазнання вынесена ў эпіграф, як дужа надзённы наказ Купалы: “Пачнем дакапывацца самі разгадкі нашых крыўд і бед” — з “Магілы льва”, дзе ўжо сама назва праецыруецца сваёй сімволікай на трагізм становішча Бацькаўшчыны (краіны-льва!). Таму ва ўступным “Слове да Купалы” ужо горача, як бы на падхопе акцэнтуецца разуменне ўсёй важнасці ўспрынятай задачы:
Жывым, нам трэба пазнаваць сябе,
Ўгрызацца ў лёхі цёмнае разгадкі…
………………………………………..
З-пад старадаўніх зломаў, з-пад руін
Бяру кавалак цэглы, нібы крэда.
І апаляе вусны слова “Крэва”
Гарачым згусткам крэўнасці, крыві.
Дакопвацца да пластоў, што жывілі і жывяць самасвядомасць —гэта запатрабавана самім часам дзеля жыцця нацыі. Задача не проста дэкларуецца, а разгортваецца абвострана, у драматычным сутыкненні персанажаў, якія рызыкоўна запачаткавалі лёсавырашальны канфлікт, змачылі крывёй і хітрадзействам акт Крэўскай уніі — гэты “найпершы, самы круты вузел палітычнай драмы ў гістарычным лёсе нашага народа”. Па сутнасці, ужо тады вырашаўся, знутры падточваўся будучы незайздросны лёс кароны Вітаўта — каралеўскай кароны! Лёс Айчыны, як Каралеўства (“Лямант кароны Вітаўта”). Эпілог “Крэва” несуцешны. Скрыжаванне драматычных калізій, вострых перапляценняў (смерць Кейстута, уцёкі Вітаўта, яго маналагічныя адпрэчанні экспансіўных памкненняў) — усё гэта, зрэшты, падводзіць да канчатковага жываначальнага зыходу, да ўпэўненасці,
Што землі нашы будзе не так проста
Вам праглынуць паквапнай пашчай уній!
Вы будзеце ўчыняць яшчэ не раз
І множыць іх праз доўгія гады
І з веку ў век,
Каб зноў пацвердзіць права
На ўціск і на захоп…
Але ў дзяржаве,
На землях нашых я ўзгадаю моц,
Невынішчальны дух супраціўлення…
Цікавае прызнанне аўтара наконт узроўню валодання жанравымі магчымасцямі паэмы: “Чамусьці я ўжо не асцерагаўся запазычак і пераклічак, пасылаючы ўслед за Куляшовым (з яго вяршынна-цудоўным “Хамуціусам”) сваю ластаўку да Шэкспіра, да яго “Макбета” і “Гамлета”. Захоплена і прагавіта ўглядаўся ў драматычна-паэмны вопыт Байрана, Мільтана, Шылера. А калі бліжэй — то і ў трыпціх літоўскага аднагодка Юсцінаса Марцінкявічуса (“Міндаўгас”, “Катэдра”, “Мажвідас”)”.
Цікавы таксама аповед Міколы Арочкі з псіхалогіі яго творчасці. Захоплены светам продкаў, знакамітымі постацямі, ён часам ледзь не пераступае ў сферу спірытуалізму, упадае ў стан пазарэчаісны, уваскрашае там буйныя персаналіі і, апанаваны ўваскрэшэннем іх вобразаў, ходзіць і ездзіць з іх лексікай, партрэтамі, выпісамі, выразкамі. Немажліва просіць даверыцца (“я ж беспадманна, няздрадна, з любасцю і агульнасцю мэты”!). Карацей, быццам выклікае з небыцця прывід асобы, і толькі тады, “калі гэта асоба даверыць свае вусны, спавяданні, можа атрымацца штось сапраўднае”. Так здарылася, напрыклад, з вобразам Францішка Скарыны — яшчэ з часу напісання “Кургання”. Ужыванне ў яго свет спатрэбілася нават для эпізадычнай сцэны. І нечакана перарасло ў чарговую “звышзадачу”: захацелася стварыць свой “эквівалент” (скажам, упоравень з “Мажвідасам” Ю.Марцінкявічуса) глыбокай духоўнай драмы Скарыны. Пасля драмы палітычнай (“Крэва”) яна немінуча навісла на нас, духоўная драма роднай зямлі. Трагізм, які ўжо адчуўся і пачаў няўмольна нарастаць з часоў Высокага Адраджэння, не пакідае нас і па сёння. “Судны дзень Скарыны” (1986-1989) уяўляецца вяршынным творам у паэмна-драматычным даробку Міколы Арочкі. Структурна, у адной лагічнай повязі, па сутнасці, у гэтым творы сышліся як бы шаснаццаць паэм. Сваёй уражлівай змястоўнасцю асабліва вылучаюцца тыя, што прасякнуты галоўным, вядучым матывам самой задумы твора, так бы мовіць, разьдзелы-паэмы “ідэяносныя”. Напрыклад, “З’яўленне Міколы Гусоўскага”, невыпадкова пазначана яшчэ і назвай “Пазнанне сябе”. З’яўленне, вядома, прывіднае, у закрытым вузілішчы ў Познані, куды ганебна кінуты Скарына. Ёсць час удумна агледзецца: чаму ён “улоўлены кратай”? Адкуль яны, нязводныя злопрычыны? Хто на наш род накінуў гора? (“Дайсці да злопрычын мы мусім самі”). Паралюш, які ў Пултуску прыкаваў да пасцелі славутага аўтара “Кармэн” (“Песні пра зубра”) — бяда, вядома. Ды ёсць паралюш духоўны — занядбанне родавай памяці (“Сябе мы не спазналі — вось паралюш! Уелася чужына ў маю косць”). Як парываецца сэрца з нямогласці плоці:
Мне хоць глыток адзіны
Адтуль, з Радзімы,
З пушчаў і гаёў,
Дзе сэрца працінаў мне рык зубрыны,
Дзе рагачы вялі мяне з гайнёй,
Дзе я, ўчапіўшыся каню у грыву,
Кідаўся ў стромы Нёмана, Дняпра!
Сын палясоўшчыка,
Я — з тых мыслівых,
Якія ў жылах чуюць кроў зубра!
Дзівуецца Скарына: “чаму мы толькі ў немачы або з-за краты шчымліва б’емся ў дзверы роднай хаты?”. Спроба Гусоўскага даць адказ, “бо тут чужына душ” толькі развярэджвае закратны роздум Францішка:
Чужына душ?
Вось, браце, сэнс цяжкі!
Мне ад яго аж непамысна штосьці.
Ды на Радзіме, любай з маленкосці,
Свае хіба не ходзяць чужакі?!
Вобраз зубра, загнанага хіжымі лаўцамі ў пастку, стрыножанага, з колцам у пысе, распярэшчанага ў мішэнь для спрыту і збройнага рыштунку, са стрэламі ў баках, — балюча-шматзначны “пасвежаваўшы волата, на скуры разлягуцца, учыняць шумны баль…”. Скарына:
За гэтай прытчай бачу я, на жаль:
Не баль яны спаўняюць,
А хаўтуры!
Аўтар “Песні пра зубра” са скрушнасцю дадае:
Арканяць край, не цямячы, што робяць!
З расколіны зжахнецца яшчэ свет!
Свет бачыць. Але заступніцтвам не абцяжарваецца. У разуменні штось прамаўляе (“Ды сёння ў яме ад таго хіба лягчэй зубру?”). Драматычныя сцэны такога кшталту (“Начная размова з Іовам” і іншыя) маюць актуальны падтэкст, вярэдзяць, філасафічна набліжаюць да ісціны…
* * *
Міколу Арочку сёння рэдка калі можна застаць за пісьмовым сталом у роднай хаце ў Вецявічах. Ён часцей працуе з рыдлёўкай ці касой у руках, або на пашы з роварам пры дробнакапытнай жыўнасці, з нязменным лазовым кошыкам, у якім ляжаць кнігі і рукапісы ў цалафанавых мяшэчках. Яго пісьмовы стол — зялёны палетак, выпас, пянёк на ўзлеску, услончык ці ўласныя калені. Ідзе апошнім часам паглыбленне і выспяванне ў варыянтах і адпрацоўках новай драматычнай паэмы “Каранацыя Міндоўга”, каб дадацца да гістарычнага трыпціху двух папярэдніх паэм. А яшчэ з-пад яго рук, са “стала зялёнага” просяцца ў шырока разнятую “самааповесць” два новыя аповеды — “Пёрка купрапаткі” і “Бацькоўскі край”.
Трагічныя штрыхі закраліся ў яго светаадчуванне пасля таго, як яго два акрутна загубленыя сыны (паэма “Страта”, “Малітва сына Віталія”) перабраліся на пагорак паўскрай вёскі Вецявічы, пад навісла-плакучыя бярозы. Таму дзядзька Мікола, як я яго называю, са сваёй паплечніцай цёткай Марыяй апынуліся тут, у спадчыннай бацькоўскай хаце на Слонімшчыне. Выгадавалі, дзякаваць Богу, кругла асірочанага ўнука Валерыка. Тут, у сялянскім асяроддзі, куды пішчом лезе стратнасць красы духоўнай, яшчэ жыве стыхія беларускасці, роднай мовы, свежай, непакананай гаючасці прыроды. Спрыяльна ўзнаўляе і кампенсуе мазольныя выдаткаванні дотык да роднай зямлі, рэальнае адчуванне каранёвай сувязі з ёй.
І, як покліч, стукаецца ў сэрца ўзмоцненая запатрабавальнасць самапазнання.
2004
Служыў Богу і людзям
У сакавіку 2004 года на сесіі Рады польскага горада Гданьска было прынята рашэнне надаць адной з вуліц гэтага горада імя Лукаша Дзекуць-Малея. З гэтай ініцыятывай выступіў Цэнтр хрысціянскай літаратуры, якую падтрымалі форум супрацоўніцтва евангельскіх хрысціян і беларускае таварыства ў Польшчы “Хатка”.
Пасля прыняцця гэтай пастановы на пасяджэнні Рады горада Гданьска з падзякаю выступілі — старшыня беларускага культурнага таварыства “Хатка” Алена Глагоўская, сын Лукаша Дзекуць-Малея — Данель (Даніла), прэсвістэр хрысціян-паптыстаў Міраслаў Паталён. На сесіі прысутнічалі таксама ўнучка Лукаша Дзекуць-Малея — Альжбета і пастар хрысціян-баптыстаў Роберт Мікса.
На другі дзень на гарнізонных могілках у Гданьску былі ўскладзены кветкі на магілу Лукаша Дзекуць-Малея і яго жонкі Серафімы. На помніку святара напісана: “Тут спачывае ў Богу наш любімы Тата с.п. Лукаш Дзекуць-Малей.1.10.1888 — 20.1.1955. Казаў Ісус, хто ў Мяне верыць, хоць бы памёр, але будзе жыць. Св. Ян XI 25”.
Праўда, энцыклапедычны даведнік “Рэлігія і царква на Беларусі” (Мн., 2001, с.92) напісаў, што Лукаш Дзекуць-Малей памёр у ЗША. Але, як бачыце, гэта далёка не так. Таму хочацца сёння прыгадаць пра жыццё і рэлігійную дзейнасць гэтага мужнага, таямнічага і шчырага чалавека, які ўсё жыццё добрасумленна служыў Богу і людзям. А яшчэ — ён мой зямляк — родам са Слоніма. Тут ён нарадзіўся ў сям’і настаўніка ў 1888 годзе. У родным горадзе Лукаш Дзекуць-Малей скончыў сярэдняе вучылішча, а пасля — першыя беларускія настаўніцкія курсы ў Вільні. Наведваў два гады і рэлігійныя курсы ў Пецярбургу.
Калі яго прызвалі ў расейскую армію, службу праходзіў у Беластоку. Там наш зямляк пазнаёміўся з веруючымі евангелістамі і пачаў наведваць іх царкву. А пасля вырашыў прыняць воднае хрышчэнне. Гэта духоўная ўрачыстасць адбылася ў навагоднюю ноч 1912 года ў палонцы пры 40 градусным марозе на рацэ Супрасль.
У часы Беларускай Народнай Рэспублікі, Лукаш Дзекуць-Малей на Гродзенскім беларускім сялянскім з’ездзе быў абраны ў Гродзенскую павятовую раду і ў аргкамітэт па скліканню краёвага Беларускага з’езда Гродзеншчыны. За выступленні ад імя Беларускай Народнай Рэспублікі быў арыштаваны, але хутка выпушчаны. Летам 1919 года ён узначаліў Гродзенскую цэнтральную настаўніцкую раду. А пасля становіцца кіраўніком беларускага нацыянальнага камітэта і старшынёю Беларускай школьнай рады ў Гродне, уваходзіць у склад прэзідыума цэнтральнай беларускай школьнай рады. У Гродне наш зямляк знаёміцца і бярэ шлюб з настаўніцай Серафімай Кішка. Усё жыццё яна моцна кахала свайго мужа, заўсёды была з ім побач. У іх нарадзілася пяцёра дзяцей. Перад самай вайною Лукаша і Серафіму арыштуюць органы НКВД і сашлюць іх ажно ў Казахстан. Але святара хутка вернуць на Радзіму і пасадзяць ў турму, а жонку — не. Серафіма на чужбіне перажыве тры інфаркты, там шмат будзе працаваць на лесапавале, але міласць Божае іх зберажэ. І толькі ў 1946 годзе яны сустрэнуцца з дзяцьмі ў Беластоку. Пражывуць яны разам яшчэ сем гадоў — Серафімы не стане ў 1953 годзе, а Лукаша — у 1955-м.
