У лістападзе 1918 года паэма «Дванаццаць» з ілюстрацыямі Аненкова выйшла накладам 300 асобнікаў, які разышоўся па папярэдняй падпісцы. Выданне мела поспех і было выдадзена яшчэ 10 тысяч асобнікаў.

Аляксандр Блок

Дванаццаць

1.

Чорны вечар.
Белы снег.
Вецер, вецер!
Чалавека ганяе ў бег.
Вецер, вецер —
На ўсім божым свеце.

Круціць, вее вецер
Белы сняжок.
Пад сняжком — лядок.
Слізка, знямога —
Кожны ў бок
Скаўзае нябога.

Ад дому і да дому
Вяроўкі нацяг.
Там ды з надпісам сцяг:
"Ўся ўлада Ўстаноўчаму Сойму!"
Бабулька ў плачы, ў турбоце
Ня ўцяміць, што ў гэтай рабоце,
На што, нібы дыван
Такі вялізарны сцяг?
Анучаў, анучаў зрабілі б, мой пан,
А голыя ўсе, проста жах.

Бабулька, як курыца,
Сяк-так перакулілася з калдоб.
— Ох, Матачка-Матуліца!
— Ох, бальшавікі звядуць у гроб!

Вецер-каранне!
Не адстае і мароз!
І буржуй на крыжаванні
Затуліў каўнерам нос.

А гэта хто? З доўгімі косамі
Й славамі паўгалосымі:
— Эх, здраднікі!
Прапала Расія!
З пісьменных пан якісь —
Вітыя...

А вунь і з лахманамі
З-за гурбы бокам — стоп!..
Што невясёлы з намі,
Таварыш поп?

Помніш, як бывала,
Наперад пяліў брух
І крыжам ці мала
Быў ты ўсюды зух?

Вось пані у каракулі
З другою спатыкнулась:
— Ох, мы плакалі, плакалі...
Паслізнулась
І бах – расцягнулась!
Ай, ай!
Цягні, паднімай!

Вецер вясёлы
І злы, і рад,

Круціць падолы,
Дарожных косіць,
Каменчыць, носіць
Вялікі сцяг:
"Ўся ўлада Ўстаноўчаму Сойму!"
Й галасы даносіць:

...І ў нас сабралася плойма...
... Да гэтага дома
... Абсудзілі —
Пастанавілі...
На час па дзесяць, на ноч дваццаць пяць
І менш ні ад каго не браць.
...Ідзём спаць...

Позны вечар.
Пусцее вуліца.
Адзін бадзяга
Усё туліцца,
Ды свішча вецер...

Гэй, увага!
Падхадзі —
Пацалуемся...

Хлеба!
Што там? Глядзі!..
Адыйдзі!

Чорнае, чорнае неба.

Крыўда, ах, варыцца ў гарце...
У сэрцы кіпіць...
Чорная крыўда, усё на карце...

Таварыш! Гэй, быць
На варце!

2.

Гуляе вецер, снег робіць здзек,
Ідзе дванаццаць чалавек.

Рамені стрэльбаў праз прячо,
Вачом ад блеску балячо,

Цыгарка, шапка нібы камяк
Бракуе катаржны мо' знак

Эх, што ж? Бяз храста!
Свабода, свабода,

Тра-та-та!

Сцюдзёна, таварыша, сцюдзёна!

— А янка з Каськаю ў шынку...
— У панчосе керанкі ў скрутку!..

— А Янка стаў цяпер багат...
Быў Янка наш — а стаў салдат.

— Ну, Януш, ты такі, буржуй,
Маю папробуй, пацалуй!

Свабода, свабода,
Эх, эх, бяз храста
Каська з Янкам ля кута —
Што, што ля кута?

Тра-та-та!

Кругом — агні, агні, агні,
А цераз плечы рамяні...

Рэвалюцыйны дзяржэце шаг!
Не дрэмле вораг у сцянах!
Таварыш, гэй стрэльбу дзяржы, не трусь
Смальнем, гэй, кулю ў святую Русь –

У кандовую,
У хацяную,
У таўстазадую!
Эх, эх, бяз храста!

