1
Вецер дзьмуў з нізоўя.
Парывісты, моцны, ён упіраўся ў шырокія грудзі Дзвіны, каламуціў ваду і сціскаў яе ў пругкія хвалі, быццам хацеў скарыць упартасць імклівай плыні. Рака крыўдавала, са злосцю кідала на берагі пеністыя хвалі, дыбілася і няспынна імкнулася наперад, насустрач ветру. Ён вар’яцеў яшчэ больш, а потым, бачачы, што не адолець яму ўпартай дзвінскай плыні, на момант сцішаўся і клаўся адпачыць на белыя пеністыя грабяні; у шархоткіх прырэчных вербалозах абуджалася ягоная спрадвечная жальба.
Гэты няясны спеў ветру чамусьці здаўся Сцепанідзе дужа падобны на нечы голас. Яна якраз думала пра сына, таропка выпрасталася, кінула макрую кашулю ў кошык, дзе ляжала выпаласканая бялізна, і азірнулася. На беразе нікога не было. «Памылілася. Здаецца ўсё».
3-за прырэчных вербалозаў вылецела чайка, убачыла на вадзе рыбіну, апусцілася ніжэй. Стрэчны вецер ударыў птушцы ў грудзі, прыціснуў да хваль: яна быццам застыла ў паветры, а потым цяжка, з натугай махаючы крыллямі, зноў набрала вышыню.
Правёўшы позіркам чайку, Сцепаніда яшчэ доўга стаяла нерухома, быццам па'крыўджаяая, забыўшыся на сваю працу, дзеля якой прышла на раку. На грабяні хвалі з’явілася невялікая картка, падобная на паштоўку. Сцепаніда памкнулася наперад, ледзь не ступіўшы ў ваду, і расчаравана спынілася. «Кляновы лісток гэта».
А лісток гойдала хваля. Часам ён знікаў у цёмнай вадзе і зноў з’яўляўся на карункавай белі грэбеня, адплываючы ўсё далей і далей. Скрозь хмары прабілася сонца, лісток засвяціўся яркай барвовасцю, і гэты водсвет уразіў Сцепаніду, балюча адгукнуўся ў яе сэрцы.
— Сцепаніда Рыгораўна-а-а!
Цяпер Сцепаніда не памылілася: яе сапраўды клікалі. Яна азірнулася. На высокім беразе стаяла дзяўчына з чорнай скураной сумкай цераз плячо. «Марылька! Паштарка наша».
Сцепанідзе вельмі падабалася гэтая зграбная, спакойная і не па гадах сур’ёзная дзяўчына. Амаль аднолькавы клопат у іх. Марылін бацька ваяваў у Германіі. Калі Марыля жыла ў вёсцы, лісты ад яго прыходзілі часта. Але за ўвесь час, што яна жыве ў Прыдзвінску,— Марыля прыехала сюды разам з маткай улетку, — ніякіх звестак ад бацькі не было. Яна пісала туды, дзе жылі раней, ніхто не адказваў, пісала да бацькі, паведамляючы новы адрас,— усё дарэмна, адказу не было. Гора, заўсёды не падобнае адно на адно, шмат у каго ў той час было аднолькавым.
3 вясны Сцепаніда таксама не атрымлівала ніякіх вестак ад свайго сына Петруся. Летась скончылася вайна. Пятрусь пісаў, што вораг разб'іты і што ён хутка прыедзе дадому. Але прайшла восень, зіма, а ён усё не ехаў і толькі слаў лісты, што абяцалі хуткую сустрэчу. Потым і гэтых лістоў не стала. Сцепаніду апанавала трывога. Муж яе загінуў пад Выбаргам. Цяпер невядома, што здарылася з Петрусём...
Марыля бегла, прытрымліваючы рукой паштарскую сумку, і яшчэ здалёк гукнула:
— Пісьмо, Сцепаніда Рыгораўна! Пісьмо прышло!..
Сцепаніда не магла сысці з месца: ногі быццам хто прыкаваў да зямлі. Не ступіўшы ніводнага кроку, яна толькі працягнула наперад рукі, каб хутчэй прыняць невядомую яшчэ вестку. Марыля падбегла, аддала ёй у рукі канверт.
У Марылі вялікія сінія вочы і валасы, нібы спелае жыта. Старэнькая, шмат дзе зацыраваная сукенка старанна адпрасавана.
— Ад бацькі мы таксама атрымалі, — прызналася Марыля. — Маці плача... А чаго? Бацька едзе дахаты, а яна ўплач... Радавацца трэба, праўда, цётачка?..
Марыля зірнула на Сцепаніду і змоўкла. Сцепаніда чытала пісьмо, і твар яе бялеў. Яна неяк сагнулася, быццам паніжэла, прысела на корч, што выкінула на прыбераг вясновая паводка. Ліст, наскора прачытаны, яна трымала ў руцэ, прыціскаючы да грудзей.
Марыля спалохана сачыла за тым, як дрыготка торгаюцца бровы Сцепаніды, як дрыжаць пальцы, маршчакаватыя і дужа белыя ад вады, нават сіняватыя трохі. «Мабыць з Петрусём што... А я рагачу...» Марыля села побач і асцярожна прытулілася да Сцепаніды. 3 рудога канверта, што Сцепаніда трымала ў руцэ, нядобрым, злым вокам глядзела на Марылю чорная пячатка.
— Гэта ж гора такое, дачушка. Без рукі ён... На міне падарваўся... А мне не пісаў. Матцы праўду баяўся сказаць... Сыночак мой, сыночак!..
Голас у Сцепаніды быў глухі, нейкі незнаёмы; цёплая яе слязіна апякла шчаку Марылі.
Над таполямі, што чародкай стаялі за ракой, выглянула няяркае ў тумане сонца.
Сцепаніда паднялася, схавала канверт у кішэню жакеціка.
— Трэба ж цягнуцца...
— Я дапамагу, Сцепаніда Рыгораўна.
Яны панеслі кошык з выпаласканай бялізнай удваіх. Дужка, зробленая з вузлаватай вяроўкі, балюча муляла далонь. Марыля трымала з усяе моцы, і ўсё ж на вуліцы, куды яны ўзняліся ад ракі пакручастай сцежкай, не ўтрымалася і, трохі саромячыся сваёй слабасці, папрасіла:
— Адпачнем трошкі...
Вуліца, што цягнулася па-над самым прыберагам, мала чым была падобна на гарадскую. Рудая ад пылу трава схавала неглыбокія каляіны, і вуліца нагадвала стаптаную восеньскую пожню. Худая, з бруднай жаўтаватай поўсцю каза пасвілася на ланцужку. Калі жывёліна матляла галавою, ланцужок звінеў, і маладыя кураняты, што грабліся на пясчанай выспачцы, спалохана квохкалі.
3-за цаглянай сцяны выйшла маленькая дзяўчынка. Яна спынілася, трохі пастаяла і зноў пайшла, але неяк няроўна, хістаючыся, закрыўшы твар рукамі. Ёй было можа гадоў дзесяць. Вялікія хлапчукоўскія чаравікі, насунутыя на босыя ногі, не пасавалі да новага шэрага плацейка.
— Ты чаго плачаш, дачушка? — запыталася Сцепаніда.— Пакрыўдзіў хто?..
Дзяўчынка апусціла рукі. Брудныя пісягі на шчоках скрывіліся, змоклыя павекі задрыжалі, і дзяўчынка зноў зайшлася ў плачы.
— Хто цябе пакрыўдзіў? — спагадліва запыталася і Марыля.
— Ка-арткі згубі-іла-ааа...
— Якія карткі?
— Хле-еебныя... на хлеб... Што ж цяпер будзе?!
— Не плач ты. Не плач! Неяк будзе, — Сцепаніда пагладзіла дзяўчыніку па галоўцы, пакорпалася ў кішэні свайго жакеціка і выцягнула карткі.— Можа гэтыя? Паглядзі...
Дзяўчынка перастала церці вочы, паглядзела на карткі і засмяялася скрозь слёзы.
— Ага, гэтыя... Ой, дзе вы іх знайшлі?..
Яна схапіла карткі і кінулася бегчы, потым азірнулася, памахала рукой і нешта казала, але што — не чуваць было.
Марыля разгубілася. Яна бачыла, што Сцепаніда аддала дзяўчынцы свае карткі. Месяц толькі што пачаўся, як жа яна жыць будзе? Ды яшчэ Пятрусь прыедзе са шпіталю...
Яны зноў пайшлі па вуліцы. Марыля ўвесь час адчувала сябе ў нечым вінаватай перад Сцепанідай, быццам гэтая жанчына зрабіла нешта такое, што магла і абавязана была зрабіць яна, Марыля. У Марылі не было пры сабе картак, і аддаць іх той дзяўчынцы яна не магла, але яна лаяла і папракала сябе за тое, чаму яна была толькі маўклівым сведкам, калі ратавалі чалавека ў бядзе. Чаму толькі сведкам?..
Дапамагаючы Сцепанідзе развешваць бялізну ля зямлянкі, Марыля ўвесь час думала пра гэта.
Зямлянка стаяла крыху воддаль ад вуліцы. Сцепаніда пабудавала яе ў апошні год вайны. За два гады дах зямлянкі асеў, цагляны задымлены комін асыпаўся. 3-пад зямлі павытыркаліся дошкі. Марыля пакратала вугал дошкі, запыталася, каб не маўчаць:
— Аполкамі, здаецца, абшывалі?
— Аполкамі.
— I мы таксама аполкамі. Але цяпло не трымаецца... Дрэннае гэта жыллё — зямлянка...
— Якое гэта жыллё, — махнула рукою Сцепаніда.
— Можа пазыку вам узяць ды будаваць хату?
— Не ўжо, дачушка. Калі з Петрусём што здарыцца, то няхай мяне ў гэтым сутарэнні і пахаваюць...
— Нашто ж гэтак! — шчыра зйгаварыла Марыля. — Пятрусь прыедзе, дык вы ў адзін год адбудуецеся...
— Каб жа словы твае спраўдзіліся. Усе мае думкі пра тое.
Яны ўсталі з прызбы. Марыля ўскінула сумку на плячо. Сцепаніда паспрабавала дапамагчы ёй і войкнула:
— А божухна!.. Цяжар які!..
— Не, што вы! Зусім няцяжка, падпісчыкаў пакуль малавата,— I спахапілася: — Ай-яй! Чуць не забыла: вам жа выклік яшчэ!
— Які выклік?
— Каб у выканком заўтра прышлі. — Марыля поркалася ў сумцы.— Дзе ж ён? А-а, вось, знайшла.
— Навошта я там спатрэбілася? — Сцепаніда нерашуча разгортвала акуратна складзеную паперку. — Можа пра Петруся што благое... Я дык гэтай паперы цяпер баюся...
— Што вы, цётачка! Кажуць, дзяржава дапамогу пацярпеўшым ад вайны аказвае. Можа што-небудзь і вам прызначаць?
Сцепаніда пакруціла галавой,
— Наўрад. Дзяцей малых у мяне няма... Вунь з дзецьімі колькі пагарэльцаў засталося...
— Многа, ой, як многа, — згадзілася Марыля, а сама думала пра іншае: як дапамагчы Сцепанідзе? Яна ведала, што Сцепаніда працуе ў краме вартаўніком. Які там заробак? А цяпер карткі аддала чужому дзіцяці... Можа свае ёй аддаць? Ды не возьме яна. Можа самой схадзіць у гарадскі аддзел гандлю і расказаць, як было ўсё?
Няхай дадуць новыя карткі...
Сцепаніда, нібы адгадала Марыліны думкі, папрасіла:
— Ты не бяры толькі нічога да галавы, дачушка. Заўтра да сваякоў на вёску паеду, харчоў прывязу... Ну, ідзі здарова.
Яна выцягнула з-пад дошкі невялічкі замочак, павесіла яго на клямку, не замыкаючы на ключ.
Рабілася гэта дзеля таго, каб кожны, хто падыйдзе да зямлянкі па якой патрэбе, ведаў: гаспадыні ў хаце няма.
Сцепаніда пайшла на вуліцу не адразу, яна пастаяла яшчэ трохі ля кляновай прысады. «Як жа гэта не пашанцавала Петрусю... На міне падарваўся. У партызанах быў — абмінула куля. Усю вайну прайшоў... І такое выпала... Неасцярожны! I ў маленстве быў такі...»
Думкі яе перакінуліся да напамінку, што прынесла паштарка. «Можа што важнае? Калі пра Петруся, дык павінен быў ваенкамат клікаць... Гэта праўду Марыля казала. Але ж...»
Дрэвы быццам прыслухоўваліся да яе думак — стаялі маўклівыя, панура працягвалі абабітыя, абламаныя галіны. Але было ў іх выглядзе нешта ўпартае і настойлівае. Сцепаніда пяшчотна пакратала шурпатую кару і сказала, нібы перад ёй быў жывы чалавек, якому можна даверыць сваё гора:
— Жывыя клёнікі. I гаспадыня жывая... А хаты мы свае не ўпільнавалі? Што ж мы Петрусю скажам, калі прыдзе?..
Быццам саромячыся папрокаў, што гучалі ў стомленым голасе Сцепаніды, паціху зашамацела шырокае ўзорыстае лісце. Яно дзе-ні-дзе набрыняла ўжо слабай барвовасцю.
Клёны ў Прыдзвінску рана ўбіраюцца ў чырвань.
2
Леапольд Фурс ішоў па вуліцы і прагна курыў. Гаркаваты дым папяросы не супакойваў, і думкі па-ранейшаму круціліся ў галаве, выклікаючы пачуццё незадаволенасці. Яго рыхтуюцца ашукаць! I хто? Марфа Мурзавецкая! Чалавек, якому ён гэтулькі зрабіў добрага, якому давяраў...
Праўда, пакуль што былі толькі здагадкі і падазронасць. Але для Фурса яны заўсёды мелі вялікую вагу. Намер Марфы ашукаць яго ён заўважыў даўно, нешта яшчэ зімой. Іх знаёмства пачалося, калі ён стаў працаваць у зеленгасе інжынерам. Да яго прышоў Сцяпан Мурзавецкі — муж Марфы — з просьбай дапамагчы прыдбаць лесу на хату. Сцяпан працаваў у зеленгасе шафёрам. Яны неяк хутка пасябравалі. У далейшым гэтае сяброўства замацавалася, і Фурс зрабіўся частым госцем у Мурзавецкіх.
У той час зеленгас атрымаў дазвол спілаваць трыста кубаметраў лесу на будаўніцтва гаспадарчых пабудоў. Замест аднаго будынка канторы пачалі будавацца два, і адзін з іх быў аформлены на Марфу. Рабілася гэта з тым разлікам, каб нікому не кідалася ў вочы, што інжынер будуе сабе ўласную хату. Фурс, згодна ўмовы, якую ён склаў з гаспадыняй употай, павінен быў атрымаць палавіну катэджа альбо кошт яе грашыма.
Але, абсталяваўшы палавіну хаты, Марфа спыніла ўсю далейшую працу. Даведаўшыся пра гэта, Фурс адчуў трывогу. Ён разлічваў, што к восені будаўніцтва будзе закончана, ён атрымае ад Марфы грошы і зможа паехаць з Прыдзвінска. Куды? На гэта ў яго меліся планы, якія ён нікому не выказваў.
Цяпер жа гэтыя планы парушаліся. Ен здагадваўся, што Марфа нечага хітруе. Сёння ранкам ён сустрэў чалавека, які працаваў на будаўніцтве хаты, і даведаўся, што яна правяла з рабочымі поўны разлік. «Нашто? Хоча адкласці разлік са мной? Але ж куды яна дзенецца, каб нават і захацела?..»
Збочыўшы ў завулачак, што вёў да Марфінай хаты, Фурс прыпыніўся. Адгалінаваўшыся ад вуліцы, сцежка ішла да маленькай нізіны, што хавалася сваім краем за пясчаным пагоркам. 3-за пагорка тырчэлі верхавіны старых вязаў. Некалі ў тым месцы было азярко, але з цягам часу яно зарасло і цяпер ад яго засталося маленькае вочка вады: улетку там цэлы дзень купаліся качкі і гусі.
Пад іх нястройныя пераклікі Фурс дайшоў да высокага, шчыльнага паркану, што абгароджваў сялібу з усіх бакоў. За парканам узвышаўся катэдж — на два ганкі з роўных сасновых бярвенняў, пад жалезным дахам. Брама была зачынена. Фурс доўга тупаў ля паркану, спрабаваў зазірнуць на панадворак, але не знайшоў ніводнай шчыліны.
Гэта яго раззлавала. Ён падышоў да брамы і разы са тры ўлупіў кулаком у гладкія жаўтаватыя дошкі. За плотам спачатку завішчэў, а потым забрахаў сабака. Потым пачуліся таласы. Брама адчынілася.
— Во-ооо! — Фурс сагнаў з твару незадаволенасць, і толькі вочы засталіся злоснымі і пакрыўджанымі.— Галавой б’юся аб гэты паркан, а гаспадыня і не чуе!.-
Марфа прыкмеціла злосны бляск яго вачэй, шырэй адчыніла брамку, замітусілася:
— Адразу пачула: стукаюць, — і замахнулася на сабаку: — Пайшоў вон адсюль! Не пазнаеш? Свае прышлі. — I зноў з ліслівасцю і робленай цеплынёй у голасе: — Гэта ж даўно вас і не відаць. Думаю, можа здарылася што ці змены якія...
— Ніякіх. У вас вось тут навіны: дошкамі вокны пазашывалі...
Па злоснай усмешцы, з якой гэта было сказана, Марфа зразумела настрой Фурса і цяпер думала, як супакоіць яго. Калі будаўніцтва толькі пачыналася, яна ахвотна падпісала ўмову з Фурсам. Яна і тады магла выплаціць Фурсу яго долю: грошы ў яе былі, але пабаялася. А цяпер, калі справа набліжалася да заканчэння, ёй стала яшчэ і шкада аддаваць грошы і яна пачала выкручвацца, спрабуючы знайсці нейкі выхад, каб ашукаць свайго супольніка. Да гэтага далучыўся і страх: суседзі пачалі са здзіўленнем паглядаць на скораснае і такое буйнае будаўніцтва.
— Свет цяпер такі, — сказала Марфа і ўздыхнула. — Зайздросцяць людзі, абгаворваюць: адкуль, маўляў, сродкі такія ўзяліся. Некаторыя кажуць: з крамы цягне. Каб жа ім дух заняло, калі я што бяру. Да вясны трэба пачакаць. Грошай у мяне цяпер няма... Нават у Тэклі пазычыла... — I гукнула ў бок хаты: — Сцяпа-аан!
У хаце ніхто не азваўся.
— Сцяпа-ааан! Аглух там, ці што?
— Бягу, бягу! — прагучала ў сенцах, і на ганак, як салдат па трывозе, выляцеў Сцяпан.
Фурс, як і заўсёды, калі бачыў рабскую пакорлівасць і баязлівасць Сцяпана перад жонкай, крыва ўсміхнуўся. Сцяпан жа заўсміхаўся шчыра, усім сваім круглым тварам выказваючы радасць: прыход Фурса азначаў, што жонка паставіць на стол пляшку гарэлкі.
— Сцяпан! — трохі мякчэй сказала Марфа. — Трэсак ускінь на прыпечак. Бачыш, госць да нас завітаў. 3 работы чалавек, стаміўся...
Марфа частавала Фурса шчодра, але насцярожанасць у яго не знікала. Ён піў мала, спрабуючы знайсці ў салодкай Марфінай гаворцы адказ на пытанне, што свідравала яму галаву. «Што яна задумала?» Схітраваў:
— Гэта правільна, што абсталёўваеш пакой. Грошы ў наш час драбяза...
— Во! А як жа! Маёмасць — у любы час каштуе, пры любой уладзе. — I хутка паправілася: — Пры любым выпадку. А што грошы?... Кажуць, іх памяняюць...
— Могуць. Могуць,— ён падсунуў бліжэй талерку з тонка нарэзанай вяндлінай і ўзяўся закусваць. — Могуць!
Фурс паспакайнеў. Няхітрыя Марфіны захады раптам адкрыліся яму, і ён адчуў, што Марфа проста баіцца яго. «Гэта добра, калі баіцца. Ашукаць не зможа»... Яму зрабілася смешна.
Падпіўшы, Сцяпан таксама пасмялеў, адабраў у Фурса пляшку і ўзяўся наліваць гарэлку. Марфа строга паглядзела на яго, але змаўчала.
3
Суботняй раніцай Сцепаніду апанаваў гаспадарчы клопат. Яна прыбрала ў зямлянцы, замачыла ў начоўках бялізну, ускінула на плечы каромысла і пайшла да ракі.
Ноччу быў першы прымаразак. Белая намаразь густа ляжала на прырэчнай лугавіне, быццам выпаў сухі і цвёрды снег. Пад нагамі рыпела, як у добры зімовы дзень. Вядро неяк гучней, чым звычайна, цмокнула, калі Сцепаніда выцягвала яго з вады, і здалося дужа цяжкім у гэтае ранне.
За сялібай Сцепаніды бульдозеры раўнавалі пустыр. Бразгат і гул асабліва выразна чуліся тут, ля ракі, і Сцепанідзе здалося, што сінявая паверхня вады, па якой разыходзіліся кругі, паціху дрыжыць і рэзкі сталёвы гул ідзе аднекуль з глыбіні, з цёмных рачных нетраў.
Ля зямлянкі яе чакаў Тарас Красантовіч, з якім сябраваў да вайны яе муж. Высокі, шырокі ў плячах, з буйнымі рысамі дабрадушнага і лагоднага твару, ён кінуўся ёй насустрач, узяў вёдры і панёс іх без каромысла. Ішоў ён наперадзе Сцепаніды шырокім, грузным крокам: вада плёскалася ў вёдрах, патроху вылівалася і, падаючы на зямлю, пакідала на белай намаразі няроўныя цёмныя плямкі.
— Зазірнуў у хаціну — няма гаспадыні.— Тарас прастуджана закашляўся і неяк вінаівата растлумачыў: — Табака благая, дзярэ глотку. На новае жыллё перабяруся — кіну, каб і дыму нават не было чуваць.
— Гаворыш толькі, — са смехам сказала Сцепаніда. — Летась тое ж самае казаў...
— Бач ты, запомніла... Ды я ж не спрачацца прышоў. Машына хутка падыдзе. Ці сабрана ў цябе?..
— Ай-яй! А я бялізну мыю. Як жа цяпер?
— Бяда вялікая... Начоўкі на машыну і — няхай едуць.
Упэўненасць, з якой гаварыў Тарас, крыху падбадзёрыла Сцепаніду.
На мінулым тыдні ў выканкоме, куды яна пайшла па выкліку, што прынесла Марыля, ёй далі ордэр на кватэру. Па плану рэканструкцыі горада на беразе ракі ў гэтую восень павінны былі закласці парк. Зямлянка Сцепаніды была якраз у яго межах. Ёй далі кватэру ў новым двухпавярховым будынку. Пакой добры. Ён быў размешчаны ў левым крыле будынка, і вокны яго выходзілі не на цэнтральную плошчу, а ў бок даваеннага парку, што цягнуўся па ўзвышшы да самай ракі. У той жа дзень, калі Сцепаніда аглядала пакой, яе сустрэў Тарас і паабяцаў дапамагчы перавезці рэчы.
Складаючы рэчы ў скрыню, якую Тарас прынёс сёння, Сцепаніда з удзячнасцю думала аб ім: «Добры чалавек Тарас! Ніколі благога слова ад яго не пачуеш». Прыгадала выпадак, аб якім гаварыла Марыля. Красантовіч дапамагаў па вечарах будаваць іх зямлянку летась. Марыліна маці памкнулася заплаціць за работу, але Тарас пакрыўдзіўся:
— Я ж па-суседску. Спатрэбіцца — мне дапаможаце.
I не ўзяў грошай.
Сцепаніда зняла з вузкага акенца фіранкі, паклала іх у скрыню. Неяк пасвятлела ад гэтага ў зямлянцы, але затое адразу стала бачна няўтульнаець маленькага сутарэння: адусюль неяк быццам больш пацягнула вільгаццю, пахам цвілі. Сцепаніда падышла да акенца, узяла ў рукі вазончык, асцярожна пакратала пукатыя з іголкамі лісцікі альвасу.
— Хутка ачуняеце ў цяпле ды на сонейку...
— Нашто гэты дзядоўнік табе? Выкінь,— сказаў Тарас і, убачыўшы, што Сцепанідзе не спадабаліся яго словы, паспешліва перавёў гаворку: — А кватэра твая выгодная будзе. Праца пад бокам, калі замерзнеш — дамоў бяжы, грэйся.
— А няўжо ж. Тут і без таго на тваіх вачах усё цягнуць...
— А хто гэта такі лоўкі?
Сцепаніда паглядзела на Тараса, быццам узважваючы, ці можна яму казаць.
— Ты ведаеш, дзіўна трохі... Я вартую краму, бо на дзвярах замок. А з другога боку, праз дзверы, што выходзяць на двор,— гандаль поўны. Нейкія людзі прыходзяць. Учора ажно з цёмным машына прыехала. Тры скрыні пагрузілі і павезлі.
— А што загадчыца? Скажы ёй...
— Дык яна ж гэта і робіць. Гаяворыць, удзень не ўпраўляецца. Можа і праўда. Народу поўна ўдзень бывае...
— А загадчыца хто?
— Мурзавецкая. Марфа Адамаўна. Кажуць, раней на базе была. Зволілі ці скарацілі. Не ведаю. Мая справа што? Вартуй!
— Во, во! Можаш так давартавацца, што самой адказваць прыдзецца...
— Ты нагаворыш... — Сцепаніда махнула рукой.
Потым зняла са сцяны вітрынку, у якой за шклом вісела шмат фотакартак, пажаўцелых ад часу. Была сярод іх адна, на якую глядзела яна кожны дзень. Сцепаніда пацерла шкло, змахваючы насеўшы пыл.
— Які ты цяпер, сынок? Схуднеў, ці ўсё такі ж? Га, Петрусёк?..
3 карткі глядзелі на Сцепаніду ўдумлівыя, крыху здзіўленыя вочы. Светлыя валасы, што крыху кучаравіліся, былі зачасаны назад, робячы твар хлопца незвычайна вясёлым. Бадзёры выгляд сына не супакоіў Сцепаніду: яна спахмурнела, і ад гэтага глыбейшымі сталі маршчыны на яе твары.
— Чаго бедаваць, Рыгораўна... — пачаў супакойваць яе Тарас.— Пятрусь жывы, хутка дадому прыедзе. Тут радавацца трэба, а ты...
На панадворку засігналіла машына. Тарас спахапіўся:
— Прыехалі! Клічуць, а мы тут раздабарваем!
Апроч шафёра, грузіць рэчы на машыну дапамагаў Віталь Какора — малады хлопец з хуткімі зеленаватымі вачыма: яны з Тарасам працавалі на адной будоўлі.
— А гэта што? — запытаўся ён у Сцепаніды, беручы з яе рук белы гаршчочак. — Вазоны нейкія?..
— Альвасік, сынок, альвасік. На лекі добра ідзе.
— Запаслівая гаспадыня, — пахваліў шафёр. — А тое, трынькі-брынькі, — ён пастукаў сагнутым у крук пальцам па горле. — Прыдбалі да наваселля?...
— Во, гэта лекі,— уставіў сваё слова Віталь. — Кветкі што? Паглядзеў, панюхаў і забыў. А возьмеш колькі разоў па «сто», ды зверху півам — і душа зацвіце, бы тая хрызантэма!
— Папружкай табе зверху, папружкай, — без злосці сказала Сцепаніда. — Хрызантэму гэткую...
Тарас стрымана зарагатаў.
3-за клёнаў прыпоўз да зямлянкі бульдозер. 3 кабіны выскачыў чарнавусы бульдазерыст. Запытаўся:
— Што тут у вас? Мне казалі яшчэ ўчора раўнаваць гэты куток.
— Можаш, можаш,— весела адказаў Тарас. Ён дастаў папяросу, прыкурыў, прастуджана закашляўся.— Ад такога жылля толькі хваробу людзі маюць. Раўняй! Толькі не зваліся, глыбокая зямлянка...
— Знайшлі чым палохаць, — бульдазерыст стаў на калені, зазірнуў праз дзверы ў зямлянку і засмяяўся: —Драбяза для нас гэта!
Ён падышоў да сваёй машыны, аглядзеў гусеніцы, потым узабраўся ў кабіну. Матор зароў. Бульдозер крануўся з месца. Цьмяна заблішчаў таўсты сталёвы нож, зарыўся ў зямлю, і перад ім адразу ж вырас вялізны земляны пагорак. Бульдозер поўз, і гэты чорны земляны пагорак рухаўся наперадзе яго.
Грозна роў і поўз далей па лехах бульдозер. Ад гулу яго матора з клёнаў злятала барвовае лісце і бязгучна апускалася на сівую ад намаразі зямлю.
4
У гарадскім клубе, што размясціўся ў старым, напалавіну спаленым будынку, танцавала моладзь. Гарманіст з абыякавым выразам на твары выціскаў з свайго гармоніка аднастайныя вальсы і факстроты.
Нэля прышла ў клуб са сваёй сяброўкай Вольгай. Патанцаваўшы, яны выйшлі ў калідор, каб не замінаць хлопцам і дзяўчатам, што спрытна лёталі па кругу. Выціраючы хусцінкай спацелы лоб, Вольга прызналася:
— 3 хлопцамі ў мяне не выходзіць вальс. А вось з табой — лёгка... Быццам плывеш...
Нэлі спадабалася гэта. Высокая, у квяцістай шаўковай сукенцы, з пышнымі пасмамі каштанавых валасоў, яна выгадна адрознівалася ад Вольгі — дзяўчыны тоўсценькай, з кірпатым носікам і бялявымі, закручанымі на патыліцы косамі. Нэля адчувала сваю перавагу і таму сказала голасам апякунскім:
— Навучышся!
I ў шэрых яе вачах запаліліся жартаўлівыя агеньчыкі:
— Мне таксама не ўчора далася гэтая навука!
Гэта была праўда. Танцы прышліся ёй да спадобы даўно. Асаблівы густ да іх яна адчула ў студэнцкія гады, калі вучылася ў настаўніцкім інстытуце. Нават ноччу, вярнуўшыся ў інтэрнат, Нэля доўга не магла заснуць: перад вачыма круцілася танцавальная пляцоўка, у вушах гучала музыка. Калі часам сяброўкі пыталіся ў яе адносна намераў на вечар, яна адказвала ні то сур’ёзна, ні то жартуючы, каб не назалялі: «Мой вольны час — танцам. Там — жыццё».
Прышоўшы ў танцавальную залу, Нэля перш-на-перш звяртала ўвагу на тое, як хто апрануты, на кім лепшае адзенне. Сама ж яна на гэтую справу траціла ледзь не ўсе грошы — і стыпендыю, і тое, што прысылала маці. Калі хто-небудзь хваліў яе прычоску ці фасон сукенкі, яна непазнавальна мянялася, позірк набываў ганарлівую незалежнасць: «Вось я якая!»
На яе глядзелі. Адны зайздросцячы, другія — з адкрытым жаданнем спадабацца. Вальсуючы з кім-небудзь, яна амаль чула за сваёй спіной шэпт хлопцаў. Гэта рабіла яе вясёлай, клала на шчокі чырвань і яшчэ больш узнімала ва ўласных вачах.