Пасля таго, як бальшавікі разгоняць Беларускую Народную Рэспубліку, а палякі захопяць Заходнюю Беларусь, Лукашу Дзекуць-Малею ўдасца пазбегнуць розных арыштаў, а прыехаць у Брэст і вясці місіянерскую працу. За ягоным часам Брэст становіцца евангельска-баптысцкім цэнтрам у Беларусі. Часопіс “Маяк” за 1926 год (№ 9) пісаў пра з’езд баптыстаў Польшчы на якім выступіў з дакладам і Дзекуць-Малей, які, у прыватнасці, адзначыў, што “у горадзе Брэсце пачало прапаведавацца Евангелле з 12 снежня 1921 года. Цяпер знаходзіцца ў Брэсце і раёне 695 членаў. У 1926 годзе, да сённяшняга часу, прынята праз святое воднае хрышчэнне 197 чалавек. Дзейнічае 19 абшчын і каля 70 месц, дзе бываюць сходы”.
На гэтым з’ездзе наш зямляк быў абраны намеснікам старшыні прэзідыума Саюза славянскіх баптыстаў Польшчы. Наогул, у Брэсце тады праходзіла шмат розных з’ездаў, канферэнцый, сустрэч, якія арганізоўваў Лукаш Дзекуць-Малей. Ён арганізоўваў таксама агульнаасветніцкія, прафесійныя, агародніцкія і пчалярскія курсы. Для дзяцей-сірот стварыў прытулак. Яму належаць і першыя крокі на ніве перакладу. З 1920-га да 1924 года пераклаў на беларускую мову 17 рэлігійных брашур з польскай і рускай моў. Разам з Антонам Луцкевічам пераклаў на беларускую мову і выдаў “Новы Запавет і Псальмы”, а таксама Евангелле ад Лукі, Іаанна і Мацвея. Лукаш Дзекуць-Мацей перакладае на беларускую мову і малітоўнік, які пабачыў свет у 1942 годзе ў Мінску.
Шчыра сябраваў з Лукашом Дзекуць-Малеем і прадстаўнік беларускага касцёла метадыстаў Ян Пятроўскі (1905-2002). Я шмат гадоў з Пятроўскім перапісваўся, ён жыў у горадзе Гейнсвіл штата Фларыда. Успамінаючы пра Дзекуць-Малея, спадар Пятроўскі прыгадаў адзін выпадак: “Быў 1935 год. Аднойчы я наведаў вёсачку недалёка ад Дзярэчына. Да мяне падышла беларуская маладзіца і звярнулася з просьбаю:
— Брат Пятроўскі, — сказала яна. — Калі вы наведаеце нас яшчэ раз, то прывязіце мне евангельку , ды каб гэта рускую. Дзяўчына ад сціпласці апусціла вочы.
— Добра, сястра Зося. Калі змагу, то абавязкова прывязу.
Едучы адтуль дамоў, цэлую гадзіну думаў пра гэтую просьбу. На беларускай зямлі, беларуская жанчына просіць беларускага прапаведніка, каб ён прывёз ёй Евангелле на… расейскай мове! Праўдзівы выпадак. Пры наступнай сустрэчы я ёй сказаў:
— Выбачайце, сястра Зося, я прывёз вам Новы Запавет, але на беларускай мове — гэта ўсё, што я змог знайсці. Праз некалькі месяцаў, калі мы зноў сустрэліся, яна шчыра дзякавала, што некалі я ёй прывёз слова Божае на беларускай мове”.
А слова Божае да нашага народа даходзіла на роднай мове, дзякуючы перакладчыцкай дзейнасці Лукаша Дзекуць-Малея, які заўсёды аддана і шчыра служыў Богу і сваім людзям.
2005
Альбярцінец, які быў маршалкам Сейма Польшчы
Багата нашая Слонімшчына на таленавітых людзей. Але лёс многіх з іх склаўся так, што ўсё сваё свядомае жыццё яны пражылі ў іншых краінах свету. Пра многіх пры іх жыцці мы нават і не ведалі.
Асабліва шмат нашых землякоў жыве ў Польшчы. Нядаўна ўдалося адшукаць звесткі пра яшчэ аднаго знакамітага, але малавядомага нам слонімца — польскага палітыка, сацыёлага, публіцыста, доктара гуманітарных навук, прафесара Мікалая Казакевіча. Мікалай Казакевіч з 1989 да 1991 года быў маршалкам (спікерам парламента) Сейма Польшчы Х склікання, гэтак званага Кантрактнага Сейма.
Бацька нашага земляка быў родам з Віцебшчыны. Калі пачалася рэвалюцыя ў Расіі ў 1917 годзе, ён дабравольцам пайшоў у польскую пятую Сібірскую дывізію генерала Чумы, якая супрацоўнічала з арміяй адмірала Калчака. Ад Калчака старэйшы Казакевіч нават атрымаў Георгіеўскі крыж. А калі ў 1920 годзе бальшавікі занялі Сібір, бацьку Мікалая Казакевіча ўзялі ў палон. Як палонны ён працаваў у адным з сібірскіх атрадаў, які шукаў серабро. Праўда, праз год, у выніку абмену ваеннапалоннымі, сям’я Казакевіч прыехала ў Слонім.
У Сібіры ў Казакевіча закахалася дачка Аляксея Чудагашава, які быў кіраўніком хакаскага племені манголаў, праваслаўнага веравызнання. Але яе маці была з роду Янкоўскіх, ды яшчэ каталічкай. Сям’я Чудагашавых займалася конегадоўляй і гандлявала з суседнім Кітаем. Пляменнікі Чудагашавых умела палявалі на собаляў і мелі вялікі прыбытак. Адным словам, сям’я Чудагашавых была даволі багатай, а таксама ўсе падтрымлівалі дзейнасць і палітыку Калчака і не любілі бальшавікоў.
У Сібіры ў сям’і Казакевіч нарадзіліся дачка і сын. Усе яны разам за некалькі месяцаў дабраліся да Слоніма. А высакародны арыстакрат Войцех Пуслоўскі падараваў Казакевічам у Альбярціне ўчастак зямлі і даў мажлівасць на гэтым участку пабудаваць дом. Акрамя гэтага, яны адкрылі яшчэ ў Альбярціне сваю харчова-прамысловую краму, а таксама сам гаспадар — паручнік у адстаўцы — атрымліваў штомесячную кампенсацыю з войска. “Палякаў у Альбярціне было мала, — успамінаў пазней Мікалай Казакевіч, — а тыя, што тут жылі, часта паводзілі сябе ганарыста. Напрыклад, яны патрабавалі, каб беларусы з імі размаўлялі па-польску. Таму тут існаваў нейкі двухбаковы нацыянальны і палітычны канфлікт. Многія беларускія сяляне, як і нешматлікія яўрэі ў Альбярціне, падтрымлівалі Савецкі Саюз. Беларусы не вельмі любілі палякаў, але майго бацьку паважалі, бо ён ведаў рускую мову, якая была падобна на беларускую. Ды і ён не патрабаваў, каб беларусы з ім размаўлялі па-польску. Апрача гэтага, ён шчыра дапамагаў беларусам. Пісаў ім прашэнні і апеляцыі ў справах вызвалення з турмаў, арыштаў, штрафаў. Лічыў таксама, што польская дзяржава прымяняе ў адносінах да беларусаў неразумную і несправядлівую палітыку, што сама ўпіхвае іх у абдымкі камунізму...”.
У 1923 годзе ў Альбярціне ў сям’і Казакевічаў нараджаецца сын Мікалай. Дзяцінства хлопчыка прайшло ў Альбярціне сярод беларускіх, польскіх і яўрэйскіх дзяцей. Але ў 1929 годзе Казакевічы пераязджаюць у Слонім. Гэта было звязана найперш з тым, што старэйшая сястра Мікалая паступае ў ліцэй і штодзённа дзесяць кіламетраў дадому са Слоніма ў Альбярцін было дабірацца цяжка.
У Слоніме Казакевічы пабудавалі вялікі драўляны дом, а побач адкрылі новую манапольную краму. Ды і бацька Мікалая, як ваенны інвалід, атрымаў ліцэнзію на гандаль гарэлкаю і тытунём. І хоць большая палова жыхароў Слоніма ў той час аддавала перавагу самагонцы і самасейцы, вайскоўцы і чыноўнікі горада над Шчарай былі пастаяннымі кліентамі іх крамы і менавіта яны давалі прыбытак сям’і.
У краме гандлявала маці. За гэтыя гады яна вывучыла польскую і беларускую мовы. На якой мове пакупнікі ў краме да яе звярталіся, на такой яна ім і адказвала. Ды і сяброў у сям’і Казакевічаў у Слоніме з кожным годам павялічвалася.
Мікалай з братам былі католікі, а сястра — праваслаўная. Але бывала так, што на святы ўсе разам наведвалі і каталіцкія, і праваслаўныя слонімскім храмы. Адным словам, у Слоніме Казакевічам жылося вельмі добра. Але калі сястра скончыла ліцэй і паступіла ў Віленскі універсітэт, нашы землякі ў Слоніме ўсё прадалі і пераехалі ў Вільню, дзе купілі трохі зямлі і невялікі домік на скрыжаванні вуліц Пілсудскага і Наваградскай.”На гэтым участку, — успамінаў Мікалай Казакевіч, — бацька планаваў пабудаваць мураваны дом з магазінам, а ўдалося яму толькі памяняць плот і пабудаваць мураваную пральню з пракладзеным водаправодам, унітазам і праточнай вадою. Гэта быў першы ўнітаз у маім жыцці. Будова планавалася пачацца ў 1939 годзе, але ў снежні 1938 года бацькі раптоўна не стала. Ён памёр ад запалення лёгкіх”.
Пасля смерці бацькі, для сям’і Казакевічаў наступілі нялёгкія часы. Але дзеці паціху атрымлівалі адукацыю. Мікалай, пасля агульнай школы, вучыўся ў мужчынскім ліцэі імя караля Зыгмунда Аўгуста, а потым — у беларускай гімназіі.
Калі пачалася вайна, юнак быў моцна паранены. А калі паправіўся, працаваў фізічна на розных работах, а пасля вайны нават быў арыштаваны органамі НКВД. З кіпцюроў НКВД дапамог вызваліцца ягоны сябра.
У другой палове 40-х гадоў Казакевічы пераязджаюць у Польшчу і Мікалай паступае на філасофскі факультэт Варшаўскага універсітэта, які закончыў са ступенню магістра. Пасля абараніў доктарскую дысертацыю, стаў прафесарам.
У 1947 годзе наш зямляк уступае ў сялянскую партыю Стронніцтво людовэ, а пасля яе аб’яднання з партыяй З’едночонэ стронніцтво людовэ (ЗСЛ), быў яе сябрам і да канца яе дзейнасці (да 1989 года) прымаў актыўны удзел у партыйнай рабоце.
Падчас ваеннага становішча ў Польшчы Мікалай Казакевіч быў адным з заснавальнікаў і членам Прэзідыума Часовай краёвай рады Патрыятычнага руху нацыянальнага адраджэння Польшчы (1982-1983 г.г.). У 1985 годзе ўпершыню стаў дэпутатам Польскага Сейма. Быў намеснікам старшыні парламенцкай камісіі нацыянальнай адукацыі і моладзі, а таксама членам камісіі па навуцы і тэхнічнаму прагрэсу. У Сейме Х склікання (1989-1991 г.г.), выбраным згодна з рашэннем пагадненняў дасягнутых з дэмакратычнай апазіцыяй, выконваў абавязкі дэпутата ад партыі ЗСЛ, а пасля ад партыі Польске стронніцтво людовэ. З 4 ліпеня 1989 года быў спікерам парламента да датэрміновага яго роспуску. А ў 1991 годзе зноў абіраецца дэпутатам Сейма і прымае актыўны ўдзел у парламенцкіх камісіі замежных спраў, канстытуцыйнай камісіі Нацыянальнага Сходу, спецкамісіі па абмеркаванню праектаў канстытуцыйных законаў “Хартыя правоў і свабод”.
Наш зямляк у свой час актыўна прадстаўляў польскі парламент на міжнародным форуме як прадстаўнік дэлегацыі Сейма і Сената Рэспублікі Польшча ў Паўночнаатлантычнай Асамблеі. Ён уваходзіў у склад заснавальніцкай рады Народна-дэмакратычнай партыі Польшчы.
Спіс усіх палітычных пасад Мікалая Казакевіча можна яшчэ працягваць. Але акрамя палітыкі, наш зямляк з Альбярціна актыўна займаўся і навукай. Ён працаваў у аддзеле сацыялогіі Інстытута развіцця вёскі і сельскай гаспадаркі Польскай Акадэміі навук. Быў заснавальнікам Польскага педагагічнага таварыства і намеснікам старшыні Міжнароднай федэрацыі планавання сям’і Рэгіёна Еўропы. Мікалай Казакевіч напісаў і выдаў дзесяткі кніг па педагогіцы, філасофіі, выхаванню і сацыялогіі, а таксама кнігу парламенцкіх мемуараў “Быў я маршалкам кантрактнага...”. Навукова-папулярныя яго кнігі для моладзі і пра моладзь выдаваліся ў Варшаве, Жэневе, Рыме, Лондане і ў іншых гарадах свету.