3.

Як пайшлі ды хлопцы нашы
Ў чырван-гвардыі служыць,
Ў чырван-гвардыі служыць, —
Голаў буйную злажыць!

Эх, ты, гора-горкае,
Мілае жыццё!
Паліто з апоркаю,
Аўстрыйскае ружжо!

Мы на гора ўсім буржуям
Свет пажарамі стурбуем
У крыві пажары – ай!
Божа, нас ты пажагнай!

4.

Снег круціць, фурман крычыць,
Янка з Каськаю ляціць.
Электрычны-жа ліхтарык
На аглобельцы...
Ай, ай, упадзі!..

Ён ў адзетку ды салдацкім
З нейкім выглядам вар'яцкім
Круціць, круціць чорны вус,
Уверх пакратавае
Ды пажартвае...

Вось дык Янка — гэта дуж!
Вось дык Янка — слова муж!
Каську-глупку абнімае
Загаваравае...

А яна задрала твар
І гарыць, гарыць, як жар...
Ах, ты, Кася, мая Кася...
Таўстамордзенькая...

5.

У цябе на шыі, Кася,
Ад нажа застаўся гак,
Пад грудзьмі таксама, Кася,
Не загоены пісак!

Эх, эх, пагуляй!
Ножкі — проста каравай!

Ў анталяжыках хадзіла —
Пахадзі ж ты, пахадзі!
З афіцэрамі блудзіла —
Паблудзі ж ты, паблудзі!

Эх, эх, паблудзі —
Сэрца стукнула, глядзі!

Помніш, Кася, афіцэра —
Ад нажа ён не ўцёк...
Ці не ўспомніла, халера?
Памяць з'ехала на бок?

Эх, эх, распрастай!
Ноч са мною каратай!

Гетры шэрыя насіла
Жэрла добры шакаляд,
З юнкерамі ўсё хадзіла —
А цяпер павёў салдат?

Эх, эх, саграшы!
Палягчэе на душы.

6.

Ізноў насустрач нясе ўгалёп
Фурман аж выпяліўшы лоб.

Стой! Стой! Андрэй, гэй, памагай!
Ты, Пётра, ззаду забягай!

Трах-тарарах-тах-тах-тах-тах!
І пыл да неба — проста жах!

Фурман ды з Янкай — драла даў...
Яшчэ страляй! Яшчэ прыдбаў!

Трах-тарарах! Ты будзеш знаць,
Як з дзеўкаю чужой гуляць...
.....
Уцёк, падлюга! Ну, пастой
Распраўлюсь заўтра я з табой!

А Каська дзе? Ды не жыва!
Наскрозь прабіта галава!

Што? задаволена? Маўчыш?
Ляжы на снезе, ты, ляжы ж...

Рэвалюцыйны дзяржэце шаг!
Не дрэмле вораг у сцянах!

7.

Ды ізноў ідуць дванаццаць,
Стрэльбы зноў цераз плячо.
Толькі беднаму забойцу
Штось у твары гарачо.

У радох не паспявае,
Семяніць ужо трушком,
Шыю хусткаю матае —
Толькі нешта ніпачом.

— Што, таварыш, невясёлы?
Што спалохаўся? Ага?!
— Што, Пятрук, развесіў полы?
Каські шкода, пустальга?

— Эх, сябэркі дарагія,
Гэту дзеўку я любіў,
Ночы п'яныя, даўгія
З ёю разам часта быў...

За мігучы блеск агнёвы
У ірдзяністых вачох,
З-за радзімачкі ружовай
Каля шыі на плячох,
Загубіў я, асіновы,
Эх, здзяржацца я не мог!..

— Ну, й завёў шэйна-катрынку,
Ці не баба ты, Пятрук?
Пэўне душу, як скарынку
Здумаў вывернуць? Ні гук:
Падраўняй, як трэба, спінку,
Будзь салдатам — нібы сук!

Захацеў мо' гэтта кія?
Будзем няньчыцца яшчэ?
Мо' часы цяпер такія?
Будуць шчэ і гарачэй!