Сёння ж, апрача Вольгі, ніхто не захапляўся яе спрытам і прыгажосцю. Ад гэтага рабілася прыкра. Лётчыкаў, з якімі яны танцавалі ў нядзелю, не відаць было. Нэля паскардзілася сяброўцы:
— Сумна. I тыя не прышлі. Вось ужо не разумею: калі не хочацца — навошта ж абяцаць?
— Можа ў іх палёты?
— Палё-ёты! Ведаем іхнія палёты. Яны ўсе...
Нэля не дагаварыла. Хлопец у вышыванай кашулі, што праходзіў па калідоры, штурхнуў яе. Нэля паглядзела на яго пагардліва. Жывыя агеньчыкі ў вачах зніклі, яны засвяціліся насцярожана, злосна.
— Нахабнік! Вам што, цесна ў калідоры?
— Цесна, прыгожая, цесна. Мая душа любіць прастору...
Хлопец узмахнуў рукамі, жадаючы паказаць, якая прастора да спадобы ягонаму сэрцу. Але прастора гэтая, відаць, была такая вялізная, што ён не мог абхапіць яе, захістаўся і ўпёрся далонямі ў сцяну.
— Былы чалавек, — з дакорам сказала Вольга, цягнучы сяброўку ў другі бок калідора.— Усё магу дараваць, а гарэлку — ніколі. Ты ведаеш яго? Гэта Віталь Какора, з будтрэста.— I, каб перавесці гаворку на іншае, запыталася:
— А што чуваць пра Петруся? Так больш і не піша?
— Нічога.
— Можа маці што ведае? Ты запытайся.
— Няёмка. Я ў іх ніколі не была.
— Давай я гэта зраблю.
— Не трэба...
Нэля пашкадавала ўжо, што адкрыла Вользе свае сардэчныя тайны. Пасля доўгага маўчання Пятрусь прыслаў ёй ліст. Гэта так усхвалявала Нэлю, што яна расказала сяброўцы пра сваё даваеннае каханне. Яно было пахавана ўжо, гэтае пачуццё, і цяпер, калі прышоў ліст, ёй было прыкра, што ў думках здрадзіла свайму абяцанню, якое давала хлопцу некалькі год назад: кахаць толькі яго, на ўсё жыццё. Цяпер, калі Вольга пачала распытваць пра Петруся, Нэлі зрабілася не па сабе, быццам Вольга папракала яе за тое, што, чакаючы лістоў ад Петруся, яна ходзіць на танцы, знаёміцца з лётчыкамі і шкадуе, чаго яны не прышлі. У калідоры пачуліся гукі вальса, але жадання танцаваць ужо не было. Настрой канчаткова сапсаваўся.
— Я пайду. Звані мне заўтра, — сказала Нэля, развітваючыся з Вольгай. — Пазвоніш? Ну, добра, бывай...
На сцішаных гарадскіх вуліцах, ахутаных змрокам, тужлівыя думкі трохі развеяліся. Нэля адчула сябе ніякавата за спрэчку з тым хлопцам у клубе, за тое, што так рэзка, не па-сяброўску гаварыла з Вольгай.
Да гэтых думак цяпер прымешвалася яшчэ трывога: Нэлі здалося, што нехта ўпотай крочыць за ёю. Яна заўважыла гэта яшчэ ля клуба і неяк адразу ж забылася. Цяпер таропкія крокі воддаль устрывожылі яе: яна паскорыла хаду, перайшла на другі бок вуліцы, прыслухалася.
Змрочнымі аграмадамі чарнелі сцены спаленых будынкаў. Справа за сцяной нудна рыпеў адарваны кавалак бляхі, нябачная ў цемры драціна звінела пад ветрам, як струна. Нэля пайшла шпарчэй. «Здалося. Нешта я баязліўкай стала». I зноў пачула ззаду таропкае тупанне. Яна пакрочыла амаль подбегам, але пагоня не спынялася. Нехта бег за ёю і цяжка, з прыдыхам, соп. Чорная постаць узнікла, як прывід, наперадзе, у вочы ўдарыў асляпляльны прамень ліхтарыка. Постаць хрыпатым голасам загадала:
— Паліто здымай! Грошы маеш?
Ліхтарык згас. Востры бляск яго ўсё яшчэ калоў вочы, і Нэля нічога не бачыла. Яна адчувала толькі, што нечыя рукі расшпілілі паліто абмацваюць кішэні. Брудныя, шурпатыя пальцы кранулі шыю. Нэля, заплюшчыўшы вочы, закрычала, спрабуючы вырвацца:
— Рату-ууйце! Лю-ююдзі!
I адразу ж нехта зводдаль строга загадаў:
— Трымай іх! Забягай наперад!
Усё гэта адбылося так раптоўна, што Нэля нават не заўважыла, калі кінуўся ўцякаць жулік. Да яе падышоў незнаёмы мужчына. У ягоным голасе была добразычлівасць, і Нэля, зашпільваючы паліто, паспрабавала гаварыць разважліва:
— Нічога такога і не было. Ён спытаўся. ці ёсць у мяне грошы. Я адказала, што няма...
— Вось як! То, можа, дарэмна вы крычалі «ратуйце»?!
— Не, не! Я вам так удзячна, — Нэля адчула, што яе калоцяць дрыжыкі. — Гэта жулік. Ён хацеў зняць з мяне паліто... Я баюся...
— Я правяду вас трохі. Не бойцеся.
— Калі ласка, я буду вельмі рада,— спахапілася Нэля, баючыся, што зноў можа апынуцца адна на вуліцы. — Я настаўніца. 3 першай школы..
Прозвішча, якое праз некаторы час назваў ёй нечаканы збавіцель, здалося знаёмым — Красантовіч Тарас Несцеравіч... Недзе чула, але дзе? Яна намагалася ўспоімніць гэта і не магла. Паспешліва запыталася:
— А вы дзе працуеце? Будаўнік? Калі мы былі ў Ташкенце, мы таксама жылі з будаўнікамі,— гаварыла Нэля абы што, але падкрэслена ласкава.
— Ташкент гэта ваша радзіма?
— Не-ее! Мы там былі ў эвакуацыі. Там, ведаеце, прыгожы горад. Надта шмат яблык! А нарадзілася я тут. Там — інстытут закончыла. Выкладала біялогію. Вы знаёмы з такой навукай?
— Трохі чуў. Праўда, даўно, вас, мабыць, тады яшчэ на свеце не было.
Нэля толькі цяпер адчула, што недаравальна гулліва размаўляла са сваім спадарожнікам, і сумелася. Каб неяк згладзіць сваю віну, прапанавала:
— Можа вы зойдзеце да нас? Мама будзе вельмі рада. Я вам так удзячна, паверце. Вунь і хата наша...
— Дзякую. Можа другім разам...
— Ну, я вас прашу, зойдзем! — настойліва пацягнула яна Тараса Несцеравіча за рукаў. — Я хачу запомніць назаўсёды. А то ўдзень сустрэнемся — не пазнаем адзін аднаго...
Крыху воддаль, за парканам, свяціліея шырокія вокны. Гэта быў высачэзны, з круглым дахам будынак. Красантовіч ужо даўно заўзажыў гэты катэдж, і яму захацелася ўбачыць яго гаспадароў. Ад паркану да дома вяла сцежка, каменьчыкі шуршэлі пад нагамі. У промнях святла, што падала з вокан, скакаў кудлаты сабака і злосна бурчаў.
— Ціха! — загадала яму Нэля і прытрымала сабаку за ланцужок.— Вы не бойцеся. Ён так бурчыць...
Нэля адчыніла дзверы. Пакоі ўразілі Красантовіча сваімі памерамі. Ад зялёнага абажура вялізнай лямпы на тоўстае бярвенне клаўся няроўны цень. Дзверы, што вялі ў суседні пакой, адчыніліся і адтуль выйшла гаспадыня. На ёй быў стракаты даўгі халат, падпяразаны вышываным поясам.
— Мама, мама! — кінулася да яе Нэля. — Ой, каб вы бачылі! На мяне напалі жулікі. Мяне выратаваў вось Тарас Несцеравіч. — I з вясёлай усмешкай: — Пазнаёмцеся: гэта мая мама, Марфа Адамаўна...
Смеючыся, Нэля выбегла з пакоя. Гаспадыня аглядала нечаканага госця. Быццам недзе бачыла яго. Боты ў гразі і брызентавая куртка — падраная, выпэцканая вапнай — не спадабаліся ёй. Акінуўшы строгім позіркам яго постаць, яна сказала:
— Чым жа вас аддзякаваць?..
Тарас здзіўлена глядзеў на яе галаву, якая, здаецца, вырастала проста з тулава. «Гэта ж загадчыца крамы, дзе працуе Сцепаніда. А Нэля — яе дачка... Ну, як у казцы!..»
Марфа падышла да шафы, адчыніла, зашастала паперай, і перш чым Тарас Несцеравіч паспеў што-небудзь сказаць, у ягоных руках апынуўся маленькі скрутак.
— Дзякую! Вось, калі каска!.. Бывайце здаровы!..
Было ўсё гэта так недарэчна і непрыемна, што Красантовіч хутчэй падаўся да выхаду. Сышоўшы з ганка, ён спыніўся. Кудлаты сабака, бразгаючы ланцужком, падбег да яго, пацёрся аб халявы ботаў. Тарйс разгарнуў газету. «Ха-ха! Колца кілбасы ахвяравала. На, сабака, табе на вячэру...»
Сабака схапіў кілбасу і кінуўся да будкі. Тарас Несцеравіч убачыў, як убегла Нэля і нібы запыталася штосьці ў маці, а Марфа стаяла бліжэй да акна, і ён пачуў, як яна лаяла дачку:
— Можа сам і рабаваў... А ты яго ў хату прыцягнула...
У галінах вішняку шастаў вецер. Кудлаты сабака еў кілбасу, на яго шыі нудна звінеў ланцужок.
5
Цесляры тарасавай брыгады накрылі страху хлява за два дні. Гэта быў доўгі і нізкаваты будынак у канцы двара, увесь падзелены на маленькія каморкі. Сцепанідзе дасталася каморка самая крайняя, бліжэй да хаты. Гаспадыня адразу ўзялася наводзіць у каморцы парадак. Тарас заўважыў:
— А што... Тут табе і дровы, і свінчо можна трымаць...
Сцепаніда не паспела адказаць. 3-за паркану, што адгароджваў двор ад вуліцы, выйшаў Фурс. Ён быў у доўгім скураным паліто, хромавых ботах, наваксаваных да бляску. Прадаўгаваты твар яго, здаваілася, блішчэў, і толькі вочы глядзелі змрочна, нібы скрозь бруднае шкло. Асцярожна пераступаючы цаглінкі, Фурс падышоў да будаўнікоў.
— Што, перакур? Гэта каб у цяньку, а то ж яго няма... Го-го-го!
— Будзе! — за ўсіх адказаў Тарас, які недалюбліваў Фурса. — Вы, мусіць, зноў наконт дрэў?
— Але ж. Загадана саджаць, каб разам з домам зеляніна расла...
Ён паглядзеў на цагляны гмах, што вырас насупраць адбудаванага летась дома, і сказаў:
— А вокны парабілі якія шырокія! Гэта ж няправільна. Га, Красантовіч?
— Правільна, — запярэчыў Тарас. — Акно ў хаце — найгалоўнейшая рэч. Гэта — як вока ў чалавека. Праз яго сонца, святло...
Сцепанідзе спадабаліся словы Тараса. Яна паглядзела на вокны свайго пакоя, і яны здаліся ёй самымі лепшымі і прыгожымі сярод іншых.
Учора яна атрымала другі ліст ад сына. Пятрусь пісаў, што праз некалькі дзён яго выпісваюць са шпіталю і ён прыедзе дахаты. Ліст быў бадзёры, вясёлы, і яго настрой перадаўся Сцепанідзе. Вярнуўшыся ранкам з работы, яна не магла спаць — карцела нешта рабіць.
Яна думала, калі можа прыехаць Пятрусь? Па яе падліках выходзіла, што сын прыедзе на гэтым тыдні. У лісце пра гэта не пісалася, але Сцепаніда брала цяпер на веру толькі голас свайго сэрца.
Пагодны восеньскі дзень па-гаспадарску лёг на горад. Было цёпла і хораша ў паветры: сінела неба, далёкае і чыстае, быццам сатканае з іскрыстага сонечнага бляску і празрыстых нітак. Праз брамку, што пакінуў Фурс не зачыненай, на двор увайшла Марфа. Сцепаніда не любіла сваю загадчыцу. Тая адчувала гэта і ўсё ж трымала сябе ветліва, з падкрэсленай далікатнасцю. Марфа і цяпер глядзела на клопат Сцепаніды з усмешкай, а гаварыла соладка і лісліва:
— У вас такі цудоўны дворык, Рыгораўна. Таполя гэтая... I паветачку пабудавалі. Можна што скласці..— і тут жа папракнула: — А сябе не беражэш. Толькі з работы і зноў за работу. Гэтак і памерці можна. На той свет анічагусенькі не возьмеш. Так што, усёроўна...
Марфіны словы не закранулі Сцепанідзінага сэрца, яна ведала, што яны не шчырыя. Есць жа такія людзі: у вочы табе глядзяць і хлусяць.
— Праўда, туды нічога не возьмеш. Затое тут пакінуць можна. Няхай добрым людзям застаецца...
— Добрым лю-юдзям! — працягнула Марфа і прыплюшчыла вочы: — У людзей на мяне заўсёды сэрца хопіць. А вось у цябе на ўсіх? Дзе ж ты набярэшся?
3 рыштаванняў даносілася гамонка. Марфа ўважліва глядзела ў той бок. Лянівымі рухамі рукі яна кідала ў рот зерні сланечніку, смешна адтапырваючы нафарбаваныя губы, і выплёўвала лузгу сабе пад ногі.
Зноў беручыся падграбаць трэскі, Сцепаніда сказала разважліва:
— Часам жыве чалавек, потым памірае і пасля яго нічога не застаецца. Значыць, дрэнна жыў чалавек...
— Канешне, канешне,— адразу згадзілася Марфа і, яшчэ раз акінуўшы позіркам рыштаванні, па якіх сыходзіў Фурс, паспешліва дадала:— Я яшчэ забягу. Пагаворым з вамі...
Сцепаніда паглядзела ёй услед. Можа яна пакрыўдзіла Марфу? Што Марфа ёй благога эрабіла? Нічога. Марфа заўсёды была такой ветлівай, лісліва падхвальвала ўсё, што робіць Сцепаніда. А мо гэта проста такі характар у чалавека? Розныя людзі бываюць. Сцепаніда дачулася, быццам Пятрусь шле лісты Марфінай дачцы. Але асаблівай веры гэтаму не давала. Мала пра што гавораць людзі? Ён нічога пра тое не піша. I навошта яму пісаць, калі і ёсць такое? Гэта ягоная справа. Яна выгадавала Петруся, цяпер ён дарослы. У маладых свой погляд на жыццё. Каб толькі хутчэй прыехаў...
Апоўдні, калі Сцепаніда прыбірала пасля абеду посуд, Марфа прыбегла зноў. Яна ўвайшла ў пакой і адразу ж папярэдзіла:
— На хвіліначку забегла. Толькі на хвіліначку. Ага... — паклала невялічкі скрутачак на палічку і, быццам між іншым, дадала: — Падаруначак вам тут, па-суседству проста...
Пляснула далонямі і загаварыла, не гледзячы ў вочы Сцепанідзе:
— Пакойчык які ў вас! Цудоўны! Як ёсьцека цудоўны... Ага... 3 крамы толькі што, цукар даваць пачалі. Што робіцца, што робіцца! Жах! Лезуць і лезуць... Некультурнасць такая пайшла... Вы ж ці атаварылі свае? Можна і без таго. I нашто вы не хочаце, каб у нашай краме атаварвацца? Не разумею. Сякі-такі запасец у нас ёсць. Інакш нельга, самі ведаеце — гандаль. Бегаеш, круцішся. Здароўе маё зусім слабае...
— Дзіва што, — Сцепаніда падсунула Марфе крэсла. — Прысядзьце вось...
— Учора з дачкой пасварылася. Прышла гэта я дадому — канверт на стале... Я гэтак во і пачала чытаць, а мая як ірване з рук: «Не чапайце!» Але ж ці я дурная? Цішком прачытала. Нейкі вайсковец піша. I такое каханне там! Такое каханне! Вайсковыя гэта могуць! Дужа мне хочацца, каб яна за вайсковага пайшла. Сцепаніда Рыгораўна, калі ў вас пра што запытаюцца, дык вы і нічога не бачылі. Ну, праўда, адпускалі там калі-ні-калі і вечарам, але ж гэта дзеля народу. Людцаў мне шкада, бо гаруе народ. О-ооох, гаруе!
Сцепаніда цяпер зусім пераканалася, што Марфа спалохалася рэвізіі і прышла задобрыць яе. Яна прыгадала, як і раней Марфа спрабавала даваць ёй без картак масла, і пахваліла сябе за тое, што нічога тады не ўзяла. «Гэта яна і цяпер паддобрыцца хоча, у сведкі ўзяць. Вось на што ты цэліш, даражэнькая...»
А ўслых сказала, каб хутчэй скончыць непрыемную размову:
— Не было, дык і не было. Сумленнаму чалавеку няма чаго баяцца, так мне здаецца.
— Божачка, Сцепаніда Рыгораўна! — Марфа зноў пляснула далонямі:— А ці ж несумленная была Мурзавецкая? Самая сумленная! — Марфа гаварыла па-ранейшаму лісліва, але вочы гарэлі злым агнём.— Памру, дальбог, памру. Сэрца. Во, зноў... зноў сэрца...
Марфа, не развітваючыся, пайшла з пакоя, трымаючы руку на грудзях. Ля дзвярэй прыпынілася і хуценька ўхапіла з палічкі свой скрутак. Сцепаніда ўбачыла гэта і знарок адвярнулася.
6
Поезд набліжаўся да Лясноўкі. Гэта была апошняя станцыя перад горадам. Прыціснуўшыся тварам да аконнага шкла, Пятрусь Крыніца прагна ўглядаўся ў рэдкія агеньчыкі, што выплывалі насустрач поезду з начной цемры. Агеньчыкі гэтыя нагадвалі бясхмарнае неба позняй восені: адны блішчэлі ярка, іншыя блекла мігцелі, і іх святло то з’яўлялася, то знікала.
Ад хуткага бегу поезда вагон дрыжаў і гойдаўся, пралятаючы стрэлкі раз’ездаў. Каб нечым заняць час і зменшыць трывогу чакання, Пятрусь прыслухоўваўся да перастуку колаў і спрабаваў лічыць агеньчыкі ў змрочнай далечы. Вось гэтак жа, як цяпер, мігцелі агні стэпавага гарадка, які ён нядаўна пакінуў. Далёка застаўся шпіталь, дзе працуе галоўным урачом Леанід Андрэевіч Собаль, дзе ёсць сардэчны і пяшчотны чалавек — сястра Вера Лазука і шмат іншых сяброў, што паставілі яго на ногі. Шпіталь усё далей і далей, затое ўсё бліжэй і бліжэй родны горад, дзе яго чакае Нэля. «Ах, Нэля, Нэля! Каб ты толькі ведала, колькі было думак пра цябе, пра тое, ці змагу я прынесці табе радасць, ці будзеш ты са мной шчаслівай! I ты паклала гэтым сумненням канец. Твой ліст узнёс мяне на вьшыню, з якой мне бачна далёка наперадзе. Да-алёка!»
Усё астатняе не палохала хлотаца. Так, ён інвалід. Пятрусь прыімірыўся ўжо з гэтай думкай і рыхтаваў сябе да розных нягод і цяжкасцей.
Пакідаць шпіталь было нялёгка. Раніцой Крыніца развітаўся. Перад тым, як пайсці на вакзал, ён зайшоў у сваю палату. Чамусьці стала асабліва шкада гэтага маленькага ўтульнага пакойчыка, дзе на кожным кроку ён адчуваў клопаты харошых, сардэчных людзей, дзе штодня была Вера... Але чаго яе не відно ад самай раніцы? Яна ж дапамагала яму складаць чамадан, а цяпер знікла некуды.
Ен адправіўся на пошукі і знайшоў яе ў калідоры. Вера была ў сіняй просценькай сукенцы. Хлопец заўважыў, што вочы ў дзяўчыны засмучаныя, яны глыбока запалі і страцілі свой ранейшы вясёлы бляск. Можа яна пойдзе разам з ім на вакзал? Яму хацелася, каб яна пайшла. I ў той жа чае было няёмка прасіць яе. Таму ён сказаў проста, каб не маўчаць:
— Сабраўся ўжо. Так што цяпер на Беларусь...
— Цягне, праўда? — Вера жартавала, спрабуючы трымацца бесклапотна і весела. — А я з вамі. Не, не! Не на Беларуеь, на вакзал толькі. Собаль загадаў праводзіць вас...
Ад шпіталю да вакзала было недалёка. Яны пайшлі пешкі. Па тратуарах грукацелі на самакатах хлапчукі.
Глуха шасцела цвёрдае лісце грабаў, і ў гэтым шасценні было нешта трывожнае. Гарачы вецер кідаў у твар пыл. На вакзале, калі Пятрусь наважыўся купіць перонны білет, Вера спыніла яго:
— Не трэба. У мяне — службовы.
Потым яны стаялі на пероне. Вакол гаманілі, беглі людзі, штурхаліся і ніхто не прасіў прабачэння. Пятрусь шукаў ласкавых слоў, каб сказаць іх на развітанне Веры, і не знаходзіў такіх слоў. Ад гэтага думкі яшчэ больш блыталіся. Зазвінеў станцыйны звон.
— Вам пара ўжо ў вагон...
— Не, не! Паспею яшчэ. Я развітваюся сёння з вельмі добрым сябрам. 3 вамі, Вера...
— Ідзіце, ідзіце, я пастаю яшчэ на пероне, — сказала яна ціха і задуменна. — Прыедзеце дахаты... Клопаты... Справы... Хоць напішыце...
— Ды што вы, Вера! Абавязкова напішу... Харошыя тут людзі. Зрабілі для мяне столькі... I потым... вы...
— Не трэба гэтага гаварыць, Пятро, не трэба. — Яна першы раз назвала яго так. — Калі прыдзецца цяжка, — напішы. Як сябру. Напішаш? Можа спатрэбіцца мая... увогуле наша дапамога. Вось табе адрас, асабісты, каб не забыўся...
Яна падала яму канверт і падштурхнула.
— Ідзіце, ідзіце. Апошні званок.
Поезд крануўся з месца. Пятрусь ускочыў на прыступкі.
Прыціснуўшыся да акна, ён яшчэ намагаўся адшукаць вачамі сінюю сукенку Веры. Знайшоў яе не адразу. Поезд набіраў хуткасць, станцыйны будынак праплыў за акном, і толькі тады ён убачыў Веру. Яна нешта гукала яму, ён доўга бачыў яе хустку сярод стракатага натоўпу...
Пад’язджаючы цяпер да роднага горада, Пятрусь прыгадваў падзеі тых дзён да самых нязначных дробязяў. I чым больш было іх, тым больш яны хвалявалі. Яму здалося, што ён нават бачыць Веру: яна стаіць на пероне ў сіняй сукенцы з белай хусцінкай у руках і нешта яму гаворыць.
У калідорчыку перад тамбурам было душна. Крыніца доўга поркаўся, намагаючыся апусціць акно. Нарэшце яму ўдалося гэта зрабіць: цяжкая рама слізганула ўніз, і ў калідорчык уварваўся свежы, вільготны вецер.
Пярэстыя ў водсветах святла, што падала з вокан вагонаў, мільгалі тэлефонныя слупы, вырасталі няясныя абрысы хмызнякоў, далеч хавалася ў цемры. Недзе там, за гэтай цемрай, пачынаўся лес, які падступаў да берагоў Дзвіны. То былі знаёмыя, блізкія сэрцу мясціны. I ўпершыню за доўгія месяцы Петрусю захацелася спяваць, паляцець хутчэй наперад, абганяючы цягнік...
Духмяны ведер біў пругкімі хвалямі ў твар, і хлопцу здалося, што гэта не цягнік, а ён сам, раскрыўшы крыллі, ляціць у чорную далеч, дзе мігцяць і загадкава мрояцца рэдкія, кволыя агеньчыкі.
7
Восенню Марфу адолелі сны. Неверагодныя, страшныя. Параілася з Тэкляй. Тая з сур’ёзнасцю, якая заўжды супакойвала Марфу, заявіла, што гэта ідзе ад слабой веры ў бога.
Цішком ад дачкі Марфа пачала хадзіць у царкву, павесіла ў куток маленькую ікону. Малілася. Але сны не праходзілі. Сніліся па-ранейшаму нейкія загадкавыя людзі, якія капалі ля хаты яму.
У суботу зноў запрасіла на вячэру Фурса. Пасля той гаворкі пра разлік Марфа супакоілася — ёй здалося, што ён ёй паверыў.
I яшчэ адну хітрасць прыдумала Марфа. Заўважыўшы, што Фурс робіцца лагоднейшым у прысутнасці Нэлі, яна па-свойму рашыла: няхай увіхаецца, крыўды ад гэтага не будзе. У душы яна сур’ёзным жаніхом Фурса не лічыла: выконвае толькі абавязкі інжынера, прытым — беспартыйны. Другі чалавек быў на прыкмеце ў Марфы — Ласуха! О, то зяць! Дырэктар маслазавода! Чалавек з вышэйшай адукацыяй.. Кажуць, яго хутка возьмуць у Мінск! Гэта зяць!
Нэля пакуль што нічога не ведала пра матчын намер. Яшчэ здалёк, падыходзячы да хаты, яна ўбачыла ва ўсіх вокнах святло і з непрыемнасцю падумала: «Зноў святкуюць. Сцяпан усё».
Свайго вотчыма Нэля не любіла. Ён адчуваў гэта. Цвярозы, Сцяпан амаль не размаўляў з ёю, а выпіўшы, падміргваў і казаў:
— Злуешся, дачушка. Пачакай, вось жаніха табе знайду. Век дзякаваць будзеш...
Нэлі гэта не падабалася. Неяк яна сказала пра ўсё маці. Тая супакоіла:
— Сцяпанка чалавек не благі. I не чужы. Хай не родны, але ж бацька. А што пасядзіць з таварышамі — бяды вялікай: мужчынская справа...
Увайшоўшы цяпер у хату, Нэля пачула, як у вялікім пакоі Сцяпан выводзіць: нястройна, сіплавата:
«Цячэ вада халодная
3-пад кора-ааня ду-ууба-ааа!..»
Вешаючы плашч, прыслухалася. Песня сціхла. Узнікла гаворка. Чуліся незнаёмыя галасы.
— Дзве часткі трэба прызначыць Сцяпану. Яму за пагрузку. Гэта ж нешта каштуе...
— Каштуе. Ніхто не пярэчыць.
— Годзе! Давайце лепш песню. Люблю!
— Спачатку вып’ем. За поспех!
Прайсці незаўважна ў свой пакойчык было цяжка. На кухню выйшла маці. Спытала:
— Нешта ж прыпазнілася сёння?
— Зноў пачалося? Калі гэта кончыцца...
— Цішэй, цішэй,— Марфа строга паглядзела на дачку.— Людзі ж там...
У пакоі загрукалі крэсламі.
— Хто прышоў? — Сцяпан адчыніў дзверы і, убачыўшы Нэлю, узрадаваўся: — Го-ооо! Жанчыны змову вядуць...
Сцяпан быў п’яны. Ускудлачаныя валасы звісалі няроўнай грывай. Нахіліўся да Нэлі, зашаптаў:
— Хадзем, пазнаёмлю. Чалаве-ек! Адны ўзнагароды...
Нэля ўвайшла ў пакой. 3 краю стала сядзеў мужчына дробненькі з твару, з рэдкай чупрынай, старанна ўкладзенай вакол прыкметнай лысіны. Нэля ведала яго — гэта рахункавод вінзавода Лукашэнка. Ля яго — Фурс з прыгожай і нестарой яшчэ жанчынай. Па другі бок стала сядзеў невядомы мужчына.
Фурс ускочыў першы, тэатральным жэстам пачысціў насоўкай крэсла:
— Дазвольце запрасіць вас да нашай... ік!..
Яго раптам апанавала ікаўка, і ён сказаў апошняе слова з цяжкасцю, за некалькі разоў.
— ...вя-яч-чэры.
Гэта развесяліла ўсіх. Чалавек, што сядзеў на другі бок стала, таксама засмяяўся і павярнуўся да Нэлі. Яна ўбачыла яго, і ў яе міжвольна задрыжалі рукі. «Фама! Фама Ласуха! Адкуль ён тут?»
Нэля пазнаёмілася з ім у Ташкенце. Яна заканчвала тады інстытут. Ласуха прыехаў у горад па камандзіроўцы. Яны пазнаёміліся на вечары ў яе сяброўкі. Хадзілі ў кіно. Тыднем пазней, у рэстаране, дзе яны трохі выпілі, ён прызнаўся ёй у каханні. Пасля праводзіў з гулянкі. У яе дужа балела галава. Ён пачаў цалаваць яе. Баронячыся, Нэля закрычала і ўцякла. Ласуха пасля таго выпадку знік. Потым яны бачыліся яшчэ адзін раз, і ён сказаў, што развітваецца, але не назаўсёды.
Ён глядзеў цяпер на Нэлю, і ўсмешка расплылася на яго твары. «Бачыш, я казаў. Вось і праўда — сустрэліся. Але давай захоўваць нашу тайну. Мы — незнаёмыя. Я бачу, табе так хочацца».
Нэля сапраўды не хацела, каб маці бачыла, што яны сустракаліся раней. Яна намагалася схаваць сваю збянтэжанасць. Старалася і бачыла, што нічога не застаецца па-за ўвагай нечаканага госця. Ён мала змяніўся за прайшоўшы час. Карычневы касцюм. Тры рады медалевых планачак. Рукі жаночыя, мяккія, з тонкімі пальцамі. Нэля паціснула іх і адышлася, села на крэсла, што прапанаваў Фурс.
— Маю тост, — сказаў ён яшчэ і разліў віно па кілішках. — Мы абавязаны проста і сціпла выпіць за жанчын. Яны прыносяць нам радасць у жыцці...
Фурс паклаў папяросу на край талеркі. Кладучы відэлец, ён закрануў папяросу рукой, і яна звалілася ў агурковы рассол. Фурс, грэбліва адтапырваючы губу, выцягнуў недакурак відэльцам і падсеў бліжэй да Нэлі. Запытаўся:
— Кажуць, выходзіце замуж? Калі не сакрэт, то хто гэты шчасліўчык?
Марфа завяла патэфон. Слухаючы бадзёрыя гукі полькі, Нэля апаліла Фурса гуллівым позіркам:
— Замуж? Не, да гэтага яшчэ далёка...
— Чаму, калі не сакрэт?
— Хочацца павесяліцца. Вучылася ж столькі. Замужжа — канец волі!
— Разумна. Аказваецца, вы — перадавая жанчына.
— Вы позна заўважылі гэта.