Мікалая Казакевіча не стала ў 1998 годзе. Ён пахаваны ў Варшаве. Кожны раз пры жыцці, калі журналісты прасілі нашага земляка расказаць пра сваё жыццё, ён заўсёды прыгадваў родны Альбярцін 20-х — 30-х гадоў мінулага стагоддзя: “Альбярцін раскінуўся на пласкагор’і, якое апускалася з поўначы на поўдзень у напрамку невялікага возера. У гэтай частцы пасёлка знаходзіўся падобны на класічны палац графаў Пуслоўскіх. Яго фасад трохі напамінаў Палац на Вадзе ў Лазенках у Варшаве. Гэтую прыгожую сядзібу Пуслоўскіх акружаў намнога прыгажэйшы за яе ліставы парк. На другім канцы Альбярціна стаялі пабудовы кляштара айцоў езуітаў грэка-каталіцкага абраду. Белыя муры кляштара напаміналі казармы, але шматлікія і мілагучныя званы заўсёды пераконвалі, што гэта сакральны аб’ект і сядзіба яго слуг. Недалёка ад нашага дома на высокім падмурку стаяла драўляная каплічка каталіцкага касцёла. У нядзелю выразна быў чуваць ціхі звон, які заклікаў вернікаў на набажэнства. А штодзень апоўдні адбываўся арганізаваны манахамі канцэрт царкоўных званоў...”.
2005
Слонімшчына ў паэзіі Алега Лойкі
Бадай што ніхто з беларускіх паэтаў не прысвяціў столькі вершаў свайму роднаму гораду, бацькоўскаму кутку і землякам, як Алег Лойка. Нават Рыгор Барадулін разам з Еўдакіяй Лось і Пятрусём Броўкам не напісалі столькі паэтычных радкоў пра сваю Ушаччыну, сколькі Алег Лойка адзін пра слынны і старажытны Слонім і Слонімшчыну, з іх прыродай, працавітымі і мужнымі людзьмі, багатай гістарычнай спадчынай.
У 90-х гадах мінулага стагоддзя з-пад пяра паэта выйшлі тры паэмы і ўсе яны прысвечаныя Слонімшчыне. Драматызаваная паэма ў дзвюх дзеях “Развітанне з Радзімай” вяртае чытачоў у XVIII стагоддзе да польнага літоўскага пісара, а пасля гетмана Вялікага княства Літоўскага Міхала Казіміра Агінскага і яго пляменніка дыпламата і кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага. У 1775 годзе Міхал Казімір Агінскі прыехаў у Слонім, дзе пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, друкарню, заснаваў оперны тэатр і капэлу. Па яго ініцыятыве быў пабудаваны канал Агінскага. Гетман быў вельмі здольны музыкант і паэт. Выдаў “Гістарычныя і маральныя аповесці” (1782) і “Байкі і не-байкі”(1788). У Слоніме прайшло дзяцінства і яго пляменніка Міхала Клеафаса Агінскага:
Карціна наплывае на карціну,
Выразныя і ясныя без слоў.
Таму мо, што Агінскага дзяцінства,
Як і маё, у Слоніме прайшло.
(Зборнік “Задуменныя пералескі”. Мн.,1961.С.24).
Наогул, Алег Лойка да Агінскіх звяртаўся шмат разоў. Вязанку сваіх вершаў паэт прысвяціў чулліваму паланезу Агінскага “Развітанне з Радзімай”. Бо хто гэты музычны твор сёння не любіць?! Нават простыя гараджане і вяскоўцы:
Казала цётка Надзя,
Як цвіў вясёлы бэз,
Калі памру, хавайце
Мяне пад Паланез.
(Зборнік “Ушанаванне”. Слонім, 2001.С.181).
У драматызаванай паэме “Развітанне з Радзімай” падзеі адбываюцца ў канцы 1763 года (дзея першая), калі амаль год польны літоўскі пісар Міхал Казімір Агінскі знаходзіўся ў Пецярбурзе, дабіваючыся прыхільнасці маладой царыцы Расеі Кацярыны II. У палац ён прывёў і балетную трупу са Слоніма. Натхнёна і віртуозна іграе Агінскі на скрыпцы, але адчувае холад адчужэння царатворцаў, якія хутка пакідаюць залу.
Другая дзея адбываецца ў 1794 годзе — пад Мацеявіцамі. На поле бітвы пасля паражэння паўстанцаў, што змагаліся пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, сустракаюцца героі. Паэт цікава апісаў дыялог двух Агінскіх. У гэтым дыялозе гучыць горыч паражэння, але і надзея на будучае. Хор славіць здзейснянае князем Міхалам Казімірам Агінскім:
Віват канал, што Ясельду і Шчару
Звянчаў, як з прышласцю вянчаюць мару!..
І ў Слуцку тканым паясам віват,
І габеленам, Кракаў якім рад,
Мурам у Міры, Навагрудку, Гальшанах
З цагельняў, што багацяць у пашанах;
Віват дванаццаці на Шчары шлюзам,
Віват і Слонімскім, і Целяханскім музам;
Віват будаўніку, музыку і паэту!..
(Зборнік “Ушанаванне”. С.303).
Другую сваю паэму Алег Лойка напісаў пра Жыровічы, яна мае назву “Посах душы”. Вёска Жыровічы знаходзіцца кіламетраў дзесяць ад Слоніма. Цяпер тут дзейнічаюць праваслаўныя духоўныя акадэмія і семінарыя. Але Жыровічы вядомы яшчэ тым, што тут у XVI стагоддзі быў заснаваны манастыр базыліян з цэрквамі і семінарыяй. І сёння Жыровічы — гэта беларуская праваслаўная Мекка. Сюды з усіх куткоў свету спяшаюцца вернікі, спяшаюцца да жыровіцкай святыні з комплексам храмавых і манастырскіх пабудоў, што захаваліся да нашых дзён. Жыровіцкая святыня цікава не толькі як унікальны праваслаўны рэлігійны асяродак, але і як помнік архітэктуры і гісторыі, як сімвал складанага і нялёгкага лёсу беларусаў. А побач з Жыровічамі — струменіць святая крыніца. Кожны, хто бывае ў Жыровічах, абавязкова набірае з сабою вады з гэтай крыніцы. Алег Лойка з крыніцы і пачынае сваю Жыровіцкую паэму:
Стаяла ў лесе крыніца,
А ў крыніцы — вадзіца,
Над вадзіцай — груша,
Да грушы — душою рушу.
Рушу я да крыніцы —
Вады святое напіцца,
Рушу да светлае грушы —
Светла на грушу дзівіцца.
Між пастушкамі стану,
Малітву з сэрца дастану,
Пець, пакуль сілы хваціць,
Жыровіцкай Багамаці…
(Зборнік “Ушанаванне”. С. 240).
Паводле народнай легенды, у 1470 годзе на лясной дзікай грушы пастушкі знайшлі абразок. Абразок яны заняслі ў маёнтак Аляксандру Солтану. На тым святым месцы пабудавалі цэркаўку. А калі здарыўся пажар і цэркаўка згарэла, дзіўны абразок з’явіўся на камені недалёка ад крыніцы. На тым месцы быў пабудаваны новы храм. Цяпер там узвышаецца Яўленская царква. А абразок Жыровіцкай Божай Маці зберагаецца ва Ўспенскім саборы.
Алег Лойка ў сваёй паэме апісаў гісторыю Жыровіцкай святыні, склаў гімн Жыровічам. У абліччы Жыровіцкай Божай Маці , як піша Гіоргій Сіненка ў сваёй кнізе “Насуперак канону” (Мн.,1997.С.407-408) “праглядваецца ідэал беларускай жанчыны, які ўвабраў у сябе самыя прыцягальныя рысы нацыянальнага характару. Гэта не строгае аблічча святой Прамаці, якое глядзіць з іконы і заклікае да малітвы і пакаяння, а жывы вобраз беларускай жанчыны, азораны святлом красы і святасці, гэта — “Радзімы дух непарушны”, “Млечны наш Шлях прарочы!..” — пуцяводная зорка ў духоўным станаўленні і адраджэнні”.
Трэцюю паэму Алег Лойка назваў “На залатым перазове”:
Чыгуначныя перагоны,
Слаўны ваш светлы гон,
І я ў вас да ціхага скону
Ўлюбёны з маленчых дзён…
(Зборнік “Ушанаванне”. С. 268).
Паэма своеасаблівая і арыгінальная. Паэт едзе ў электрычцы з Зэльвы да Баранавічаў. І апісвае тыя станцыя, якія праязджае. Згадвае гісторыю станцый, асабліва слонімскіх, людзей якія там жылі ці жывуць, падзеі, якія там адбываліся. У раздзеле “На Азярніцкім паўстанку” Алег Лойка вёску Азярніца называе сталіцай, бо тут жыла ягоная сястрыца, а ў Грынках “прысела бульба —зеляніцца качкай, іду я з маці, маці ідзе з гачкай”. Пасля Грынкоў — Чамяры, дзе жыў паэт і партызан Анатоль Іверс, а за Чамярамі адразу пачынаецца Слонім, пасля Альбертын і г.д.
У 2002 годзе Алег Лойка напісаў шчымлівую паэму “Плач зямлі Слонімскай”, якая ўвайшла ў яго паэтычны зборнік “Плач зямлі” (Мн., 2004). Рэфрэнам праз усю паэму праходзяць радкі паэта:
Нікому ніколі не дадзена знаць,
Дзе нарадзіцца, дзе — сканаць.
Ды ведаю я, знаю,
Кім, дзе, калі сканаю,
Любячы край свой родны,
Што гіне беззваротна.
Ды ў ім, любым і лядачым,
Не ўзняць не магу галаву:
Пакуль жыву, плачу,
Плачу, пакуль жыву…
(Зборнік “Плач зямлі”. Мн., 2004. С.72).
Алег Лойка — паэт народна-слонімскі. Ён найбольш зразумелы нам, слонімцам. На Слонімшчыне яго ведаюць усе, нават тыя, хто ніколі ў жыцці не чытаў вершаў, хіба толькі ў школе. Тут у кожнай вёсцы ў яго ёсць сваякі і сябры. Пра лёс кожнага земляка Алег Антонавіч ведае ўсё, можа распавядаць суткамі цэлыя жыццёвыя гісторыі. І гэтыя гісторыі розныя: трагічныя, радасныя, шчаслівыя, смешныя. Паэма “Плач зямлі Слонімскай” — своеасаблівая гістарычная энцыклапедыя слонімскіх вёсак і яе жыхароў:
Азгінавічы, Сялявічы
Жылі, Бога сэрцам славячы;
Ламашы, Кастровічы
Жылі, суседзям наровячы;
Не зруселыя, не спольшчаныя,
Жылі Шышкі і Сянькоўшчына;
З Новадзевяткавіч Крэчыкі
Жылі, няпраўдзе пярэчылі,
Як і з Шундроў Маскалікі,
Што зуб ні на кога не скалілі;
Жылі, дзетак хрысцячы, жэнячы,
Міжэвічы, Харашэвічы,
Жылі, словы шчырыя мовячы,
Бы ў Якімавічах Якімовічы,
Бы ў Какошчыцах — Дабрыяны,
Рукавы закасаўшы старанна;
Талькаўскія негаротнікі,
Без борцяў шчыравалі Бортнікі;
Рыбнымі тонямі рышчучы,
Нараставічы шчыравалі, Рышчычы;
Жылі, жыць, дабрэць муселі,
Бы ў Лапухове Мукасеі…
Пілі не нарзан, рычэў не Тарзан, —
Іншая слава вілася:
З Васілевіч Пракоп — гучны партызан
І ахоўнік Сталіна Ўласік…
(Зборнік “Плач зямлі”. С.72-73).
Асноўны раздзел кнігі “Плач зямлі” склалі вершы Алега Лойкі, які ён прысвяціў сваёй жонцы Ліліі, з якой пражыў усё жыццё. Нядаўна яе не стала:
Гора маё ты, гора
Чарней усіх пячораў,
Глыбей, чым учора,
Гарчэй, чым пазаўчора…
(Зборнік “Плач зямлі”. С.47).
Сапраўды, Алег Антонавіч вельмі перажывае страту свайго любага чалавека — жонкі Ліліі. На ёй трымалася ўся гаспадарка ў доме на Віленскай вуліцы ў Слоніме. Я часта там бываў і бываю цяпер. Дом Алега Лойкі стаіць у прыгожым месцы. Адразу за агародам цячэ Шчара. А над Шчараю растуць бярозы і вербы. Тут заўсёды майму земляку добра пісалася і пішацца. Пра Шчару Алег Лойка напісаў дзесяткі вершаў. І вобраз сваёй Ліліі ён параўнаў нават з Шчараю:
Словы душу накалілі,
Жару — поўны прыпол…
Зямная, як Шчара, Ліля,
Ратуй мяне, як анёл!
(Зборнік “Плач зямлі”. С.45).
У другім вершы пра Шчару паэт прызнаецца:
І я рады, што зразумеў:
З гэтай радасцю — не таіцца,
Што я шчасце вялікае меў
Па-над Шчараю нарадзіцца!
(Зборнік “Плач зямлі”.С.17).
А ў вершы “Тут, над Шчарай” Алег Лойка марыць:
Я шчаслівы, што ўбачыў свет тут,
Ды пра большае шчасце я мару:
У апошні свой міг без пакут
На цябе пазіраць, Шчара!
(Зборнік “Неўміручасць”. Слонім, 2000. С.147).