І Пятрук замаруджвае
Запаспешаны свой шаг,

Галаву як-га раўняе
І вясёлы ў адзін мах

Эх, эх!
Ды пабавіцца не грэх!

Гэй, замкайце этажы,
Сёння будуць грабяжы!

Склепы несцеж адмыкай —
Гэй, галота, гэй — гуляй!

8.

Ох, ты, гора-горкае!
Мука нудная,
Ты смяротная!

Эх, сілачку
Пакашу, пакашу...

Эх, патылічку
Пачашу, пачашу...

Арбузенеткі
Палушчу, палушчу,

Ножык ценеткі
Ў ход пушчу, ды пушчу...

Уцякай, буржуй, здароўечкам!
Вып'ю кровачку,
За зазнобачку,
Чарнабровачку.

Адпачыванне вечнае дай ёй, ты, Пане!

Сумна!

9.

Застыла места, анямела,
І з вежы неўскай ані гук,
Жандара месца схаладзела —
Гуляй без водкі, гэй, Пятрук!

Стаіць буржуй на крыжаванні
І ў каўняры схаваўшы нос,
За ім, скруціўшыся дазвання
Дрыжыць сабака за свой лёс.

Стаіць буржуй, як пёс галодны
Стаіць знямелы, сам не свой,
І свет стары, як пёс безродны,
Стаіць за ім, праграўшы бой.

10.

Разгулялася нягода,
Нягода, нягода!
Чалавек нібы калода
За чатыры за шагі!

Снег то віхрам замяло,
То да неба падняло...

— Ох, завея, мілы Пане!
— Пётра! кідай мудраванне
Ад чаго ж цябе ўсцярог
Невядомы гэты Бог?
Несвядомы ты, як бачу,
Ты разваж сабе іначай —
Ці ж то рукі не ў крыві
Ды з-за Касінай любві?
— Шаг дзяржы рэвалюцыйны!
Вораг блізка ля хаціны!

Упярод, ўпярод, ўпярод,
Рабочы народ!

11.

І ідуць дванаццаць усе без бога
У вялікі свет.
Не шкада нічога,
Нікамутку звет...

Стрэльбы ўперад іх стальныя —
Вораг хоць і не відзён —
У завулачкі глухія,
Дзе мяцеліца, як сон.
Ды у гурбы снегавыя —
Страх нясуць... і страх і скон...

Ў вочы б'ецца
Чырван-сцяг

Раздаецца
Зважны шаг

Вось прачнецца
Вораг — ах...

Завея ім шыбае ў вочы
Дні і ночы
Напралёт...

Упярод, упярод
Рабочы народ!

12.

... Ўсё ідуць паважным шагам...
— Хто яшчэ там? Гэй, выходзь
Вецер то з чырвоным сцягам
Разгуляўся самаходзь.

Перад вочамі калдоба.
Хто ў калдобіне? Выходзь! —
Гэта псіная асоба
Йдзе — кульгоць сабе, кульгоць!

Адвяжыся, шалудзівы,
Я штыком паказычу!
Свет стары, як пёс паршывы,
Прападзі ты на ваччу!

...Скаліць зубы — воўк галодны
Хвост убраў, не адстае...
Пёс галодны, пёс бязродны
— Эй, адклікнісь, хто ідзе?

— Хто чырвоным маша сцягам?
— Цемра — хоць на воўка лезь!
Хто там ходзіць дробным шагам,
Захаваўшыся увесь?

Усё раўно цябе дастану
Лепш здавайся ты жыўцом!
Будзе дрэнна, эх, васпану —
Выхадзі — страляць пачнём.

Трах-тах-тах! І толькі рэха
Адклікаецца ў дамох
Ды завея доўгім смехам
Заліваецца ў снягох

Трах-тах-тах,
Трах-тах-тах...

Так ідуць паважным шагам.
Ззаду ў іх — галодны пёс,
Напярод — з крывавым сцягам,
Ў цме нявідны ні адкуль,
І захованы ад куль,
Ўсё ступою брыллянцістай,
Панад'снежнай, залацістай,
З рожаў белых, нібы слёз,
У вянку Ісус Хрыстос.