— Лепш позна, чым ніколі, як сказаў адзін дзівак, што паклаў галаву на рэйкі, калі цягнік прайшоў. Ен хацеў скончыць жыццё самагубствам.
Нэля пырснула ад смеху. У яе вачах зноў паявіўся гуллівы бляск.
— Хадземце танцаваць, — прапанаваў Фурс. — Полька канчаецца...
Нэля пайшла з Фурсам танцаваць і ўвесь час намагалася ў напускной весялосці схаваць непрыемнае пачуццё, выкліканае сустрэчай з Ласухай. Калі яна, адпачываючы, сядзела на канапе, да яе падышоў ён і запрасіў на вальс.
Танцавалі яны нядоўга. Ласуха зашаптаў: «Кахаю. 3 таго разу пакахаў. На ўсё жыццё». I пацалаваў. Яна гадліва адхіснулася. Ласуха пацалаваў яе яшчэ раз, і гэта бачылі ўсе. Яна штурхнула яго, і Ласуха, не ўтрымаўшыся на нагах, пахіснуўся і ўдарыўся аб шафу.
— Дачушка! — войкнула Марфа.— Ці ж у розуме ты?..
Фурс прагнымі вачыма наглядаў за ўсім гэтым. Ён зарагатаў, узнімаючы кілішак:
— Хлеба і відовішч,— як патрабавалі ў старажытным Рыме! За харошых рымлянак! Ваша здароўе, Нэля!
Яна кінулася за дзверы. Марфа пабегла ўслед, дагнала ў бакоўцы, схапіла за плечы.
— Ведаеш, што ты нарабіла? Гэта ж ганьба на ўвесь горад...
Нэля маўчала, камечачы ў руках хусцінку. Злосць падкатвала да сэрца.
— Адчапіцеся ад мяне!
— Адчапіце-еся? Ты гэта з кім гаворыш? Га? Чалавек, калі ты хочаш ведаць, у сваты прышоў. А яна?! Ты не ў лесе гадавалася?..
Нэля нервова тузнулася.
— Жаніхі, жаніхі! Абрыдла! Толькі і чуеш адно... Дурніца я, ці што?
— I разумная не вельмі. У чалавека адукацыя. Пасада якая! Каго ты чакаеш? Крыніцу свайго?
Упершыню пачула Нэля прозвішча Петруся ад маці. Дзяўчыне захацелася даведацца, што думае маці пра яе адносіны з Петрусём.
— А чаго не пачакаць? Можа ён не з такой яшчэ пасадай вернецца!— Нэля абыякава дадала: — Ты ж сама хацела, каб я за вайсковага замуж ішла. А чым ён не вайсковы? Увесь фронт прайшоў. Узнагароджаны.
Марфу раззлавала гэта. Яна ўедліва кінула:
— Ты нічога не ведаеш, дык у людзей спытайся. Ён даўно на нейкай доктарцы са шпіталю ажаніўся.
— Няпраўда гэта! — Нэля нервова ўскочыла з канапкі. Яна не чула, як выйшла з бакоўкі маці. Свет зрабіўся для яе абыякавы. У галаве мітусіліся бязладныя думкі. «Ажаніўся Пятрусь... Не, плёткі! Няўжо праўда? Што гэта яны там спяваюць за сцяной? «Цячэ вада халодная»... Чаму халодная? А Сцяпан зусім сіпіць. Не, тут спакою не можа быць. Трэба пайсці адсюль. Можа не будзе балець галава? Пайду...»
Ноч патроху канала. Бралася на світанне. Нэля ішла, не зважаючы, куды вядуць вуліцы. Старалася не думаць пра матчыны словы, а яны звінелі ў вушах, гнялі сваім цяжарам. «Пятрусь ажаніўся? Хлусня! Ён жа нядаўна прыслаў ліст, і кожнае слова поўна шчырасці. Колькі зорак на небе... Як гэта пра іх казаў Фурс? Нейкае дзіўнае ў яго імя: Леапольд. Нават нейкае загадкавае, вымаўляеш яго, быццам новы вальс бярэшся танцаваць. А Пятрусь не любіў танцаў. Чаму?»
Яна спынілася на скрыжаванні вуліц. Прыгадалася казка, што чула ў дзяцінстве. «Направа пойдзеш — бяду знойдзеш. Налева звернеш — шчасце напаткаеш...» Перасмыкнулася: «Якое там шчасце? Пайду проста».
Уперадзе замільгалі агеньчыкі станцыі. Будынак вакзала — даваеннае багажнае аддзяленне — быў скупа асветлены. Нэля ўзышла на перонную пляцоўку і адразу ж адчула, што ўсе клопаты адляцелі, як адлятае на ветры дым у цягніку.
Нэля любіла ездзіць на паяздах. Бомкне станцыйны звон, завядуць сваю песню цяжкія колы, і новыя, не знаёмыя дагэтуль мясціны, паплывуць за акном — дарогі, па якіх ніколі не хадзіў, вёскі, у якіх ніколі не быў, невядомыя лясы і рэчкі.
I яшчэ ёй падабаліся вакзалы, мітуслівая заклапочанасць пасажыраў, што носяцца па перону, крычаць, спрачаюцца. Часам яна спрабавала ўявіць сабе гісторыю тых людзей, чые твары бачыла на пероне, і кожны раз зайздросціла ім, бо трымала ў сваім сэрцы мару: пападарожнічаць па ўсёй краіне, нічога не рабіць і ўсё глядзець з акна вагона, усміхацца новым людзям, распытваць іх пра жыццё і ехаць усё далей і далей.
На пероне пахла мазутам і вугальным гарам. Бліскучыя рэйкі выпаўзалі з цемры, і на іх тлустай паверхні, быццам на хвалях ракі ўночы„ скакалі водбліскі ліхтароў. «Як тады на рацэ, калі ехалі з Петрусём. Першы раз...» Яна прыгадала тую сустрэчу, трохі дзіўную і незвычайную...
Тады была нядзеля. Яны пайшлі з сяброўкамі на Дзвіну па чаромху. Ля Чорнага ручая — кіламетры са два ад горада — яе было шмат. Сяброўкі хутка вярнуліся ў горад, а яна засталася ля рэчкі. Сядзела на ўзгорку, марыла. Потым непадалёк пачулася песня, спяваў нехта. Нэлі вельмі спадабалася гэтая песня: яна нечым вабіла і хвалявала.
Нэля пайшла на голас. Крыху прайшоўшы, яна спусцілася па касагору, расхінула вецце вербалозу і ўбачыла хлопца. Ён сядзеў на чаўне, боўтаў нагамі ў вадзе і спяваў. Адчуўшы, што на яго глядзяць, ён азірнуўся і сустрэў яе позірк сарамлівай усмешкай. Разгубленасць у яго хутка знікла, ён выбраўся на бераг, убачыў у яе руках букет чаромхі і пажартаваў:
— Такія цудоўныя кветкі. Можа рыбаку за стараннасць адну падаравалі б?
Твар Нэлі зрабіўся строгім, а вочы пагардліва ўспыхнулі. Яна хацела сказаць нешта злоснае, колкае, але замест гэтага міжволі крыкнула:
— Ой, паглядзіце!..
Па вадзе рухава мітусіліся паплаўкі. Ён кінуўся да чаўна, схапіў вудзільны. Паплаўкі мільганулі ў паветры і заблыталіся ў вербалозах...
Яны пазнаёміліся. Удваіх нажыўлялі вуды і сядзелі моўчкі. Рыба не бралася, і Пятрусь прапанаваў пакатацца на чаўне.
Па рацэ плылі белыя пялёсткі чаромхі. Нэля глядзела на іх і думала... Хто ведае, з якога дрэва зляцелі гэтыя пялёсткі? Куды плывуць? Хто сарваў іх? Можа вецер, што паляцеў удалячынь і цяпер, надвячоркам, заснуў, можа закаханыя марылі пра нешта і пускалі на ваду лёгкую чаромхавую бель?..
Нэлі здалося, што гэтага хлопца яна ведае даўно, што сустракалася з ім ужо шмат разоў. Пятрусь узмахнуў вёсламі, човен ірвануўся наперад і зноў вольна аддаўся плыні. Заходзіла сонца. Над вадой узнялася лёгкая шэрань. Заспяваў салавей. Ёй хацелася паслухаць яго зблізку. Пятрусь паслухмяна павярнуў човен, кіруючыся ў вузкую пратоку, што глыбока ўразалася ў бераг — і човен зашкроб дном прыбярэжны жвір. Нэля лёгка саскочыла з чаўна, узбегла на высокі бераг і спынілася ля чаромхі.
— Хадзіце сюды!
— Цішэй, цішэй! Паразганяеце!
Ён падышоў да яе, моўчкі стаў побач. Уся пратока ў гэтым месцы густа зарасла чаромхай. Дрэвы цвілі, разносячы ў паветры густы, п’янкі пах мёду. 3 пратокі, праз чаромхавы гушчар прабіваўся рэдкі туман, і ад гэтага зараснік, нібы белы дыван, злёгку гойдаўся...
Як далёка цяпер усё гэта!
Вось запаліліся дзве нерухомыя светлыя плямкі. Яны ярчэлі, набліжаліся. Загадкава загулі рэйкі. Абдаўшы асфальт яркім святлом, выскачыў з цемры чорны, разгарачаны паравоз. Нэля адчула на твары подых машыны, і ёй здалося, быццам на пероне крыху пацяплела. Рыпелі тармазы, бразгалі і заціхалі вагоны, паравоз чмыхаў парай, уздыхаў, нібы скардзіўся людзям, якіх прывёз: «Злазьце хутчэй, мне цяжка».
Густы натоўп запоўніў перон. Людзі смяяліся, гаманілі, нечага шукалі. Нэля адчула ўстрывожанасць, нібыта яна прышла некага сустракаць. Яе штурхалі з усіх бакоў, але яна ўпарта ішла наперад, не звяртаючы ўвагі ні на што і прагна ўглядалася ў твар кожнаму стрэчнаму. Сэрца, растрывожанае ўспамінамі і прадчуваннем чагосьці незвычайнага, білася гулка і таропка; тонка звінела ў вушах, і думкі беглі навыперадкі — мітуслівыя і трывожныя. «Вось так калі-небудзь прыедзе Пятрусь... Ой што гэта? Мроіцца?..»
3 апошняга вагона сышоў на перон Крыніца. Ён быў у шынялі і здаваўся вельмі даўгім ад святла ліхтароў. Ён ступіў на асфальт і моўчкі ўглядаўся ў твар Нэлі, якая падбегла ўжо да прыступак.
— Можа памыляюся? Можа...
Нэля глядзела на яго, адчуваючы, што нейкі вялікі і шурпаты камяк перасеў у горле. Басавіта гукнуў паравоз. Ён нібыта падштурхнуў Нэлю, яна кінулася да Петруся і прыціснулася тварам да шыняля.
8
Вайсковая звычка — спаць некалькі гадзін у суткі і ўставаць у вызначаны тэрмін. Кладучыся на світанні, Пятрусь загадаў сабе: устаць а сёмай гадзіне. I цяпер, прачнуўшыся і зірнуўшы на гадзіннік, што стаяў на маленькім століку пры ложку, ён задаволена заўважыў: «Не адвык».
Сон яшчэ трымаў яго. Хацелася заплюшчыць вочы, паляжаць крыху... Нельга. Ён хутка, па-вайсковаму, падняўся. Пацягнуўся па боты. На тым месцы, дзе паставіў іх, кладучыся адпачываць, стаялі тапкі. Узяў у рукі і адразу пазнаў: «Даваенныя, мае!» Разглядаў утульныя цёплыя пантоплі, дзівячыся таму, што яны захаваліся. Ён не ведаў, што маці ўсю вайну берагла гэтыя старэнькія, пашытыя з крыса старога бацькавага шыняля пантоплі.
Яго апанавала любасць да маці. «Дзе ж гэта яна?» Матчын ложак, што стаяў у кутку, завешаны даматканай посцілкай, быў пусты. Пятрусь. ускінуў ручнік на плячо і пайшоў на кухню. Дзверы былі няшчыльна прычынены, і з кухні далятала гаворка жанчын. Адзін голас быў трохі сіпаты, быццам прастуджаны.
— Во, цяпер ажыве старая!
— Якая помач? Сам бязрукі.
— Затое, мабыць, пры грашах...
— Дзе там. Адзін чамадан прывёз, ды мяшочак салдацкі.
— Ну, не так што і салдат. Сержант жа!
Яму зрабілася смешна, але на вясёлы і добры настрой, з якім Пятрусь. прачнуўся, лёг нейкі цень.
Маці была на падворку. Выцягнуўшы вядро са студні, яна ішла, ціхая, задуменная, не зважаючы, што вада льецца на зямлю.
— 3 поўным сустракаеце! Добрай раніцы, мама!
— Ты ўжо ўстаў,— сказала яна з папрокам. — Няхай бы яшчэ паляжаў...
— Досыць! Наляжаўся.
Пятрусь узяў у яе вядро. Тонкая дужка рэзала далонь. «Трэба будзе асаду на ручку набіць драўляную»,— падумаў ён, стаўляючы вядро на бярозавы кругляк.
— Можа кварта якая ёсць? Тут памыюся...
Ён пачаў прысядаць, схіляцца то ў адзін бок, то ў другі. Сцепаніда выйшла на двор з конаўкай і сумнавата, насцярожана сачыла за ім. Пятрусь прыкмеціў гэта.
— Урач наш у шпіталі казаў: раніцай — гімнастыка. Штодзень. Сто год пражывеш.
— Калі доктар казаў — рабі. Толькі глядзі, не прастудзіся. Холадна неяк...
— Нічога! Загартаваліся!
У апошнія дні лячэння ў шпіталю Пятрусь займаўся гімнастыкай з асаблівым імпэтам. Некаторыя паглядалі на яго з дрэнна схаваным жалем і цікавасцю. Нешта падобнае прамільгнула ў вачах маці. У шпіталю ён злаваўся на тых. Цяпер жа ў ягоным сэрцы варухнулася пяшчотная замілаванасць да маці: «Эх, мама, мама! Цяжка табе!»
— Во добра! — ён узяў з матчыных рук конаўку — медзяную і вялікую, як жбанок. — 3 такой я хутка ўпраўлюся...
Крыніца з вялікай асалодай абліваў плечы вадой. Знікала санлівасць, вярнуўся бадзёры настрой. Прышоў ён у пакой узрушаны і вясёлы.
— Ну, мама! Давай снедаць!
Ён зазірнуў у матчыны вочы і не ўбачыў у іх радаснага бляску. Яму раптам зрабілася крыху няёмка за сваю бесклапотнасць і весялосць. Колькі нагаравалася яна за гэтую вайну! А колькі клопатаў я ёй даў! Яна вунь якая зрабілася.
Да радаснага настрою далучылася нейкая туга, што зноў выпаўзла з патаемнай схованкі, балюча кранаючы сэрца. Ён разумеў, што маці пакутуе, але маўчыць, хавае свой жаль і смутак. «I ты хавай! Навошта назаляць сваімі думкамі. Гора ёй хапіла, і ты павінен берагчы яе». Ён раптам убачыў, што ў маці выцвілі вочы і адбітак стомленасці асеў у іх, што твар змізарнеў, завастрыўся, але быў нейкі светлы. «Гэта ад таго, мусіць, што валасы пасівелі».
Цяпер ён глядзеў на маці і бачыў, як згорбілася яна і была яму толькі па грудзі; старое плацце — усё у латках, пакладзеных спадысподу, каб не так кідалася ў вочы. Пятрусь прыгарнуў схуднелыя матчыны плечы, пацалаваў пасівелыя валасы і сказаў, стараючыся прыдаць больш бадзёрасці сваім словам:
— Вось што, мама! Ты сваю працу кідай. Напішы заяву і ўсё. Пакуль я жывы, працаваць са сваім здароўем ты не будзеш! Хопіць.
— Мая праца не цяжкая. Што нам, грошы пашкодзяць?
— Хопіць нам грошай. Заробім. Пакуль галава ёсць...
У дзверы пастукалі. Сцепаніда адразу здагадалася, што ідзе Тарас: ён заўсёды стукае так моцна. Ранкам. калі Пятрусь спаў, Сцепаніда праз Марылю наказала Тарасу прысці. Цяпер ён — шырокі і высокі — уваліўся ў хату, гукнуў радасна, на ўвесь голас:
— Рыгораўна! Чаго хаваеш чалавека ад людзей? Дзе ён, армеец твой?
Святло з вокан біла ў вочы Тарасу, і ён не адразу заўважыў Петруся, які сядзеў на лаве ў прасценку. Пятрусь устаў і пайшоў яму насустрач, хацеў пажартаваць, але не ўтрымаўся і кінуўся да Красантовіча ў абдымкі.
— Дзядзька Тарас!
Той схапіў яго, закруціў.
— Калі прыехаў?
— Раніцай...
I яны зноў абняліся.
Пасля снедання Сцепаніда заспяшалася ў краму. Пятрусь напомніў:
— Напішы ім заяву. Чуеш, мама!
— Добра, добра. Потым...
Да паўдня Пятрусь праседзеў з Тарасам, пасля пайшлі аглядаць горад. Тарас паказваў, дзе што адбудавана, запрашаў да сябе ў госці. Крыніца запярэчыў, пачаў адмаўляцца, абяцаў прысці ў нядзелю, але Тарас насядаў:
— Пойдзем, пасядзім, пагаворым. Чаго там дома аднаму тырчэць?
Ен раптам засмяяўся, падміргваючы:
— Праўда ж, табе няма калі. Што табе Тарас? Дзяўчына чакае...
Крыніца сапраўды меў намер пайсці да Нэлі. Да той радасці, што апаноўвала яго з ранку, дадавалася яшчэ адна: радасць чакання. Тое, што сказаў Тарас, не спадабалася яму.
— Гэта ўжо мая справа...
— Ото-то-то! — міралюбна перабіў яго Тарас.— Вольны казак, рабі, што хочаш. Толькі май на ўвазе: чалавеку, якога мала ведаеш,— вялікай веры не давай. Ты лепш адкажы: пойдзеш да мяне ці не?..
— Ну, хадзем!
На Задзвінне, дзе жыў Тарас, яны дабраліся хутка. На пераправе пашчаслівіла: паром адплыў, ледзьве яны ступілі на хісткі дашчаны насціл. На рацэ ляжалі ў вадзе разарваныя выбухам фермы чыгуначнага маста і побач з імі свяціліся пралёты новага: па мосце марудна поўз эшалон.
— Дык вось, браток. Усё трэба будаваць, уздымаць. Колькі гадоў спатрэбіцца!..
Крыніца, аглядаючы горад, маўчаў. Каменныя груды спаленых будынкаў глядзелі на раку чорнымі пустымі вачамі вокан. Паром павольна плыў па вадзе. Невялікія хвалі пеніліся, расступаючыся перад ім.
— Ты разумееш, думка такая прышла,— сказаў Пятрусь, паглядаючы на горад.— Вось дом... Спалены дом. Яго можна адбудаваць за месяц. А колькі ж часу патрэбна, каб выгадаваць чалавека, навучыць яго будаваць гэты дом? Праўда... Вунь колькі дамоў спаленых. А дзе гаспадары іх?.. Ішлі праз горад, і я нідзе не сустрэў знаёмых...
— Знойдзеш знаёмых, пачакай! Цяпер не тое, што да вайны: на вуліцах не шпацыруюць...
Тарас памаўчаў і дадаў, па-ранейшаму гледзячы на хвалі, што цяпер узбуйнелі і выгіналіся за паромам белымі грабянямі:
— А пра чалавека ты правільна. Колькі сродкаў трэба патраціць, каб ён стаў дарослым? Нашы маткі лепш гэта ведаюць.
У Тарасавай зямлянцы, куды яны прышлі праз паўгадзіны, было крыху цеснавата, але ўтульна. Супраць печкі стаяў ложак, засланы вайсковай коўдрай. Ля вузкага акенца размясціўся зграбны столік, на якім ляжаў разгорнуты часопіс, побач — папера і чырвоны аловак. На сцяне вісеў даваенны фотаздымак жонкі і дачкі. Крыніца адразу ж апусціў вочы — не хацеў, каб Тарас убачыў ягоную цікавасць, і абыякава спытаўся:
— Хваліся, як жывеш, гаспадар! Што маеш?
— Так вось і жыву,— паказаў Тарас вакол сябе. — Ты ж ведаеш, адзін я...
Ён спахмурнеў, закурыў. Сінявы дымок папоўз да акна, нібы хацеў хутчэй пабачыць сонца.
— У працы ратунак толькі,— дадаў ён яшчэ і спыніўся ля століка, прыкідваючы, чаго на ім нехапае. — Колькі дамоў пабудаваў! Глядзіш — людзі наваселле спраўляюць... А прыгадаеш, што і твае маглі б вось так... Усё нутро сціскаецца. Цяжка...
Крыніца моўчкі сачыў за тым, як Тарас збірае на стол скупы мужчынскі абед, расстаўляе пляшкі. Чым мог паспачуваць яму Крыніца? Ён сам яшчэ нядаўна блукаў у змрочным карагодзе супярэчлівых думак, вагаўся, шукаў упірышча ў жыцці, каб не зваліцца, каб жыць. Сябры дапамаглі яму. Ён ведаў гэта. I яшчэ ведаў ён, што час гоіць самыя глыбокія і страшныя раны.
9
Марфа чакала гасцей.
Яна сядзела на мяккай канапе, глядзела ў акно, за якім церушыў дождж. Кроплі паўзлі па шыбах і звілістым ручаём сцякалі ўніз.
Думкі былі няясныя, трывожныя. Фурс настойліва патрабуе, каб дабудоўвалася другая палавіна хаты. А як? Краму трасуць рэвізоры, і на мінулым тыдні прышлося паўтары тысячы выкласці з уласнай кішэні. Усім казала: апошнія грошы. Цяпер, калі возьмешся дабудоўваць, людзі што падумаюць? А Фурсу што? Яму грошы. Грошы ёсць, але ж шкада іх аддаваць. Во, каб у Фурса не было той паперкі! Адразу памякчэў бы і ўвогуле можна нічога не плаціць. Паспрабуй, давядзі, што я табе вінна! Няхай сто суддзяў сядзіць — чысты! I ўсё!
Канешне, не дужа хочацца, каб гэтыя суддзі ўмешваліся. Але ж жыццё вялікае — усё можа быць! Яго пражыць — не лыжку мёду з’есці.
Цяпер новы клопат — дачка. Нешта яна з Крыніцамі павялася. Ці ж не дурная! А той, вядома, на хату цэліць. Бач ты, выжла бязрукая...
За акном прайшоў чалавек. Марфа кінулася да фіранкі. «Хто ж гэта? А-аа, Сцяпан цягнецца».
Сцяпан з’явіўся на парозе змоклы і сярдзіты, з грукатам зачыніў дзверы і сказаў:
— Да раніцы задажджыла, ліха на яго. Фурс з Ласухай, мабыць, спозняцца.
Няроўнымі крокамі змерыў усю кухню, стаў ля прыпечка, атрос пінжак, павесіў яго на ўмывальніку. Потым прысеў да стала, спытаўся:
— Чаго ты маўчыш?
Сцяпан быў настроены ваяўніча. Спакойны і паслухмяны, ён рабіўся рашучым і гаваркім, калі вып’е. У такія гадзіны Марфа яго нават пабойвалася і не чапала, але пасля гэтага цвярозым камандавала з яшчэ большай жорсткасцю. Цяпер Сцяпан быў пад добрай чаркай. Увесь твар яго аж свяціўся: пачырванелыя вочы блішчэлі, а нос — тоўсты, падобны на добрую дулю ўвосень — набрыняў такой густой чырванню, што кропелькі дажджу, якія затрымаліся на ім, паружавелі. Дастаючы папяросы з кішэні, засоп:
— Я пытаюся, а яна — маўчыць... Не інакш аб зяцьку клопат! Петрусёк на ўвазе!
Марфа глядзела ў вочы мужу, быццам выпрабоўвала яго. «Вось ты гаворыш мне, а я маўчу, бо разумнейшая за цябе. Ну што ты скажаш на гэта... Пачакай жа, працверазішся!..»
На ёй быў стракаты і даўгі халат. Пашыты з фасоністымі пакручастымі складкамі, але дужа замусолены, ён нечым нагадваў гаспадыню — тоўстую, з падбрытымі брывамі і ярка чырвонай фарбай на губах. Апошнія словы Сцяпана вывелі яе з раўнавагі.
— Вочы мае лепш не бачылі б яго. Ці ж такога зяця я хацела?
— А што? Абрабаваў ён каго ці забіў?
— Во дурань п’яны, — Марфа спалохалася, што залішне абразіла мужа і паспешліва загаварыла: — Не ў тым справа, Сцяпанка. Навошта ж Нэлька вучылася столькі? Каб з невучоным жыць? Даўней казала і цяпер кажу, пакуль за розум не возьмецца...
Сцяпан прысвіснуў.
— Вунь куды панесла... Людзі гавораць, што чалавек ён не благі. Галаву на плячах мае...
— Людзі? Што мне людзі! Мне ж не лягчэй ад гэтага. А ён... Ну, скажы, Сцяпанка, хто ён? Ні пасады добрай, ні выгляду мужчынскага. А мая дачка вышэйшую адукацыю мае. Што яна, раўня яму?
— Мабыць, кахае. Кажуць: не бяда, што чорна, абы была праворна...
— Каханне-е-е,— працягнула Марфа, і голас яе змяніўся на шэпт: у суседнім пакоі адпачывала Нэля, якая нядаўна прышла з працы: — Я гэтаму каханню рады дам. На што хочаш пайду, але на сваім пастаўлю: дыму ад яго не застанецца!
I раптам зразумеўшы, што сказала лішняе, лагодна папрасіла:
— Ты ж глядзі, Сцяпанка, гэта між намі. Я пажартаваць люблю. Ведаеш...
— Мая справа старана...
За акном пачуўся гоман. Сцяпан устаў неахвотна, паціраючы шыю.
— Цягнуцца... Збірай вячэру...
У пакой увайшоў Ласуха. За ім, быццам крадучыся, укаціўся Фурс. I адразу да Марфы:
— Гаспадыньцы — наша прывітанне.
Марфа сустрэла гасцей ласкавымі воклічамі: «Ах, пазмакалі зусім». Яна ветліва ўсміхнулася Ласуху, і на твары ў яе разлілася замілаваная пяшчотнасць. О! Гэта зяць! Можна ганарыцца. Не сорамна і на людзі выйсці. Дырэктар. А Фурс?.. Ну, што Фурс... Згуляецца вяселле дачкі, уладкуецца справа з хатай і калі ласка, ад варот — паварот. Пакуль жа трэба выкручвацца.
— Праходзьце, даражэнькія!
I яшчэ раз запрасіла:
— Калі ласка! Гасцям у нас заўсёды рады. Сцяпанка, праводзь у залу!..
Марфа пайшла ў пакой дачкі.
— Вось і разумніца. Апранулася. Госці да нас прышлі. Дырэктар таксама. Глядзі, уважней будзь...
Нэля паглядзела на гадзіннік і цвёрда прамовіла:
— Не хачу туды ісці.
— Ат, сама ты не ведаеш, чаго хочаш,— прагаварыла маці. — Нічога з табой не здарыцца, калі і пасядзіш гадзінку. Чуеш, што кажу? Такі мужчына!
I заспяшалася да гасцей. Пайшла ўсміхаючыся, не зачыніўшы за сабой дзвярэй.
10
У сераду Пятрусь зноў сядзеў ля Тарасавай зямлянкі. Размаўлялі аб справах. Ён слухаў парады і меркаванні Тараса, а сам думаў пра іншае. «Адпачну. Потым ажанюся. Потым на працу. Можа разам і за вучобу. А мо спачатку за вучобу, а потым на працу?»
Крыніцу браў одум. Тарас, відаць па ўсім, неадабральна ставіцца да яго сяброўства з Нэляй. Чаму? Спытаць? Няёмка. А можа гэта здаецца?.. А калі і не, што з таго? Я кахаю яе, і яна кахае... Яму не хацелася распытваць у другога, няхай сабе і блізкага чалавека, пра Нэлю. Мужчына павінен аб усім даведвацца сам — розумам і сэрцам.
Ён прыгадаў першую сустрэчу з Нэляй пасля прыезду ў горад: насцярожаную, недаверлівую, і развітанне — гарачы шэпт і пацалунак. «Ну, што мне яшчэ трэба? Усё ясна і так. Нэля, Нэля! Дзе ты цяпер, што робіш? Можа, гаворыш з вучнямі, ці ходзіш па калідоры і таксама думаеш. Пра мяне, можа, думаеш?..»
Хутка ён развітаўся з Тарасам. Яны дамовіліся, што заўтра Тарас прыдзе да Петруся. Крыніца пайшоў ад яго, несучы ў сваім сэрцы цвёрдую пераконанасць, што робіць правільна, звязваючы свой лёс з Нэляй.
Пераехаўшы паромам раку, ён пачаў узбірацца крутой сцежкай на замчышча. Падняўся і стаяў, аддыхваючыся. Расшпіліў каўнер кашулі. «Слабы яшчэ пасля шпіталю». I тут жа супакоіў сябе: «Але ж і гара, паспрабуй узлезці! Ад гэтага і сэрца зайшлося...»
Унізе блішчэла рака. Замчышча амаль навісала над ёй крутымі, зарасшымі палыном схіламі. Вежы высокія царкоўных муроў, абшарпаныя, абабітыя за гады вайны кулямі і снарадамі, нагадвалі маўклівых і строгіх вартавых, што ахоўваюць спакой гэтай ракі.
3 пачуццём няяснай трывогі Крыніца аглядаў замчышча: тут дамовіліся яны з Нэляй сустрэцца. «Нешта ж позніцца. Час ёсць, пачакаю. Прыдзе!»
Ён прысеў на нізкі пяньчук, што застаўся ад дрэва, якое некалі расло тут. Глядзеў на Дзвіну. Ноч падплывала з захаду нячутна. Рака, здавалася, адпачывала пасля дзённай стомы і бруілася на перакатах лёгкімі хвалямі. 3 горада даносіўся вячэрні гоман.
Азірнуўшыся, Крыніца ўбачыў яе. Яна крочыла сцежкай праз замчышча. Ён ускочыў і пайшоў насустрач.
— Нэля...
— Я... Ты не заждаўся тут часам?
Ад яе ішоў ледзь улоўны пах нейкага віна і яблык.
— Нэля, Нэля! Нядобра пазніцца.
— Да нас Ласуха з Фурсам прыпёрліся. Ледзь уцякла я адтуль...
— Уцякла?
— Не магу з імі. П’юць і Ласуху нахвальваюць. Быццам бы я не ведаю яго!..
— А хто ён?
— Ласуха?.. Ну, як табе сказаць... Знаёмы наш. I толькі. Ды кінь ты аб ім...
Яны падышлі да месца, дзе толькі што сядзеў Крыніца. Сцяжынка бегла ўніз, бялеючы ў змроку. Сашчапіўшы рукі, Нэля паклала іх на плечы Крыніцы, шапнула:
— А ты харошы ў мяне. Чакаеш. На цэлую гадзіну прыпазнілася.
Ён прыгарнуў яе да сябе, адчуваючы, як пад тонкім плаццем б’ецца яе сэрца.
— Добра як, Нэля!