Слонімшчыны прысутнічала ўжо ў першым зборніку паэта “На юначым шляху” (Мн., 1959). Вершы “Няхай славяцца”, “Дзед Ігнат”, “Ледзь скрыпнуў журавель”, “Бацькі”, “Юнак быў з-пад Слоніма родам” і іншыя з’яўляюцца доказам таго, што паэзія Алега Лойка ўжо тады, амаль паўстагоддзя назад, жывілася сокамі роднай зямлі, пачынала расці на ўрадлівай глебе народнай творчасці. І калі б ён больш нічога не напісаў, а толькі адну баладу “Юнак быў з-пад Слоніма родам”, гэтага хапіла б, каб майго земляка называць Паэтам з вялікай літары і друкаваць яго баладу ў розных хрэстаматыях. Дарэчы, балад, прысвечаных Слонімшчыне, у паэта шмат. Усе яны ўвайшлі ў зборнік “Балады вайны і міру” (Мн., 1988). Галоўная тэматычная аснова іх — асуджэнне вайны, насілля, сцвярджэнне гераізму, пачуццё Бацькаўшчыны і палымяная любоў да Слонімшчыны і яе гісторыі, а таксама да людзей. Гэта “Балада аб выратавальным”, “ Балада Дзеда Мароза”, “Балада пра Шчару”, “Балада шаснаццаці год”, “Балада пра неўзарваную гранату”. А “Баладу Сынковіцкай царквы” Алег Лойка прысвяціў нацыянальна-вызваленчаму паўстанню 1863 года. У канцы 1862 года, едучы са Слоніма ў Ваўкавыск, Кастусь Каліноўскі раскідваў трэці нумар “Мужыцкай праўды”. Трапілі гэтыя нумары і да жыхароў Сынковіч (вёска знаходзіцца якраз па дарозе):
Даць, даць!.. Ляцелі са званіцы,
Як птахі вольныя, лісткі
“Мужыцкай праўды” аб зямліцы,
Каб іх чыталі мужыкі.
(Зборнік “Балады вайны і міру”. Мн., 1988. С.139).
У трыпціху “Роднае” (Выбраныя творы ў 2-х тамах. Мн., 1992. Т.2. С.336), Алег Лойка сказаў: “Мае першыя святло, прастор і любоў — Слонім”. Тут паэт на Татарскай вуліцы нарадзіўся, на Зялёнай вуліцы жыў, на Чырвонаармескай — хадзіў у першую беларускую школу. І пра ўсе гэтыя вуліцы ў паэта напісаны вершы:
Я вырас на Зялёнай,
Дзе яблыні і вішні,
І маладыя клёны
Ля вербаў, зграбных, пышных…
Па самай жа галоўнай —
Па Чырвонаармейскай,
Слязою шчасця поўны,
Я нёс байцам пралескі!
(Зборнік “Грайна”. Мн., 1986. С.23).
На Чырвонаармейскай вуліцы (былой 3 Мая) да вайны ў невялікай хатцы жыў слынны беларускі паэт Гальяш Леўчык. Да яго ў 1939 годзе, едучы з Беластока ў Мінск, заязджаў Янка Купала. Ён, дарэчы, быў рэдактарам першай кніжкі Гальяша Леўчыка “Чыжык беларускі” (Вільня, 1912). Старыя сябры сустрэліся, паабедалі ў Першым беларускім рэстаране і Купала на сваім “шаўрале” паехаў па вуліцы Маставой на Мінск. Цяпер вуліца Маставая носіць імя Янкі Купалы. Алег Лойка так і назваў свой верш “На вуліцы Янкі Купалы ў Слоніме”. А пачынаецца ён радкамі, у якіх любоў да роднага горада шчыра асветлена памяццю пра вялікага паэта:
Родны мой горад, спрадвечны горад,
Памяць чыя глыбей, чым твая?..
Дай скалынуць твае радасці, гора,
Дай перажыць іх з табой удвая!
Дай, прывярні тыя дні, тыя хвілі,
Госцем калі тут Купала быў:
Вулкі твае яго не забылі,
І ён жа іх, пэўна, нідзе не забыў.
Чуў ты біццё яго сэрца, горад,
Хвалямі Шчары думы ўздымаў:
Усю Беларусь абдымаўшы, як мора,
Ён і цябе, горад мой, абдымаў…
(Зборнік “Грайна”. С.12-13).
Гальяш Леўчык загінуў у 1944 годзе ў Варшаве. Разам з паэтам вайна знішчыла і яго варшаўскую кватэру і вялікі беларускі архіў, які ён збіраў усё сваё жыццё. Нібы працягам верша пра вуліцу Янкі Купалы ў Слоніме з’яўляецца верша Алега Лойкі “На Маршалкоўскай пад Аркадамі”. Ён прысвечаны былым слонімцам, цяпер — варшавякам, якія раз у месяц — у сераду — збіраюцца ў Варшаве на Маршалкоўскай вуліцы і ўспамінаюць Слонім.
Родны горад і слонімцы гняздзяцца ў кожным паэтычным зборніку Алега Лойкі. Напісаны дзесяткі вершаў-прысвячэнняў землякам: Анатолю Іверсу, Валянціну Таўлаю, Янку Саламевічу, Міколу Арочку, скульптару Івану Міско, старшыні калгаса Антону Дабрэнку, настаўнікам, аднакласнікам. Сам Слонім ва ўяўленні і выяве паэта ў кожным вершы заўсёды раствараецца ў прыродзе, зліваецца ў гістарычных і экалагічных усведамленнях паэта. Гэта вершы шчырыя, добрыя, запамінальныя А інакш ён пра родны горад і пісаць не ўмее:
У зелені — бель камяніц, касцёлаў.
Уецца Шчара, бліскаючы срэбрам.
Спыніўшыся на ўзгорках, навакола
Лясы стаяць, падпёршы купал неба.
Я вырас, захапляючыся тут
Высокім небам, Шчары ціхім звонам,
Агністым сонцам, лесам задумёным,
Мурамі і людзей жыццём штодзённым,
І сэрцам палюбіў я гэты кут —
Цябе, мой старадаўні родны Слонім.
(Зборнік “Пралескі ў акопах”. Мн., 1987. С.11).
Паэт, які заўсёды жыў песняй
Напярэдадні 100-годдзя (27 жніўня 2006 года) беларускага паэта Сяргея Новіка-Пеюна дастаў з паліц свайго хатняга архіва цэлую папку яго пісем, выразак з газет, паштовак, лістоў з вершамі. Яшчэ раз усё перачытаў, пераглядзеў, успомніў гэтага мужнага, цярплівага, таленавітага і сціплага чалавека. Лісты Сяргей Міхайлавіч пісаў вялікія, шчырыя, сур’ёзныя. У пісьмах заўсёды мяне называў па-бацьку і на “вы”, а пры сустрэчах — на “ты” і проста па імені. На лістах абавязкова ставіў тры пячаткі: адна была з адваротным адрасам, на другой было напісана “Сяргей Міхайлавіч Новік-Пяюн г. Мінск”, а на трэцяй —былі словы “Сяргей Новік-Пяюн”. Вось некалькі радкоў з яго пісем: “25-га лістапада 1943 года па даносе правакатара мяне арыштавалі гестапаўцы і асудзілі на смерць за антыфашысцкую дзейнасць. Са слонімскага музея, дзе я працаваў і жыў, рабаўнікі пазабіралі ўсе мае рэчы і ў тым ліку маю мандаліну. Чакаючы смерці ў адзіночцы слонімскага астрогу, я стварыў песню “Мандаліначка” і “запісаў” яе ў памяці…” (з пісьма ад 18 жніўня 1988 года); “Я некалькі разоў званіў у рэдакцыю тыднёвіка “Беларускае тэлебачанне і радыё”, каб звярталіся да чытачоў па-беларуску “добры дзень”, а не па-польску “дзень добры”! Па-беларуску спярша стаіць прыметнік, а пасля імя, а па-польску наадварот: спярша — імя, а пасля — прыметнік. А рэдакцыя, хоць абяцала выправіць памылку, працягвае далей яе друкаваць. Яшчэ пішуць “раніцой”, хаця па-беларуску трэба “раніцай”. Ужываюць польскае слова “мажліва” замест беларускага “магчыма”, “па крайняй меры” замест беларускага слова “прынамсі”. Шмат памылак робяць і тыя, што выкладаюць на філфаку, псуюць беларускую мову…” (з пісьма ад 20 лістапада 1988 года).
Сябраваў я з Сяргеем Міхайлавічам шмат гадоў. Ён часта наведваў Слонім, дзе жыла яго сястра, заходзіў да мяне ў рэдакцыю раённай газеты, дзе я працаваў. А калі я бываў у Мінску — забягаў да яго ў маленькую аднапакаёўку на вуліцы Купрыянава. Пра што толькі ён мне не расказаў!.. Але найбольш любіў распавядаць пра Слонім, пра мастака Антона Карніцкага, 180 карцін якога вывезлі немцы ў Германію падчас Другой сусветнай вайны, пра гісторыка і краязнаўца Язэпа Стаброўскага, пра генерала Яўгена Леашэню і пра іншых землякоў. Часта паэт згадваў пра сустрэчу з Янкам Купалам у Слоніме ў 1939 годзе, калі пясняр вяртаўся з Беластока з народнага сходу. Тады Сяргей Новік-Пяюн працаваў у Слоніме інспектарам павятовага аддзела народнай асветы. 12 лістапада 1939 года да яго ў аддзел народнай асветы зайшоў чалавек, павітаўся, а пасля спытаў, дзе жыве Гальяш Леўчык. Сяргей Новік-Пяюн адразу пазнаў у госцю Янку Купалу. Яны разам паехалі ў хатку да Гальяша Леўчыка, там пагутарылі, а пасля машына, на якой прыехаў Янка Купала, прывезла іх у цэнтр горада. На развітанне Янка Купала ў блакноце Сяргея Новіка-Пеюна напісаў пару слоў: “Міламу Сяргею Пеюну падчас сустрэчы ў Слоніме. Янка Купала. 14.11.1939 г.”. Пра гэты выпадак Сяргей Міхайлавіч згадваў мне часта. Ён вельмі ганарыўся, што хоць раз у жыцці меў сустрэчу з песняром беларускага народа.
Яшчэ ў 1938 годзе ў Слоніме Сяргей Новік-Пяюн разам са сваёй жонкаю Людмілай пачалі выдаваць на польскай мове (на беларускай мове польскія ўлады не дазволілі) “Газету Слонімскую”. Гэта быў тыднёвік і выходзіў ён да верасня 1939 года…
Аднойчы я прыехаў да Сяргея Новіка-Пеюна ў Мінск, а ён адчыняе дзверы ў лагернай фуфайцы з нумарам на плячах. “Гэта мой сталінскі касцюм”, — сказаў Сяргей Міхайлавіч. А пасля сеў на табурэтку і ціха заспяваў свае славутыя “Зорачкі”:
Дні праходзяць, дні адходзяць, дні лятуць,
Быццам рэк бурлівых хвалі ўдаль бягуць.
Трэці год як на выгнанні ў чужыне
Трэба мучыцца душой і сэрцам мне…
(зборнік “Заўсёды з песняй”. Мн., 1984. С. 7).
З вачэй у паэта пакаціліся слёзы. Гэты выпадак памятаецца мне да сённяшніх дзён. Не верыцца, як змог выжыць Сяргей Новік-Пяюн у тых жыццёвых сітуацыях, у якіх ён бываў. Бо лёс яго не песціў. Пры Польшчы сядзеў у турме ў Баранавічах, у чэрвені 1941 года быў паранены, у 1943 годзе — арыштаваны слонімскім СД і асуджаны да пакарання смерцю. У турме захварэў на тыф. Хворага паэта немцы кінулі ў канцлагер Калдычэва, дзе крыху раней загінула яго жонка. А цешча з дзвюма ягонымі дочкамі ўцякла ў Польшчу, пасля чаго дзяцей сваіх Сяргей Міхайлавіч больш ніколі ў жыцці не бачыў.
4 ліпеня 1944 года немцы вялі вязняў на расстрэл. Сярод усіх быў і беларускі паэт. У час расстрэлу яго паранілі. Прыкінуўся мёртвым, а пасля схаваўся ў бліжэйшым лесе. Так застаўся жыць. А калі 10 ліпеня 1944 года савецкія войскі вызвалілі Слонім, Сяргей Новік-Пяюн пачаў працаваць тут дырэктарам мясцовага краязнаўчага музея. Але і гэта шчасце было нядоўгім. Вясною 1945 года без прад’яўлення яму ніякіх афіцыйных абвінавачванняў, паэт быў зноў арыштаваны органамі НКУС на 10 гадоў пазбаўлення волі. Этапам яго адправілі ў пасёлак Нэлькан у Якуцію:
Плывуць дні за днямі, як шэрыя хвалі.
Нам сніцца радзімага неба блакіт.
Пад сопкай мы многа сяброў пахавалі.
Тут снег нашай цёплай крывёю заліт.
Праз краты нам свецяць паўночныя зоры,
Бы шлюць прывітанне ад роднай зямлі.
Сярэбраны месяц схаваўся за горы,
І чорныя цені вакол заляглі…
(зборнік “Песні з-за кратаў”. Мн., 1993. С. 128-129).
У Беларусь Сяргей Новік-Пяюн вярнуўся ажно ў 1959 годзе. За плячыма ўжо былі 53 пражытыя гады, але трэба было пачынаць усё спачатку. Яго рэабілітавалі, а ў якасці “кампенсацыі” за гады, праведзеныя без віны ў турме, яму выдзелілі аднапакаёвую кватэру ў пяціпавярховым доме ў Мінску на вуліцы Купрыянава, 9 і датэрмінова прызначылі пенсію, залічыўшы год Калымы за два…
Сяргей Новік-Пяюн нарадзіўся ў вёсцы Лявонавічы Нясвіжскага раёна 27 жніўня 1906 года. Скончыў мясцовую рускую гімназію і беларускія настаўніцкія курсы ў Вільні. У 1926 годзе ў роднай вёсцы стварыў беларускі народны хор, які існуе да сённяшніх дзён. Як сказаў Алег Лойка ва ўступным слове да зборніка вершаў паэта “Заўсёды з песняй” (Мн., 1984. С. 4): “Душа юнака рвалася да песень, а песню глушылі”. Але заглушыць не змаглі. Бо паэт Сяргей Новік-Пяюн пісаў, спяваў і жыў. Жыў словам, песняй, любоўю да Бацькаўшчыны. Друкавацца ён пачаў ажно ў 1924 годзе ў заходне-беларускіх выданнях “Сын беларуса”, “Студэнцкая думка”, “Маланка”, “Сялянская ніва”, “Шлях моладзі”, Беларуская крыніца”, “Заранка” і іншых. З друку асобнымі кніжкамі пачалі выходіць яго драматычныя і вершаваныя творы “Ёлка Дзеда Мароза” (Вільня, 1927), “Пакой у наймы” (Вільня, 1927), “Цудоўная ноч” (Вільня, 1927), “Прадка пад крыжам” (Вільня, 1939), “Заўсёды з песняй” (Мн., 1984), “Зорачкі ясныя” (Мн., 1986), “Песні з-за кратаў” (Мн., 1993). У сваіх паэтычных кнігах Сяргей Новік-Пяюн пісаў пра тое, пра што сам перажыў у астрогах, лагерах і ссылках. Паэтычныя радкі яго прасякнуты пяшчотай да Бацькаўшчыны, верай у заўтрашні дзень:
Быць можа ў халоднай памру Калыме,
Сям’ю не пабачыўшы ў роднай больш хаце,
Я веру, мяне, песняра, ўспамяне
Не раз Беларусь — мая Маці.
Але ў маім сэрцы наяве і ў сне
Надзея святая таёмна крадзецца:
Да роднае Бацькаўшчыны, усё-ткі мне
Вярнуцца яшчэ давядзецца!
(зборнік “Песні з-за кратаў”, Мн., 1993. С. 114).
У 1966 годзе Сяргей Новік-Пяюн наладзіў цесныя літаратурныя сувязі з беларускім тыднёвікам “Ніва” у Беластоку, якія працягваліся аж да самай смерці паэта (памёр у 1994 годзе). У студзені і ліпені гэтага года ён друкуе вершы для дзяцей “Дзед Мароз”, “Вожык”, “Верабейчыкі” і апавяданне “Цешка”. Асабліва шмат паэтычных радкоў Сяргей Новік-Пяюн апублікаваў у “Ніве” у 1980-х гадах. Найперш гэта былі вершы пра родную прыроду, лясных і хатніх жывёл, а таксама ўспаміны пра гісторыка Язэпа Стаброўскага, паэта Гальяша Леўчыка і пра Ядвісю — гераіню Якуба Коласа, якая жыла ў Слоніме.
2006 год — гэта не толькі 100-годдзе з дня нараджэння Сяргея Новіка-Пеюна, але і 80-годдзе Лявонавіцкага народнага хору, які ён арганізаваў, і 85-годдзе яго літаратурнай творчасці. Таму памяць пра паэта ў народзе яшчэ жыве.
2006
Суперыёры і выкладчыкі ўсходняй місіі айцоў езуітаў у Альбярціне (1924-1942 гг.)
У выніку заключанай у сакавіку 1921 года Рыжскай дамовы паміж РСФСР і БССР з аднаго боку, і II Рэччу Паспалітай , з другога, шэраг этнічных беларускіх зямель увайшлі ў адміністрацыйныя межы Польскай дзяржавы. Каталіцкая царква была незадаволена фактам перабольшання на тэрыторыі ўходніх ваяводстваў насельніцтва праваслаўнага веравызнання, хаця былі яны пераважна патомкамі колішніх уніятаў, якіх адлучылі ад каталіцкага касцёлу сто гадоў таму. Ішлі гады, але пераход у каталіцызм стаў рэдкай з’явай у выніку мабілізацыі праваслаўнай царквы, адсутнасцю арганізаванай акцыі з боку католікаў, нежаданне многіх праваслаўных мяняць веравызнанне, што многімі ўспрымалася як здрада сваёй нацыянальнасці. Таму нарадзілася ідэя прыцягненне дысідэнтаў да касцельнага адзінства без змены абраду, пры захаванні моўных, культурных і бытавых адасобленасцей. Папа Пій XI у энцыкліцы Ecclesiam Dei з нагоды юбілею святога Язафата Кунцэвіча ў 1923 годзе паўторна звярнуўся да праваслаўных з заклікам вярнуцца да касцельнага адзінства, гарантуючы ім шанаванне свайго абраду. Тады падляшскі біскуп Генрык Пшаздзецкі запрапанаваў план стварэння прыходаў уніяцкага абраду, падпарадкаваных мясцовым лацінскім біскупам. Ён прапанаваў таксама, каб у рэалізацыю плана актыўна ўключыць Ордэн езуітаў. Пій XI план падтрымаў, а генерал Ордэна Уладзімір Ледухоўскі абавязаўся яго выканаць. Такім чынам узнікла “ўсходняе адгалінаванне” Таварыства Ісуса.
24 ліпеня 1924 года віленскі біскуп Юры Матулевіч выдаў дэкрэт аб утварэнні Альбярцінскай парафіі славяна-візантыйскага абраду. Альбярцін на той час быў пасёлкам і знаходзіўся недалёка ад Слоніма. Цяпер гэта — гарадскі мікрараён.
У траўні 1924 года ў Альбярціне з’явіліся першыя два айцы езуіты — а.Караль Буржуа і а.Міхал Маліноўскі, якія 4 лістапада заклалі пачатак усходняй місіі айцоў езуітаў сярод беларусаў.
Караль Буржуа (1887-1963) нарадзіўся ў Парыжы. Гэта быў першы неауніяцкі езуіт у Польшчы, а таксама ў Альбярціне. Тут ён працаваў з траўня 1924 да снежня 1925гадоў. Выконваў абавязкі кіраўніка місіі. Аб сваёй працы напісаў успаміны і надрукаваў у газеце “Etudes” (№ 191, 1927 год). Пасля Альбярціна працаваў настаўнікам французскай мовы ў Празе, у Эстоніі, а з 1950 года жыў сярод рускіх эмігрантаў у Сан-Паўлу ў Бразіліі, дзе і памёр.
Міхал Маліноўскі (1887-1942) вучыўся ў Пецярбургскай духоўнай семінарыі, быў прафесарам духоўнай семінарыі ў Вільні. У Альбярціне знаходзіўся з 1924 да 1927 гадоў. Пасля працаваў суперыёрам і мадэратарам Марыянскай садаліцыі ў Варшаве, Познані, Лодзі. У 1940 годзе быў арыштаваны немцамі і загінуў у канцлагеры ў Дахау.
Уладзіслаў Пуслоўскі, якому ў той час належаў Альбярцін, падтрымаў працу айцоў езуітаў, і ахвяраваў на гэтыя мэты свой будынак. Ён быў занядбаны, але езуіты абяцалі, што яны навядуць там парадак. Побач знаходзілася каплічка лацінскага абраду. А адзін з пакояў старога будынку пераабсталявалі пад каплічку ўсходняга абраду, у якой пачаў служыць а. Караль Буржуа. Айцец Міхал Маліноўскі ахапіў абслугаю каплічку лацінскага абраду. Наогул, альбярцінскія айцы належалі да розных нацыянальнасцей. Гэта былі немцы, палякі, чэхі, балгары, украінцы, французы, беларусы, румыны, славакі і іншыя. Але агульнай мэтай для іх была і засталася павага найперш да беларускага народа, сярод якога яны вялі сваю місійную дзейнасць.
У 1925 годзе сакратар генерала ордэна езуітаў Уладзімір Пянткевіч стаў протаігуменам адткрытага там манастыра. Але ў 1930-1932 гадах, як пісаў часопіс “Zlucennie”, супраць унійскае акцыі пачаліся прэсавыя кампаніі і перашкоды, маўляў, уніяты праводзяць русіфікацыю. “Трэба было бараніцца жывым словам і пяром, ездзіць да адзінак ураду на высокіх становішчах. Слабае здароўе протаігумена а.Пянткевіча не вытрымала гэтых фізічных і маральных цярпенняў. У сакавіку 1933 года было зложана яго цела на мясцовым магільніку пад соснамі” (Zlucennie. 1938, студзень. С. 9.). (Праўда, Уладзімір Пянткевіч яшчэ паспеў напісаць невялікую кніжачку на польскай мове “Праўда аб Альбярціне” і выдаць яе ў 1932 годзе ў Кракаве. У ёй ён даў грунтоўны адказ сп. Есьману з Бярдовіч (вёска на Слонімшчыне — С.Ч.) і каноніку Адаму Абрамовічу з Беластока, якія ўсюды пісалі і гаварылі, што нібыта дзейнасць уніяцкага руху ў Альбярціне праводзіцца на расейскай мове. Уладзімір Пянткевіч у “Праўдзе аб Альбярціне” пісаў: “Імправізуе тады і сп.Есьман ды расказвае, што пасля нашага пасялення на Слонімшчыне мы загадзя вырашылі, што як у набажэнствах, так і ў кантактах з усходнім насельніцтвам будзем пастаянна карыстацца выключна рускай мовай і ўсю прапаганду весці на ёй жа… Перш за ўсё хачу супакоіць чытачоў, што мы ніколі не прынялі для сябе такога неразумнага прынцыпу, які нашы крытыкі сілаю спрабуюць нам унушаць. Які ж быў бы сэнс і які ж дзіўны праект, каб уніяцкую працу ў Польшчы, ці хаця б нават на Слонімшчыне, весці выключна на рускай мове?! Які ж быў бы сэнс і проста вар’яцтва ў людзей, якія хаця не вучыліся уніяцкай працы ні ў рэдакцыі беластоцкай “Заранкі”, ні ў сп.Есьмана ў Бердавічах, аднак не зваліліся на крэсы з месяца і безнадзейна не страцілі пачуцця рэчаіснасці, каб не ведаць, што Слонімшчына і Навагрудчына — гэта не Калуга ці Вязьма, і не разумець, што уніяцкая акцыя на крэсах Польшчы — галоўным і першачарговым чынам, а ў пераважнай большасці выпадкаў нават выключна — мусіць весціся на беларускай і ўкраінскай мовах” (Piatkewiecz Wiadzimierz. Prawda o Albietynie. Krakow, 1932. С. 11. Пераклад Віталя Лубы).
Тым не менш, Альбярцін хутка атрымаў статус першага ў Заходняй Беларусі прыхода ўсходне-славянскага абраду, а ў 1926 годзе місія была зацверджана як навіцыят (установа для падрыхтоўкі да ўступлення ў сябры манаскага ордэна), які заснаваў свой філіял у вёсцы Сынковічы (гэта 15 кіламетраў ад Альбярціна), а Сынковіцкая крэпасць-царква стала цэнтрам прыхода ўсходне-славянскага абраду. У 1927-1931 гадах у Альбярцін прыбылі новыя групы навіцыяў, з ліку мясцовай беларускай і польскай моладзі; у канцы 1932 года тут прайшлі падрыхтоўку больш за 60 святароў, а манастыр у Альбярціне і філіял у Сынковічах мелі 25 місіянераў (Рэлігія і царква на Беларусі. Мн., 2001. С.13).
У 1927 годзе ў Альбярцін з Варшавы прыехалі Павел Мацэвіч і Эдвард Войтчак. А ў 1928 годзе на дапамогу альбярцінскім айцам быў пасланы француз Піліп дэ Рэжыс. Ён вельмі хутка вывучыў беларускую і польскія мовы. Працаваў соцыем майстра навіцыята і адміністратарам прыхода ў Альбярціне. У 1932 годзе стаў майстрам навіцыята і выкладчыкам візантыйска-славянскай літургіі. Праз год перавёўся ў Рым, а пасле пераехаў у Аргенціну, дзе ў 1955 годзе памёр у Буэнэс-Айрэсе.
Заслужаным уніяцкім дзеячам і арганізатарам усходняй місіі быў Антон Дуброўскі (Дамброўскі) (1896-1947). Нарадзіўся ён на Браслаўшчыне, вывучаў філасофію і багаслоўе ў Кракаве і ў Рыме, жыў і працаваў у Альбярціне. Спачатку духоўным айцом, потым — міністрам дому, соцыем магістра навіцыята і адміністратарам неауніяцкага прыхода, суперыёрам усходняй місіі, рэктарам і магістрам навіцыята ў Альбярціне. Шмат пісаў артыкулаў на тэму усходняй місіі і грэка-славянскага абраду, якія чыталіся на уніяцкіх кангрэсах.
У 1935 годзе ў Альбярцін прыехаў малады айцец Станіслаў Ласкі (1904-1944). Ігумен і майстар навіцыята адразу актыўна ўзяўся за працу. Ён пабудаваў царкву і касцёл лацінскага абраду ў Альбярціне, а таксама шырока займаўся публічнай дзейнасцю на карысць касцельнай уніі. У 1944 годзе яго арыштавалі ў Польшчы немцы і вывезлі ў канцлагер Маўтгаўзен, дзе Станіслаў Ласкі быў расстраляны.
Амерыканскі езуіт польскага паходжання Вальтэр Цішэк (1904-1984) быў місіянерам у Альбярціне з 1938 года. “Мая праца ў Альбярціне на дзве трэці была душпастырскай і на трэць настаўніцкай. Я выкладаў этыку маладым езуітам, якія вывучалі ў нашай місіі ўсходні абрад, і дзецям у школе — катэхізіс. Акрамя таго, быў вандроўным святаром, які наведваў у Альбярціне і навакольных вёсках сем’і, даючы ім парады, размаўляючы са старымі бабулямі і з хворымі, выконваючы тысячы дзеянняў, як і належыць душпастыру малога мястэчка. З-за таго, што нас у Альбярціне было мала, толькі трое святароў апрача начальніка а.Дамброўскага, і з-за таго, што я быў новапрыбылым чальцом, я атрымаў у спадчыну розныя дробныя павіннасці, якія звычайна выпадаюць на маладзейшага вікарыя”, — успамінае Вальтэр Цішэк у сваёй кнізе “З Богам у Расіі” (Варшава, 1990). У 1941 годзе ён быў рэпрэсіраваны. Памёр у ЗША.