Хмары сплылі за вежы муроў, нясмела выглянуў з-за іх месячык, асвяціў наваколле і зноў схаваўся, быццам засаромеўшыся. Агеньчыкі за ракой гарэлі ярчэй.
— Ты памятаеш, як мы марылі пра наша шчасце да вайны?
— Памятаю, — Нэля яшчэ шчыльней прыціснулася да яго. — Ціха было, як цяпер. I месячык...
— I чаромха...
— На касагоры ля ручая. I салаўі спявалі. Паедзем, пабачым. У паромшчыка ёсць лодка, я сюды часта прыходзіла.
— Ты хочаш паехаць цяпер? Туды?
— Ага. I яшчэ хачу, каб у нас усё было, як і раней.
— Як і раней? Не, я хачу па-новаму каб... Мы ж разам!
Пятрусь павёў яе ўніз па сцяжынцы. ён ні аб чым не думаў і толькі адчуваў, як па ўсім целе разліваецца бадзёрасць. Яны збеглі ўніз і спыніліся ля самай вады.
Паромшчык — порсткі маленькі дзядок — доўга бурчэў, спасылаючыся на позні час, але, атрымаўшы ад Петруся дзесятку, загаварыў ахватней. Ён пабег за будан і прынёс вёслы і бляшанку, каб выліваць ваду.
— Во, хаваю ад жэўжыкаў гэтых. Бо сцягнуць удзень...
Адплыўшы ад берага, яны пусцілі човен на волю хваль. Недзе ўперадзе плёснулася рыбіна, і гэты гук доўга вісеў над вадой. Аднекуль данеслася гаворка, прыглушаная адлегласцю. Начная птушка пранеслася над чаўном.
I ніхто не бачыў, куды паплыў човен. Ніхто не ведаў, дзе ён прыпыніўся...
11
Пра свой намер выйсці замуж за Петруся Нэля сказала маці ў суботу. Сказала і адразу ж пашкадавала. Не трэба было прызнавацца. Настрой жа ў яе дрэнны. Усё з-за гэтай крамы...
Марфа праглядала раскладзеныя на стале грашовыя рахункі і таму адмахнулася ад дачкі, як гэта заўжды рабіла, калі тая назаляла.
— Не дуры галавы. Потым пагаворым, потым! Бачыш, які непарадак у мяне.
Нэля пакрыўджана скрывіла губы і настойліва прытупнула нагой:
— Якая ты няўважлівая, мама. Рашаецца мой лёс...
— Які лёс? — Маці злосна пазірала на Нэлю.
— Мы дамовіліся з Петрусём пажаніцца. Я дала яму слова.
— Ужо?!
— Не разумею. Чаго злавацца?
— Не разу-умею! — залемантавала Марфа, падскочыўшы, затупала, забегала па пакою. — Чуеце, людзі! Яна не разумее! А хто павінен разумець? Што табе маці? Родная маці што табе, я пытаюся? Без мяне рашылі — без мяне і жаніцеся! Чаго ж ты ад мяне хочаш?..
А ў сэрцы бушавала лютае полымя. «Праглядзела! Цяпер як пераробіш? I стаіць жа, як слуп. Ні слязінкі няма. Зломіцца, а не здасца. Мая натура выпірае. Мая!..»
Нэля не плакала. Загадзя, у душы падрыхтаваная да такой гаворкі і зразумеўшы, што не памылілася, яна цяпер слухала маці са спакойнай упэўненасцю чалавека, які цвёрда верыць у сваю правату. Сказала цвёрда, як гавораць аб справах, беспаваротна вырашаных і прадуманых.
— Навошта крычаць? Я выходжу замуж, мама.
— Ну добра, добра. Не будзе маці ні крычаць, ні плакаць, — Марфу спалохала ўпартасць дачкі.—Давай пагаворым. Ты ж адна дачка ў мяне. I мне не ўсёроўна, як выдаць цябе замуж і за каго.
Яна шукала на твары дачкі выразу душэўнай трывогі, хвалявання, а бачыла спакойныя вочы. Ведала б яна, колькі каштавала Нэлі ўсё гэта!
— Ты даруй мне, але я буду гаварыць проста. Хто такі Пятрусь? Давай разбярэмся. Франтавік? Добра. За гэта яму пашана. А далей? Адукацыі ў яго няма. Начальнікам ён не стане. Тады застаецца што? Чорнарабочым ісці, а за гэта найлепш трыста рублёў. А дзеці пойдуць, як пражывеце на гэты заробак?..
Нэля хацела нешта сказаць, але Марфа паклала ёй на галаву руку і пагладзіла па валасах.
— Выслухай спачатку. Мне ўсёроўна, за каго хочаш, за таго і выходзь, але матку паслухай спачатку. Паслухай. Цяпер мы возьмем цябе. Ты настаўніца. Адукаваная. Табе і муж патрэбен адукаваны. А то ж як? Вось прыходзіць свята. Сабраліся вы свае там, у школе. Трэба табе прысці з мужам. Вось пачаліся ў вас там размовы, ну, я не ведаю, якія там, ну... адукаваныя людзі знойдуць пра што пагаварыць. А пра што пачне гаварыць твой? Пра цэглу? Табе ж сорамна будзе. У вас жа з ім усё рознае...
— Я кахаю яго.
— Кахаеш! — Марфа дакорліва заківала галавой. — Дзіўная ты ў мяне, дачка. Каханне... А ведаеш ты, што ніякага кахання на свеце няма. Праўда, вось маці дачку кахае — гэта ёсць. А каб дарослы ды дарослага? Муж і жонка? Гэта ў кніжках толькі і то не ва ўсіх. Кожны ладкуе сабе жыццё і гняздо. Калі мужчына ладны сабой, пры грашах, дык ён і жонку сабе шукае прыгожую. Прыгажосць — гэта таксама грошы. А бяднейшы хто — той багацей шукае. Есць у сям'і грошы — ціха, мірна жывуць. Няма — звяры. I грызуць адзін аднаго ўсё жыццё. Цікавасць, інтарэс — гэта ёсць. А кахання паміж жонкай і мужам, павер мне, не бывае...
— Мама, а жонкі дзекабрыстаў?
— Якіх гэта?
— Ну, яны супраць цара ішлі, а іх арыштавалі і ў Сібір выслалі. А жонкі кінулі ўсё і ў Сібір, за імі...
— Значыць, не было чаго кідаць. — Марфа пацёрла пальцам пад носам. — Ці можа ўсім паказаць хацелі: «бачыце, якія мы».
— Ха-ха-ха! Ну, мамачка, насмяшыла...
Нэля смяялася над матчынымі разважаннямі. Яна не ведала, што сумненні — маленькія нават, калі запалі ў сэрца і ты не вырваў іх парасткі, могуць жыць і расці.
Не ведала і смяялася, як смяецца бесклапотнасць маладосці над асцярожнай развагаю старасці.
12
Увечары, калі Марфа ўпарадкавала свае гандлёвыя паперы і сядзела ля акна, думаючы пра ўчарашнюю размову з дачкой, да яе прышла суседка Тэкля — маленькая рухавая жанчына, з доўгім, выцягнутым, як у пацука, тварам. I вочы ў яе былі пацучыныя — маленькія, круглыя, пранырлівыя.
Даўшы «добры вечар», Тэкля тут жа пачала разгортваць скручаную ў трубачку газету, якую знарок прынесла сюды.
— Чытала, суседка? Гэта ж падумаць толькі: герой! Ты, суседачка, не абы-якога зяця схапіла...
— Ты пра якога гэта зяця? Адкуль ён у мяне?
— Хітруеш, суседка... Твая ж дачка на спатканне з Петрусём Крыніцай паўз мае вокны ходзіць... Праўда, я вочы заплюшчваю, але ж усёроўна бачу. Ха-ха-ха!
Марфа таксама ўсміхнулася, але адчула, як нешта колкае заварушылася пад сэрдам. «Што б было газеціну зранку прачытаць!.. Што ж там такое?» Яна гатова была выхапіць газету ў Тэклі з рук, але стрымалася і ўзяла яе абыякава, нават пазяхнуўшы. Праглядала газету, быццам ведала ў ёй кожны радок. Кароткая назва артыкула «Зварот да жыцця» нічога ёй не сказала. Яна ўбачыла партрэт вайсковага чалавека і жахнулася: «Гэта ж Крыніца!» Прабегла вачыма першыя радкі: «Гэта было ў гады вайны. Змятаючы варожыя заслоны, нашы танкі...» Каб адагнаць прагнае жаданне чытаць далей, зноў пазяхнула і паклала газету на падаконнік.
— У вайну хто героем не быў! А цяпер — зусім другое жыццё...
А ў галаве яе мільгнула думка: «Кім жа яго цяпер паставяць? Пэўна, начальнікам будзе. I немалым, раз герой...»
— Цяпер што, кажаш? — Тэкля была пакрыўджана няўважлівасцю суседкі да тае навіны, якую яна прынесла. — Цяпер хутка кандыдатаў у Вярхоўны Савет выбіраць будуць... Вось пабачыш, дэпутатам яго выберуць. А ты кажаш...
Тэкля зноў згарнула газету ў трубку і пайшла. Як толькі за ёю зачыніліся дзверы, Марфа кінулася шукаць на стале патрэбны нумар газеты. Яна ўважліва прачытала артыкул і задумалася. «А што, калі і праўда яго дэпутатам выберуць? Няхай тады хто паспрабуе пад мой дамок падкапацца, калі ў мяне будзе зяць дэпутат...»
Ад гэтае думкі Марфа зноў адчула сябе ўпэўненай і вясёлай. Яна загадкава прыплюшчыла вочы, аднесла газету на столік і знарок паклала яе ў сярэдзіну газетнага стуса.
13
Крыніца штурхнуў акно, і яно нячутна адчынілася. Перадранішняя прахалода дыхнула ў твар, і прыемны водар восеньскіх садоў хлынуў у пакой.
— Як пахне яблыкамі...
— А мне здаецца — вяргінямі,— ледзь чутна сказала Нэля.
Яны былі ў пакоі адны. Толькі што разышліся апошнія вясельныя госці. Нэля зрабілася іншай — ціхай і палахлівай.
— Ты чаго ўсміхаешся?
— Я прывыкла бачыць цябе ў фрэнчыку. У пінжаку ты нейкі дзіўны...
— Ведаеш, Нэля, твой Пятрусь цяпер самы шчаслівы чалавек на зямлі. I ведаеш чаму?
— Не,— яна шчасліва засмяялася, заплюшчыла вочы і даверліва прыціснулася да яго.— Скажы...
— Таму, што ты кахаеш мяне!..
На шчацэ ў Нэлі засвяціўся ружаваты водбліск ранняй зары. Пятрусь пацалаваў гэтую пунцовую плямку, і яму здалося, што не ранак барвовіць Нэліну шчаку, а гарачае сонца свеціць яму ў твар...
14
Вясна, другая пасля вайны, прышла трохі раней свайго часу. Ледзь паспелі адшумець лютаўскія завеі, а з поўдня падзьмулі ўжо цёплыя вятры. У згодзе з імі было, мусіць, і сакавіцкае сонца: за некалькі дзён аселі і пачарнелі гурбы снегу ля аселіц, па-над ракой, яшчэ закутай у тоўсты лёд, запушылася вярба, заспявалі сініцы-лазараўкі, пераскокваючы з галінкі на галінку, яны звінелі весела і галасіста:
— Пілі-клінь. Плінь-клінь. Пілі-пілі, клінь-клінь.
А сонейка з кожным днём прыгравала ўсё мацней і мацней, падоўгу затрымліваючыся на небасхіле. На высокіх пагорках, якія паспелі вызваліцца ад зімовага палону, ужо з’явіліся чорныя, як вугаль, шапкі. Птушкам было холадна. 3 раніцы яны грэліся на чорных праталінах, шукаючы штосьці ў пажоўклай мінулагодняй траве. Толькі апоўдні, калі паветра рабілася зусім цёплым, яны ляцелі аглядаць свае старыя хаткі, што былі пакінуты ўвосень.
Першым прыкмеціў шпакоў Тарас Красантовіч. Ён меў незвычайную схільнасць да птушак, але з усяго птаства больш за ўсё любіў шпакоў. Калі будаўнікі яго брыгады прыселі перакурыць, ён узяў некалькі дошчачак і пачаў нешта вычэрчваць на іх чырвоным алоўкам. На адным з іх намаляваў колца і ўзяўся долатам выбіраць дзірачку. Будаўнікі здагадаліся: шпакоўніца!
— Яна,— пацвердзіў Тарас.— Шпакам новую хату пастаўлю.
Да шпакоўніцы ён прыбіў жардзінку і павесіў яе на таполі. Дамок адразу прывабіў шпакоў. Паскакаўшы па ружаватых галінках, яны бясстрашна, з гаспадарчай руплівасцю ўзяліся аглядаць сваю кватэру. Тарас, закінуўшы галаву, з цікавасцю сачыў за птушыным клопатам. За гэтым заняткам яго і застаў Пятрусь Крыніца. Голасна прывітаўся.
— Ш-шшш! — паказаў Тарас на таполю.— Спалохаеш!
На новай шпакоўніцы сядзеў шпак — чорны, бліскучы. Ён пазганяў усіх сваіх прыяцеляў, з якімі толькі што аглядаў дамок, і цяпер распраўляў дзюбай крылы, трохі змятыя ў сварцы. Скончыўшы гэты занятак, шпак нахіліў галаву, паглядзеў на людзей і шчоўкнуў некалькі разоў, быццам вопытны музыка правяраў свой інструмент. Спробай той ён застаўся, відаць, задаволены і заспяваў, засвістаў на ўвесь голас, прыгожа выцягваючыся на тонкіх чырвоных лапках. Чорная птушка блішчэла на сонейку і кідала ў неабсяжны блакітны прасцяг цудоўную песню вясны.
Тарас усміхнуўся, пахваліў спевака і звярнуўся да Крыніцы, што стаяў і таксама глядзеў на таполю:
— Добра, што прышоў. Хадзем, інтэлігенцыя, пакажу, што працоўны народ робіць.
— Якая я табе інтэлігенцыя,— хмура адмахнуўся ад яго Крыніца.— Казаў прыду — вось і прышоў. Параіцца хачу...
Такое абяцанне Пятрусь даў раней, калі Тарас завітаў да яго ў госці. Яны сядзелі тады ўдваіх. Нэля пайшла да маці. Гаворка перакінулася на асабістыя справы, і Крыніца, размаўляючы з Тарасам, упершыню падумаў, што недзе ён зрабіў памылку, але якую і дзе — не ведаў.
Жыццё паварочвалася да яго сваім суровым бокам. Грошы, што ён прывёз пасля шпіталю, амаль усе былі зрасходаваны. У канцы зімы ён некаторы час працаваў кантралёрам у гарадскім клубе, але гэтую працу прышлося кінуць: Нэлі не падабалася, што яе муж стаіць пры дзвярах. Жончыны словы ў гэтай справе рашаючага значэння не мелі. Петрусю самому не падабалася тая праца. А за што ўзяцца цяпер? Да спадобы была лясная справа, якой займаўся да вайны бацька, але як прыстаць да яе? Адукацыі няма, спецыяльнасці няма. Трэба вучыцца. Сярэднюю школу да вайны ён не скончыў. Пайсці ў вячэрнюю? А далей? Не, трэба ад вучобы пакуль што адмовіцца. Трэба працаваць, каб былі грошы. Ён жа муж, а скора будзе бацька. Зусім скора...
— Вось што,— рашуча сказаў Тарас, які назіраў за змрочнымі ценямі, што праплывалі па твары Петруся.— Давай разам падумаем, што табе рабіць. Прыходзь да мяне, параімся. Абяцаеш, што прыдзеш?
I вось сёння, пасля размовы ў гаркоме партыі, куды яго нечакана паклікалі, Пятрусь прышоў да Тараса на будоўлю.
Яны ішлі ўсцяж рыштаванняў, і Тарас паказваў рукой то ў адзін бок, то ў другі.
— Бачыш, як разгарнуліся! Летась са сваімі хлопцамі драўляныя дамы стаўляў, а цяпер — трохпавярховыя. Ды і машын на адной нашай будоўлі болей, чым тады было ва ўсім горадзе... А толькі ж год прайшоў!.. Ну, дык што табе ў гаркоме сказалі?
— Гаворка была простая,— адказаў Крыніца.— Пыталіся, ці не пайшоў бы я працаваць у зеленгас. Я кажу, што я ж не спецыяліст па гэтай справе. «Яно то так,— кажуць,— але дзе ж нам узяць тых спецыялістаў? Вось папрацуеш, а потым вучыцца пашлем, і будзе ў нас спецыяліст».
— Дык ты ж, канешне, згадзіўся?
— Не яшчэ... Прасіў крыху пачакаць. Падумаю...
— А чаго думаць? Калі хочаш праўду ведаць, дык і ў мяне з імі была гаворка пра тое ж самае...
— I гэта ведаю.
— А калі ведаеш, дык чаго цягнеш? — ніколькі не збянтэжыўся Тарас.— Будзеш сады закладваць, паркі. Па плану рэканструкцыі горада трэба пасадзіць пятнаццаць тысяч дрэў! Будаваць горад — не толькі цэглу класці...
Лагодная ўсмешка засвяцілася на Петрусёвым твары. «Слаўны ты чалавек, Тарас. Думаеш, што цяжка зразумець, чаму так заўзята падтрымліваеш прапанову гаркома? Клапоцішся пра маё здароўе, маўляў, там мне будзе лягчэй... Ну, што ж, дзякуй табе...»
А Тарас між тым прадаўжаў:
— Твой жыццёвы шлях я так уяўляю: папрацуеш у зеленгасе, аббудзешся, а потым — у інстытут. Па лясной справе!
— Але ж і летуценнік ты, Тарас!..
Тарас пакінуў вясёлую кпіну Крыніцы без увагі. Яго гаворка плыла роўна і спакойна. Так гаворыць чалавек, калі тое, пра што ідзе размова, прадумана ім і ёсць яго перакананне.
— Глядзі, што ў нас атрымліваецца. Скончыў чалавек дзесяцігодку — і хутчэй імкнецца паступіць у інстытут. Цягне яго туды ці не — усёроўна; маўляў, усе так робяць. Дык гэта ж добра, калі чалавеку падабаецца яго будучая работа. А калі не? Тады ён дыплом у кішэню і лынды б’е. На мой погляд, не так трэба рабіць. Будоўля, завод, калгас — вось хто павінен пасылаць у інстытут. Добра працуеш, калектыў табе верыць — калі ласка, бяры рэкамендацыю і едзь, вучыся. Пабачыш, некалі так і будзе.
Яны гаварылі і спрачаліся доўга. Потым Пятрусь, дачакаўшыся канца рабочага дня, правёў Тараса аж да самай Дзвіны. Парома ўжо не было — цераз раку быў пабудаваны часовы мост на пантонах. На беразе ляжалі непрыбраныя пасля будаўніцтва дошкі, бярвенне.
Тарас з Петрусём спыніліся ля маста.
— Глядзі, Пятрусь... Бачыш — Дзвіна. Голыя берагі. А мы ж насадзім тут дрэвы, зробім прыгожыя паркі. Таполі, клёны... I яблынь насадзім. А што? Наш чалавек павінен жыць прыгожа. Вясной дрэвы зацвітуць, рака разліецца шырока-шырока... Хораша! I людзі будуць прыходзіць сюды адпачываць...
Задуменна і павольна плыла ўнізе Дзвіна. Маленькія хвалі, пазалочаныя сонцам, набягалі на берагі, разбіваліся ў прыбярэжных каменнях, і вада, сцякаючы з іх, ціха цурчэла і плёскалася. Здавалася, што рака, здзіўлена цмокаючы, прыслухоўвалася да таго, пра што гаварылі гэтыя два летуценнікі, за плячыма якіх ляжаў разбураны, у руінах і папялішчах горад.
Пятрусь вяртаўся дахаты на змярканні. На папялішчах, над комінамі, складзенымі з абгарэлай цэглы ці састаўленымі са старых вёдзер без донцаў, узнімаліся тонкія струменьчыкі дыму: шмат людзей жыло яшчэ ў зямлянках і сутарэннях, і звычайна ў такі час яны палілі ў печах, таксама складзеных з чорных, закопчаных цаглін.
Ля зямлянкі, пабудаванай на рагу вуліцы, Пятрусь убачыў жанчыну. Побач з ёю быў маленькі белагаловы хлопчык. Жанчына абгароджвала пабітай цэглай танклявы клёнік, відаць, нядаўна пасаджаны.
— Сад гадуем?
— Які тут сад, — жанчына з худым тварам узняла на Крыніцу стомленыя вочы: — Клёнік на папялішчы знайшла. Няхай гадуецца. Усё ж дрэва...
Пятрусь спагадліва пагладзіў бялявую галоўку хлопчыка. Той спалохана зірнуў на яго і аберуч учапіўся за матчыну спадніцу.
Пятрусь зноў пакрочыў па вуліцы. I як толькі ён адышоўся ад зямлянкі, дзе жанчына з хлапчуком саджала маленькае дрэўца, рашыў цвёрда і канчаткова тое, чаго не мог рашыць увесь дзень: ісці працаваць у зеленгас.
3 такім перакананнем, ад якога адразу зрабілася спакойна на душы, ён увайшоў у пакой. Нэля ўжо спала. Ен запаліў святло, захінуўшы лямпу газетай. Нэля спала, як дзяўчынка, падагнуўшы калені і склаўшы абедзве рукі пад правую шчаку, Хацеў пабудзіць яе, каб спытацца пра вячэру, але пашкадаваў: няхай спіць.
У ягонай душы ўвесь апошні час змагаліся два чалавекі: адзін кахаў і імкнуўся быць вясёлым, другі — гэта было тады, калі Крыніца заставаўся сам-на-сам,— сумаваў, пакутаваў ад таго, што жонка працуе, а ён нічога не робіць. Прыгадаў, як злавалася Нэля, калі ён пайшоў працаваць кантралёрам у клуб. Канешне, ёй было сорамна за яго перад сваімі сяброўкамі і знаёмымі: муж — такі здаровы мужчына — стаіць пры дзвярах і сморгае кантрольныя стужкі білетаў. Маці, праўда, нічога не казала. 3 вясны яна ўвогуле неяк адыйшлася ад іх — часта ездзіла на вёску да сваякоў. I цяпер паехала туды дапамагчы садзіць бульбу. Прыедзе — узрадуецца. Ды і чаму не парадавацца: праца не благая. Можна будзе і вучыцца адначасова.
Пятрусь сцягнуў з плеч гімнасцёрку, асцярожна скінуў боты і пайшоў на кухню мыцца. Плёскаў вадой у твар, націраў грудзі. Нават пачаў ціхенька насвістваць. Нэля прачнулася і, нічога не гаворачы, сачыла за тым, як ён уваходзіў у пакой, як расціраў ручніком схуднелае цела і глядзеўся ў люстэрка.
— Ты не знаходзіш, што гэта не вельмі далікатна для жанатага чалавека прыходзіць дадому ў такі час?
— Прабач, гэта я цябе разбудзіў...
Ён не адчуў іроніі ў Нэліных словах, прысеў ускрай ложка, пацалаваў яе і пачаў гаварыць усхвалявана і радасна пра тое, што думаў: як, урэшце, знойдзены цвёрды кірунак у жыцці. Цяпер ён ведае, чаму сумавала яго сэрца, чаго нехапала яму ў жыцці. Заўтра ён пойдзе, ў зеленгас, заўтра, каб не спазніцца, ён адашле заяву ў лясны тэхнікум. Ён будзе працаваць, вучыцца. О, гэта будзе цудоўна! А што? Можа ён выведзе які новы гатунак?..
Ён гладзіў плечы Нэлі, разагрэтыя сном. Ад іх бруілася пяшчотная цеплыня, якая хвалявала яго, надавала марам смеласць і ўзнёсласць. Вось ён выведзе новы гатунак і дасць яму назву — Нэлін. Можа гэта будзе яблыня, можа груша, а можа проста дрэва. Не, лепш яблыня. Яблыкі будуць вялікія і смачныя, і кожны, пакаштаваўшы, скажа: «Які цудоўны гатунак!» Пятрусь уявіў сабе такі малюнак і моцна абняў жонку. Не, ён не будзе адкладваць. Заўтра ж — у зеленгас...
Нэля санліва пазяхнула:
— Пойдзе капацца ў зямлі ды яшчэ і радуецца...
— Дык што ж, як у зямлі... Дрэвы ж не растуць у паветры!
Пятрусь адчуў, што гаворыць ён гэта ўжо без натхнення, словы быцам бы і тыя, але ж яны ўжо без агню, без заўзятасці. «Нэлі! Не ухваліла мой намер. А можа я не так зразумеў?» -
— Між іншым, кім ты туды пойдзеш? Брыгадзірам? А які ў брыгадзіра аклад? — пазяхаючы, запыталася Нэля і, даведаўшыся, што брыгадзір паркавай гаспадаркі атрымлівае пяцьсот рублёў, незадаволена працягнула: — Франтавіку ўжо добрай работы даць не могуць... Няхай бы хоць у якое кіно дырэктарам...
На століку, што стаяў пры ложку, Пятрусь убачыў зялёны кардонны карабок. Нэля заўважыла яго позірк, усміхнулася:
— Гэта вучні мне падаравалі... Сабралі грошы і...
— Навошта ж ты ўзяла? — перабіў Пятрусь.— Я ж табе казаў, што гэта нядобра...
— Ведала, іншага ты не скажаш!
Яна павярнулася тварам да сцяны і нацягнула коўдру на самы падбародак, быццам даючы зразумець, што на гэты конт яна выказалася да канца. Потым дадала яшчэ, не паварочваючы галавы:
— Вячэрай. Там у шафе паглядзі. Мне ўставаць цяжка...
— Не хвалюйся. Сам знайду. Ты ляжы!
Ён пацалаваў яе і пайшоў на кухню. Выцягнуў з печы чайнік, наліў шклянку астыўшага чаю і пачаў запіваць ім чэрствы хлеб. Зрабілася крыўдна, і сам не ведаў, за што. «Чаму ёй не падабаецца зеленгас? Гаворыць пра кіно, пра дырэктарства. А мяне туды на вяроўцы не зацягнеш. Кіно ёй падабаецца, а зеленгас — не. Чаму?..»
I раптам думкі яго пайшлі зусім у другім кірунку. Яны былі да смешнага простыя і прымусілі яго адкінуць падазроную недаверлівасць да жонкі. «Вось чалавек! Захацеў, каб яна радавалася з маіх невядома якіх планаў. Калі яшчэ тое будзе, а ёй не сёння-заўтра ў бальніцу. Эх, сапраўды нейкі я дзіўны...»
Гэтыя думкі канчаткова прымірылі яго з Нэляй і прымусілі забыцца на тое, як холадна сустрэла яна ягоную радасць.
15
Нэля нарадзіла сына ў сераду ўвечары. Увесь той дзень Пятрусь прасядзеў у прыёмным пакоі. Яго ўжо добра ведалі сёстры, ветліва раілі ісці дахаты і не хвалявацца. Ён выходзіў, павольна абходзіў кругом будынка і зноў вяртаўся, садзіўся і чакаў. У канцы дня вартаўнік — сівы мужчына з чырвоным тварам, сярдзіта сказаў:
— Ноччу тут быць забаронена...
Пятрусь паспрабаваў упрошваць яго, але той быў няўмольны.
Да позняй ночы Пятрусь блукаў па гораду. Схадзіў на замчышча і пасядзеў там крыху. Потым доўга стаяў ля свайго дома, глядзеў, як крочаць па вуліцы запозненыя прахожыя. У вокнах дамоў яшчэ свяціліся агні, было відно, як ходзяць па пакоях людзі, нешта робяць. I толькі ён адзін не ведаў, што яму рабіць. «Можа схадзіць да цёшчы? Нешта яе ўдзень не было ў бальніцы...»
Ен хутка дабраўся да вулачкі, дзе стаяла Марфіна хата. Дзверы былі зачынены, у вокнах не відаць было святла. Ен пастукаў у шыбу. Шкло адгукнулася глуха і доўга, нібыта звінела. Пастукаў яшчэ. Зарыпелі дзверы ў сенцах, прачыніліся, і Сцяпанаў голас глухавата прагучаў у цемры:
— Пятро? Габлюй сюды!
Крыніца ўвайшоў у хату і адразу ж адчуў, што Сцяпанавы рукі ляглі яму на плечы. Сцяпан гаварыў, дыхаючы яму проста ў твар, і здавалася, што ягоныя словы нацёрты цыбуляй.
— Віншую, от. Тэкля зараз прыбягала: Нэлька сына нарадзіла. Так што зараз мы з табой... Пачакай, пляшку знайду. Куды ж гэта яна паставіла?
Крыніца кінуўся да Сцяпана, адчуваючы невядомую раней ласкавасць да гэтага чалавека, і хацеў пацалаваць яго. Сцяпан закрактаў:
— Што ты, як баба! Пачакай, мы па-мужчынску адзначым...
Ён захінуў запалку далонямі і пайшоў да шафы. Маленькае дрыготкае полымя асвятляла яго бялізну і рабіла падобным на белы прывід.
— Ну, то я пабег, — спахапіўся Пятрусь і ўжо з парога ўдакладніў: — У бальніцу...
Сцяпан выбег амаль услед за ім на ганак, гукнуў:
— Пачакай! Во, трымай... За новага чалавека. Можа ён лепшы будзе за нас!
Крыніца выпіў, падзякаваў і наважыўся бегчы, але Сцяпан схапіў яго за руку і сказаў, ставячы бутэльку на ганак:
— Хто ж так ходзіць да парадзіхі! Хадзем хоць кветак нарвем...
Ён залез на сярэдзіну клумбы і поркаўся ў цемры. Нешта трашчэла пад яго нагамі, а голас быў вясёлы і трохі злосны:
— Мая мне галаву за іх сарве. Але ж... Па такому выпадку сцярплю, бо новы чалавек усё ж! Во, трымай! Тут і матузок нейкі ёсць!..
Кветкі былі вільготныя ад расы і халодныя. Толькі ў прыёмным пакоі, куды Пятрусь прыбег праз паўгадзіны, ён убачыў, што кветкі блакітныя, падобныя на лясныя ландышы. Сцяпан пазрэзваў іх нажом разам з доўгім зялёным лісцем.
Марфа таксама была тут. Яна ўважліва прыгледзелася да матузка, якім былі перавязаны кветкі, і войкнула:
— Дзе ты іх узяў?
— Да вас заходзіў. Сцяпан даў.
— Сця-паан! — Марфа ўспляснула рукамі.— Гэта ж ён усе пазрэзваў, нягоднік! — I ўчуўшы пах гарэлкі, працадзіла скрозь зубы. — I пілі? Нэля тут пакутуе, а яны гарэлку жлукцяць! І-іі, бессаромнікі!
На іх глядзела медсястра, і Петрусю было сапраўды сорамна. Ён пашкадаваў, што прызнаўся, дзе ўзяў кветкі. Але тут жа забыўся і пра кветкі і пра сваю няёмкасць. Іншае, дасюль яшчэ не знаёмае пачуццё напаўняла ўсю яго істоту — пачуццё бацькоўства.