Год аперырыем працаваў у Альбярціне і ў Жыровічах Тадэвуш Мацяёўскі (1912-1994), майстрам навіцыята ў Альбярціне — Стэфан Сакач (1890-1973), суперыёрам і міністрам з 1931 да 1936 гадоў — Антоні Зомбэк (1899-1989) і іншыя святары візантыйска-славянскага абраду. Іх дзейнасць і жыццё заслугоўваюць асобных манаграфій.
Згадваючы пра даваенны Альбярцін, нельга абмщнуць і яшчэ дзве яркія асобы — Антона Неманцэвіча (1893-1943) і Антоні Гжыбоўскага (1904-1943).
Антон Неманцэвіч скончыў Пецярбурскую каталіцкую духоўную акадэмію і папскі Усходні інстытут у Рыме, абараніў доктарскую дысертацыю. Выконваў святарскія абавязкі ў Альбярціне і пры уніяцкай парафіі ў Сынковічах. У 1932-1937 гадах рэдагаваў беларускі уніяцкі часопіс “Да злучэньня”. А ў 1938 годзе разам з Янам Урбанам выдаваў часопіс “Злучэньне”.
У 1940 годзе львоўскім мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім нелегальна быў зацверджаны Беларускі Экзархат Грэка-Каталіцкай царквы, кананічна пацверджаны праз год Ватыканам і ўзначалены Антонам Неманцэвічам. Беларускі Экзарх, як духоўны прадстаўнік беларускага народу, мог выступаць ад ягонага імя ў Ватыкане.
У траўні 1942 года айцец Неманцэвіч разам са сваімі паплечнікамі заснаваў Апостальства Малітвы за Беларусь. Гэта значыць, кожны грэка-каталіцкі святар абавязаўся адзін раз у месяц праводзіць службу, на якой маліўся за беларускі народ. Але ўжо праз тры месяцы Антона Неманцэвіча арыштоўваюць супрацоўнікі СД, вывозяць яго ў Мінск і там расстрэльваюць.
Трагічным аказаўся лёс у Альбярціне і айца Антоні Гжыбоўскага. Пасля Кракава і Любліна, дзе ён вывучаў філасофію і багаслоўе,
Малады святар прыехаў у Альбярцін і быў прызначаны рэктарам лацінскага касцёла. Калі на Слонімшчыну прыйшлі немцы, айцец Гжыбоўскі вельмі шмат дапамагаў яўрэем, беларусам, палякам. Гэта не падабалася савецкім партызанам. Яны пераапрануліся ў нямецкую форму і 20 кастрычніка 1943 года ноччу ўварваліся ў яго дом, разбудзілі і вывезлі ў лес недалёка ад Альбярціна. Там яго расстралялі і закапалі ў зямлю…
Рэпрэсіі нямецкіх і савецкіх уладаў і знішчэнне айцоў Неманцэвіча і Гжыбоўскага, спынілі езуіцкую дзейнасць у Альбярціне.
2006
Пра кнігу “Памяць”
Cвет пабачыла гістарычна-дакументальная кніга-хро¬ніка “Памяць. Слонімскі раён”. Многія слонімцы чакалі гэтае выданне вельмі шмат гадоў. Некалі нават планавалі пра наш раён выдаць эксперыментальнае двухтомнае выданне. Але яно так і не выйшла. Добра, што свет пабачыў хоць гэты салідны том, які налічвае ажно 750 старонак тэксту і фотаздымкаў.
Выданне пра нашу Слонімшчыну сапраўды унікальнае, падобнага раней не выходзіла. Тут ёсць што пачытаць. Уласна мне, як слонімцу і чалавеку, які цікавіцца гісторыяй і краязнаўствам, вельмі спадабаліся матэрыялы пра гі-сторыю населеных пунктаў Сло¬німскага раёна. Энцыклапедычныя звесткі пра кожную вёску проста захапляюць. Напрыклад, упершыню даведаўся, што Азяр¬ніца ўпамінаецца з 1478 года, Вецявічы — з XVI стагоддзя і г.д. І наогул многія вёскі на Слонім¬шчыне бяруць свой пачатак з XVI стагоддзя.
Вельмі грунтоўна і цікава адлюстравана на старонках “Памяці” гісторыя слонімскай педагагічнай думкі. Аказваецца, некалі ў Азярніцы, Дзевяткавічах, Дзераўной, Жыровічах, Кастровічах, Міжэвічах, Мялькана-вічах, Парэччы, Пасінічах, Шылавічах, Сасноўцы, Харашэвічах былі народныя вучылішчы. Гэтыя вучылішчы развівалі ў дзяцей цікавасць да ведаў, садзейнічалі пашырэнню пісьменнасці сярод беларускага народа, росту яго культуры.
Вельмі разнастайна паказана ў кнізе гісторыя аховы здароўя нашага краю, гісторыя развіцця прамысловасці Слонімшчыны.
Значная частка кнігі прысвечана перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Прыводзяцца ў кнізе спі¬сы партызан, падпольшчыкаў, воінаў Чырвонай Арміі, мірных жыхароў, якія загінулі ў 1941–1945 гадах. Вельмі добра, што “Памяць” і яе складальнікі не абышлі ўвагай і ахвяр палітыч¬ных рэпрэсій, хоць спіс гэтых прозвішчаў далёка не поўны.
Каштоўнымі ў гэтым выданні з’яўляюцца старыя дакументы розных гадоў і стагоддзяў. Гэта разнастайныя запісы, загады, лісты, пастановы, скаргі жыхароў Слонімшчыны XVI–XVIII стагод¬дзяў, успаміны пра жахі апошняй вайны.
Тым не менш, як гэта ні крыў¬дна, слонімская “Памяць” паводле свайго духу і зместу атрымалася бальшавіцка-савецкім выданнем. Хто ж, напрыклад, ён — Валяр’ян Багамолаў, што ў такім салідным выданні яму адведзена амаль дзве старонкі тэксту? Ніхто з нашых слынных слонімцаў не заслужыў столькі радкоў, а вось прадстаўнік рускай бальшавіцкай ваеннай арганізацыі, нейкі прайдзісвет, якога шукала ўся паліцыя Расіі, — Багамолаў — калі ласка. І клічка ў яго была Чорт. Ды і якое ён дачыненне мае да зямлі слонімскай? Зусім ніякага.
Бальшавікам у кнізе адведзена месца шмат, і ўсе яны амаль што героі нашай зямлі. Вядома, гэта наша гісторыя і ад яе нікуды не падзенешся. Але хапіла б пра іх толькі нейкай згадкі, бо былі і застаюцца сотні імёнаў, падзей, фактаў, больш значных для гісторыі Слонімшчыны, чым тыя, што трапілі ў кнігу.
Мне думаецца, што заслужыў значна больш радкоў і нават здымка наш нацыянальны герой Міхал (але чаму ў кнізе Міхаіл?) Валовіч, чым той Багамолаў, ці нейкі Волах, ці Куніца і да іх падобныя.
Цяпер давайце пагартаем кнігу і паглядзім больш аб’ектыўна на тыя ці іншыя публікацыі. Усё-такі мала ўвайшло ў кнігу матэрыялаў пра Жыровічы. У цэлым у “Памяці” амаль не расказваецца пра гісторыю розных рэлігійных канфесій на Слонімшчыне. А Слонім спакон вякоў быў горадам шматнацыянальным і шматканфесій¬ным. Гэта павінны былі быць асобныя артыкулы пра права¬слаўных, каталікоў, уніятаў, мусульманаў, евангелістаў і г.д.
З 1927 да 1943 года ў Альбярціне дзейнічала беларуская уніяцкая царква, якой кіраваў Антон Неманцэвіч, выходзіў з 1938 года часопіс “Да злучэньня”. Антона Неманцэвіча ў 1943 годзе немцы закатавалі ў берлін¬скай турме, а уніяты раз’ехаліся па ўсім свеце. Пра гэта ў кнізе няма ні слова, як няма ні слова і пра слонімскія мусульманскія святыні.
Вялікія раздзелы павінны былі быць і пра Пуслоўскіх, Агінскіх, Слізняў. Яны стваралі гісторыю Слонімшчыны. Калі пра Агінскіх трохі згадваецца, дык пра Пуслоўскіх — амаль нічога. А гэта быў вялікі род, і з XVII стагоддзя на працягу некалькіх вякоў Пуслоўскіх ведалі ва ўсёй Еўропе. Войцех Пуслоўскі быў нават слонімскім дэпутатам у Літоўскім Трыбунале, а Зыгмунд Пуслоўскі — вялікім калекцыянерам і мецэнатам. Але ў слонімскай “Памяці” пра іх — маўчанне.
Сціпла напісана пра Слонім¬шчыну ў перыяд першай сусветнай вайны. Пры згадванні камсамольцаў 20–30-ых гадоў трэба было ўспамянуць і Леаніда Бялькевіча (Леаніда Клёна), які пісаў вершы.
Адзін з раздзелаў “Памяці” пры¬свечаны знакамітым і вядомым слонімцам, якія дасягнулі пэўных поспехаў у навуцы, спорце, культуры і літаратуры. Шчыра кажучы, амаль палова сло¬німцаў не згадваецца. Сярод іх — дзесяткі акцёраў і музыкантаў, якія працавалі ў тэатры Агінскага. Не прыгадваецца і наш зямляк кампазітар Уладзімір Дарохін, які жыве ў Мінску. Ён з’яўляецца сябрам Беларускага Саюза кампазітараў, заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі, узначальвае кафедру кампазіцыі Акадэміі музыкі.
Няма згадкі і пра яшчэ аднаго наша знакамітага музыканта і спевака Аркадзя Валадося (нарадзіўся ў вёсцы Какошчычы), які жыве ў Парыжы. Славуты на ўсю Еўропу барытон, ён выступаў і выступае на сцэнах многіх тэатраў свету, у тым ліку і ў Беларусі. Забыліся складальнікі і пра сло¬німскага артыста кіно і тэатра Уладзіміра Антоніка, які жыве ў Маскве. Не згадваецца і польскі кінарэжысёр Збігнеў Хмялеўскі, які нарадзіўся ў Слоніме, а ў 1948 годзе з бацькамі пераехаў у Польшчу. Ён зняў шмат мастацкіх фільмаў, жыве ў Лодзі. Забыліся складальнікі і пра яшчэ аднаго вядомага земляка — чамяроўца Сцяпана Міско, беларускага мастацтвазнаўца і культуролага, кандыдата мастацтвазнаўства, аўтара шматлікіх артыкулаў, у тым ліку і кнігі “Школьны тэатр Беларусі (XVI–XVIII стст.)”
Недаравальна адказным за гэта выданне і тое, што не ўключылі ў кнігу звестак пра Жанну Міцкевіч (нар. у Слоніме ў 1947 г.) — кандыдата педагагічных навук, аўтара кніг па педагогіцы; Аляксея Таўлая (нар. у вёсцы Ганькі ў 1938 г.) — кандыдата філасофскіх навук, педагога, аўтара некалькіх манаграфій і навуковых прац; Антаніну Шалемаву (нар. у Слоніме ў 1953 г.) — кандыдата філалагічных навук, педагога, аўтара некалькіх кніг; Паўла Лойку (нар. у Слоніме ў 1958 г.) — кандыдата гістарыч¬ных навук, аўтара многіх прац і кніг па гісторыі Беларусі; Марыю Ярмаловіч (нар. у Жыровічах у 1942 г.) — кандыдата педагагіч¬ных навук, аўтара шматлікіх кніг па педагогіцы; Ніну Здановіч (нар. у Слоніме ў 1959 г.) — беларускага археолага і культуролага, аўтара кніг па гісторыі Беларусі; Галіну Каспяровіч ( нар. у Кастровічах у 1947 г.) — кандыдата філасофскіх навук, дацэнта, якая даследуе праблемы гнасеалогіі, філасофіі культуры, чалавека і свядомасці. Не трапіў у кнігу і настаўнік Новадзевяткавіцкай СШ Васіль Ракуць — аўтар шмат¬лікіх кніг, даведнікаў, падруч¬нікаў па гісторыі Беларусі. А па яго кнігах пра гісторыю Беларусі вучацца ўсе дзеткі нашай рэспублікі.
Ёсць у “Памяці” раздзел “Дзяржаўныя дзеячы”, куды ўвайшлі нашы землякі Мальцаў, Харужык, Чавус. Але чамусьці адсутнічае яшчэ адзін наш зямляк з Альбярціна — Валянцін Шухно. Валянцін Міхайлавіч цяпер з’яў-ляецца старшынёю Камітэта па каштоўных паперах РБ. Пасада даволі сур’ёзная, але пра земляка ў Слоніме забыліся. Па-за “Памяццю” засталіся і многія знакамітыя слонімскія палякі, яўрэі, татары, якія жылі і цяпер жывуць у іншых краінах свету. Наогул тэма “Сло¬німцы ў свеце” поўнасцю адсутнічае на старонках гэтага выдання.
Няма ў кнізе даследавання вайсковых злучэнняў, якія спакон веку базаваліся ў нашым гора¬дзе. А ў цэлым Слонім — горад вайскоўцаў (польскіх, француз¬скіх, нямецкіх, савецкіх, беларускіх). Пра гэта і трэба пісаць, бо гэта таксама гісторыя нашага горада.
Адсутнічае ў “Памяці” і даследчы артыкул пра гісторыю слонім¬скай прэсы. А за трыста апошніх гадоў у нашым горадзе выхо¬дзіла вельмі шмат цікавых газет і часопісаў, а не толькі адна газета “За перамогу камунізму”.
Гэтым артыкулам я не хачу нікога пакрыўдзіць, асабліва тых, хто сапраўды шмат зрабіў дзеля выхаду слонімскай “Памяці”. Тым не менш крыўдна, што мно¬гія слонімскія чыноўнікі і мін¬скія навукоўцы да цяперашняга часу хварэюць на амнезію. Да простых людзей з-за гэтай хваробы так і не дайшла праўда пра гісторыю зямлі слонімскай і яе знакамітых людзей.
2004
Кніга пра слонімскую “сядзібу музаў”
Вялікі гетман літоўскі, слонімскі староста і мецэнат Міхал Казімір Агінскі (1730-1800) вярнуўся ў Слонім у 1775 годзе. Тут ён пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, друкарню, заснаваў тэатр. У тэатры працавалі прафесійныя італьянскія, нямецкія, польскія і беларускія спевакі, хор і балет. Балетная трупа была падрыхтавана ў Слонімскай балетнай школе. Усе сцэнічныя паказы суправаджаліся Слонімскай капэлай Агінскага. А ў 1770-1780-я гады пры тэатры існавала музычная школа.
Міхал Казімір Агінскі быў яшчэ здольным музыкантам-віртуозам. Ён пісаў музычныя і літаратурныя творы. У сваёй слонімскай друкарні гетман выдаў “Гістарычныя і маральныя аповесці” і “Байкі і не-байкі”, а таксама іншыя ўласныя творы.
Пра жыццё і дзейнасць Міхала Казіміра Агінскага ў Польшчы, Беларусі і ў Расіі напісана шмат. Але самай, бадай, грунтоўнай і поўнай манаграфіяй пра Агінскага з’яўляецца кніга Анджэя Цеханавецкага “Міхал Казімір Агінскі і яго “сядзіба музаў” у Слоніме”. Упершыню яна пабачыла свет на нямецкай мове ў Кёльне ў 1961 годзе. На беларускую мову кнігу пераклаў Уладзімір Сакалоўскі.
З першым яе беларускамоўным выданнем (тыраж быў 7 тысяч асобнікаў) чытачы пазнаёміліся ў 1993 годзе. Кніга хутка разышлася. І вось нядаўна ў пачатку 2006 года ў выдавецтве “Про Хрысто” кніга Анджэя Цеханавецкага ў перакладзе Уладзіміра Сакалоўскага зноў прыйшла да тых, хто цікавіцца гісторыяй сваёй Бацькаўшчыны. Новае выданне значна адрозніваецца ад папярэдняга, як па зместу так і па знешнему выгляду. У першым беларускамоўным выданні кнігі “Міхал Казімір Агінскі і яго “сядзіба музаў” у Слоніме” некаторыя спасылкі былі моцна скарочаныя, а іншыя зусім не ўвайшлі ў кнігу, што не дазваляла поўнасцю прасачыць па тэксту тое, аб чым хацеў расказаць аўтар, а найперш выявіць ролю слонімскага прыдворнага тэатра Агінскага на Беларусі, асабліва ў параўнанні з еўрапейскімі тэатрамі таго часу (музычнымі рэзідэнцыямі Вялікага княства Літоўскага, Польшчы, Германіі, Італіі і іншых дзяржаў) як па колькасці і па таленту артыстаў і спявакоў, так і па іх выканаўчай дзейнасці. Новае выданне амаль ідэнтычна арыгіналу (пераклад зроблены з нямецкай мовы), яно лепш і паўней раскрывае сувязі тэатра Агінскага ў Слоніме з тэатральным жыццём еўрапейскіх музычных двароў і вызначае яго месца ў культурным жыцці Еўропы. У новае выданне кнігі ўключаны ўсе спасылкі і яны перакладзены на беларускую мову з польскай, італьянскай, французскай і нямецкай моў, чаго не было ў першым выданні.
Амаль на 100 старонак павялічаны аб’ём кнігі і яна ўпершыню аздоблена арыгінальнымі фотаздымкамі, якія адлюстроўваюць жыццё і дзейнасць Міхала Казіміра Агінскага, Слонім у XVIII стагоддзі, узоры мануфактурных вырабаў фабрык Агінскага.
Кніга пра “сядзібу музаў” у Слоніма сапраўды ўнікальная. Як сказаў пра яе доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс, гэта гімн слонімскім музам. У прадмове да кнігі ён адзначыў, што “па колькасці выканаўцаў, па вышыні аплаты слонімскія аркестр і балет былі на ўзроўні або апярэджвалі каралеўскія ў Варшаве, радзівілаўскія ў Нясвіжы, княжацкія ў Вюртэмбергу, Бадэн-Бадэне і ў іншых нямецкіх, аўстрыйскіх і чэшскіх гарадах. Калі я чытаю ў кнізе, што слонімскі тэатр, які мог змясціць да дзвюх тысяч гледачоў, выконваў лепшыя творы замежных і айчынных аўтараў, што ён быў абсталяваны па апошняму слову тагачаснай тэхнікі, меў краўца, цырульніка і гардэробшчыкаў, якіх не было нават у Мангайме, што паркет тут націралі парафінам, а ў Мангайме не націралі, то міжволі лаўлю сябе на думцы, што Беларусь не была ў XVIII стагоддзі такой адсталай, як мы раней яе паказвалі, што яна і тады ўваходзіла ў Еўропу”.
Тэатр Агінскага ў Слоніме ў той час здзіўляў многіх. З кнігі Анджэя Цеханавецкага чытачы даведаюцца напрыклад, што збор нот твораў, што выконваліся на сцэне тэатра, уключаў 60 опер, 18 балетаў, 3 музычныя камедыі, 253 сімфоніі і больш за 460 іншых музычных твораў. У 1771 годзе функцыянаваў “плывучы тэатр” на баржах на Агінскім канале ў Слоніме. А “дом оперы” меў вялікую сцэну, прыстасаваную для паказаў любых барочных спектакляў, оперных і балетных, для выхаду вялікай колькасці спевакоў і статыстаў, для тэатральных баталій коннікаў і водных феерый (частка сцэны затаплялася вадой з канала і па ёй плавалі лодкі), для складаных дэкарацый, розных сцэнічных эфектаў. Тэхнічныя магчымасці сцэны дазвалялі паказваць і два фантаны, якія асвятляліся бенгальскімі агнямі.
У кнізе аўтар цікава распавядае пра слонімскія ансамблі і іх артыстаў, пра музычныя інструменты і рэпертуар, пра персанал тэатра, пра выдаткі на касцюмы артыстаў і г.д. Нават ёсць спіс цесляроў тэатра. А яшчэ, па звестках даследчыка, побач з тэатрам у 1765 годзе ў Слоніме пачала дзейнічаць першая кавярня (“кафенхаўс”). Гэта быў сапраўдны шыкоўны цагляны будынак, аздоблены ўнутры шаўковымі шпалерамі і гравюрамі на медзі. Посуд тут быў фаянсавы варшаўскай вытворчасці.
Вельмі каштоўнымі ў кнізе з’яўляюцца каментарыі ў якіх можна прачытаць кароткія біяграфіі тых людзей, якія жылі ў Слоніме і працавалі ў тэатры Агінскага, незвычайныя эпізоды з іх жыцця, у тым ліку і самога гетмана. Як толькі памёр Ж. Ж. Русо, Агінскі адразу адправіўся ў кабінет караля і сказаў: “Ваша міласць, памёр мой калега!”. Кароль палічыў, што гаворка ідзе пра польскага польнага гетмана Сасноўскага. “Не, — запярэчыў Агінскі, — я маю на ўвазе смерць Русо!”. Калі ж ён убачыў здзіўленне караля, то растлумачыў: “Бо Русо ж напісаў музыку да оперы “Le Devin du Village”. Я таксама пісаў лібрэта і музыку да операў, якія былі пастаўлены ў Слоніме. У гэтым сэнсе Русо — мой калега!”.
Кніга Анджэя Цеханавецкага пра Міхала Казіміра Агінскага і яго тэатр у Слоніме ў перакладзе Уладзіміра Сакалоўскага — гэта своеасаблівы помнік культуры не толькі зямлі слонімскай, але і Беларусі ў цэлым. Аўтар кнігі жыве ў Лондане. Ён скончыў Ягелонскі універсітэт у Кракаве, з’яўляецца ганаровым доктарам Белдзяржуніверсітэта.
2006
Італьянская каханка Агінскага
Знаўцы мастацтва адразу пазнаюць гэты партрэт славутага ўкраінскага і рускага жывапісца XVIII — пачатку XIX стагоддзяў Дзмітрыя Лявіцкага. На ім адлюстравана італьянская прымадонна Ганна Давія дэ Бернуцці. Карціна знаходзіцца ў Расійскай Дзяржаўнай Трацякоўскай галерэі ў Маскве.
Дзякуючы карціне Дзмітрыя Лявіцкага беларусы могуць сёння пазнаёміцца з вобразам той жанчыны, якая ў свой час спявала на сцэнах слонімскага тэатра Міхала Казіміра Агінскага і гродзенскага тэатра Тызенгаўза. А яшчэ гэтая прыдворная і таленавітая дама, куртызанка і авантурыстка вельмі любіла мужчын, асабліва таленавітых і багатых.
У 1776 годзе Ганна Давія дэ Бернуцці выступала ў Варшаве. Там яна пазнаёмілася з Міхалам Казімірам Агінскім. Тым больш, што гетман быў толькі на тры гады за яе старэйшы. Флірт паміж Ганнай і Міхалам скочыўся тым, што спявачка дала згоду выступаць на сцэне слонімскага тэатра і тры гады жыць у Слоніме. Было нават падпісана пісьмовае пагадненне ад 1 сакавіка 1777 года, дзе вялася размова і пра месячны заробак у 25 дукатаў з харчаваннем. Пра гэта згадвае і Анджэй Цеханавецкі ў сваёй кнізе “Michal Kazimierz Oginski und sein Musenhof zu Slonim”(Кёльн, 1961).
Спявачка прыехала ў Слонім і пачала працаваць у тэатры Агінскага. Але раптам, па невядомых сёння прычынах, пагадненне паміж Агінскім і Ганнай Давія дэ Бернуцці губляе сілу і спявачка вяртаецца летам 1777 года ў Варшаву, дзе выступае ў операх “Маляр, які закаханы ў сваю натуршчыцу” Грэтры і ў “Галантнай Патроне” Паісела. Пра яе апошнюю вельмі ўдалую ролю згадвалі яшчэ ў 1785 годзе.
З Варшавы прыдворная дама едзе ў Гродна, дзе яна знаёміцца са сваім равеснікам Антоніем Тызенгаўзам. Ён прапаноўвае ёй працу ў сваім Гродзенскім тэатры Тызенгаўза. І Ганна Давія дэ Бернуцці пагаджаецца. Пэўны час яна працуе ў Гродне, але ў 1781 годзе “першая спявачка оперы-буф і другая — сур’ёзнай оперы” едзе ў Санкт-Пецярбург, дзе мае вялікі сцэнічны поспех. І не толькі…
У горадзе на Няве спявачка знаёміцца з многімі вядомымі і багатымі асобамі. Адным з першых з кім пазнаёмілася Ганна быў мастак Дзмітрый Лявіцкі. Майстэрства яго як мастака характарызуецца лёгкасцю ў перадачы разнастайнасці душэўнага стану тых герояў, якіх ён ствараў. Глыбокая павага Лявіцкага да асобы чалавека адчувальна адбіваецца ў яго партрэтах. Поруч з тонкай натхнёнасцю, адзначанай пэндзлем мастака, ён быў здольны выразіць і менш глыбокі, а часам проста бяздушны ўнутраны свет сваёй мадэлі. Такім атрымаўся і партрэт Ганны Давія дэ Бернуцці, намаляваны мастаком маслам на палатне ў 1782 годзе.
У Санкт-Пецярбургу куртызанка і спакусніца становіцца каханкаю князя А.А.Безбародзька. За яе “каханне” князь траціць на Ганну вялікія грошы: ён плоціць ёй кожны месяц па 8 тысяч залатых рублёў. А калі спявачка едзе на адпачынак у Італію, то яе забяспечвае не толькі грашыма, але і каштоўнасцямі. Пра гэта даведалася Кацярына II і вельмі раззлавалася. За 24 гадзіны яна выслала красуню з Расіі.
Пасля Санкт-Пецярбурга Ганна Давія дэ Бернуцці зноў прыязджае ў Слонім і выступае на сцэне тэатра Агінскага. У спісах артыстаў капэлы Агінскага за 1785 год ёсць і яе прозвішча.
Час ад’езду Ганны Давія дэ Бернуцці з нашай дзяржавы застаецца невядомы. Ва ўсякім выпадку ў 1792 годзе спакусніца-артыстка ўжо жыве і выступае ў Неапалі. Але ўжо не як спявачка, а як камедыйная артыстка. Яна пражыла 78 гадоў і ў яе жыцці было што і каго ўспомніць.
2005
Польская артыстка жыла ў Жыровічах
Даўно хачу сустрэцца і зрабіць інтэрв’ю з папулярнаю польскаю артысткай, спявачкай і танцоркай Алінай Яноўскай-Заблоцкай, ці проста Алінай Яноўскай. Такая мажлівасць, здавалася, адбудзецца на мінулым тыдні. Калі прыехаў у Польшчу, адразу набраў яе варшаўскі нумар тэлефона.
— Дзень добры! Слухаю вас! — павітаўся мужчынскі голас на другім канцы проваду.
— Я хачу пагутарыць з пані Яноўскай.
— А хто яе пытае? — пацікавіўся мужчынскі голас.