16
У тэхнікум Пятрусь Крыніца не паступіў. Ён атрымаў ад дырэкцыі ліст, у якім паведамлялася, што яго дакументы былі дасланы з вялікім спазненнем. Пятрусь паклаў канверт у кішэню і выйшаў з канцылярыі зеленгаса ў калідор.
Ён уявіў сабе, як непрыемна ўразіць гэтая вестка Нэлю, і расхваляваўся.
У калідоры было шумліва — атрымоўвалі зарплату. Ён таксама падышоў да акенца. Касір — маленькі, хударлявы чалавек у непамерна вялікіх акулярах — падсунуў яму аркуш паперы і Пятрусь распісаўся. Глянуўшы на яго подпіс, касір аж за галаву хапіўся:
— Ай-яй-яй! Што ж вы нарабілі?..
— А што? — стрымана запытаўся Пятрусь.
Касір пажаваў губамі.
— Ды вы ж мне ведамасць сапсавалі. За дырэктара распісаліся...
Пятрусь пачырванеў. Крыху здрыганулася рука, калі ўзяў другі раз ведамасць. Подпіс атрымаўся няроўны і дужа закручасты.
Вышаўшы з канторы, ён спыніўся на ганку, думаючы пра ліст, што прышоў з тэхнікума. «Што ж цяпер рабіць?» — не давала спакою думка.
Да горада ціха і непрыкметна падкрадаўся вечар. Таполі на вуліцы пацямнелі, і толькі лясы, што стаялі на даляглядзе, былі асветлены апошнімі праменнямі заходзячага сонца. «Трэба выбрацца з Нэляй туды ў нядзелю. У лесе прыгожа цяпер...»
На ганак выйшаў Сцяпан Мурзавецкі, паглядзеў на Петруся, прыплюшчыў вочы:
— Нешта ты дужа сумны сёння. 3 Нэлькай пасварыўся?
— Не, што вы! Мы не сварымся!
— А калі і пасварыліся — не зважай. Перамелецца... Пойдзем лепш па чарцы возьмем, на ўсё ліха забудзешся... Ды не бойся, жанчыны ведаць не будуць!..
— А можа не трэба?
— Табе што, чырвонца ў дзень палучкі шкада? Дык я заплачу... Мне з табою пагаварыць трэба...
3 цесцем у Петруся склаліся нейкія дзіўныя адносіны. Пасля вяселля Нэлін вотчым толькі два разы заходзіў да іх. У зеленгасе яны сустракаліся, размаўлялі, але сапраўднай блізкасці не было: Сцяпан трымаўся, як чужы, нават падсмейваўся часам. Але цяпер ён здаўся Петрусю шчырым чалавекам.
— Тады хадзем да нас. Пасядзім. I чарка знойдзецца, — запрасіў ён цесця.
— От дзівак! — Сцяпанаў твар аж скрывіўся ад нецярплівасці.— Ды я не хачу, каб жанчыны назалялі...
Крыніца, насуперак жаданню, згадзіўся, баючыся, што цесць можа палічыць яго за скнару. Яны доўга шукалі, дзе можна было б выпіць. У зеленгасаўскай сталоўцы гарэлкі не было, а ў закусачных у той вечар панабівалася шмат людзей. Прышлося ісці ў рэстаран.
Пятрусь стаміўся за дзень. Ад чаркі гарэлкі ён адразу сп’янеў. Выпіць па другой адмовіўся.
— Не, досыць. Вы нешта меліся мне гаварыць?
— Ты ж спяшаешся, а гаворка ў мяне доўгая. Другім разам... Ідзі дахаты...
Пятрусь пайшоў адзін. Па дарозе яму раптам успомнілася, што яшчэ зранку ён дамовіўся пайсці з Нэляй сёння ўвечары ў кіно. Зірнуў на гадзіннік — было ўжо позна.
Нэля сустрэла яго строгім позіркам і кароткім пытаннем:
— Ну?!
— Трэба ж было... 3 тваім бацькам загаварыўся. Даруй, у кіно заўтра пойдзем, калі хочаш...
— Я ведала! — бровы Нэлі задрыжэлі і пухлыя губы надзьмуліся: — У-уууй, гарэлкай нясе!
I зноў коратка і злосна:
— Пілі?
— Кажу ж табе: з бацькам гаварылі. Ну, па чарцы і ўзялі. Ён нешта гаварыць мне збіраўся.
— Збіраўся, ды не сабраўся. Сцяпана я ведаю...
Яна хуценька апранула паліто і, гледзячы некуды ўбок, сказала:
— Да маці. Даведаюся, з якім ты Сцяпанам п’еш...
Петрусю захацелася пабегчы ўслед за Нэляй, давесці ёй, што яна дарэмна злуецца і што ён зусім не хацеў піць... Але на вуліцы думкі пайшлі ў другім напрамку. «Не паверыць...»
I ён вярнуўся ў пакой.
17
Восенню Нэля перайшла працаваць у новую школу — там патрэбен быў выкладчык біялогіі. Двухпавярховы школьны гмах быў адбудаваны нанава пасля вайны.
Настаўніцкі калектыў школы — пераважна маладыя спецыялісты, якія паканчалі інстытуты ў апошнія гады — быў вялікі, але сапраўдных сяброў у ім Нэля сабе не знайшла. Знешне, праўда, гэта ніяк не праяўлялася: з ёю ахвотна віталіся, вялі гаворку аб школьных справах, поспехах вучняў, але ніхто не дзяліўся сваімі асабістымі справамі. Ёй, мабыць, не давяралі. Нэля адчувала гэта і старалася рабіць выгляд, што не мае патрэбы ў блізкім сяброўстве, трымалася з усімі падкрэслена ганарліва. Але гэта яшчэ больш аддаляла ад яе людзей.
Біялогія, якую яна выкладала, ёй не падабалася. Калі Нэля скончыла школу, у яе не было пэўнай думкі аб сваёй будучыні. Маці параіла ёй паступіць на біялагічны факультэт, дзе не было конкурсу. Нэля так і зрабіла. Правучыўтныся два гады, яна адчула, што будучая прафесія ёй зусім не падабаецца. Але змяніць што-небудзь у сваім лёсе яна не адважылася.
Першы час самастойная праца неяк вабіла: прыемна было бачыць цікаўныя позіркі дзяцей і адчуваць сябе дарослай. Потым гэтае пачуццё прытупілася, навізна прапала, і яна тлумачыла ўрокі так, быццам выконвала сумны і непрыемны абавязак. У новай школе і парадкі былі новыя: па біялогіі вучням даваліся хатнія пісьмовыя заданні. Праверка гэтых сшыткаў асабліва надакучала Нэлі. Трэба было ўважліва чытаць іх, выпраўляць памылкі, якіх вучні рабілі шмат. Звычайна, несучы са школы стусы вучнёўскіх сшыткаў, Нэля загадзя сумавала, прадбачачы некалькі вечароў маруднай і надакучлівай працы. Прышоўшы дахаты, яна ўсяляк адцягвала той момант, калі трэба было садзіцца да стала і браць у рукі аловак.
Сёння вялікі стус вучнёўскіх сшыткаў злаваў Нэлю больш чым калі. На двары ліў дождж. Пятрусь абяцаў раней прысці з работы і недзе затрымаўся. I ў дадатак да ўсяго, кантрольную работу вучні напісалі слаба: яна ставіла пакуль што толькі дрэнныя адзнакі. Размашыста выводзячы чарговую двойку, яна на палове лічбы зламала аловак. Сярдзіта адкінуўшы яго ўбок, Нэля нервова закрочыла па пакоі.
Думала пра мужа. Не, нічога благога пра яго не скажаш. Ён умее быць уважлівым, ягонае каханне робіцца ўсё мацнейшым. Але адзываючыся на мужаву пяшчотнасць, яна ў апошні час пачала прыкмячаць, што нечым незадаволена, што нешта трывожыць яе. Мары жыць у вялікім горадзе не спраўдзіліся. Пятрусь адмовіўся паехаць з Прыдзвінска.
Прышоўшы дахаты, Пятрусь звычайна крыху адпачываў і адразу ж браўся за падручнікі — рыхтаваўся да здачы экстэрнам за дзесяцігодку. А Нэлі не сядзелася ў хаце, карцела куды-небудзь пайсці, пагуляць, паглядзець на людзей. Аднойчы яна прапанавала пайсці ў гарадскі клуб, дзе былі танцы. Ён засмяяўся:
— Ну, які з мяне танцор! Ты ж ведаеш, мяне і раней туды не цягнула...
— А мне сумна. Мы і так нікуды не ходзім. Сядзім, як тыя пацукі.
— А я з табой не сумую,— ён абняў яе і моцна пацалаваў.— Мы ж з табой бацькі ўжо. I апроч цябе ды Алеські мне ніхто не трэба... Вось здам экзамены, паступлю ў інстытут...
У поспех мужа Нэля верыла слаба. Усё гэта — і экстэрн, і інстытут — было далёка, за межамі сённяшняга дня. Яна разумела, які цяжкі шлях узяўся прайсці Пятрусь, і ў душы патрохі смяялася з яго наіўнай веры. А побач з гэтым ёй было шкада, што страчана бесклапотнае і вясёлае жыццё. «Дзеля чаго? Каб гібець у цесным пакойчыку і чакаць, пакуль муж скончыць інстытут? Гэта ж пройдуць лепшыя гады...»
Цяпер, калі ўсе нязначныя дробязі сабраліся ў адно, яна зусім нечакана для сябе адкрыла, што ў іх крыецца прычына той незадаволенасці, якую яна ў сабе заўважыла. «Проста я стамілася ўжо ад гэтага жыцця, ад гэтых гаспадарчых клопатаў і нястач. Таго нехапае, гэтага. Адно прыдбаеш, другі клопат заводзіцца...»
Праўда, маці па-ранейшаму працавала ў краме і шмат чаго можна было ўзяць без картак. I Нэля брала. Але Пятрусь даведаўся і забараніў рабіць гэта. «Такая ўжо сумленнасць! Каму яна патрэбна? Праўду казала мама, не трэба было з замужжам спяшацца. Лепш было пачакаць, пакуль уладкуецца жыццё...»
Падумаўшы пра гэта, Нэля падлічыла, што даўно не была ў маці, і рашыла схадзіць да яе. «Заадно і яго дапяку. Няхай не позніцца, калі абяцаў...»
Дастаючы з шафы стракаты плашч, яна выцягнула тоўсты скрутак, разгарнула паперу, і блакітны шоўк мякка зашамацеў у яе руках. Яна прыклала яго да грудзей, зазірнула ў люстэрка. «Цудоўная сукенка атрымаецца».
3-за гэтага шоўку яна пасварылася з Петрусём і два дні не размаўляла. I шоўк, і каверкот на мужчынскі касцюм Марфа дастала праз сваіх знаёмых на базе. Увечары, калі Пятрусь прышоў з работы, Нэля паклала тканіну на стол, маючы намер зрабіць мужу прыемнае. Ён памяў у пальцах каверкот.
— 3 густам у нас робяць... Па ордэру атрымала?
— А як жа! Возьмеш па ордэру!.. Гэта мама пастаралася, з базы...
Ён кінуў тканіну на стол і другі раз за іх сумеснае жыццё закрычаў на яе:
— Усё з базы ды з базы! Ведаю, як гэта робіцца. А я хачу жыць сумленна. Чуеш, сумленна! Колькі разоў гаворана: не бяры нічога адтуль!
— Чаго ты крычыш? Ты хочаш сказаць, што мая маці крадзе? А я сама грошы плаціла, сама!
Ён паспакайнеў, узяў Нэлю за руку і сказаў, стрымліваючы сябе:
— Зразумей толькі: я не хацеў цябе пакрыўдзіць. А з базы нічога браць не трэба. Бяруць адтуль, я ведаю... Па-рознаму махлююць. А мы будзем жыць сумленна. Хутка ўсё будзе і без картак, і без ордэраў. А пакуль няма — пацярпець трэба. Пашыю я касцюм, а той жа Тарас у мяне спытаецца: дзе ты яго ўзяў? Брыдка хлусіць будзе, а праўду не скажаш. Ты, вось што, заўтра занясі ўсё гэта маці, няхай яна аддасць назад на базу. Добра? Ну, вось, бачыш!..
Нэля аднесла каверкот і сказала маці, што ён не спадабаўся Петрусю. Шоўк жа пакінула сабе і цішком дамовілася аддаць шыць знаёмаму майстру. Як на тое ліха, кравец захварэў і справа адклалася. «Можа ён ужо выздаравеў? Трэба занесці, бо як убачыць зноў Пятрусь гэты шоўк...»
Скрозь адчыненыя дзверы было чуваць, як на кухні Сцепаніда гушкае малога Алеську. Нэля павярнулася спіной да дзвярэй, згарнула шоўк і закруціла яго ў газету.
Марфа ўзрадавалася прыходу дачкі і кінулася ёй насустрач.
— Дачушка мая... Але ж і схудне-е-ела! Ці ж кормяць яны цябе там?.. Вось добра, што прышла: у нас госці. Хадзем пасядзім.
— Не, мама, не хочацца. Я параіцца прышла...
Марфа слухала дачку з жывой зацікаўленасцю, часта перапыняла, войкала, здзіўлялася. Нэля шчыра, без хітрыкаў расказала маці пра незадаволенасць працай, пра нелады ў сям’і. Яна не скардзілася, а проста гаварыла пра тое, што яе трывожыла.
Марфа прапускала міма вушэй усё, што датычылася Нэлінай работы ў школе. Але ніводнага слоўца, ніводнай дробязі, якая датычылася яе адносін з мужам, яна не прапусціла. «О-ооо! Я ж ведала, што яно так і будзе, дык не паслухала матку»,— час-ад-часу ўстаўляла яна сваё слова. А калі Нэля ўсё выгаварыла, яна пачала добра вядомую Нэлі гаворку аб тым, што ёй патрэбен муж адукаваны, а не гэтакая прастэча, як Пятрусь. Ён усё пра нешта марыць, а прыдбаць што ў хату не ўмее. У яго там нейкія непрыемнасці на рабоце. Ведама ж, суе свой нос, куды не трэба, а начальства гэтага не любіць. Добра ж, калі ўсё добра будзе, а калі зволяць? На сваю шыю зноў яго пасадзіць? Досыць, пасядзеў, калі не працаваў!.. Нэля зрабіла памылку, што пайшла за яго замуж, але маці дапаможа гэтую памылку выправіць. А хто ж другі пра дачку паклапоціцца? I падагуліла разважанні так:
— Што ні кажы, а кідаць яго трэба!
— Як гэта кідаць?!
— Проста! Як усе робяць.
— Мамачка! — спалохана сказала Нэля.— Я ж проста так паскардзілася, што мне цяжка. А Пятрусь мяне кахае...
— На словах! — сказала, як адсекла, Марфа.— Скажы, які ж гэта ён муж, калі не можа жонцы нават сукенку справіць... Глядзі,— яна паказвала пальцам на кофтачку, на сукенку, што былі апрануты на Нэлі, і ўедліва пыталася:
— Хто гэта табе справіў? Ён? А гэты капрон? А туфлікі? Усё я хрыбтом сваім. Але нашто ж я ўсё гэта кажу? Ці ж ты слухаеш мяне? Усёроўна ж матка благая...
Марфа пляснула далонямі, заківала галавой, лемантуючы, быццам перад ёй было не менш, як два нябожчыкі.
— Ай-яй-яй! Людцы, родныя! Ды што ж гэта робіцца! Жонка сукенку новую хоча мець, а муж забараняе! Абадранкай хадзі, жоначка!.. Пятнаццаць гадоў вучылася!.. Я табе кажу: кідай. Чаго ты прыліпла да яго?
Нэля заплакала.
— Мама, што ты гаворыш! Алеську без бацькі пакінуць?
— Ты таксама без бацькі вырасла. Дрэнна табе было? Нашто той бацька. Мала мужчын ёсць? Абы грошы былі...
Убачыўшы, як уздрыгваюць Нэліны плечы, Марфа адчула на момант, што ёй шкада дачку, але тут жа схамянулася. «Нічога, няхай паплача, другі раз разумнейшай будзе, матку паслухае. А таму ашуканцу я яшчэ пакажу...»
Марфа была вельмі злосная на свайго зяця: ён ашукаў усе яе спадзяванні. Прайшлі адны выбары, прайшлі другія, а Петруся Крыніцу ніхто дэпутатам не абраў. Яна лічыла, што Пятрусь яе абхітраваў.
— А я гляджу, чаму гэта мне ўсё сны нядобрыя сняцца, — хаваючы ад дачкі бляск вачэй, гаварыла Марфа.— Нікому на свеце не веру, а снам веру... Снілася мне, што дачку нараджу, — ты нарадзілася. Сніла вялікія грошы — знайшла... Па каханню цяпер толькі дурні жэняцца. Ды яно, калі сказаць праўду, ніякага кахання на свеце няма. Інтарэс ёсць! Я табе такога чалавека знайду! Толькі скажы.
Шырокі твар Марфы расплыўся, губы салодка прыцмокнулі.
— А ўчора мне што снілася! Быццам ты стаіш на высокай гары, а да цябе чалавек ідзе — прыгожы такі. Спыніўся ён гэта ля цябе, а да яго машына такая бліскучая: фыр-р-ррр!.. I ракаў бачыла чырвоных. Гэта да шчасця праз слёзы...
I дадала ўжо строга:
— Не плач, не надрывай сэрца. Цяпер свет такі: разумныя людзі ўсе так жывуць... Перабірайся да мяне. Адсюль і ў школу бліжэй...
Нэля нічога не адказвала. Плечы яе, па якіх рассыпаліся каштанавыя валасы, калаціліся ад прыглушанага плачу.
Дзверы нечакана адчыніліся, і ў пакой увайшоў Фурс. Ён быў без пінжака, у белай кашулі, пры гальштуку. Здзівіўся:
— Не ведаў, што вы тут!.. Вы так папрыгажэлі!..
Марфа позіркам загадала яму выйсці і паабяцала:
— Мы зараз прыдзем! — I калі Фурс выйшаў з пакоя, дадала: — Далікатны, сволач гэтая. Без нажа зарэжа. I ўсміхаецца яшчэ...
Седзячы за сталом, дзе было шмат незнаёмых людзей, Нэля адчувала, што ад сэрца яе патроху адыходзіць туга. «Што ж, жыццё ёсць жыццё. Я там плакала, а тут, у суседнім пакоі, за сцяной, людзі весяліліся, радаваліся. Чаму я такая нешчаслівая?»
Прыгадала размовы Петруся пра экзамены і адчула, што ў сэрцы закіпае злосць. Гэта ж лепшыя гады пройдуць!..
Па прасторнаму пакою насіліся п’яныя пары — танцавалі нейкую вар’яцкую польку. Хрыпата надрываўся патэфон. Фурс падышоў, запрасіў на танец. Яна танцавала з ім, забыўшыся на ўсё — на свае думкі, на Петруся, на Алеську — і была амаль п’яная, хоць нічога і не піла.
18
Стоячы ля акна, Сцепаніда ўглядалася ў вечаровыя змрокі. Моцны вецер, што круціў цэлы дзень, амаль сціх, і галіны старой таполі за акном ляніва гойдаліся, быццам стомлены чалавек махаў рукамі на недарэчную прапанову: «Адчапіцеся, адчапіцеся...» Ружавела неба, і стрэхі дамоў на фоне гэтай ружовасці былі чорныя, акрэсленыя выразна і чотка.
Па вуліцы прайшла жанчына, і Сцепаніда шчыльней прыціснулася да акна: «Мусіць, Нэля ідзе...»
Прыгледзеўшыся ўважлівей, Сцепаніда ўбачыла, што прыняла незнаёмую жанчыну за нявестку, і чамусьці ўзрадавалася гэтаму. У апошні час адносіны паміж ёю і нявесткай страцілі ранейшую сардэчнасць і цеплыню. Неяк нядаўна, ужо ўвечары, яна стаяла ў чарзе — па картках давалі крупы. 3 маленькіх дзвярэй, што вялі ў складское памяшканне, выйшла Марфа з незнаёмай жанчынай. Прыціскаючы да сябе ёмкі скрутак, Марфа казала той жанчыне, відаць, ужо заканчваючы гаворку:
— А ў маёй жа таксама няўдалы замуж. Ён інвалід... I цяжка беднай. Прыбяжы дахаты, усё зрабі па гаспадарцы, памый, звары... I яшчэ ён на яе шыі сядзіць...
У гэты момант чарга прасунулася наперад, Сцепаніду выціснулі з кутка далёка ад таго месца, дзе стаяла Марфа, і што яна казала далей — Сцепаніда ўжо не чула...
Марфа прыходзіла потым некалькі разоў: усё такая ж ласкавая, ліслівая. Сцепаніда хацела выказаць свацці ўсё ў вочы, ды стрымалася, перасіліла сябе. Але з таго вечара яна перастала верыць салодкім словам Марфы. I адносіны з нявесткай сталі іншымі. Сцепаніда заўважыла халаднаватасць з яе боку, і з болем у сэрцы адчувала, як знікае блізкасць паміж імі. Яна ўзваліла ўсю хатнюю працу на свае плечы, рабіла ўсё так, як хацелася нявестцы: бегала па крамах, варыла абед, перанесла свой ложак на кухню, а потым і зусім да суседкі — жанчыны мяккага і ветлівага сэрца, з якой пасябравала з першага дня жыцця ў гэтым доме. Яна ішла на ўсялякія ўступкі.
«Самі разбяруцца, што да чаго. Каханне ніколі не ідзе роўна ды гладзенька. Чаго мне паміж імі станавіцца ды розуму вучыць...»
I цяпер, занятая такімі думкамі, яна не заўважыла, як прышоў Пятрусь. Пачула знаёмы бразгат клямкі і спахапілася. «Гэта ж яны ўжо. А ў мяне і вячэра не гатовая...»
Пятрусь прышоў разам з жонкай. Твар у Нэлі быў злосны, незадаволены.
Сцепаніда заспяшалася на кухню, і калі прышла адтуль, абое ўжо былі вясёлыя. Сцепаніду ўзрадавала гэта, яна заўжды радавалася, калі бачыла іх у згодзе.
— Ну вось, мама, будзем вячэраць ды яшчэ раз памяркуем, — сказаў басавіта Пятрусь, мыючы руку, — дапаможаш жонку пераканаць. А можа і на яе баку праўда, ліха ж яго ведае...
Вячэралі. Гаварылі пра новую працу Петруся. Сцепаніда думала, але сваіх думак не выказвала, каб чым-небудзь не парушыць гэтую часовую згоду.
— Паслухайце, мама, што ён кажа! — Нэля трымала лыжку ў руках і сачыла за тым, як Сцепаніда кроіць хлеб. — Яму прапанавалі пасаду інжынера ў зеленгасе. А я кажу, што гэта не ягоная справа. Тут патрэбны...
Яна сербанула крупніку. Ён здаўся ёй нясмачным і дужа гарачым. Адсунула талерку і ўжо гаварыла толькі мужу, стукаючы лыжкай па стале:
— ...Патрэбны веды, адукацыя, а ты ж сярэднюю школу яшчэ не скончыў... Ты думаеш, што фронт табе ўсё заменіць?..
— Не, не заменіць. Але хабар браць не дасць!
Пятрусь наўмысна падкрэсліў апошняе. Перад святам Нэля зноў прынесла падарунак ад вучняў — вазу з блакітнага шкла. Яны доўга тады спрачаліся. Пятрусь лічыў і даводзіў, што браць у вучняў можна такі падарунак, які яны зрабілі сваімі рукамі. Гэта — памяць і знак павагі. А збіраць па некалькі рублёў, насядаючы на тых, хто не хоча ці не можа даць грошы, купляць нейкую рэч і дарыць яе — нядобра, гэта як бы хабар. Да згоды ў той спрэчцы яны не прышлі. Цяпер жонка ўпікнула яго за неадукаванасць, і ён знарок пакрыўдзіў яе: раззлаваўся.
Нэля кінула лыжку і пачырванела.
— А хто бярэ хабар? Ну, хто?!
— Ціха, ціха, не злуйся,— Пятрусь адчуваў вінаватасць і паспрабаваў супакоіць жонку. — У тваіх словах шмат праўды, і трэба памеркаваць... Таму і раюся з вамі...
Ён надоўга змоўк, сёрбаў крупнік, цяжка водзячы сківіцамі, і думаў. Павячэраўшы, пасядзеў яшчэ воддаль ад стала, трымаючы запалку ў роце і задумённа пакусваючы яе.
За маленькім столікам, пры печцы, стрымана гаварылі жанчыны. Пятрусь пачаў услухоўвацца ў іх гаворку.
— Няхай твая праўда, Нэлечка, — сказала маці, выціраючы талеркі. — Толькі на мой розум так: абы каму там гэтае справы не даручаць. Нехта ж, мусіць, добра падумаў, перш чым прапанаваць Петрусю. Ды яно можа не так ужо і цяжка там... А мужык твой разумны. Пацягне!..
Нэля сядзела збоку, глядзела, як свякруха складвае выцертыя талеркі. Злосць, зачэпленая словамі мужа, усё яшчэ не праходзіла: трэба было спагнаць яе, і яна патроху рабіла гэта.
— Ну, які ён інжынер!.. Трэба было вучыць яго. Мая мама на гэта ніколі не шкадавала грошай...
— Сорам табе, дачушка... Што ты гаворыш! Ён жа без бацькі застаўся, таму і школу скончыць не мог. А потым — вайна...
— Толькі што скажаш — папракаюць. Што гэта за жыццё такое! — Нэля пачала церці вочы і ўсхліпнула. — Не магу я больш! Не магу! I не заступіцца ніхто... А я што, благога яму жадаю?..
Пятрусь зморшчыўся, быццам глынуў нешта горкае. Было непрыемна, што жонка папракае маці, а тая абараняе яго зусім не так, як гэтага хацелася б яму. Ён ускочыў, стукнуў з усяе моцы кулаком па стале:
— Досыць! Сам вырашу ўсё! Без вашай дапамогі... Па-людску ў вас ніколі не бывае!..
Са Сцепанідзіных рук выслізнула талерка і разбілася на кавалачкі...
Ноччу, прытуліўшыся шчакой да гарачага жончынага пляча і слухаючы яе санлівы голас, Пятрусь адчуваў ніякаватасць ад таго, што так пагарачыўся ў час вячэры. «Праклятая нявытрыманасць. I калі я навучуся трымаць сябе ў руках? Крычаў, злаваў! Сорамна. Адзін жончын папрок — і ўжо закіпеў. Няможна так мужчыне!..»
— Паслухаю цябе — праўда твая, — Нэля варухнулася, і яго галава ўпала на падушку. — Прыду да свае мамы — таксама праўду чую. Але там я адчуваю сябе куды лягчэй... Вось што, Пятрусь, нам трэба перайсці жыць да маёй мамы...
— Падумаем...
— Не, дарагі мой, тут думаць няма чаго. Калі ты кахаеш, то пойдзеш са мной, куды я захачу.
— Ну, добра, добра. Можа калі і пойдзем!
Сонна цікаў гадзіннік, дзелячы цемру ночы на роўныя, маленькія кавалкі. Шкло ў акне паціху трымцела ад ветру. Нэля паклала руку на галаву Петрусю; яго сэрца памякчэла і шчыра адгукнулася на пяшчоту.
Пятрусь хутка забыўся на тую гаворку, што была ўначы. А яна ўзнікла зноў праз тры дні і пайшла зусім у іншым напрамку.
Быў суботні вечар. Сеўшы за падручнік геаметрыі, Пятрусь трохі пачытаў, а потым непрыкметна задрамаў. Прачнуўся ён ад жаночых галасоў, якія даносіліся з кухні.
— А я вам што, служанка? — Нэля, відаць, сказала гэта смеючыся. — Дакуль гэта будзе? Памый, вынесі, дровы прынясі. Можа, скажаце, каб я яшчэ вашу свінню карміла?
— Што ты, дачушка! Можа першы раз і прашу. Бачыш жа, няўпраўка... Бялізны ж во колькі!..
— Няхай Пятрусь выносіць, а то распанеў... Няма чаго... Я ў школе цэлы дзень працавала.
— Не чапай яго, толькі ж за кніжку ўзяўся... — голас Сцепаніды задрыжаў. — Ніколі не казала табе, а зараз скажу: нельга так. Ты ж жонка яму, няўжо не бачыш, што ён ледзь ногі цягае? Удзень на рабоце, увечары — школа...
Пятрусь адчыніў дзверы на кухню, сказаў, не беручы пад абарону нікога:
— Зноў грымоты на ўсю хату... Ну, чаго вы не падзеліце?
Нэля ў светлым плацці стаяла ля стала і смактала цукерку. Твар яе быў ружовы ад хвалявання, а вочы блішчэлі халодна і злосна. 3 рук маці — худых і таксама ружовых ад гарачай вады — сцякала мыльная пена.
Белыя наздраватыя лёгкія капяжы падалі на падлогу ля босых ног. Пятрусь успомніў, што абяцаў маці купіць туфлі і не купіў, бо Нэля пашыла сабе новае плацце. Яму стала сорамна, ён пачырванеў.
— Ну, што тут у вас? Вядро? Давайце яго сюды. Толькі вы, мама, не крычыце на яе...
Пятрусь вынес вядро і зноў узяўся за падручнік.
За спіной пачуліся жончыны крокі. Ён аглянуўся. Нэля выцягвала з шафы свае сукенкі і складала іх у чамадан.
— Ты куды гэта збіраешся?
— Дахаты! 3 тваёй маці я жыць не магу!..
— Нэля, ты гэта сур’ёзна?
— Я ўсё жыццё была сур’ёзнай. Памыі цягаць... Давай збірайся. Дапаможаш...
Ён не зразумеў тады, што справа зусім не ў вядры, якое трэба было вынесці. Ён прыходзіў дахаты і бачыў чыста прыбраны пакой. Ён не стаяў у чарзе за хлебам, крупамі і не ведаў, хто робіць усё гэта. Утульнасць у хаце, добры абед, радасць у сэрцы — усё гэта звязвалася з жонкай, і ён мог дараваць ёй усё. Каханне рабіла яго сляпым. I цяпер Нэліны словы так збянтэжылі яго, што калі ў пакой увайшла маці, ён змог толькі сказаць:
— Паслухай, мама! Нэля хоча пайсці ад нас!
— Ваша справа. Вам жыць, вам і рашаць. — I паглядаючы на тое, як завіхаецца Нэля ля чамадана, сказала яшчэ: — Крыўдна мне за вас. I сорамна. Разберацеся некалі, дык зразумееце мяне...
Нэля падштурхнула Петруся плячом і сказала ціха, каб не чула Сцепаніда:
— Хадзем, хадзем! Не стой!
Яму цяжка было крануцца з месца. Ён адчуваў нейкую незразумелую пустэчу ў сэрцы і ўсё яшчэ не мог паверыць у тое, што ў яго жыцці адбылося нешта страшнае і непрыгожае.
19
Пятрусь Крыніца любіў лес. Калі ён бачыў гонкія дрэвы, што прыгожа выносілі ў неба магутныя верхавіны, незразумелае хваляванне апаноўвала ўсю яго істоту. Ён не ведаў, калі прачнулася ў ім гэтая замілаванасць да прыроды: у дзіцячыя гады, калі бацька вадзіў яго па барах, паказваючы, дзе растуць суніцы і грыбы, ці мо пазней, у партызанскія дні, калі давялося змераць шмат лясных пуцявін.
Цяпер Пятрусь стаяў ля маладых асінак, што палымнелі вогненнымі фарбамі. Дзень выдаўся пагодны і не па-восеньску цёплы. Неба было чыстае і сіняе. Празрыстае паветра мела такі выразны колер, які вельмі нагадваў падсіненую ваду ў начоўках; неба, здавалася, наблізілася да зямлі, каб здзівіць людзей сваёй сінявою.
На блеклай пажоўклай траве не прасохла яшчэ адтаяўшая намаразь. На ёй ляжалі апаўшыя ранкам лісты клёнаў, яны былі рудаватыя, падобныя на маленькія хлебчыкі, якія нядаўна выцягнулі з печы. Сумавалі на прылессі бярозы; насцярожаныя, задуменныя, яны скідалі сваё залацістае лісце. Сарвецца зверху лісцінка і не адразу ападзе на зямлю; спачатку прыхіліцца бокам да суседкі, быццам просячы дапамагчы затрымацца на дрэве; а тая сама баіцца, каб не зляцець, і штурхае сваю сяброўку да другой лісцінкі; абедзве не ўтрымаюцца, паляцяць уніз, і вось ужо густы бліскучы дождж цярушыцца долу. Галінкі ўздрыгваюць, нібы саромячыся сваёй чарнаты, раней схаванай у прыгожым адзенні.
Бліскучай чырванню набрынялі рабіны. На голых галінах ляшчэўніку, які раней ад усіх паскідаў счарнелае лісце, віселі пукатыя шэрыя завушніцы.
Тыдні са тры таму назад Пятрусь знайшоў гектары са два сеянага лесу — таполяў і клёнаў. Там-сям пракідаліся ліпкі. За вайну дрэвы выраслі, закупчасціліся. Сёння ўранку Пятрусь прыехаў сюды прасачыць за адпраўкай саджанцаў у горад. Дрэвы вазілі зеленгасаўская і яшчэ некалькі машын розных гарадскіх устаноў.
Ля выкапаных саджанцаў завіхаўся Ціхон Ластаўка — каранасты, моцны мужчына, з тварам, крыху пабітым рабаціннем. На ім быў зеленавата-шэры фрэнчык, падпяразаны шырокім рамянём, і такога ж колеру штаны. Гэта быў чалавек, горача ўлюбёны ў сваю працу. Гэтым ён і падабаўся Крыніцы. Сяброўства іх умацавалася яшчэ больш за той дзень, калі яны ўдвух шукалі ў лесе патрэбную дзялянку.
Акінуўшы яшчэ раз позіркам восеньскі лес, Крыніца пайшоў да машыны, шкадуючы, што трэба пакінуць гэтае хараство. Стоячы ля машыны, ён паклікаў Ластаўку:
— Ціхон Станіслававіч, я паеду гэтай машынай у горад. Кіруйце тут адпраўкай...
Раптам ён заўважыў, што замест таполяў і клёнаў на машыну пакладзены маладыя бярозкі. Здзіўлена падняў бровы:
— А гэта што? Вы ведаеце, што павінны адпраўляць?
— Тут такая справа, — Ластаўка нерашуча патупаў на месцы. — Прычапілася ўчора дачка: прывязі ёй бярозак. Гаворыць, што яны,— атрад піянерскі, ці што, — надумаліся пасадзіць у нядзельнік сваю піянерскую алею. Ну, і каб там бярозы былі... Я паабяцаў, а вам сказаць забыўся...
— Ну, што ж, — адразу памякчэў Крыніца.— Дзеці добра прыдумалі. Дзе яны там працуюць?
— У самым цэнтры парку...
Праязджаючы па вуліцах горада, Крыніца заўважыў, што нядзельнік быў як ніколі масавы. Сотні людзей завіхаліся на папялішчах, разбіралі паваленыя сцены спаленых будынкаў, грузілі на машыны патрушчаную цэглу і смецце. На ўцалелых сценах будынкаў палымнелі словы: «Мы ўзнімем з руінаў цябе, наш родны горад!»
На цэнтральнай плошчы горада грукаталі бульдозеры. Паміж дзвюх вуліц быў пустыр — папялішча былога квартала, ад якога нічога не засталося. Гэтае папялішча ператваралася ў цэнтральны гарадскі парк. Па абодва бакі яго планаваліся вуліцы, якія, зыходзячыся, утваралі вялікую плошчу.
Два магутных бульдозеры раўнавалі папялішчы. Жыхары рыдлёўкамі дапамагалі машынам. Гул натоўпу губляўся ў гуле матораў: сталёвыя волаты ішлі адзін услед за другім. Шырокія бліскучыя нажы зрэзвалі ўсё, што траплялася на шляху, і сунулі перад сабой горы зямлі і пабітай цэглы.
Шафёр, стукаючы рукой па чорнай баранцы, зморшчыўся і пачаў пільней углядацца наперад:
— Дзе ж тут Ціхонава гвардыя?..
На сярэдзіне плошчы Крыніца ўбачыў дзяцей з чырвонымі піянерскімі гальштукамі. Ён высунуў галаву з акна кабіны і паказаў шафёру ў той бок.
— Кіруйце да іх!
Піянеры ўбачылі машыну і загаманілі ўсе адразу:
— Дрэвы вязуць! Бярозы, бярозы!
Машыну разгрузілі ўмомант, і Крыніца адаслаў шафёра назад, сказаўшы:
— Перадайце Ластаўцы, няхай ён глядзіць там...
Насустрач Крыніцы хуткімі крокамі ішоў Радаценка — дырэктар школы, у якой працавала Нэля. Гэта быў высокі, шырокі ў плячах чалавек, хударлявы з твару. Гаварыў ён ціха і павольна, але ў кожным слове гучала заўзятасць, і гэта прымушала слухаць яго ўважліва, з цікавасцю. Пятрусь часта сустракаўся з ім, калі заходзіў у школу па Нэлю. У апошні час яны доўга не бачыліся, бо Нэля не хацела, каб Пятрусь заходзіў па яе: хіба яна маленькая?..
Радаценка прывітаўся з Крыніцай і весела загаварыў:
— Бачыце, усю школу прывёў! Сакратар гаркома з архітэктарам былі тут. Наша ідэя ўхвалена. I ведаеце, што сказаў сакратар архітэктару? Ён сказаў: вось з каго трэба браць прыклад: з нашых піянераў!.. А бярозкі вы прывезлі? О-ооо! Тады пойдзем...
I калі ішлі ўжо, Радаценка, нібыта між іншым, спытаў:
— А чаму ж гэта ваша палавіна не прышла? Захварэла? Нашы настаўнікі ўсе тут, як салдаты...
Гэтае пытанне непрыемна ўразіла Петруся. У апошніх словах ён адчуў папрок. Учора Нэля сказала яму, што на нядзельнік не пойдзе. У яе сабралася многа хатніх спраў... Цяпер Петрусю было вельмі няёмка перад Радаценкам, і ён схлусіў:
— Занядужала нешта... Пасля бальніцы гэта ў яе.
Радаценка крочыў шырока, хутка. На плошчы вучні ўжо разносілі і раскладалі па квадратах маладыя бярозкі. Крыніца ўбачыў гэта і сказаў:
— Пойдзем і мы пасадзім па дрэўцу!..
Гледзячы, як упэўнена і спрытна Радаценка рыхтуе ямку для дрэва, Пятрусь падумаў, што той не ўпершыню ўзяў у рукі рыдлёўку. Быццам адказваючы на яго думкі, Радаценка заўважыў:
— Мой бацька вельмі любіў саджаць дрэвы. У вёсцы наша хата даўней была адметнай ад усіх: самая бяднейшая і ўся — у зеляніне. Гэтага хапала...
Пятрусь насыпаў ля слупка пагорак зямлі і паставіў дрэўца.
— Пачакайце, пачакайце, я дапамагу вам, — хударлявая, з вострым носікам дзяўчынка ўзялася дапамагаць яму і гаварыла павучальным тонам: — Трэба спачатку карэньчыкі расправіць. Вось гэтак...
Крыніца моўчкі паглядзеў на Радаценку, той на яго, і абодва ўсміхнуліся.
Дзяўчынка прысела і тонкімі, амаль празрыстымі пальчыкамі хутка і пяшчотна расправіла карэньчыкі дрэва.
— Вось, цяпер засыпайце.
Калі дрэўца было пасаджана, Пятрусь абтрос далонь і працягнуў руку дзяўчыны:
— Дзякуй за дапамогу. Цябе як завуць?
— Ніна Ластаўка. 3 першай школы...
Яна сказала гэта, ніколькі не бянтэжачыся, і маленькай рукой, запэцканай у зямлі, дакранулася да шырокай і таксама чорнай ад зямлі мужчынскай далоні.
20
Зіма настала рана.
У канцы верасня пачаліся моцныя замаразкі. 3 клёнаў, якія не паспелі яшчэ добра пажаўцець, пасыпалася прыхвачанае марозам лісце. Зусім зялёны, свежы ўбор скідалі ясені. У лесе і па садах зранку стаяла нязмоўклае, ціхае шапаценне ападаючага лісця. А потым на маляўнічы восеньскі дыван лёг снег. Яшчэ праз тыдзень падсыпала белай крупчаткі, і хутка ўсталяваўся добры санны шлях. Дні стаялі сонечныя, па начах ціснулі марозы.
3 канторы, дзе адбываўся агульны сход рабочых зеленгаса, Пятрусь Крыніца выйшаў разам з Ціхонам Ластаўкай. На вуліцы яны пастаялі, з палёгкай дыхаючы халодным паветрам. Неба было яснае, зорнае, і было неяк дзіўна: адкуль бяруцца гэтыя маленькія рэдкія сняжынкі, якія павольна, нібы выбіраючы месца, куды зручней легчы, усё падаюць і падаюць на пульхны белы дыван. У промнях святла, пад вокнамі, яны свяціліся сваім зіхатлівым бляскам і ляцелі так павольна, што здавалася, ім проста шкада пакідаць святло, дзе прыгажосць іх відаць усім.
На душы ў Крыніцы было нядобра. На сходзе ён выступіў з крытыкай памылак у кіраўніцтве зеленгасам. Дырэкцыя хвалілася тым, што зеленгас выканаў план пасадкі дрэваў, але гэты план — фікцыя, бо палова тых дрэў паламана і на будучы год прыдзецца рабіць усё спачатку. Закладка гадавальнікаў фактычна праведзена толькі напалавіну супраць тых лічбаў, якія прыведзены ў дакладзе. Ён гаварыў і аб тым, што дырэкцыя забылася пра людзей, пра іх патрэбы. Ёй нават невядома, што адзін з лепшых работнікаў зеленгаса Ціхон Ластаўка жыве ў сутарэнні, што амаль ні ў кога з рабочых зеленгаса няма паліва на зіму, што ўсю восень няправільна налічвалася зарплата садаводам. Яшчэ да сходу Пятрусь не раз гаварыў пра гэта Фурсу, але той адмахваўся і раіў не ўмешвацца, куды не трэба. Цяпер пра гэта Крыніца сказаў на сходзе.
«Адносіны паміж намі цяпер сапсуюцца яшчэ больш. Ён глядзеў на мяне з такой злосцю... I ліха з ім. Няхай не круціць...»
— А ты правільна зрабіў, што секануў дырэктару праўду,— перапыніў яго думкі Ціхон Ластаўка. — А то яго ўсе баяцца... Толькі глядзі, злосны ён дужа. Адпомсціць!
— А што ён мне зробіць? Думаеш, на яго ўправы не знойдзем?
— Яно то так, — пагадзіўся Ластаўка, — але напаскудзіць ён можа... Вось што, хлопча... Можа зойдзем да мяне? Пасядзім, пагаворым... Нешта мой барометр зранку свярбіць. Пачуў, мусіць, што госць будзе...
Ён пацёр пачырванелы ад марозу нос і ўжо сур’ёзна дадаў:
— А чаго?.. Зойдзем.
Пятрусь згадзіўся, разлічваючы, што ад Ластаўкі зойдзе ў школу па Нэлю. Яна казала, што педсавет зацягнецца і ісці адной са школы будзе боязна.
Пятрусь з Ціхонам Ластаўкай перайшлі рэчку па вузкай сцежцы, пратаптанай у глыбокім снезе. Адолеўшы касагор, выйшлі на нешырокі пустыр, мінулі кучу нейкага бярвення і апынуліся ля поўразбуранай сцяны, што засталася ад цаглянага будынка. Сцяна была чорная, задымленая, і таму снег наверсе яе, здавалася, не ляжыць, а вісіць у паветры. Яна нагадвала нейкае вялікае страшыдла ў чорным адзенні, што насунула сабе на галаву вялікую белую кучомку.
— Вось мы і дома. Не ўпадзі, тут лесвічка ёсць,— папярэдзіў Ластаўка і знік у вузкай шчыліне, якую спачатку нельга было і заўважыць.
Намацаўшы нагой прыступкі, Крыніца зрабіў некалькі крокаў і апынуўся ў густой цемры. Злева выбліснуў агеньчык запалкі і глуха прагучаў голас Ластаўкі:
— Сюды! Асцярожней толькі...
Пятрусь вобмацкам дайшоў да яго. Ластаўка ўпоцемку намацаў клямку, яна забразгала глуха, быццам драўляная, і дзверы адчыніліся.
Пятрусь адным позіркам акінуў невялічкае сутарэнне, скупа асветленае газніцай. Дошкі, якія перагароджвалі сутарэнне надвая, былі абклеены старымі шпалерамі і газетамі. Ля вялікага нязграбнага стала, таксама засланага газетамі, сядзела дзяўчынка, у якой Крыніца пазнаў тую, што дапамагала яму ўвосень саджаць дрэва на нядзельніку. У кутку стаяла печ, бляшаны комін яе выходзіў проста ў столь. 3-за дашчатай перагародкі быў відзён край ложка. Адтуль выйшла маладая і прыгожая жанчына ў простым чорным адзенні і кухонным фартуху. Да фартуха прыліплі шматочкі белай тканіны і нітак — відаць, жанчына нешта шыла. «Няўжо гэта яго жонка?» — міжвольна падумаў Пятрусь і паглядзеў на даволі нягзрабную і непрыкметную Ціхонаву постаць.
— Знаёмцеся. Мая жонка — Ганна,— гаспадарскім голасам сказаў Ціхон Ластаўка. — А гэта Пятрусь Крыніца. Я табе расказваў пра яго... Распранайся, Пятрусь, зараз нас Ганна вячэрай пачастуе... Дачушка! Ручнічок нясі!..
Дзяўчынка знікла за перагародкай і хутка вярнулася, несучы ў руках даматканы, але прыгожа вышыты і дужа белы ручнік.
Пакуль дзяўчынка прынесла ручнік, Пятрусь больш уважліва, чым спачатку, агледзеў сутарэнне. Сцены яго былі шэрыя, у кутках бялела намаразь; аднак холаду не адчувалася: ад печы патыхала гарачынёй. Здзівіла яго акно — маленькае, з кратамі, відаць, да вайны тут размяшчаўся склад. Пад акном былі прычэплены дзве бутэлькі, у якія па скручаных шнурком анучках буйнымі і частымі кроплямі сцякала вада, гучна плёскаючы: «цыб-цыб-цыб!»
Ціхонава жонка збірала на стол вячэру, і прыемны, меладычны голас яе ні на хвіліну не змаўкаў.
— ...Усё б нічога, каб хата была лепшая, а то ж бачыце... 3 нашых папялішчаў усе ў новыя дамы паперабіраліся, адны мы засталіся. А ўсё ён, Ціхон мой. Колькі назаляла яму, прасіла: схадзі ты ў выканком... Гаворыць: дойдзе да нас чарга — і мы вып’ем. А людзі ў лепшым жылі, і атрымалі. Таму, што ходзяць часцей і патрабуюць...
— Ганна! Можа б не назаляла! — са строгім дабрадушшам азваўся Ціхон, кіруючыся да стала: — Нас уключылі ў спіс. Чаго яшчэ? Гаворана табе: вясной атрымаем... Вазьмі ручнік...
Ганна ўзяла ў мужа ручнік і рукой разгладзіла яму каўнер кашулі. Вочы яе ласкава паглядзелі на яго, і святло іх нібы перадалося Ціхону: твар яго расцвіў і папрыгажэў.
— Давай будзем вячэраць....
Яна села не адразу. Зірнула на Ціхона і засмяялася:
— Зеллем сваім госця частаваць будзеш?
— А як жа? Хо! Ты не бойся, не абміну!
Ен узяў тоўстую бутэльку з чорнага шкла, пашкрабаную, пааббіваную, быццам нейкі звер глыдаў яе. Адкаркаваў, паставіў побач толькі дзве шклянкі.
— Мужчынскае пітво. Рабіна на самагонцы. Ягады дачка з лесу прынесла, а гэта — сваяк з вёскі прывёз. Па чарчыне яно не шкодзіць. 3 марозу асабліва...
Пітво сапраўды было мужчынскае. Яно як варам апякло ўсё ў роце, і Петрусю здалося, што ў жывот яму нехта стрэліў. Ганна дабрадушна падсмейвалася з мужчын, жартавала. Паступова яна зрабілася цэнтрам усёй гаворкі і павярнула яе гэтак, што было аб чым гаварыць нават малой Ніне.
Пятрусь не заседзеўся ў Ціхона. Хутка развітаўся з гасціннаю гаспадыняй, і Ціхон правёў яго да рэчкі. На развітанне сказаў Петрусю:
— А пра што я гаварыў — не забывай. Фурс чалавек нядобры. Розныя чуткі ходзяць: быццам ён ніякі там не інжынер... Але быў у нас брыгадзір. Выступіў супраць яго — зволіў. Так што асцерагайся...
— Нічога! У нас з табой адзіны кірунак: наперад! — весела сказаў Крыніца і стукнуў Ціхона па плячы.— Толькі наперад. Ну, бывай...
Зорак на небе ўжо не было, нацягнула хмары, мароз быццам памякчэў, і на зямлю густа паваліў снег. У Петруся было вельмі хораша на душы. Чалавек так ужо створаны: усё прыгожае і сардэчнае, што пабачыць ён у адносінах паміж людзьмі, нараджае ў сэрды цеплыню.
21
У суботу апоўдні, ідучы дахаты, Марфа ўбачыла на вуліцы сваццю. Сцепаніда ішла павольна, схіліўшыся пад цяжарам кошыка, які неслз на плячах.
Сустракацца са сваццяй Марфе не хацелася. На яе думку, свацця ў апошні час стала вельмі ганарлівай: нічога не распытвае ніколі, нават у хату, пасля таго, як маладыя перабраліся да яе, зайшла толькі адзін раз. Марфа бачыла, што Сцепанідзе не падабаецца шмат чаго ў яе хаце, нават рамы без фортак. Добра ёй тыя форткі выдумляць, калі няма нічога добрага ў хаце. А ў Марфы, дзякуй богу, усяго ёсць. Пастаў раму з форткай, дык зладзеі адразу паналятаюць, цераз гэтую самую фортку адчыняць акно, і не агледзішся, як абкрадуць.
Гэтыя Марфіны довады Сцепаніда сустрэла моўчкі і паглядзела на яе ўсміхаючыся, а ў вачах бліснула пагарда і асуджэнне. Пасля тае гаворкі Марфа і не бачылася са сваёю сваццяю. Сустрэцца зараз, зноў адчуць Сцепанідзіну пагарду Марфа не хацела. Але ж куды дзенешся? Вуліца нешырокая, не размінешся....
Выратаванне прышло зусім неспадзявана. Марфа ўбачыла вузкі завулачак і подбегам кінулася туды. Ад хуткае хады моцна забілася сэрца, і Марфа злосна сказала сама сабе: «Дажыла на старасці гадоў! Хавацца прыходзіцца!» Яна злавалася на сваю бездапаможнасць, на тое, што не можа так проста і асуджальна глядзець на сваю сваццю, і адчувала яе перавагу над сабою.
Нешта ўсё нядобра ішло ў той дзень. Новая бяда чакала Марфу ў хаце.
Калі яна пераступіла парог, Нэля сядзела на канапе і карміла Алеську. Марфа прысела побач і ўзялася выкладаць навіны, што прынесла з рынку.
Позірк яе спыніўся на дровах, што ляжалі каля печы. Папракнула:
— А печ няпаленая. На мяне ўсё спадзяешся... Вось, дасць бог, памру, тады пабачыш, як без маткі. Паба-ачыш!
— Ай, мама! Ты заўсёды так. Як жа я буду паліць, калі не ведаю, што варыць.
— Я ж казала, вазьмі мяса ў кладоўцы!
— Дык няма ж таго мяса, — весела сказала Нэля. — Каты з’елі!
— Ка-аты?
Марфа аслупянела, вейкі ў яе заміргалі часта-часта. Яна кінулася ў сенцы, і адтуль адразу ж пачуліся гнеўныя воклічы і лаянка.
Яна хутка вярнулася, несучы ў руках зашмальцаваную сумку ад працівагаза, у якой Пятрусь трымаў рыбацкія прылады. Папоркалася там і выцягнула перамёт, адрэзала чатыры кручкі на даўгіх шнурочках. На прыладу рашыла скарыстаць тое, што засталося ад бараніны. Мяса было зусім не відно, і нож слізгаў па жылах і косці. Гэта яшчэ больш раззлавала Марфу.
— Але ж во аб’елі, во аб’елі!.. Дармавое ж ім, не купленае. Нэлька! Нясі кілбасу з буфета... Мы іх на кілбасу возьмем!..
Матчына задума пакараць катоў надала Нэлі яшчэ больш весялосці. Яна хуценька прынесла кілбасу, адрэзвала ад яе кавалачкі і пырскала са смеху. Марфа бурчэла:
— Меншыя адрэзвай. А то абажруць, а кручок глытаць не будуць. Не-еее, праглынеш... За маё мясцо я вам кішкі павыдзіраю...
Яна шчэрыла рот у нядобрай усмешцы, і пальцы яе хутка і спрытна надзявалі маленькія колцы кілбасы на заіржавелыя рыбацкія кручкі. Скончыўшы гэты занятак, яна вынесла свае прылады ў сенцы і, добра прыкруціўшы шнур да цвіка, падвесіла кручкі ля сцяны. Пахвалілася дачцы, якая памагала:
— Скочыць ён гэта ўверх, схопіць кілбаску і — гатоў, даражэнькі... Ага, бачыш? Да мяне ў рукі трапіш — не сарвешся. Ну, хадзем!
Прышоўшы ў хату, Марфа ўзялася распакоўваць кошык і, адкрыўшы яго, пляснула далонямі.
— Дзе ж гэта я паклала яе? Памятаю, клала ў кошык. Ну, калі згубіла!.. Не, ёсць...
Яна выцягнула з кошыка трохі пакамечаную газету. Разгарнула яе і кінула на стол.
— На вось, чытай... Пра твайго напісана! Сорам які! Так люблю газету пачытаць, а цяпер і брацца не хочацца...
Марфа трохі крывіла душой, калі казала пра сваю любоў да газеты. Гэтая любоў паявілася ў яе не так даўно, пасля таго, як іх магазін наведаў карэспандэнт. 3 таго часу яна кожны дзень, не чакаючы, пакуль газету прынясуць дахаты, бегала ў кіёск і купляла свежы нумар. Але карэспандэнт загадкава маўчаў. Затое сёння Марфа была ўзнагароджана за сваю стараннасць: яна можа першай у горадзе прачытала маленькі допіс пра зеленгас. Крытыкавалі ў тым допісе зяця, у прыватнасці, гаварылася, што «... т. Крыніца, які выконвае абавязкі інжынера, занядбаў парніковую гаспадарку. Хутка вясна, а зеленгас нічога не робіць, каб да яе ўзорна падрыхтавацца. Звернемся да фактаў...»
Марфа не ўтрымалася і яшчэ раз, цераз Нэліна плячо, прачытала допіс. Паказала пальцам у куточак аркуша:
— Сюды глядзі! Бачыш, не «тав.», як ва ўсіх допісах, а толькі літара лерад прозвішчам «т.». Не к дабру гэта... Памятаю, і на Кільштэйна, які ў піўным ларку працаваў, таксама ў газеце пісалі «т. Кільштэйн». А праз тыдзень зволілі з работы і нават судзілі. I ты дачакаешся, што ў турму перадачу панясеш... Ты чуеш: «Т. Крыніца нетактоўна трымае сябе не толькі з рабочымі, але і з наведвальнікамі. Так, ён груба аблаяў тав. Цвіковіча, які прышоў і запытаўся, ці будуць прадаваць саджанцы вясной...» Гэта не так сабе напісана...
Нэля з хваляваннем глядзела ў газету. Нейкі таямнічы чалавек хаваўся за кароткім подпісам унізе допіса. Ён усё ведаў, гэты чалавек, і таму быў загадкавым. Яна яшчэ раз востра адчула, што маці гаворыць праўду. I побач з гэтым жыло іншае пачуццё — пачуццё жаласлівасці і няведання, што ёй трэба рабіць...
Няўдала пачаўшыся, гэты дзень прынёс у сваім канцы новыя і яшчэ большыя турботы. Увечары да Марфы прыбегла Тэкля. Вочы ў яе гарэлі, буйныя кроплі поту віселі над брывамі, і хусцінка, што збілася на бок, адкрывала ўскудлачаныя валасы.
— Паліць! Будуць паліць! Суседка, даражэнькая! — выдыхнула яна і плюхнулася ў крэсла, якое Марфа ёй падсунула. — Ай-яй-яй! Што ж гэта будзе?!
— Што будуць паліць? Хто?
— Ты не ведаеш!? — Тэкля нахілілася да Марфы, шэптам паведаміла. — Грошы гэтыя будуць паліць. Медзяныя пойдуць. Ужо тры вагоны прывезлі. А замест картак — талоны пойдуць і спісы. Прышоў, атрымаў, а больш — ні-ні!..
— Брахня,— халаднеючы ад таго, што можа здарыцца, адсекла Марфа. — Нам у краме даўно было б вядома, калі што...
— Верныя людзі кажуць. Верныя!
Калі Тэкля пайшла, Марфа пабегла да Ласухі. Той сказаў, што калі што і будзе, дык грошы абмяняюць. Гісторыя ведае: пасля вайны бывае грашовая рэформа. Гэта не супакоіла Марфу. Яна прыбегла дахаты яшчэ больш узрушанай, дастала са схованкі грошы. Доўга разглядала тоўстыя пачкі. «Можа заплаціць Фурсу? I каб усё было чыста... А калі гэта мана? Не, грошыкі мае, я вас нікому не аддам... Хрыбтом нажывала... Калі што якое, усё ў сваёй краме закуплю, каб не прапалі...»
Яна пералічыла пачкі, зноў загарнула іх у анучку і запхнула ў сяннік.
22
У той вечар, збіраючыся ісці да Сцепаніды, Тарас галіўся з выключнай стараннасцю. Ён сядзеў ля стала, паставіўшы перад сабой круглае люстэрка, спакваля боўтаў старым памазком у бляшанцы. Тарас і сам яшчэ добра не ведаў, ці адважыцца сказаць Сцепанідзе пра тое, аб чым думаў штодзень, застаючыся сам-на-сам у сваім кутку.
Пачуцці, якія жылі ў яго сэрцы, не былі падобны на тое каханне, якое знаёма маладому, поўнаму адвагі, узнёслых мар і летуцення юнацкаму сэрцу. Гэта было іншае пачуццё, якое можа прысці да чалавека, калі за яго плячыма — дзесяткі пражытых гадоў і калі ў крыві ўжо не бунтуюць маладыя парыванні.
Сэрца чалавека не згарае ў адзіноце. Яно можа зведаць радасць, гора, роспач, перанесці шмат пакут і тугі. Але заўжды ў ім жывуць жаданні, надзеі на лепшае, вера ў тое, што гэтыя надзеі і жаданні могуць спраўдзіцца.
Такой надзеі Тарасава сэрца не губляла, Прышоў час, і яно абудзілася, затрапятала, нібы асветленае роўным і ціхім святлом. Каб хто запытаў Тараса, калі запалілася ў яго сэрцы гэтае святло, што сагравала і бадзёрыла, ён наўрад ці змог бы адказаць, бо сам таго не ведаў. Яшчэ ў той час, калі дапамагаў Тарас будаваць Сцепанідзе зямлянку, нечым уразіла яго гэтая сталая ўжо жанчына. У рысах яе твару, у ціхай разважлівай гаворцы ён знайшоў нешта такое, што нагадала жонку, якая загінула ў першы год вайны.
I цяпер, яшчэ нават не верачы ў тое, што зможа пайсці і адважыцца на гаворку аб пачуццях, Тарас рыхтаваўся да яе: прыбіраўся доўга, старанна, прыгладжваў пальцамі пасівелыя валасы на скронях. Скончыўшы галіцца, ён вымыў бляшанку, паклаў яе на палічку, апрануў свой адзіны святочны касцюм і адвыклымі пальцамі завязаў чорны гальштук. Потым зноў паглядзеў у люстэрка і нейкі час стаяў нерухома. Выгляд у яго быў такі, быццам нешта ўразіла яго. Тарас спахмурнеў, адклаў люстэрка, з ягонага твару знікла разважлівасць і няпэўнасць.
Асаблівым, відаць, толькі ўласцівым для жанчын адчуваннем, Сцепаніда адразу пазнала, чаму так старанна прыбраўся Тарас, і крышачку разгубілася.
Прывітаўшыся, яна ўзяла з Тарасавых рук капялюш і, прыладжваючы яго на вешалку, зробленую з крывой кляновай развілінкі, прагаварыла:
— Заходзь, заходзь, Пятровіч! Як ведала — самавар паставіла. Пачастую... Другі дзень без картак чай п’ю. Свята!..
— А дзе-небудзь у панчосе не прапалі тысячы?
— Не, Пятровіч. Спакойна сплю...
— Рэформа разумна зроблена. Праўда? Калі ў працоўнага чалавека на кніжцы пара тысяч якіх ляжала — калі ласка: яны і ёсць! А спекулянту дало па карку.
Сцепаніда заслала стол абрусам, паставіла дзве шклянкі на квяцістых сподачках, прынесла яблычнае варэнне. Паскардзілася:
— Цяпер жа зусім адна. Намервалася якую кватарантку пусціць, неяк весялей было б. Дык усё думаецца: можа зноў захочуць сюды перайсці...
— Ды яно так і бывае: маладыя пасварацца — бацькам гора... Ну як жа яны цяпер? Ці ладзяць?
— Ганарлівыя абое. А ён — асабліва. Нічога не гаворыць. А я ж адчуваю: нешта не так у яго. Часам прыдзе сюды і ходзіць, ходзіць па хаце. I ўсё моўчкі... Я дык ужо і не пытаюся... А людзі кажуць, што Марфа падбівае дачку, каб развялася. Яна — ого! — з вышэйшай адукацыяй, а ён... Ну, ведаеш жа!..
— Бач, не чалавек ёй патрэбен, а адукацыя! — Тараса аж перасмыкнула ад злосці. — А хіба мала нядобрых людзей сярод адукаваных? Дзіўна! Пры нашай уладзе рос чалавек, нічога старога не бачыў, а расце нягоднік-нягоднікам. Сёння ажаніўся, заўтра да другой хінецца: маўляў, характарамі не сышліся. А на мой пагляд так: вочы бачылі, што рукі бралі, як гаворыцца. Сыходзіліся, пэўна ж, пра нешта думалі, дык жывіце, тым больш, калі ўжо дзеці пайшлі.