— Яе пытае зямляк са Слоніма…
— О, гэта цікава! Пані Яноўская была б вельмі рада. Каля Слоніма ў Жыровічах прайшло яе дзяцінства. Але пані Яноўскай дома няма. Яна цяпер занятая на здымках шматсерыйнага тэлевізійнага фільма “Златапольскія”, дзе яна іграе ролю Элеаноры Габрыель. І каб з ёю сустрэцца, трэба загадзя дамаўляцца пра сустрэчу.
Трубку класці і развітвацца я не спяшаўся. Тым больш што суразмоўцам аказаўся сын артысткі, які замест маці адказаў на некаторыя пытанні.
Сапраўды, Аліна Яноўская да 14 гадоў жыла з бацькамі ў Жыровічах. Яе бацька да верасня 1939 года працаваў у Жыровічах дырэктарам ляснога ліцэя.
“Прыкладам ва ўсім для мяне быў мой тата. І праведзеныя гады з ім побач у Жыровічах былі для мяне самымі шчаслівымі. Я ўсё жыццё памятаю каскад сажалак са стронгай і карпамі, дзе мы любілі плаваць на байдарках. А таксама памятаецца цудоўны батанічны сад, прыгожы лес вакол Жыровічаў. Усё гэта ўплывала на фармаванне маіх будучых артыстычных схільнасцей. Але лёс мне, на вялікі жаль, даў кароткае дзяцінства”, — так любіць згадваць Слонімшчыну перад сваімі дзецьмі і ўнукамі 82-гадовая польская артыстка.
Калі ў Заходнюю Беларусь прыйшла савецкая ўлада, Яноўскія, баючыся арыштаў НКУС, выехалі ў Варшаву. Сям’я пасялілася недалёка ад палаца вядомага графскага роду Браніцкіх. З Браніцкімі Яноўскія былі ў добрых адносінах. Аліна ўладкавалася на працу ў сад. Яна дапамагала таксама арганізоўваць у палацы розныя вечары, сустрэчы, канцэрты і сама ў іх удзельнічала. Калі немцы захапілі Варшаву, гестапаўцы пасадзілі Аліну на 9 месяцаў у турму за тое, што аднойчы дзяўчына стукнула рукой у твар аднаго з акупантаў. А ў час варшаўскага паўстання Аліна Яноўская была сувязной.
Пасля вайны Аліна скончыла артыстычную школу ў Лодзі, выступала ў дзяржаўным тэатры, які ўзначальваў Юліян Тувім, а таксама ў іншых тэатрах, на эстрадзе і ў кабарэ. Яна цудоўна парадзіравала зорак эстрады Марлен Дзітрых і Дыяну Рос.
З 1947 года Аліна пачала здымацца ў кіно, сыграла сотні розных роляў. Старэйшы беларускі глядач добра памятае польскі фільм “Лялька”, дзе наша зямлячка сыграла ролю пані Кжэшоўскай.
Два гады таму Аліна Яноўская адзначыла сваё 80-годдзе. Урачыстасць з гэтай нагоды адбылася ў Польскім тэатры ў Варшаве. Павіншаваць знакамітую артыстку прыйшлі жонка польскага прэзідэнта Квасьнеўскага, маршалак Сейма, міністры, палітыкі, дзеячы культуры і літаратуры. На юбілейнай вечарыне пані Яноўская сказала: “Я не марыла, не вучылася, я проста нарадзілася быць артысткаю. Асабліва люблю выступаць на эстрадзе, бо лёгка магу кантактаваць з публікай. Вельмі люблю сучасную моладзь. І не старэю сама, бо па-ранейшаму танцую, іграю ў тэніс, езджу на лыжах, плаваю, займаюся пінг-понгам, верхавой яздой і гімнастыкай”.
Некалі, пасля таго, як Яноўскія з Жыровічаў прыехалі ў Варшаву, маці Аліны спявала ў Варшаўскай аперэце. Брат Вітольд быў мастаком-графікам, прафесарам Гданьскай акадэміі мастацтаваў. А сын Аліны Яноўскай — Міхал Заблоцкі — вядомы польскі паэт.
2005
Век так не будзе
Міжнароднае агенцтва “Еўразійскі маніторынг”, куды уваходзяць сацыёлагі з Беларусі, Казахстана, Расіі і Украіны, даследавалі фобіі грамадзян чатырох краін. Выявілася, што 23% беларусаў заявілі, што ў іх выклікаюць страх дыктатура і рэпрэсіі. Па маштабах гэтай фобіі мы апярэдзілі ўсіх — і расіян, і казахаў, і украінцаў.
Рэпрэсіі наш народ і наша мова церпяць ужо некалькі стагоддзяў. Асабліва дасталося беларусам ад рэпрэсій у ХХ стагоддзі.
Далёка не будзем хадзіць, а давайце адсочым, як працавала рэпрэсійная машина, напрыклад, на слонімскай зямлі. Асабліва шмат гора і бяды зведалі слонімцы падчас сталіншчыны. Па стане на 7 кастрычніка 1939 года органы НКУС БССР у заходніх абласцях нашай рэспублікі арыштавалі больш за 2,7 тысячы чалавек. Галоўным чынам рэпрэсавалі былых чыноўнікаў польскай адміністрацыі, прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі, тых, хто меў шмат зямлі і каго называлі памешчыкамі і кулакамі, хто прайшоў школу Саюза беларускай моладзі.
5 снежня 1939 года была прынята пастанова па пытанні высялення з заходніх абласцей асаднікаў і работнікаў абласной вартавой аховы.
Паводле слонімскай кнігі “Памяць”, да вайны і пасля вайны рэпрэсавалі каля 300 чалавек са Слоніма, але гэтую лічбу трэба павялічыць у 10 разоў, з кожнай слонімскай вёскі забіралі на Калыму і Варкуту па 20–50 чалавек. Арышты адбываліся штодзённа. Вёска Басіны Дзеравянчыцкага сельсавета вельмі пацярпела ад вайны, а пасля рэпрэсій увогуле перастала існаваць. Больш за палову жыхароў вёскі Заводны Лес таксама былі вывезены.
Многіх арыштаваных у 1930–1953 гадах беспадстаўна расстралялі, многія загінулі ў месцах зняволення. Лёс тысячы нашых землякоў невядомы да сённяшніх дзён.
Ахвярамі палітычных рэпрэсій сталі многія слонімскія дзеячы культуры, літаратуры, педагогікі, навукі. У другой палове 1933 года беспадстаўна абвінавацілі ў арганізацыі антысавецкага цэнтра, “заснаванага для аддзялення Беларусі ад СССР на карысць Польшчы”, палітыка, педагога і вучонага з Чамяроў Максіма Бурсевіча. 9 студзеня 1934 года яго асудзілі да вышэйшай меры пакарання, якую замянілі 10 гадамі зняволення. Пакаранне наш зямляк адбываў на Салаўках і на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. 9 кастрычніка 1937 года тройка УНКУС па Ленінградскай вобласці Максіма Бурсевіча асудзіла да расстрэлу. 3 лістапада 1937 года прысуд выканалі. І толькі ў 1956 годзе М. Бурсевіча пасмяротна апраўдалі па абодвух прысудах.
У 1930 годзе рэпрэсавалі вядомага беларускага педагога, мовазнаўца, інспектара Наркамата асветы БССР Янку Бялькевіча з вёскі Варонічы. На Беларусь ён так і не вярнуўся і памёр у 1960 годзе ў Азова-Чарнаморскім краі. Пасля смерці Янкі Бялькевіча жонка і сын вучонага асобнай кнігай выдалі яго вялікую працу — “Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны”.
Беларускі паэт Сяргей Дарожны і яўрэйскі крытык і публіцыст Хацкель Дунец нарадзіліся ў Слоніме. У 1936 годзе яны таксама трапілі ў хвалю рэпрэсій. Сяргей Дарожны абвінавачваўся ў падрыхтоўцы ўзброенага замаху на першага сакратара ЦК КП(б)Б М.Гікалу, пра якога ён збіраў матэрыялы для кнігі. Слонімскі паэт адбываў пакаранне на Далёкім Усходзе, будаваў Камсамольск-на-Амуры, дзе і загінуў 19 ліпеня 1943 года, не дачакаўшыся вызвалення. Па хадайніцтве сястры ў 1957 годзе яго рэабілітавалі і аднавілі ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў.
Хацкель Дунец зняволенне адбываў ва ухтпячорскіх лагерах. А 29 кастрычніка 1937 года яго расстралялі ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1967 годзе.
Фізік з вёскі Хадзявічы Мітрафан Тамільчык пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта працаваў выкладчыкам у Беларускім політэхнічным інстытуце. У 1938 годзе яго арыштавалі і расстралялі.
Сталінскія рэпрэсіі не абмінулі і Чамяры. У верасні 1939 года арышты пачаліся і тут. Спачатку выклікалі ў Касцянёўскі сельсавет двух чамяроўскіх хлопцаў — Антона Міско і Гаўрыла Чыгрына. Яны бясследна прапалі. У лістападзе 1939 года арыштавалі Якуба Міско і двух яго родных братоў Васіля і Івана. Пра тое, што рабілася ў гэты час у Чамярах, хадзілі розныя чуткі. Але чуткі чуткамі, а Васіля і Івана Міско ў 1940 годзе засудзілі на восем гадоў турмы. Праўда, Якубу пашанцавала: з турмы ён напісаў пісьмо П.К. Панамарэнку, які даў каманду “разобраться по существу”. Дзякуй Богу, разабраліся, і Якуб Міско (пісьменнік, журналіст, публіцыст) апынуўся на волі.
Толькі ніхто “не разабраўся” з лёсам яго братоў. Пад канец 1944 года землякі атрымалі першае пісьмо ад Івана са сталінскіх лагераў з Комі АССР. А ў 1948 годзе, адбыўшы за нішто васьмігадовае зняволенне, ён вярнуўся ў свае Чамяры. Іван і расказаў, што Васіль у 1941 годзе знямогся ад цяжкай працы, ад холаду і голаду, захварэў і памёр у Карэліі. А як пачалася вайна, то зняволеных, у тым ліку і Івана, адправілі ў Комі АССР на лесанарыхтоўкі. Пазней абодвух (Васіля пасмяротна) рэабілітавалі. Іван усё жыццё пражыў у родных Чамярах. Нялёгка было, бо хапала ўсяго: і здзекаў, і абразаў, і розных плётак начуўся ў свой адрас. Бо людзі не ведалі праўды. У 1989 годзе і яго не стала.
Не абмінулі рэпрэсіі і чамяроўскага палітыка, змагара і вязня польскіх турмаў (адсядзеў 7 гадоў, з іх некалькі гадоў у адзіночнай камеры №38 гродзенскай турмы) Аляксандра Багданчук. Пасля лагераў жыў у Томску, працаваў будаўніком. Ён удзельнічаў у паўстанні нарачанскіх сялян-рыбакоў у 1935 годзе і быў паранены. Дарэчы, Аляксандр Багданчук (тады — Стах) стаў для Максіма Танка прататыпам Грышкі — героя паэмы “Нарач”.
У траўні 1946 года чамяровец Міхась Чыгрын разам з Міхасём Ракевічам і Васілём Супруном стварылі ў Слоніме моладзевае беларускае патрыятычнае падполле пад канспірацыйнаю назваю “Чайка”. Дарэчы, Міхась Чыгрын вучыўся ў Чамяроўскай школе і ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі. А ў 1945 годзе стаў навучэнцам Жыровіцкага сельскагаспадарчага тэхнікума, дзе стварыў сярод навучэнцаў філію “Чайкі”. У чэрвені 1947 года яго арыштавалі органы МГБ. Быў асуджаны на 10 гадоў зняволення і 3 гады пазбаўлення правоў. Пакаранне адбываў у турмах Оршы і Баранавічаў і канцлагерах Інты. У Беларусь вярнуўся ў канцы 1980-х гадоў. Жыве ў Салігорску.
У 1947 годзе асудзілі на 25 гадоў няволі і Васіля Супруна — паэта, гісторыка, археолага. Праз 9 гадоў яго вызвалілі са зняццем падсуднасці. Вярнуўся ў родны Слонім, дзе, дзякаваць Богу, жыве і цяпер. За ўдзел у “Чайцы” былі рэпрэсаваны слонімцы Аляксандр Гардзейка, Іван Хомчык, Іван Тарасюк, Уладзімір Салавей, Міхась Ракевіч, Леакадзія Кавальчук, Аляксандр Жукоўскі, Ніна Карач, Надзея Дземідовіч. Надзея Дземідовіч пра жахі сталінскіх лагераў і сваё жыццё напісала ў кнізе “Век так ня будзе”, якая выйшла з друку ў Мінску ў 2002 годзе.
Моцна пацярпелі і прайшлі сталінскія вязні ў 1940–50-х гадах удзельнікі слонімскай вучнёўскай антысавецкай арганізацыі “Польскі падпольны камітэт” Юры Татарэўскі, Зэтэк Жамойда і іншыя.
У полымі сталінскіх рэпрэсій загінула шмат слонімскіх святароў розных рэлігійных канфесій. У 1937 годзе расстралялі наглядчыка Жыровіцкага духоўнага вучылішча Пятра Палянскага і настаяцеля Жыровіцкага манастыра айца Ціхана Шарапава. Архімандрыт Серафім Шахмуць быў насельнікам Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. Яго арыштавалі ў верасні 1944 года за тое, што ён у гады вайны выконваў абавязкі місіянера, адкрываў на тэрыторыі Усходняй Беларусі праваслаўныя храмы. Яму далі 5 гадоў сталінскіх лагераў, адкуль Серафім Шахмуць ужо не вярнуўся.
Спіс ахвяр рэпрэсій на слонімскай зямлі можна доўга працягваць. Бо сёння на Слонімшчыне амаль няма такой сям’і, якую не зачапілі рэпрэсіі акупантаў і дыктатараў. Але, як пісала Надзея Дземідовіч, век так не будзе.
2006