— Ды яно так, — адказала Сцепаніда. — Кажуць жа, што першая жонка — ад бога, другая — ад людзей, а трэцяя — ад чорта. А па-мойму, чалавеку на ўсё жыццё адна жонка дадзена. Гэта як Радзіма ў чалавека. I жонка так павінна...
Тарас дастаў пачак папярос, закурыў.
Ён адчуваў, што гаворка пайшла зусім у другім кірунку, чым ён хацеў бы. А можа Сцепаніда знарок павярнула яе так, бо не хоча гаварыць з ім пра тое, пра што хацеў гаварыць з ёю ён? «На ўсё жыццё адна...» Можа гэта яна не пра аднаго Петруся сказала? Вядома ж! Трэба разумець...
Сцепаніда паціху памешвала чай у шклянцы, невідушчымі вачыма пазіраючы на шытво абруса. Тарас упершыню заўважыў, якая густая сівізна прабівалася ў яе валасах, адчуў, што нічога з таго, пра што думаў сказаць, ідучы сюды, не скажа гэтай жанчыне, заклапочанай сваім горам.
Сцепаніда паклала лыжачку на сподачак, адсунула шклянку і зноў уздыхнула:
— Цяжкае гэта матчына шчасце. На вайне быў Пятрусь, аднаго хацелася — жывога пабачыць. Прышоў з вайны, сэрца зноў баліць, зноў трывожыцца, няма яму спакою...
У хаце было ціха. У акно стукаўся вецер. Зрэдку па сценах шоргаў снег — відаць, пачыналася завіруха.
Калі Тарас, развітаўшыся са Сцепанідай, выйшаў на вуліцу, завіруха круціла на поўную сілу. Раз’юшаны вецер скуголіў у правадах, сёк сухой крупкай па парканах, мёў снег на дарозе. Нідзе нікога не было відаць, — была толькі завіруха ды адзінокі чалавек, што застаўся адзін-на-адзін са сваімі думкамі. Яны, гэтыя думкі, відаць, зусім адолелі чалавека, бо ён не звяртаў увагі ні на што. Ён упарта крочыў наперад, не зважаючы на ашалелую завіруху.
На заваротку вуліцы Тарас азірнуўся. Скрозь начную цемру і снегавы пыл яму ўслед глядзеў нягаснучы праменьчык святла — свяцілася акно ў Сцепанідзінай кватэры. Ад таго, што ён убачыў гэты маленькі дрыготкі маячок святла, Тарасу зрабілася цёпла і ўтульна, і ён закрочыў весялей.
23
Пятрусь Крыніца ішоў дахаты стомлены, злосны.
Справы зеленгаса ішлі няважна. Праўда, запланаваныя работы па азеляненню горада праведзены няблага, хоць было шмат недаробкаў. Цяпер галоўная цяжкасць заключалася ў стварэнні базы для далейшага развіцця гаспадаркі. Сёлетняй вясной трэба было закласці вялікія гадавальнікі. Акрамя таго, закладваліся парнікі. Разлічвалі, што зеленгас зможа апрацаваць глебу пад гадавальнікі трактарамі. Такая дамоўленасць была з МТС, якая абслугоўвае прыгарадныя калгасы. Праўда, МТС агаварвалася, што яна выканае сваё абавязацельства пры ўмове своечасовага правядзення работ у калгасах. А калі там веснавая сяўба зацягнецца? Трэба было прадбачыць і гэта. Выхад заставаўся адзін: падрыхтаваць свае ўласныя сродкі.
Уся гэтая праца лягла на плечы Крыніцы. Ён цяпер быў двойчы «в. а.» — выконваў абавязкі інжынера і дырэктара, які захварэў.
Прыгадаўшы падзеі сённяшняга дня, Пятрусь уздыхнуў, адклаў каўнер кажуха і закрочыў шпарчэй.
Перайшоўшы жыць да Марфы часова, яны з Нэляю так і засталіся там. Пятрусь усё часцей заўважаў, што Нэля ўсё больш і больш не цікавіцца, што ён робіць, пра што думае. Нараджэнне сына зблізіла іх. Але не надоўга. Нібы глухая сцяна паўстала паміж імі ў апошні час. Адкуль яна?
Намагаючыся знайсці прычыну сямейных неладоў, Пятрусь паспрабаваў аналізаваць свае адносіны з цёшчаю. На кожным кроку ён адчуваў далікатнасць, але скрозь яе выпірала халодная непрыязнасць і варожасць.
Неяк увечары, калі ішоў вялікі дождж, Нэля вярнулася з педагагічнага савета змоклая, яе туфлі былі поўныя вады. Селі вячэраць. Нэля пачала расказваць пра педсавет.
— Няхай Лявонава — дачка старшыні. Але ж нашто цягнуць яе на медаль? Яна ведае літаратуру слаба, і Пятро Іванавіч паставіў ёй чацвёрку. А яму так далікатна падказалі: навошта псаваць дзяўчыне будучыню? Пастаўце пяць!..
— I ён паставіў? — Пятрусь пачырванеў ад абурэння. — Кажаш, паставіў? Ануча ён, а не настаўнік!
— У цябе ўсе анучы, — азвалася ад прыпечка Марфа. — Пятро Іванавіч разумна зрабіў. Навошта ворагаў мець? Ты паглядзі, як некаторыя жывуць. Хто разумнейшы, дык у таго і машына... I жонка пешшу гразь не месіць. Можа і неадукаваная зусім, а на машыне...
— Ха-ха-ха-ха! — зарагатаў Пятрусь. — Гэта вы к таму, што і Нэлі патрэбна машына. Так я вас разумею, Марфа Адамаўна? Ну, а як ты думаеш, Нэля? Заслужылі мы з табой машыну?
— Нейкія пытанні ў цябе дзіўныя, — з крыўдай у голасе агрызнулася Нэля. — За што ты чалавека крыўдзіш? Што табе дрэннае сказалі?..
Можа ён тады сапраўды пакрыўдзіў цёшчу? Не, варожасць, якую Марфа старанна хавае, мае, відаць, глыбейшыя карэнні. Ці не за тыя саджанцы? Але ж не мог ён інакш і добра зрабіў тады, турнуўшы Марфінага сваяка. Каб не зрабіў гэтак, — сваякі ды знаёмыя ўвесь зеленгас расцягнулі б. Парадак існуе для ўсіх!
Падышоўшы да брамкі, зробленай у варотах, якія зачыняліся на дзве вялікія жалезныя засаўкі, Пятрусь пастаяў крыху, прыпаліў папяросу. Ісці ў хату чамусьці не хацелася. Пачуўшы крокі ля брамкі, на падворку забурчэў сабака. Забразгала дужка на жалезным дроце — сабака бег да варот. Пазнаўшы Пятруся, ён танютка заскуголіў. Зноў запанавала цішыня. I на душы было гэтак жа змрочна. «Трэба даць нейкае рады ўсім гэтым неладам, — рашыў Пятрусь, адчыняючы брамку, — Можа, пераехаць у другі горад?»
Не паспеў ён пераступіць парог, як яго сустрэў сярдзіты голас жонкі:
— Пятрусь, ты? Заўсёды познішся. Трэба ж сумленне мець!
Гаворачы гэта, Нэля выйшла насустрач, трымаючы ў руках конаўку з вадой і прас. Апраўдваючыся, Пятрусь заўважыў:
— Калі ж работы процьма... А ты куды збіраешся?
Нэліны вочы насмешліва звузіліся:
— Куды? Сам жа казаў, што пойдзем да Какоры...
— Даруй, зусім забыўся, — Пятрусь пляснуў сябе па ілбе і паспрабаваў абняць жонку. — Праўда, сёння ж трэба да Віталя...
— Нешта дужа часта пачаў забываць, — з іроніяй прагаварыла Нэля, спрабуючы вызваліцца з абдымкаў. Яна паспешліва пацалавала мужа і падштурхнула. — Лепш збірайся хутчэй. Няёмка пазніцца, ды і не люблю я гэтага...
— Мне нядоўга. Пакуль ты — я буду гатовы!
Крыніца скінуў рабочае адзенне, наліў у міску вады і, спяшаючыся, пачаў мыцца. Ён адчуваў сябе ніякавата. Як жа так! Віталь можа пакрыўдзіцца, калі не прыдзеш: у яго наваселле. Добра, што хоць падарунак купілі загадзя. А то куды кінешся ноччу?..
Тупаючы басанож па падлозе і выціраючы пачырванелую шыю, ён увайшоў у пакой. Жонка прыхарошвалася, гледзячы ў люстэрка. Яна апранула стракатае плацце, якое Пятрусь дужа не любіў. Ён нерашуча сказаў ёй пра гэта.
Не вымаючы шпількі з роту, яна адказала павучальна:
— Адзенне — гэта тое, што ўпрыгожвае жанчыну. Так сказаў нехта вялікі... Ты што, хочаш, каб я ў людзі надзела старыя лахманы?
Крыніца апранаўся моўчкі, дакараючы сябе: навошта было лезці ў сварку! Падабаецца ёй гэтае плацце — няхай ідзе ў ім. Але ж яму не хацелася, каб у простай Віталевай сям’і яго жонка вызначалася нечым асаблівым.
Перш чым выйсці з хаты, Пятрусь падышоў да калыскі, што стаяла ў суседнім пакоі. Там спаў Алеська. Колькі жартаўлівых спрэчак было, калі выбіралі яму імя! Спрачаліся два дні. На трэці раніцай Нэля напісала на кавалачках паперы два імя, схавала паперкі, потым пабудзіла Петруся і загадала: цягні. Яму пашанцавала. Хлопчыку далі імя Алеська. Ён спаў цяпер, падклаўшы рукі пад шчаку. Пятрусь пагладзіў сынаву галоўку, паправіў коўдру.
— Спі, Алеська. Набегаўся за дзень.
Нэля нецярпліва паклікала:
— А хутчэй нельга? Мы ж апошнімі прыдзем!..
У добрым настроі ішоў Пятрусь па сцішаных вуліцах горада. Ён жартаваў, расказваў жонцы пра дзённыя клопаты. У яго руцэ ляжала цёплая Нэліна рука.
Пятрусь міжволі загледзеўся на другі бок вуліцы, дзе будаваўся вялізны жылы дом. Працавала начная змена. Агні электралямп былі іскрыста белыя. Бязгучна плылі ленты транспарцёра, несучы на сваіх прыпалах ружаватую, быццам гарачую, цэглу: гудзелі машыны і, нібы злуючыся, пыхкалі цёплым дымам. «Ці так? Ці так?» гохкалі малаткі на дахах, і сякеры на рыштаваннях адказвалі ім з металёвым звонам у голасе: «Гэтак! Гэтак!» Гаманілі людзі, і само паветра, здавалася, нараджала самыя разнастайныя гукі.
Крыніца адчуў, як моцна стукае яго сэрца: «Будуем! Вунь як гудзе! Там працуюць сотні людзей! I можа ад таго, што ў кожнага з нас так стукае сэрца, і паветра навокал заўжды поўна гукаў. Жыццё!..»
24
Зноў прышла вясна.
Неяк зімой, марачы пра гэтую пару, Пятрусь абяцаў жонцы, што, як толькі сыйдзе снег, яны разам сходзяць у лес па першыя пралескі.
Аднак яго вынесла на такую імклівую плынь, што не хапала часу нават на вельмі важныя справы. Ен забыўся пра сваё абяцанне.
Нядзельны ранак Пятрусь рашыў прысвяціць артыкулу, які ўжо даўно прасілі з рэдакцыі. Абставіны для працы сёння складаліся як не трэба лепш: ён застаўся дома адзін. Сабраўшы неабходныя пісьмовыя прылады, Крыніца сеў за стол. Работа пайшла здзіўляюча хутка, і ён нават пазайздросціў пісьменнікам: што ім адыходзіць! Сеў і — пішы!
У такім прыўзнятым настроі Пятрусь напісаў восем старонак. Артыкул быў гатовы. Пятрусь узяўся перачытваць яго, трохі падпраўляць, а там, дзе гаворка ішла пра задачы зеленгаса, дапісаў цэлы абзац.
Раптам вецер са звонам адчыніў акно, уварваўся ў пакой і зашапацеў шпалерамі, нібы скардзіўся, што яму пасля светлых прастораў тут цесна і горача. На падлогу з падаконніка ўпаў збан з кветкамі.
Пятрусь зморшчыўся, адклаў аловак, якім пісаў, устаў з крэсла. У адчыненым акне, прытрымліваючы рукою надзьмутыя ветрам фіранкі, стаяў Тарас.
— Цябе сапраўды ветрам прынесла, — засмяяўся Пятрусь. — Заходзь, чарапкі збіраць паможаш. Добра, што мае жанчыны пайшлі. А то было б нам за гэты гладыш!
Тарас увайшоў у хату вясёлы, быццам задаволены тым, што пабіўся збанок. Здымаючы новы пінжак і вешаючы яго на крэсла, жартаваў:
— Нядзеля! Вясна! А ён вокны пазачыняў і паперу крэмзае. Ты што там, можа вершы пішаш?..
— Якія там вершы! Артыкул пішу пра зеленгас... Рэдакцыя даўно просіць. Сядай, бяры аловак і рэдагуй. А я чарапкі збіраць буду...
— Нешта ты дужа хутка пасябраваў з рэдакцыяй, — усміхнуўся Тарас. — Забыў, як яны цябе крытыкавалі...
— Праўда з праўдай заўсёды здружыцца.
— Праўдзівец, як я на цябе пагляджу...
— Сяда-ай!
Крыніца амаль гвалтам пасадзіў Тараса і паклаў перад ім артыкул. Тарас пачаў гартаць спісаныя лісткі. Яны патрохі зацікавілі яго.
Выбіраючы з вады чарапкі ад глінянага гладыша, Крыніца думаў пра Тараса. Не такім, як быў раней, зрабіўся Тарас. Увогуле, быццам падмянілі людзей вакол — так здавалася яму на апошнім часе. Зрэдку Крыніца заўважаў, што Тарас вагаецца, быццам хоча нешта сказаць і не гаворыць. Можа ён пакрыўдзіўся на Крыніцаву заўвагу, што ён, Пятрусь, не любіць, калі яго бяруцца павучаць, як жыць трэба. Ну і што? Правільна сказаў яму тады. Сам ведаю! Свой розум ёсць!
Падцёршы падлогу, Крыніца аднёс чарапкі на сметнік, падсеў да Тараса, які ўжо скончыў чытаць артыкул і нешта пісаў на паперы.
— Вынось свой прысуд, рэдактар. Ухваляеш?
— Праўду табе, ці так, увогуле? Ты ж ганарлівы, не залюбіш...
— Кажы праўду.
Тарас пастукаў алоўкам па аркушах, складзеных тонкім стусам, хітравата бліснуў вачыма:
— На нашай вуліцы, у Віцебску, жыў ганчар. Стары такі дзед... Дык вось, зробіць, бывала, той дзядуля гляк, паглядзіць, пахваліць, а потым... бразь вобзем яго! Такіх збаноў, маўляў, і без твайго на зямлі многа ёсць. Лепшы трэба зрабіць!
— Цікава... Але ж артыкул — не збанок...
Тарас закрочыў ля акна і загаварыў, усё больш хвалюючыся:
— Жартуеш? А ты паслухай... Вось ты пішаш, што зеленгас выканаў план насаджэнняў. А насаджэнні гэтыя не ахоўваюцца. Іх ламаюць... I мы часам больш падсаджваем, чым садзім... Гэта ж тысячы рублёў — на вецер!.. Чаму б табе пра гэта не напісаць?
Тарас закурыў. Яго прыжмураныя вочы з халоднай упартасцю глядзелі на Петруся.
— I яшчэ... Мне ты гаварыў пра зеленгас, што там і непарадак, і махлярства, і людзей звальняюць без дай прычыны... А калі меркаваць па артыкуле, то хоць ты вам па ордэну вешай на грудзі! А чаго ты праўду не напішаш? Баішся з Фурсам пасварыцца?
— Не, не баюся.
— Дык вось і зрабі так!
Усё, пра што гаварыў Тарас, было слушным. I, дзіўная рэч, Пятрусь сам у глыбіні душы адчуваў гэты недахоп. Ну, добра ж! Цяпер ён напіша праўдзівы артыкул пра становішча спраў у зеленгасе.
Правёўшы Тараса, Пятрусь са злосцю разарваў свой артыкул, прысеў да стала і паклаў перад сабой чыстую паперу.
Артыкул у той дзень ён так і не напісаў. Ледзь толькі ўзяўся за работу, як у хату ўвайшла цёшча. Яна паклала Алеську спаць і сказала, што ёй трэба бегчы ў горад па справе.
Пятрусь напісаў толькі некалькі слоў. Папера была тонкая — аловак дзіравіў яе. Што ж, можна пісаць чарнілам. Зазірнуў у чарнілку. Мала, трэба даліць. Абшукаў усе куткі — няма бутэлькі. Успомніў: Нэля ўчора панесла чарніла да маці. Відаць, там і пакінула.
На палавіну, дзе жылі бацькі Нэлі, Крыніца заходзіў рэдка. Выходзячы з хаты, Марфа часта замыкала свае дзверы. Таму цяпер, зайшоўшы па чарніла, ён аглядаў пакой з цікавасцю. Зімовыя рамы не выстаўлены: Марфа па-ранейшаму баялася зладзеяў. Пахла нейкай фарбай. У куточку за шафай з-пад жоўтай паперы тырчэла рыльца бутэлькі. «Вось добра! Адразу знайшоў...» Ён узяў бутэльку і некаторы час трымаў у руцэ, здзіўлена разглядаючы. «Гарэлка! Дзіўна!» Адгарнуў паперу. Пад ёй радочкам стаялі бутэлькі. Збянтэжаны, Пятрусь нагнуўся, каб паставіць бутэльку на месца, і ўбачыў пад ложкам нейкі скрутак. Выцягнуў, разгарнуў, не зважаючы, што ірвецца папера.
Блакітная тканіна прыемна паплыла між гарачых пальцаў. «Шоўк? Адкуль столькі?.. Бачыў я такі колер... Нэля прыносіла разам з каверкотам! Не, той быў трохі цямнейшы... Але адкуль жа столькі?..»
— Пятрусь, а Пятрусь! Дзе ты? Хата пустая, дзверы парасчыненыя...
У пакой уваходзіла Нэля. Убачыўшы Петруся, які стаяў сярод шматкоў паперы са скруткам у руках, яна здзіўлена прамовіла:
— Ты?!. Што ты... тут робіш?
Пятрусь сурова глядзеў на яе з-пад ілба.
— Што з табой? Чаго ты глядзіш на мяне?..
— Чаго гляджу? — ён грозна патрос скруткам. — Адкуль гэта? Зноў з базы? А гарэлкі столькі вунь там, у кутку? Адкуль?
— Гарэ-элкі? Не ведаю! Прыдзе маці — запытаюся. А шоўк ад краўца. Маці ўчора прынесла паглядзець, ён хоча прадаць... — 3 твару Нэлі знікла насцярожанасць, голас яе загучаў нясмела і пакрыўджана: — А я так спяшалася дахаты... Думаю, ты адзін сёння, сумуеш... А тут такое...
— Даруй, — паспакайнеў Пятрусь. — Але ты ўсё ж папытайся ў маці, адкуль усё гэта? А то неяк прыкра... Пойдзем адсюль...
I калі выйшаў з Марфінага пакоя з чарнілам, адчуў, што стала крыху лягчэй і спакайней на сэрцы.
Селі абедаць. Нэля раз-по-раз паглядала на ручны гадзіннік. Пятрусь заўважыў гэта:
— Ты не спяшайся, паспеем.
— Куды паспеем?
— Ты што ж, хіба забылася? Па пралескі ж дамаўляліся сёння ісці, — весела сказаў Пятрусь, не заўважыўшы, як задрыжаў Нэлін голас.
Нэліны бровы палахліва здрыгануліся і крайчыкі вушэй паружавелі.
— Не, чаму ж... Памятаю. — Нэля ўспомніла ўчарашнюю размову і, адразу паспакайнеўшы, пачала наліваць у шклянку малако. — Толькі ведаеш... Заўтра Вольга Восіпаўна будзе ў мяне на ўроку. Мы з ёю дамовіліся зараз сустрэцца і пагаварыць. Можа адкладзем лес, няхай пацяплее трохі, га?
— Як хочаш. Толькі на тым тыдні ў мяне часу не будзе...
— Во, бяда! Знойдзем! Ты адпачні лепш сёння!..
Нэля гаварыла цяпер упэўнена. Яна глядзела на пацёртыя рукавы Петрусёва пінжака, на яго вялікія, шурпатыя рабочыя рукі, і ў яе расло пачуццё брыдкасці. Яна прыгадала рукі Фурса —тонкія, з гладка падпаліраванымі пазногцямі, і раптам адчула, што мае поўнае права нешта хаваць ад гэтага грубага чалавека, свайго мужа. Нэля хлусіла цяпер спакойна, з усведамленнем перавагі над ім. «Праўду казала маці, праўду, — падумала яна і зморшчылася, убачыўшы, як Пятрусь пачаў прыбіраць са стала талеркі. — Ён жа зусім некультурны».
Прыйшоўшы да такога вываду, Нэля, не звяртаючы ўвагі на Петруся, апранулася, зазірнула ў люстэрка. «Ну, чаго ты хвалюешся? Справа вырашаная!» Яна зухавата крутнула галавой і пайшла з хаты.
Нэля прышла на плошчу роўна ў тры гадзіны і адразу ж убачыла ў ціхім бязлюдным кутку, пад старымі, амаль пасохлымі ясенямі, шэрую нізкаватую машыну. Фурс чакаў яё. Падняўшы капот, ён нешта разглядаў у маторы. А можа толькі рабіў выгляд, што разглядае?.. Калі яна падышла, Фурс з грукатам апусціў капот, выцер рукі і дастаў з кішэні насоўку. Ад гэтае насоўкі на Нэлю дыхнула нейкім незнаёмым пахам. «I сам ён такі: трохі далёкі, незнаёмы і штораз новы, незвычайны»... Яна таропка села ў машыну і папрасіла:
— Толькі хутчэй, я не хачу, каб нас бачылі.
— Гэта замест прывітання?..
Ен сядзеў за рулём і ўсё выціраў тонкія белыя пальцы — спакойны, рашучы. I толькі ў куточках халодных вачэй адбівалася амаль няўлоўная трывога і нецярпенне. Знаёмства з гэтай жанчынай яшчэ не надакучыла яму, але пачынала палохаць. 3 кожнай новай сустрэчай Нэля рабілася ўсё больш настойлівай і патрабавальнай. Ен абяцаў, што вясной зможа перавесціся ў Мінск і забраць яе. Здаецца, ён схлусіў прыгожа: яна паверыла. Але з кожным разам хлусіць становіцца ўсё цяжэй: Нэля зрабілася вельмі падазронай.
Яны ехалі па няроўных вуліцах прыгарада. Нэля, адкінуўшыся на спінку сядзення, гуллівым голасам запыталася:
— Дык як яе завуць?..
— Каго? — здрыгануўся Фурс.
— Машыну тваю... Я ўсё забываюся...
— «Татра». Колькі разоў я называю табе гзтую старую калёшу!.. У Мінску ў мяне будзе добрая. Першы клас!
— Маю сяброўку штодзень прывозіць у школу муж, — загаварыла Нэля, не адказваючы на ягоныя словы і адчуваючы, як салодка замірае сэрца ад хуткай язды. — Начальнік сувязі. Тоўсты такі, як свіння. А яна такая танюткая, прыгожая...
— Трагедыя нашага статоддзя. Прыгожыя жонкі дастаюцца непрыгожым мужчынам. Праўда? А сёння я пакажу табе цудоўнае азярцо...
Машына вырвалася за гарадскую мяжу. На шырокіх каляінах дарогі, уздымаючы воблачкі пылу, круціўся вясновы вецер.
Ноччу, калі пагасілі святло, Нэля, нацягнуўшы коўдру на плечы і ўжо засынаючы, сказала шэптам:
— Ты не спіш, Пятрусь? Я пыталася пра гарэлку. Гэта Сцяпан купляў на вяселле, у вёску. Там нехта прасіў яго.
— Няхай яна праваліцца, гарэлка тая...
Ён пагладзіў Нэлю па галаве. Яна адкінула яго руку і папрасіла:
— Не трэба. Я стамілася дужа. Спі.
Яна заснула адразу. А ён ляжаў нерухома, слухаў, як спакойна дыхае Нэля, і разважаў. Што гэта там за Вольга такая?.. I што ім з Нэляю трэба было ўвечары рабіць? А можа ўсё гэта няпраўда?.. А гарэлка?.. Чамусьці не верыцца, што яе купляў Сцяпан. А можа... Ён жа на вінзаводзе цяпер працуе. Але хто крадзенае ў хаце трымаць будзе?.. Няхай усё гэта высветліцца. Хутка адбудуецца горад, яны атрымаюць кватэру і будуць жыць сваёй сям’ёю — Нэля, ён і Алеська.
I, супакоены, Пятрусь заснуў.
25
Пасля працы Пятрусь забег да маці.
Яна працавала на падворку — мыла бялізну. Ён убачыў пустое вядро і паімкнуўся было схадзіць па ваду. Але маці рашуча запярэчыла:
— Адпачні ты лепш... — і пайшла да студні сама. Пятрусь сеў на прыступкі, што вялі ў сенцы, і глядзеў, як асядае патроху наздраватая пена ў начоўках. Убачыў вялізную кучу бялізны і здзівіўся: «Адкуль столькі?» Прыгледзеўся і заўважыў дзіцячыя штонікі, мужчынскія кашулі... Жахнуўся. «Гэта ж маці падрабляе, людзям мые...»
Яму зрабілася горача ад такіх думак, і сэрца балюча сціснулася. Ад студні з вядром ішла маці. Ён глядзеў на яе згорбленую постаць і стараўся прыпомніць, калі апошні раз даваў ёй грошы. Пасля таго, як яны перабраліся жыць у Марфіну хату, ён ні разу не дапамог ёй капейкаю. I цяпер, убачыўшы маці дужа пастарэўшую, са смуткам у запалых вачах, ён сціснуў зубы і ледзь не застагнаў ад болю. «Як жа гэта? Яна ніколі не прасіла... А ў мяне што, галавы не было? Колькі разоў думаў, ды не, адкладваў да другога разу, бо Нэлі заўсёды нехапала грошай... Але цяпер гэтага больш не будзе. Маці не павінна мыць чужую бялізну!» Ён устаў.
— Ты гэта куды? — Сцепаніда паправіла рукой хустку, і пена, што прыстала да яе валасоў, была амаль нябачная на яе сівых валасах. — Я хутка ўпраўлюся... Там, на стале, табе пісьмо ляжыць...
Сеўшы ўскрай стала, Пятрусь з цяжкім пачуццём аглядаўся навокал. Неяк пуста зрабілася ў пакоі. Няма шафы і ложка. Яны стаялі вунь там. Акно адчынена. Ля гэтага акна ён гаварыў Нэлі пра сваё каханне... Як хутка праляцеў час! Такой ласкавай была тады Нэля, а цяпер... А можа я проста пастарэў... Нешта, як той дзед, поркаюся ва ўспамінах.
Ён узяў пісьмо. Паглядзеў на знаёмы почырк, і гарачая чырвань апаліла шчокі. «Гэта ж Вера! Дзіва дый годзе!»
Пятрусь узяўся чытаць пісьмо. Час-ад-часу ён перапісваўся з Верай, з якой пасябраваў у тыя дні, калі лячыўся ў шпіталі. Яна вучыцца цяперу Маскоўскім медыцынскім інстытуце і піша, што ўлетку іх пашлюць на практыку: магчыма, прыедзе ў Прыдзвінск і будзе вельмі рада пабачыць Петруся, ягоную сям’ю і асабліва сына. «Які я лайдак, — з прыкрасцю падумаў Крыніца. — На апошняе пісьмо я ёй, здаецца, і не адказаў. I ўвогуле неяк ачарсцвеў. Маці грошы даваць забыўся... Дам цяпер і загадаю, каб чужой бялізны больш не мыла...»
Ён дастаў з кішэні дзве сторублёўкі і паклаў іх у стол.
Увечары, калі Пятрусь сказаў Нэлі, што даў маці грошай, яму прышлося перажыць некалькі непрыемных хвілін. Нэля не сварылася на яго і не даводзіла, што ён зрабіў дрэнна. Яна проста сказала:
— Што ж! Застанешся без новай сарочкі!
— Ды ліха з ёй! У мяне і так дзве ёсць. — Ён узрадавана махнуў рукой і, каб перавесці гаворку на іншае, сказаў: — Я атрымаў ліст ад Веры. Яна прыедзе на практыку і магчыма — да нас...
— Да нас?
— Ну, у наш горад... У бальніцу.
Нэля прыжмурыла вочы і сказала з іроніяй:
— Можа ты хочаш паслаць ёй на дарогу грошы?
— Ты нядобра жартуеш, Нэля, — стрымана сказаў Пятрусь. — Нельга так...
— А што я такое сказала? — бліснула вачыма Нэля.
«Не, яна нейкая іншая. Злосная зрабілася, — падумаў Пятрусь. — Трэба нам проста пагутарыць. Сур’ёзна і чэсна...»
Але пачынаць такую гаворку ён не адважыўся. Пачуцце вінаватасці, якое прышло да яго сёння, калі ён быў у маці, цяжка легла на сэрца, і ён думаў цяпер, асэнсоўваючы ўсё тое, што было паміж ім і жонкай за апошні час.
***
Ноччу разгулялася навальніца.
Густы лівень сек па гнуткіх лісцях дрэў. Перад світаннем навальніца сунялася, але па зямлі доўга яшчэ беглі гаманлівыя раўчукі.
Світанне займалася хутка. Шырачыся і яснеючы, усход чырванеў так імкліва, што, здавалася, сонца спяшаецца хутчэй выбрацца з-за далягляду і паглядзець, што нарабілася без яго на зямлі. Вось яно выглянула з-за небакраю і нясмела прыкрылася хмурынкаю, быццам дзяўчына, што закрывае твар хусткай, хаваючы радасць.
Гарадскія вуліцы і плошчьі, па якіх не праходзіў яшчэ ніхто, блішчалі такой чысцінёй, што нават вераб’і не адважваліся садзіцца на брук, а толькі паглядалі з галінак цікаўнымі вочкамі. Дрэвы не атрэслі яшчэ кроплі дажджу, і здавалася, што галіны абсыпаны каштоўнымі каменнямі.
Пятрусь Крыніца выбраўся з хаты рана: трэба было пад’ехаць на гадавальнікі, потым паспець зусім у другі канец горада, дзе закладваўся новы парк. Працоўны дзень яшчэ не пачынаўся, а ля прыбудовачкі, дзе складаліся мінеральныя ўгнаенні і ўсе прылады зеленгасаўскай гаспадаркі, ужо завіхаўся Ціхон Ластаўка.
— Ранавата нешта, Станіслававіч, узяўся за справу, — гукнуў яму Пятрусь. — Мусіць, разам з птушкамі падняўся...
— Ты глянь, якая раніца! А ноччу грымела-аа, нібы вайна пачалася. Ганна мая дык і не спала амаль усю ноч: баялася. Ну, ды яшчэ і трывожыцца яна вельмі: сёння новую кватэру атрымліваем... А раптам што пераменіцца, ды не дадуць...
— Чаму не дадуць? Атрымаеце! Толькі наваселле глядзі каб справіў...
Пятрусь усміхнуўся сваім думкам. ён учора быў у выканкоме і сам пацікавіўся — Ціхонава прозвішча ёсць у спісах. Акрамя таго, атрыманы дазвол прэміраваць лепшых рабочых зеленгаса. Ластаўку ўзрадуе гэта: лішнія грошы цяпер яму якраз дарэчы. Добра рабіць прыемнае людзям...
***
Каб трапіць у новы парк, які толькі пачаў закладвацца, трэба было прайсці амаль увесь горад. Жадаючы скараціць свой шлях, Пятрусь пайшоў праз будаўнічую пляцоўку, якая была абгароджана высокім парканам.
— Крыніца! Эгэ-ээй! Пятрусь! — пачулася з вышыні.
Ен узняў галаву і ўбачыў на рыштаваннях Віталя Какору. Той махаў яму кепкай і нешта гукаў. Але сярод грукату машын слоў яго разабраць было нельга, і Пятрусь па жэстах зразумеў, што Віталь кліча яго на рыштаванні. Ён гукнуў у адказ, што спяшаецца і, убачыўшы, што Віталь яго не пачуў, дастаў з кішэні гадзіннік і патрос яго ў руцэ, што павінна было азначаць: «Часу няма, выбачай!» Але Какора настойліва замахаў яму, запрашаючы падняцца.
Шкадуючы, што прыдзецца затрымацца, Крыніца падняўся на рыштаванні. Трэці паверх ён адолеў з цяжкасцю.
— Здароў. Во куды забраўся!
Ля вораху цэглы ён убачыў Марылю і здзіўлена працягнуў:
— I Мары-ыля! Вітанне, Марылечка! Як гэта ты сюды трапіла?
У сіняй спадніцы, белай кофтачцы і стракатым жакеціку нараспашку Марылька была вельмі падобна на дзяўчынку. Яна ветліва падала руку Петрусю.
— Ды вось Віталь учора цэлы вечар расказваў, які прыгожы наш горад з вышыні... Дык я, бегучы на работу, дай, думаю, гляну...
— А што, зманіў? Ты паглядзі сюды, Пятрусь! Ну! — Віталь у заіхапленні павёў рукой вакол. — Дзе такое ўбачыш!..
Нібы на далоні, ляжаў перад імі горад. Ён быў цудоўны ў гэтую сонечную раніцу. Блакітная істужка Дзвіны, над якой, таксама ў рыштаваннях, усплывала чорная аграмада маста, блішчэла, быццам люстэрка. За ракой выпіналі жалезныя дахі новых хат прыгараднага пасёлка: яны пачыналіся далёка-далёка, гусцелі, збягаліся ў суцэльныя кварталы і, падыходзячы да ўзбярэжжа, спыняліся і пазіралі ў радасным здзіўленні на другі бок ракі.
Ім было там на што глядзець і дзівіцца. Ганарліва пабліскваючы шырынёй вокан, прыгожымі радамі высіліся трохпавярховыя гмахі, і вакол іх, быццам малодшыя браты, раслі новыя будынкі. Яны стаялі яшчэ ў рыштаваннях ці толькі чуць узвышаліся над горамі чырвона-шэрай гліны, выкінутай на паверхню з катлаванаў. Сярод каменных гмахаў, што цягнуліся адзін да другога, пралегла шырокая зялёная стужка паркаў. Маладыя дрэўцы выраўняліся, нібы па шнурочку. Свяціла сонца, ласкава паглядаючы з чыстага, бы крышталь, неба. Віталь не змог стрымаць радасці, што ірвалася з ягоных грудзей, і ўсхвалявана патрос Крыніцу за плечы:
— Бачыш? Не, гэтага мала бачыць, трэба сэрцам адчуць... усім сэрцам...
Стоячы блізка адзін да аднаго, яны глядзелі ўніз, туды, дзе ў промнях вясновага сонца вырастаў горад. Яшчэ не ўсё было ў ім прыгожае і светлае: яшчэ чарнелі паўразбураныя папялішчы, яшчэ там-сям былі відаць зямлянкі, яшчэ кідаліся ў вочы сляды вялікага разбурэння. Але ў агульным яго вобліку было значна больш новага, радасных фарбаў і святла.
— Глядзіце, глядзіце! Віталька! Пятро Ягоравіч! — Марылька паказвала рукой наперад. — Вунь, справа ў парку. Маё дрэва! Гэта мы саджалі. Пазнала! Бачыце, пышней за ўсе!
Пятрусь углядаўся ў той бок, куды паказвала Марыля, але бачыў аднолькавыя, падобныя адно на адно дрэвы. Марыля бачыла сярод іх тое, што сама пасадзіла. Што ж, яна маладзейшая, у яе зрок лепшы. I ён сказаў, сам верачы сваім словам:
— Бачу, Марылька, бачу!
I чамусьці, зайздросцячы Віталю, падумаў, што дарэмна ён не настояў і не пайшоў з Нэляю ў лес па вясновыя кветкі.
26
Экзамены Пятрусь здаў паспяхова. Атрымаўшы атэстат, ён вышаў са школы з пачуццём, якое прыходзіць да чалавека, калі скончана вялікая і цікавая праца. «Гэта толькі пачатак! Можа гэта і добра, што летась у тэхнікум не прынялі. Нашто толькі гараваў тады! Цяпер — у інстытут!..»
У той жа дзень ён адаслаў усе дакументы, якія патрэбны былі, у Мінск. Прайшоў тыдзень. Прайшоў другі. 3 інстытута ніякіх звестак не было. Ён пачаў хвалявацца. «Можа, згубілася пісьмо?» Знайшоў і прагледзеў квіток. Гэта трохі супакоіла, бо на другім баку квітка гаварылася, што пошта адказвае за цэласць карэспандэнцыі на працягу шасці месяцаў.
Адказ прышоў у канцы месяца. Пятрусь трымаў танюткі белы канверт, баючыся распячатаць яго. Потым разарваў канверт і выцягнуў вузкі аркушык паперы. У ім паведамлялася, што Крыніца Пятро Ягоравіч дапушчаны да ўступных экзаменаў.
Нэлі дома не было. Ён хацеў бегчы да яе ў школу, узрадаваць, але перадумаў: яна сама вось-вось прыдзе дахаты. Ён падышоў да сынавай калыскі. Алеська перабіраў ножкамі і нешта па-свойму гудзеў. У яго былі белыя, ледзь прыкметныя броўкі, востры матчын носік і Петрусёвы блакітныя вочы.
— Ты бачыш, сынок, якую паперу атрымаў твой бацька? — Пятрусь пстрыкаў пальцам па канверце, і Алеська, быццам разумеючы бацькаву радасць, смяяўся і яшчэ ўвішней перабіраў нагамі. — У гэтым канверце бацькаў лёс! Во як!
У пакой увайшла Нэля. Убачыла Петрусёў занятак, раззлавалася:
— Гульню знайшоў! Брудную паперу дзіцяці пад нос суне. Звар’яцеў!
— Гэта ж не папера, Нэля! Гэта адказ! Я дапушчаны да экзаменаў!
— Няхай сабе. Ну, ну... Пакажьі, — на яе твары прамільгнула святло. — Ага. Дапушчаны да экзаменаў... Між іншым, віншую...
Нэліны словы пагасілі радасць. «Як яна не разумее! Гэта ж перамога!» Ён раптам успомніў, як абыякава адносілася Нэля да яго намаганняў хутчэй адаслаць дакументы, і ўпершыню зведаў невядомае, нейкае нядобрае пачуццё да жонкі. Але яно трымалася нядоўга і саступіла месца ранейшай усхваляванай радасці.
27
Збіраючыся пайсці з Нэляй у кіно, Пятрусь рашыў: трэба пагаварыць з жонкай сур’ёзна. Жыць так, як жылі яны апошні час, нельга. Спрэчкі паміж імі, штораз пакідаючы ў душы глыбокі і балючы след, узнікалі з-за дробязей. Кожны раз, калі ён затрымліваўся на сходах ці на рабоце і пазніўся дахаты, Нэля падазрона аглядала яго і пыталася з пагардлівай іроніяй:
— Пазней не мог? Ён недзе швэндаецца, гарэлку жлукціць, а ты дома сядзі. Муж, называецца!
Здавалася, яна знарок шукае спрэчкі. Пятрусь спрабаваў маўчаць, але гэта было яшчэ горш. Нэля хадзіла па хаце і паглядала на яго, быццам прымервалася: за што тут лепш учапіцца? Маўчанне мужа выклікала яшчэ горшую злосць.
— Маўчыш! Во-ооо! Чуе кот, чыё мяса з’еў!.. Што, думаеш дурнемі прыкінуцца? Адказвай мне!
Што адказваць, Пятрусь не ведаў. Ён спрабаваў даводзіць, што ніякай гарэлкі не п’е, што Нэля проста стамілася і што ёй трэба больш берагчы сябе. Ён жа не забараняе ёй пайсці ў гарадскі парк або ў кіно, калі ён заняты. Яна ж, урэшце, не малая...
Некалькі дзён Пятрусь прыходзіў дахаты рана, але ўсё роўна — сваркі не спыняліся, іх нават стала яшчэ больш.
Далікатна і тонка, асабліва пасля таго, як ён пачаў даваць грошы маці, Нэля ўпікала мужа, што ён зарабляе мала, што прыходзіцца зноў садзіцца на карак маці, пазычаць у яе. Аднойчы, з алоўкам у руцэ, ён паспрабаваў зрабіць падлік расходаваных грошай і хутка давёў жонцы, што яны купілі шмат непатрэбнага, без чаго пакуль можна абысціся. Яму здавалася, што ён пераканаў жонку. Але Нэля, прывёўшы ў прыклад суседзяў, пачала ўспамінаць, хто і што набыў, пыталася з глыбокай верай у правільнасць сваіх довадаў:
— А мы чаму не можам?
Сапраўды, чаму? Пятрусь зарабляе нядрэнна. Нэля таксама працуе. Некаторыя ўдвая менш маюць, а жывуць не горш. Усё, мусіць, проста: яны з Нэляю не ўмеюць правільна спланаваць свой бюджэт. Убачыўшы ў каго-небудзь модную сукенку ці туфлікі, Нэля не супакойвалася, пакуль гэтыя рэчы не з'яўляліся ў яе. Купляліся розныя брошкі, якія потым ляжалі без увагі, прыгожыя вазы, зусім не патрэбныя, але якія каштавалі шмат. Пятрусь жа хадзіў у старым асеннім паліто. Дык у чым жа ён вінаваты? А можа яна пакахала другога? Пазаўчора, вяртаючыся з работы ён сустрэў Нэлю з Фурсам, які пасля хваробы ўзяў адпачынак і яшчэ не працаваў. Стала горача ад гэтых думак. Пятрусь расшпіліў пінжак. Нэлі гэта не спадабалася.
— На кірмаш ідзеш? Зашпіліся. I боты мог паваксаваць. Сорамна ісці побач з табой...
Петруся моцна ўкалолі гэтыя словы. «Сорамна?» Ён дастаў з кішэні білеты і нервова скамячыў іх:
— Што ж, сорамна — не пойдзем. Вернемся дахаты і пагаворым, што далей рабіць будзем...
— Дурань, што ты робіш! — Нэля кінулася падбіраць скамечаныя білеты. — Па пяць рублёў...
Яму стала сорамна. Ён хацеў утрымаць яе за руку, каб яна не брала білеты з зямлі. Нэля адштурхнула яго:
— Адчапіся! Я з табой гаварыць не хачу. I ўвогуле, ідзі ты ад нас і пакінь мяне ў спакоі. Які ты мне муж?!
Яны так і ішлі да самай хаты: моўчкі, не гаворачы і не гледзячы адзін на другога.
Марфа сустрэла іх насцярожаным позіркам. Пятрусь, не гаворачы ні слова, прайшоў у пакой услед за жонкай. Нэля, не скідаючы паліто, забегала па хаце, збіраючы яго рэчы.
— Бяры! Вось чамадан твой! Твайго толькі і было, што чамадан. Тут твае паперкі!.. А гэ-эта што?
Яна ўбачыла канверт, на якім Пятрусь напісаў адрас, збіраючыся адказаць на Верын ліст.
— Адрасы толькі! Пісьмы ўжо схаваў. Гэтых распусніц у цябе столькі, што я нават... А я, дурніца, нічога не ведаю. I ў маёй хаце ён трымае пісьмы гэтых... Ідзі! Ідзі і ніколі не прыходзь. Ніякага кахання ў мяне няма да цябе. Чуеш? Ні-я-ка-га!
Па складах вымавіўшы апошняе слова, Нэля са слязамі кінулася на канапу.
Пятрусь збялеў. Ён чамусьці падуімаў, што ад яго патрабуецца цяпер адно: каб голас не дрыжаў і быў цвёрды.
— Ты супакойся... Адпачні — і супакойся. Мы пагаворым заўтра. Я пакуль пайду...
Марфа вылецела яму насустрач. Крыссе яе стракатага халата развявалася.
— Нарабіў і ўцякаць? Яе сустракаць? Распуснік! Загубіў маю дачушку! Загубіў! Пачакай жа... Заўтра ўвесь горад будзе ведаць, які ты ёсць... Ах, дачушка, родная мая...
Пятрусь абмінуў цёшчу і ціха, але шчыльна зачыніў за сабою дзверы..
Марфа насілася па хаце злавеснай хмарай. Яна не любіла, калі нешта робіцца не так, як яна гэтага хацела. Да сённяшняга дня ўсё ішло як мае быць. Тыдні са два таму назад яна напісала заяву ў гарадскі аддзел гандлю і зволілася з працы. 3 яе хопіць. Цяпер можна будзе некалькі год пражыць без клопатаў. Ды і працаваць ужо не было ніякага сэнсу. Ледзь не кожны дзень па магазіне шныраць інспектары... Не, гэта яна правільна зрабіла, што падумала аб звальненні. I дачка ў час апамяталася. Малайчына! Вось хто ўсцешыць Марфіна сэрца. Які далікатны чалавек гэты Фурс! Пазаўчора казаў, што канчаткова вырашана: яго пераводзяць у сталіцу. Нэля паедзе з ім — яна так хацела пажыць у вялікім горадзе. 3 мінулым скончана раз і назаўсёды! Можна ўвогуле прадаць хэту і выехаць адсюль...
Толькі вось Нэля трохі паспяшалася. Пайшла б у кіно і па дарозе ўсё і растлумачыла б: кахае другога і ўсё. Гвалтам любы не будзеш. А ён чалавек не так што і дурны, зразумее. I ніякага шуму, спакойна, высакародна. А дачка ўсё ў хату прынесла. Навошта? Сёння госці прыдуць. А сварку маглі суседзі пачуць. Нядобра гэта. Але заўтра Марфа паклапоціцца, і ўсе будуць ведаць, што за птушка яе зяцёк. Спатрэбіцца, яна і да гаркома дойдзе. А што? Пайсці і сказаць, як ён сёння над жонкай здзекаваўся... Цяпер у партыйных з гэтай справай строга...
— Дачушка! Напішы ў гарком. Пра ўсё: як крычаў, як здзекаваўся, як мяне зневажаў. I пра пісьмы дзеўкам, тыя, што кінула яму. I тэлеграму вось гэтую прыкладзем. Вымову дадуць. Не менш! А калі добра скласці, дык і з партыі выключаць. Няхай тады паскача... I пакінь вочы церці! Лепш пераапраніся ды на стол будзем збіраць. Хутка Фама Мікалаевіч прыдзе...
Марфа засцілала стол лепшым абрусам, збіраючыся ўразіць шаноўнага госця. Ласуха такі знаўца ў гэтай справе, любіць, каб усё было прыгожа. Яна не паспела скончыць свае клопаты: у хату ўваліўся Сцяпан. Хіснуўшыся, ён прытуліўся да вушака і гукнуў у сенцы.
— Поркаецца ўсе. От, небарака. Сюды кіруйся...
У пакой увайшоў Ласуха. Ён вітаўся з Марфай, але ў ягоным голасе ўжо не было ранейшай ласкавасці. I толькі Сцяпан, як заўжды, калі вып'е, быў гаваркі і вясёлы. За апошні год ён мала змяніўся з твару, толькі нос моцна раздаўся ўшыркі і зрабіўся сіняватым.
Убачыўшы прыбраны для вячэры стол, Сцяпан ашчэрыўся:
— Слаўная ў Сцяпана баба... Стол — як мае быць!
Выцягнуў з кішэні два паўлітры і са стукам паставіў на стол.
— Цягні свае, Ласуха! Люблю, калі на мяне поўная батарэя глядзіць. Стаўляй!
Сцяпан падышоў да стала і плюхнуўся ў крэсла.
— Мяккае... Недзе ж вышкрабла мая... Гарніцеся да стала, Фурс казаў, што спозніцца. У яго справы перад ад’ездам...
Марфе не спадабаліся паводзіны Сцяпана, але яна змоўчала, бо той быў п’яны і спрачацца з ім у такі час было небяспечна.
— Гарніцеся, кажу. Як цябе там, Фама ці Мікола! — прамармытаў Сцяпан, беручыся за бутэльку.
Сцяпан не зманіў: Фурс прышоў гадзіны праз паўтары. Ён увайшоў, як гаспадар: скінуў пінжак, павесіў яго на крэсла і пайшоў у бакоўку да Нэлі. Ён нешта сказаў ёй там, бо яна хуценька вышла на кухню і паклікала туды Сцяпана і маці.
— Як твае справы? — запытаў Фурс, нахіліўшыся да Ласухі і трывожна паглядаючы па баках, хоць былі яны ў пакоі адны. — Сёння поркаліся ў асабістай справе... Разумееш? 3-за таго артыкула. Ну і Крыніца! Гэта ж такое ў газету напісаць! Кар’еру робіць!
— А што? I зробіць. На свайго начальніка папёр...
— Мне яго кар’ера во дзе сядзіць. Справу маю аж на сонца цяпер глядзяць...
— Хэ! — абыякава і весела хмыкнуў Ласуха. — Маю справу няхай на два сонцы глядзяць. Анкета — чысцей вадзіцы. Ты не чуў, дзе Лукашэнка? У яго там нібыта рэвізія яшчэ адна. А заўтра ў мяне. Свой чалавек сказаў... Ды нічога, я гатовы... Калі ты думаеш ехаць? Яна паедзе з табой?
Фурс наліў паўшклянкі гарэлкі, дадаў віна і паказаў кілішкам на дзверы:
— Хто? Яна? 3 глузду з’ехаў. Куды яе?.. У кішэню?..
Ласуха курыў і ляніва сачыў за тым, як плыве над сталом ружовае воблачка папяроснага дыму. Яно даўжэла, выцягвалася, стала ледзь прыкметным і зусім знікла. Здаецца, і Фурс такі. I грымотаў яшчэ не чуваць, а ён ужо бяжыць. Выкручвайся, Ласуха, адзін. Не, Ласуха не такі дурань. Гэта я правільна зрабіў, што ўзяў з касы грошы. 3 імі, Ласуха, ты будзеш гарантаваны ад усякіх выпадковасцей. А яны бываюць у нашым жыцці, бываюць... Вось іх ад’езд. Яны збіраліся разам паехаць у нядзелю. А цяпер Фурс хоча ехаць адзін. Можа ён надумаўся пакінуць Ласуху, збегчы? Хітрая ліса! Бач, як перапалохаўся, што ў асабістую справу зазірнулі... А можа апярэдзіць яго і самому раней збегчы? Ласуха цяпер чалавек забяспечаны. Зашыцца дзе-небудзь у маленькі гарадок. Прыдбаць хатку, садок і жыць патроху. Хоць бы ля Чорнага мора. Там цёпла...
Яго вывеў з задумення Фурсаў голас:
— Фама, ідзі тут Сцяпану памажы...
Застаўшыся ў пакоі ўдваіх з Нэляй, Фурс адразу ж змяніўся: стаў гаваркім і заклапочаным.
— Вось і коней збіраем у дарогу, мая прыгажуня, — ён паставіў шклянку і пачаў падкідваць відэлец на далоні. — Пачынаем новае жыццё. Меркавалася, што паедзем дваццатага, а прыдзецца мне адправіцца сёння. Выклікаюць. Я паеду, атрымаю кватэру, і адразу ж адбіваю тэлеграму табе. Рэчаў паменей возьмеш, там хопіць...
— Як? Ты паедзеш адзін? Мы ж дамовіліся!
— Што зробіш? Так яно і бывае: плануеш адно, а выходзіць другое. Званілі мне, што з кватэрай затрымка. I плакаць не трэба... Ну, паглядзі на мяне...
— Табе жарты, Леапольд! А мне... застацца тут, у горадзе, дзе мяне кожны ведае? Не, я паеду з табой!
— Ну, добра, добра! — паварушыў Фурс тонкімі вусікамі. — Мы яшчэ памяркуем...
28
Пятрусь сядзеў на замчышчы, уставіўшыся невідушчымі вачыма ў цемру ночы. Як ён апынуўся тут, Пятрусь не мог уцяміць. Вышаўшы з Марфінай хаты, ён доўга блукаў па гарадскіх вуліцах. Ногі самі прынеслі яго сюды, на замчышча. Купчастыя дрэвы, што пышна зазелянелі тут гэтым летам, стаялі маўкліва, быццам прыслухоўваючыся да яго думак. А думкі гэтыя былі нястройныя, несуладныя, поўныя супярэчлівых разваг.
Дзе ж ты памыліўся, Пятрусь Крыніца, калі ты зрабіў першы няправільны крок? А мо і не было памылкі, мо такі ўжо твой непаблажлівы лёс? Далёкі, ласкавы голас шаптаў яму: «Цяпер у нас усё будзе добра, любы!..»
I, нібы смеючыся з яго, нехта другі казаў са злосцю і пагардай: «Ніякага кахання ў мяне да цябе няма! Разумееш? Няма!»
Шэрыя вочы ўсміхаліся яму з чорнай глыбіні ночы, клікалі: «Паедзем да нашай чаромхі. Мы ж разам цяпер!..»
I, нібы здзекуючыся з гэтых слоў, гучаў у вушах другі голас, поўны нянавісці і злосці: «Ідзі! I не прыходзь больш!..»
Бралася на світанне. Маўчала зацягнутая перадранішняй шэранню далеч. Над цёмнай Дзвіной, што не абудзілася яшчэ ад сну, гусцеў туман. Чамусьці прыгадаўся Петрусю прыуральскі стэп, заліты сонцам, ласкавае святло ў вачах Веры і яе голас — такі задушэўны, са смуткам: «Калі цяжка будзе — напішы. Я дапамагу табе...»
Дзе вы цяпер, мужныя і высакародныя сябры, якія дапамагалі паверыць у тое, што варта жыць?..
Праплывалі ўспаміны, пражытыя дні паўставалі ў памяці яскрава, выразна... Колькі шчасця было ў ягонай сям’і! Куды ж яно знікла? Нехта ўкраў. А можа проста не ўмеў берагчы?..
Ужо барвовай чырванню заліўся небакрай. Заходняя частка неба, куды сплывалі начныя змрокі, загадкава цямнела, поўная невядомасці. Зялёныя дрэўцы на замчышчы зашапацелі мацней, гудкі з чыгункі чуліся не так выразна, як ноччу.
Вузкай, пакручастай сцежкай Крыніца спусціўся на бераг ракі: у твар дыхнула свежасцю і прахалодай. 3-за гарадскіх гмахаў смела выглянула сонца. Нерухомая паверхня ракі заблішчэла, і па шырокіх промнях, быццам па нябачаных шнурочках, пацягнуліся насустрач плыні дрыготкія палосы туману.
Крыніца падняў галаву ды так і застаўся стаяць некаторы час, здзіўлены і разгублены. Высока ў небе, распусціўшы крылы, павольна плыла вялізная, быццам пазалочаная, птушка. Ён адразу пазнаў у ёй каршуна і здагадаўся, што птушка здавалася пазалочанай ад сонца, якое падае ёй на пер’е. Крыніца сачыў за птушкай, пакуль яна не схавалася ў сіняй далечы...
Потым памыў твар, зачэрпнуў жменю вады, напіўся. Буйныя кроплі, што падалі з пальцаў у раку, паблісквалі на сонцы, нібы маленькія крыштальчыкі. Вада была халодная і быццам салодкая на смак. Напіўшыся гэтай вады, Крыніца адчуў, што востры боль на сэрцы суняўся крыху, туга неяк заглухла, прытупілася.
Падняўшыся на замчышча, ён спыніўся ў развазе. 3 карагода супярэчлівых думак у ягонай душы выкрышталізавалася аднэ — ясная і зразумелая. «Значыць так, Крыніца. Кірунак ты выбраў правільны. Ты ішоў чэснай дарогай. I цяпер зноў — наперад. Толькі наперад! Трэба запытацца ў Нэлі: з кім і якім шляхам хоча ісці яна! Вось і ўсё!..»
Далёка ўнізе блішчэла рака. Жаўтаватыя струмені невялічкай рачулкі, што ўпадала ў Дзвіну ля замчышча, доўга не змешваліся з чыстай дзвінскай вадою. Яны так і знікалі ўдалечыні за павароткам — чыстая і шырокая плынь дзвінскай вады і вузкія жаўтаватыя струмені малой рачулкі. Толькі недзе там, далей за горадам, дзвінская плынь адольвала мутныя воды і рабілася чыстай, празрыстай.
Крыніца вяртаўся дахаты. Ён ішоў праз парк і прыслухоўваўся да сваіх крокаў. Яны былі такія гулкія, што ад іх, здавалася, дрыжала лісце маладых дрэўцаў на паркавых алеях. На газонах цвілі кветкі.
На пышным лісці астраў, набрыняўшых густой барвовасцю, на дробных пялёстках гваздзікі, якія зрабіліся ярка-пунсовымі, на празрыста тонкіх кветках гладыіёлусаў ззялі, іскрыліся на сонцы кроплі расы. Здавалася, што раніцой прышоў сюды чарадзей, развязаў мех і шчодра сыпнуў на кветкі брыльянтамі і самацветамі.
За газонамі пачыналася алея белых ружаў. Пятрусь спыніўся ля іх і доўга глядзеў на дробныя лісцінкі, на пукатыя белыя бутоны. Раптам сярод узорыстага, з вострымі крайчыкамі лісця на танюткай галінцы здрыгануўся і загойдаўся ад руху белы са слабай барвовасцю пялёсткаў вялікі бутон: ружа развінала пялёсткі. Яны былі адметныя сярод іншых сваёю свежасцю і чысцінёю, і бляск іх быў падобны на бляск дзіцячых вачэй — чысты, ясны, нічым не засмучаны...
29
Нэля ўвайшла ў хату, села ў крэсла і закрыла рукамі твар. Нейкі чалавек прывёз яе дахаты. Што гэта ён казаў? Цяжка ўспомніць. Галаве горача, быццам побач вогнішча паляць. Думкі абарваныя, скамечаныя. I дзіўная лёгкасць у нагах — быццам іх зусім няма. Не, ногі ёсць. На іх цьмяна блішчаць туфлі. Але чаму яны блішчаць цьмяна? У іх жа хаце заўсёды гараць вялікія лямпы. Можа яна не ў сваю хату трапіла? Не, гэта іх хата. Гэта пакой маці. Мыцельнік з кухні відаць. Шпунцік у ім працякае. Пятрусь хацеў адрамантаваць яго, ды так і не сабраўся. На шпунціку вадзяная кропелька. Яна расце, расце! «Цоп!»
I зноў набрыньвае, і зной падае так гучна і звонка:
«Цоп!.. Цоп!..»
Дзверы на кухню адчынены. На падлозе два чамаданы. Маці нешта пакуе ў іх... У Леапольда такі ж жоўты чамадан. Там, на вакзале... Потым да яго падышлі двое вайскоўцаў. Леапольд паказаў камандзіроўку, лаяўся, абураўся. Тады падышоў трэці — у цывільным адзенні. «Што, не пазнаеш? У Тураўлянскай вёсачцы страляў у палонных партызан!..» Леапольд спрабуе ўцячы. Яго ловяць і вядуць да машыны. Нейкі чалавек гаворыць ёй, што давязе яе дахаты... Яна згаджаецца, бо гаворыцца гэта тонам загаду, які трэба выконваць.
— ...Шчасце якое! Не паехала! Хутчэй ратавацца трэба! Ласуху міліцыя шукае. I Сцяпана няма, можа ўжо арыштавалі. Чуеш? Ты што, анямела?..
Гэта ж маці гаворыць.. Што ёй яшчэ трэба ад мяне?..
А маці штурхае яе ў плечы, цягне за сабой. Шафа ў пакоі адчынена. Чамаданы напакаваны. Навошта маці гэта робіць? Нэля нікуды не паедзе. Ды і куды ехаць? Навошта? Фурс — былы паліцыянт, страляў людзей... А яна пакахала яго! А можа не кахала?! Яна ж кахала мужа...
Пятрусь!!!
Маці выцягвае аднекуль з ніжніх скрынак шафы блакітны шоўк і дае Нэлі. Нэля спалохана хавае рукі за спіну. Нельга! Пятрусь загадваў не браць!
— Не трэба ён мне! Не трэба!
Скрутак мякка ўпаў на падлогу: «Шмя-як!»
— Бязрукая! Што з цябе за дапамога! Бяжы шукай яго. Што ўтаропілася? Петруся шукай! — Голас Марфы зрабіўся сіплаваты і непрыемна задрыжаў. — Ды не стой ты на месцы! Бяжы... Скажы, што я праганяю цябе, а ты кахаеш яго... Што хочаш кажы! Забярэш чамаданы і пойдзеш жыць да яго. Там шукаць не будуць! Пятрусь жа партыйны. Ох, што ж гэта будзе! Што будзе? I дамок забяруць. Божачка, літасцівы...
Марфа ўзняла вочы, поўныя адчаю і жаху, на бажніцу, заўзята перахрысцілася. Тоўстыя шчокі ў яе абвіслі, халат расшпіліўся:
— Божачка, дапамажы!..
Вялікая чорная муха, якая сядзела на бажніцы, спалохалася святла і паспрабавала ўзляцець, але заблыталася ў павуцінні і жаласліва зазвінела крыллямі.
Дзіцячы галасок за сцяной крыкнуў:
— Мама!
Алеська! Нэля кінулася праз кухню ў свой пакой. Там панавала цішыня. Скрозь сон шморгаў носам Алеська: нешта прыснілася яму, і ён паклікаў маці. Нэля ціха падышла да калыскі, стала на калені, прыхілілася ілбом да халоднага жалеза. Думкі імгненна праяснелі, і пытанне вострае, як нож, кальнула ў сэрца:
— Што ж гэта будзе? Што будзе?
Яна шчыльней прыціснулася ілбом да халодных пруцікаў калыскі, сціснула губы і застагнала ад болю і крыўды:
— Падманілі яны мяне! Падма-аанілі-ііі!
У калысцы спаў Алеська. Ён смачна цмокаў губкамі. Яму сніліся цудоўныя сны.